SommaireСокі цаліны
Квадра І - БАЦЬКАВА ВОЛЯ, ЧАСТКА ДРУГАЯ · 3 min de lecture

IV

Назаўтра Васіль прачнуўся а дзевятай гадзіне раніцы, яшчэ да прыгону кароў з поля. Ён хутка ўсхапіўся з ложка, памыўся, апрануўся і толькі распарадзіўся, каб маці аддала Ігнатаваму Юзіку каня, як выйшаў з хаты.

Васіль быў багамольным хлопцам і ніводнага свята, ніводнае нядзелі не прапускаў, каб не наведаць у цэркаў. У цэркві ж ён любіў стаяць ад пачатку да канца службы, і кожны чалавек, хто толькі калі ні заходзіў у цэркву, заўсёды мог убачыць там Васіля Берага, які стаяў ля правага кліраса, прычэсаны, прылізаны, і шчыра жагнаўся на кожнае слова папа і дзякана, а затым голасна падводзіў дзяку. Увайшоўшы ж у цэркаў і становячыся на сваім месцы, ён масціта і далікатна тры разы ківаў галавою на тры бакі, згінаючыся ажно да пояса і аддаючы гэтым усім, хто б ні быў у цэркві, сваё прывітанне.

Сілцоўскі поп, бацька Ігнат, чалавек скнарны, паборны і злы, ненавідзеўшы местачковую моладзь за яе нявер’е і басяцтва, за нядбанне да царквы, да Васіля меў асобую, нейкую цёплую і жывую прыхільнасць і кожны раз, пасля абедні, калі Васіль падыходзіў к яму цалаваць руку і крыж, пагладжваў яго па галаве і даваў проскварку, ужо зараней прыпасеную для яго. Васіль не толькі быў гэтаму рад, а нават гардаваў і хванабэрыўся «бацюшкавай» ласкаю. Васілёва маці вельмі ганарылася папоўскаю ўвагаю да сына. «Дык ведаеш, мая Парулька, дык ведаеш, мая Аўгенька, — пераймала яна суседак, — дык сёння ж, мае мілыя, бацюшка спыніў майго Васіля ды кажа яму: «Хай бы ты жаніўся ўжо, Бераг; хаця б пагуляў у цябе на вяселлі».

Але, калі Васіль быў у ласцы ўва ўсёй сілцоўскай «знаці», пачынаючы ад багатых гаспадароў і канчаючы папом і старшынёю, затое ж большая частка хлопцаў і дзяўчат з бяднейшых мяшчан нізвання не паважала яго і нават не лічылася з ім, як з таварышам, празываючы яго «шляхтуном», «хціўцам», «папоўскім падлізнікам» і іншымі мянушкамі, якія не выходзілі з губ як хлопцаў, так і дзяўчат; смяяліся і пацвільваліся нават тады, калі Васіль прыходзіў на зборні і прабаваў там задзіраць нос. Вельмі яго сіберна абсмейвалі на Ліневай зборні, што знахадзілася на Ляшкінскай вуліцы, у хаце мешчаніна Панаса Ліня. На гэтай зборні — а яна лічылася самаю галоўнаю ва ўсім мястэчку — збіраліся дзяўчаты з усіх канцоў мястэчка, з Логу і з Загібаў; сюды прыходзіла траха не кожнае свята і Зося.

Бядняцкая моладзь, якой у мястэчку было даволі многа, нідзе не мела лепшага прыпынішча, апроч як у Ліня. Вось таму на гэтай зборні заўсёды панавалі самыя жывыя, самыя шырокія і шумлівыя гулёшчы. Калі траплялася так, што з прычыны таго ці іншага выпадку якому-небудзь хлопцу нельга было прыходзіць да Ліня — ці ён уваходзіў у сварку з Лініхаю або з Лінем, ці хатнія варункі не дазвалялі таго, — гэты хлопец нідзе не мог знайсці сабе падобнага прыпынку: вось рупіла яму няйначай к Ліню зазірнуць, і годзе; і ён, хоць украдкі, праходзіў між вясельшае ў Сілцах зборні ды кідаў завідлівым вокам у вокны Ліневай хаты.

Васіль быў адным з тых, каму няўсвойна, негасцінна расчыняліся дзверы Ліневай хаты; вось за гэтым ён так рэдка і хадзіў туды, стараючыся быць толькі тады, калі праведваў, што Зося там. І заўсёды ён злаваў нямаведама на каго, што яму неяк ніякавата ў Ліня быць такім смелым, як бы, напрыклад, Сёмку.

Нядзеляю, так пасля абеду ці вечарам, Васіль намерыўся таксама пабыць на Лінеўскай зборні, калі толькі Зося задумае туды пайсці. «Няйначай буду; што б сабе там ні было — пайду і я к Ліню», — вырашыў ён і з гэтым рашэннем лёг спаць, з ім заснуў, пры ім прачнуўся, з ім пайшоў у цэркаў, дзе маліўся, падпяваў дзякам і... думаў пра Ліня ды пра Зосю.