ІІ
Калі Васіль, сам не свой ад злосці і гневу на Зосю, выйшаў са двара Прыдатных і павярнуў дахаты, ужо ўсё спала і на мястэчку панавала поўная ціша. Апусціўшы да зямлі голаву, ацяжэўшую ад непрыемных нагальна-рупных думак, якія радзілі ачамерны клопат, ён ціха, гультайна клыпаў вуліцаю. Уся прыгожасць майскай ночы, якая варажыла Зосю, здавалася, яго зусім не трывожыла сваім дзіўным хараством, не датыкалася яго пакрыўджанай душы. І папраўдзе: для чаго быў яму той, прышпілены к цёмнаму небу, белы, няцэлы шчэ, сярэбраны месяц, што плыў якраз над яго галавою між тысячы рэзвых, мірглівых зорак, большых і меншых, ярчэйшых і цямнейшых? Да чаго яму гэта цёмнае неба, аграмадным парасонам разгорненае над красуючай у зелені і квятох зямлёю? Нашто яму было ўсё гэта, калі Зося, тая самая Зося, на якой сходзіліся ўсе яго думкі, усё пачуццё, якая не давала яму спакою ні днём, ні ноччу, так сярдзіта, так непрыстойна абышлася з ім! Не дзіва, што перад ім паўстала гардлівае надменнае пытанне: «Няўжо я такі самы чалавек, як і ўсе людзі, і нічуткі не важнейшы, нічуткі не ляпейшы за другіх — ну, хоць бы за гэтага самага галадранца, басяка Рыгора? І чаму гэта свет так збудованы, што людзі не могуць ацаніць мае вартасці?»
Васіль нездаволена ківаў галавою.
Ацяты клопатам, ён непрыкметна для сябе дайшоў у канец вуліцы і толькі пачаў спускацца з узгорка, ад якога мо за паўганоў — не болей стаяла яго хата, яшчэ зусім новая, ашаляваная дошкамі, убраная для акон, у шчытку і на капяжы пекнаю рэзьбаю і акрытая жоўтаю смалістаю гонтаю,— як раптам, зусім неспадзявана, спаткнуўся з Янкам Грыбам, каторы варочаўся дамоў, як потым Васіль даведаўся, правёўшы дахаты Дзёміну Мар’ю.
— А як маешся, Васіль? — жартоўна агукнуў ён Васіля, — адкуль так позна клыпаеш?
Васіль ухмыльнуўся і мякка адказаў:
— Адтуль, куды ты ідзеш...
— Не можа быць.
— Я табе кажу.
Абодва весела рассмяяліся.
— У Зосі быў? — падказаў Янка.
— Такі і ўгадаў, — прызнаўся Васіль.
— Вось ці не лады такія-сякія ты прабаваў рабіць? — паджартаваў зноў Янка.
— Ты не смейся; так і думаў, толькі... заўсяголаў яны, — махнуўшы нядбайна рукою, адказаў Васіль.
— А чаму?
— А таму... гэта зараза, Зоська, бач, так уляпалася ў Рыгора, што ані рады; вунь лісты ад яго мае, ды што... Бацькі ведаеш, — та яшчэ можна зладзіць з імі, а яна — губу хмыліць...
— А знаеш?
— Ну?
— Дурніца яшчэ: не разбірае нічога. А вось няхай толькі крыху пацешыцца тым голікам, тады зусім пераіначыцца. Павер, — няйначай к табе вернецца, — пачакай адно... А тым часам, ты падкочвай усё бліжай к яе бацькам, падгаварвай іх і... справа сама прыйдзе да жаданага канца... Вось успомніш мае словы... Не тужы толькі, не жалуйся.
Васілю таварышавы словы так спадабаліся, што раптам развесялілі яго, разагналі ўсе чорныя думкі.
— Ды я мала зусім і клапачуся, — цвёрда і рашуча адказаў ён Янку і прытупнуў нагою.
— А так і трэба, непрыменна так, — пахваліў Янка, палопаўшы злёгку Васіля па плячы. — Ну, бывай, пара дахаты, віднее...
— Та пастой яшчэ крыху, — папрасіў Васіль, пераняўшы Янкаву руку і паціскаючы яе.
— Не, не магу. Дабранач! — развітаўся Янка і хутка схаваўся за вуглом Цішкавай хаты, якая шмат выпірала тыльнаю сцяною на вуліцу, дзе пачынаўся ўклон.
Васіль паглядзеў услед таварышу, пастаяў крыху і пачаў спускацца к рэчцы, цераз якую была паложана кладка якраз супроць вешніц у яго двары.
Калі Васіль падышоў к вешніцам, насустрач яму выбег яго любімы сабака Ніц. Весела і прыветна матаючы хвастом і галавою, радасна скавычучы, сабака пачаў церціся каля Васілёвых ног, нюхаць яго і лашчыцца. Васіль некалькі разоў пагладзіў яго па галаве, пахваліў за тое, што ён не спіць ноччу, а старанна і пільна сцеражэ хаты, потым, увайшоўшы ў сенцы, адламаў ад бохана кавал хлеба і пачаставаў ім Ніца. Сабака ўдзячна завіляў хвастом, хваціў у зубы хлеб і адбегся к плоту.
Васіль зачыніў сенцы, запёр іх на закрутку, раздзеўся ўпоцемку і ўлёгся спаць.
ІІІ
Лажучыся, Зося зусім не хацела спаць і мо цэлую гадзіну варочалася на пасцелі: ёй перш рабілася горача, утомна і млосна, і яна здымала з сябе дыван, расшпільвала на ўсе гузікі сарочку і адгортала голае цела, белае, як крэйда, і чыстае, як тая ж крэйда. У галаве снавалі цёмныя, нез’яснёныя думкі, у вачах луналі мары. Калі знятая апранаха не злегчвала душнаты і ўтомы, яна падымалася з пасцелі, падыходзіла к акну, прачыняла яго крыху і чакала, пакуль халадок не пройдзе целам.
Знадворку цягнула свежым, лёгкім і апойным паветрам. Зосі рабілася лёгка і прыемна...
Зося ўжо на золку адышла апошні раз ад акна і лягла з намерам, каб заснуць. Праўда, сон ужо яе пільнаваў, і толькі яна сцішылася, як разам апутаў яе сваімі моцнымі, апойнымі кайданамі. Зося смачна заснула і нават не агледзелася, як шпарка прамчалася ноч.
І вось, калі маці назаўтра раніцою стала яе будзіць, Зосі так не хацелася ўставаць, так цяжка было расставацца з пасцеллю, што, здавалася ёй, яна б нямаведама што дала б за лішнюю хвілінку, за адзін квадранец, каб яе пусцілі паспаць. Але трэба было прачынацца і ўставаць. Зося, пазяхнуўшы разоў пяць, салодка пацягнулася, потым швыдка саскочыла з пасцелі, памылася, адзелася і пачала збірацца ў поле.
Хоць было яшчэ зусім рана, але Міколы ўжо не было дома: ён раскатурхаўся з досвітку і задаўна да ўсходу сонца адправіўся ў Масткі карчаваць пасеку, каб паспець к восені прырыхтаваць яе пад жыта. Зосі самой прыйшлося збегаць на прыгумень па каня, прывясці яго на двор, запрагчы, прыгатовіцца і ехаць. Усё гэта ёй было знаёма і зусім няцяжка: старанна і спешна яна справілася з усім і адправілася ў поле.
Дарога, кудэю Зосі трэба было ехаць, выходзіла якраз з тае самае Сівулінскае вуліцы, на якой яна жыла і на каторай, ганоў на дзесяць ад хаты Прыдатных, туды пад поле, за горкай, стаяла Васілёва хата. Зосі не раз і не два ўжо траплялася праязджаць гэтай дарогай, і кожны раз, калі б яна ні ехала, як на прымху, яна спатыкалася з Васілём, каторы або стаяў ля сваіх вешніц, або глядзеў у акно і кожны раз — няйначай уздымаў першы гутарку і вымушаў Зосю адказваць на яго запытанні.
Зося чакала, што і на гэты раз ёй не абысціся без стрэчы з Васілём, які — напэўна падпільнуе яе, спыніць і пачне вязацца ў вочы з сваімі ачамернымі запытаннямі і надаедлівымі жартамі. А к гэтаму якраз учора так ніякавата выйшла, што пасля гэтага не толькі гаварыць, а і ўбачыцца неяк сорамна.
І Зося, пад’ехаўшы да Цішкавай хаты, дзе пачынаўся ўклон, злезла з воза і павяла каня зусім у другі бок, на вулачку, якая перасякала гароды мяшчан і служыла пагонам.
Гэта вулачка таксама выводзіла на палеткавы гасцінец, як і тая дарожка, што ішла між Васілёву хату, толькі ганоў са двое трэба было зрабіць лішніцы. Зося згадзілася на апошняе, абы толькі не наткнуцца сёння на Васіля.
Звёўшы каня з горкі, з-пад Цішкавай хаты, яна напаіла яго і пагнала трухам.
Жыццё ўжо ўсюды кіпела: на гародах бабы садзілі і палівалі расаду, некаторыя ўжо варочаліся з поля і няслі мяшкі, паўнюсенька набітыя травою. З выгану даносіўся рэзвы зык пастуховай трубы і чуўся дзесь на гуменнях адчаянны брэх сабак.
Пагода выдалася цёплаю і сонечнаю: чыстае і, здавалася, зусім невысокае неба, як дарагі блакітны дыван, абвісала над радаснаю красуючаю зямлёю. Ранняе чырвонае сонца моцна грэла, папіваючы праменнем выпаўшую ноччу серабрыстую крышталёвую расу.
Зося, хоць і несціхана падганяла каня, ехала няшпарка, і патрабавалася каля гадзіны часу, пакуль яна прыехала на месца ворыва, у Лагоры.
Прыехаўшы ж к сваёй палосе, яна нейкі час пастаяла ды палюбавалася вакольнымі вобразамі, перанеслася думкамі да Рыгора і, успомніўшы пра ліст, упусціла плуг у зямлю.
Каняка была ціхая, смірная і к пахаце прывычная: хоць малому дзіцяці дай, дык і тое справіцца з ёю. Вось і Зося так любіла сваю рахманую Гнедку, што наўрад ці магла б калі прывыкнуць да другой, каб гэта хто адняў яе.
— Но-о-о! Но-нно! — час ад часу выкрыквала Зося, павольна праводзячы роўную шырокую баразну.
Але яна выкрыквала не затым, каб хто, пачуўшы гэта, думаў, што Гнедка ленаваўся і капырсціўся ў плузе, ці ціха ішоў, ці рваўся ў бакі, робячы агрэхі. Не і не! Зосі проста не хацелася быць нямой, маўчлівай.
Гнедка няспынна клыпаў мерным, цвёрдым крокам, як тое і патрэбна, а Зося весела і задаволена ступала свежаю пахкаю каляінкаю, адчуваючы ў падошвах ног прыятны халадок і пакідаючы за сабою выразна адбітыя слядкі.
Цягнула свяжыстым вятрыскам, які злёгку абдаваў яе шчокі і трапаў распушчаныя косы, павылазіўшыя з-пад новай чысценькай хусцінкі і раскіданыя на плячах.
Правёўшы некалькі баразён, Зося спынялася, прысядала на мяжу і, прысеўшы, глядзела то на сонца, то на цень, якую змярала, каб вылічыць, якая пара і колькі ўдалося ўзараць.
Па ўсім палетку, куды яна ні глядзела, відны былі людзі, якія то аралі, то баранавалі, то збіралі каменні па нівах. З усіх бакоў даносіліся вясёлыя напевы вясковых песень, а з Масціцкай пасекі чуўся стук сякер, гулкі гоман і покатны рогат карчоўнікаў. Зося прыслухвалася да ўсяго, ловячы кожны зык, кожнае трапятанне жыцця.
Дзень каратаўся за работаю скора і непрыкметна. Зося нават не паспела і агледзецца, як сонца апусцілася к гаю і косыя доўгія праменні пачырваніла бурачнаю хварбаю. Пацягнула лёгкім вільготным вятрыскам.
Не чакаючы, каб сонца закацілася за гай, Зося пакінула ганоў трое недавораных і паехала дахаты.
— Да чэрвеня яшчэ паспею даараць! — супакоіла яна сябе і занялася другімі думкамі.