SommaireСокі цаліны
Квадра IV - ЧЫРВОНЫЯ ЗАРНІЦЫ, ЧАСТКА ПЯТАЯ · 2 min de lecture

VII

— Ты ідзеш да Таўрычаскага?

Ліба на хаду дапівала застыўшую гарбату.

— Апазніўся? — запытаў Рыгор, шукаючы гадзінніка.

— Здаецца, пайшлі ўжо, ці то проста так?

— Каторая гадзіна?

— Дзевятая... Усё ж ты, Рыгор, асцярожлівей... Навошта, канешна, лезці жыватугам... Бывай!.. Я сённі вярнуся раней — не пазніся...

Ліба ўвішна падышла да ложка, палажыла на Рыгоравай шчацэ пацалунак і пабегла з пакоя.

— Гарбата на пліце,— паведаміла яна з-за дзвярэй.

Рыгор паспешна справіўся з туалетам, з гарбатаю і хапіўся за ўчарашнюю вячорку.

Яго порсткі ўзрок улавіў прадоўжную літару Г, што ачэльвала радок «Государственная Дума», калі ўвайшоў Анікей.

— Здароў! Ідзем?

— Што за пытанне!

— Твая разважнасць не паказвае.

— Я на хаду: адзін міг, і мы з табою стрэліся на Малым праспекце-э...

— Ідзем...

Яны кампенсавалі сваё запазненне ўскоранай хадою.

Падаспеўшы трамвай яшчэ больш паспрыяў кампенсацыі.

Незаўважна Васільеўскі востраў застаўся пазадзе, і трое гарадавікоў з акалодачным адгараджвалі іх ад білаў Мікалаеўскага моста.

Перад мостам стаяла нелапая грамадка людзей, якую ўпарта разглядала паліцыя.

— Нашы вунь!

Некалькі чалавек схіліліся да замерзшых вокан вагона.

— Студэнты па адным, па двое з самае раніцы накіроўваюць у горад...— праказаў хтосьці ззаду іх.

Хто азірнуўся на казаўшага — сустрэў у задніх дзвярах вагона дбайлівае калыванне гарадавіковай галавы.

— Ха-ха-ха! Нядрэмнае вока... А праз Няву...

Разганяючы бег, трамвай вёз у горад ажыўленыя спрэчкі пра Думу. Напоўнены разначыннай публікаю, вагон дапамінаў рухомы мітынг, які ў кожную хвіліну, на любым месцы мог абярнуцца ў ядро дэманстрацыі. Было відаць па настроі, што большасць едзе туды, куды і Рыгор з Анікеем.

— Збярэцца! — пацешыўся Рыгор, шапнуўшы Анікею над вухам.

Той не паспеў пацвердзіць Рыгоравы думкі, як каля іх пачулася:

— Да Таўрыцкіх?

Здзіўленым глядзеў Рыгору ў вочы Камар.

— І вы?

— Я не дамся на правакацыю! — цвёрда і голасна адказаў Камар.— Дзіцячае мудрагельства! Вы чыталі ліст Мілюкова? Гэта не кадэцкія хітрыкі, як вам здаецца, а гэта разумная перасцярога... Зараз з’явіцца ў друку новы ліст сяброў-рабочых з ваенна-прамысловага камітэта... Трэба дачасна апамятацца, не то немцы выкарыстаюць момант і сядуць на нашых плячах...

— Магчыма, хлеба чорнага прынясуць, а то Мілюкову гэта не абыходзіць,— пачулася ззаду іх...

Па вагоне пранёсся галосны адабрыцельны гоман.

Яго водгук разліўся па Ліцейным праспекце, па якім уверанымі крокамі пайшлі Рыгор з Анікеем, смеючыся з Камара.

Квадра IV - ЧЫРВОНЫЯ ЗАРНІЦЫ, ЧАСТКА ПЯТАЯ · 5 min de lecture

VIII

— Ты позна ўчора вярнуўся?

— А другой уначы...

— Я так трывожылася... Страляніна, якаясьці заварожаная ціша... Ці праўда, ці не, казалі гаспадары, нібы паўлаўцы адказаліся страляць і іх заперлі ў сутарэнне?..

У кватэры, іначай ад заўсёднага, чулася тупатня і ажыўленая гутарка.

— Ты пойдзеш на службу, Ліба?

— Мушу...

— Ці варта?

— Ды ўсё роўна... Калі што-якое, магу кінуць...

— А я б думаў, няхай бы лепш заставалася дома...

— Чаму?

Ліба ўсумнілася і перастала збірацца.

— У кожным выпадку... воля твая...

— А ты, Рыгор?

— У нас забастоўка цягнецца... І не Мілюкову яе супыніць!.. нядаўная нарада прадстаўнікоў ад заводаў... Здарэнні разгортваюцца нечаканым тэмпам... Лунаюць чырвоныя зарніцы...

Рыгор ззяў ад радаснага, усхваляванага пачуцця, сеючы па пакоі замілаваныя ўзрокі гаручых вачэй... Адрыўныя, распарушаныя сказы закругляліся раптоўнымі напевамі мелодый рэвалюцыйных песень...

— Ну, добра... Ты ідзі ў лазарэт, а я адпраўлюся ў горад... Дзе рэвальвер?..

— Навошта ён табе?..

Ліба стала паміж ім і сталом.

— Вы чулі? — адцягнуў іх увагу гаспадар кватэры, няпрошана ўбегшы ў пакой.— Паўсталі два палкі — Валынскі і Пецярбургскі...

— Ласне? — зліліся ў адно запытанні Рыгора і Лібы.

І не паспелі шавяльнуцца гаспадарскія губы для адказу, як Рыгор ужо апынуўся на сходах, летучы ўніз.

Праз пару хвілін ён мігнуўся ў Лібіным ваччу, прабягаючы між будынкаў, направа. А калі Ліба выйшла на вуліцу, Рыгора ўжо не было відаць. Ён згубіўся ў той сумятні, якая заліла шырокія роўныя лініі Васільеўскага вострава.

Напрамкам да праспекта беглі разам і па адным мужчыны, жанчыны, юнакі.

Месцамі, перасоўваючыся, гуртаваліся і на вачах раставалі гурткі, грамадкі, натоўпы людзей.

Дзесьці чулася напеўнае, урачыстае «ўра!».

Агульная раз’юшанасць і сумятня падхапілі, як на скрыдлы, Лібу і лёгкаю, ветранаю хадою паняслі яе ўсцяж вуліцы.

Апынуўшыся на Сярэднім праспекце, яна заўважыла шырокую празрыстую пляміну агню — то гарэў дом папярэдняга зняволення.

Туды, да яго несліся радасныя гукі людзей, працягваліся разнятыя рукі, нахіляліся разгойданыя постаці.

Промін не даваў ёй спыніцца, падбіваў бегчы за ўсімі, у які хоць бок, абы хутчэй апынуцца ля яго... Бегчы і спяваць або гукаць, абсыпаць усіх шчырымі, цёплымі прывітаннямі, ласкаю і неабмежнай удзячнасцю...

На нейкі час яна забыла пра Рыгора, адчуваючы вакол сябе дзесяткі, сотні і тысячы блізкіх, родных, прыемных людзей.

Пасля ў яе нутры раптам успыхнула пякучае жаданне ўгледзець яго каля сябе, абняць, як таварыша, і пацалаваць самаадданым пацалункам — у адплату за яго доўгагадовае напружанае змаганне...

Бегучы далей, Ліба нервова, напружана азіралася вакол, шукаючы Рыгора ў раскалыханым людскім моры. Загледзеўшыся, чуць не папала пад аўтамабіль-грузавік, які спыніўся ў двух кроках ад яе, гледзячы плотам вострых штыкоў...

Ліба падалася ўбок, але ў заціхаючым «ура» пачула:

— Ліба Шлёмаўна!

I калі прыгледзелася, то ў згруджанай кучы рабочых і салдат, якія шчыльна стаялі на грузавіку пад маленькім чырвоным сцягам, яна разглядзела Петруся.

— Дзе Рыгор?

Яго запытанне знікла ў гучным вокліку:

— Няхай жыве рэвалюцыя!

Ліба памкнулася да грузавіка і не згледзела, як некалькі здаровых рук узнялі яе ўгору.

Грузавік памчаўся напрамкам да Тучкавага моста, авеены несціханымі воклікамі «ўра!».

Пры Лібе стаяў Пятрусь, апіраючыся на новую вінтоўку. У яго на руцэ акрэслівалася шырокая чырвоная павязка.

Чырвоныя ж знакі — то ў выглядзе тых самых павязак на руках, то бантаў на грудзях, то пецелек на штыках — звязвалі ў адно цэлае, вогненна-ўздымнае, усю купу рабочых, якія былі на грузавіку.

Ліба стаяла неаддзельнай адзінкаю лётнага атрада энтузіястаў-вестуноў, што рассейвалі па абуджанай, растрывожанай сталіцы весткі новых дзён...

Яна захоплівалася баявою ўрачыстасцю неперажытых падзей і чула, як яе істота дробіцца на малюткія частачкі ды сеецца ў ачырвоненым сонечным паветры нечуванага дня... Цяжар і колкая боль у нутры танулі ва ўзнятым натхненні.

— На Пецярбургскую старану! — абарвалі яе ўздым прыказныя воклікі суседзяў, у тым ліку і Петруся.

Грузавік крута заламаў управа... Хто стаяў — калыхнуўся ўлева. І ў тую ж хвіліну ўсе прыселі. З-пад моста неслася страляніна. Рассыпчатая траскатня вінтовак разлілася па аснежаных барках, разбеглася між плота, адгукнулася ззаду, каля будынкаў першае лініі...

Некалькі блудлівых куль празвінелі накрыж над іх галовамі... Некалькі ўдараў забразгацела па жалезных частках грузавіка...

У гэты момант Ліба ўгледзела, як з падножкі, унізе пад ёю, скаціўся на снег з вінтоўкаю ў руках малады салдат.

У залпавых стрэлах, што пасылалі з грузавіка, гучней іншых выдзеліўся стрэл падбітага ваякі. Яна нагнулася над біламі скрынкі, працягнуўшы рукі да параненага салдата, з твару якога глядзеў знаёмы вобраз Сроля Рэзніка.

— Л-ліб-ба-а! — праказаў ён і павярнуў аслабшую галаву направа.

— Сроль, браток мой!..— Пятрусь! — выгукнула з перапалохам Ліба і стала шукаць узрокамі Петруся.

Крануўшы грузавік і частыя адстрэлы яго седакоў заглушылі Лібін воклік і развеялі колкую ўражлівасць ад забойства Сроля.

Яна ўдвойчы ўспомніла пра яго тады, калі праехалі Тучкаў мост; але новыя стрэлы на рагу Вялікага праспекта і ператочнай яму вуліцы зноў развеялі яе думкі. Шэры дымок толькі адляцеў на ўзровень вокан першага паверха, як грузавік упёрся ў разнятыя рукі пераняўшага дарогу натоўпу:

— Ліба Шлёмаўна! — пазваў Пятрусь.— Ву-унь Рыгор!

Улева, каля ганка рагавога дома, ляжаў чалавек. Пры ім стаяў Рыгор з рэвальверам у руцэ. Ён упарта глядзеў на забітага...

— Рыго-ар!

— Рыго-ар Міхасевіч!

Рыгор крута павярнуў на воклік і следам быў каля грузавіка.

— Ты чаго тут?

— Васіля Берага сустракаў!

— Васіля Берага?!

— Так, з-пад моста выцягнулі і народным судом... у царства продкаў...— А ты яшчэ не дазваляла браць рэвальвера!.. Цудная! Якраз да часу...

— Магчыма! Няхай будзе адплатай за смерць Рэзніка.

— Сроля забілі? — узрушыўся Рыгор.

— Вось толькі што пакінулі яго па той бок моста... Я праехала з вярсту на грузавіку і не заўважвала яго, а раптам... стрэлы... Ён выпаў з машыны, і я чую ўмольны позыў з акрываўленага снегу...

Залапатаўшы грузавік падагнаў Рыгора ўскочыць на яго і разам з Петрусём ды Лібай ехаць далей.

— Няхай жыве рэвалюцыя! — Далоў самадзяржаўе! — гукаў ён праз некалькі хвілін пасля паведамлення пра забойства Рэзніка.

З перанятага іх стрэчнага грузавіка адгуквалі:

— Прывітанне ад прэабражэнцаў!

— Няхай жыве рэвалюцыйнае паўстанне!

Следам, ці хтосьці скамандаваў, ці грузавікі самі раз’ехаліся, пацягнуўшы за сабою ў два процілеглыя канцы нямоўчнае «ўра!».

Поміж з воклікамі, што разліваліся па крывых вуліцах, па іх скрыжаваннях, на пляцах і заломах стальным клёкатам узбройненай радасці тарашчэлі пераліўным россыпам стрэлы. Між аблітых сонцам будынкаў, дварамі і вузкімі шчылінамі, яны плылі за грузавіком, то наганяючы яго, то перасякаючы дарогу.

Каля Мытнінскай вуліцы парадзеўшыя стрэлы, як кінуты на зямлю ланцуг, раптам змоўклі, каб праз хвіліну аднавіцца з-пад палаючага будынка ахранкі.

Пад заслонай чорнага дыму і языкоў полымя, што лізалі вокны і мураваныя карнізы шэра-зялёнага будынка, вецер расцярушваў абгарэлыя дакументы доўгагадовага змагання за надышоўшы дзень... Як блудлівыя цені, вакол гаручага дома шныпарылі якіясьці людзі, старанна знішчаючы ўцалелыя паперы.

Яны мігам зніклі па глухіх задворках, за рагамі будынкаў, калі грузавік спыніўся, каб салютнымі стрэламі прывітаць палаючую ахранку.

На яго стрэлы з Кронверскага праспекта паказалася дэманстрацыя моладзі.

Яна разносіла вестку пра здачу Рэвалюцыі Петрапаўлаўскай крэпасці...

Прынесеная навіна затуліла сабою і клубкі дыму, і несціхаючыя стрэлы, і раптам вынікшы адкульсьці грузавік з хлебам, абложаны жанкамі, як мурашкамі.

— Няхай жыве рэвалюцыя!

— У-ра-а-а-а! а-а-а-а!..