VI
У «гатэлі» Брэхмана было, як на рынку. Стаяў шолам, галас. Шасталі дзверы, як на вакзале, з пакоя ў пакой несціхана бегалі мужчыны, жанчыны. Адны з іх напявалі розныя арыі з опер, іншыя вывучалі ролі; хтосьці граў на дудзе, выцінаючы жаласліва-мінорныя тоны; адзін з артыстаў, стоячы на калідоры, барабаніў вершы. Какафонія зыкаў густым струменем выбівалася з вокан «гатэля», разлятаючыся па майдане.
Кучкі дзяцей грудзіліся пад вокнамі, найшоўшы сабе забаву і ўцеху перад дагэтуль ціхім «гатэлем» Брэхмана.
Гаспадар гатэля, Міхель Брэхман, тупаючы па двары, задаволена пачэсваў бараду: госці былі незвычайныя, гарадскія: яны давалі зарабіць. Па некалькі разоў на дзень заказвалі самавар. Патрабавалі піва, віна і закускі... Жонцы, і дачцэ, і служанцы Міхеля — работы па горла. І Міхель Брэхман, даўшы свой дом амаль не ў поўную ўладу артыстам — не дбаў больш ні пра што, як толькі пра тое, каб яны чым найдаўжэй у яго прастаялі. Ён расхвальваў гасцей суседзям і, хто зазіраў у вокны «гатэля», пераймаў гутаркаю:
— ІПто-о за людзі-ы!.. Такіх я на вяку сваім не бачыў... Ды не толькі я, а наш Смагін, наогул...
Яшчэ гасцінней сустракаў Міхель таго, хто заходзіў наведаць артыстаў.
Рыгора са Сролем Брэхман сустрэў гасцінным прывітаннем і дагадліва запытаў:
— Вы пэўна да нас?
Пачуўшы, што да «іх» — вярнуўся і правёў у самы «гатэль».
— Вас ужо зранку чакаюць...— папярэдзіў ён.— Вы стукайце, і яны вас пусцяць.
Гэля з мужам з самае раніцы прыбраліся да стрэчы гасцей, і гутарка іх з Міхелем вывела абаіх з пакоя.
— А мы ўжо думалі, што вы не прыйдзеце... У нас гэткі вэрлах! Выбачайце — цыганскае жыццё...
— Грэх было б выбачаць перад намі... Кіньце...
— Ну, вы ж такія госці, што хто б мог думаць вас прымаць у гэткіх умовах...
— Трапляецца...
— Ой, не кажы, Рыгор...
Гэля аберуч хапілася за голаў.
— Кінь! Ты ўсё яшчэ, я бачу, не можам прывыкнуць да абставін нашага жыцця!..— папракнуў яе Лазар, увіхаючыся каля накрытага стала.— Бацькаў запечак не досыць намуляў бакі...
Усе засмяяліся на Лазараў сказ.
— Давайце, сябры, разам... Гэля, запрашай гасцей...
— Калі ласка, Рыгор, Сроль, займеце месцы... Выбачайце ўжо... Няхай наша спатканне скрасіць недахопы нашага пачастунку...
— Кінь, Гэля... Гэта не ў Сілцах...
— І хто б то мог спадзявацца... Я ўжо казала Рыгору... Ці не праўда, Сроль?
— Чалавек з чалавекам — не гара з гарою,— адказаў Сроль.
Лазар падняў налітую чарку і агаласіў:
— За нечаканую стрэчу?!
Але ніхто не паспеў адказаць, як раптам адчыніліся дзверы і ў пакой прасунуўся загіб бляда-ружовага, груба нагрыміраванага носа:
— Можна?
— У чым справа?
— Выбачайце! Я думаў, мы зрэпетуем гэту сцэну яшчэ раз...
— Паспеем,— падаў Лазар і адвярнуўся да кампаніі.
— У вас яшчэ мае быць спектакль? — запытаў Рыгор.
— Сягоння пакідаем Смагін... Разбярэш з імі...
— Так хутка?
— Знача за стрэчу і за расстанне?
Сроль кіўнуў Рыгору, і ўсе ўчацвярых выпілі налітыя чаркі.
— Закусеце! Прашу вас... Бо калі зноў сустрэнемся — няведама...
— Сустрэнемся, Гэля,— перабіў Рыгор: — нябось, ты не думала пра Смагін, а між тым...
— Паверыш, ніколі не думала...
— Дарогі крыжуюцца...
— І заплятаюцца вузламі.
— Паверыце, смяялася, калі Сёмка перадаваў табе, Рыгор, уклон: «Угледзіш, Гэля, і прасі яго, каб ён забраў мяне»...
— Гэта Сёмка так?
— А то ж бо то... Зямля вымусіць... Мо ж памятаеце, як ён біўся з бацькам над сваім мізэрным гаспадарствам. Мука адна...
— Сацыялізацыя запазнілася, — пажартаваў Сроль.
Яго сказ астаўся незразумелым ні для Гэлі, ні для Лазара, і ён тут жа паабяцаў:
— За лепшую будучыню!
— Дачакаешся!
— Што за неймавер’е, Гэля! — папікнуў Рыгор.
— Калі мяне не радуе нічога.
— І твае поспехі на сцэне? — запытаў Сроль.
— Вот ужо жывое насміханне.
— Дайце рады — ніколькі...
Гэля з адбіткам самаздавальнення на твары ўстала з месца, паправіла на сабе скамечанае адзенне і падліла ў шклянкі піва.
— Не саромейцеся...
— Нашла каго сарамаціць...
— Я думаю... А Сёмку, хлопцы, трэба выручыць... Яго Сілцы зассуць дарэшты...
— Але, па-мойму, ён не здатны іх пакінуць... Каб на іншага, ужо даўно можна было б на іх махнуць рукою.
— Не кожны гэта можа зрабіць...
— А ты?
— За яе — мяне дзякуйце,— пахваліўся Лазар.
— А то ж не праўда? — ветліва паглядзела на яго Гэля.
— Не чакаць жа Сёмку, пакуль знойдзецца добры ангел і вынесе яго на сваіх крыллях з Сілцоў...
— Так, яго пільна сцерагуць гэтыя ангелы...
— Якія такія ангелы?
— А ты ж хіба, Сроль, не ведаеш, што з Сёмкам было?
Усе настаражыліся.
— Ты не жартуеш?
— Чаму вы мне не хочаце верыць?
— Адкуль ты ўзяла?..
Гэля расказала гісторыю з Сёмкам, якога, незадоўга перад яе выездам з Сілцоў, паліцыя арыштавала і пад канвоем прывяла з поля ў мястэчка.
Гэта навіна востра зацікавіла Рыгора і Сроля. Яны рэшту часу, праведзенага ў гасцях у Гэлі, не астаўлялі Сёмкі без свае ўвагі.
Кожны стараўся лепей вымеркаваць план, калі б і як перацягнуць Сёмку з Сілцоў у горад.
Але ўрэшце ім не ўдалося спыніцца ні на акрэсленым часе, ні на пэўным горадзе.
І Рыгор, і Сроль пакуль мала арыентаваліся ў сваім наступным. Перад адным і перад другім, аднака, губіліся няясныя перспектывы іх будучыні.
У адносінах да Сёмкі пры іх аставалася ўсяго добрае сэрца і цёплае пачуццё таварышаў — ды ці ж з гэтым адным можна было ўступаць у вайну з жорсткім жыццём з-за таварыша?
Для Гэлінага гонару, аднак, хапала таварышавага завярэння, і яна з здавальненнем сустрэла ўспыхшае ў сабе жаданне паведаміць пра гэта Сёмку.
Але ўжо праз некалькі хвілін пасля гэтага, калі нечакана для ўсіх пад вокнамі загрукацелі падводы, а па «гатэлі» ўдвоілася ад’езная сумятлівасць, Гэля забылася мімалётнага парыву,— праўдзівей,— ён затушыўся ў яе нутры непрыемнай выявай сапраўднасці.
Гэта ж сапраўднасць вачавідкі пляміла чорнаю хваробаю халоднага расстання цеплату і бляск знянацкай мілай стрэчы...
Хлопцы выразна адчувалі прыкры настрой пераддарожжа, што раптам заваладаў Гэляй. Яны з няцерпам чакалі знікшага з пакоя Лазара, каб развітацца.
— У цябе па-нашаму, Гэля,— мяркуючы развеяць яе сум, спачувальна праказаў Рыгор: — тут сядзіш, а тут паднялася і ляці.
— Ой, я ўжо так стамілася ад гэтых пералётаў, што яны мне, як нож у сэрца.
— Толькі без роспачных думак... Я бачу, што ты ёмка прыстасавалася да падарожнага жыцця.
— Ты хіба смяешся?
Гэля адвярнулася ад адчыненага куфэрка, у якім наздзіў шустра гаспадарылі яе ўвішныя рукі, і ўпічна паглядзела на Сроля.
— Усяго і ўцехі, што ў прыказцы: «голы збірайся — голы гатоў».
— Гатова? — не зразумеў яе ўляцеўшы ў пакой Лазар.— Наробяць пажару, як на цягнік спешучы,— вылаяўся ён, бегаючы па пакоі: — думалі к вечару, а яны — на табе, а полудні...
Пасля спыніўся, каб прыняць ад гасцей падзяку, і развітаўся з імі.
— Даруйце, што ў гэткую пару мы запрасілі вас,— выбачыў ён.
— Шкадуем, што мы вам не маглі адплаціць тым жа! — адказаў за дваіх Рыгор.
— Хіба ўжо пры чарговым спатканні,— пажартаваў Сроль.
— А гэта не безнадзейна!
— Калі не суджана будзе вам вярнуцца ў Сілцы! Га-а, Рыгор,— дадала Гэля.
І, адарваўшыся ад упакоўкі, яна пачакала Рыгоравага адказу на запытанне.
— У гэтым не магу цябе запэўніць,— адказаў Рыгор.
— Усё ж я буду прасіць цябе, калі здарыцца наведаць Сілцы — не забудзь перадаць маім бацькам пра наша спатканне...
— Ці ж варта дапамінаць?..
Магчыма, іх гутарка зацягнулася б яшчэ хвілін на дзесяць — дваццаць — вострасць яе, як звычайна бывае перад расстаннем, хутка ўздымалася, але Міхель абарваў іх сваім уваходам у пакой.
Заклапочаны ад’ездам артыстаў, ён не абмінуў паскардзіцца Рыгору з Сролем на сваё пагоршанае, у звязку з гэтым, становішча.
— Вось так і жывеш — выпадкамі, толькі выпадкамі,— развёў стары рукамі: — лёс прынясе добрых людзей — і з тэю ж раптоўнасцю іх забірае... Каб у яго было болей літасці да мяне, старога,— магчыма б, і я мог крыху акрыяць... А то... І мне добрыя людзі трэба, трэба яны і Крамнікам, ды яшчэ і іншаму каму... Ці ж гэта невядомая рэч?..
Не стрэўшы адказу, ён абярнуўся да Лазара:
— Вось вам, калі ласка, рахунак...
Узяўшы з рук Міхеля кавалачак спісанай паперкі, Лазар пачаў лічыць грошы. Лічачы, ён не заўважыў, калі Рыгор з Сролем выйшлі з пакоя. Праляцелі ў яго між вушшу і апошнія пажаданні поспеху, пасланыя імі Гэлі...
Толькі праз акно ён прыкмеціў беглае прамігненне пары чорных кропак — якія прадстаўлялі галовы Рыгора і Сроля. Яны схаваліся за сцяною ўправа, у бляску расчырвоненага променя, што паказваючы на мароз, сонца ліло яго ў разварушаную каморку.
VII
Калі разыходзіліся па хатах, Сроль паабяцаў Рыгору яшчэ з тым-сім пагутарыць пра работу.
— А ты мне паведаміш пра вынікі твае гутаркі?
— Можна нават і сёння.
— А сапраўды, заскоч вечарам.
— Пастараюся.
Думкі аб працы чамусьці нямоцна мулялі Рыгора. Праведзены ў Гэліным пакоі час разагнаў буднія клопаты. Іх вострасць пасабляла згладжваць і тое, што Рыгор меў выпадак напаткаць у Смагіне Сроля. У выпадку зацяжнага безрабоцця — ён ведаў — Сроль нойдзе магчымасць выручыць яго. Праўда, Сролевы намёкі на небяспеку з боку паліцыі сулілі іншы паварот у справах. Але яго сённяшні настрой не паказваў на сур’ёзнае становішча. Ды застань яно Сроля знянацку — Рыгор патрапіць абмацаць цвёрдую глебу пад нагамі.
Прынамсі, ідучы да сябе, Рыгор не адчуваў жаднае трывогі за блізкае наступнае. Наадварот, навеяныя праведзеным днём думкі смела пераносіліся праз паліцэйскія перашкоды ў шумлівыя асяродкі рэвалюцыйнага руху. На фоне пазалочанага неба вырасталі памятныя вобразы рыжскіх падзей, праломленыя ў пецярбургскія інтэрпрэтацыі.
Пецярбург!..
Перад Рыгоравымі вачыма, як з-пад зямлі, вырасла здаравенная постаць паліцэйскага стражніка. Блішчастыя масянжовыя гузікі адбівалі праменне павісшага над лесам сонца. Змяіным узрокам пракалолі Рыгораў твар шэрыя стражніцкія вочы. Але мясістыя яго губы гультайна ляжалі адна на другой і дубовае аблічча выглядала летаргічна спакойна.
— Выбачайце!
Стражнік не паварушыўся, і Рыгораў дзюпарты башмак трапіў у заскарузлую ільдом калдабоіну.
І толькі тады, калі Рыгор стукнуў нагою па падсохлай дошцы, каб выліць з башмака ваду, стражнік паважна абярнуўся, прамерыў вачыма адгон ад сябе да Рыгора і спакойліва рушыў у бок, куды ішоў.
— Чучала! — паслаў яму Рыгор удагон, і ўмомант выпусціў з памяці паліцэйскага.
Але пры ўзыходзе на ганак карчмы яму дапомніла пра яго Ліба:
— Вы мелі прыемную стрэчу?..
— А менавіта?
— Хіба ж не напаткалі стражніка?
— Так, меў шчасце.
— Ён ад нас.
— Ласне?
— Меўся вас наведаць.
— Хто яго прасіў?..
— Напэўна ёсць інтарэс.
— Да ўжо ж...
— Бацькі перапужаліся; вы суцешце іх, калі пытацьмуць... Вы будзеце абедаць?
— Калі ласка.
Рыгор прайшоў да сябе і ўспомніў, што яму трэба было наведаць стан.
Было ясна, што стражніку ўсяго і было да яго справы, як пытанне прапіскі. «Гэта, зразумела, дробязь, усё ж павявае агідай»,— праказаў сам сабе Рыгор, і тут жа рашыў азнаёміць Лібу са сваім становішчам.
Калі Ліба прынесла яму абед, Рыгор выпаўніў сваё рашэнне.
Ліба стрэла яго паведамленне зусім спакойна і толькі папярэдзіла:
— Бацькам, аднак, прашу вас нічога не казаць.
Гэта папярэджанне было лішнім — Лібіных бацькоў цяжка ўдавалася абмануць у гэткіх рэчах.
Старая не дала Рыгору скончыць абеду, як прынесла яму сваю дараду:
— Вам не варта адкладваць прапіскі. Навошта злаваць гэту сволач. Вы заўтра ж раніцою і наведайце стан... А пры сабе таксама не варта нічога пакідаць... Не ровен час... Людзі з гэтага жывуць...
Тое, што Рыгор спакойліва выслухаў старую, яе суцешыла і здаволіла.
Не разводзячы далейшае гутаркі, яна пакінула яго аднаго, завесіўшы на выхадзе фіранку...
— Навошта, каб зайздроснае вока ўглядалася...
Філасофія карчмаркі, досыць трапная, аднак не пакінула слядоў на Рыгоравым настроі. Ён хутка адцягнуўся думкамі ад дробнага інцыдэнту з паліцэйскім і вярнуўся да Гэлі. На самоце новы Гэлін партрэт стаяў перад ім ва ўсю сваю паўнату. У смуглых рысах адроднага загару, гадамі ліцованага палявымі вятрамі, пяском ды спякотаю, штучна скрадаліся лёгкаю ружай парфумы. Празрыстыя цёмна-шэрыя вочы яшчэ глыбей западалі ў арбіты, абведзеныя чорнымі кругамі фарбы. Усё ж ні парфума, ні застарэлыя пласты мазкай фарбы, ні балючая чуласць раздражненага грымам твару не хавалі сабою Гэлінага нездавалення сваім лёсам. Нацягнутасць адносін паміж ёю і мужам, няўтойная знарочыстай ласкавасцю, выпірала напаверх і цесна лыгалася з абрыдлаю сумятлівасцю вандроўнага жыцця. Смуглым водсветам пахвільных суцех, што ўздымалі іх невымагальныя местачковыя гледачы сваёю ўвагаю да яе, як да артысткі, Гэля ўсяго і разнастайніла свае настроі. Чаму і што гэта жыццерадая мяшчанка-земляробка апынулася ў сучасным стане — цяжка было разгадаць. Тут, напэўна, адыгралі ролю прычыны, пра якія бывае не варта казаць... У кожным выпадку Рыгор стаяў да Гэлінай долі на стыку цьмянае загадкі.
У іншым аспекце паўстаў перад ім Сёмка. З гэтым чалавекам Рыгора лучыла глыбокае пачуццё таварыскай блізкасці, цеплата кампаніі ў юнацкія гады. Ён ведаў яго наскрозь, разумеў, як сябе. Сёмкаў вобраз заўсёды запаўняў сваёю прысутнасцю свет Рыгоравых успамінаў і лісціў шчыраю адданасцю яму.
Рыгор упарта змагаўся з наплывамі забыўчывасці, якую расцілі вакол яго разухабістыя хвалі жыцця. Яскрава адзнаная павіннасць выцягнуць Сёмку з местачковай зацвілі не пакідала Рыгора. Абы толькі ён адчуваў сябе маральна задаволеным — варочаўся да Сёмкі і шныпарыў у вакольных абставінах, шукаючы магчымасцей выбавіць таварыша.
Сёмкава развага, яго хоць і непаваротлівыя, але светлыя і простыя думкі, выразнае ўспрыяцце сацыялістычных ідэй зычылі рабочай справе адданага абаронцу.
Расказаны Гэляй выпадак з арыштам Сёмкі засведчыў Рыгору таварышаву паслядоўнасць. Рыгор не выказаў, але адчуў прыемнасць ад Сёмкавай гісторыі. Гэта вымусіла яго праверыць свае магчымасці сустрэцца з Сёмкам. Сілцы былі астатнім месцам для гэтага, ну ўсё ж пры спрыяючых акалічнасцях нельга было адкідаць і іх... Тым болей што там —
Маці...
«Што думае старая пра свайго сына? Выплаквае балючыя вочы і тупіць безнадзейную веру ўбачыцца? Цяжкім крыжам ляжыць на яе плячах мая разлука з ёю і дратуе сэрца доўгая невядомасць пра мяне. Нельга адмаўляцца ад завабнага настрою наведаць Сілцы. Няхай яны з невялікай гасціннасцю чакаюць мяне, ды ці ж я паеду для Сілцоў, а не для маці і хоць для малой, але прыязнай жменькі людзей? Выпадзе зручны момант і я...»
Вобраз стражніка, мігнуўшы ў раскалыханым ваабражэнні, дапоўніў Рыгору пра ўмоўнасць яго хаценняў. Над ім вісела дазорнае вока дбайнага начальства. І двухдзённае ўхіленне ад стрэчы з ім не выбаўляла яго ад пільнага дагляду... Сённяшні візіт паліцэйскага дапоўніў пра той агідны хвост, які цёгся з Рыгі да Смагіна.
Можа, тым, што ехаў Рыгор, а можа, і папярэднім цягніком ішлі ў Смагінскі стан датычныя Рыгора адноснікі. У сухіх ад запечаных мук і цярпенняў радках участковых дакументаў ляжалі сляды жоўтага будынка рыжскага астрога. Яўка для прапіскі — вязацьме Рыгора прыгатаванымі ланцугамі няволі.
Тут мусіць ставіцца на карту мужнасць і адвага. Бо ён прыехаў у Смагін не для адпачынку, а для працягу барацьбы. Няхай яе памеры, яе пэнт і характар шмат сціслейшыя ад рыжскіх, але ідэйная сутнасць адна ж і тая...
Сроль учора паспеў намякнуць Рыгору аб прыгатаванай яму ролі ў гэтым змаганні... Яго не спыніць паліцэйскае вока...
— Уваходзьце!
— Вы адпачывалі? Даруйце, што я так нахабна...
Міхелева кудлатая галава чуць выдзелялася разбеглай у змроку сівізною.
— Чакайце, я засвячу лямпу.
— Мне не доўга... Калі ласка...
Міхель прастаяў з працягнутаю паперкаю ў руцэ, пакуль Рыгор не справіўся з лямпаю.
— Вось вам ад тае артысткі, дзе вы гасцявалі.
— Яны ўжо выехалі?
— Гадзіну таму...
Міхель падозрана агледзеўся на дзверы:
— Шкада мне іх... Гэта былі людзі, якіх мне доўга прыйдзецца чакаць. Такіх людзей пасылае лёс... А вы?
Хтосьці прайшоў калідорам. Міхель выпусціў з рук паперку і выйшаў ад Рыгора.
Ужо з вулічных дзвярэй данёсся яго павышаны голас развітання.
Рыгор ухмыльнуўся запозненай ветлівасці старога і падняў прынесенае.
У ненадпісаным канверце ляжала трохрадковая запіска Гэлі і змяты, пажаўцелы ліст.
Запіска змяшчала ў сабе наступныя словы:
«Перасылаю атрыманы мною ад Зосі ліст. Забыла перадаць днём. Думаю, што табе ён не бесцікавы. Бывай здароў. Гэля».
Рыгор, не саступаючы з месца, прачытаў прынесенае.
У сваім лісце Зося паведамляла таварышку пра апошнія здарэнні з свайго прыватнага жыцця. Ліст напісаны слязьмі пакутнага чалавека. Няроўныя літары адбівалі ўтомленае сэрца жанчыны. Берагі давялі Зосю да таго, што яна не выцерпела і збегла ўпрочкі. Бацькі бесспагадлівы: іх адносіны — невытрымныя здзекі. «Цёмныя думкі не пакідаюць мяне ні на хвілю. Я гублюся ў іх, як запалоханая белка. Памажы мне, дарагая, знайсці незваротнае выйсце».
Зосіна трагедыя хвілін пяць непарушна трымала Рыгора на адным месцы. Ён чуў, што нябачныя ніткі яе шавеляцца пад грудзянаю клеткаю, але не хацеў паддавацца сентыментальнаму настрою.
Патушыўшы лямпу, ён выйшаў з пакоя.
— Вы скора вернецеся? — пераняла яго на калідоры гаспадыня.
— Не забаўлюся... А я вам трэба?
— За вамі ў даўгу гарбата.
— Памятаю... не дарую...
Гаспадыня ветліва паківала галавою, праводзячы пасуседа ўмільнымі ўзрокамі.
«Разумная галава»,— паатэставала яна Рыгора і мэрам бы спалохалася, пачуўшы знянацку стук дзвярэй.
Знадворку ўвайшло трое чалавек, з якіх адзін быў Рыгор, другі Сроль і трэці — Павал Памыйка, рабочы з мясцовай слясарнай майстэрні Шульца.
Яны ў адзін голас прывіталіся з гаспадыняй і прайшлі ў Рыгораў пакой. Цішыня, што ахутвала яго без Рыгора і пры Рыгору — патанула ў рэзвым маладым гомане.
З гэтага гоману выплыў Рыгораў жарт, пасланы да гаспадыні:
— Папрашу ваш доўг з процантам.