І
Рыгор абудзіўся. Расплюшчыў вочы і паглядзеў: маленькая каморка, брудная і непрыветная ўчора вечарам, зараз смяялася ветлівай гасціннасцю. Сцены, аблезлая люстра, паламаны стол і крывы тапчан — мыліся бліскучым сонцам, плаўкім і празрыстым. Маленькае акенца — у шэсць няроўных шыбак — зіхацела, адбіваючыся рамамі на сцяне...
А ў двары, за сцяною, моцна і рэзва гаманілі. Некалькі галасоў, грубейшых і танчэйшых, гулчэйшых і цішэйшых. Усе нервовыя, трывожныя, але трывогаю не злою, балючаю, а лёгкаю ды звонкаю.
Гамонка перарывалася, пераскаквала тонамі, на нейкі час спынялася, каб зноў пачацца...
Вось некалькі галасоў зліліся ў адзін, разбавіліся, сталі крапчэйшымі, мэрам бы хто набіваў абручы на жалезную бочку...
Раптам заіржаў конь і людскі гоман.
Што б там гэткае?
Рыгор прыпадняўся: не хацелася ўставаць — нядзеля — і паглядзеў. Наўскасяк акно, таму ў яго ваччу мігнулася колькі асоб, трасянуўшы поламі сівых світак. Зразумела — былі сяляне. Кірмаш, местачковы, звычайны. Заехалі сяляне ў карчму, абступілі перакупшчыкі.
Смагін — тыя ж Сілцы... Учора ехаў і злічаў — акурат. Вузкая, крывая вуліца. Пры хатах — садкі. У хатах — вячоркі: дзяўчаты, хлопцы. Прайшлі вуліцаю мужчыны ды з песняю:
— Ой, у лузе, лузе...
А за акном гучней:
— Х-га-а-га-га-а! Гм-гы-ы!
Няўжо гэткі ўпарты торг?..
Зноў гоман, падобны гулу...
«Пагляджу!»
Рыгор раптам саскочыў з ложка, у бялізне, тут жа абліты променем сонца — ачуўся каля акна. Але мігам адскочыў, засаромеўшыся. Захаваў постаць, а высунуў голаў і ўгледзеў:
Натоўп сялян.
Яны стаялі каля воза і сумяціліся, тупалі, гукалі. Усе — адвярнуўшыся к возу, на якім выдзялялася белая лугавіна. Рыгор прыгледзеўся, і калі адзін з сялян адышоў, зрабіўшы прагалак, угледзеў: на возе ляжала кабета; пад галавою — пульхная белая падушка на зялёным сене. Сагнуўшыся, кабета пільна глядзела перад сабою і балюча ойкала. Прытрымоўвала рукою грудзі, нібы зашпільваючы адзежыну.
— Вось, пане доктар. Не давязлі, бачыце. Паражаніца на возе!
То казаў белабрысы, худаваты, з рэдкаю бародкаю і тонкімі простымі вусікамі, вастраносы селянін. Ён быў заклапочаны і не адыходзіў ад доктара.
— Паруля, табе нядобра? — пытаў ён кабету.
«Радзіны».
Раніцою, пекным сонечным днём — па дарозе ў бальніцу.
Рыгор пусціў тварам вясёлую ўхмылку. Адышоў ад акна і стаў адзявацца. «Як хораша нарадзіўся чалавек! Хораша тым, што ўжо занадта проста і смела... На хаду, так сказаць, у руху... Цікава!.. Помню, як Лявонаў Юзік... маці жала авёс, а ён пад свіст сярпа... Тут жа — на дарозе... Цікавае нараджэнне! А якаво ж будзе яго жыццё? Якімі выхілясамі пойдзе далей яго дарога, што пачалася ў гразкім карчомным двары?..»
Абарваліся Рыгоравы думкі — сяляне выязджалі з двара. Адной абутай нагою, а другой босай — вярнуўся ён да акна і праз сонца, гарачае ды зыркае, паглядзеў на сівыя спіны: сяляне з доктарам ішлі за возам, гаманілі мяккім, як свежая трава, гоманам.
Рыгор шчыра схіліў голаў — гэтак даюць пашану вялікай заслужанай асобе — і даадзеўся.
Мыючыся, вярнуўся да перарваных думак: «Не хочацца раўняць да сябе, не... Толькі само напрашаецца, прэ... Амаль не год астрога — падумаць!.. Ці разлічвала маці, нарадзіўшы мяне, што прайду гэткую дарогу! Сілцы — Мінск — сотні разоў; Рыга — Сілцы, Сілцы — Рыга і астрог. А радзіўся, ці не свяціла, як і тут вось, сонца? Цуда? Чалавек — дробнае стварэнне, здаецца, а падумаць ды разабрацца — цэлы свет, вялікі і таемны. І вось, злучыцца сотня, тысяча гэткіх адзінак, і якая знойдзецца сіла! Горы парушыць, знясе на сваім шляху найбольшыя перашкоды».
На ўмывальніку зіхацелі разлітыя кроплі вады, і тонкія ніткі святла падалі на Рыгораў твар, сур’ёзны ды задуменны. Сонца выпякала на ім ранейшую свежасць, пакрывала цьмянаю загараю. У бровах, пасмутнеўшых ад пылу і духаты ў заводзе, мянялі нядаўнія рысы маладое міны. Усе адзнакі працоўнага жыцця — былі наповерху. Астрог, мукі няволі, высылка і доўгія пякучыя думкі пра мацеру, пра яе адзіноцтва — свяціліся ў вострым узроку, у лёгкім нахіле простае, роўнае постаці.
Рыгор натхнёна глядзеў у наступнае, лавіў вачыма яскравы промень і цешыўся нараджэнню чалавека, якое яго абудзіла.
Новае месца, куды Рыгор папаў, яго не смуціла. Не думаў Рыгор пра тое, як і навошта жыцьме, калі не ўстроіцца на рабоце. Але як яму наладзіць будзе сваю працу? Ці нойдзецца для яго належны размах? Ці ўложыцца ён у вузкія рамкі мястэчка? Ці лёгка ўдасца перайначыць сябе водлуг новых умоў?
Было шкада Рыгі, як месца, з якога яго выпхнулі, адарвалі ад рабочае гушчы, выслалі, заставілі пакінуць. Шкадаваў Рыгор і крыўдзіўся на самога, чаму не сумеў адстаяць сябе, заперакорыць і не здацца варожай сіле. Крыўда была глыбокаю і ўпічнаю.
Гэта ж ён, Рыгор, не так даўно ў тысячным натоўпе рабочых выходзіў з пераможнымі песнямі на вуліцу...
Цяпер жа, вось... А мо таго не было? Можа, то выпадковы скіц на палатне жыцця... не пераказны ўдвойчы?
Так далёка ад яго, а так свежа і яскрава! Ні астрог, ні правал забастоўкі, ні лакауты — у агульным жыцці, а ў прыватным — ні расстанне з Наталяю, з мацераю, з самаю працаю ў Рызе — не зацьмілі яскравасці ды свежасці тых перажыткаў.
Паўтарыцца — ён быў увераны, як у стук колаў сялянскага воза, на якім ехаў у высылку. Калёсы тарахцелі па нерастаўшых ледзяках і аголеных камянёх; возік тросся, штурхаючы яго аб білы, а сэрца цюкала: не мі-не-цца! Не мі-нецца! Адна бяда — гэта ў тым, што яго, чаго добрага, абыдуць новыя рыжскія здарэнні.
Рыга — кацёл на агні. Сёння астыгшы, а назаўтра — зноў у поўным кіпенні. Вось, здарыцца, закіпіць, а яму — не бачыць. Будзе балюча і крыўдна... Ці ж пажадаць, каб развіццё здарэнняў супынілася, пачакала яго звароту?
Дваццаць пяць вярстоў ад станцыі ды ціхая язда. Перагутарыў бочкі з вазніцаю, і часу для думак засталося. Але на гэтае пытанне Рыгор меў верны адказ: няхай здарэнні развіваюцца сваёю чаргою. Болей таго, няхай хутчэй выбухаюць здарэнні. Магутныя, агромністыя, неабсяжныя. Разліюцца іх хвалі, заліюць Смагін і паднімуць на сабе яго — Рыгора.
І па дарозе ў Смагін, і ўехаўшы ў мястэчка, Рыгор не кідаў гэтых думак. Яны моцна запалі ў яго істоту і, як камін агонь, падтрымлівалі надзеі.
З гэтай надзеяй ён ачуўся ў карчме, з ёю прачнуўся і, ёю абданы, глядзеў усцяж прыйшоўшаму дню, наступнаму часу.
ІІ
Сонца ўступіла месца для ценю: на правай сценцы пакоя паказаўся цёмны вастракутнік. Пукі променю скасілі ўлева. І белыя каплі, цуркі вады, што ліліся з капяжоў, з гэтага боку — пасерабрыліся. Іх нават было менш, ды, відаць, не з гэткаю рэзвасцю, з куды меншай напружанасцю падалі яны на зямлю. На сонцы, калі прабягала тоўстая рага вады, яе пырскі разляталіся зыркім галёнам ва ўсе бакі; драбнюткімі зоркамі адсвечвалі выбранае святло і смяяліся подыху вясны.
Заглядаючы ў акно, Рыгор ахапляў сваёю ўвагаю ўсе праявы жыцця. У яго істоце знаходзілася досыць пачуцця, каб адарыць ім кожную рэч, малюпаткую крупінку агульнага руху, што адбываўся ў яго перад вачыма. Гэты рух прыцягаў Рыгора да сябе, варажыў, прыкоўваючы к месцу і ў той жа час — цягнучы ў свой вір.
Ён не лічыў часу, колькі прастаяў каля ўмывальніка. Забыўся пра яду і не заўважыў, як чыесьці крокі падблізіліся да дзвярэй пакоя. Стук у дзверы і запыт, якім гэты стук падмацаваўся, былі для Рыгора раптоўнымі.
— Слухайце-э! Га-а?
— Выйдзеце, калі ласка.
Рыгор адчыніў дзверы.
Гаспадыня карчмы, поўная высокая кабета, неахайна адзетая, з закасанымі па локаць рукавамі, стала ў дзвярах. Яе ветлівы твар, агорнуты мяккаю ўхмылкаю, ласкава глядзеў на Рыгора. Карчмарка мэрам бы вывучвала пасуседа, каб запамятаваць яго.
Некалькі часу абое маўчалі.
— Вас разбудзілі? — запытала гаспадыня.
— Папрашу гарбаты.
Смех абоіх зліўся ў адзін. Карчмарка загаварыла:
— Напэўна, вас разбудзілі... Не ў пару... Сяляне, эх, без усякай далікатнасці!.. Што і казаць... Досвіткам — шусь у двор; паламалі вешніцы... Вунь! Чуць вокан не павыбівалі... Колькі крыку, ляманту!.. Разбудзілі ўсіх, напалохалі суседскіх дзяцей... Кірмаш, цэлы кірмаш — ды годзе! Падума-аць! Вязці ноччу цяжарную... Блізкі свет! Ці ж нельга загадзя паклапаціцца?.. Нядбайства... Ці ж то можа быць, каб з гэтага дзіцяці былі людзі! Куды там! Недарэчнасць адна выйдзе. Зломак...
Карчмарка гаварыла, як грамафон: адкуль браліся словы; неўпрыкмет варушыліся губы, а голас гучаў...
Сама стаяла роўна, непарушна, нібы гутарка падпірала яе з усіх бакоў, не даючы варушыцца.
Рыгор знарочыста паглядзеў на гадзіннік, каб гэтым даць кабеце зразумець, што яму некалі слухаць. Але карчмарка на нічога не зважала ці не хацела зважаць...
Яна на гэта мела свае матывы.
Не пазваць жа чужога чалавека, як сваё дзіцё ці мужа: ідзі, гэй, або як... Трэба, каб цябе людзі паважалі.
І з захапленнем казала далей:
— Думаеце, гэта дарма — не, то з рашчотам. Нашы людзі-ы з рашчотам... Ды не то, каб з рашчотам, а больш з недахопаў. Ад веку... Мы ж тут, па суседстве — дык ведаем, дасканала ўсё ведаем... Так і прыходзіцца жыць... Не верыце-э!.. Мы каля пятнаццаці гадоў з сялянамі маем справу... Што казаць!
Яна перадыхнула:
— Думаеце, выгадная рэч карчмарства? Вечна недаспіш, заўсёды на нагах; не спакоішся: то тое возьмуць, то тое паб’юць, то паломяць... Чыстаты ў хаце не бачыш ніколі! А заработак? І-ых! На ворагаў казана — заработак... Кожны ідзе, заязджае — нібы за ласку, па суседстве... Толькі што лічыцца заработак. Гады ў рады заедзе адкуль чалавек, вось, як вы, і толькі. Хаця б на тыдзень рублёў пяць наскрабаць... і то б добра... А то... Няхай яно спрахне гэткае рамясло!.. і гэткае жыццё!.. На ўсю сям’ю, на яду ды адзежу, калі маеш якіх дваццаць рублёў у месяц,— скачы. А прадасі якую рыбіну ці пляшку квасу — дык заробіш шастак, або чатыры грошы — напрадавайся, калі хочаш... Што казаць, што казаць!.. А яшчэ непрыемнасць заўсёды... Чалавек хацеў бы адпачыць, а другі бессаромна варвецца ў хату або ў двор, наробіць галасу, ляманту, і на табе... Цьфу!..
Карчмарка заварушыла сваю ўстойную постаць, замахала рукамі і змаўчала.
Рыгор раптам зняў з вешалкі паліто і павярнуў да дзвярэй.
Карчмарка пераняла яго:
— А гарбаты? Ах, я і забыла, што вы не снедалі. Ой, даруйце маю благую прывычку — люблю з чалавекам пагутарыць. Мой Шлёма лаецца на мяне за гэта — та што мне зрабіць, калі ўжо ўрадзілася балбатухай? Мо няпраўду кажу? Кожны чалавек — па-свойму. Чаму і мне не трымацца свайго?.. Бывае, што... Дык вып’еце гарбаты?
— Дайце, калі ласка... І папрашу хутчэй, бо зараз жа маю ісці.
Карчмарка павярнулася і выйшла з дзвярэй, але не пайшла; тут жа зноў адвярнулася да Рыгора і запытала:
— А вы былі ўжо ў нашым мястэчку? Вам яно знаёма? Тут нічога асаблівага, прынамсі, няма. Балота — што можа ў мястэчку быць? Чыгунка далёка, фабрык — ніякіх; вось, жывом, як мурашкі ў муравейніку... Усё тут... Але кожнаму свае справы...
Яна з апошнім сказам вярнулася на ранейшае месца, абаперлася на вушак і, забыўшыся пра гарбату, загутарыла далей:
— Ліба-а! Га, Лі-ба-а! Ідзі-ы сюды-і!
Карчмарка рухава цепанула цяжкімі плячыма, скрывіла міну і прамовіла:
— Вось-вось, ужо нешта ёсць... Го-о, ёсць! Ужо зноў набедакурылі... А-яй-а-яй!.. Бачыце-э, чуеце крык?.. Дачку заве...
Размахваючы рукамі, яна рушыла з месца і схавалася.
Рыгор зачыніў за гаспадыняю дзверы і не паспеў адвярнуцца, як пачуў з другога канца калідора:
— Я вось зараз прынясу вам гарбату...
Неўзабаве пастукалі ў дзверы.
— Уваходзьце!
— Адчыніце, папрашу.
Ён хутка адчыніў.
У каморку ўвайшла, з тацаю ў руках, маладая, чарнявая, гадоў васемнаццаць, дзяўчына.
— Добры дзень! — прывіталася яна, паглядзеўшы на Рыгора.— Выбачайце, што мама так доўга замарудзіла з гарбатаю... Яна ў нас ахвотніца гаварыць,— перапрасіла дзяўчына, гасцінна ўсміхнуўшыся Рыгору.
— Нічога, паспею выпіць,— адказаў ён, аглядзеўшы дзяўчыну.— Я таксама люблю гутарку,— дадаў.
Але гэта было да слова. Дзяўчына ж, пэўна, зразумела Рыгораў сказ іначай, бо, падаўшы гарбату, назнарок замарудзіла з выйсцем: яна перш атрапала настольнік, пасля паправіла крэслы, пераставіўшы іх з месца на месца, далей стала ўсцілаць ложак.
— Вось, асталося толькі падмясці і ўсё ў парадку.
— Дзякую!
Дзяўчына ўсміхнулася.
— Ах, я і забыла, можа, вам падаць малака? — схапілася яна.
— Не, досыць і гарбаты... Хіба ў абедзе...
— А вы калі прыйдзеце абедаць?
— Гадзін праз дзве, думаю... Ды яно для мяне ўсё роўна...
— У нас абед калі хоць... Будзьце ласкавы...
Рыгор ізноў падзякаваў маладой гаспадыні.
Тая завярцелася, як белка, плаўка ды лёгка, і з ціхім напевам вышмыгнула з каморкі.
Рыгор правёў яе ўзрокам і падняўся з крэсла.
У шклянцы на стале асталася недапітая гарбата, а на талерцы — лустачка намазанае маслам булкі.
Ужо сонца пакінула пакой. Толькі адна сцяна мылася яго адсветам.
У карчме пабольшваўся гоман. Разварушаныя думкі астудзілі жаданне хутчэй выйсці ў мястэчка, і Рыгор яшчэ на нейкі час астаўся ў пакоі.