SommaireСокі цаліны
Квадра ІІ - НА ПЕРАГІБЕ, ЧАСТКА ДЗЕСЯТАЯ · 4 min de lecture

VII

Быў полудзень трэцяга дня жніва. На пожні ў двух месцах стаялі грамадкі сілцоўцаў і ўголас абгаворвалі здарэнне, якое адбылося на іх вачах. Васіль сіберна, бязлітасна наздзекваўся з Зосі. Каб не абаранілі яе, падаспеўшы к часу, Сёмка з Хірысонам Пузам, скалечыў бы маладзіцу. За вошта? З якое прычыны? Аб гэтым судзілі дваяка: там, дзе грамадка складалася з Сёмкі, Петруся і некалькі іншых, вінавацілі Васіля. Наадварот, у другой грамадцы адказнасць усклалі на Зосю. Сёмка расказваў:

— Паверыце, ледзьве з рук адабраў. Каб Хірысон не пасабіў, не даў бы рады. Ушчаперыўся, як клешч, і неміласэрна б’е кулаком па чым папала. Азвярэў, запеніўся.

— А за вошта ён?

— Не ведаеце гэтае заразы! Прыстаў да Зосі, каб тая прызналася... бач, каб упэўніла яго, што не мае ніякіх зносін з Рыгорам. Нехта набаяў, быццам бы Рыгор ёй піша пісьмы, яна адпісвае, і гэткім чынам падводзіць яго, мужа, здраджвае. Нагаварылі пра Лужкі, пра... ліха ведае што.

— Ці можна дурнейшае прыдумаць?!

— Вось то-та ж!

— І за гэта перадлюдна так біць кабету!

— Непрытомны...

— Пэўна, маці пад’южыла. Тая ж, як ведзьма, увесь час. Кажуць, нібы ад вяселля яшчэ з Зосяю слова не прамовіла.

— Можа быць...

— Міколка ўлез, няма чаго казаць...

Адначасна ў другой грамадцы, дзе быў Васіль, яго дзядзька Хлор, старшыніха і блізкія Берагаў, судзілі Зосю.

Тадося бессаромна крычала:

— Хай бы яна ўзяла сабе на розум, што так не можна, дык не. Тыя яе падбіваюць, а яна слухае. Што ж, гэта ласне можна цярпець? Навошта ж гэткая жонка? Да чаго тое вяселле было спраўляць?

— Кажаш ёй, а яна наперакор табе. «Пішу, ну, што ты мне зробіш», — скардзіўся Васіль. — Проста не сцярпець...

Хлор варушыў плячыма, верыў і сумляваўся, але дапускаў, што Васілю, напэўна, Зося здорава дадзела.

Старшыніха бачыла ў гэтым цэлую змову, куды Зосю ўцягнулі Сёмка, Пятрусь, Волька, Гэля ды іншыя.

— Можа б, яна інакшаю была, каб не гэтая шайка. Усе яны ліхамысны на Васіля і стараюцца яму нашкодзіць. Чаго добрага, могуць усякае шальмоўства зрабіць: ім закон не пісаны.

Успаміналі і Рыгора. Псюк Даніла, Берагаў пасусед па полі, падбіваў Васіля, не шкадуючы слоў і плётак. І ніхто з гэтае кампаніі не прызнаў, што Васіль зрабіў дрэнна, ускалануўшы ўвесь палетак. Болей таго — гэты самы Псюк патвараў Васілю, хочучы падкрэсліць правільнасць яго паступку:

— Вось няхай ведае на другі раз... — ківаў ён пальцам у бок, куды пабегла Зося да бацькоў. — Гэтакіх гусак трэба, не шкадуючы, скубці. Вядомая рэч! Дай бабе волю — завядзе ў няволю! Не супыніш спачатку — прапала. Го-о!

Пасля адварочваўся ўбок, дзе стаялі прыхільнікі Зосі, і лаяў Сёмку:

— Яшчэ гэтая заноза патрабуе добрых бацугоў... Баламуціць моладзь.,,

— На добры лад, трэба было, як падбег ён бараніць, кінуць Зосю ды запліскаю па ім...

— А я б гэта зрабіў, каб к часу падбег, — хваліўся Хлор. — Што-што, а гэтага нельга цярпець. Якое ім дзела, сукіны дзеці?..

Абгавор здарэння заняў каля гадзіны часу. Пасля па адным жанцы разышліся, і ізноў пачалося жніво, як і першыя дні, з песнямі ды выгукамі жанцоў. Толькі больш цікавыя азіраліся ў бок Берагавае палоскі, сочачы, ці не вярнулася Зося ад бацькоў. Але мінаў час, а Зося не вярталася; і гэта абяцала далейшае развіццё здарэння, ужо ў саміх Сілцах. Дагадваліся і судзілі, каму была ахвота, як і што гэта здарэнне развернецца, хто возьме верх, чым яно кончыцца. Рыгор уплятаўся ў яго з усіх бакоў, мэрам бы ён прысутнічаў дзесь недалёка — мо ў Сілцах, а мо і ў жытнім палетку. Сёмка асабліва думаў пра таварыша, прагнучы хутчэй паведаміць Рыгору ў пісьме аб Зосіным жыцці. Ён на гэты раз сам пачаў спагадаць, чаму, сапраўды, Рыгор не змог вывесці Зосю з гэткае напасці. «Можа, і вінаваты»,— судзіў ён. І дапускаў мажлівасць напомніць Рыгору аб гэтых сваіх вывадах...

Наогул, для ўсіх гэты дзень канчаўся пад уражаннем адыгранага Васілём Берагам спектакля. Аб ім дапаміналі і ўзгоркі на пожні, і кусцікі здзічэлых ігрушак на Берагавай паласе, і гняды конь, што таптаўся недалёчка. Многія праняслі б яго ў Сілцы, дзе, магло стацца, дзеі ў тым ці іншым выглядзе паўторацца.

Але новы выпадак адцягнуў увагу сілцоўцаў ад Берагаў, ад Зосі, ад таго здарэння, у якім яны мелі галоўныя ролі.

Ужо выходзілі жанцы вузкімі межкамі на дарогу, вяртаючыся дахаты; ужо песні працы паднімаліся з белым лунем над паплавамі, як з-пад Сілцоў паказалася трое коннікаў. Шнурком, адзін за другім, яны гацалі насустрач жанцам. Падсохшая зямля курэла ззаду коней, затуляючы пылам чырвоны промень на захадзе.

Спярша мала хто з жанцоў зацікавіўся коннікамі — мала хто едзе! А калі яны сталі падбліжацца, многім стала рупіць: стражнікі, пэўна.

Волька ішла пярэдняю і паказала, адвярнуўшыся да ўсіх:

— Стражнікі!.. Няўжо-то Мікола Прыдатны паспеў данесці наконт Зосі?

Жанцы кінулі пяяць. Раз-поразу пачалі азірацца вакола, стараючыся выгледзець, дзе і што ў гэту хвіліну Васіль Бераг. Зацішылі хаду, каб быць сведкаю, што з гэтага выйдзе. То ішлі гуськом, а то сталі збівацца ў кучу.

Праз некалькі хвілін тыя пад’ехалі.

— Сёмка Хведараў Загон, хто тут? — супыніўшы коні, запыталі двое з іх у Вольчынага бацькі, які абмінуў жанцоў, каб ісці дамоў.

— Сёмка Хведараў? Не ведаю! — адказаў той і зрабіў шаг наперад; пасля схапіўся і запытаў: — А для чаго ён вам?

— Патрэбен, — адказалі стражнікі і праехалі далей.

У чым справа — ніхто пэўна не ведаў, але кожны з жанцоў дагадваўся, што тут няма нічога супольнага ні з Васілём, ні з Зосяю. Ва ўсіх напрошвалася думка, што Сёмка звязаны з паліцыяй зусім інакшымі справамі, якія мала каму ў Сілцах невядомы. Гэта інтрыгавала сілцоўцаў, якія забыліся аб тым, што можа быць у Берагаў, што наогул трэба ісці дамоў, каб павячэраць ды лажыцца супачыць, а стаялі ў грамадзе, судзячы і пільнуючы, чым усё кончыцца.

І вось на працягу паўгадзіны часу яны былі сведкамі, як стражнікі адшукалі Сёмку, пасобілі яму запрагчы каня і пад канвоем паехалі з ім другою сценкаю да Сілцоў.

— Няўжо арыштавалі? — праводзілі іх трывожныя запытанні жанцоў.

Многія застанаўляліся на гэтай думцы, дадаючы:

— А-яй-яй! У самы прыпар забяруць ад бацькоў гэткага працаўніка!

Берагі, Псюкі, Крумкі і некаторыя іншыя іх пакрою паціралі рукі, забыўшы пра Зосю.

А Волька, напалоханая, праслязілася...

Жанцы спяшылі ў Сілцы, несучы трывогу.

Квадра ІІ - НА ПЕРАГІБЕ, ЧАСТКА ДЗЕСЯТАЯ · 5 min de lecture

VIII

Назаўтра выяснілася, у чым справа.

Сёмку забралі так экстрана на допыты згодна спешнага «прадпісання» Ліцкага спраўніка прыставу «дапрасіць Сямёна Хведаравага Загона, які мае сувязь з Рыгорам Міхасёвым Нязвычным і іншымі асобамі, заарыштаванымі ў гор. Рызе, па справе іх належнасці да патайнага таварыства, якое становіць сваёю мэтаю» і г. д. Улікаю быў ліст да яго, адрасаваны Наталяю па просьбе Рыгора. Гэта выяснілася на допытах, якія, аднак, не кончыліся дрэнным для Сёмкі. Сёмка спрытна адказаў на ўсе запытанні прыстава і быў адпушчаны пад распіску нікуды не выязджаць з Сілцоў. Справа выходзіла не гэткаю страшнаю, як аб тым можна было думаць і чакаць перад гэтым. Шуканне Сёмкі ў полі, незадоўга да таго, як вось-вось ён мог быць дома, далей — справоджанне яго трыма ўзброенымі стражнікамі сапраўды наводзіла на ўсялякія гутаркі. Тым болей, што дэмакрацтва яго было не таямніцай для большасці сілцоўцаў. Магло быць, станавы атрымаў загад з павету, а можа, і па свайму пачыну рашыў злавіць Сёмку ў полі, каб менш бачыла людзей, і адправіць туды, куды ўжо быў адпраўлены Віктар Стаўбун, Хаім Крупнік і іншыя. Не дзіва, што многія, бачачы гэта, выказваліся так: «Нарэшце не ўцалеў і Сёмка. Цярпелі, цярпелі і пасля заарыштавалі». Або: «Ізноў пачынаецца — многім хлопцам не здабраваць будзе».

Ну, а бацькі Сёмкі, дык тыя дашчэнту перапалохаліся, толькі ўгледзелі ў дварэ стражнікаў. У іх не было іншай думкі, апроч тае, што іх Сёмка папаў у добрую пастку. І бацька і маці бегалі па некалькі разоў з дому на рынак, абураныя роспаччу, радзіліся з людзьмі, як і што ім рабіць. Ніхто не спадзяваўся, што справа кончыцца зваротам Сёмкі гэтым жа вечарам, хоць і позна, дадому. Бацькі пасля не верылі сваім вачам, настолькі былі запэўнены ў нядобрым скутку... Вось чаму назаўтра зранку, толькі Сёмка выйшаў на вуліцу, каб звычайным чынам ісці ў поле, да яго падыходзілі сілцоўцы, мужчыны і кабеты, цікавячыся і пытаючы, чаму і навошта яго з гэткім шоламам вадзілі да станавога. Сёмка выдумаў адзін адказ, якім і збываўся. Ён казаў, што яго выклікалі з-за справы Віктара, над якім паведзена новае следства наконт аслабанення. Гэта было сказана і бацькам. Сутнасці справы ён не хацеў адкрываць, па-першае, каб не даведалася Стэпа Нязвычніха, па-другое, каб не ўзрадаваць непрыяцеляў Рыгора. Толькі таварышам — Петрусю, спаткаўшы на дарозе ў полі, Сролю ды яшчэ аднаму з іх, што прыйшлі да Сёмкі на поле, ён перадаў сапраўдны сэнс яго позвы да станавога. З гэтымі таварышамі Сёмка падрабязна абгаварыў выпадак з сабою. Усіх іх, асабліва самога Сёмку, вельмі дзівіла тое, як і што здарылася ў Рызе; што да паліцыі папала пісьмо, ды пісьмо Наталі. Ён дагадваўся і выказваў свае дагадкі таварышам, што, напэўна, пісьмо было перахоплена, і ні ў якім разе не дапускаў, каб яно было гэтак, як яно сапраўды было. У кожным разе паведамленне Сёмкі таварышам надаўміла ім многае. Асабліва паказным было адабранне ад Сёмкі падпіскі не адлучацца з Сілцоў. Гэта сведчыла, што справа не скончана, што ў любы момант паліцыя можа паклікаць да сябе не аднаго Сёмку, а многіх з іх... Усе згадзіліся на тое, каб быць гатовымі на ўсякі выпадак, а Петрусю парадзілі адлажыць свой ад’езд на нейкі час — не так кінецца ў вочы, не дасць выгляду, нібы ідуць уцёкі... Нарэшце, усё ж, калі Сроль варочаўся ў Сілцы, Сёмка пастараўся загладзіць першае ўражанне, якое атрымалі таварышы, ён паказаў сябе перад імі пераконаным у несур’ёзнасць справы. «Мала што: мне здаецца, што ўсё скончыцца добра». Самому, вядома, рупіла, і ён, цэлы дзень працуючы, быў заняты гэтым. Займала Сёмку болей усяго адно: чаму выйшла ў Рыгора гэткая неасцярога, што ён даручыў дзяўчыне пісаць яму, Сёмку, пісьмо. У гэтым Сёмка падглядаў залішнюю давернасць з боку Рыгора. Разам з гэтым у Сёмкавым разуменні не магло змясціцца, каб то Рыгор сам мог дазволіць, пэўна, безгрунтоўнай асобе вясці ад яго імя перапіску. Але магло здарыцца зусім іншае, чаго нельга адгадаць, не быўшы на месцы. У кожным разе атрымалася штосьці непрыемнае, над чым не шкодзіла падумаць.

Бацькі Сёмкі падмячалі сынаву маўклівасць і канчаткова не маглі супакоіцца. Бацька два разы правяраў Сёмку, але кожны раз Сёмка трымаўся адных слоў, разважаючы бацькоў:

— Не думайце больш, чым было. Нічога страшнага. Мала каго аб чым пытаюць...

— Ты не тойся ад мяне, — настойваў бацька, — калі тут датыркае Рыгора, то я Стэпе не скажу...

Западозрываў гэта Сёмкаў бацька, Хведар, па адной прычыне: па адсутнасці ліста ад Рыгора к мацеры. Ведаючы яго добра за хлопца харошага, руплівага, Хведар яшчэ раней меў гэта на думцы, але Стэпе не выказваў яе, а Сёмку не было выпадку яе выказаць. Пасля ж таго, што адбылося, непатрэбна было хаваць, і Хведар абыходзіўся з ёю вальней.

Адчуваючы гэта, Сёмка пераймаў бацьку:

— З якой рацыі гэта будзе звязана з Рыгорам? Дзе ён, а дзе я! Тым болей, газеты даводзяць, што забастоўка ў Рызе меншае, ападае. Гэта Стэпе думаецца розна...

— Хто б мог падумаць, калі ад Рыгора колькі часу, як жаднае весткі.

— Колькі там часу! Бывае, год цэлы чалавек не піша пісьма...

— То не без прычыны.

— Гледзячы як...

Хведар маўчаў, не тое, каб не верачы сыну, а не маючы сілы перамагчы рупнасць, якую выклікаў дапрос Сёмкі.

І вечарам, калі яны, вярнуўшыся з поля, вячэралі, а прыйшлі Стэпа і Волька, каб ад сябе выпытаць у Сёмкі пра ўчарашняе, Хведар некалькі разоў паўтараў:

— Вы думаеце, што нойдзеш у ім лад: кажа, нібы тут зусім пусцяковая справа, ды справа, не звязаная з Рыгорам.

— А мне ўсё думаецца, мае даражэнькія, што тутака прыплецены Рыгор. Гэта ж падумаць, колькі часу ўжо вестак ніякіх, — сумнявалася Стэпа.

Волька суцяшала Стэпу, шчыра ўгаворваючы цётку не трывожыцца, хоць сама яшчэ не адышла ад сполаху, які навеяў выпадак з Сёмкам.

— Нельга, здаецца, і думкі дапусціць, — казала яна, — каб там з Рыгорам што-колечы ніякаватае здарылася. Рыгор не гэткі прастак, — ён многіх абыйдзе з усіх бакоў.

— Усё бывае, дачушка. У свеце, як у катле, варыцца ўсё, кіпіць. На чужыне — не дома.

— Ды цяпер ручыць нельга, — казаў Хведар, пазіраючы ў міску.

А Сёмка сачыў за бацькам, каб той не пераказаў пры Стэпе тых думак, якія надоечы выказваў яму.

— Бачыце — факт. Ажно траіх стражнікаў выправадзілі за адным Сёмкам. Увесь час ціха, нідзе нічога, а тут цэлы крымінал.

Аднак праз усю гутарку, якая працягнулася каля гадзіны, Сёмкаў бацька не выйшаў за рамкі і нічога падазронага наконт Рыгора не выказаў. Стэпа засталася з папярэднім настроем, суцяшаючы сябе самую. «Няўжо-такі адно з другім звязана? Наадварот, можа, і добра, што Рыгорка не дома. Вунь чаго паспела начаўпціся тут за час яго адсутнасці», — разважала яна, вярнуўшыся дахаты.

Такім чынам Сёмку ўдалося правясці свой план, якім ён яго сабе паставіў. Апроч таварышаў, ніхто не ведаў сапраўднае прычыны яго візіту ў стан. У далейшым, ён ведаў, што гострасць ападзе, цікавасць мінецца і можна будзе бацьку паведаміць таямніцу. А пакуль — няхай астаецца пры тым, што і ўсе іншыя.

Так яно і было. Праз тыдзень, а мо дзён праз дзесяць, калі жніво пераняслося з жытніх палеткаў на яравыя, многія з тых, хто бачыў справоды Сёмкі пад канвоем трох стражнікаў, цяпер былі сведкамі позвы яго да прыстава праз сотніка Бульбушку Адама. Гэты няскрытна ад Сёмкі і яго бацькоў паведаміў, што станавы заве Сёмку да сябе распісацца. Самая цырымонія позвы праз сотніка мела куды меншы ўплыў, хоць факт таксама даў прызадумацца Загонам. Сёмка сам не дагадаўся, у чым рэч, але ішоў у стан многа смялей і спакайней папярэдняга разу. І калі ўся справа кончылася тым, што станавы зняў яго падпіску аб неадлучэнні з Сілцоў, то Сёмка палічыў мажлівым расказаць бацьку ўсё ад пачатку да канца, аднак, з умоваю, усё ж, не пасвячаць у гэта Стэпу.