SommaireСокі цаліны
Квадра І - БАЦЬКАВА ВОЛЯ, ЧАСТКА ПЕРШАЯ · 5 min de lecture

IV

З поля дамоў Зося таксама праехала абходнаю пагоннаю сценкаю, каб абмінуць Васілёву хату; але абмінуць-то яна хату абмінула, толькі ёй на гэты раз не ўдалося абмінуць Васіля. Праўда, сама стрэча з ім выпала зусім асаблівай, нават непахожай на стрэчу, ды Васіль, бадай, Зосі не прыкмеціў, расхадзіўшыся ў лаянцы. Тым не меней Зося пасля гэтага адвярнулася ад яго яшчэ больш.

Зося яшчэ пры выездзе з пагону пачула нейкі крык, падобны на сварку, а, уехаўшы ў вулачку, ёй з першага ўзроку кінулася ў вочы цэлая грамада людзей: баб, мужыкоў і дзяцей, якія таўпіліся ля студні, моцна гаманілі, рагаталі і выгуквалі. Пад’ехаўшы к грамадзе, Зося хутка спынілася і, злезшы з воза, пачала распытваць, у чым справа.

— Вой, вой, галубачка ты мая! — ахвотна паведала ёй Вася, спагадлівая і чэсная бабулька, якая за ўсе свае шэсцьдзесят гадоў жыцця ніколі нікому не зрабіла ні каліва крыўды.

— Каб ты ведала, Зосечка, каб ты ведала, котка мая, што тут дзеецца, што тут чаўпецца! Аяй, аяй, які грэх цяпер у свеце трымаецца, які...

— Дык што ж тут, што? — з вострай цікавасцю перабіла Зося.

— Ого што, ого! Гэта ж, каб ведала, галубка мая, вунь што выйшла: бач, Стэпа гэта, ну, Рыгора Нязвычнага маці, нясла, ведаеш, бярэмейка галяйка з пасекі; а гэты, во, ведаеш, Васіль Берагаў, стрэўшы яе ля студні, спыніў і давай лаяць: «Што ты, кажа, пакрала з мае пасекі галлё?» Тая бажыцца ды заклінацца: «Я, кажа, набрала ў казённым лесе».

Але Бераг ёй не паверыў, адабраў галлё і яшчэ сіберна наштурхаў старую кабету. Бедная Стэпа раскрычалася, расплакалася, — вось і збеглася цэлая чарада людзей.

Зося не магла спакойна выслухаць: ёй зрабілася ні то сорамна за Васіля, як за знаёмага, ні то злосна на яго: здавалася, каб не людзі, яна б падбегла б к яму і жорстка вылаяла б. Спярша Зося і намервалася гэта зрабіць, але праз момант нібы апомнілася, махнула нядбайна рукою і, не захацеўшы нават напаіць каня, аб’ехала людзей і схавалася за Цішкавай хатай.

Заехаўшы дадому, Зося хутка ўправілася з канём: распрагла, напаіла, завяла ў хлеў і падкінула ў яслі ахапак свежага дзяцельніку; сама ж увайшла ў сенцы, пераапранулася ў чысцейшую вопратку і барджэй кінулася к ложку, каб крыху спачыць. Марта, убачыўшы гэта, падбегла к дачцэ і з трывогаю пачала распытваць, што з ёю, чаму яна, нічога не кажучы паспяшыла ў пасцель.

— Ды нічога, нічога, не пужайцеся вельмі гэтак, я так сабе прылягла; сон пачаў марыць — вось і задумала прыдрамнуць... На вячэру ўзбудзіце.

— А я думала, што ты, Зосечка, мо занядужала?.. Спачынь, спачынь, я разбуджу цябе вячэраць, — спагадліва праказала Марта, апрануўшы дачку новым стракаценькім дыванчыкам.

Зося сцішылася і хутка прыдрамнула. У сенях быў пограб і ад гэтага было зімнавата; мух таксама ні адной, і спалася смачна і прыятна. Здавалася, яна праспала б цэлую пору, каб ніхто не трывожыў; толькі яе скора раскатурхалі і пазвалі вячэраць. Не хацелася, страх як не хацелася Зосі паднімацца з ложка ды ісці ў хату, але маці так нагальна прыкаснілася, што яна не магла як адмовіцца і мусіла паслухаць.

Калі Зося ўбегла ў хату, за сталом сядзела ўся сям’я. Бацька, толькі што вярнуўшыся з пасекі, падгарэўшы, увесь чорны ад пылу і поту, таксама быў здорава вымерхаўшыся і старанна, па поўніцы чэрпаў паважаную ім страву. Гледзячы на Зосю і бацьку, Тэкля старалася не астацца і ўганялася за ядою, следам за бацькам.

Павячэраўшы, Мікола вылез з-за стала і скарэй жа хваціўся за люльку. Марта пачала прыбіраць пасуду, а Зося кінулася ў акно.

— Як, хаця, ты там, Зоська, справілася з ворывам? — цмокаючы люльку, запытаў Мікола.

— Як, ці справілася? — перапытала Зося.

— Ды бач, ці скончыла, ці яшчэ асталося крыху?

— А яшчэ, татка, крыху асталося, — не вылазячы з акна, адказала Зося.

— Але ганоў з шасцёра загарала?

— Э, болей. Ганоў з васьмёра.

— О, ты сённі малайчына... Апошняе скончыш на гэтым тыдні і ў суботу, на дзяды, якраз можна будзе грэчку засеяць. Я думаю, яшчэ не будзе пазнавата.

— Ды яшчэ зусім не пазнавата, — аказалася з мыцельніку Марта: — яшчэ і людзі толькі што прыняліся сеяць. Цяпер тройца ранняя, зямля толькі што паспела адапрэцца.

— Ды яно ж такі і гэтак,— пахкаючы люльку, згадзіўся Мікола.

— А каняку чаго-кольвек падкінула?

— А як жа ж, дала вялікі ахапак дзяцельніку, — скарамоўна адказала Зося і ветрам вылецела з хаты, не ўспеўшы нават прычыніць дзвярэй.

— Што яна за цікавасці ўбачыла там, што памчалася, як кручаная, — здзівілася Марта і падышла к акну.

Стаўшы колінкамі на лаву, яна чуць не да паясніцы прасунулася ў акно і некалькі раз азірнулася ва ўсе бакі; потым спынілася вокам на маленькай грамадцы людзей, якія стаялі ля платоў Прахоравага агародчыка і пільна, уголас, размахваючы старанна рукамі, аб нечым гутарылі. Між іншымі кабетамі Марта ясна адлічыла Сымоніху, Саламею Янкаву і Нязвычнага Стэпу, Рыгораву мацеру: яны трое стаялі ў самым асяродку грамадкі і пільней усіх былі заняты гамонкаю. Марта бачыла, як Зося настойна праціснулася ў гурток і пачала лавіць кожнае слова Стэпы, якая скардзілася жанкам на Беражучка за яго непамерную нагласць і хцівасць. Да Марты даходзілі то цэлыя словы, то кусочкі іх, і яна, зацікавіўшыся, пачала пільна прыслухвацца к гамонцы, паварочваючы галаву ў той бок, скуль яна чулася.

— І ты нешта ўбачыла там цікавае, — папікнуў Мікола.

— Чакай троха, дай адно прыслухацца лепш, — махнуўшы прасаджанаю назад рукою, уняла Марта мужа.

Але ёй доўга слухаць не давялося: гурток жанок неяк раптоўна ўскалыхнуўся і пачаў раставаць, расходзячыся ва ўсе бакі вуліцы. Зося адлучылася ад усіх і бягом павярнула да сваёй хаты; яна паспела прыбегчы, калі Марта не завіхнулася яшчэ вылезці з акна.

— Што там трапілася такоўскае? — запытала яна дачку.

— Што? Нават і казаць брыдка; ліха ведае што. Вунь, гэты самы Васіль Бераг, ведаеце, угледзеўшы, што Стэпа нясе бярэмейка галяйка, спыніў яе ля студні, абламзаў і давай спавядаць, лаяць ды, нават, штурхаць. «Гэта, — кажа, — няйначай, ты пакрала маё галлё, швалдыга ты няшчасная», ды ўзяў і адабраў дровы ад Стэпы; вось яна цяпер і скардзілася жанкам.

— А яно так і трэба, — злосна ўставіў Мікола, — хай гэта голь не вучыцца абкрадаць чужых пасек ды абрываць лугоў, гародаў і ніў.

Бацькавы словы Зосі зусім не спадабаліся, але яна нічога на іх не хацела адказваць, каб не ўразіць бацькі, а спакойна і маўчліва паднялася з месца, выйшла ў сенцы і пачала збірацца ка сну.

На дварэ ўжо цямнела; сонца схавалася за лесам, хоць яшчэ апошнія праменні яго пекна залацілі заходні край неба і гэтым не давалі змроку акурат зацьміць зямлю.

А мо дзеля таго яно і не хацела сходзіць з неба, што не ўсе яшчэ сільчане былі гатовы да адпачынку і на вуліцы чуўся клапатлівы гоман і крык. Але Зосі стала неяк не па сабе, нудна і ўтомна, пачаў марыць сон, і яна сёння раней, як заўсёды, рашыла не заседжвацца і нікуды не ісці.