SommaireСокі цаліны
Квадра І - БАЦЬКАВА ВОЛЯ, ЧАСТКА ПЕРШАЯ · 15 min de lecture

І

Ужо зусім звечарэла, калі Зося прывяла з пашы каня... На вуліцы было цемнавата, але жыццё і не думала заміраць: на прызбах там і сям сядзелі мужчыны і бабы, ведучы рэзвую гутарку, у якой часта прабіваўся вясёлы і бесклапотны смех, жарты і выгукі. Сярэдзінай вуліцы доўгім цугам пляліся з пашы худыя, дробныя і панурыя кароўкі; хутка мчаліся мізэрныя, тонкія, замораныя свінні; збіўшыся гуртам і спалохана азіраючыся, падскаквалі галабокія стрыжаныя авечкі. Вуліца курэла ад пылу. Рык кароў, рохканне свіней і мэканне авечак і тут жа несціханы крык дзяцей, якія не лепш, як авечкі, таўкліся па вуліцы, запыленыя і мурзатыя, ганяючыся адно за другім — усё гэта яскрава сведчыла аб рэзвым, віруючым жыцці ў закінутым у глуш мястэчку Сілцах.

Завёўшы каня на прыгумень, Зося барджэй забегла ў хату, каб перакусіць, вымерхаўшыся за дзень; і вось, толькі яна пераступіла парог, як раптоўна з хаты настрэчу ёй кінулася яе малодшая сястрычка, пілявая замурзаная Тэкля, і, падаючы ёй ліст, пралепятала:

— Вось табе, Зоська, ліст прынёс паштальён, яшчэ з самага ранку. Я хаваю яго, нават і маме не паказала.

Зося, нічога не кажучы, спрытна выхапіла ліст з рук сястрычкі і, забыўшыся нават пра яду, вярнулася назад у сенцы.

У сенцах яна скінула з сябе старую пашарпаную світку, парудзелыя шкарбаны і зблеклую шаліноўку, узяла на століку газніцу, якая заўсёды стаяла ў сенцах пад рукамі на ўсякі неспадзяваны выпадак, запаліла яе і, прысеўшы на ўслоне, далікатна і з нейкаю трывожлівай асцярогаю абадрала з самога беражку руды, прымяты канверцік, дастала адтуль скрэмзаную гранатавым атрамантам паперачку і пачала чытаць.

«Даражэнькая, любая Зоська, — гэтак пачыналася пісацца ў лісце, — кожны дзень... што я кажу... нават кожную гадзіну я імкнуся ў сваіх думках туды, да цябе, на кнею свайго роднага мястэчка Сілцоў... Твой мілы мне і бязмерна дарагі вобраз неадходна лунае перад мною — а дзе я ні павярнуся, а куды я ні азірнуся... Цэлымі днямі, карпеючы ў фабрыцы і чуючы несціханы шум і грукат машын, я ўспамінаю, як ты, разам з другімі сілцоўскімі дзяўчатамі, ездзіла на поле і з поля пасля ворыва ці баранавання, і заўсёды вясёлая ды жыццерадая, з гасцінна адкрытымі вачыма, з лёгкім маладзістым ружам на светлым пекным твары... Каханая Зоська!»

Зося адхілілася ад ліста, глыбока і зацяжка ўздыхнула, ап’яненая наляцеўшымі з скульсьці радаснымі думкамі і настроямі, пачакала крыху ды падумала і здаволеная лісліваю, але і мілаю Рыгоравай (а ліст быў ад яе каханага Рыгора Нязвычнага) пахвальбою, злёгку ўсміхнулася і ўзялася чытаць далей:

«Я гэтак прагну дамоў, так ірвуся на радзіму, жадаю пабываць у Сілцах, што проста не ведаю, як дачакацца тэрміну, калі... Ведаеш, бок, Зося, гэта ж на чэрвень месяц я маю быць дома: мяне пускаюць на цэлых пяць тыдняў на пабыўку, у госці, і я... я ўбачуся з табою, даражэнькая Зоська»...

Прачытаўшы гэта, Зося весела завярцела галавою, прыжмурыла вочы і ўчуткі, не стрымаўшыся, праказала: «Ах, як жа было б добра! Няўжо я ўсяго гэтага не сню? Ой, прыйдзі ты скарэй той чэрвень месяц».

Гук яе слоў данёсся ў хату, дзе знаходзілася Тэкля. Дзяўчынка, пачуўшы Зосіны словы, падбегла да дзвярэй, ушчыніла іх крыху і запытала:

— Чаго хочаш, Зоська? Ты мяне клічаш?

— Нічога не хачу... І цябе не клікала, — вырачылася Зося на сястрычку, не адварочваючыся ад ліста.

«...Так вось жа, — пісаў пад канец Рыгор, — чакай мяне напэўна, Зоська, на чэрвень месяц — я прыеду. А тым часам, бывай здарова і шчасліва. Жадаю табе ўсяго найлепшага ў тваім жыцці. Шчыра цябе вітаю і цалую. — Твой Рыгор».

Дачытаўшы да канца ліст, Зося вярнулася зноў да пачатку, паглядзела на першыя словы, пачакала з хвілінку і прынялася паўторна чытаць, ужо выгаварваючы многія словы ўчуткі. Чытаючы, яна запамятавала, што час быў позні, і жыццё на вуліцы пачало глухнуць; пра яду яна таксама забылася. Гэты ліст ад Рыгора, якога Зося чакала ўжо цэлы месяц, так зарадаваў яе, што, апроч ліста, ёй, здавалася, больш нічога не трэба было на свеце...

— Ах! — раптам прагукала Зося. — А тая ачамера, бадай, зноў скора прыпляцецца. Эх, як ён мне адвароцен, гэты Васіль, бач. Няма на яго ніякае пагібелі: не адчапіцца, ды годзі. І чаго ён, немач яго ведае, ушалопаў сюды швэндацца, чаго? Ні сораму, ні брыдкасці за сабою не чуе...

Але Зося не паспела дасягнуць да канца свае рассуды, як чыйсьці гоман на дварэ, якраз ля дзвярэй, перабіў яе. Зосі паказалася, што то няйначай як Васіль з яе бацькам гамоніць. Не хочучы спаткацца з імі ў сенцах, яна хутчэй схапіла са стала ліст, згарнула яго ў некалькі столак і схавала за пазухай, сама ж затушыла газніцу і ўскочыла ў хату.

— Зоська, га, Зоська, вунь Васіль да цябе ідзе; пераадзенься хаця, — стрэла на парозе Зосю Тэкля.

— А табе якое дзела! Яшчэ, бок, што. Не мела чаго рабіць. Шышка вельмі вялікая Васіль, — недавольна адказала Зося і занырпаліла ў мыцельніку, каб чаго знайсці перакусіць.

— Тэкля, ці не аставілі мне чаго-небудзь з’есці? — лісліва абярнулася яна да сястрыцы.

— Пачакай крыху, паспееш, вымерхалася вельмі; вось увойдуць у хату мама і будзем разам вячэраць.

— А дзе ж тая мама?

— На дварэ, вунь, зараз увойдуць.

Не чакаючы, аднак, пакуль увойдзе ў хату маці, Зося напала ў коўшыку на кусочак сала, адламала яшнага блінца і ўсмак пачала аплятаць.

Не больш як праз пяць хвілін у хату ўвайшлі: Зосін бацька, здаровы, чорны і смуглы, але яшчэ малажавы мужчына. З расчэсанымі на прадзел валасамі, ён быў адзеты ў чыстую крамную картовую жакетку, у

гэткія ж самыя порткі, выпушчаныя праз халявы элегантных, лакіраваных ботаў, з густымі, як у гармоніку, складкамі, работы самага лепшага майстра ў Сілцах — Самуся Пыця. Рэзвы, з патайнаю хітрасцю ды пранырлівасцю, Мікола Прыдатны быў вядомы на ўсю воласць.

Услед за ім пераступіў парог Васіль Бераг, малады і моцны, але нехлюяваты, сутулы і касы, з лёгкім рабаціннем на белым пляскатым твары, хлапец, сын Янкі Берага, аднаго з сілцоўскіх багацеяў, памёршага некалькі гадоў назад ад тыфу і пакінуўшага свайму адзінаму сыну багатую спадчыну. У канцы за імі ўвайшла Марта, маці Зосі, трывалая, карчукаватая, але рухавая і вёрткая кабета, гадоў так пад трыццаць пяць — сорак, з поўным чырвоным тварам і з непамерна пукатымі грудзьмі ды шырокім крыжам; нібы заведзеная машына, яна бесперастанку лепятала, ушчаўшы яшчэ з надворку. Сваім лепетам Марта ажывіла хату.

— Няхай бы ты хаця троху пададзелася. Эх, эх, неахайніца ты, як я бачу! — вырачылася яна на Зосю, убачыўшы яе ў тым адзенні, у якім тая пасвіла каня. — Вось жа не бачыш хіба, што ў цябе пад бокам хлапец, як золата: чысценькі, акуратненькі, ажно міла падзівіцца на яго, — паказваючы пальцам на Васіля, дабавіла Марта і пры гэтым жартоўна падмігнула яму праназаватымі вачыма, ажно той не ўцярпеў і ўхмыльнуўся.

Гледзячы на яго, стала весела і Міколу, які, скора ўвайшоўшы ў хату, барджэй хваціўся за люльку і перасыпку тутуню з пачка ў капшук.

— О, братан Васіль! — весела загаманіў Мікола, не вымаючы люлькі з зубоў, — каб табе ды бог памог дастаць такую бабу, як мая Марта, ніколі б не загінуў бы... Салдат — не баба... Дачка — тая ўжо зусім інакшая, не тое.

— Вось годзі хаця балхвіць ліха ведае што, — незадаволена адсекла гаспадару Марта,— яшчэ хаця толькі каб наша Тэкля пайшла па Зосі, то я б нічагуткі не жадала б... А то...

— Та, ша, ша, ша! я ж ніякай ганьбы на Зоську не ўскладаю, — струсіў Мікола, перацяўшы жонку на слове.

— Вось, будзе вам сварыцца, а то за мяне ды гатовы яшчэ за чубкі ўшпіліцца. Клопат вам вялікі аба мне; якая ўжо ёсць — такой і добра будзе, — упікнула бацькоў Зося, стоячы пры стале.

Васіль маўчаў: яму неяк ніякавата было слухаць чужую спрэчку, і ён, нібы не звяртаючы на яе ўвагі, паважна і самавіта праходзіў па хаце то ўперад, то ўзад, выводзячы сабе пад нос нейкую зацяжную няроўную мелодыю. Час ад часу ён падымаў к столі галаву, азіраў сцены, карціны, якімі быў убраны ўвесь покуць і дзве сцяны, ад траму адна і да першай бэлькі — другая, дваровая. З столі ён апускаў вочы кнізу і пазіраў на стол, а адтуль — на твар Зосі, — малады, свежы і жыццерады. Яму, Васілю, вельмі хацелася сёння перакінуцца з Зосяю хоць некалькімі словамі, выказаць імі тыя думкі, якія ён бярог для гэтага ўжо многа часу і ўсё не меў выпадку, а то і не асмельваўся іх выказаць. Любячы Мікалаішку (так празывалі Зосю ў Сілцах) моцна і горача, як можа толькі любіць чалавек з яго розумам, з яго палажэннем, Васіль мучыўся ўвесь час адным: яму ўсё думалася, што Зося яго зусім не кахае, а калі зрэдку і сустракаецца, а стрэўшыся перакінецца некалькімі словамі ці пройдзе крыху, то гэта ўсё так сабе, па далікатнасці толькі; сэрца ж яе ляжыць зусім к другому: к таму, як відаць, «гарадскому жуліку і арыштанту» Рыгору Нязвычнаму. Ён ужо ад многіх чуў, што Зося з ім абменьваецца лістамі, што заўсёды забегвае да Стэпы, яго мацеры, каб праведаць аб ім; ды нават заўсёды апроч гэтага, і з ім, Васілём, у гутарцы яна нізвання не саромеецца ўспамінаць яго самага большага ворага. І гэта ўсё так прыкрыла Васілю, так мучыла яго, што ён не ведаў, якімі б лекамі збавіцца ад гэтай хваробы...

«Ах, ах, — пачасту раздумваў ён, — хай бы яго там якая немач прыдушыла, каб ён не мог ужо вярнуцца сюды і чмуціць болей Зосю... Або... не... каб як, здаецца, яе бацькоў падбухторыць, то яны б яе скора аднадзілі б ад яго... Толькі, апроч усяго, дзівуе мяне адно: і што гэта за дурасць найшла на дзяўчыну? Хіба ж яна нічагуткі не разумее і не бачыць той велізарнай розніцы, якая ляжыць паміж мною і тым галяком, збегляцом тым?.. Але — нічога: бацькі яе хітрыя і, як бачу, бацька крута схілены к таму, каб яна іначай думала».

І цяпер, тупаючы па хаце, ён у соты раз перадумваў блытаныя, неразгаданыя свае думкі... Нешта нашэптвала яму, каб ён асмеліўся і пазваў Зосю выйсці на вуліцу, прысесці дзе на прызбе ўдваіх і расказаць ёй усё тое, што сабралася ў яго на душы, вылажыць усе свае тайны; але нейкая нясмеласць, нейкая цёмная, дзіцячая баязлівасць стаялі папярок і нахабна стрымлівалі яго рашэнні, прасцерагалі ад лішняга давер’я да Зосі.

І няведама, чымсь бы і як усё гэта скончылася: пазваў бы ён Зосю сам ці яна б мо намякнула яму сама, а мо і ні ён, ні яна не абазваліся б словам, і з яшчэ большаю пустэчай у душы прыйшлося б Васілю моўчкі пакінуць хату Прыдатных, каб — як на тое ішлося — не Марта, каторая трапна ўсё вывела на новую дарогу.

— Зося, га, Зося! — абярнулася яна к дачцэ. — Вось на, бяры, скарэй павячэрайма да выйдзі сабе крыху на вуліцу пагуляй; толькі адно, дачушка, не баўся, а то заўтра з рання трэ будзе ехаць пазябліць у Лагорах ганоў з чацвёра папару...

— Ды не рупся ўжо так аб папары: я і сам здужаю зрабіць гэта,— умяшаўся Мікола.

— А ў вас хіба яшчэ не пазяблены папар? — ні то здзіўлена, ні то са скрытаю ўсмешкаю праказаў Васіль. — А я паспеў ужо ўсё скончыць; цяпер толькі скарэй бы тая касьба падыходзіла...

— Ну, ты, вядома, як рупны ды старанны гаспадар, ды яшчэ пры тым малады і здаровы хлапец, а мы... што нам раўняцца, — з гэткаю самаю думкаю адказаў Мікола, і ўпічліва-калючая ўхмылка зрабіла плыценькую маршчынку на яго гладкім пукатым ілбе.

Зося таксама спатайку ўхмыльнулася і, каб Васіль не прыкмеціў гэтага, апусціла галаву к зямлі, быццам чагось шукаючы, потым барджэй адбеглася ад стала і кінулася к вулічнаму акну.

— Вунь дзяўчаты ўжо гуляюць у Прахора на прызбе, — праказала яна, угледзеўшы, што на суседняй прызбе сышлася зборня, — дайце-такі хутчэй вячэраць да выйду крыху пагуляю, — абярнулася яна да мацеры.

— Ну, добра, ну, усядайцеся за стол, я даю, вось.

Доўга не чакаючы, Мікола памыў рукі і палез на покуць; ля яго, з правае рукі, як і заўсёды, уселася Зося, па другую ж руку — маленькая Тэкля.

Васіль незмігутна сачыў за кожным паваротам Зосі і сядзеў як на шылах, дрэнчучы, каб хаця ўся гэта цырымонія з вячэраю скарэй скончылася. Але выходзіла супроць яго чакання; Марта, вясёлая і рэзвая, быццам найшло на яе нейкае натхненне, хутка выбегла ў сені і праз хвілю вярнулася ў хату з бутэлькаю гарэлкі, густа закрашанаю вішнёвым узварам свайго гатунку; потым спрытна зняла з гратаўкі дзве фарфуровыя талеркі і на адну з іх палажыла тоўстых кускоў удалага жоўтага сыру, а на другую — нарэзанай мернымі крыжэнікамі каўбасы, і ўсё гэта паспешна прынясла і паставіла на стол, засланы прыгожым квяцістым абрусом.

— Ну, Васіль, проша з намі за стол, — абярнулася яна да Васіля, які зразу, толькі скмеціў у Марціных руках гарэлку, перамяніў настрой і чакаў нечага цікавага для сябе. І калі Марта яго запрасіла за стол, ён стаў далікатна аднеквацца:

— Не, не, цётачка, дзякую вам, дужа дзякую за вашу просьбу; я толечкі што ад вячэры; не хачу; не, нізвання не хачу.

Марта, перш вырачыўшы вочы, паглядзела на яго, потым непрыкметна падмаргнула Міколу.

— Ды годзі табе аднеквацца, — прагудзеў той да Васіля, — калі тое трапляецца: гады ў рады; вось дзіўны які. Такіта ж ты гэткі блізкі наш сусед, ды яшчэ ўздумаў саромецца. Садзіся вось, калі не пагарджаеш нашаю ласкаю. Га, Васіль?

— О, не, не, што вы кажаце, — упіраўся Васіль, але раптам пачаў мякчэць.

Падняўшыся з лавы, азірнуўся ён, каб дзе найсці месца для шапкі. Марта, заўважыўшы гэта, хутка падскочыла к яму, вырвала з рук шапку і кінула яе на ложак, сама ж хапіла Васіля за руку і пацягнула к сталу.

— Вось як хіба трэба з табою, вось як... Годзі табе аднеквацца, годзі, дзівача. Вось чаго добрага ды зяцем нашым станеш...

Васіль болей не спрачаўся, а з нейкаю надышоўшаю к яму смеласцю, залез за стол і ўсеўся побач з Зосяю.

Выказаная к яму яе бацькамі гасціннасць і цёплая, сямейная ўвага тронулі яго за жывое, ажно зразу ён пачуў у сабе гардую вагкасць багатага і знатнага чалавека, з якім нездарма гэткія паважаныя ў Сілцах мяшчане, як Прыдатныя, лічацца і якога, відаць, шануюць.

«Калі так, то і ўся справа павінна пахіліцца ў мой бок», — мігнуліся ў Васілёвай галаве ружовыя думкі, і спатайку, наўскасяк, ён акінуў узрокам усю пору маўчаўшую Зосю, якая паказалася яму такою ўдалаю і прыгожаю, што міжвольна садрыгнулася ўся яго істота і нейкі апойны халадок пацягнуў па ёй.

«Няўжо я сумею дачакацца таго, што Зося, нарэшце, кіне гэтага галяка?» — падумаў ён ды зноў паглядзеў на Зосін твар.

У яго нутру забурліла прагнае хаценне, але хмурная міна Зосі атручвала яго сэрца, і ён моцна злаваў.

— Ну, будзь здароў, Васіль! — наліўшы кілішак гарэлкі і падняўшы яго высока ў руцэ, паабяцаў к Васілю Мікола.

— Дзякую; піце на здароўе! — шчыра адказаў Васіль, не аднімаючы вачэй ад Зосі.

Мікола спрытна перакінуў кілішак у шырока адчынены рот, наліў яго зноў і, падаючы Васілю, праказаў:

— Пі, нябожа! Дачакацца б таго, каб мне ў цябе на вяселлі выпіць...

— Дзякую, дзядзьку! — адказаў Васіль і выпіў.

— Мо і ты, Зоська, паспытаеш? — абярнуўся да дачкі Мікола.

— Ды не, я не хачу; адкасніцеся вы! — сярдзіта адказала Зося.

— Та чаго ты ўсё капрызішся? Чаго табе не стае ў нас? — сур'ёзна прагукала Марта.

— Гэта, яна, мамачка, сёння ліст з пошты атрымала і мусібыць аб ім так заклапацілася! — рагочучы, весела пралепятала Тэкля.

Зося гнеўна паглядзела на сястрыцу.

Настрой усіх разам перайначыўся: Мікола з Мартаю здзіўлена пераглянуліся паміж сабою, потым акінулі ўзрокам дачку, якая раптоўна ўся так і загарэлася ад ускіпеўшай злосці на Тэклю... Васіль ажно змяніўся на твары, які адбіваў сабою трывогу і вялікую, горкую крыўду.

— Ты і ўпраўду атрымала ліст, Зоська? — спусціўшы крыху часу абярнулася Марта да дачкі.

— Ну, а калі і атрымала, дык што? — з нядобраю ўхмылкаю адказала Зося.

— Нічога, бач. Толькі, скажы хаця ад каго? — хітра пацікавілася маці.

— Ды пакінь распытвацца; гэта зусім не наша дзела, — перабіў жонку Мікола, — вось лепей давай болей гарэлкі, — дабавіў ён і выпіў зноў кілішак; затым паднёс Васілю, які на гэты раз рашуча адказаўся. Ён дагадаўся, што Зося ліст атрымала няйначай як ад Рыгора, і гэта яго кінула ў роспач.

— Та бярэце хаця закусвайце, — упрашвала Марта.

Але Васілю і яда не лезла ў горла.

Затое сваіх прасіць не трэба было: яны ўпляталі пастаўленае на стале і хутка апаражнілі абедзве талеркі.

Марта паспяшыла папоўніць закуску смятанаю з блінцамі.

— Вось, закусіце яшчэ! — папрасіла яна.

Але, апроч Зосі, ні таго, ні другога ўжо ніхто і не паспытаў.

Вылезшы з-за стала, Васіль падзякаваў за выказаную яму гасціннасць і пацалаваўся з гаспадарамі дома.

— Ужо бадай што к поўначы блізка, — праказаў ён з намёкам на патрэбу пайсці з хаты.

— А ты, нябось, ведзьмы баішся, — пасмяялася Марта.

— Не тое, што ведзьмы баюся, толькі... запозна...

— Ды нічога, паспееш яшчэ, — разуважыў Мікола: — можна яшчэ з гадзіну якую пасядзець.

— Ой, што вы!

Васіль павярнуў да дзвярэй. Зося пайшла правесці.

— Не забывай нас, Васілька! — паслалі ўслед яму ў адзін голас Мікола з Мартаю.

— Ды не, не; чаго ж.

У сенцах Васіль спыніўся і нясмела запытаў:

— Зося, га Зося, а можа мы выйдзем крыху на вуліцу?

Зося нічога не адказала.

— Выйдзем, га? — перапытаў Васіль.

— Нешта няма ахвоты, — спаць хочацца, — схлусіла Зося.

— Спаць? спаць!.. няўжо ты не вытрымаеш і гадзінкі лішняе? — папракнуў Васіль.

— Няўжо ты не верыш!

— Вядома, што не веру, бо ты ўзнарок са мною ні гуляць, ні гаварыць не хочаш. — Ты думаеш, я нічога не ведаю! Я ўсё ведаю: вось і сённі — атрымала ліст ад Рыгора, дык на мяне і не дзівішся. Але, няхай! — ціхім і поўным абурэння голасам дабавіў ён.

— Ну, а калі так... а калі атрымала ліст ад Рыгора, то што мне за гэта будзе? — задзірна адказала Зося.

— Ды нічога, што ж я пры гэтым толькі, — змякчэў Васіль і ласкава паглядзеў на Зосю. — Дык можа мне зусім не хадзіць да вас, Зося?

— Я не ведаю. Нічога я не ведаю. Дзела тваё.

— Скажы мне, га?

— Што табе сказаць?

— Няўжо ты мяне нізвання не цэніш?

Зося маўчала. І тая ціша, што ўмомант запанавала ля іх, такой прыкрай, такой адваротнай паказалася Васілю, што ён увесь ажно здрыгнуўся ад нейкага непрыемнага пачуцця, сціснуў крэпка зубы і скрывіў нездавольную міну. На яго вачах міжвольна выбліснулі слёзы і зацьмілі празрыстаць узроку. Ці ісці дахаты, ці стаяць далей і чакаць адказу — Васіль не ведаў.

Гадаючы над гэтым, ён прастаяў моўчкі яшчэ некалькі хвілін, потым, бачачы, што яму нічога ад Зосі не дачакацца, выйшаў з сянец.

— Та бывай здарова! — вымавіў Васіль, думаючы гэтым тронуць Зосю.

— Бывай здароў! — суха адказала яна.

Васілю стала млосна, і, поўны гнеўнай гордасці, ён адсек:

— Дабранач, калі так! — і пайшоў.

Зося зачыніла дзверы, запёрла іх на закрутку і вярнулася ў хату.

Бацькі і Тэкля ўжо былі ў пасцелі, але яшчэ на стале свірэла ўверчаная ў самую машынку лямпа.

Зося падышла да стала, выкруціла ў лямпе агонь, прысела на ўслоне і, дастаўшы Рыгораў ліст, разгарнула яго, нашла і прачытала ў ім тое месца, дзе Рыгор пісаў, што к чэрвеню прыедзе дадому; потым зноў дасціпненька захавала яго за пазуху. Пасля затушыла лямпу, а сама падышла к акну, прыадчыніла яго і пачала цешыцца ноччу.

На вуліцы было ціха: гуляўшыя дзяўчаты разышліся. Стаяла цёплая, ясная і ціхая ноч: не чуваць было жаднага шуму, ніякага стуку, ні нават сабачага брэху. Усё — мэрам зачараванае нейкаю таемнаю сілаю, нерухома, бязмоўна, нібы мёртвае — прытаіўшыся, маўчала. Ад хат і дзярэў з левага боку цягнуліся цераз вуліцу рагатыя, вострыя і тупыя, доўгія і кароткія, страшныя і смешныя цені; пахла свежаю зеленню, адправаючаю зямлёй і расквітшым бэзам.

«Так, дык значыць ён прыедзе! Прыедзе, значыць, у чэрвені Рыгор, — ігралі ў Зосінай галаве рэзвыя думкі: — а калі той чэрвень? Здаецца, ужо незадоўга... Чакай адно: я вырахую: тыдзень і тры... не... тыдзень і два... да што я! У мінулы чацвер было дваццатае, а сёння нядзеля; значыць: ад дваццатага яшчэ дзесяць дзён, а ўжо тры дні мінула... Так, так — ужо за тыдзень... Ах, Рыгору мой даражэнькі. Як я цябе чакаю, як я прагну з табою ўбачыцца!»

Зося абедзвюма рукамі хапілася за грудзі, быццам стараючыся стрымаць у іх забурліўшае прагнае чуццё. Па яе чыстаму і ружоваму твару прабегла вострае хаценне; сінія, празрыстыя вочы яе зацягнула тонкаю смуглаю плевачкаю лёгкае слязлівае вільгаці. Зося салодка, утомна пацягнулася ўсім целам, здаровым і маладым, поўным кіпучага жыцця, і на момант-другі мэрам замёрла. Потым, крыху спусціўшы, разам ачнулася, шырока раскрыла вочы і акінула развітальным узрокам усё, што ляжала перад яе вачыма, ды адышла ад акна. «А трэба-такі лажыцца спаць», — рашыла яна, раздзеўшы верхнюю вопратку да апошняе сарочкі і лягла ў ложак.

Палоса срэбнага святла расцягнулася ад акна да парога.