ІІ
У Сілцы яны ўехалі а палове дванаццатай гадзіны дня. У гэты час усе сілчане, ад мала да вяліка, былі хто ў царкве, хто на рынку, і Рыгора, праехаўшага са тры вуліцы і некалькі перавулкаў, маглі бачыць толькі двое дзіцянят-хлапчукоў, вызіраўшых з-пад вешніц двара нейчай (ён не ведаў чыёй) хаты, толькі што падбудаванай, з непрыробленымі к вокнам шуляваннямі. Апроч гэтых дзяцей, з іх хурманкаю яшчэ размінулася некалькі падвод ехаўшых з касцёла шляхтаў.
Рыгор нават быў рад таму, што так выйшла, бо яму не вельмі і хацелася, каб хто знаёмы сустрэў яго наперад, чымсь ён паспее зазірнуць у сваю хату. Спакойна і паважна злез ён з воза ля хаты, ля гэткай самай нічуць не змяніўшайся хібаркі, якую ён і пакінуў. Шэя зняў з воза куфэрак, паставіў яго на прызбе, а каня прывязаў лейцамі к сіратліваму пахіламу шулу, якое тырчала на крок ад вугла хаты.
— Я ў хату ўнясу куфэрак, га? — запытаў Шэя.
— Ай, не, не трэба, не трэба: лішняя турбацыя, — спыніў Рыгор.
— Вось лепей скажэце, колькі трэба за хурманку? — дабавіў ён ухмыляючыся.
— Ну, што там яшчэ гаманіць... Я пэвен, што Нязвычны мяне не ашукае і... не пакрыўдзіць... А ведаючы гэта, ці ж трэба таргавацца?
— Так-то яно так, але скажэце ўсё-ткі, каб выйшла па-людску, — настойваў на сваём Рыгор.
— Дык што ж, калі так, то хай рубель, не будзе замнога?
Рыгор не думаў: рубель за дваццаць сем вярстоў — варта заўсёды даць. Нічога не кажучы, ён выняў з кішэні паралез, дастаў рубля і даў Шэю, праказаўшы:
— Дзякую, Шэя, што добра давезлі.
— Дзякую шчыра Нязвычнаму; каб весела адпачываць.
— Дзякую! Бывайце здаровы! — схінуўся Рыгор і крануўся дваром к старэнькаму ганку.
Шэя павярнуў каня; затарахцелі драбіны. Рыгор азірнуўся, але ўгледзеў толькі пыл з-пад калёс. «Хай едзе!» — сказаў ён сам сабе і ўзяўся за клямку, каб адчыніць дзверы, але тут ён пачуў, што яны адчыняюцца самі, і спыніўся.
— Рыгорка мой, сонца маё, ясачка мая! — з радаснаю горнасцю ў голасе, трупцявым голасам загаманіла Стэпа, нарасхлест адчыніўшы дзверы і шырока растапырыўшы рукі настрэчу сыну.
— Дзень добры, як маешся, старая? — тронутым голасам адказаў Рыгор; кінуўся да мацеры, абняў яе худую, крохкую постаць, схінуў голаў і прыпаў вуснамі к яе шчакам.
Сэрца выбівала радасную стрэчу... Доўгі, шчыры пацалунак засвечваў яе.
— Сонца маё, ясачка мая! — пераказвала Стэпа; потым узяла сына за руку і, забыўшы нават зачыніць дзверы, павяла яго ў хату.
— Вось цябе ўжо каторую пару чакаюць таварышы, — паказваючы пальцам на двух маладых хлопцаў, Сёмку і Петруся, якія сядзелі ля стала і з шырокімі цёплымі ўсмешкамі на маладых здаровых белых тварах упарта глядзелі на дзверы.
— Госцю мой даражэнькі, госцю мой доўгачаканы! — вылівала сваё пачуццё Стэпа.
— А, браткі мае, Сёмка, Пятрусь! — толькі пераступіў парог — голасна прывітаў Рыгор і кінуўся да стала ды павіс на шыі перш Сёмкі, потым Петруся.
Пацалаваўся з абодвума шчыра і зацяжна.
Рыгор нейкі час як бы не мог апамятацца і маўчаў, пазіраючы то на маці, то на таварышаў, а радасная ўхмылка нібы замёрла на твары і ў гэтай сваёй замёрласці цвіла.
Стэпа ўзяла куфэрак і падсунула яго пад пол, некалькі разоў пераставіла, бразнула замком.
— Ах, як жа я рад, што вы... А як жа жывіцё хаця, браточкі? — звярнуўся Рыгор да таварышаў, потым абярнуўся да мацеры і таксама запытаў:
— А вы, мама?
— О, брат, мы-то жывём! У сваём кутку, у сваіх Сілцох, як у Хрыста за пазухаю, — весела адпавеў Сёмка.
— Ды жыву, сынку, марнею памаленьку, — дабавіла Стэпа.
— Раздзенься хаця ды спачынь крыху з дарогі. Я дам есці — падмацуйся.
Але Рыгору і няўцям было, што ён не спаў ужо цэлую пору і што не вельмі быў сыт ядою.
— Нічога, нічога, маці, не клапаціся, — адказаў ён, махнуўшы нядбайна рукою, а сам не сціхаў распытвацца аб усякіх сілцоўскіх навінах ды расказваць усё тое, што яму даводзілася чуваць і бачыць за гэты час на свеце. Гаварыў урыўкамі, кусочкамі ад кожнага здарэння; а здарэнні выбіраў такія, што трапляліся на адгон адно ад другога на месяцы часу. Дзіўнага, смешнага і цікавага было процьма, і Сёмка з Петрусём, а таксама Стэпа так былі захоплены яго апавяданнем, што кожнае Рыгорава слова нібы ўбіралі ў сябе і смакавалі.
Рыгор стаяў, як прыехаў: у капелюшы, у паліце, запылены; забылі ўсе папрасіць яго прысесці, а ён сам не дагадваўся ці не хацеў.
— А за-а-аво-оды, за-воды!!! — з асобным прыціскам зацягваў ён. — Каб вы толькі пабачылі: аграмадныя такія дамішчы; даўжынёю, напрыклад, як ад рэчкі да рынку; у тры, чатыры, а то і ў пяць этажоў. А пры боку трубы высачэзныя-высачэзныя — цягнуцца к самаму небу і бессціхання сапуць чорнаю сопухаю. Цікава паглядзець збоку. А калі ўвойдзеш у такі завод — колькі там народу-у-у! Як мурашак, як на пажары: кішаць, бегаюць, лётаюць. Машыны гудуць, калёсы верцяцца, шум, стук, грукат, свіст... Вось на адным з такіх працую і я...
І спыніўся, нібы што забыў.
— Ах, хаця раздзецца трэба; я і забыў.
— Але, але раздзенься, раздзенься, Рыгору, — у адзін голас праказалі Сёмка, Пятрусь і Стэпа.
Рыгор паціху стаў раздзявацца.
— Ад Рыгі як рукою падаць узмор’е: ездзіш туды; устанеш гэта раніцаю, пап’еш чаю, купіш чаго з сабою і на цягнік. На ўзмор’і народу — калі ні прыедзеш — процьма, кішмя кішыць. Ды і ёсць чаго туды прыязджаць: толькі кінеш вокам — шыр неабмерная; вада, вада, то — неба адно... Стыне сэрца ад захаплення... Паветра, як малако: п’еш, і ўсё мала.
Пакуль Рыгор апавядаў, маці ўгатавала закуску і падала яе на стол.
— Вось, наце перакусеце, хлопцы, разам з госцем, а тады ўжо будзеце гутарыць колькі ўлезе, — праказала Стэпа, падаючы на стол бухоную, свайго ўпёку, кіпку, нарэзанай каўбасы і сыра.
— Прасі, Рыгорка, таварышаў, — абярнулася яна да сына.
— Ды нічога, нічога, не патурайце аб нас, цётка; чаго добрага, а бессаром’я ў нас даволі; самі ўсядземся; добра, што дачакаліся Рыгора; за яго здароўе чаму ж не пагасціцца, — смяшліва адказаў Сёмка і першы ўзяўся за відэлку.
Есці прыняліся ўсе ўтраіх. Стэпа не захацела садзіцца за стол, а ўзяла ў руку кусочак сыру і кавалачак кіпкі і, адсунуўшыся крокаў на два ад стала, несхаць жавала мякіш булкі з сырам.
— Хай бы ж і вы прыселі, мама! — папрасіў Рыгор.
— Але, цётачка, прысядайце з намі! — пазваў і Сёмка і пасунуўся на лаве, каб даць месца Стэпе.
— Ды нічога-нічога, дзеткі, — пра мяне не клапацецеся, — ласкавым і зусім спакойным голасам адказала Стэпа.
Сказала і змоўкла. Яе істоту захапілі неадчэпныя ўпартыя думкі. Сын — перад ёю, якога яна так доўга не бачыла! Два гады-ы! Колькі часу! Як ён перамяніўся. Жывучы ў Сілцах, Рыгор заўсёды хадзіў чорным і брудным, цяжка і многа працаваў, і на падзёншчыне, і за балагола. А цяпер — не пазнаць: чысценькі, беленькі, у новым гарнітуры, у чорным капялюшы, у манішцы. Прычэсаны, прыгладжаны, гасцінны, далікатны! Не той, зусім не той!
Стэпе ўспаміналіся часы даўно мінуўшых дзён, калі яшчэ жыў яе гаспадар Міхась; як ён, бывала, зарадаваўся, калі ў іх радзіўся хлопчык! «Некалі, — казаў Міхась, — як вырасце наш Рыгор, мы яго няйначай вывучым на грамацея. Усю працу трэба ахвяраваць, але не дапусціць, каб ён увесь свой век працаваў так цяжка, як мы».
Праз два гады, якія яму было суджана пражыць пасля нарадзін Рыгора, Міхась бессціхання цешыўся і бессціхання хваліўся ім перад людзьмі. Але Міхасю не ўдалося не толькі вывучыць свайго Рыгора на грамацея, а нават не прыйшлося дачакацца, калі яго сын вывучыцца літары: ліхая хвароба падсачыла яго, прыліпла к нядушламу целу, улезла ў яго нутро і панавала датуль, пакуль не звяла яго ў магілу.
Стэпа любіла свайго мужа, моцна-моцна плакала па ём і з-за вялікай увагі да яго дала сабе зарок не выходзіць другі раз замуж, а ўсё жыццё аддаць на гадаванне Рыгора. Праўда, калі мінула гадоў са тры пасля смерці Міхася, Стэпа, пражыўшы гэты тэрмін удавою, многа паспытала гора, добра праканалася, што значыць жыць адной ды яшчэ і дзіця гадаваць. Цяжкія варункі жыцця вымушалі яе шукаць якіх-кольвек падпорак для далейшага валтузання з жыццём, застаўлялі забываць аб зароку і наводзілі на іншыя думкі: «Чаму ж не выйсці і замуж? — разважала яна: — Я яго любіла, покуль ён быў жывы, покуль было каго любіць... Міхася няма, а я ўсё-ткі жыву і хочацца жыць, як і ўсім людзям, хочацца радасці, як і другім; бо я гэткі самы чалавек, гэткае стварэнне, як і іншыя... Ды і сына выгадаваць лягчэй будзе».
Гэтыя думкі з кожным часам усё больш і больш яе чмуцілі, пільней і нагальней лезлі ў галаву, і хаценне расло. Толькі доля стала наперакор яе жаданням: пара мінала, час праходзіў, а к Стэпе, яшчэ не зусім старой тады і здаровай кабеце, ніхто не сватаўся, быццам бы і не ведаў, што яна ўдава, і ёй трэба было мірыцца са сваім палажэннем. Яна старэла і мірылася. Павінна была мірыцца, хоць гэта яе змірэнне многа прыносіла ёй гора і многа слёз з яе выточвала! Стэпа старэла, жыццё даражэла, заработкаў рабілася менш і менш, а жыць — жыць было трэба... І яна ўставала да сонца, зімою хадзіла да багатых мяшчан мыць падлогу, цёрці лён, а вечарам — прасці; летам наймалася ўвагул жаць, капаць картоплі.
Доўгія дні, а часта засаб і ночы прастойвала яна за працаю, не адгінаючы спіны, перакусіўшы нішчымнага хлеба; потым канчала работу і па дарозе дахаты забягала ў казённы лес, збірала там ламачайка ды галяйко і цягнула на плячах дахаты. Прыходзіла змардаваная, змучаная, засопшыся, з рагамі поту на жоўтым маршчыністым твары; Рыгор спатыкаў яе ля вугла хаты галодным, недагледжаным і бясконца быў рад, калі яна прыносіла яму маленькі кавалачак сітніцы, купленай па дарозе з лесу ў Міхлі.
Потым Рыгору збылося дзесяць год; ён вырас і стаў годзен у пастухі. Чаму ж не аддаць яго на службу? І Стэпа засаб пяць год гадзіла яго пастухом у сваім мястэчку. Ад Юр’я да дзядоў Рыгор быў не яе: начаваў па людзях, прачынаўся досвіткам і цэлы дзень ад сонца да сонца знаходзіўся ў полі. За гэту службу яго кармілі і плацілі па рублю за штуку. Рыгор зарабляў да трыццаці рублёў у лета; аддаваў грошы цалкам мацеры і, вядома, многа-многа дапамагаў ёй гэтым.
Зімою ж праз тры гады Стэпа аддавала Рыгора вучыцца да дарэктара; грамата Рыгору падабалася, і ён браўся, як лепш было не трэба: ішоў уперадзе ўсіх сваіх таварышаў-вучняў. Дарэктар часта радзіў Стэпе, каб яна не пакідала свайго сына вучыць, а аддала б яго ў вышэйшую школу: «З яго можа выйсці граматны чалавек».
Ды Стэпа і сама добра ведала, што ў яе сына захаваны вялікі талент, толькі няма рады, як яго поўнасцю выявіць... Пры гэтым яна ўспамінала нябожчыка Міхася і казала сама сабе:
«Міхаську мой мілы, як бы ты быў рад, каб дажыў дагэтуль! Такім разумным, такім хітрым удаўся твой сын!» Балела кабеціна сэрца. Але Стэпа была адна: ні помачы, ні спагады чакаць ёй не было адкуль... Уся радня як па гаспадару, так і яе — вымерла яшчэ да таго часу, калі Стэпа выйшла замуж; нават, трэба сказаць, што яны з Міхасём і пажаніліся ўжо сіротамі, адзінотамі. І Стэпе нічога другога не аставалася рабіць, як пакінуць і думаць аб далейшым вучэнні сына, забыцца пра гэта... І вось, кончыўшы сельскую школу, Рыгор стаў наймацца. Кончыць пасвіць каровы і ідзе на хвальварак малаціць або адпраўляецца з местачковымі балаголамі ў павятовы горад. І на службе і прыйшоўшы са службы Рыгор не расставаўся з кніжкаю.
Так прайшло цэлых тры зімы. Тым часам Рыгору пайшоў васемнаццаты год.
Ад свайго бацькі Рыгор пераняў яго добрую шырокую натуру, мяккі і гасцінны выгляд; ні ростам, ні сілаю ён не паходзіў на яго ні каліва, ні звання: высокі, белакуры, плячысты Рыгор выглядаў статным і паважным. Ні пагарды, ні сораму ён не баяўся. А да розуму ён меў ад роду непакорную душу і прагу да свабоды. Разлука з маткаю, блуканне па людзях многа ў ім перамянілі, ніякая работа не пужала яго. І вось, калі Бэрка Шкляр пашырыў сваё балаголства і пачаў шукаць сабе наймічоў, Рыгор барджэй пайшоў да яго і наняўся за пятнаццаць рублёў у месяц.
Праца была нялёгкая. Хто не ведае працы балагола?.. Уставаць трэба было да сонца, а не то — дык цэлымі начамі быць у дарозе, не даядаць, не дапіваць, мокнуць пад дажджом; за ўсякую вінную і нявінную псуту ўручанай рэчы — адказваць сваім незавідным, нікчэмным заработкам. Цяжка і неўмагату рабілася Рыгору гэта служба, але ўсё-такі ён не сумаваўся — праслужыў у Бэркі болей двух гадоў... і мо служыў бы яшчэ шмат болей, каб не прыйшлося перасварыцца і атрымаць рашчот. Расшчытаўся Рыгор у такі час, калі некуды было кінуцца, за невашта было ўзяцца. Што ж? Сядзець склаўшы рукі? Пры яго палажэнні — зусім нельга.
Прагуляўшы нядзель са тры без усякае работы, Рыгор адважыўся рызыкнуць і наўгадай адправіцца ў горад шукаць работы на заводзе. Задумаў і перш трымаў пры сабе, а потым рашыў і мацеры сказаць.
— Маці, што ж мне тут нудзець без працы; паеду я ў горад, а ну ж і ўстрамлюся дзе-кольвек.
Маці гэта азадачыла.
— Рыгор, сынок мой, з кім жа я застануся? — схамянулася як ад спуду Стэпа.
— Да ці ж я загіну?
— Ды не ў тым рэч, але мне тут аднэй...
Рыгор быў неўгамонным. Вечарам, з серады на чацвер, на другім тыдні пасля багатніка, ён развітаўся з мацераю і, каб больш ніхто не знаў і не бачыў, з торбачкаю за плячыма выйшаў з двара.
Пасля яго выезду Стэпа доўга не магла згадзіцца з яго адсутнасцю і нават ночы не спала: плакала, божкала, скардзілася на сваю долю.
І толькі калі праз дзве нядзелі ёй паштальён прынёс ліст сына, больш-менш супакоілася...
Усё гэта хутка праняслося ў яе галаве, устрапянула сэрцам і зноў адляцела кудысьці...
Хлопцы сядзелі за сталом і абгаварвалі бягучыя пытанні. Рыгора цікавіла палажэнне ў Сілцах, становішча ў мясцовай арганізацыі, доля арыштаваных і сасланых у 1906 г. за рэвалюцыю сілкоўцаў. Сёмка і Пятрусь не сціхалі распытваць пра Рыгу.
— Ой, браткі, у Рызе не па-вашаму! — хваліўся Рыгор.
— Ну, ды там не па-нашаму: зразумела, горад — не мястэчка. Што ў нас: пятнаццаць — дваццаць хлопцаў, і ўся арганізацыя... Сто тысяч рабочых — гэта не жарты!.. Сацыял-дэмакратычная арганізацыя налічвае...
Прысутнасць Стэпы паперашкодзіла хлопцам гутарыць на гэтую тэму, і яны перайшлі да дзяўчат.
— Ты, пэўна, і не ведаеш, што табе Васіль Бераг ставіць падножку, — заўважыў Сёмка.
— У чым? — пацікавіўся Рыгор.
— Зарыцца на Зосю!
— Сур’ёзна?
— Вось дзіўны які, дык гэта ж пазаўтра маюць адбыцца ўладзіны, а на Пётра і сваты,— упэўнена сказаў Сёмка.
— Не, гэтага-то мо яшчэ і не будзе... толькі... — не згоджваўся Пятрусь.
— Я табе кажу, — перабіў на паўслове Сёмка, — ты мо нічога не ведаеш, а мне надоечы Янка Грыб перадаваў, што Васіль сам яму хваліўся пра гэта.
— Мала што Грыб будзе брахаць; гэта ж усё наперакор, на колькі намерана...
— Ды што ты, сапраўды...
— Ну, можа быць, — сумеўшыся, дапусціў Пятрусь, — толькі мне заўчора яшчэ Зося казала, што ў іх хаце нічога такога не чуваць.
— Хлусіць, хлусіць, — нечакана ўкінула і Стэпа, — і я чула, што няйначай, як у аўторак адбудуцца сваты.
— А паганскі гэты Бераг хлопец; такі хуліган, такі абармот; ды ці ж хто ў Сілцах не ведае іх котлішча?!.
— Але, але; знатны, падумаеш, дзедзіч... увесь час ні з кім, апроч як са стараставым ды з ураднікавым сынамі. Ды, прахвост, удае кожнага. Думаеце, Юстын Корч не праз яго ласку ў Сібір угадзіў?.. Ого-а!
— Гэта яшчэ ў сёмым годзе? — справіўся Рыгор.
— Але... Вось такому злыдню... Дурная Зося!
— Ну, што ж парадзіш, — сціснуў плячыма Рыгор, — на тое, мабыць, ідзецца.
— Няўжо-такі бацькі згодзяцца за такую неўдаль выдаць яе? — закінуў пытанне ні то аднаму сабе, ні то на разгадку ўсім Пятрусь.
— О, чаму не; дзяўчына яшчэ зусім маладая і нявопытная, бацькі пагнуць у той бок, куды толькі ім захочацца: пачне спрачацца — то найдуць раду... Пакуль — бацькава воля...
— Ды апроч гэтай бацькавай волі, яшчэ і слаўнасць гэта іх, вядомасць гэта старасвецкая, многаму перашкаджае. Ого, што знача Бераг! Гэта не нам, голікам ды дэмакратам, раўня, — пасмяяўся Пятрусь.
— Праўда, сынок, праўда — вось гэта рацыя! — махаючы галавою, падмацавала Петрусёвы словы Стэпа.
У гэты момант з вуліцы данёсся прарэзлівы крык; хлопцы раптам кінуліся ў вокны і выглянулі на вуліцу: ля суседняе хаты Сідара Кажуха стаяла грамада людзей, вакол якіх, як шалёныя, бегалі дзесяткі дзяцей.
— Давай яму, давай!
— Адчынеце вокны! — парадзіла Стэпа.
Сёмка адчыніў акно і падазваў хлапчука. Той шустра і рухава падбег к акну і тоненькім, рэзвым галаском прапяяў:
— А то Юзя з Гапай б’юцца!..
— А за што яны?
— Талеся Юзіна з Юзікам Гапіным пабіліся-а, — развёў шапялявы хлапчук.
Усе разрагаталіся.
— Ну, і дурніцы ж, зноў сварацца, — праказаў Сёмка і першы вылез з акна. За ім адхіліліся і Пятрусь з Рыгорам.
— Хіба трэ ўжо адпраўляцца дахаты, — зірнуўшы на гадзіннік, праказаў Пятрусь: —ужо пятая гадзі-ііна-а! — завёў ён і ўсхапіўся з месца.
— Няўжо? і можа? — здзівіўся Сёмка.
— Во, пабач, калі не верыш, — паднёс к яго вачам Пятрусь чорны сталёвы гадзіннік, падвешаны на тоўстым жоўтым, ні то масянжовым, ні то новага золата, ланцужку.
Сёмка паглядзеў на цыферблат і пажартаваў:
— Ты-то не хлусіш, а гадзіннік, нябось, крыху кламіць?
— А можа, наадварот? не дапускаеш?
— Чаму не, колькі хоць!
— Не, па праўдзе кажу, — перайшоў на сур’ёз Пятрусь, — учора адвячоркам звяраўся на пошце: кропля ў кроплю з паштовым.
— Эй, а паштовы-то думаеш сапраўдны? і там не вельмі сочаць за гэтым, — праказала сваю думку Стэпа.
— Не, цётка, вы так не кажэце: там гадзіннік заўсёды верны, — разуважыў Пятрусь.
— Ды будзе ўжо шалабоніць — хадзем; а то і гадзіннік таго не варт, каб аб ём столькі гаварыць, — пазваў Сёмка таварыша.
— Гэта праўдзівей усякіх гадзіннікаў, што ад самага рання прасядзелі тут. Бацькі, напэўна, чакаюць мяне.
— Ды і мне маці здорава шпэлаху ўсыпле. Мне яшчэ зранку трэба было парадзіцца з ёю наконт адной тэрміновай справы, а я і нібыта той... Хадзем-такі, хадзем, — зарухаўся Пятрусь.
Сказаўшы гэта, ён хутка схапіў шапку, неахайна ўздзеў яе на голаў і, тузануўшы Сёмку за рукаў, павярнуў к парогу.
— Ты толькі, Грышка, вечарам не баўся дома; прачынайся раней і прыходзь да Ліня, — праказаў Сёмка на хаду. — Ага, бок! — ён спыніўся: — ты мо ўжо забыўся, дзе жыве Лінь?
— А такі і гатоў заблудзіць, — смеючыся, адказаў Рыгор.
— Ды на Ляшы, у тым жа рове; там, брат, цяпер зрабілася такая зборня, што хоць куды! Траха не з усіх вуліц сходзяцца дзяўчаты, прыходзіць часта і яўрэйская моладзь. Калі туды ні трапіш — паўнюсенька хата: пяюць, крычаць, жартуюць, а Лініха — ні слова: глядзіць ды толькі цешыцца.
— Бачыш ты?
— Сапраўды, вось прыходзь — праканаешся... Ды і Зося сённі, бадай, там будзе, — з таемным смяшком дабавіў Сёмка.
Рыгор, дагэтуль спакойны, задаволена рассмяяўся і каўтнуў сліну. Стэпа ж увесь час не пакідала ўсміхацца: вясёлая ўсмешка быццам урасла ў яе твар, каб не стухнуць цэлы дзень.
— А вы там скора будзеце? — запытаў Рыгор.
— Вось хай толькі крыху сцямнее, — у адзін голас адказалі Пятрусь і Сёмка і пераступілі парог.
— Бывайце здаровы, цётачка, дзякуем за пачостку; жадаем на Рыгоравым вяселлі паўторна сысціся, — ужо ў сенях пажадаў Сёмка.
— І вам шчыра дзякую, мае дзетачкі, што вы ўсёткі не забываеце нас... Прыходзьце, даражэнькія мае, часцей: вы толькі і засталіся нашымі сябрамі-дабрадзеямі, — паслала ўдагон ім Стэпа.
Але апошніх слоў яе хлопцы не пачулі: шчыльна зачыненыя дзверы затрымалі іх у сенцах.
— Такі я лягу крыху задрамлю, — пазяваючы, праказаў Рыгор, увайшоўшы ў хату.
— А як жа ж, а як жа ж! — падтрымала яго Стэпа. — Вось раздзявайся і лажыся.
Рыгор моўчкі здзеў гарнітур і далікатна павесіў яго на сцяне, на драўляным круку, які калісь яшчэ, колькі яму помніцца, ён сам абстругаў з дубовага дручка і сам забіў у сцяну; затым ён ззуў чаравікі, падкінуў іх пад пол і прысеў на гатовай пасцелі. Прысеў, а лажыцца штосьці не цягнула: у яго думках панесліся ўспаміны. Следам перад яго вачыма, раптам, вырас вобраз Зосі. Стройная і поўная жыцця, яна стаяла знаёмаю красуняю. «Няўжо за гэты час яна зусім не змянілася? — запытаўся Рыгор. — Такая самая, вясёлая і гаваркая, прыгожая і вяртлявая, — якою я яе пакінуў?.. Не, яна цяпер другая!.. А вось жа гавораць, што не сёння-заўтра к ёй будзе сватацца Васіль. Цікава, як аднясецца Зося к гэтаму!»
«І далей цікава таксама: няўжо-ткі Берагу гэта ўдасца? Няўжо Зося і пярэчыць не будзе? Ды, сапраўды, што я значу ў вачах Прыдатных? Галяк, дэмакрат, і толькі. А без бацькоў Зося не сумее і кроку ступіць».
— Што з табою, сынок, чаму ты не лажышся адпачываць? Мо, баліць што? — перабіла Рыгоравы думкі маці.
— Ды не, нічога, зараз лягу, — супакоіў Рыгор матку і тут жа лёг.
Стэпа ціха падышла да полу, далікатна і з асцярогаю апранула сына чыстым, толькі што сатканым дываном і адышлася к сталу.
— Вы толькі, матка, на змроку абудзіце мяне, — папрасіў ён, не расплюшчваючы вачэй.
— Ой, чаму ж, чаму... Спі, сыночку, адпачынь з дарогі...
Рыгор як заплюшчыў вочы, так і заснуў, не паварухнуўшыся нават. Стэпа доўга стаяла каля яго і замілавана глядзела ў сынаў здаровы, малады жыццерады твар.