SommaireСокі цаліны
Квадра ІІІ - КРЫЖАВЫЯ ДАРОГІ, ЧАСТКА ПЕРШАЯ · 4 min de lecture

IV

Яны рушылі далей. Шырокі пляц, які запаўняўся падводамі ды людзьмі толькі раз у тыдзень, у аўторак, калі адбываліся ў Смагіне таргі, зараз пуставаў. Некалькі фурманак стаяла ля паркана зачыненага вучылішча; да іх цягнулася пяцера здаравенных адкормленых кароў. Кожны дзень яны тое і робяць, што шнайдараць па рынку, ад падводы да падводы, і жывяцца зусім нячэсным спосабам — кражаю чужога сена з вазоў.

Між шэрагу хат, якія складалі сабою бок вуліцы, адмяжоўваючы майдан ад лагавое вуліцы, праходзілі рэдкія пешаходы.

Час ад часу Сроль паглядаў у іх бок, як быццам бы вызначаючы кагосьці. Рыгор жа спакойліва цікавіўся кожнай мясцінаю, кожным будынкам, дрэўцам, адлеглымі за мястэчкам пейзажамі. Гэта адцягала яго ўвагу ад чаканага Сролем адказу на апавяданне, і ён упічна праказаў да Рыгора:

— Чаго ж маўчыш?

— А што?

— Кажы аб сабе.

— Ведаеш, забраўшы мяне настрой не дазваляе варушыцца языку. І хочацца казаць, і ёсць многа-многа пра вошта паведаць, а чамусьці так прыемна памаўчаць.

— Кінь, кажы...

Яны завярнулі ўлева. Рыгор на павароце праказаў:

— А ты думаеш, Сроль, што я дабрахвоць ачуўся тут?

— Нічога не думаю, а таму і пытаю. Якім чынам, кажы?

Ён знізіў тон і азірнуўся.

— Няма каго баяцца.

— Ды я не баюся.

І сам азірнуўся вакола.

— Мяне, брат, выслалі сюды ў адміністрацыйным парадку пасля васьмімесячнае адседкі ў астрозе. І, пэўна, паліцыя будзе мець за мною пільны нагляд. Так што справа з маёю заменаю другіх — не гэткая простая, як табе здаецца. Трэба абдумаць гэта пытанне ўсебакова... Зразумела, што я не адкажуся ад працы, не магу адказацца... Ты, брат, пэўна, чуў, як і што рабілася мінулым летам у Рызе? Ох, якая вялікасць здарэнняў! Што за ўздым! І вось я, прызнацца, адыгрываў у ім не апошнюю ролю... Разумееш, дапамагаў арганізаваць дэманстрацыю рабочых, выступаў з прамовай, прымаў удзел у сутычках з паліцыяй... Высунуўся, ведаеш, у першыя шэрагі партыйнае арганізацыі... Але разбурыла паліцыя і забастовачны камітэт і арганізацыйны камітэт... колькі было арыштаў ды высылак! Яшчэ, можна сказаць, я лёгка адплаціўся, а другія разасланы хто ў Сібір, хто ў Архангельск, Туркестан... Справы, бачыш...

Рыгор углядаўся ў Сролеў зацікаўлены твар.

— І, ведаеш, братка Сроль,— казаў ён далей,— усё маё жыццё перавярнулася ўверх дном. А складалася яно, бачыш, так. Пазнаўся з цэлым шэрагам таварышаў... Меў пару знаёмых дзяўчат... Ха-ха-ха! Апошняе смешна? Нечакана, само сабою звівалася ў калаўрот здарэнне за здарэннем, яскравыя, блішчастыя, буйныя па размаху і глыбокія па сутнасці... І вось, прыехаў сюды без грошай. Чужы кут, а выпадзе так, што доўгі час не будзе працы, тады як?.. Каб я адзін, а то ж дзесьці гаруе па мне маці. Шмат часу не пісаў ёй — старая заплачацца. А мо — хто ведае — што здарылася там з ёю, адкуль пачуеш?.. Ты, часамі, Сроль, не перапісваўся з Сёмкам ці з іншым кім?..

Сроль адмоўна паматаў галавой.

— Выехаў, і кончана? Сілцоў як і не было?

— Вядома... А як жа інш... Напішаш — будзе след для паліцыі.

— І то праўда...

Рыгор памаўчаў.

Яны падбліжаліся да пажарнае, што стаяла на адгоне некалькіх сажняў ад паўднёвага яруса крам.

— А я, ведаеш,— зноў пачаў Рыгор,— думаю як-кольвечы пабываць у Сілцах. Цягне адведаць...

— Гэта, па-мойму, небяспечна. Там, напэўна, на цябе зубы точаць,— перасцярог Сроль,— ці варта?

— Плёвая справа — няхай точаць; і наточаныя можна будзе выбіць... Ведаю...

— Расхрабрыўся, бачу! — засмяяўся Сроль.

— Якое там храбрасці трэба! Падумаеш!

Ён махнуў рукою, зрабіў два-тры крокі моўчкі і дадаў:

— Гэта яшчэ ў праекце, вядома... Мала што можа стацца за гэты час!.. Пэўна, што цікавей бліжэйшае, тое, з чым вось заўтра мушу спаткацца...

— Пра вошта гэта ты?

— Ды хоць бы аб працы... Скажы, браток Сроль, ці можна як-кольвечы ўстраміцца ў гэтым Смагіне на работу? Хоць бы змалага, якіх рублёў дваццаць у месяц зарабіць, га? А там — як кажуць — бог бацька...

— Я думаю, што можна будзе. Казаў жа — няўжо забыў? — што тут ёсць некалькі майстэрань па тваёй прафесіі. Заўтра зранку запытаю таго-сяго, а вечарам — угледзімся... Ты дзе спыніўся?

— У Крамніка... або я ведаю, дзе лепш!

— Не, нічога і там. Усюды аднакава. Не спадабаецца — можна будзе перамяніць... Так... А вось, наконт грошай як? Кажы.

— Краплюся пакуль,— неахвотна адказаў Рыгор.

— Ды чаго саромецца?

— Пэўна, тым болей перад табою... Вось паснедаў на саракоўку, а то яшчэ і абед заказаў...

Ён паглядзеў на гадзіннік:

— Ужо да вячэры блізіцца... Ды пэўна ж, скажу, як прыпрэ...

— Не хопіць — Крамнік паверыць... людзі добрыя.

Сроль знізіў голас і дадаў:

— І свае. Дачка ў арганізацыі... Бачыў мо?

— Так, яна падавала мне гарбату і прыбірала пакой... Прызнацца — цікавая дзяўчына... і таварыш...

Сроль адказаў на гэта ўкрадліваю ўхмылкаю:

— Кажаш, кінулася ў вочы, га?

— Заслугоўвае таго...

— Дык ведай, што мне яна даўно ў ваччу стаіць. Ха-ха-ха! Наскочыў, брат... Выпадкова, як бачыш. Мо не праўда?..

Апошнімі сказамі хлопцы абмяняліся пры самым будынку пажарнае.

Гурт дзяцей, што таўпіліся перад варотамі будынка, падняў зычны галас. Якісьці мужчына адганяў іх ад століка, за якім прадаваліся білеты на абвешчаны спектакль.

— Во, бачыш, што тут іх чаўпецца,— паказаў на дзяцей Сроль,— гэта ж тут сёння будзе беларускі спектакль.

— Я ўжо абвестку чытаў. Цікава наведаць...

— А вядома — навіна...

— Дык я ўжо адчуваю: мяшчан зацікавіла. Чуў, як дыскусіравалі перад абвесткамі.

— Няўжо?

— Сапраўды. Напэўна, людзям цікава, што за спектакль беларускі?..

— Ды тут усё цікавіць: муха-заваруха,— мястэчка, глуш...

Сроль тузануў Рыгора за рукаў і перабіў яго гутарку.

Рыгор агледзеўся.

Да пажарнае падбліжаўся паліцэйскі стражнік.

— Пойдзем дахаты?

— Давай!

Сроль адвярнуўся, каб ісці.

Рыгор перапыніў яго запытаннем:

— Дык мо зойдзеш па дарозе на спектакль?

— Чаму ж не...

Яны разышліся.

Квадра ІІІ - КРЫЖАВЫЯ ДАРОГІ, ЧАСТКА ПЕРШАЯ · 9 min de lecture

V

Рыгор не дачакаўся Сроля і рашыў ісці на спектакль адным.

Выйшаўшы на ганак, ён быў спынены воклічам:

— Можа, на спектакль?

Яго пытала маладая карчмарка.

— Так. Можа, маеце ахвоту?

— Калі не перашкоджу вам...

— Што вы, што вы...

— А ўжо так ці іначай, а правяду вас...

Бацька правёў дачку незразумелымі Рыгору мараламі.

— Я ведаю, не клапаціцеся,— адказала яна.

Рыгор памаўчаў, пакуль сышлі з ганка, пасля праказаў:

— Бацька непакоіцца?

— Ці ж патураць яму? — адмахнулася дзяўчына.

Каб адцягнуць яе ўвагу ад гутаркі з бацькам, Рыгор перамяніў тэму:

— Я чакаў тут аднаго таварыша. Выпадкам стрэўся,— але нешта ён не зайшоў.

— З таварышам спаткаліся? Я бо гляджу, што вы і абед замарозілі... Гэта ўдачліва. Вы, пэўна, тутка бывалі ўжо калі-кольвечы?

— Прызнацца, не. І не спадзяваўся быць, а вось таварыш найшоўся.

— Цікава, хто такі? Я ж тутка ўсіх ведаю.

— Ёсць гэткі...

— Вы робіце з гэтага сакрэт?

— Ніякага, паверце. Тым болей што мой знаёмы цікавы і для вас.

— Што-о вы, сапраўды?.. Хто ж бы ён быў?

Дзяўчына настаражылася і з узмоцненай цікавасцю чакала Рыгоравага паведамлення.

— Вы знарок? — не дачакалася яна.

— Я жартаў не люблю, калі яшчэ ды пры першым знаёмстве.

— Кажэце каму, ды не мне.

— А вам вельмі цікава?

— Прашу.

— Вы Сроля Рэзніка чулі?

— Ласне ён вам знаёмы? — з зацягам праказала дзяўчына.

— Не верыце?

— Не маю падставы... Але...

Яна крыху памаўчала і няўверана папрасіла Рыгора:

— Даруйце, як жа вас зваць?

— Рыгор Нязвычны...

— Гэта-а вы-і, Рыгор Нязвычны?

Дзяўчына акінула Рыгора ўзрокам з галавы да ног, мэрам бы запэўняючыся ў яго словах.

— Пры вас, ён самы... Чаму так дзівіцеся гэтаму, цікава?

— Так-так, ваша імя я ведаю. Мне Сроль многа разоў дапамінаў пра вас... Ды ён вас шануе! У яго вачах — вы ідэальны чалавек... Ён хваліць вас заўсёды... І я так рада, што з вамі спаткалася!.. Ды яшчэ гэтак цікава спаткалася...

— Дазвольце мне зваць па фаміліі... Здаецца, Крамнік, калі не мыляюся?..

— Так, Ліба Крамнік... Але скажэце мне...

— Гэта пасля, а цяпер...

З-за рагавое хаты прагучаў рэзкі воклік: ні то хтосьці каго зваў, ні то проста, займа здароў, нехта пракрычаў. Іх гутарка спынілася.

Ліба знаходзілася пад уражаннем спаткання з Рыгорам, пра якога раней многа наслухалася і які, дзякуючы гэтаму, мэрам бы астудзіў яе нядаўнюю рэзкасць. Але яна адчувала тое пачуццё ўмілення, якое яе местачковая непасрэднасць абудзіла ў Рыгору.

Рыгору не хацелася думаць пра заўтрашнія захады наконт працы — спакой вясенняе ночы апойваў яго асалодаю новага знаёмства. Гэта казытала яго істоту, засцілаючы мяккаю ўтульнаю ўслонаю жорсткія хвіліны нядаўніх перажыткаў.

— Прыйшлі,— паведаміла Ліба.

— Можа, яшчэ рана? — запытаў Рыгор.

Запытаў назнарок, бо было відаць, што спектакль яшчэ не пачаўся. Пра гэта сведчылі гурткі людзей, што стаялі перад варотамі будынка, шолам, крыкі дзяцей; сведчылі непрычыненыя вароты, з якіх выплывала шырокая паласа святла. Але разам з гэтым чуўся ў пажарнай перапеў музычных зыкаў: музыкі наладжвалі інструменты. Пачатак спектакля набліжаўся.

— А ці нас месцы не разлучаць? — пажартаваў Рыгор.

— У мяне дзесятага рада — хто будзе глядзець!

— Вы дазволіце сесці побач?

— Які вы, Рыгор... Калі ласка! Абы не мяшала вам!

Яна хацела яшчэ нешта сказаць, але яе паклікалі:

— Ліба!

— А, гэта ты, Сроль? Прабірайся сюды...

Праз хвіліну Сроль стаяў каля іх.

— Што так запазніліся? — пытаў ён.

— Чаму, яшчэ ж не пачыналася,— адказала Ліба.

— Зараз пачнецца... А ты хочаш прыйсці ў палавіне спектакля?

— А чаго гэта па гразі таптацца...

— Падумаеш!.. Ідзем у сярэдзіну, Рыгор?

Яны прайшліся праз грамадку мяшчан і ўвайшлі ў памяшканне пажарнае.

У пажарнай было светла і прыбрана. Па сценах вілася дзераза. У кутках, між сцен, і перад сцэнаю стаялі стройныя ялінкі. Радкі елак былі паўтыканы ў траму і бэлькі. Злева перад сцэнаю, якая была збіта з новых смалістых дошчак і завешана заслонаю з дамашніх тканін, сядзелі музыкі; іх было шэсцера. З другога боку, пры дзвярах на сцэну, шумліва таўпілася грамадка моладзі. На расстаўленых доўгіх, няўстойных лаўках, разапятых ад сцяны да сцяны, сядзела ўжо чалавек з паўтараста мяшчан. Чалавек дваццаць стаяла на «галёрцы», бач у месцы, агароджаным ад лавак тоўстаю жэрдзінаю, а ад папярочнае сцяны — пажарнымі драбінамі. З дзесятак хлапчукоў тарчала на бочках ды насосах, што стаялі ў кутку за драбінамі...

Пакуль Рыгор з Лібаю ды Сролем знайшлі свае месцы, музыкі загралі якісьці гучны, какафонны марш і гэтым перацягнулі з вуліцы ў пажарную рэштку публікі. Моладзь, што грамадзілася пры дзвярах на сцэну, хутка расселася: частка яе апынулася на месцах, частка знікла за кулісамі.

Кароткі марш закончыўся бразгатнёю трупцявага званка, за некалькімі ўдарамі якога заслона няўдалым скруткам пакацілася ўгору.

Прыбраная зеленню сцэна, прадстаўляючы сабою воласць, пацягнула да сябе сотні пільных, настарожлівых вачэй. Яшчэ вастрэй праразалі гледачы густы змрок «салі», калі сцэна ажыла ад рэзвых гутарак і порсткіх павертаў артыстаў, прыбраных у вясковыя вопраткі. Белыя світкі і магеркі, паласатыя спадніцы пад чырвонымі чалмамі хустак, знаёмая хатняя, надворная ды палявая мова — востра імпанавалі прытоенай, злітай у адным непарушаным маўчанні «салі». На тварах гледачоў гуляла дзівовая ўхмылка і рэзвая цікавасць. Многія пераглядаліся адзін з другім, ківаючы галовамі... Калі дзея паглыблялася, разгартаючы сюжэт і сэнс п’есы, на «галёрцы» паднімаўся смех і выгукі, якія стрымліваліся з месцаў.

Рыгор пільна сачыў за сцэнай, але публіка раз ад разу адцягвала яго ўвагу на сябе. Ігра, здавалася яму, была добра наладжанай, дапасаванай.

Ён з увагай сачыў за развіццём п’есы. Яе просты, незамыславаты сюжэт кампенсаваўся для Рыгора асалодаю напеўных дыялагаў.

Ужо набліжаўся антракт, калі яго настарожанасць прарвала знаёмая гутарка новага персанажа на сцэне. Гэта гутарка належала артыстцы, што грала ролю нявехны.

Ён натужыў сваю памяць і атрымаў пацверджанне знаёмасці ў характары яе знадворных рысаў. Ён здзівіўся: як тое можа быць, каб на сцэне чакала яго неспадзяванка?

Заслона важка пала на падлогу, і яе стук зліўся з словамі Рыгора, накіраванымі да Лібы і Сроля:

— Я прайду за кулісы, а вы пачакайце мяне тут...

На яго пытальна паглядзелі з абодвух бакоў.

— За кулісы-і? — прагучала ў Рыгора над вухам. І чацвёра вачэй перакрыжавалі яго пытальнымі ўзрокамі.

Бляск гэтых узрокаў, аднак, не стрымаў Рыгора, і толькі супакойваючы мах рукі правёў паветраную рысу перад вачыма яго суседзяў.

Праз хвіліну, не болей, Рыгорава постаць знікла ў натоўпе шумлівых гледачоў, што густою сцяною адрэзалі сцэну ад салі.

Паўторны ўздым заслоны прадстаўляў перад імі здзіўленых нечаканым поспехам артыстаў.

Тая, чый голас і чыя постаць прыцягнула Рыгора да сцэны, ажно трэці раз з часу сканчэння дзеі прадэманстравала перад неўгамоннай саляй.

Яна, напэўна, не паспела пакінуць сцэны, з пукам кветак у руках, калі першы сігнал абвясціў пра набліжэнне другое дзеі.

Густы трупцявы гук званка справадзіў Рыгора назад на яго месца.

— Што ты там не бачыў? — пацікавіўся Сроль.

Расчырванелы Рыгораў твар таіў у сабе лёгкае нездавальненне. Адчуваючы гэта, Ліба чакала яго адказу.

— Ёсць справа.

— За кулісамі?

— Уявіце сабе, што так, за кулісамі...

— Вось гэта нумар...

— Нявехну, здаецца, грае знаёмая асоба...

— ??

— Няйначай... І гутарка, і постаць, і нават манера паваротаў мне дапамінаюць... Гэлю...

— З Рыгі?

— З Сілцоў... Няўжо я абманьваюся?

Рыгор не адцягваў свае ўвагі ад гэтага пытання на працягу ўсяго спектакля.

Рупясць хутчэй праверыць сябе падганяла хаду іграння.

І толькі зарухала ў няроўным сувоі драпястая заслона, каб затуліць сабою зацягнуты спектакль, як няўкосная прагаліна да выйсця за сцэну аддзяліла Рыгора ад Сроля і Лібы.

Развітальныя воплескі гледачоў, як падзяка артыстам, шчодра рассеяліся па ўсёй «салі» і паплылі ў густую цемень веснавое ночы.

Апоеныя імі, паважна, лёгкім цугам ішлі за імі артысты, хаваючыся ў імпазантным акружэнні гледачоў.

— Які я, аднак, цудны...

Недавыказанае сумненне згасла перад пытальным узрокам, накіраваным да Рыгорава твару маладою жанчынай.

— Рыгор?!

Знаёмы, а цяпер наяўны Гэлін вокліч рушыў Рыгора з месца.

— Гэля?!.

— А ты адкуль гэта і чаго?

Як назнарок, гледачы адрэзалі іх ад светлае палосы чырвонага праменя, што незатухшыя лямпы кідалі яго ў расхляпешчаныя вароты пажарнае.

Чорны цалун ночы атуліў іх густым змрокам неразгаданай выпадковасці.

— Хоць бы на цябе паглядзець, Рыгор! Давай на святло... Чаго хаваешся ад мяне... Хі-ха-ахх!

Гэліна пруткая рука, яшчэ не зусім адвыклая ад крутых паваротаў з сярпом ды плугам, сашчапілася з Рыгоравай у локцевым загібе.

Яны павярнуліся ўправа, туды, дзе толькі што ляжала святло, і, знячэўку, наткнуліся на дваіх чалавек, чуць не стукнуўшыся лбамі.

— Выбачайце!

— Рыгор? Ты блудзіш?

Сролеў вокліч спыніў іх на адгоне двух шагоў адных ад другіх.

— Якая цемень!..

— Далучайцеся да нас, і мы павядом дахаты Лібу.

— Вось падзівіся на Гэлю, калі хочаш...

— Гэлю Сідараўну? Што-а ты кажаш!

— Будзь апосталам Фомкам, і...

Здаровы малады смех, у якім патанула каразлівая нечаканасць стрэчы, зліўся ў адну гармонію са звонкімі адбоямі крокаў, веерам рассыпаных у акіяне ночы, і мяккім хрустам падмерзлае гразі.

За смехам разліўся квартэтны пераплёт ажыўленае гутаркі, якая паходзіла на бурлівае цячэнне вады ў перапоўненых джаролах.

У іх гутарцы зніклі пісклівыя скрыпы зачыненых варот пажарнае і недаўменны трэск вартавое брашчоткі.

— Пара спаць! — пачуўся збоку чыйсьці ўпічны голас.

— Рады слухаць,— адказаў Сроль.

Яго жартаўлівы тон тут жа зліўся з сур’ёзнаю прапановаю Лібы:

— Сапраўды, пара ісці дахаты...

Яны падзяліліся, праз некалькі хвілін згубілі адны другіх з ваччу.

На мястэчку зрабілася ціша, якая ўдзячна яго жыццю познімі начамі ранніх вёснаў.

Дзесьці ў аколіцах, у бок патухаючых жоўтых агеньчыкаў, чулася старанная канкурэнцыя ў брэху двух сабак.

Далей за згонам іх брэху вынікалі перабойныя гукі невядомага стварэння.

— Гэта твая гаспадыня?

— Слаўны яна чалавек!

— Паспеў ужо разведаць?

— Ці доўга пазнаць харошага чалавека!

— Ды яшчэ табе.

— Кожнаму... Гэля, ну скажы ж ты мне, калі ласка, гісторыю гэткіх нечаканых перамен у тваім жыцці... Я ўсё яшчэ пад іх уражаннем...

Да дзесяці крокаў яны ступілі моўчкі...

— Паверыш, Рыгор, вось ужо столькі часу, як я думала над гэтым... Думаю, і не магу сабе ўявіць, што са мною сталася... Мне не верыцца, што трапіла на сцэну, што я пераехала мо з дзесяць розных мястэчак ды гарадкоў... Не верыцца, што я іду вось з табою не па Сілцах, а па нейкім Смагіне...

— Ну, хто ж усё-ткі табе парадзіў гэта або прымусіў цябе пайсці?

— Маўчы лепш,— перабіла Рыгорава запытанне Гэля: — тут не знайсці канцоў... Вінаваты бацькі — ты ж іх добра ведаеш! Вінаваты мой муж, вінавата і сама... Болей сама... Дзявочая слабасць нарабіла ўсё... Пятрусь паехаў і змоўк... Я начамі не спала — думала і дратавалася... Чаму такі ён астаўся гэткім няўдзячным да мяне!.. І мэрам бы на злосць яму бо іначай не зразумець маёй выпадковай парыўчатасці я звязалася з Вусікам... Прыехала ў Сілцы трупа і на спектаклі, вось як з табою сёння, стрэлася з ім... далей-болей — і бачыш. Артыстка-а! Ххі-хі-хі! Артыстка!.. Хоць бы бацькі словам папярэчылі — абы збыць...

— Дык ты замужам, Гэля? Дазволь павіншаваць!..

Рыгор знайшоў у цемнаце Гэліну руку і намерыўся поціскам яе перадаць сваё таварыскае павіншаванне.

Але яна раптам вырвала руку і зрабіла ёю адмоўны мах.

— Не трэба! Не варта віншаваць!

— У чым справа? — недаўменна запытаў Рыгор.

— Я не ведаю, да чаго прывядзе маё замуства... Так... Мой чалавек... Хтосьці ідзе за намі?..

Яны сцішылі хаду і замаўчалі.

Наганяўшы чалавек сігнальна кашлянуў.

— Гэта ён,— прашаптала Гэля і канвульсіўна ўздрыганула.

Рыгор настаражыўся.

— Гэля! Ты ж куды? — пачулася збоку іх.

Гэля стала і прытрымала Рыгора.

— Будзь знаёмым, Лазар, з маім земляком: Рыгор Нязвычны.

Мужчыны моўчкі, але ветліва паціснуліся рукамі.

— А я быў на кватэры і, не знайшоўшы цябе, думаў, што ты...

— Якая клапатлівасць! Ххі-хі-хі! Бачыш, Рыгор...

— На дварэ, апоўнач — і ўсё на месцы, а ты...

У тоне Лазаравых слоў прагучаў калючы ўпік, так дасканала вывучаны Гэляю.

— Сутрымайся хаця перад чужым чалавекам! — пераняла яна мужа.

— Прашу без ушчункаў... Самой трэба ведаць, што нянькі...

Гутарка брала прыкры напрамак. У ёй гучала ўкосная дэманстрацыя супроць Рыгора. Каб ахаладзіць вачавідкую расстроенасць Лазара і выбавіць Гэлю ад далейшых непрыемнасцей, Рыгор перарваў іх супярэчкі заявай:

— Дазвольце пажадаць вам добрае ночы!

— Што так раптоўна? — з фальшывым далікацтвам запытаў Лазар.

— Я першы дзень у чужым месцы.

— Хаця ж не заблудзі, Рыгор...

Адышоўшыся мо на двое сажняў, Рыгор быў пераняты воклічам Гэлі:

— Дык мы чакаем цябе заўтра ў нас... Перадай, калі ласка, Сролю, каб і ён зайшоў... Кланяйся яму і перапрасі ад мяне, што я забыла яго пазваць... Мы спыніліся ў Брэхмана — каля касцёла...

— Дзякую — добра...

Яго нягромка сказаныя словы заглушыла потайкам набліжаная амаль да самага вуха брашчотка вартаўніка.