ІІІ
Ох, ды Пятрусь, ох, ды Сёмка! Хто іх, гэтых двух хлопцаў, не ведаў у мястэчку? Мала хто не хваліў іх бацькам ды не завідаваў ім! І было завошта! Высокі, стройны, з кудравымі русымі валасамі, сінявокі, белатвары, з адкрытым характарам, спакойны і цвёрды сын бедных сялян — вось быў Сёмка. Чарнявы, з мерным носам, валасы зачэсаны на прадзел, злёгку сутулы, але ростам сваім — кропля ў кроплю ў Сёмку — гэта Пятрусь, сын такіх жа, як і Сёмкавы бацькі, небагатых мяшчан. Як быццам бы само жыццё звязала іх — яны былі неразлучнымі ўдваіх. Прыходзілі на зборню, наймаліся ў заработкі — «запісваліся» ў дэмакраты, хадзілі на няможныя сходы і спявалі рэвалюцыйныя песні, хавалі лісткі і кніжачкі — усё ўдваіх, усё разам, неразлучна. Падружыліся і палюбілі Рыгора таксама аднакава, як адзін, так і другі.
Сёмка, Пятрусь і Рыгор! Нашто, здаецца, ім было расставацца, калі Рыгор выязджаў? Мусілі — вялела жыццё. Затое, толькі ён прыехаў, вярнуўся, як ім нудна была хвіліна ў разлуцы...
Так таварышкуюць толькі тыя, хто звязаны аднымі думкамі і аднымі інтарэсамі.
Калі Пятрусь і Сёмка выйшлі з Рыгоравага двара і паглядзелі ўсцяж вуліцы, развярнулася цікавая карціна: уся вуліца ад Загор’я да рынку так і кішэла людзьмі — жанкі, мужчыны, дзеці — як рой пчол гудзелі вясёлай гутаркай. Цераз дзве-тры хаты прызба памостам была ўсаджана сілцоўцамі, на сёння церазчур ужо гаманлівымі, асабліва рэзвістымі і жартаўлівымі. Ляталі, як мухі, вясёлыя дзеткі, кожнае з пішчолкаю ў зубах, з ралачкаю бярэзіны ў руцэ, з куском булкі ці блінца ў другой.Пекная, ціхая, хоць ад гэтага крыху душнаватая пагода, прыдавала ўсяму прыгожы, жыццерады воблік.
Прайшоўшы кусок вуліцы ўдваіх, ля трэцяй ад Рыгоравай хаты Сёмка з Петрусём разышліся: адзін павярнуў у свой двор, а другі пайшоў удоўж вуліцы. Ісці выпала Петрусю.
Пры аднэй з запоўненых людзьмі прызбаў яго запыніла памежніца Марцэля Юркава і жартам запытала:
— Адкуль цябе нясе, Пятрусь?
Пятрусь ахвотна адказаў, што ён быў у Стэпінага Рыгора, які толькі што сёння прыехаў з Рыгі ў госці.
Усе здзівіліся, бо гэта было навіной у вуліцы, і бабы паслалі Петрусю плойму запытанняў: а што Рыгор расказваў, а ці палепшаў, ці здаровы, ці прывёз з сабою грошы і інш. і інш. Пятрусь спяшыў ды не хацеў аб усім казаць і, каб адкасніцца ад жанчын, жартоўна адказаў:
— Вось іціму назад і ўсё раскажу.
Жанчыны пагразілі яму пальцамі, але ў адказ атрымалі яго мяккую ўсмешку і заняліся сваімі гутаркамі.
Пятрусь дайшоў да хаты Прыдатных, перад якою раптоўна спыніўся і кінуў узрокам у акно. На покуці, за сталом, падпёршы бараду рукою, а галоў павярнуўшы ў акно, сядзела Зосіна маці і з нейкім пільна размаўляла.
— Дзень добры, цётка! — гукнуў ёй Пятрусь.
Марта раптоўна павярнула галоў у той бок, адкуль данёсся к ёй гук, і, угледзеўшы Петруся, прыветна, з шырокаю, гасціннаю ўхмылкаю на твары, поўным і румяным, адказала:
— Дзень добры, Пятрусь, дзень добры, сынок! Зайдзі на часінку пагуляць!..
— Ой, цётачка, калі я дамоў спяшу; не быў яшчэ ад ранку.
— Ай, што там дома — мацеры не бачыў, ці што...
— Справы ёсць...
— Ды пакінь ты: хай справы на будні застаюцца.
— А хто ў вас ёсць? — здаўся Пятрусь.
— Хто? — нікога! Вось я — ды Зося.
— А з кім такую бяседу жывую развялі?
— Ха-ха-ха! — няўжо ты пачуў?
— Вось калі! Ды яшчэ ля Сёмкі чуваць.
— Ну, ну, зайдзі, зайдзі, — годзі жартаваць.
— Калі так, то заскочу. Хоць і спяшыў дахаты, але калі цётка Мікалаіха просіць — трэба ўважыць; дамашнія хай прабачаюць мне — на тое ж нядзеля, — пажартаваў ён.
— Вядома, я ж і кажу, — падмацавала Марта.
Пакуль яны гутарылі, Зося і не паказалася ў акне.
Затое, калі толькі Пятрусь пераступіў парог хаты, як яна кацёлкаю саскочыла з лавы, прыбегла к мыцельніку насустрэчу яму і завіляла лісіцаю.
— Ну, мой госціку родны, ну, кумочак, што добрага скажаш? — лепятала жартоўна Зося, закінуўшы на Петрусёва плячо руку.
Яна была адзета ў белае, з маленькімі пралесачкамі, лёгкае плацце, сцягнутае ў паясніцы шырокаю машастоваю стужкаю; два канцы стужкі звісалі між хвальбон да самага краю падолу. На грудзях, паўз шыю, вымулёўваўся шырокі горс, выстаўляючы да сонца маладое, здаровае, поўнае жыццёвай сілы, цела. На ядвабнай жыжцы чырвонае мулі вісела маніста караль, а ў самым тоўстым радку іх выдзяляўся сярэбраны, з сіняю жуковінкай, медалік. Рукі яе былі аголены чуць не за локці і красаваліся смуглаю загараю. А на твары так і трапятала, так і бегала заварожлівая ўхмылка; Пятрусь не мог адарвацца, дый годзі, уталопіўшыся ў красуню.
— Адкуль жа, лыцар, клыпаеш?
— А нашто ведаць?
— Не, па праўдзе скажы, Петрусю, — ужо сур’ёзней папрасіла Зося.
— Ад Сымонавай Аўдоцці, — пасмяяўся Пятрусь.
— Ой, глядзі, скажу Гэлі, то будзе перцу.
— Не баюся!
— Ды ты ўсё хлусіш?
— А ты вельмі хочаш знаць?
— Вельмі.
— Ну, дык скажу: быў у Рыгора, у Стэпінавага Рыгора, — з прыціскам на слове «Рыгор» адказаў Пятрусь і пачаў сачыць за Зосіным тварам. Ён заўважыў, як Зося, пачуўшы гэта, раптоўна змянілася: украдкай зірнуўшы на ўсю пору смяхлівую мацеру, яна ўздрыганула ад радасці і ні то з цікавасцю, ні то міжвольна вымавіла:
— Прыехаў?!
— Прыехаў.
— Рыгор прыехаў, ты кажаш? — у сваю чаргу запытала Марта.
— А, мусіць, Рыгор! — спакойна адпавеў Пятрусь.
— У госці ці назусім?
— Жаніцца: думае да вас у сваты прыйсці, — пажартаваў Пятрусь.
— А, няхай ты залядзейся, няхай, як у цябе ніколі нічога не дапытацца, — таўхнуўшы яго ў плечы кулаком, пракрычала Марта і за нечым выбегла ў сенцы.
Ды і Зосі Петрусёў жарт прыйшоўся не па нутру: яна ні то засаромелася мацеры, ні то ўспомніла апошняе наведванне Васіля і, кіўнуўшы галавою, адхілілася к акну.
Пятрусь пацяў плячыма: сказаныя словы яго нічуткі не смуцілі, і ён ні каліва не каяўся, што іх сказаў.
Карыстаючы на хвілю запанаваўшаю ў хаце сцішшу, ён некалькі разоў прайшоўся па хаце і прасвістаў матыў «Варшавянкі».
— А, ты ўжо свістаць, чарцяка! — адчыняючы дзверы, ушчунула яго Марта, махаючы закасанымі па локаць рукамі.
— А што ж мне рабіць? Адна ўцякла ў сенцы, другая адвярнулася к акну, а мне хіба моўчкі сядзець? Харошы госць, нечага сказаць.
— Уй, уй, каб ты лопнуў, каб ты! — раптам адхіліўшыся ад акна і стукнуўшы далонню па спіне Петруся, пралепятала Зося.
Пятрусь ёмка абхапіў яе рукамі, прыціснуў на квадранец к сабе, потым вырваўся і адбег к печы.
— А мо не праўда, га?
— Не шалеце, не шалеце...
— Ну, дык будзе... А ці пойдзеш сёння гуляць, Зося?
Зося крыху памаўчала, потым адказала:
— Не ведаю, вось Волькі Ярмалаішкі чакаю.
— А з ёю да Ліня пойдзеце?
Зося паглядзела на мацеру.
— Хто яго ведае. Як мама дазволіць. Далекавата, але парадзімся з Волькаю.
— Ой, чаму: і маці пусціць, і Волька захоча. Прыходзьце; прыйдзем туды і мы: я, Сёмка і Рыгор; Гэля таксама казала, што прыйдзе.
— Вы пусціце яе к Ліню, цётка? — запытаў ён Марту.
— Чаму не, галота хоць у балота, — адказала тая з іроніяй.
— Вось бачыш, прыходзьце, непрыменна...
— Траха што пры... Нехта, здаецца, дзвярыма бразнуў?
— А, а, на іх дохлае, на іх, гэта ўжо свінні. І чорт іх ведае, што з гэтымі дзвярыма стала: няўшчыняюцца, ды годзі. Эх, эх, вот калі гаспадар! Не ўпрасіць яго паправіць клямку,— сярдзіта крычучы, кінулася Марта ў сенцы.
— Ну, і я пайду... Прыходзь, Зося...
Пятрусь яшчэ нешта сказаў, але крык Марты заглушыў яго, і Зося не расчула. Падышоўшы да акна, яна ўгледзела, як ён хутка падрабязіў за гору.