І
Тыдзень мінуў так хутка, так непрыкметна, што Зося не ўспела і агледзецца, як чэрвень апынуўся перад парогам. У суботу зранку выехала яна з бацькам пасеяць грэчку.
Дзень выдаўся цёплы, ціхі і ясны, і сяўбу ім удалося скончыць да абеду.
Адсеяўшы грэчку, Мікола з дачкою паехалі дахаты, каб разам, усёй сям’ёю, паабедаць.
Паабедаўшы, доўга не загібаючы, ён адправіўся на пасеку, а Зося паехала скародзіць.
Паводзячы каня і сочачы за бараною, каб яна не скакала, а ішла роўна і добра, дробна разбівала груды, — Зося бесперастанна кідала ўзрокамі туды, у левы бок яравых палеткаў, пад Жмыгінскі лес, між якога ішоў Ліцкі гасцінец, убягаючы ў Сілцы з паўночнага боку.
Як і заўсёды, і ў гэту суботу на гасцінцы была звычайная суматоха, ажыўленне: то ў Сілцы, то з Сілцоў цягнуліся цугам дзесяткі фурманак з таварамі і парожныя, тарахцелі лёгкія каламашкі хвальваркоўцаў, што ехалі ў мястэчка па справах, зрэдку праносіліся памешчыцкія карэты, запрэжаныя ў тройкі або чацвёркі стаенных коней. Па дарозе курыліся слупы пылу.
Гледзячы на дарогу, Зося старалася ўгледзець — прыкмеціць белую буду балагола. Яна зусім забыла ці мо знарок не хацела верыць, што сёння ж субота і яўрэі святкуюць, а значыць і балагол напэўна не ездзіць. Але ёй хацелася думаць, што гэта не павінна служыць перашкодаю таму, каб хоць раз у год балагол праехаў і ў суботу. Яна не пакідала сачыць.
Прайшоўшы апошні раз бараною паўзмежжа, Зося не заўважыла, як скончыла скароджанне. Яна спынілася і праказала:
— А то ён і не прыедзе! Тады няўжо ды ён хлусіў?
І дзесьці глыбока ў яе нутру пачала варушыцца сумная думка, ад якой ёй рабілася млосна і адваротна. З вострай прагай чаканы чэрвень паказаўся ёй зусім не цікавым, зусім не завабным.
Вясёласць і жывасць, з якімі Зося выязджала зранку ў поле, змяніліся шэрымі, заўсёднымі вобразамі, — аднастайнасці, надаедлай будзённасцю.
Па дарозе дамоў, Зося прыпомніла бацькава вяленне заехаць на пасеку па чатыры бярвенцы. Яны акуратна ляжалі ў кусціках, прыкрытыя галлём і ламаччам, каб ніхто не паспеў захваціць раней за яе.
Бацькі ўжо на пасецы не было: ён з гадзіну ўперад пайшоў дахаты.
Ускінуўшы на драбіны бярвенцы, Зося павярнула на прадольную сцежку, выехала на гасцінец і пагнала каня.
З усіх бакоў, куды яна ні глядзела, па кожнай сценцы, чуць не па кожнай мяжыне, то ішлі з сякерамі ды граблямі, то ехалі з баронамі, карчамі і плугамі сяляне. Стаяў грукат і стук, уздымаўся пыл. Кончыўся працоўны дзень, людзі са спакойным сэрцам ехалі дадому.
ІІ
Назаўтра, нядзеляю, Зося прачнулася куды пазней, чымсь прачыналася буднімі днямі. Каня яшчэ з досвітку павёў пасвіць знарок наняты хлапец. Бацька ж адправіўся агледзець жытні палетак; а маці таксама пашкадавала разбудзіць Зосю, дазволіўшы паспаць ёй датуль, пакуль яна не здаволіцца. «Хай сабе ўдосталь паспіць», — разважала сама сабе Марта.
Але Марце будзіць дачкі не прыйшлося. Зосю абудзіў рык прыгнаных на ранкі кароў і прарэзлівыя гукі пастуховай трубы.
У сенцах было цёмна і прахладна. Праз маленькае, як валова вока, акенца ўліваўся знадворку пучок сонечных праменняў і залатою пухкаю стужкаю разгортваўся па зялёным пахучым плюшніку, які адбіваў сваім глянцам рэзвых зайчыкаў на сцяне.
Зося працерла рукою вочы, адгарнула назад і завязала косы ды саскочыла з ложка.
— Зося! Зоська! — пачула яна вокліч мацеры, даносіўшыся з хаты. — Уставай, галубка, дзесятая гадзіна. Каровы прыгналі на ранкі.
— Ды я ўжо ўстала, я чую! — адгукнулася Зося і адчыніла сенішнія дзверы.
Празрыстасць бліскучага сонца і яркая зелень дзярэў, палітая яго праменнем, асляпілі Зосіны прыспаныя вочы; яна ўдвойчае працёрла іх рукавом кашулі ды пачала глядзець то на зелень, то на сонца.
На вуліцы чуўся крык дзяцей, перамешаны з нямоўчнымі піскамі пішчолак, зробленых з плюшніку. У чыстым сінім паветры вярцеліся матылькі, гулі авадні і восы, а на дзярэўцах весела і захлёбіста вычырыквалі рэзвыя птушкі.
— Трэба адзявацца ды выходзіць на месца, — падагнала сама сябе Зося і хутка павярнула ў хату...
А праз гадзіну, не больш, яна ўжо паспела памыцца, нарадзіцца і выйсці на вуліцу.
З канца ў канец вуліца была запруджана людзьмі: бабы і мужыкі, дзяўчаты і хлопцы, падпаскі і дзеці — адзетыя па-нядзельнаму, прымытыя, ахаеныя, весела спяшылі ў бок рынку: ішлі, гаманілі, смяяліся, гутарылі.
Недалёка ад рынку, на левым баку вуліцы, калі ісці к месту, стаяла Рыгорава старэнькая, з трыма трохшыбнымі акенцамі хата. Ідучы на рынак, Зося пайшла паўз самыя платы гародаў і прызбы хат. Калі яна параўнялася з Рыгораваю хатаю, то на момант спынілася і зазірнула ў акно; зазірнула, і ёй паказалася, нібы сядзіць за сталом якісьці мужчына і чытае газету.
«Няўжо то Рыгор», — бліснула ў яе галаве радаснае пытанне, і Зося памкнулася бліжэй падысці к акну, але раптам перадумала; ёй паказалася не зусім ёмкім: вуліцаю праходзіла многа людзей, сваіх жа аднавульцаў-суседзяў, якія ніколі нічога не прапусцяць, каб не папазорыць уволю, а потым — а потым перамалоць на языку. З ёю не раз ужо гэта траплялася, і Зося рашыла стрымацца і ісці далей.
Прыйшоўшы на рынак, вялікі чатырохкантовы пляц, агароджаны кругом сцяною будынкаў, абсаджаных высокімі старымі бярэзінамі, ясенямі і клёнамі, Зося накіравалася да крам. Рынак кішэў людзьмі: усе лаўкі і ганкі былі як мухамі аблеплены імі. Між напікаваных вазоў таўклося процьма дзяўчат і хлопцаў, між якімі рэдкімі адзінкамі прыкідаліся чыноўнікі з блішчастымі цэшкамі, вучні, вучыцелі і местачковыя інтэлігенты. Зосю «Мікалаішку» зналі не толькі ўсе Сілцы — як яўрэі, так і мяшчане, а і многія дзецюкі з бліжэйшых к Сілцам вёсак, дробныя хвальваркоўцы і дваровыя служачыя. Пакуль яна паспела абысці вакол крам, тысячы прагных, поўных вострае завіды ўзрокаў прамерыла яе з ног да галавы. Не ў аднаго рызыканта замулялася хаценне дастукацца знаёмства з ёю, пагаманіць ці паспацыраваць перадлюдня. А язычлівыя перасудніцы-мяшчанкі паспелі набрахаць усяго-ўсякага цэлыя каробкі, прыплятаючы ў адно: і бацьку, і маці, і Васіля, і Рыгора, і чортведама што.
Зося ўсё гэта ведала і ясна бачыла, што яна многім коле вочы; але ёй гэта было няўцямкі, бо думка яе спынялася толькі на Рыгору, яна была занята толькі ім адным. Зося дапускала, што калі ён прыехаў, то няйначай павінен выйсці на рынак, і яна ўгледзіць яго хоць здалёку. Ходзячы па рынку, яна пільна ўглядалася ў людзі, але ў іх не магла ўгледзець Рыгора.
— Зоська, га, Зоська! — раптам пачулася ў яе над вухам, калі яна абходзіла другі раз між мануфактурных крам. — Што ж ты адна блытаешся?
Зося азірнулася і тут жа ўбачыла перад сабою дзвюх сваіх таварышак: Ярмалаеву Вольку і Гэлю Сідорышку.
— Дык вось, выйшла адна на рынак і ўсё шукаю, каб каго спаткаць, — адказала яна.
— Дык хадзем разам, — запрапанавалі дзяўчаты.
— Ідзем! — згадзілася Зося.
І, пабраўшыся за рукі, усе ўтраіх, жартуючы і смеючыся, пусціліся ў абход. Праз кароткі час яны прашнуравалі вакол крам разоў з дзесяць, ажно паружавелі ад утому.
Зося ўжо некалькі дзён як не страчалася з таварышкамі, і ў яе сабралася столькі гутаркі, што яна нават не чула рыначнага шуму, разгутарыўшыся з дзяўчатамі.
— Дык, ведаеце, мае галубкі, — хвалілася яна звонкім рассыпчатым голасам, — а мне ж тыдзень таму пісаў Рыгор, што няйначай к чэрвеню месяцу прыедзе дадому. Вось я ўсё і пільную, усё і сачу за кожным, стараючыся яго найці, — з лёгкім сорамам закончыла Зося і паглядзела вакол сябе.
— Але, але, яго маці і мне паказвала ліст, у якім ён піша, што няйначай мусіць прыехаць на свята, — дабавіла Волька.
— А мо ён ужо і прыехаў, ды дома сядзіць, — дагадна праказала Гэля. — Ну, але, бок; а з Васілём ты такі і не сустракаешся? — пацікавілася яна.
— Волька, цудная дзяўчына. Плявузгае ліха ведае што, — з лёгкім гняўком адказала Зося і нядбайна кіўнула рукою.
— А я чула, што ён няйначай думае сватацца к табе. Мне і надоечы Хлорыха, яго дзядзіна, казала: «Майго Хлора нябог, кажа, не ведае, як тройцу прычакаць, каб паслаць да Мікалаішкі сватоў». «Ды яна ж не пойдзе за яго», — кажу я. А Хлорыха так і спыняе мяне: «Маўчы, дзіўная ты, вунь бацькі яе не мусяць, як скарэй даждацца сватоў; яны з вялікаю ахвотаю згодзяцца выдаць Зосю за Берага».
— Ты не хлусіш, адно? — запытала Зося, ні то сполахна, ні то злосна.
— Дальбог, ну, — не зважаючы гэтага, падмацавала Гэля.
— Хай ім не думаецца толькі, — цвёрда праказала Зося і змоўкла.
— А што ж ты зробіш з імі, цудная? — мякка і разуважна ваткнула Волька.
Зося крыху падумала, азірнулася вакол і, адчаянна махнуўшы рукою, злосна адсекла:
— Ды не бядуй — сумею зрабіць.
— Эх, эх, Зоська! Маўчы, я табе кажу, маўчы; дальбог жа маўчы. З бацькамі нічога не парадзіш; іхня воля над табою: што захочуць — тое і зробяць; забачыш сама — праканаешся.
— Вельмі ты ўгадніца вялікая; не дужа я палахлівая, — недавольна адказала Зося: —што ж, калі яны бацькі, дык маюць права мяне жывасілам пёрці туды, куды я сама не хачу? Калі толькі ўздумаюць так рабіць — дык няхай убіраюцца да д’ябла са сваім бацькоўствам.
— Ой, не кажы! — кіўнуўшы пальцам, спыніла яе Волька.
Пакуль яны хадзілі ды гутарылі, надышла другая гадзіна дня. Людзі пачалі раз’язджацца і расходзіцца па хатах: рынак увачавідкі пусцеў.
— Ну, трэба, хіба, і нам ісці абедаць, — парадзіла Гэля.
Дзяўчаты пакінулі рынак і накіравалі ў вуліцу, хутка згубіўшыся ў густым натоўпе людзей.