SommaireСокі цаліны
Квадра ІІ - НА ПЕРАГІБЕ, ЧАСТКА ДЗЕСЯТАЯ · 4 min de lecture

V

Вяселле ў Берагаў-Прыдатных скончылася на чацвёрты дзень вечарам. Як вадзілася ў Сілцах, яно было запіта півам, ды добра запіта. З палудня да гадзіны дзесятае ходырам хадзіла Пінява карчма. Скокі і песні, пацалункі і абяцанкі, пахвальба і зняважанне — нямоўчна напаўнялі пракіслую гэтым трункам карчомку. Не падавалася ніякага выгляду на тое, якое здарэнне справодзіла на другі дзень вяселле. Запіваўся звычай, па якім уваходзіла маладая ў мужавую сям’ю работніцаю і сем’янінам, прывязаным крэпка і шчыльна. Сваты і свахі дарылі адны другіх рознымі пажаданнямі; зычылі маладым доўгага і шчаснага жыцця. Нельга было знадворку ў гэтым вяселлі прагледзець нічога такога, што б вяшчала тыя ці іншыя шурпатасці ў будучым жыцці маладых. Нават, здавалася, і Зося адкінула ад сябе хмурыя роздумы ды больш рэзка глядзела на рэчы. Перагаворвалася з Волькаю, з Гэляю, паказвала пальцам на мацярок ды на вясёлага, захопленага ігрышчам Васіля...

Аднак, ужо назаўтра, калі новы дзень устаў перад Зосяю ў звыклай сваёй будзёншчыне, яна пачула сябе сціснутаю. Трэба было пачынаць новае жыццё, у новых абставінах, з людзьмі, да якіх далёка яшчэ не прывыкла да гэтага часу. Гаспадарка мужа, як кожная гаспадарка ў часы жніва, вымагала да сябе ўвагі, працы. Нельга было раздумваць ды прыглядацца. Зося ведала гэта. Але тупала па хаце, нясмела пазіраючы ў куты і не ведаючы, за вошта і як узяцца. Тым болей, што Тадося, свякроў, хапалася за ўсё сама: і ў печы паліла, і цяляці траву выбягала падкідаць, і давала распараджэнні Васілю. На нявестку ж, ці сумысня, ці з нядбаласці, мэрам бы не патурала; хоць нельга было не прымеціць, як колкія ўзрокі старое накіроўваліся на Зосю ды ганяліся за ёю, куды яна тупала.

Гэтак мінуў дзень, другі, трэці. У хаце Берагаў адчувалася нейкая нацягнутасць. Тадося не падавалася на размову, як бы знарок вытрымоўваючы сур’ёзны нораў сапраўднае свякрові. Васіль чамусьці маўчаў таксама, мэрам бы адчуваючы якуюсьці няёмкасць ні то за мацеру, ні то за самае вяселле. Зося старалася абмінуць гэта тым, што выходзіла з хаты, ці ў траву ідучы, ці адносячы да каваля сярпы ў точку, ці забягаючы да сваіх бацькоў. Вечарамі надыходзіла Марта ў даведкі і ўжо гэтым паднімала тую ці іншую разнастайнасць настрою. У гэтыя хвіліны Зося развязвала язык, умешвалася ў гутарку мацярок, але пільна адводзіла кожнае слова, калі яно хілілася крануць іх, Зосі з Васілём, сямейнага жыцця. Яна адчувала і прадбачыла, што ўсякая неасцярога запляцецца свякроўю ў лычка і пасля разбэрсаецца ў Зосін бок.

А што Тадося запляла лычкі, відаць было ўсім, найлепш самой Зосі. Так і чулася ў хаце — старая несупынна намякала на сваю волю ды на сваё кіраўніцтва і верхаводства; кожны паварот, кожны намёк ці ківок галавы — Зося дзень за днём ляпей падмячала — казалі за гэта. Можна было і трэба было чакаць ад Тадосі прызнання ў гэтым. Муха-заваруха — і бура ў хаце.

На пяты дзень, аўторкам, гэты выпадак здарыўся. У абед, надало ліха, якраз на кладцы праз рэчку, блізка Берагавай хаты, схапіцца Зосінаму бацьку з Марцэлькаю Цюткаю: як прымха якая, ды годзі! Мікола злавіў Марцэльчынага хлапчука на прыпасе каня і насцягаў пугаю. З плачам хлопец паскардзіўся мацеры, а тая — хто яе не ведаў у Сілцах! — пайшла лаяцца да хаты Прыдатных. Сустрэліся, аднак, на кладцы, і тутака ж Марцэлька рассыпалася на Міколу градам лаянкі ды кляцьбы. Пайшлі ў зварот дзяды і прадзеды, сваякі ды раднякі і... Зося. Марцэлька, пераказваючы дзесятак разоў, бессаромна перад сабранымі людзьмі ўспамінала Лужкі, складаючы гэта слова на розны лад, на розны манер.

А Тадосі якраз выпала быць сведкаю — чутно з хаты. Яна не ведала, дзе дзецца, слухаючы атэстацыю сваёй нявестцы. Чырванела, звярэла, стаючы наўздалёк, а ліхі голас паддаваў ёй нездавалення і злосці да Зосі. Беражысе рабілася неўцярпёж, каб хутчэй падышоў той вечар і вярнулася з поля нявестка, — а тады яна дасць ёй жаху...

І вось, толькі Зося пераступіла парог у сенцы, незнарок праліўшы кацялок вады, як Тадося выскачыла з хаты і з лямантам накінулася на нявестку. Пачала лаяць з апошняга слова, глуміць і паскудзіць, трасучы кулакамі над Зосяю. Гразілася адучыць — нямаведама ад чаго і што, зрабіць паслухмянай... а далей дайшла да пагрозы — выгнаць з хаты.

— На якое ліха ты прыплялася сюды? — крычала Тадося, шастаючы з хаты ў сенцы ды назад. — Гэта ж у зямлю жывой трэба лезці, чуючы гэткія штукі... Перадлюдна гэткія рэчы выкладаць! Апаганіла ты і Васіля і нас усіх... Усе людзі на воку... Па аколіцах пойдзе... Падума-аць... Нявестка...

Зося маўчала, крапілася, а на сэрцы бегалі мурашкі. Кіпела роспаччу, як горын агнём. Нарэшце, не стрымалася, кінула хату і пабегла да сваіх бацькоў. Але гэта яшчэ больш падліло масла ў агонь: хвілін праз дваццаць прыбег па яе Васіль, настроены, падбухтораны мацераю, і бессаромна пачаў упікаць яе ў вачах бацькоў. Тыя ўступіліся за дачку, пачалі сунімаць зяця, угаворваць, разуважаць... Куды там! Усё ж, дайшоўшы дамоў, Васіль вярнуўся назад да лаянкі і разам з мацераю доўгі час грыз Зосю. Толькі надышоўшы Хлор разрэдзіў паветра.

— Ці варта гоман паднімаць! Брахуха гэтая ліха ведае чаго напляце, ці ж браць да сэрца? Цудныя вы!..

— Дарма не будзе казаць...

— Га-а! Веданая ўжо штучка... Дурны Мікола, што чапаўся з гэтаю яшчарыцаю. Хай яе добрыя людзі не знаюць... Або адрэжаш ёй язык?..

Зося скарыстала выпадак і ўпікнула свякроў:

— Ёй хочацца крычаць: скора цяжкаю стала...

— Маўчы-і... — не ўтрымалася Тадося.

Хлор супыніў братавую, дапомніў ранейшую думку, што не варта самім падаграваць справы з-за мінулага, і папрасіў надалей не сарамаціцца перад людзьмі.

— Вы думаеце што, — людзям на руку будзе. Пачні на кожную брахню адгуквацца — сцерпу не хопіць. Вось калі...

Васіль слухаў дзядзькі, але на гэты раз і яго дзядзькавы словы не праймалі: цвёрды, мулкі камячок злосці і недавер’я к жонцы ўсё бліжэй падбіраўся да сэрца, рос, брыняў і ждаў моманту лопнуць зверскім нездаваленнем на Зосю... Сумныя ўзрокі, што пасылаў ён да яе, сведчылі аб тым...

Сведчылі і дапаміналі Зосі аб нядобрым, але — невядомая сіла цягнула яе кудысь далёка, у шэрае наступнае, адкуль выглядала здань незабытага, памятнага Рыгора.

Квадра ІІ - НА ПЕРАГІБЕ, ЧАСТКА ДЗЕСЯТАЯ · 5 min de lecture

VI

Жніво! Гэтым годам яно спазнілася дзён на восем. Але гэта не адбілася на яго харастве, на прыгажосці гармоніі працы, уядранай спелым залатым жытам. Роўная цёплая пагода спрыяла Сілцам. Думалі сілцоўцы, што дажджы, пайшоўшыя пасля касьбы, захопяць жніво. Трапяталі, пазіралі ўгору — калі пяройдуць гнедыя хмаркі з захаду.

Так не ў пару, так не ў пару! Жыта пагінае каласы, жыта просіцца на серп. Роўнядзь ніў не пачарніла б золата іржою праростаў. Няўжо не выпадзе так, каб хоць на тыдняў два сплыў полаг хмар, выглянула сонца, у жніўні яшчэ не халоднае, і людзі адсвяткавалі ўрачыстасць жніва. Хоць бы маленькая прыкмета — усміхнулася неба сінім лазуркам, выпусціла праменьчык сонца! Хоць бы! Вечарам, на змроку, калі жабы ў рэчцы завялі свой карагод, не паказвала на пагоду: імжэла, церусіла па руні лістоў.

Так не ў пару, так не ў пару дажджы!

Але раніца, ранняя раніца прынясла надзеі. Ужо апоўначы хмары сталі радзейшымі, а к усходу сонца яны парваліся на кавалачкі, распаўзліся па белаватай сіні паземаў і выпусцілі першы сонечны промень. Які быў ён чулы! Пралез у тысячы вокан, апаў на тысячы вачэй, падняў, узварушыў, закалыхаў Сілцамі. Мястэчкам праняслася творчая завіруха: высыпалі з хат старыя, малыя, мужчыны, кабеты. Як па камандзе, зачынялі вешніцы, запіралі дзверы і з падводамі ды пешкам спяшылі да жытніх палеткаў. Мэрам бы хтосьці іх зваў на бяседу, на ўрачыстасць: уподбег, не азіраючыся, падкасаўшы порткі, падаткнуўшы спадніцы, моўчкі, з прагнымі ўзрокамі, шнуравалі перавулкамі, вулічкамі, сцежкамі, мяжынкамі. У белых сарочках, быццам на таінства якое! Чорнымі дужкамі — сімвал працы — пераціналі спіны вострыя сярпы.

Сілцы перабіраліся ў поле. Сілцы заціхалі, каб посвіст сярпоў ды шалясценне жыта даходзілі да расчыненых гумен, да падсушаных такоў. Рэдкія асобы заставаліся пры хатах: дзе бабулька старая з дзіцём, дзе нядужы дзядок. А то бегалі падсвінакі па дварах, узляталі на платы куры — і годзі. Жніво! Прыпар! Час, якому няма роўнага ў годзе. Пара, калі жытнія каласы ўбіраюцца думкамі селяніна, як новаю красою, жаўцеюць надзеяй... Жыта — хлебароб: чародны пераплёт жыцця, злука прыроды з чалавекам!

Вось шырокае палатно жытніх ніў. Як вокам акінуць, цягнуцца яны далёка к лесу, за ўзгорак. Глядзець упапярок — злітны, суцэльны! Дзе тая прымета затрачанай працы кожнага працаўніка! Але роўныя ніткі-межы ўдаўжкі рэжуць цэлы кусок на вузкія шнуркі-палоскі. Многа іх выразана з гэтага палатна. І кожная палоска з далёкага далёку, з дому, заве да сябе гаспадара...

Сыходзяць жанцы з дарожак ды сцежак, раўняюцца з нівамі і гінуць за яго густою высокаю сцяною. Гэтак птушкі, ападаючы на зямлю, рассыпаюцца ў шчэці травы, знікаючы з вачэй у вадгоне ад цябе. Падыходзіш бліжэй — яны вось тут, вунь дзе: рухаюць, трапечуцца, — то іх праца за крупінку хлеба. І жанцы: па адным, па два каля палоскі, у радок, ад краю сценкі прыпыняюцца, паглядаюць на сонца і пачынаюць працу — жаць. Як жрацы перад алтаром, белым ланцугом, паяднанаю воляю, агульным жаданнем, супольным пачуццём нахіляюцца да жыта, махаючы сярпамі. Памерна, як адзін, злучанымі махамі рук, падобным аднаму згібам плеч, стройным замахам сярпа — жнуць. Жнуць? Мэрам бы перлы збіраюць з вясёлымі песнямі. Няхай ніжа сонца стрэламі праменняў іх скручаныя ў дугу спіны і шырокімі рагамі гоніць пот па ўсім целе — не цяжка, пяюць. Жыта кладзецца роўным простам; гострыя іржакі пазадзе. Умалотнае? Гоны сажнуць — лічацца снапы: колькі іх? Будуць вязацца, будуць у мэндлі складацца — будуць лічыцца. А сонца толькі-толькі падбіраецца к палудню. Вось яшчэ больш прыпячэ! Не відаць хмурынкі. Сышлі яны ранкам з паземаў, адчыніўшы сінія шыры неба. Як не радавацца, жнучы спелае жыта, як не пяяць! І над золатам каласоў і над простам снапоў лунае песня. З ёю грае перапёлка — там у жыце шнайдарыць. Любіць яго пах, любіць гушчэчу цырбуноў. Хутка-хутка мінецца гэта роскаш — перапёлка шкадуе. Шкадуе і жаўтабрушка — не будзе схову ў непагоду. А шпакі кучамі пралятаюць над жанцамі, чуюць высыпаныя зярняты. Ападуць у іржышчы і, мэрам тыя жанцы, захопяць палоску, прабягуць ёю і збяруць зярняты. Сядуць яны ў бабкі — няхай толькі звяжуць жанцы.

Перад вечарам пачынаюць вязаць. Паднімаецца жыта снапамі, у пояс падпяразанымі. Растуць мэндлі роўнымі нізкімі крыжыкамі. Паглядзіш, як салдаты. Доўгі цень уцякае ад жанцоў: вада астудзіць смагу. Вада! І яна сагрэлася ў баклажках пад лахманамі, пад жытам. Колькі ні цадзі — хочацца болей. Полудзень апаражніў чуть не да дна — астача, як луг. А піць — няма рады. Здэцца, халадней, і лунь закурыўся над поплавам, а смага пячэ. Чуваць — шчыміць спіна ды ломіць рукі. Вось ужо дзесяць гадзін працы. Якое гала іржышча, колькі бабак настаўлена! Можа, годзе? Ой, не! Гэткі дзень, гэткая пагода! Што заўтра будзе? Трэба жаць — няхай мінае дванаццаць гадзін, няхай прыйдзе трынаццатая... Вельмі ўжо сонца міла глядзіць, вельмі ўжо жыта соладка пахне, пекна так свішчуць каласы. А жыта, жыта — з залатога на чырвонае змянілася. Зіхаціць, пераліваецца. Як яго не жаць, не збіраць у снапы! Зажын, зажын, зажын... Трое жмень. Трое жмень, а там і гоны...

Ды ці ўсё ж зжаць у адзін дзень? Жанцы, надыходзіць змрок! Пакіньце сілы на заўтра! За жытам спее ячмень ды авёс. Жніва хопіць на тыдзень, на два! Толькі б старанне, толькі б ахвота!.. Праца любіць адпачынак...

Ведаюць жанцы. Адыходзяць ад жыта, выпростваюцца. Збіраюць клумкі, парожнія баклажкі і глякі. Мацяркі — калыскі з дзяцьмі... Ізноў на сценкі, на дарожкі, на сцяжынкі. Шнурочкамі — у Сілцы. Нагараваліся? Пэўна! Але пяюць мэрам і ранкам. Рогат і гукі. Пучкі зажыну ўбіраюць іх постаці. Чыстае паветра ловіць іх, даючы волю ляцець далёка к лесу, у даліну.

Пакуль пяюць жанцы, маўчаць іншыя песні, песні калёс. Скора-скора загрукаюць яны па каменнях, паднімаючы пыл і везучы поўныя вазы снапоў. Скора! Хай толькі падсохне жыта, хай прагучаць першыя песні жанцоў... Пакуль — першыня; жыта не ўвассала патрэбнага цяпла. Зерне не ўвайшло ў сілу. Пасвеціць сонца сем — восем дзён, сцісне зярняты, згоніць вільгаць — уверана кладзі ў стоўп. Знятае з кораню — жыта маладое, набрынялы колас. І песня жанцоў — маладая. Першы дзень — зажынкі. Жытні водар бадзёрыць жанцоў, калышучы радасным сэрцам. Няхай сабе не відаць канца палосак і недалёка ад іх жаўцеюць іншыя — з ярыною,— праца лічыцца зажынкамі. Весела лунаюць зацяжныя матывы; нясуцца далёка поверхам жытніх каласоў. Вось прыедуць фурманкі — будуць паражніць нівы. Зжатае жыта паедзе ў сховы, а голае іржышча будзе пустым галам выглядаць. Тады пакажа сваю здань блізкая восень. А пакуль — першыня. Таму так голасна зычаць свежыя галасы жанцоў, так спора ідзе жніво, так многа зжата за дзень! Першыня...