SommaireСокі цаліны
Квадра ІІ - НА ПЕРАГІБЕ, ЧАСТКА ДЗЕСЯТАЯ · 6 min de lecture

ІХ

Падыходзіў Багатнік. Вакол нясло восенню. У полі аставалася пакуль адна бульба. І тую пачалі капаць. Засеяная чуць не цалкам азіміна прарастала чырвоненькімі храсцікамі, гатуючы зялёную рунь. Там, дзе нядаўна жаўцела ярына ды жыта, слалася гала пожні, утаптанай гавядаю. Многія палоскі былі пазяблены, каб зямля паспела лепей перапрэць. З лясоў, пахмурнеўшых, а дзе пераадзетых у жоўта-чырванаватую вопратку, прыляталі кучы шпакоў, апускаліся на свежую раллю і клапатліва бегалі па разорках. Неба ўжо засаб колькі дзён было ўслана гнедымі кіселістымі хмарамі, з якіх несціхана сачыўся драбнюткі дожджык.

Міналася палявая работа. У сілцоўцаў паварочвалі думкі і клопаты да зімы. Дровы, кастрыка, яшчэ сёе-тое для хатняга агляду — і там малацьба. Пакуль не раскісне зямля — кончыць работу з фурманкамі, а тады хай сабе гразь, снег — не страшна.

Стэпе было крыху іначай ад другіх: восень спыняла яе заработкі. Гатаванне к зіме — ёй шмат цяжэйшае, ніж другім. Дровы прыйдзецца на плячах насіць з лесу: куды ж аддасі на іх сабраны рубель — другі. Прыгодзяцца на зіму, бо нямнога высучаш кудзеляю. Ды к гэтаму — усё роўна няма чаго рабіць. Кончыцца капанне бульбы, мо хто на дзень — другі пазаве лён паслаць ці патрапаць — і таквеля. Не сядзець жа ў хаце — хопіць зімы. Пакуль ногі цягаюць, трэба рухацца хоць за чым. Тым болей што працы яна з маленства не баялася ніякай. Не палохала яе і наступная восень, досі вядомая ёй па мінулых гадах, у многім падобных на гэты...

Але адно карцела Нязвычнісе — гэта Рыгор. Ад яго ўсё яшчэ не было ніякіх вестак. Колькі ні чакала Стэпа пісьма — не магла дачакацца. Думала да ўтому, гадала, бегала пытаць рады ў Сёмкі, што ёй рабіць, як быць. Дапускала нязбыўную думку, каб паехаць самой у Рыгу і адшукаць яго, мерылася падаваць запросіны праз паліцыю. Аба ўсім паведамляла Загонаў, сына і бацьку, як бы просячы іх згоды. Сёмка здаволен быў гэтаму, суцяшаючы Стэпу ды абнадзейваючы яе пачакаць яшчэ дзянёк — другі. Але скора Сёмкавы ўгаворы сталі надакучаць ёй: яна пакідала верыць яму, злавалася, а пасля стала западозрываць. «Тут нешта нейкае ёсць, але Сёмка хітруе і стараецца абысці мяне», — думала Стэпа і радзей хадзіла да Загонаў. Затое стала наведваць Крупнікаў і ў іх распытваць. Крупнікі, занятыя сваім сынам, Хаімам, мала цікавіліся яе скаргамі, клопатам ды трывогаю. Да гэтага яны самі доўгі час не дазнаваліся прычын Сёмкавага допыту.

Але нічога няма тайнага, каб не было яўным. Патрошку-патрошку папаўзлі Сілцамі, перш невыразныя, а далей усё паўнейшыя ды паўнейшыя чуткі, што Сёмка выклікаўся да станавога па справе, якая шчыльна датыркала Рыгора Нязвычнага. Перадавалі, няведама ад каго ды што, аб арышце Рыгора ў Рызе, аб судзе, да якога быццам бы яго пацягнулі. Чуткі — рэч каразлівая: вакол іх вырастала шмат легенд, дадавалася процьма казачнасці, і, урэшце, калі дайшлі яны нейкім чынам да Стэпы, выраслі ў цэлую агромністую гісторыю, страшную ды нечуваную. Нязвычніха была ашаломлена ёю, запалохана і першыя дні не ведала, дзе яна — на гэтым свеце, а мо пад зямлёю. Перш непрытомнаю наведала Загонаў. Плакала цэлы вечар у іх хаце, дапытвала Сёмку, не здаволілася тым, што ён дагэтуль нічога не казаў, прасіла хоць чым-колечы пасобіць.

— Можа, парадзіш, сынок, мне паехаць у Рыгу? — уваскросла з новаю сілаю незабытая думка.

— Як жа ж вы паедзеце? Што вы там праведаеце... Ды, апроч таго, вам няма ніякае патрэбы ехаць... Мала што людзі гавораць... Так вы думаеце, што і сапраўды гэткія страхі.

А Хведар Загон ад сябе разважаў Стэпу.

— Сапраўды, куды ты паедзеш? Ты ж ніякага толку не знойдзеш. Гэта табе не Сілцы, што кожны чалавек знаёмы, можа парадзіць, а то і пасобіць. Дый то, паглядзі сама, якая б магла быць мне дапамога, каб гэта майго Сёмку забралі! Адно на допыты завялі, і то я не ведаю, як і што зрабіць, а мужчына, ды дома... А ты... Не кажы, Стэпа! Што ж зробіш, свет гэтакі! Пайшоў па такім шляху — не пяроймеш, не малы хлапчук, мужчына, бачыш... Вось колькі я свайму Сёмку кажу: няхай бы ты, сынок, пасцярогся, няхай бы памаўчаў; бацькі старыя, возьмуць, чаго добрага,— што мы зробім. А ён — ні лыс... Перакананні... Хто за гэта не цярпеў. Праўда, табе цяжка гадзіцца з гэтым, але нічога не зробіш, прыходзіцца... Ты думаеш, крый чаго, вельмі страшна? Паглядзі — Стаўбуноў Віктар напісаў, што к дзядам прыедзе дадому. Яно пэўна...

Стэпа заспакойвалася, мэрам бы ўкалыхвалася Хведаравымі словамі, але залячыць імі выйшаўшай наповерх раны не магла. Можа, і праўду гаворыць, усё ж самая праўда не папраўляе справу.

Не ўнімалася:

— Усё яно гэтак, Хведарка, усё яно гэтак, але Рыгорка мой прапаў. Мала што могуць зрабіць з ім? Ці ж навіна, калі зводзяць са свету, у каменных мяшках гнояць, а то і губяць жывасілам... Што мне рабіць? Я не вытрываю, не перажыву! Парадзьце...

— Якая ж тут рада...

— Так-та вы мае лепшыя прыяцелі: добра — бягу да вас, дрэнна — таксама. Хто ж мне пасобіць, калі я адна-аднэю тут... Была надзея на Рыгорку, а цяпер і тая разляцелася дымам. Не на кім думцы спыніцца...

— Цяжка, няма чаго казаць... Але ж не звярайся...

Стэпу не ўцешылі на гэты раз, не маглі ніяк угаварыць і пасля; яна бегала па мястэчку, дамагалася папасці к аптэкару і таго папрасіць, каб пасобіў ёй, абхадзіла адвакатаў, што жылі ў Сілцах і часта бралі на сябе падобныя справы. Але тое, што Рыгор у Рызе, што падрабязна яго справа невядома нікому, нават станавому, у якога даведваліся адвакаты, перашкодзіла ўсяму. Стэпе ніхто не мог сказаць пэўнага слова. Прыяцелі Рыгора яе суцяшалі гэтак, як Загоны, а ліхамыснікі смяяліся, цешыліся, пацвільваліся. Гэта ўзмацняла Стэпін боль і мукі. Яна чула ад людзей, а колькі разоў і непасрэдна, як пацяшаліся з яе няшчасця Берагі, Крумкі ды іншыя. У іх рукі папаў добры козыр, і гэтым козырам хваліліся яны, дзе трэба, а дзе не трэба. У васобку, як Хлор Бераг або Васіль, — тыя раз-поразу дапаміналі аб гэтым Зосі, даючы ёй зразумець, што яна выратавалася праз замуж за Васіля.

Не дайшоўшы ніякага скутку, хто мог бы што зрабіць Стэпе, каб хацеў, — яна стала адыходзіць у самую сябе. Рыгора няма — на гэтым сыходзіліся Стэпіны думкі, і ад гэтага пачыналася яе жыццё. Ён стаяў перад ёю неадступна ў розных выглядах, ва ўсялякім стане, маўклівы, нежывы, недасяжны, аддзелены глыбокай канаваю. Як яно гэтак здарылася, чаму яно пайшло гэткаю дарогаю — не ў моцы Стэпінай было разгадаць. Глухі куток ціснуў яе з вакола, затуляў светагляд і аднімаў ахвоту жыць. За кароткі час яна асунулася, памізарнела, пастарэла. Кідалася кожнаму ў вочы. І больш чулыя кабеты — Лявоніха, Хведарыха, Стаўбуніха — спагадалі ёй. Выкарыстоўвалі ўсю сваю прасталюдную мудрасць, ужывалі разнастайныя довады вяковае логікі, суцяшалі.

Казалі Стэпе:

— Ну, а згадзіся, сястрыца: бывае, што памрэ чалавек. Такі ўжо лёс... Ласне другому, будзь то маці сабе, не трэба жыць? Жывым жа ў зямлю не палезеш... Людское жыццё пастроена ўжо гэтак. Аднаму суджана да старасці пажыць, іншаму — сысці з зямлі ў самым росквіце... Нямерны жаль, роспач нялюдская, а пасля прывыкае чалавек, абжываецца, занывае...

— Альбо можна раўняць з гэткім станам цяперашні выпадак у тваім жыцці? Паглядзі, іншыя людзі па дзесяць год адбывалі пасяленне або астрог, варочаліся назад і жылі-жылі, забыўшы ўсё-ўсялякае.

— Памятаеш, паўстанцы польскія: колькі іх на пасяленне выгналі! А пасля ў некалькі гадоў паварочаліся назад, і нібыта тое. Альбо Кульдабіцкі Сымон: дзесяць год за палітыку праседзеў у Ліцкім астрозе...

— І не гэтае тутака: мо нічога зусім, а мо арышт. Вядома, у горадзе — усюды ўмяшаецца чалавек. Мо б не хацеў, а мусіш. Бо, калі не ўмяшаешся, бывае горш выйдзе... Ці мала людзей арыштоўваюць?! А ласне яны гінуць праз гэта? Тое і з Рыгорам будзе. Ну, патрымаюць некалькі часу, калі арыштавалі, а пасля і выпусцяць... Нечакана атрымаеш ліст...

— Ды то, калі і што яно было! Можа, ужо зараз Рыгор на волі. Ласне ведама каму, як і што там робіцца? Людзям балхвіць — языкі не баляць, можна колькі хоч. Сядзяць тут, як у загарадзе, і толькі падай тую ці іншую чутку — разадзьмуць у слана. Напэўна, і з гэтым тая ж справа. Ты тут тужыш, бядуеш, а ён там — нібыта той...

Але для Стэпы аставаўся адзін факт: гэта адсутнасць пісьма. Можа б, яна ніяк не спалохалася б і таго, што Сёмку выклікалі ў паліцыю з-за Рыгора, каб ён, Рыгор, паведаміў ёй аб сабе. А то — воляй-няволяй будзеш думаць услякую-ўсялячыну, калі ад чалавека ні чуткі, ні пагуткі. І Стэпа заставалася з адным балючым рашэннем:

— Не ўбачыцца мне з Рыгоркам!

Квадра ІІ - НА ПЕРАГІБЕ, ЧАСТКА ДЗЕСЯТАЯ · 5 min de lecture

Х

У тыдзень пасля Багатніка таварышы і знаёмыя ды суседзі праводзілі Петруся Прахорава Кліна. У суботу вечарам, 15 верасня, ён выязджаў з Сілцоў у Пецярбург. Кампанія з дзесяці чалавек, у тым ліку і Стэпа Нязвычніха, сышліся ў Прахоравай хаце і пачалі выказваць Петрусю пажаданні. Сёмка прасіў таварыша не забываць аб Сілцах і аб ім у асобку, а пісаць пісьмы, даваць весткі. Сроль хваліў Петруся за яго рашэнне няйначай пабываць у горадзе, выпрабаваць яго жыццё і сяму-таму падвучыцца. Хведар Загон ад сябе жадаў найлепшага жыцця на новым месцы, дапамінаючы, аднак, што нідзе не лепш, як у бацькоў. Стэпа прасіла праведаць што-колечы аб Рыгору. «Можа, адтуль ляпей дазнацца». Бацькі хадзілі нахмурана. Прахор не здаволіўся на сына і коса паглядаў на яго таварышаў; маці тапіла злосць у жаласці, тупаючы каля сына з заплаканымі вачмі. Брат і сястра Петруся глядзелі на ўсё проста: сястрыца прасіла брата прыслаць ёй гасцінца — ляльку і цукерак. Пятрусь весела адказваў:

— Праз тыдзень атрымаеш.

Ён, наогул, быў задаволен ад’ездам, хоць далёкая сталіца прадстаўлялася яму страшнаватай і няпэўнай. Гутарыў з таварышамі і разважаў бацькоў. У гутарках успамінаў праводзіны Рыгора і казаў:

— Убачыце, выязджаем паасобку, а прыедзем разам.

— Каб то ды было так! — спачувалі жанкі.

— Якраз будзе...

— Якім чынам? — пацікавілася Гэля.

— А такім: не знайду работы ў Пецярбурзе — паеду ў Рыгу...

Сказ Петруся ні то ажывіў Стэпу, ні то затрывожыў яе.

— Няўжо праўду кажаш, Пятруська?

— Не хлушу.

— Насіцьме яго паветрае, — умяшаўся Прахор.

— Не кляні на дарогу, — заступілася маці.

— Мой дарагі сынок, — перабівала Стэпа, — не забудзь жа мае просьбы — даведайся аб Рыгору. Ты ж яго лепшы таварыш. Што табе каштуе гэта?

— Пэўна не забудзь, — даводзілі за Петруся Сроль ды Сёмка.

— Хаця б сам даехаў здароў! — казала Петрусёва маці, пазіраючы ў акно. — Якая пагода нецікавая і цямнота, сырасць...

І праўда, цёмная ноч не вабіла з хаты, тым болей што хатняе цяпло было крэпка нагрэта пачуццём расстання. У гэткія моманты выразней, як калі, паўстае вялікая любасць да ўсяго таго, што перад гэтым за якую хвіліну не прыкмячаецца нават; ды разам з гэтым вынікае несвядомая трывога — ці ўдасца яшчэ калі бачыць тое, што пакідаеш. Пятрусь прыпамінаў развітанне з Рыгорам, калі сам быў захоплены парывам — ехаць. Чаму яно так? Можа, таму, што гэты парыў перабіваўся адзнаннем таго, што ўсё-ткі ён астанецца дома, хоць і меў ахвоту падзяліць кампанію з Рыгорам. Цяпер жа, калі сам спаткаўся з фактам свайго ад’езду, — было іншае адчуванне. Але не быў бы ён самастойным чалавекам, каб паддайся хвілёваму пачуццю.

А дзевятай гадзіне, толькі вывеў брацішак на двор запрэжанага каня, як Пятрусь з усімі, хто прыйшоў праводзіць, пакінуў хату. На вуліцы развітаўся з Хведарам Загонам, Палікарам Ганкам, яшчэ з двума — трыма чалавекамі, а з іншымі пайшоў за падводаю.

Сярод гэтых іншых была і Стэпа. Яе захапіла нейкая нез’яснёная надзея, зыркая, як усходні промень, і цёплая, як сонца ў ліпнёвы поўдзень, — надзея ў тое, што Рыгор стрэнецца з ёю. Ёй хацелася верыць, пасля таго, калі Пятрусь дапомніў пра Рыгу, што ён напэўна вось зараз і накіроўваецца туды. Прыпомніла, як пры спатканні з Рыгорам у яе хаце Пятрусь пільна распытваў пра Рыгу, пра жыццё ў ёй. А мо яшчэ тады згаварыўся з Рыгорам над’ехаць да яго. Пецярбург — просты адвод вачэй. Зрабілася суматоха, ці ж паказаць начальству ўсе свае задумы? Гэта западозранасць Стэпы вырастала на кожным кроку ўсё болей ды болей, падбівала яе пад сакрэтам запытаць Петруся. Хлопцы ды дзяўчаты перашкаджалі гэтаму. Тады Стэпа, ідучы з Петрусёвай мацерай, рашыла ёй адкрыць свае думкі — добра, што адчувала да яе раптам паўстаўшую прыязнь. Шэптам, нахіліўшыся да вуха, праказала:

— Прузынка, а ці не думаеш, што сын едзе не ў Пецярбург, а куды інш? Не выгаворваўся ён часамі? Мне ўсё здаецца, што Пятрусь абраў сабе іншую дарогу...

Прузынка здзівілася.

— А чаму ты думаеш, Стэпа? Ні словам не абмовіўся... Ці не казаў каму?

Загневалася на сына.

— Ох, які хлопец, які хлопец! Усё робіць так, каб ніхто з хатніх не ведаў. Гэта ж падумаць, людзям вядома, а бацькам нічога.

Стэпа пераняла Прузыну.

— Не, ша, Прузынка. Я не чула ні ад кога і ні ад Петруся. Чамусьці мне самой надышло ў голаў.

— Можа стацца! Ласне разбярэш іх?

А сама прыняла Стэпіну думку за сур’ёзнае і пазвала Петруся,

— Пятруська, пачакай адно, я хачу ў цябе запытаць...

Пятрусь спыніўся і пачакаў мацеру з Стэпаю.

— Скажы, сынок, ці ты сапраўды ў Пецярбург едзеш?

— А то куды? — здзівіўся Пятрусь.

— Мне казалі, нібы ты да Рыгора сабраўся.

— Вам? хто казаў?

— Гавораць людзі.

— Кіньце, мама. Ласне я вам маніў бы? Ліха ведае што плятуць.

Пятрусь сплюнуў, махнуў рукою і пакінуў жанок.

— Вось, глядзі, нічога падобнага!

— Але... Бач, мне здавалася толькі...

Стэпе ўсё ж хацелася верыць, што робіцца водлуг яе думак; і таму, што яна верыла гэтаму, стала адчуваць у сабе заспакоенасць. Цешылася, што надало ёй шчасце прыйсці праводзіць Петруся. Цёмная ноч, няроўная дарога, частыя спатыканні не тамілі яе. Наадварот. Стэпе хацелася ісці далёка за мястэчка, хоць да Жмыгінскага лесу, або і далей. Аб доме не думала. І калі Пятрусь некалькі разоў напомніў, ці не пара б было старым вярнуцца, Стэпа слухаць не хацела.

— Не патурай, сынок. Можам прайсці, некалі ж угледзім.

І правяла датуль, пакуль і хлопцы, — за апошні будынак мястэчка. Разам з усімі развіталася з Петрусём, некалькі разоў пераказаўшы яму:

— Не забудзь жа мае просьбы. Адшукай там Рыгора.

Нарэшце блаславіла некалькімі гарачымі словамі Петруся і не сышла з месца, пакуль не заціх грукат калёс у начной цемні.

Вярнулася дамоў адною і запытала ў пустую хату:

— Рыгор, Рыгор, дзе ты, што з табою? Калі мы стрэнемся, сынок?

Мястэчка Сілцы і горад Рыга. Пецярбург. Нейкая сіла лучыла іх між сабою. Пералівы людскога жыцця хвалююцца ў адным пункце, адбіваюцца рэхам у другім. Змываюць упарта каменьчык за каменьчыкам, несучы яго туды, дзе ёсць перавага кіпучай сілы завірухі. Дзе пачатак, дзе канец? Не знайсці. Калыханне хваль жыццёвага мора раўнаважна ахапляе зямную кулю. Адлівы-прылівы. Аднак і ўзровень.

Рыгор, Пятрусь — тое, чаго не старчыла ў горадзе. Іх нясла хваля туды. Пераплётам заблытаных з’яў ужо выказваўся закон тае сілы, якая пасля прыдалася для вялікага акта,— перш разбурэнне старых асноў, а следам — будаванне новае формы людскога дабрабыту. Жыццё шліфуе людзей — людзі шліфуюць жыццё. Працаўнік народжаны змагацца. Яго лёс — перамагчы на сваім шляху ўсё тое, што перашкодзіць яму стаць панам жыццёвага стану. Жыццё няхай будзе падуладным яму... Гэта закон, гэта правілы, гэта лозунг! Дык няхай жыве несупыннае змаганне!