SommaireСокі цаліны
Квадра І - БАЦЬКАВА ВОЛЯ, ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ · 9 min de lecture

І

А ў той самы час, калі Зося выйшла на рынак і зрабіла першы абход вакол крам, а Васіль, стоячы ля кліраса, падпяваў дзяку, Рыгор накіраваўся па вуліцы Сілцоў к сваёй хаце. Гілаўскі карчмар Шэя па просьбе Рыгора ўехаў у Сілцы цішком; ён злез з воза і, трымаючы каня за лейцы, ішоў побач падводы і перакідаўся словам-другім з Рыгорам, які сядзеў на аглабіне драбін і пільна азіраў кожную рэч, якая пападалася яму на вочы.

Ужо цэлых два гады, як Рыгор выбраўся з свайго мястэчка Сілцоў у далёкі горад Рыгу на заработкі і за гэты час крыху саскучыў па мястэчку. Ён з цікавасцю чакаў, калі ўправа завода дазволіць яму намечаны ім па яго просьбе водпуск. Кожны дзень, прыходзячы з работы на кватэру, ён распытваў гаспадыню кватэры, ці няма яму часам якіх-кольвек вестак здому, і заўсёды, калі ад мацеры ці ад Зосі (Зося за гэтыя два гады прыслала яму толькі пяць лістоў) атрымліваў лісты, напісаныя буйнымі, ламанымі літарамі, Рыгор запіраўся ў сваёй каморцы, чытаў ды перачытваў ліст датуль, пакуль кожнае слова не ўядалася ў яго памяць, а нарыс літараў не адбіваўся ў ваччу; а назаўтра ён браў гэты ліст з сабою ў завод, перачытваў яго яшчэ некалькі раз і хваліўся ім таварышам.

Дачакаўшы тэрміну, на які начальства завода дазволіла яму выехаць у водпуск, Рыгор атрымаў заробак і пасведчанне, купіў мацеры гасцінец: хустку, кабат і мяккія туфлі і з начным цягніком выехаў з Рыгі.

Ехаць яму прыйшлося чыгункаю да павятовага горада Ліцка, дзе ён мусіў перасесці на балагола.

Станцыя Ліцк — зусім малая і глухая; цягнік прыпыняецца толькі на пяць хвілін; людзей заўсёды прыязджае нядужа, бо сам горад Ліцк — месца не фабрычнае і не тарговае. А загэтым і сувязь горада са станцыяй зусім не адмысловая, няўрадная: пяць-шэсць рамізнікаў спраўляюцца лёгка з усімі прыязджаючымі і выязджаючымі ў Ліцк. Рыгор апынуўся на станцыі позняю ноччу, перад суботаю, чаму з наймам падводы ў Сілцы было даволі ненадзейна. Рыгор гэта прадбачыў і ўсю дарогу быў заняты адною думкаю: як-то будзе яму вырашыць гэтае пытанне.

Злезшы з цягніка і занёсшы манаткі на станцыю, Рыгор не на жарты прызадумаўся, як яму быць і што рабіць? На шчасце — выпадак яго выручыў: Гілаўскі шынкар Шэя, трапіўшы пятніцай у Ліцк, запазніўся і мусіў заначаваць. Шэя рашыў не астацца ад гэтага ў пройгрышу і яшчэ за паўгадзіны да прыходу цягніка выбег на станцыю пільнаваць, ці хто часам не прыедзе ды найме яго адвезці да Сілцоў або да Ліцка. Хоць Шэю мала і верылася ў тое, што гэта здарыцца, але праканацца нічога не каштавала.

І вось, калі толькі Рыгор увайшоў у станцыю, як Шэя раптоўна, убачыўшы яго, кінуўся насустрач і перагарадзіў дарогу.

— Пан Нязвычны, як се маш!

— Ах, гэта ж Шэя! — узрадаваўся знакомаму чалавеку Рыгор. — Якім спосабам ты ачуўся тут? — едзеш куды, ці што?

— Ды няхай яно залядзеецца, няхай; гэта ж я ўзяў ды ў пятніцу прыехаў сюды па адным інтэрасу і запазніўся; вось і вымушаны быў заначаваць. Чорт ведае што! А сягоння, думаю, выбегу на станцыю, праканаюся, ці не здарыцца часам у падарожныя хто... І нібы адчуў нутром. Як на тое ішлося — шчасце прынясло Нязвычнага.

— Ай, ай, як добра, што ягомасць якраз папаў пад тахту, а то змурзаў бы зусім і сённяшні дзень.

Шэя адсунуў на патыліцу сваю чорную высокую, з абшытым казырком, шапку і агаліў высокі маршчыністы лоб, туга абцягнуты машастовай парудзеўшай ярмолкаю.

Следам ён пагладзіў сваю доўгую сівую бараду і, адхіліўшы за вуха даўжэрныя бакі, абмерыўшы ўзрокам Рыгора з ног да галавы, загутарыў:

— Сусед Нязвычны, а, сусед Нязвычны, а скуль маеце прыязджаць?

Рыгор, якому хацелася барджэй ехаць дамоў, якога рымсціла хутчэй папасці ў Сілцы, убачыцца з мацерай і са знаёмымі, перш памкнуўся перабіць Шэю на слове і прымусіць яго нечакана пускацца ў дарогу, а потым спыніўся, весела ўхмыльнуўся і адказаў мяккім гасцінным голасам:

— З Рыгі еду, сусед Шэя! Еду дахаты, ды вось і спыніўся: трэба паспяшаць.

— Ага, ага! О, о, гэта Рыга вялікі горад! Го, што за горад! Так, так, так! І мае сваякі жывуць — на Маскоўскім прадмесці, мо Нязвычны знае? У іх вялікі магазін — ботамі таргуюць.

— Ну, едзем, едзем, Шэя! — панукнуў гаманлівага яўрэя Рыгор.

— Вось, вось, я ўраз збегаю за канём; бач, мае падводы тут яшчэ няма. Я ў Хацкеля, у Падлужжы, начаваў.

— Дык яшчэ доўга прамарудзіш? Э-эй-э! Шэя, Шэя!

— Не, не, адна хвіліна! — затрапятаў рукамі Шэя і выбег.

— Толькі ж хутчэй, толькі ж хутчэй, — падагнаў яго Рыгор, рагочучы з рухавага вазніцы.

Калі Шэя схаваўся за дзвярыма, Рыгор узяў свае клункі, падышоў к лаўцы і прысеў; потым дастаў з ісподняе кішэні згорненую ў чатыры столкі газету, расхіліў яе і пачаў бегаць вачыма па ўсёй яе шырызне.

На станцыі было настаяшча відна, бо на дварэ ўжо набліжаўся ўсход сонца, і мяккім, мэрам бы звільжаным расою, чырвона-бурачным праменнем неба аблівала вышэйшыя мясціны абочнае абшары, лясы, цёмна-зялёныя і спакойныя сады, вадакачку і станцыю.

Нягледзячы на тое, што Рыгор не спаў амаль усю ноч, а толькі прыдрэмліваў злёгку, ён чуў сябе бадзёра і саўсім нясонна.

Пакуль Шэя справіўся з канём, ён паспеў праглядзець усю газету і нават некалькі разоў сумеў выйсці на платформу.

— Я ўжо гатоў, сусед Нязвычны! — далікатна і ўслужна прамовіў Шэя, шустра выбегшы на платформу і тузнуўшы Рыгора за рукаў жакеткі.

— Дужа хутка, няма чаго казаць, — пасмяяўся з яго Рыгор.

— О-о-о! У мяне заўсёды скора! — не зразумеўшы кпінаў, адказаў Шэя. — Я хоць і стары, а жвавасці ды рухавасці маю досыць, з любым маладым магу справіцца, — хвалько дабавіў ён і лісліва ўхмыльнуўся.

— Хоць ты і лёгкім атэстуешся, а нам трэба яшчэ лягчэй ехаць, — смехам праказаў Рыгор і пабег на станцыю, пакінуўшы Шэю аднаго; а покуль той са сваёю рухавасцю ўвайшоў у станцыю, Рыгор паспеў ужо захапіць свой куфэрак, выбегчы з ім на вуліцу і схаваць яго на возе ў саломе.

— Ай, ай, няхай бы, сусед, мне даў, я б сам усё гэта зрабіў, навошта суседу мардавацца, — выбачаўся Шэя Рыгору, бачачы, як той гаспадарыць у яго возе.

— Нічога, нічога, я хоць не швыдка ды хутка, — зноў падпусціў шпільку Рыгор.

— Не, бач, нашто ж суседу, калі я сам. Ну дык прош сядаць, — звярнуўся Шэя к Рыгору.

Рыгор спрытна ўскочыў на воз, паправіў пад сядзеннем салому, прыгарнуўшы яе і заслаўшы нейкаю старою, забруджанаю дзяругаю, азірнуўся на станцыю і праказаў:

— Дык — фор гізунд!

— Ну, зайн-гізунд! — весела і скарамоўна адсек Шэя, і барджэй хапіў лейцы і тузнуў каня.

Рухавы, хоць нячэмненькі і мізэрны, буланчык Шэі рэзва закруціў хвастом, матнуў галавою і задрабязіў каляністаю дарогаю. Шэя трошкі падбег, узяўшыся за лейцы, потым ёмка ўскочыў на кончык восі і прысеў перш на аглабіне, потым перамясціўся ў перадок.

На дварэ стаяла дзіўная пагода. Зялёныя галы палёў разгорталіся далёка-далёка на ўсе бакі; направа ад іх глядзеўся цёмны густы лес, і здавалася, то была барада нейкага вялізарнага чудзішча, адзетага ў пекны, руцяной зелені халат-поле і падпяразанага белаватым ні то поясам, ні то трапкачом — дарогаю, па якой з лёгкім грукатам кацілася іх падвода.

Рыгор не спускаў вачэй з вакольных ніў. Яму на станцыю Ліцк, уперад таму гадоў некалькі, траплялася ездзіць вельмі часта, па тры, па чатыры разы ў тыдзень, і ўсе гэтыя месцы паабапал Ліцкага тракта былі яму досыць знаёмы і памятны. Трэба было кінуць першым узрокам вакол сябе, як тоненькі туман, зацягнуўшы памяць, раптам распыліўся, знік і ўсе дэталі знаёмага і блізкага вобраза мігам бліснулі-ўваскрослі перад яго вачыма: ляскі, сіратлівыя грушкі ды яблынкі, ядлоўцавыя кусцікі па межах, старыя замшалыя платы, выбітыя да чорнага выганы, рэчкі-жарольцы, мосцікі дзіравыя. Уваскросла, ажыло, і, здаецца, загаманіла з ім кожнаю зялінкаю раслін, кожным чвырыканнем пташкі, кожным бульканнем рачулак; ачаравала яго нейкаю не земляною, салодка-казлычнаю, прагнаю ласкаю, «як ласка каханае дзяўчыны», уліла ў яго істоту жывільны сок, струмень бадзёрасці.

Вось яны едуць Жмінным полем, а потым будзе Ясева грэбля — вёска Жыгуны, а там Чылаўскі лес.

Пасля двух год разлукі знаёмыя мясціны паказаліся яму такімі блізкімі, што ён зусім не прыкмячаў тае мяжы, якая двухгадовай прагалінай ляжала ў яго жыцці.

Там, у глыбіні яго нутра забурліла кіпучая хваля любові і нейкага неаказнага натхнення... Верылася і ў той час не верылася, што ён жыве, чуе і бачыць усё, яго апяразваючае, што то не сон, не мары, а яў, сапраўдная, жывая, што можна абмацаць рукамі і праканацца.

«Дзіўная рэч — гэта людское жыццё! — пачалі віцца ў яго галаве рэзвыя зайчыкі раздумення. — Пасля разлукі, доўгай, вымушанай разлукі, так прыятна, так радасна ізноў сустрэцца, ізноў зліцца з адноўленымі перад табою вобразамі. Быццам бы перш жыў, потым нібы анямеў, адранцвеў, затым ізноў акрыяў, схамянуўся, шырока расплюшчыў вочы, паглядзеў і ўбачыў: ты тут — там, у другім месцы, нідзе не быў, ты... Не, аднак пекная рэч гэта жыццё! Кіпіць, бурліць, пеніцца, б’ецца ў берагі, як тыя хвалі ў ветраны час на шырокім галу мора. Прычуйся, прыгледзься і ўбачыш, як вакол цябе ўсё будуецца на новае, на лепшае. Тое, што яшчэ ўчора было новым, змяніўшы старое пазаўчарашняе, сёння ўжо зноў старое і патрабуе перабудовы ды падбудоўваецца само, сілаю і воляю моцнага непарушнага закону, які ў сваім поступе ўсё перабудоўвае з горшага на лепшае, з лепшага яшчэ на ляпейшае, з разумнага на разумнейшае, з дробнага-нядобрага на нявыказана добрае. І мне, — зварочваўся Рыгор да сябе: — і мне беднаму, цёмнаму паўмужыку, а ўжо напаўрабочаму, сыну ўбогага, нячэмнага мястэчка Сілцоў, мне, незайздроснаму, не хціваму, напраназаватаму — здаецца, што з часам свет гэты будзе так міл, так люб кожнаму чалавеку, кожнаму стварэнню, што ніколі нішто жывое нават і не падумае, каб гэта маракаваць на жыццёвыя нелады і цягчыцца надавам жыцця. Згіне енк, высахнуць слёзы, перастане стогн; радасць запануе, расістым отсветам заблішчаць вочы, шаўковаю травою, бела-руцянаю, расквітуць надзеі, ажыццявяцца шляхам упартага пераможнага змагання за сацыяльнае вызваленне, за знішчэнне цяжкага класавага ўціску... А ўжо блізка той час, блізка; жыццё ў тэрміне перабудоўкі; старое рушыцца, знікае, уступаючы месца новаму, маладому. Патрэбен націск, упор, намаганне, патрэбны ахвяры. Вось гэтага і баяцца тыя, хто крохкі вераю, ломкі духам; замест таго, каб ісці і вясці за сабой другіх — яны, трусы, малаверы, драбнадушцы — чакаюць. Ці ж вас забірае сумненне ў тым, што творчы імпэт працоўных гушчаў зруйнуе на сваім шляху ўсе перашкоды і звядзе на зямлю панства сацыяльнае роўнасці? Прыслухайцеся: сапе вецер жывільнай сілы, разганяе полах цёмных хмар. Хто спаў — прачынаецца і хто маўчаў — пачынае гаварыць; хто цярпеў — пратэстуе, хто паддаваўся — змагаецца, песні жалю змяняюцца песнямі перамогі. Якраз, нібы на вясне, калі прыгрэе цёплае сонца, растопіць гурбы снегу, зазеляніць жоўтыя паплавы, убярэ хмурныя лясы... Наперад, да боек!.. Дык спявайце ж песні паўстання, векавыя рабы, мільённыя гушчы працоўных... Спявайце!..

— Гэй, з дарогі ты там! — голасна прагукаў Шэя і нібы абудзіў Рыгора; ён раптоўна схамянуўся, павярнуўся крыху на бок і кінуў узрокам наперад.

Насустрач ім ехаў селянін, тырчаўшы на возе між чатырох набітых рудых мяшкоў. Якраз у Міжканаўі, перад Ясевай грэбляй, сялянскі конь захванабэрыўся ці спалохаўся і раптам спыніўся. Спыніўся ў самым вузкім месцы — вось і перагарадзіў дарогу.

— Праязджай, праязджай, што там распяўся на дарозе! — прагукаў Шэя.

— Паспееш там, надрэнціла ліха, — адгыркнуўся селянін нібыта той.

— А лайдачына ты, а хамутнік гэтакі. А вунь што ўздумаў: пераняў дарогу ды яшчэ і лаецца. Вось жулік — дык жулік! — скарамоўна пачаў сыпаць Шэя на селяніна, трасучы ў паветры пугаю.

— Не лайся, не лайся вельмі так: сам лайдак паганы... — не астаўся вінным селянін.

Пакуль яны лаяліся, сялянскі конь крануўся і паціху пайшоў; Шэя скоса зірнуў на селяніна, які перайшоў на другі бок драбін, трымаючы каня за лейцы, і нешта яшчэ гыркануў няўшчуй.

Рыгор слухаў лаянку Шэі з селянінам і незадаволена круціў галавою. Нарэшце, не змаўчаў і папікнуў абодвух:

— Нядобра, дзядзькі. З-за чаго і нашто вам сварыцца? Інтарэсы ў вас супрацьлежныя? Кіньце! Не гадзіцца. Сорамна.

— Не, бо прэ сярод дарогі, на яго ўсё ліхое, і яшчэ не любіць. Каб і не хацеў што сказаць, дык мусіш.

— Што ж парадзіш, Шэя. Доля ўжо такоўская, селяніну суджана было многія вякі ісці вобмацкамі па сцежцы жыццёвай. Цёмная вёска, бедная вёска. З часам гэта зменіцца...

Апошнія словы Рыгор прамовіў так уверана, што Шэя не мог нічым пасупярэчыць і нічога не адказаў. Адвярнуўшыся к каню, ён тузнуў лейцамі, выцяў яго злёгку пугаю па крыжы, нукнуў і задудоніў сабе пад нос якуюсьці рэзвую мелодыю.

Рыгор жа ізноў пачаў акідаць узрокамі вакольныя галы, лясы, вёскі і панскія маёнткі. У галаве яго новым роем захадзілі рэзвыя думкі — успамінкі.