SommaireДудка беларуская
3 min de lecture

Прадмова

Братцы мілыя, дзеці Зямлі-маткі маей! Вам афяруючы працу сваю, мушу з вамі пагаварыць трохі аб нашай долі-нядолі, аб нашай бацькавай спрадвечнай мове, каторую мы самі, да і не адны мы, а ўсе людзі цёмныя «мужыцкай» завуць, а завецца яна «беларускай». Я сам калісь думаў, што мова наша - «мужыцкая» мова, і толькі таго! Але, паздароў Божа добрых людцоў, як навучылі мяне чытаць-пісаць, з той пары я шмат гдзе быў, шмат чаго відзеў і чытаў: і праканаўся, што мова нашая ёсць такая ж людская і панская, як і французская, альбо нямецкая, альбо і іншая якая. Чытаў я ці мала старых папераў, па дзвесце, па трыста гадоў таму пісаных у нашай зямлі і пісаных вялікімі панамі а нашай мовай чысцюсенькай, як бы вот цяпер пісалася. Увідзеўшы гэта, я часта думаў: Божа ж мой, Божа! Што ж мы за такія бяздольныя? Якаясь маленькая Булгарыя - са жменя таго народу, - якіясьці Харваты, Чэхі, Маларосы і другія пабратымцы нашыя і ружны чужы зброд, жыды маюць па-свайму пісаныя і друкованыя ксёнжачкі і газэты, і набожныя, і смешныя, і слёзныя, і гісторыйкі, і баячкі; і дзеткі іх чытаюць так, як і гавораць, а ў нас як бы захацеў цыдулку ці да бацькі лісток напісаць па-свойму, дык, можа б, і ў сваёй вёсцы людзі сказалі, што «піша па-мужыцку», і як дурня абсмяялі б! А можа, і спраўды наша мова такая, што ёю нічога добрага ні сказаць, ні напісаць не можна? Ой, не! Наша мова для нас святая, бо яна нам ад Бога даная, як і другім добрым людцам, і гаворым жа мы ёю шмат і добрага, але так ужо мы самі пусцілі яе на здзек, не раўнуючы, як і паны вялікія ахотней гавораць па-французску, як па-свойму. Нас жа не жменька, а з шэсць мільёнаў - больш і шмат больш, не раўнуючы, як жыдоў, напрыклад, або татар, ці армян, а пакажы ж, ваша, хоць адну ксёнжачку ці аб гаспадарцы, ці так аб жыцці нашым, каб па-нашаму?

Ці ж ужо нам канечне толькі на чужой мове чытаць і пісаць можна? Яно добра, а навет і трэба знаць суседзкую мову, але наперш трэба знаць сваю. Перадумаўшы ўсё гэта, я, братцы, адважыўся напісаць для вас сякія-такія вершыкі: хто іх спадабае, таму дзякуй! А хто падумае лепш і больш напісаць, таму чэсць вечная і ад жывых людзей, і ад бацькавых касцей! А пісаць ёсць шмат чаго!

Спрадвеку, як наша зямелька з Літвой злучылася, як і з Польшчай з'ядналася дабравольна, дык усе яе «Бяларусяй» звалі, і недарма ж гэта! Не вялікая, не малая, не чырвоная, не чорная яна была, а белая, чыстая; нікога не біла, не падбівала, толькі баранілася.

Шмат было такіх народаў, што страцілі наперш мову сваю, так як той чалавек прад скананнем, катораму мову займе, а потым і зусім замёрлі. Не пакідайце ж мовы нашай беларускай, каб не ўмёрлі! Пазнаюць людзей ці па гаворцы, ці па адзежы, хто якую носе; ото ж гаворка, язык і ёсць адзежа душы.

Ужо больш як пяцьсот гадоў таму, да панавання князя Вітэнэса на Літве, Беларусія разам з Літвой баранілася ад крыжацкіх напасці, і шмат местаў, як Полацк, прызнавалі над сабой панаванне князёў Літоўскіх, а после Вітэнэса Літоўскі князь Гядымін злучыў зусім Беларусію з Літвой у адно сільнае каралеўства і адваяваў шмат зямлі ад крыжакоў і ад другіх суседаў. Літва пяцьсот дваццаць гадоў таму назад ужо была ад Балтыцкага мора ўдоўжкі аж да Чорнага, ад Дняпра і Днястра-ракі да Нёмна; ад Каменьца места аж да Вязьмы - у сярэдзіне Вялікаросіі; ад Дынабурга і за Крамяньчук, а ў сярэдзіне Літвы, як тое зярно ў гарэху, была наша зямліца - Беларусь! Можа, хто спытае: гдзе ж цяпер Беларусь? Там, братцы, яна, гдзе наша мова жывець: яна ад Вільні да Мазыра, ад Вітэбска за малым не да Чарнігава, гдзе Гродна, Міньск, Магілёў, Вільня і шмат мястэчкаў і вёсак...

Мацей Бурачок

2 min de lecture

Мая дудка

Эх, скручу я дудку!
Такое зайграю,
Што ўсім будзе чутка
Ад краю да краю!
Ой! то будзе гранне,
Як на павітанне
І як на васэле,
Нядоўга тыкеле*:
Прэндка скончу песні...
Покі дудка трэсне,
Ці паглохнуць людзі,
Ці высахнуць грудзі,
Сілы надарвуцца
На радаснай дудца,
І выцякуць слёзы
На сухія лозы...
Выйдзе душа парай,
Падымецца з хмарай,
Туманом па рэчца
Расой разліецца,
Каласочкі зрося,
Каб жыта ўдалося,
А хлеб з'ядуць людзе,
І зноў сляза будзе.
Ну, дык грай жа, дудка,
Каб жа была чутка,
Каб аж вушы драла;
Каб ты так іграла,
Каб зямля скакала!
Заграй так васола,
Каб усе у кола,
Узяўшыся ў бокі,
Ды пайшлі у скокі,
Як віхор у полю -
Аж выючы з болю,
Каб аж рагаталі,
А усё скакалі...
Каб скакалі горы,
Як фаля на моры,
Як паны на балі, -
Каб вот як скакалі!
Каб аж пыл курыўся,
Каб свет заваліўся
Ды усё круціўся,
Як у нашага брата
У п'янога хата...
Га! чаму ж не граеш?
Хіба ты не знаеш,
Не ведаеш хіба,
Што, як тая рыба
Ды на лёдзе б'ецца,
Так вот я, здаецца,
Сорак гадоў б'юся,
Ніяк не звярнуся,
Ніяк не натраплю
Вадзіцы хоць каплю,
Ды такой вадзіцы,
Ды з такой крыніцы,
Што як хто нап'ецца,
Дык вольным стаецца.
Грай, васола ж грай
Альбо долю дай!..

. . . . . . . . . . . . . . . . . . .

. . . . . . . . . . . . . . . . . . .

Енчыш безумолку!
Не, не будзе толку!
Кіну ж дудку тую,
А зраблю другую,
Цяпер зраблю дудку
Ад жалю, ад смутку,
Га! зраблю ж другую,
Жалейку смутную, -
Ды каб так заграла,
Каб зямля стагнала,
От каб як заграла:
Каб слязьмі прабрала,
Каб аж было жудка,
От то мая дудка!..
Вот зрабіў такую!
Дай жа папрабую...
Ну, дык грай жа, грай жа,
Усё спамінай жа...
Штодзень і штоночы
Плач, як мае вочы,
Над народу доляй,
І плач штораз болей.
Плач так да астатка,
Галасі, як матка,
Хаваючы дзеці,
Дзень, другі і трэці
Іграй слёзным тонам
Над народу сконам!
Каб ты так іграла,
Каб немарасць брала.
Як слязы не стане,
Заціхне ігранне, -
Кінь наўкола вокам,
Дык крывавым сокам -
Не слязой - заплачыш,
Як усё абачыш.
Як крыві не стане,
Тагды кончу гранне!

1 min de lecture

Дурны мужык, як варона

Весь свет кажыць, б'ець у звона:
«Дурны мужык, як варона!»
Гэта тыкі справядліва:
Ён дурнейшы ад вароны,
І не дзіва - было б дзіва,
Каб мужык ды быў вучоны.
Дык крычыце ж, біце ў звона:
Дурны мужык, як варона!
Да навукі ён не браўся,
Закасіўся, заараўся;
Дурнем умрэ, як радзіўся,
Сам сабой дурным зрабіўся,
Ведама, мужык - хамула -
Ад навукі адвярнула!
Дык крычыце ж, біце ў звона:
Дурны мужык, як варона!
Ці ж не дурань мужык гэта:
Гарэ, сее усё лета,
А як прыйдуцца дажынкі,
Няма збожжа ні асьмінкі,
А даждаўшы на Каляды,
Мужыкі мякінцы рады.
Дык крычыце ж, біце ў звона:
Дурны мужык, як варона!
Усю зіму возам цягне
Да вакзалу ружнэ збожжа,
Ногі змерзнуць, сам засмягне,
А на хлеб кажух заложа,
Каб дажыць як да крапівы,
Абы ў поле выйшаў жывы.
Дык крычыце ж, біце ў звона:
Дурны мужык, як варона!
Ад Пятра і да Якуба*
Ён касой махаў ад рання:
Наклаў стагоў, людзям - люба,
Ў хаце ж сена - анізвання;
Равець з голаду скаціна,
Хоць кінь, бяжы за вачыма!
Дык крычыце ж, біце ў звона:
Дурны мужык, як варона!
Глядзі, касцёл аж да неба,
Воласць бляхамі пакрыта!
Срэбрам скрые, калі трэба,
Бо за гэта яго біта,
А сам жывець ў мокрай яме,
Дзверы заткнуў анучамі!
Дык крычыце ж, біце ў звона:
Дурны мужык, як варона!
З камаровы нос сякерку
Сцісне, крэкне, замахае, -
Зробе пушчу, як талерку,
Свет дрывамі закідае!
А у хаце - зварыць страву,
Пашчапае стару лаву!
Дык крычыце ж, біце ў звона:
Дурны мужык, як варона!
Глядзі! горы паразрыты,
А чугункай свет абвіты:
Ўсё з мужыцкай цяжкай працы,
Усе едуць у палацы;
Ў мужыка ж няма білета!
Ці ж не дурань мужык гэта?
Дык крычыце ж, біце ў звона:
Дурны мужык, як варона!

3 min de lecture

Як праўды шукаюць

Як простая праўда згінула у свеце,
Дык праўды і з свечкай шукаюць,
І золатам маняць, і людзей склікаюць,
І Бога цалуюць, - а ўсё-такі прэце*,
Як камень у воду, так праўда прапала!
Судоў нарабілі, начальстваў ці мала:
Пасрэднік і воласць, сынод і санаты,
Прысуцтва і вокруг, управы, палаты.
А найбольш міравых, участковых і з'ездаў,
Што ў полі камення, што гвездаў*!
Затое ж жыццё цяпер труднае стала,
У сведкі улезці, ні села - ні пала,
Ад суду да суду праз лета цягацца
Так лёгка, што навет не трэба старацца!

Раз еду я ў Вільню адведаць сынка,
Ажно пры дарозе пасецца кабыла,
Стаіць чалавек якісь ля млынка,
За млынам сука там брахала ці выла,
І гдзесьці «ратуйце» крычала кабета,
А мостам ляцела якаясь карэта.
І што ж тут такое было? Мне здаецца:
Хто едзе, хто вые, хто, можа, смяецца...
(А мельнік стаяў у дзвярах і смяяўся.
Чаго ён смяецца? - дык я ж не пытаўся!)
Мінуўшы я млын той, еду ўжо лесам, -
Ляжыць чалавек пад кустом ля дарогі
Без шапкі і босы, так шталтам убогі*;
Але я еду з сваім інтарэсам,
Мне няма дзела больш ні да кога;
Ляжачага ж люду усюды ёсць многа!
Я аглянуўся, аж гоніцца хтосьці,
Кліча: «Пастой жа для Боскай мілосці!..»
Стаў я, чакаю, аж ён і пытае:
Хто я, адкуль ёсць і хто мяне знае?
І кажа вярнуцца мне аж да млыну,
Сведкам ураднік зве на гадзіну.
Вярнуўся, гляджу, аж карэта у рэчцы,
Мельнік цяпер ужо не смяецца,
Кабылу сотнік цягне да стану,
Цырулік* кроў кінуў абмокшаму пану,
Дзюра на мосце так, як на хату,
Два хлопцы ловяць сучку кудлату;
Баба стаіць у парванай спаднічцы,
І кроў ёй цячэ па руцэ і па лытцы.
Вязуць і труп той зараз на возе,
Што я то відзеў, лежачы пры дарозе.
Пытаецца ратнік* мяне ды за сведка:
Ці мельнік цкаваў, ці крычала кабетка?
Ці сучка парвала? А сучку ці білі?
Ці відзеў, што ў мосце масціны пагнілі?
Ці відзеў, як мельнік смяяўся?
Як пан з фурманом у карэце купаўся?
Як фурман ўтануў, а як пан ратаваўся?
Як злодзей цікаўся з-пад млыну да коні?
Як свіснуў кабылу і ляцеў на Рыконі*?
Ці знаю, хто то забіты валяўся?
І кім забіты, ды каб я прызнаўся,
Ці не я яго вёз ды после уклаў?
Можа, меў грошы, можа, я іх забраў?
(І дух мне заняў, сказаць слова не мог!
Вот напасць на мяне, чысты крыж паслаў Бог!)
Чаму я не хацеў ратаваць фурмана?
Чаму майстра таго не лавіў ля млына?
Чаму сучкі ад бабы куслівай не гнаў?
Чаго я ўцякаў, што ледзь соцкі нагнаў?..
Пратрымаў ён мяне цэлы дзень.
А бадай ты прапаў! Яшчэ даў я рубель,
Ён так спрытна яго запусціў у кішэнь.
Я паехаў сабе! Аж у восем нядзель
Соцкі прэць мне павестак і шмат:
Ў першай сведкам - як мельнік цкаваў,
Ў другой сведкам - што мост без прыгат*,
Ў трэцяй сведкам - як коні хтось краў,
Ў чвартай сведкам - як пан заваліўся,
Як выплыў наверх, а фурман як заліўся,
Ў пёнтай сведкам - што труп пры дарозе
Быў убіты, а двое людзей уцякалі,
І што я даганяў тых людзей ды на возе,
А яны праз ламы* удваіх паскакалі!
Аж на шостай ужо дык я стаў вінават,
Што ратунку не даў, як карэта плыла.
Як я стаў па павестках хадзіць ад Каляд,
Дык асеўся якраз, як Пакрова* была!..
І не сеяў, не жаў, не касіў сенажаць,
У арэнду аддаў, бо не мог дадзяржаць.
І што меў, то прадаў, пераеў,
Па судах агалеў, як шэсць разы згарэў;
І ў казе* адсядзеў нядзель шэсць,
За няяўку плаціў, можа, трэйчы і штраф.
Як на тое ж і праўда схавалася гдзесьць,
А шукаўшы яе, і мне здарыўся траф*.