ІІІ
Пасля таго як Васіль, да болю рассерджаны на Зосю за тое, што яна не захацела выслухаць яго споведзі, — так тыдзень таму назад, — і гэтак рэзка, нібы варожа, абышлася з ім, праз увесь тыдзень Васіль не змог спаткацца з Зосяю, каб па-людску пагаварыць з ёю. А яму, не патураючы на ўсё, вельмі хацелася стрэцца з Зосяй, каб выказаць сваю крыўду і перамовіцца некалькімі словамі. Васіль кожны дзень, з самага ранку, сачыў за кожнаю праязджаючаю між яго хаты фурманкаю, што хвілю пазіраў у акно, але, нібы якая прымха мяшала таму: Зося не пападала на вочы. Нават і тады, калі ён цэлы крымінал развёў ля студні са Стэпаю, яму не ўдалося прыкмеціць мо хвілін з дзесяць стаяўшую ў людской грамадзе Зосю. Праўда, у той момант яму не вельмі б і ёмка была стрэча з ёю, і ён потым быў здаволены, што не прыкмеціў яе, але тачыла крыўда на тое, чаму-такі не ўдалося стрэцца?
Злы на ўсіх і на самога сябе за такі зварот справы, Васіль увесь тыдзень працягаўся, як саўлук, нудны і маркотны. Работа, каторая заўсёды гарэла ў яго руках, рабілася нядбайна і вяла. Усе тэрміновыя, неадкладныя думкі яго пабіваліся адною, зацятаю і надаеднаю думкаю аб «упартай і няўледнай Зосі».
Па некалькі разоў у дзень Васіль перадумваў спосабы стрэчы, уражанняў пра гульню да позняе ночы, пра спацыр, гутаркі і пацалункі.
Нават кожны раз ён пераносіўся ў думках у той, чаканы для яго час, калі яна, Зося, стане яго жонкаю, будзе кахаць і шанаваць толькі яго аднаго і будзе ім абаім тады весела і шчасна.
Але гэтыя выростаючыя перад ім уражанні засмучаліся нейкім густым, ліпкім туманом, калі раптоўна, суйздром, прылятаў нямаведама скуль вобраз яго ворага — Рыгора. Услед за гэтым успамінаўся вечар апошняй нядзелі, ліст да Зосі з горада, няйначай, як ад таго самага Рыгора, і ў скутку гэтага — сумнае і млоснае адчуванне. Адваротна рабілася на душы, толькі натугаю волі Васіль сіліўся згладзіць гэта; ён пераносіўся барджэй да Міколы і Марты і апіраўся на іх, як на каменную гору.
«Яе бацькі хванабэрыстыя і наравістыя. Яе бацькі ўсё пераробяць, а пастановяць на сваім, не дапусцяць ні за што апаганіць свайго слаўнага і знатнага котлішча. Ого, яе бацькі золата, не людзі!» — мерна і цвёрда выбівалі Васілёвы думкі гэтыя радасныя і сцешныя словы, і быццам хтось мёдам змазваў яго нутро, яно святлела і асвяжалася: прад вачыма праясняўся нудны хмарны небасхіл, забівала крыніцаю надзея, і ён прагна чакаў выпадку, як веруючы збаўлення.
Васілю не цярпелася, каб выбраць удзячны момант і зайсці да Прыдатных. К гэтаму ён рыхтаваўся з тае хвіліны, калі ў нядзелю вечарам саступіў з іх парога. Кожным днём ён прыдумваў новыя спосабы, будаваў іншыя планы. К канцу тыдня Васіль меў у запасе гутаркі на цэлы дзень; гэтаму паспрыяла наступнае.
Адным днём, калі Васіль, вярнуўшыся з поля, увайшоў к сабе ў хату, ён застаў у ёй дзядзьку Хлора з дзядзінай, якія сядзелі пры стале з яго мацераю і пільна вялі нейкую сур’ёзную гутарку. Не ўспеў Васіль прывітацца з дзядзькам, як Хлор стрэў яго гэткімі словамі:
— Чуеш, Васілька, мы гэта сядзімо ды думаем-гадаем, як цябе засватаць ды ажаніць?
Сказаў гэта Хлор і ўсміхнуўся. Васіль таксама з ухмылкаю на твары адказаў:
— Вось калі! Чаму ж не? Збірайцеся, і пойдзем да Прыдатных у сваты.
— Ну, — зрабіўшы сур’ёзную міну, зацікавіўся Хлор.
— Без «ну», — з гэтакаю ж сур’ёзнаю мінаю адказаў Васіль.
— Ой, ой, чаму ж не так!
І Хлор з нечаканасці ажно падняўся з месца, падышоў к Васілю і, выказваючы пахвалу, пашлёпаў яго рукою па плячы. Хлорыха і Васілёва маці, бачачы гэта, весела зарагаталі.
— Чуеш, Тадося, дык нам жа бясёда складаецца, — абярнуўся к братавай Хлор. — Як ты, згодна жаніць сына? — дабавіў ён.
Тадося порстка ўсхапілася з месца, абярнулася да Хлора і, склаўшы рукі на грудзях, загутарыла:
— Гм, гм! Вот калі, вот калі, Хлор. Яшчэ трэба пытаць. Не толькі, Хлорык мой, гатова, а хоць і заўтра, хоць і цяперачкі. Я ўжо даўно кажу свайму Васільку: жаніся, сынок мой, жаніся, даражэнькі; не патурай другім і не жалуй маладосці. Ужо ж пайшоў табе дваццаць другі год, ды я, бачыш, старая, знямоглая зусім. Ці ж гэта навуды? Людзі нават яшчэ ў маладзейшых гадах пажаніліся і жывуць, і добра. Самі маладыя, а дзеткі, каб хаця не ўрачы іх, ужо нелапыя. Ого, гэта толькі мы калісь з тваім бацькам былі дурныя, што да трыццаці гадоў дацягнулі. Вось за гэту дурасць і прыходзіцца расквітвацца: яшчэ не паспелі выгадаваць дзяцей, устанавіць іх на ногі, як ужо апынуліся каля магілы... Не, не. Цяпер людзі куды разумнейшыя за старасвецкіх... свет таксама інакшы.
— Такі ты праўду, Тадоська, кажаш, шчырую праўду, галубка, — згодліва матаючы галавою, падтрымала Тадосю Хлорыха.
— Дык я ж кажу, — ахватней пацягнула сваю гутарку Тадося, — я некалькі раз ужо набівалася к Васільку з гэтымі думкамі, але ён і слухаць не хацеў. «Рана яшчэ, маці, паспею яшчэ, родная», — толькі і чула ад яго. Не ведаю, ці не хацеў ён, ці мо пужаўся чагось — хто яго ведае. Грошы, прызнацца, у нас пад рукамі заўсёды ёсць; якое хоцькі вяселле можна справіць... Пазней — раней — мне ўсё роўна, абы здаровай дачакацца гэтага. Ой, мой ты Хлорык, мая Юстынка, вы не можаце сабе ўявіць, як я зарадавалася, калі толькі пачула згоду,— Васілёву згоду на жаніцьбу; быццам мне хтось акно адчыніў у новы нязнаны і няведамы мне свет — я ўся так і абмерла ад радасці. Балазе ён згодзен. Ды... чаго ж чакаць? Дакуль чакаць? У любы дзень заходзь да нас, захвацім з сабою кварту гарэлкі і проста да Прыдатных. Аб пасагу — не ўспамінай, чорт з ім, у нас хваціць свайго дабра.
Васіль моўчкі слухаў размову мацеры і несціхана мерыў узрокамі то дзядзьку Хлора, то дзядзіну Юстыну. Хоць ён сам згадзіўся на сваты, хоць нядумана перадаў сваю згоду на жаніцьбу, але ўсё гэта было зусім нечаканым, зусім неспадзяваным, і ад гэтага неспадзеўку пачыналі ў галаве віцца нейкія невыразныя туманныя думкі, якія заўсёды прылятаюць тады, калі іх чалавек не чакае. Жаніцьба, здэцца, зусім простая і звычайная рэч, якую пры жыцці прыходзіцца бачыць сотні разоў і якая трапляецца траха не з кожным чалавекам; і з ім, Васілём, раней ці пазней трапілася б яна, а то-та ж, калі падышоў тэрмін, то мэрам бы і перапалохаў яго не на жарты. І хочацца, і колецца.
Гэткае пачуццё напоўніла яго істоту. Хацелася затым, што ён, Васіль, біў на гонар, ішоў наперакор Рыгору, не хочучы папусціцца Зосяю Мікалаішкай, якая адна, па яго думцы, толькі і падходзіць яму ў жонкі. Калолася ж ад таго, што з жаніцьбаю зусім перайначваецца жыццё; чалавек робіцца гаспадаром і прыкоўвае сябе к хаце, к усяму таму, што ў ёй; свет, гульня, вольнасць, бесклапотнасць, — усё хаваецца, уцякае кудысь ад цябе. А ён жа, Васіль, усё-такі яшчэ хлопец малады, мог бы смела гадоў з два пагуляць дзецюком.
Адчуваючы гэта так выразна, як добрае люстэрка адбівае твар таго, хто ў яго глядзіцца, Васіль, аднак, пакарыўся хаценню, падмалёванаму ўгаворамі мацеры, і раптам, адкінуўшы ўсё сумненне, рашуча казаў:
— Дык, ну, дзядзька Хлор, так і быць. Пойдзем у аўторак да Прыдатных.
— Няўжо ты не кпіш? — захацеў яшчэ раз упэўніцца Хлор.
— Калі кажу, то не кплю, — так сур’ёзна і цвёрда заверыў Васіль, што Хлор ужо болей не хацеў і гаварыць аб гэтым.
За гутаркай яны і не прыкмецілі, як падкраўся змрок і ў хаце пачало цямнець.
Выпадкам кінуўшы ўзрок у акно, Хлор ажно жахнуўся і голасна праказаў:
— Вось загаварыліся, дык загаварыліся. Гэта ж ужо вечар на вуліцы, зірнеце, адно.
Усе паглядзелі ў акно.
Хлор падняўся з лаўкі, пастаяў з хвілінку, потым абярнуўся да жонкі:
— Хадзем, нябога, да гасподы, а то там дзеці прачакаюцца.
Яны павярнулі к дзвярам і скора схаваліся за імі.
Васіль прайшоў за дзядзькамі на двор, развітаўся з імі на ганку, пажадаў усяго лепшага і вярнуўся ў хату.
— А ведаеце, маці, што? — загаманіў Васіль да мацеры. — А я такі не на жарты надумаў папробаваць пасватацца да Мікалаішкі... Але...
Васіль няўверана паківаў галавою:
— Няведама ці выйдзе што, ці не. Ці захочуць яны за мяне выдаць Зосю?
— Ой, ой, які ты дзіўны! — не даючы сыну скончыць, перабіла яго Тадося. — І што ты ўшалопаў сабе? Прыдатны не аддасць за ця-а-бе-э дачкі? Ці ж не пара? Альбо каго лепшага яны нойдуць? Хай яшчэ падзякуюць богу, што мы цябе згодны жаніць з ёю. Ой, сынку, клапаціцца аб гэтым няма чаго. А калі што і закапырсціцца — плюнь і ўсё: у мястэчку дзяўчат даволі, любая пойдзе — адно заікніся.
— О, не, не ў гэтым справа! Тут рэч не ў жаніцьбе, а ў Зосі. Калі жаніцца — то толькі з Зосяй.
— Э, ды пакінь, пакінь ты. А Луцэя Сымонава чымсь вадзіць? А Гануля Пранукова? Дзяўчаты, пане мой, што твая вярэя: здаровыя, гладкія, работніцы — адно палюбавацца. Ды і бацькі іх усе са знатнага роду: гэта ж яшчэ іх дзяды былі войтамі.
Васіль на гэта нічога не адказаў: яму зусім не думалася аб кім-небудзь іншым, акром Зосі: хоць бы яна была не толькі што дачка Прыдатных, а панская служка, і то б ён ні на нікога не памяняў яе: тут асабовы падыход.
«Эх, эх, ну што ты, маці, гаворыш. Табе зусім няведамы мае думкі і пачуццё. Табою кіруюць твае рашчоты», — думаў ён, тупаючы па хаце ды пазіраючы ў акно.
— Чуй, маці, — спыніўшыся пры печы, вымавіў Васіль, — я рашыў на тым, што яшчэ гадоў са тры не буду жаніцца, калі толькі Мікалаішка не згодзіцца выйсці за мяне.
Тадосю гэта азадачыла, і яна перш намерылася кінуцца на ўгаворы сына, але, убачыўшы, з якім настроем і з якою цвёрдасцю той праказаў сваё рашэнне, згадзілася лепей змаўчаць, чымсь уздымаць гутарку. Праўда, ёй трошкі неяк прыкра стала, што сын упорна задумаў пастанавіць на сваім, што, па яе меркаванню, ён многа абмыляецца, думаючы так, але, добра ведаючы, што не ў сілах пахіліць яго ў свой бок, толькі недавольна кіўнула галавою...
— Можа, вячэраць думаеш, сынку? Я дастану табе чаго-небудзь? — запытала Васіля маці пасля мінутнага змоўку.
— А такі і дайце чаго, а то захацелася есці... спаць-то яшчэ не думаю, — адказаў Васіль.
— Думаеш ісці куды?
— Але.
— А куды ж пойдзеш?
— Ды вось, на вуліцу выйду; прайду да рынку і вярнуся. Заўтра ж свята — можна і больш паспаць...
— Ды чаго, пакінь.
Але Васіль мацеры і ў гэтым не паслухаў: кончыўшы вячэру, ён барджэй вылез з-за стала, апрануў чысцейшую жакетку, узяў у рукі трасцінку і, пасвістваючы, выйшаў на вуліцу.
Пагода стаяла добрая; была нерухомая, зачарованая ціш; быццам бы хтось загаварыў усё: ні зыку, ні голасу было не чуваць. Толькі булькаценне невялічкай рэчкі ў каменнях у заломе яе з горкі даносілася да Васілёвых вушэй.
Зірнуўшы на неба, дзе міргалі нязлічанай лічбы і ўсякіх памераў зоры, ён меркаваў, што назаўтра пагода павінна быць цёплая і ясная і, задаволены гэтым, пайшоў к вуліцы пад гору. Ціхімі ўпэўненымі крокамі, раздумляючы і разважаючы сам сябе, Васіль непрыкметна ўзышоў на ўзгорак пры Цішкавай хаце, прайшоў залом і хутка апынуўся каля хаты Прыдатных. Прыпыніўся і паглядзеў: з хаты прабіваўся сумны, палахлівы прамень газоўкі.
Прастаяўшы хвілін пяць, Васіль азірнуўся па вуліцы і ўкрадкаю, на насках, падышоў к акну, падняўся на прызбу і кінуў узрокам у хату: кінуў і хутчэй жа адхапіўся; потым зноў паглядзеў, ужо смялей. Усе спалі: сам Мікола Прыдатны ляжаў на шырокім тапчане, прыстаўленым да вузенькага палка; на ложку спала яго жонка, Марта, з меншаю дачкою, Тэкляю. Зосі не відаць было ні на другім ложку, які стаяў засланым посцілкаю, як і днём, ні на палку, ля печы. «Яна, напэўна, спіць у сенцах», — мігнула ў Васілёвай галаве дагадлівая думка, і нібы нейкі голас падшапнуў яму на вуха: «Падыдзі ціхутка к акенцу ў сенішняй сцяне, запалі сярнічку і палюбуйся Зосяю».
І Васіль вось-вось гатоў быў паддацца спакусе, як раптам апомніўся. «Што я раблю!» — ушчунуў ён сам сябе і хутка адышоў ад хаты Прыдатных.
Якраз у гэты момант у другім, супрацьлеглым канцы вуліцы, ля царквы, куды Васіль намерыўся прайсці, пачулася траскатня брашчоткі вартавога. Рэзкія, зычныя гукі грамацелі па ўсіх Сілцах, уцякаючы ў поле і адзываючыся дзесьці ля лесу.
Васіль міжвольна спыніўся і пільна прыслухаўся да траскатні, мо з паўгадзіны стаючы на адным месцы, то ўзіраючыся ўсцяж вуліцы, то аглядаючыся назад. «Не пайду далей»,— вырашыў ён, завярнуў назад і дробнымі спешнымі крокамі, падганяны надышоўшым сумам, пайшоў дахаты.
Лёскат варты не перасціхаў зрывацца з брашчоткі і рэзвым зыкам гнаўся за ім услед.
— Ажно апрацівела. Вось разляпаўся, дурніла, — вылаяўся Васіль.
Скора, аднак, ён спусціўся з горкі і апынуўся ля свае хаты; паціхеньку, з нейкаю асобнаю асцярогаю адаткнуў запёртыя вешніцы, прачыніў іх, увайшоў у двор ды зноў іх акуратненька прыткнуў і схаваўся ў сенях.