Здарэнне
Ехаў я раз ад Кіяны*
Ды ў Смургоні, і не п'яны,
І даехаў на Ваўкелы*,
А конь добры быў - мой белы.
Тыц! стаў конь, наравіцца!
І храпець і дыба стаў,
Што не можна прыступіцца,
Чуць аглоблі не зламаў.
Гляджу: бочка ля дарогі.
Чыста ж бочка, толькі рогі
Як бы трохі відаць збоку.
Думка: вёз хтось, ды здалёку.
Як прыстала, дык, скаціўшы,
Сам начуе гдзесь у вёсцы.
Або, можа, быў падпіўшы,
Страціў бочку пры дарожцы!
А што ў бочцы? хто там ведаў?
Можа, брага, можа, водка!..
А я ж той дзень не абедаў, -
Вот каб, думаю, сялёдка?!
Або каб алей Бог даў бы,
Ўжо ж не сцярпеў бы, украў бы!
Ото ж, думаю, закрашу!
Надта я люблю з ім кашу.
Падышоў да бочкі, зрухаў,
Калі адаткнуў, панюхаў,
Аж з радасці страпянуўся,
На ўсе бокі аглянуўся!
Ну, свяжусенькім алеем
Смак пачуў на губе, носе!..
Хоць не быў яшчэ зладзеем,
Але ж тут дык давялося.
Так ужо я чагось рад,
Падвярнуў свой панарад,
За уторы* падняў бочку,
Абпёр яе на лучочку*...
А конь смык - падаўся ўперад.
А бадай табе тут верад!
Падкаціў я бочку зноў
І якраз ужо навёў,
А конь смык, - назад, ды тоўк!
А бадай цябе тут воўк!
Я ізноў давай каці...
Здумаў - лепей распрагці.
Ўзяў каня, як след распрог,
Зірк - аж конь мой і без ног.
Конь не конь, а зыдлам стаў;
Я спалохаўсь, пражагнаў...
Дык зноў конь і сам запрогся,
Я спалохаўся і змогся,
Скінуў опратку, перажагнаўся,
Зноў-тыкі за бочку ўзяўся.
А так цёмна - хоць коль вочка.
Калі гляну: то ж не бочка,
А каза стаіць з рагамі!
Хвост, бародка і з нагамі...
Аж тут пятух калі крыкне,
Каза ў лужу калі скікне,
Калі ў лесе зарагоча,
Конь дахаты калі скоча...
Вот тут я і дагадаўся,
Каму ў рукі-то папаўся.
Давай казаць: «Анёл паньскі*,
Згінь, прападні, дух шатаньскі!»
І цяпер, як хто смяецца, -
Мне усё каза здаецца.
З таго часу да алею
Я не мог душу прымусіць,
Адвярнула, дабрадзею,
Так-то чорт нас, грэшных, кусіць!
Каб не крыж, - прапаў бы, мусіць?!
Немец
Не люблю я места (па-расейску - горад).
Надта там цяснота і вялікі сморад.
А паноў як маку ды серад гароду,
Апроч таго, пропасць рознага народу!
Наш брат як увойдзе, - сам сябе баіцца:
Ці ісці без шапкі, ці гдзе пакланіцца?
Дык надта ж і стыдна, каб не памыліцца:
Пакланіцца немцу ці якому жыду!
Няхай яго сточа - набярэшся стыду;
Няхай лепей з дому я той дзень не выйду.
А пазнаць жа трудна як жыда, як немца,
Як пана якога ці там чужаземца.
А што жыд да немец - дзеці аднэй маткі:
І мова падобна, і адны ухваткі.
І абодва ласы на чужую працу,
І, мусіць, абодва ядуць з кроўю мацу!
Абодва абдураць, абдзяруць як ліпку,
Адбяруць і сошку за бітую скрыпку.
Пан наш нябожчык (няхай яму свеця),
Як умёр, ці чварта вёсна то, ці трэця.
Як яго скруцілі, чыста абадралі,
Глядзіць - будзе кепска, што тут рабіць далей?
Ўсё пусціў арэндай; найперш пусціў жыда,
У млыне сеў немец - якаясьць абрыда, -
Граўшы па дарогах, прыйшоў з-за граніцы,
Прынёс толькі торбу і ў ёй дзве скрыпіцы.
Двор купіў хтось рускі так як за дурніцу,
Пан зышоў далёка кудысь за граніцу!
Жыд зараз убіўся у рускага ў ласку:
Штодзень ходзе ў лесе ад самага браску*...
От ходзіць ён гэта да ўсё дубы ліча,
Як трэба, і грошы рускаму пазыча.
А як аблічыўся ды дубы абмераў, -
У восені выгнаў з тысячу сякераў, -
Счысціў пушчу чыста, за пасекі ўзяўся,
Як кабан, раз'еўся ды, як пан, зазнаўся,
Гавора па-руску і з рускім гуляе,
Разам ляжа, ўстане і ўсім упраўляе!
Рускі сабе ездзе, не ў дому ніколі,
Немец усё меле ды ходзе па полі.
Наеўшыся мяса, півам запівае,
У свята ж на скрыпцы, аж пішчыць, іграе.
Здаецца б, нічога? калі хто не ведае,
Але пачакаўшы, дык выйшла камедыя.
Жыд купіў у месце сабе камяніцу,
Глядзім - і наш рускі кінуўсь за граніцу:
Пакінуў і жонку, адрокся і дзеці;
З'явіўся пан новы (гэта ужо трэці)...
А які б то пан той?.. Ну, ці хто павера?..
Гэты ж самы немец! каб яго халера!
От цяпер згадай ты - хто кім калі стане?
Аб пану ні весці, ні слыху, нізвання,
Жыд панам зрабіўся, немец яшчэ большы,
А мужык быў голы, цяпер яшчэ гольшы!
Так і на гародзе: лебяда, крапіва, -
Толькі вырві рэпу, - дык зарастуць жыва,
Так як чорт насее! Ото ж так і людзе:
Тутэйшы загіне, дык вораг прыбудзе!
Думка
Чагось мне маркотна, на плач забірае:
Мусіць, душа чуе якоесьці гора
Ці штосьці зрабілась... што? Хто яго знае:
Ці град жыта выб'е, ці згіне абора,
Ці ураднік загнявіцца, пагоне падводу,
Ці знайдуць у лесе крадзену калоду?
Ці сын умрэ, што маскалём служыць,
Ці той, у Мэрыку падаўся, ды тужыць?..
От так цяжка, здаецца, каб грэху не баяўся б,
Ці ў пятлю палез бы, ці ў ваду схаваўся б!
Летась мне было так - і валы прапалі,
Свінні бульбу з'елі, гарод пакапалі,
Нябожчыца матка чыста захварэла,
І дзядзькава хата з каміном згарэла;
Сукна не звалілі - хадзіў без сярмягі,
А тут і без хлеба... прападаў ад смагі!
Хоць бы прандзэй стала, што ўжо стацца мусе,
Каб так не цягнула за сэрца, як ліна*;
Бедаваць не перша, я і не баюся:
Няхай усё згіне, дык душа ж не гліна?
Тагды б ужо ведаў, як і ратавацца,
Ці там ад няшчасця, ці з людской напасці,
Ці сядзець у хаце, ці куды падацца,
Ці, злажыўшы рукі, навекі прапасці!..
Ды што ж мне такога, чаго мне журыцца?
У мяне не будзе, - знайдуць людзі хлеба;
На бяду мне плюнуць, Богу памаліцца,
Да слушнага часу дажыву як трэба!
Вун стаіць бярозка тут ля самай хаткі,
Косы папусціла... плача, кажуць людзе,
А мне так здаецца, што ёй анігадкі:
Што было - не помне, не ўзнае, што будзе.
А можа ж, і помне, як то я калісьці,
Быўшы малым хлопцам, лазіў, калыхаўся.
Яна была гібка, болей было лісці...
І я дзісь не мог бы, як тагды спінаўся.
Чаго ж мне маркотна? Ты ж скажы, бярозка,
Маўчыш, як нямая, і сама смутная!..
Мусіць-такі праўда - гэта яе слёзка,
Што кажуць другія - капля расяная.
Мне жаль і бярозкі, чаго ж яна плача,
Калі ужо долі не пераінача?
Не тужы, бярозка, свет з намі не згіне,
Вецер як павее, шышачкі раскіне;
Хоць бы ты засохла - вырасце вас болей...
Перастанем плакаць мы над сваёй доляй!
Якось яно будзе, дажывём да дошкі,
Хоць лепей, хоць горай, абы не так трошкі!
Шышачкі раскіне, як параскідала
Маіх шэсць сыночкаў - здаецца, ці мала?
Усе разышліся! - Адзін у наборы*,
Адзін пайшоў прочкі, за чорныя моры,
Адзін за Дунаем саўсім асядліўся,
Адзін у Сібіры - з старшынёй пабіўся;
Пяты на пісарстве гдзесь у Патарбурку,
Кінулі у хаце вот крывога Юрку!..
Ну ды рана-позна, тыкі мне здаецца,
Кожны занудзіцца, да дому прыб'ецца...
Паглядзець, як людзі ў бядзе сабе радзяць,
Абсядуцца ў дому і лад заправадзяць.
З кірмашу
Гэй, ляці, кабыла, хоць ты падарвіся,
Бо мяне чакае там мая Людвіся,
Чакае, чакае, аж выйшла за дзверы,
Вот ужо і поўнач, а не есць вячэры.
Зварыла зацірку, дык аж гоне слінку,
Малачком збяліла, як тую сняжынку!
Гэй, ляці ж, кабыла, па пнях, па каменнях,
Бо яна чакае уся у пламеннях.
Уся у пламеннях ад аднэй мілосці!..
Гэй, ляці, кабыла, каб не ўспелі госці.
Гэй, басуй, басуй жа, мая ты кабыла,
Каб жонка не спала, дзверы адчыніла.
Маскалі ж у вёсцы яшчэ не паснулі,
Праляці ж, кабыла, каб яны не чулі!
Рві, кабылка, жыва, вязу я гасцінчык:
Ці хустку чырвону, ці валовік-бічык.
Гэй, вязу гасцінчык, вязу кірмашовы,
Ці новую хустку, або і біч новы!
Падарожныя жыды
Што крук круку не выдзюбае вока,
То ведама даўно і ведама далёка;
І гдзе крапчэйшыя дзяруцца,
Дык слабшыя няхай жа не суюцца,
Бо ўжо чубы напэўна што парвуць,
Калі яны адзін другога не паймуць.
З двух мястэчкаў два падвозцы
Двух жыдоў вязлі напроці.
Спаткаліся ж на вузенькай дарожцы,
І ні адзін не уступае па ахвоце.
Той кажа: «Парха ты вязеш, дарогу дай!»
А той крычыць: «Ты пана мне не лай,
Бо я твайго і біць гатоў!..»
І біч смалёны тут завёў,
А той у рукі ды бічышча...
І замахалі так, аж свішча!
Жыдкі у просьбу, каб гадзіцца.
Куды табе! - ні прыступіцца.
Так б'юць, аж кроў цячэ жыдам!
«Ты б'еш майго, а я твайму аддам!»
І, можа б, так насмерць пабілі,
Дык хітра ж і жыдкі зрабілі:
Той перасеў таму на воз, а той туды.
І так запхалі абодва без бяды;
І мужыкам так стала бліжэй дому,
І крыўды ніякай нікому.
Пазналіся жыдкі, пагергаталі,
Дык мужыкі і біцца перасталі!
А што, каб так і мы зрабілі,
А можа бы, і нас не білі?
Хрэсьбіны Мацюка
Калісь, як у нас казакі-то стаялі,
У «шнурах» за горкай раз мяне спаткалі.
Сказаў «пахвалёны», а яны смяюцца,
Адзін штось спявае, іншы дзьме на дудца,
А старшы скіпеўся: «Ты што за адзін?»
Думаю: хто ж я? - ужо ж Юркаў сын!
«Тутэйшы, - кажу я, - свой чалавек:
Сын бацькі свайго, а бацька дзяцей,
Тут і радзіўся, тут жыву век;
Юркам зваць бацьку, я дык Мацей.
Вун гдзе і хата, і выган, і сад;
Там жнець мая жонка, а тут гарэць брат!..»
Ён кіпіць горай, пытаючы, лае,
Крычыць, і б'ецца, і ў твар штурхае.
«Да хто ты, да хто ты, ці рускі, ці не?»
Я дай круціцца туды і сюды,
Думаю: што б тут сказаць яму мне?
«Я не нашу, - кажу, - барады».
«Да ты, - ён кажа мне, - веры якой?
Ці ты праслаўны, ці ты - паляк?»
«А дайце ж, паночку, - кажу, - мне пакой,
Да я ж тутэйшы, я ж казаў так!..»
Як сцебане, пракляты, мяне, -
Аж у вачах чырвона здалося!
Каб я ж чым-кольвек ў якой віне,
А то не ведаць, скуль узялося?
Я кажу гэтак: «Калі ж ужо так,
Што васпан б'ешся без дай прычыны,
То, мусіць, і праўда, што я і паляк
І буду паляк я ад гэтай гадзіны!..»
Ну і далі ж мне добра на знак:
Цягнулі, біўшы, у Замаслаў*,
Каб помніў крэпка, што я паляк,
Каб і вам гэта здарэнне сказаў!
Тое прайшлося, пайшлі і казакі,
Калі пад восень завуць нас у збор.
«Прыехаў, - кажуць, - начальнік такі,
Сам князь Хаванскі, ідзіце у двор!»
Трэба ўсё кідаць (хоць святам было).
Народам, як макам, весь двор заліло:
Князь у палетах, васолы такі!
«Эх, - кажа, - рыбяты! - вы дуракі,
Што ў рускай зямлі ды каталікі!
Ну, цар вас прымае ў сваю веру;
Дасць зямлі многа!.. Вы на паперу
Тут падпішыце, а поп пасвенце, -
Будзе ўсё добра, усюды пашэнце.
Ну, братцы, вып'ем па чарцэ усе;
Бацюшка крыж і крапідла нясе!»
Мы ж толькі зірк адзін на другога,
Маўчым, трасёмся, не кажым нічога:
Ён Міруна за плечы узяў,
Вядзець да стала, гарэлкі падаў:
«Пій на здароўе і так пішы:
- Вот сабраліся дзве тысяч душы;
Рускую веру хочым прыняць,
Каб каталіцкай не ведаць, не знаць...»
Мірун папярхнуўся, як хуста, збялеў,
Глянуў на ўсіх, на мяне паглядзеў.
«Як, - кажа, - людзі, так, - кажа, - я,
Спытайце, - кажа, - вун Мацяя;
Як ён ды скажа перавярнуцца,
Дык усе вёскі на яго здадуцца».
Цягнуць мяне да таго князя,
А тут аж мурашка за скурай лазе.
«Ну што, маладзец, нап'ёмся водкі?»
Даець мне грошы, такі салодкі:
Усё гавора, радзе, пытае,
Жонку цалуе, дзяцей гайдае.
«Ну што ж, надумаўся, гатоў?..»
«Надумаўсь, - кажу, - каб сто катоў
Дралі мне скуру, пяклі на агню,
Я веры сваей тыкі не змяню!»
Іх! закіпеў той князь, аж зароў,
Аж вылупіў вочы, счырванеў ён, як кроў...
«Розаг падайце, нагаек, сто лоз!
Ён з веры смяецца мне тут пад нос!»
Хапілі мяне якісьць гайдукі,
І розаг падалі чатыры пукі,
І б'юць - не баліць, хоць за сэрца бярэ:
За што ж ён мне гэта ды скуру дзярэ?!
Як крыкну гэта: «Эй, бійце ж мацней,
Мацнейшы ад веры вашай Мацей!»
О так-то хрысцілі мяне казакі
З тутэйшага ды у палякі!