ІІІ
Было а дванаццатай гадзіне дня, калі Рыгор пакінуў свой пакой. Перарваўшы думкі, ён выйшаў з карчмы і пайшоў усцяж вуліцы, напрамкам да рынку.
Свяціла сонца, неатуманенае, зыркае і прамяністае. Дыхала блізкаю вясною. Па баках вуліцы, рундучкамі, шпарка бурлілі джаролы. Гнядая каламутная вада радасна балбатала аб вясне. Бурыя, наздратыя кучкі зацалелага снегу падмываліся вадою і вачавідкі асядалі, меншалі. Сярэдзінай вуліцы, забруджанай густым пластом гавяжага гною, вытыркалі лобікі каменняў, падсушаных ужо сонцам. З поля падыхала прыемным, мяккім ветрыкам; мэрам бы ён, гэты ветрык, быў разбаўлены тым подыхам зямлі, асалоджалым, вызвай, які выпускалі яе рэдкія чорныя плямы. І цёмны лес, азалочаны сонцам, прыветна паглядаў на мястэчка.
Год назад тое самае: мінулая казка вясны калыхалася ў новым нараджэнні неўміраючай чароўнасці. Гэта яе калыханне выразна адчувала ўсё жывое. Слухалі буркаценне вады крыклівыя, з пачырванелымі грабянямі куры, растрасаючы пружыністымі лапамі смуродлівы бруд. Прыслухоўваліся да подыху ветру выпушчаныя з хлявоў каровы і авечкі; рыкалі і мэкалі ў бок поля, у бок лесу, настрэчу пачарнелым прасторам.
Доўгая чарада фурманак выцінала калёсамі па бруку ды па рэштцы лёду аднатонныя гукі. Рагаталі рэзвыя канякі, забруджаныя ў дарозе, з палахмачанаю шэрсцю. У жоўтых, пахучых дубняках, кажухах, у драп’ястых хустках, пілявыя, гаваркія, варушыліся ў саломе на вазах сяляне, сялянкі. Кожную фурманку лавілі пяць-шэсць пакупшчыкаў мяшчан; яны перапынялі каня, накідаліся на воз і мацалі рукамі прыхаваныя мяшкі, кошыкі, кублікі. Раз ад разу зграмаджаліся ў кучу некалькі фурманак, і сярод вуліцы адчыняўся кірмаш, з крыкамі, лаянкаю і, урэшце,— з гандлёвымі акцыямі...
На голых падгалістых дрэвах, што старажылі амаль не кожную хату, сакатала вараннё. Ужо яно будавала гнёзды, вяло вясновую варкатню...
На хібах стрэх, на вешалах пад стрэхамі хат — варкаталі галубы. З двара ў двор, у марцовым пудзе, ганяліся каты, пішчучы, як ашалелыя.
Каля хат, пры вярэях, стаялі мяшчане, акідаючы дбайнымі ўзрокамі гародчыкі.
Уся гэта шумлівая, рухавая, трапяткая суматоха выглядала нейкай прыемнай, забаўнай, п’янай бяседаю. Кожнае жывое стварэнне, чалавек і жывёла, смагна пілі з аднаго каўша малады сок жыццёвай прагі. Гэта прага п’яніла, гайдала, варушыла драбнейшыя сустаўчыкі кожнай постаці, прыдаючы ёй задзёр, варухлівасць, імпэт. У злітнай радасці, якую нясла з сабою вясна, выглядала векавечнае хараство, бурлівы вір нестухаючага бытавання, незапляменае вялічча неўміручага сусвету.
Рыгор не мог не захапіцца настроем прадвесны. Ён мо выразней усіх, каго бачыў перад вачыма, адчуваў яе калыханне. Ён востра адчуваў сваю вольнасць, яшчэ нядаўна скутую тоўстымі сценамі астрога, і сваю сувязь з акаляючым жыццём, нядаўна адрэзаны ад яго. Ідучы, ён аглядаў нізкія, старыя, часта пахіленыя хаткі, расчыненыя двары. У дробных вокнах адбівалася сонца, і здавалася Рыгору, што і ў гэтых хатках так жа вольна, весела і незалежна, як і на дварэ.
Незаўважна, разам з цугам фурманак, Рыгор уліўся ў рыначны вадакрут і пайшоў да крам. Чаго і што — ён сябе не пытаўся і не задумоўваўся. Ішоў, разглядаў у бакі, цікаваў.
Сяляне таўхаліся, церлі яго кажухамі і халатамі, перапынялі і путалі, але ён не злаваўся.
Каля крамнага рада яго зацікавіла грамадка людзей. Усе з местачковай цікавасцю абгаварвалі прылепленую на сцяне абвестку.
Рыгор прашыўся наперад і прачытаў таксама.
Абвестка паведамляла пра беларускі спектакль, які меў давацца наезнай трупай аматараў пад загадам Лучынскага.— «Будзе пастаўлена «Сватанне» і «Па рэвізіі».
«Сватанне», «Па рэвізіі», «беларускі спектакль» — было навіною для тых, хто таўхаўся перад абвесткаю, углядаўся ў чорныя высокія яе літары, па некалькі разоў слібізуючы дзеканне.
Нейкі мешчанчук, у жакетцы з блішчастымі гузікамі і ў шапцы з машастовым аколыхам, круглатвары і рэзвы, нездаволена матаў галавою ды пацвільваўся з вымовы. Казаў, азіраючыся вакола, як бы шукаючы спагады:
— Бе-э-ла-а-рускі-ы, па-дду-а-ма-а-еш! Ххі-ахха-а! Хха-ах! Будзе-э-э! Сва-танне-э!
Адным вокам ён хітра падмігваў сваім суседзям і нецярпліва крывіў губы, мяняючы выраз твару ад неспагады іншых.
— А паглядзець усё ж такі цікава,— не згаджаўся сярэдніх гадоў мужчына, у кажусе, рыжавусы.
Яго спакойлівы тон асадзіў кпітлівага мешчанчука, які раптам азірнуўся на свайго апанента і зрабіў здзіўленую міну.
— А пэўна, паглядзець цікава,— дадаў трэці з тых, што стаялі перад абвесткаю.
Памалу, слова за словам, паднялася спрэчная гутарка. Яна збірала ўсё большую ды большую грамаду. Вачавідкі гутарка дзяліла людзей на два станы, нязгодныя між сабою. Але можна было заўважыць, што спектакль меў за сабою пераважную большасць.
Рыгор нейкі час слухаў моўчкі, прыглядаўся да кожнага, хто прымаў удзел у гутарцы, пасля ўмяшаўся ў яе сам.
— А чаму, браце, ты думаеш, што гэта нейкія штукі? — абярнуўся ён да мешчанчука.— Мне думаецца, што тут зусім не так. Тут абвяшчаецца звычайны спектакль на беларускай мове, і ўсяго.
Усе абярнуліся на Рыгора. Яго хоць бедны, усё ж гарадскі выгляд, яго цвёрдасць і рашучасць у вымове ўняслі нечаканую струмень у спрэчкі. Стала яснейшай сама тэма, вакол якое ішла гутарка, і Рыгоравы словы гулліва разышліся па грамадзе. Многія падазрона паглядзелі адзін на другога, як быццам бы правяраючы нагаворанае імі пры афішы. І тут жа рыжавусы мужчына, шырока ўхмыльнуўшыся, спачувальна паківаў галавою. Другі ж селянін, у шэрай суконнай жакетцы, з манчжурскаю шапкаю на галаве, мнагазначліва праказаў:
— Ні з чаго не трэба смяяцца, каб на сябе не аглядацца.
Хутка за спектаклем была амаль не поўная спагада.
І як быццам бы таму, што гэта спагада падышла ў пору, пасля спрэчак, ды захапіла добрых паўтара дзесяткі чалавек, далей было лішнім стаяць перад абвесткаю. Усе разам зарухалі і хто куды — сталі разыходзіцца.
Рыгор не агледзеўся, калі астаўся адным, не думаючы, куды і што пайсці. Ён падышоў да абвесткі, яшчэ раз прачытаў яе ад слова да слова і вярнуўся ў сялянскую гушчу, адкуль і прыйшоў.
Абвестка навеяла яму розных думак і ўспамінаў. Пасля бліскучых гарадскіх тэатраў Рыгі, з іх шаломнаю ігрою, ад гэтае абвесткі веяла нечым мізэрным, бедным і шэрым. Але побач з гэтым як у абвестцы, так і ў яе змесце хавалася шмат цікавага. Кожныя аматарскія спектаклі, якія раней адбываліся ў Сілцах, часта пры яго ўдзеле, аднаўлялі яму мінулыя вобразы юнацкага задору і чыстых імкненняў. Мястэчка і тэатр! Ласне малое дзіва? Што і казаць — бударажыла людзей, паднімала на ногі маладога і старога, праганяла сон, застаўляла на момант забываць пра вечны цягучы ды ліпкі клопат... Вось-вось, паміж літар абвесткі выразна паўстаюць героі п’ес «На дне», «Яўрэі», спрытна загрыміраваныя кудзеляй, крэйдай ды сажай замест крамных муль. Сёмка, Волька, студэнт Эрдэль, Ляйнерт ды іншыя... «А ўсё ж даўно»,— прамігнула ў Рыгоравай галаве, і ён крута павярнуў направа.
— Стой! — раптам пераняў Рыгора чыйсьці зычны огук.
Рыгор прыпыніўся і паглядзеў на чалавека, які з шырокай ухмылкаю падыходзіў да яго.
— Не пазнаеш? — запытаў ён Рыгора.
— Не!
— Сроль, давай пазнаемся!
Рыгора здзівіла.
— Адкуль, і што, і як?
Нейкі час ён не ведаў, што сказаць, пра што запытаць таварыша. Прыглядаўся ў Сролеў твар. Брала сумненне ў праўдзівасці вачавідкага факту. Разам з тым забірала задавальненне ад нечаканай, зусім выпадковай, але прыемнай стрэчы.
Прымха нейкая, ды годзі!
І чорная бруднаватая бародка клінком на вуграстым твары Сроля, і абвісшыя рэдзенькія вусікі, што дужкаю апускаліся да бародкі, вяжучы яе ў адзін грушападобны малюнак, і капялюш на галаве, і дасканалы гарадскі чорны гарнітур, белы каўнерык замест заўсёдашняе рубашкі бардо, і палачка ў руках — усё гэта не ладзіла ў памяці Рыгора з тым партрэтам, які маляваў Сроля пры развітанні.
— Цябе цяжка пазнаць!
— Няўжо?
— Сапраўды. Вось гляджу на цябе і не веру...
— Смяешся... Рыгор... Пройдам...
Яны завярнулі між левага боку крамнага чатырохкутніка ў бок майдана.
— Дык якім жа ты чынам папаў сюды, Сроль? — цікавіўся Рыгор.
— А ты?
— Я зусім выпадкова, брат!
— Тое ж самае і са мною.
— Цікава!
— А то ж не?
— Кажы спачатку, Сроль!
Той азірнуўся назад, паглядзеў у бакі і пачаў у агульных рысах аповесць, як і што развіналіся здарэнні ў яго жыцці, чаму, як і калі ён папаў у Смагін.
Цэлы знізак выпадкаў — цікавых ды каразлівых, рашучых ды смелых — перапляліся між сабою і звілі поўную гісторыю Сролевага вандравання за апошні год.
Рыгор з аповесці таварыша дазнаўся, што Сроль у два месяцы пасля яго ад’езду ў Рыгу мусіў пакінуць Сілцы, каб не стаць ахвяраю паліцыі. Два разы прыходзіў станавы са стражнікамі на кватэру, траслі, адымалі кніжкі, састаўлялі пратаколы пра наведванне. Яўных доказаў, важкіх ды сур’ёзных, каб на іх падставе заарыштаваць Сроля, у паліцыі не было. Але паліцыя не магла супакоіцца на тым, каб пакінуць Сроля ў спакоі. Ведаў станавы, ведаў ураднік і шмат хто больш ведалі, што падваліна сілцоўскага сацыял-дэмакрацтва — гэта гарбар з Віцебска, Сроль Рэзнік. І паліцыя пільна чакала здатнага выпадку, каб ціха, бясшумна расправіцца з ім. Сролю аставалася адно — уцячы з Сілцоў. І вось Сроль адной цёмнай ноччу, а другой гадзіне па паўначы, пакінуў Сілцы. Ён накіраваў на Ліцк. А канчатковай станцыяй меў Слонім. Прабыў у ім тыдзень, пасля падаўся далей і, вандруючы з мястэчка ў мястэчка, апынуўся ў Смагіне...
У Смагіне ёсць некалькі гарбарскіх майстэрань, налічваецца ў іх да трыццаці чалавек рабочых. Паміма гарбарскай прамысловасці, ёсць у Смагіне і дзве слясарскія майстэрні, невялічкая ткацкая, каля дзесятка шчаціначных.
У Смагіне Сроль ужо болей двух месяцаў. Увайшоў у мясцовую арганізацыю, папаў у сябры камітэта і вядзе спорную, як і ў Сілцах, працу.
Глеба для гэтае працы вельмі лагодная — шмат людскога матэрыялу. Цікавасць працы падкрэсліваецца яшчэ тым, што ідзе вялікі перабой паміж бундаўцамі і іх сацыял-дэмакратычнай арганізацыяй. Аднак перавага за імі — сацыял-дэмакратамі. Галоўнае таму, што маецца крэпкая база на вёсцы.
Між іх арганізацыяй і арганізацыямі іншых раёнаў наладжана цесная сувязь; часта мяняюцца прамоўцамі, а некалькі разоў удавалася рабіць сумесныя сходкі ў ляску за рэчкаю, у пяці вярстах ад мястэчка.
Увогуле, па словах Сроля, абставіны ў Смагіне былі б вельмі добрымі, каб не шпегства, якое ў апошні час стала пагражаючым для мясцовых, а мо і суседніх арганізацый. Дзякуючы прадаўніцтву аднаго сябра бундаўскай арганізацыі, грозіць правал многім адказным таварышам. Праўда, яны прынялі належныя меры, але ўжо справа зайшла далёка і, можна баяцца, што з часу на час паліцыя навядзе пагром... Гэтая прычына вельмі азадачыла таварышаў з арганізацыйнага актыву, і некалькі з іх ужо на мінулым тыдні пакінулі мястэчка.
Ён, Сроль, таксама знаходзіцца пад уплывам гэтых настрояў і мо праз дзень — другі, у сваю чаргу, будзе вымушаны адлучыцца на нейкі час са Смагіна.
— Вось чаму я вельмі здаволіўся, калі напаткаў цябе. Гэта значыць, што ёсць каму рабіць справу...
Рыгор усміхнуўся.
— Чаму б не так. Але...
— Што але?
— Я зараз скажу, пачакай. Абодва спыніліся.