SommaireСокі цаліны
Квадра IV - ЧЫРВОНЫЯ ЗАРНІЦЫ, ЧАСТКА ПЯТАЯ · 2 min de lecture

ІХ

Ліба матала чырвоным сцяжком над галовамі гуллівай грамады і не сціхала кідаць палкія лозунгі. Надарваны голас адбіваўся боллю ў яе горле, дрантвелі ногі ад доўгае стойкі, прыціснутай да вострага руба грузавіковай сценкі. Але яна не патурала нічому, цалкам адданая ахапіўшаму яе натхненню.

У яе між вушэй праляцела дбайлівае запытанне Рыгора:

— Ты не стамілася, Ліба?

І калі яго рука легла на Лібіны плечы, яна адказала:

— Як мы шчаслівы сёння, Рыгор!..

Уз’езд на Біржавы мост спыніў далейшую гутарку. Шырокае поле Нявы і Неўкі адцягнула на сябе іхнюю ўвагу.

Раптам Ліба ўгледзела, як дзесятак бліскучых штыкоў з грузавіка накіравала на Дварцовую Узбярэжную. Умомант, адзін за другім, бліснулі агеньчыкамі над белым снегам біл два гучныя залпы.

Голая і пустая Узбярэжная маўчала — у сценах Зімніх палацаў стаяла рэштка вернага цару войска.

— Далоў самадзяржаўе! — выгукнуў Лібін сусед.

І звонкі пераліўчаты вокліч аддаўся рэхам на Неўскім прасторы.

Ён яшчэ не даляцеў да сцен мнагалікіх палацаў па той бок Нявы, не стукнуўся ў вяковыя сцены крэпасных валаў, як новая засада гарадавікоў пераняла грузавік.

— Наперад! — пачулася з некалькіх вуснаў і змоўкла ў гулкай траскатні перастрэлкі.

Ліба не ўспела вызваліць руку, каб узняць апушчаны ў сумятні сцяг, як пачула моцны штуршок у плечы.

— Асцярожлівей, таварышы!..— праказала яна і тут жа балюча, галасліва працягнула:

— Рыго-а-ар! Рыго-арка-а!.. Што-а ты, мілы мой!.. Рыго-а-ар!

У Петрусёвых абоймах з заплюшчанымі вачыма ляжаў акрываўлены Рыгор. Збітая з галавы шапка чорнаю кропкаю тырчэла на серабрыстым снягу пры бліскучых трамвайных рэйках. Яркае сонца залаціла яго гладкапрычэсаныя валасы. На правай скроні чырвонай гвяздою ляжала смугла-сіняя па краях і чорна-чырвоная ў асяродку крывавая рана...

Ні Пятрусь, ні Ліба не заўважылі, як сціхла перастрэлка і крануў з месца грузавік...

Ліба выйшла з непрытомнасці толькі тады, калі яе ўвялі ў цёплае, белае і ціхае памяшканне бальніцы. Сеўшы на пададзеным ёй белым драбінчатым крэсле, яна бязмоўна глядзела ў пасінеўшы Рыгораў твар, яшчэ нядаўна гэткі румяны і жыццярады. Двух чалавек, што ўвіхаліся каля яго, варушыліся ў Лібіным ваччу, як лёгкія цьмяныя цені. Яна не заўважала і Петруся, пакуль той не падышоў да яе і не запытаў:

— Можа, хочаце адпачыць, Ліба Шлёмаўна?

— Не-э, не!.. Я нікуды не пайду-у ад яго!.. Я яго не пакіну ні на кога, нікому!..

Пятрусь перадаў Лібу сястры і выйшаў з бальніцы, несучы ў нутры сваім сумную навіну радаснага дня.

Ён пераходзіў бальнічны двор, калі яму перагарадзілі дарогу пара чалавек з насілкамі. У адгоне некалькі крокаў, ціха стогнучы, спяшыла якаясьці жанчына.

Яна не сціхла плакаць, пакуль за насілкамі не схавалася ў дзвярах нізкага безаконнага будынка.

Пятрусь, як заварожаны, стаяў нейкі час сярод дзядзінца, пасля крута сарваўся з месца і выйшаў на вуліцу...

Насустрач яму з-пад Мікалаеўскага моста стройнымі шэрагамі накіроўваўся да дзяржаўнай Думы флоцкі экіпаж.

Чорныя бясконцыя шарэнгі матросаў цвёрдай уверанай хадою адбівалі перамогу рэвалюцыі.

На верках Петрапаўлаўкі гойдаўся чырвоны сцяг.

І вакол-вакол, як зловіць вуха, жывым непарыўным ланцугом гучала рэзвае, вясёлае, урачыстае.

— Ура-а-а-а! У-ра-а-а-а-а-а-р!

А ў гэты час насустрач яму з белых сцен бальніцы, дзе ляжаў мёртвы Рыгор, выплывалі новыя радасныя гукі новага стварэння, прыйшоўшага ў свет на змену Рыгору.

Чэрвень 9, 1929 г.