SommaireСокі цаліны
Квадра І - БАЦЬКАВА ВОЛЯ, ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ · 16 min de lecture

IV

А праз пяць хвілін, не болей, пасля ўходу Петруся, дадому вярнуўся Мікола. Сёння ён не паспеў паабедаць, як кудысь выйшаў і цэлы дзень не паказваўся. Марта, седзячы з Зосяю ў хаце, не адзін раз перабівала гутарку ўспамінам пра мужа: «Ай, ай. Ну, і дзе ж ён дзеўся сёння, гэты наш бацька?» Зося цікавілася гэтым не так востра, як маці, і на запытанне адказвала гультайным кіўком галавы.

І толькі Мікола пераступіў парог, Марта, як бачыш, павесялела; заварушылася, забегала, не спускаючы з яго свайго ласкава-апытальнага ўзроку, якога ён не змог спакойна перанесці і змушан быў чуць прыкметна ўхмыльнуцца нейкаю патайною, хоць і мяккаю ўхмылкаю. Марта адказала на гэта раскацістым рогатам.

— Дзе ж ты быў цэлы дзень? — запытала яна мужа.

— А табе цікава ведаць?

— Вядома, што цікава!

— Калі цікава, то вось жа не скажу.

Зося нібы не чула гэтых перагавораў: яна спакойліва, цішком сядзела на лаве, абапёршыся локцем на стол і моцна над нечым думала. Пасля раптам, быццам хто яе настроіў, усхапілася з месца, сарвала з вешалкі хустку, ускінула яе на плечы і выбегла ў дзверы. Гэта ўсё яна зрабіла так хутка, што нават бацькі не ўспелі агледзецца, як яе не стала ў хаце.

— Зоська, пачакай! Вячэ-ра-аць будзем, — пазваў Мікола.

— Я скора вярнуся! — ужо з двара адгукнулася Зося.

— А я і не скмеціў, калі яна вышмыгнула, — набіваючы пальцамі люльку, а вочы ўшчэрыўшы ў капшук з тутунём, ні то жонцы, ні то самому сабе, праказаў Мікола.

Па яго міне, па голасу і па Міколавай няўстойлівасці на нагах Марта зразу дагадалася, што яе муж не без граху, што ён не абмінуў сёння чортавага зелля. Як кабета дужа скнарная, хцівая ж без меры і надзіва скупая, яна раптам так і ўскіпела ад злосці: ды чаму ён так не шануе грошы?.. Хоць такія выпадкі ў іх хаце трапляліся гады ў рады, толькі святамі ды ў гадзіны бясед, але патом гэта не змірыла жаднае кабеты, у якой цалкам засталася паганая натура Зэкавага котлішча, і кожны раз яна ўпікала Міколу. Праўда, Мікола зусім мала патураў на яе выгавары і часта смяяўся з таго, што яго, прыкладна пуцёвага чалавека, ды жонка на пуць наставіць хоча. На ўкоры Марты ён адказваў жартамі, і ўрэшце заўсёды канчалася мірам. Дзякуючы гэтаму асобнай грызні і сваркі ў іх хаце ніколі не было.

І сёння, калі яшчэ Мікола толькі ўзяў першую чарку ў рукі, зусім няжданна стрэўшыся з Васілём Берагам, то ўжо ведаў, што яму адказаць жонцы.

Міколаў смех быў іх змірыцелем, і Марта перш хацела ўшчаць гутарку, а потым памякчэла і выгнала з галавы злую думку. Нядзеляю, верыла яна, грэшна злаваць не толькі на свайго роднага ці блізкага, а нават і на чужых людзей, і ў яе грудзях раптам абудзілася новае пачуццё да Міколы: ёй захацелася падысці да яго, абняць яго, пацалаваць і папрасіць прашчэння. Перш ужо Марта намерылася гэта зрабіць, потым разам нібы сумелася і ніяк не магла адважыцца. Ёй стала няёмка: яна апусціла голаў і задумалася. Але хутка яе выручыў сам Мікола: набіўшы люльку і прыпаліўшы вугальком з ямкі, ён падступіў к Марце, палажыў ёй на плечы руку і задаволена ды весела праказаў:

— Хочаш, я цябе пацалую?

— Уй, уй, адкасніся!

— Маўчы, прашу я! — і Мікола ёмка цмокнуў жонку ў выпуклы лоб.

— А ты ведаеш, Мартуля, з-за якой прычыны я сённі крыху пахмяліўся? Ведаеш? Адгадай, калі не ведаеш? Га?

Марта спярша маўчала і моўчкі адступіла крокаў два ад мужа, потым разам ухмыльнулася, падняла галоў і запытала:

— А па якой?

— Ды гэта, ведаеш, Васіль Бераг сустрэў мяне на рынку, скора я выйшаў з дому, ды кажа: «Хадзем, хіба, цесцю, ды паснедаем крыху». Я перш адказваўся, але ён так прыстаў, што нельга было адгаварыцца, і я мусіў зайсці з ім к Ліню. Зайшлі гэта мы, вось Васіль, нічога не кажучы, паўбутэлькі на стол, а далей закускі. Перш па чарцы, потым па другой. Загаварыліся... Адкуль ні вазьміся — прыйшоў Хлор ды яшчэ паўпляшкі — і цэлая бяседа. Вось за гарэлкаю Хлор і зварачваецца ка мне з гэткім пытаннем:

— Я, кажа, браце Міколе, маю да цябе важны інтэрас!

— Выкладайце, кажу, яго на далонь.

— А вось, кажа, ці не пара стаць нам сватамі? Я думаю гэтага, — паказваючы пальцам на Васіля, кажа, — хлопца ажаніць на тваёй дачцэ; думаю і сур’ёзна думаю. Я яшчэ так тыдзень у суботу мерыўся прыйсці к табе ў сваты, але адлажыў на нейкі час... Ну як думаеш? Што скажаш?

— Чаму не, — адказваю я, — няхай бог спрыяе.

Як толькі сказаў я так, дык мой Васіль і сам не свой ад радасці: абвісае гэта на шыю, заве бацькам і толькі; а Хлор таксама цалуецца бессціхання... Вось падумай, Марта, як жа пры такіх умовах не выпіць? Будзь бы з табою такі выпадак, як бы ты зрабіла?

Марта крыху памаўчала, весела гледзячы Міколу ў вочы, а потым мякка праказала:

— Так-то так... Але... а нам такі і ўпраўду трэба падумаць... Бадай Зосю і пара ўжо замуж аддаваць...

— Ого-о! Чаму не, — адабрыў Мікола.

— Вось бачыш... А калі аддаваць, то трэба ведаць і за каго... Надоечы мне Арына Самусёва казала, як сакрэт, што Берагі няйначай думаюць паслязаўтра прыйсці к нам у сваты. Ліха іх ведае, мо і ўпраўду ўсё...

— А наша Зоська, відаць, не дужа гоніцца за Васілём. Вунь, ведаеш, Стэпін Рыгор у яе на вуме. Вось і нядаўна забягаў да нас Пятрусь Прахораў і нешта балхвіў, што быццам бы хоча і Стэпа пытацца нас, ці мы не згодзімся аддаць Зосю за яе Рыгора. Па праўдзе сказаць, Рыгор сам сабою хлопец не брыдкі, толькі...

Марта развяла рукамі.

— Э, не, не, галубка, ты з гэтым маўчы-ч-ч! Што Рыгор, які там Рыгор, — сур’ёзна адказаў Мікола. — Ці ж нам рацыя згадзіцца сваю Зосю за яго аддаваць? Гэта ж значыць — бясчэсціць сябе і ўвесь наш род!!! Эт, дзіўная якая! Каб мы, Прыдатныя, сталі сваякамі нейкай там Стэпы! — ніколі, ніколі! Я, дзякаваць богу, яшчэ з вума не сышоў і ведаю, і бачу, куды і як пахіліць свае справы. З вума не выжыў... Вось хіба — Рыгор! Дурніца, і ўляпала чортведама што. Дроў ніколі не насіла з лесу на плячах, дык папрабаваць хоча. Не, не, гэтага не будзе, хай сабе не думае. І ты, глядзі, не патурай ёй...

— Не, не, я згодна з табою, — падтрымала Марта.

Ці згодна яна была з ім, ці не — дагадацца было вельмі трудна, калі б судзіць па яе твару; скарэй можна было паверыць, што яна толькі суцяшае, калі кажа, што згодна, а суцяшае таму, што Мікола зразу насур’ёз паставіў справу.

Мікола важна праходзіў па хаце то ўзад, то ўперад і кожнае слова выгаварваў так цвёрда, з такім націскам, што і сумнення не магло закрасціся, каб ён згадзіўся перайначыць свае думкі, або каго-небудзь паслухаць ці ўважыць старонняй просьбе.

Марта не раз чула ад Зосі, што яна не ўважае Васіля нізвання і нават слухаць не хоча аб ім, калі толькі не напомні. Колькі разоў было, што Марта старалася разуверыць дачку, але нічога не памагала; ёй думалася (бач, толькі гэтым суцяшала сама сябе Марта), што дачка капырсціцца толькі датуль, покуль справа не пастаўлена насур’ёз, што далей можна будзе яе ўгаманіць, але ўсё-ткі Рыгора лічыла вялікаю стрэмкаю. Падумаўшы крыху, яна абярнулася да Міколы:

— Ну, а што ты з ёю парадзіш, калі яна ўпнецца і не захоча ісці за Васіля, ды і годзі?

— Я? Я?!. што зраблю я? — злосна вырачыўся Мікола. — Што я зраблю з ёю?.. Ты ўжо, галубка, мяне не навучыш таму, я сам добра знаю, што з ёю зрабіць, знаю... А пакуль тое зраблю, то найперш, як ты, так і яна, не забывайце таго, што я ёсць гаспадар у хаце, твой гаспадар і яе бацька; галоўнае — яе бацька... А з гэтага ясна, што толькі я павінен кіраваць усім... Ці ж то можна, каб мяне ды не паслухала маё дзіцё? Каб мае, яе бацькі, волі ды я не мог праявіць над сваім дзіцём? Што б то тады было б! Хоць бяры ды ідзі тапіцца... О, не! Я ўжо даўно рашыў, што покуль буду жыў — буду цвёрда стаяць на сваём...

К канцу гутаркі Мікола так падняў голас, што выходзіла не гаворка, а крык: быццам бы ён не з жонкаю радзіўся аб сваёй дачцэ, а сварыўся з шальмоўскім гандляром, які ашукаў яго на цэлую сотню рублёў. За гэта казала і тая сур’ёзнасць, якою агарнуўся яго твар: падняліся кверху бровы, зморшчыўся лоб, запыхалі агнём вочы, заскіжаталі зубы, а за ўсім — стук кулака праводзіў усё гэта.

Круты нораў Прыдатных Марце за дваццаць два гады яе замуства за Міколам быў добра ведам; ніводная маршчынка на лбу, ніводная ўхмылка ў кутках мужавых губ не былі ёй незразумелымі. Вось і на гэты раз Марта замаўчала — хоць не ад таго, каб збаялася гаспадара ці засердавала на яго, а з-за таго, што ёй стала цёмна і глуха блізкае наступнае сям’і. Дагэтуль усё ішло як па масле, як і трэба было, а тут разам, ні адтуль, ні адсюль пачаў у яе думках завязвацца цесны і блытаны вузел і яе, хітрую і праназаватую кабету, казлытаць-мучыць нейкім трывожным сумненнем і нагальным запытаннем: «Усё-ўсё праз Зосю! І так неўспадзеўкі! Сваё дзіця, і столькі клопату! Зося ж не хоча, а ён настане, што ж тады будзе?»

Марта, як маці, глыбей і мацней за Міколу любіла дачку, яскравей і чутней адзнавала даччыны радасці і мукі, а ад гэтага больш і гарачэй жадала ёй шчасця; затым яна з большай асцярогаю глядзела на ўсякія планы, якія дужа лёгка, але з малою асцярогаю, будаваліся яе рызыкоўным і хванабэрыстым Міколам.

«Добра-то добра аддаць Зосю за Васіля: і багацце, і знатнасць, і ўсё-ўсё; толькі ж трэба ведаць, што яна яго... не шануе... Ну, а гэтага, Рыгора, бач, хоць і любіць — толькі, — мука адна будзе, а не жыццё... У нас яна прывыкла к мяккаму хлебу, а там», — думала Марта, і перш ёй не хацелася пра гэта гаварыць, а потым не стрымалася і праказала мужу:

— А ведаеш што, Мікола?

— Ну?

— Я ўсё-такі думаю адно: нам трэба ўгаварыць Зосю, трэба перш уверыць яе, а тады ўжо крутыя меры прыняць... Вось калі толькі яна захоча, дык чаму ж не выдаць за Васіля! Як я буду рада гэтаму!.. Трэба няйначай папрабаваць угаварыць, — няпраўда — здасца... Ну, а калі ўжо ўпнецца — тады можна будзе і на іншыя рады пайсці...

— Э, пакінь! Нашла каго ўгаварваць! Гэта ж яшчэ дзіця... Як-то не захоча? Чаму не захоча? А калі я, бацька, захачу? Павінна і яна захацець! — не ўнімаўся і не адходзіў ад свайго Мікола.

— Эх, і дзіўны ты, дзіўны мужчына! Непамяркоўны ты чалавек, як я бачу! — расцяжна, матаючы галавою і разводзячы рукамі, прамовіла Марта; зварушылася з месца і прайшла к мыцельніку.

Мікола нічога не адказаў: ён над нечым нібы прызадумаўся і, абапёршыся на стол, апусціў голаў і маўчаў.

Марта выбегла пазваць Зосю. Зося стаяла ў гуртку дзяўчат ля Сёмкінай хаты. Пачуўшы мацерын вокліч, яна хутка адлучылася ад сваіх таварышак і пабегла дахаты.

— Такі не дачакаліся, пакуль сама прыйду, — заўважыла яна на бягу, параўняўшыся з мацераю.

— А вядома, што не! — суха адказала Марта. — Вось павячэраем, тады хоць на цэлую ноч; ніхто табе і слова не скажа за гэта; а павячэраць-то трэба разам.

— Няўжо ж! Яшчэ, бок! А вы мо б хацелі, каб я і нядзеляй трымалася за ваш хвартух, — задзёрыста адказала Зося.

— Ну, годзі вышчарацца! Кінь людзей сарамаціць! — спыніла яе Марта і прычыніла ды заткнула за сабою вешніцы.

Зося ўбегла ў хату і зразу заўважыла, што бацька сярдзіта настроен. Ён не даў ёй нават сесці за стол, як суха загаманіў:

— А ведаеш што, Зося?

— Ну?

— А вось што; выслухай толькі: к нам думае днямі прыйсці ў сваты Васіль Бераг.

На яго твары паказалася чуць прыкметная ўхмылка. Зося ж маўчала.

— Як ты думаеш? выйдзе з гэтага толк ці не?

Зося далей маўчала: яна гэта запытанне пачула ад бацькі першы раз за ўсё сваё жыццё, і яго навіна, і голас, якім бацька яго вымавіў, і ўсё тое, што таілася ў слове «замуж», моцна ашаламаніла Зосю. Яна зразу не магла нічога адказаць бацьку, нават не ведала, ці адказаць яму на гэта. «Замуж! Васіль!» гэтыя два нечаканыя няпрошаныя, неспадзяваныя словы так ускалыхнулі ўсю яе істоту, узбаламуцілі думкі, што цяжка было аглуздацца. Тут свята, Рыгор, спатканне з ім, — а побач Васіль, замуж, будні! Дайце літасці! Хоць яна бокам і чула ад таго-сяго, што Васіль думае к ёй прыслаць сватоў, хоць і маці ёй раз напамінала аб гэтым, але Зося нічому не патурала, усё прапускала скрозь пальцы, лічыла несур’ёзным, далёкім, тым — што, калі і павінна быць, — то не так скора, не ўрочана... А тут — на табе — як гром з яснага неба! Звалі вячэраць, і яна барджэй прыбегла, бо трэба адбыць гэтую павіннасць і пайсці на вуліцу да Гэлі, а з тэю да Ліня, дзе будуць хлопцы і дзяўчаты, куды прыйдзе і Рыгор. А тут яе спатыкаюць такімі прапановамі: Васіль! Замуж! Яна сёння цэлы дзень занята Рыгорам, якога так прагла прычакаць, не бачыўшы так доўга, а ён... Які ён стаў? Што ён думае аб ёй? Ці не ўсумніцца яна пры першым спатканні з ім пасля доўгае разлукі? Усё гэта запаўняла яе думкі, усім гэтым Зося толькі і жыла... Чаму ж к ёй набіваюцца з Васілём? Што для яе Васіль? У свята ды думаць аб буднях, улетку аб зіме — ласне гэта можна; ласне не баліць сэрца? Зося гэтага сабе не дазволіць! І яна маўчала...

А Мікола задуменна то пазіраў на дачку, то адварочваўся на хату, то ізноў кідаў вачыма на Зосю. Яму рабілася млосна, і ён злаваўся: чаго яна маўчыць ды сумуе? Няўжо-такі і папраўдзе думае пайсці наперакор сваім бацькам? Не, гэтага не павінна быць, ёй Мікола ні за што не ўступіць! Дачка павінна слухаць бацькі, павінна споўніць бацькаву волю.

«Не, ні за што не папушчуся, на сваім пастаўлю!» — рашыў Мікола і тут жа ўзняўся з месца, павярнуўся да Зосі і вось-вось намерыўся штосьці сказаць, як раптам бразнулі дзверы, і вясёлы лепет Тэклі, убегшай у хату, спыніў яго і заставіў змаўчаць. За дзяўчынкаю ўвайшла і Марта. Мікола абярнуў узрок да жонкі і таксама памкнуўся штосьці сказаць, але і тут асекся. Толькі матнуў галавою і сеў ізноў пры стале.

Марта нічога не западозрыла і ў сваю чаргу маўчала. Толькі адна Тэкля не ўнімалася.

— Тата, га, тата, а заўтра хто павядзе каня? — запыталася яна.

Гэта Міколу змякчыла настрой; ён абярнуўся к дачушцы і ахвотна адказаў:

— Заўтра папросім Юзіка, а ты пагуляеш дома.

Маленькая Тэкля весела ўхмыльнулася і барджэй палезла за стол, прысела на каленях і пачала чакаць вячэры, перадаючы ўзрокі то ў мыцельнік на мацеру, то на нудную, заклапочаную сястру. Больш яна ўзіралася на Зосю: ёй рабілася незразумелым, чаму-такі сёння, нядзеляй якраз, калі ўсе, каго яна ні бачыла на вуліцы і на рынку, такія вясёлыя, гаваркія, а Зося хмурная, жудлівая, маўчлівая? Хто яе пакрыўдзіў?

Тэклю так цікавіла гэта, што яна не магла змаўчаць, каб не праканацца. Падсунуўшыся блізка да Зосі, яна з асцярогаю кранулася яе рукі і цішком прашаптала:

— Што з табою, Зоська?

Зося маўчала, толькі ўкосным узрокам кінула на сястрыцу ды зноў зрабіла нудную міну. З гэтага Тэкля выявіла, што Зося пэўна і на яе сердзіцца, і задумалася: сваім дзіцячым розумам яна не магла дайсці, за што б на яе Зося так моцна злавала, што і гаварыць нават не хоча? «Здаецца, — прыпамінала яна, — я ёй сёння нічога такога не зрабіла, нават слова брыдкага не сказала. Няўжо яна без прычыны? Дык чаму ж без прычыны?»

Ёй стала горка і крыўдна; адсунуўшыся ад Зосі, Тэкля плаксіва праказала:

— Дык чаго ж ты на мяне злуеш? Што я табе зрабіла?

— Не чапай мяне, — агрызнулася Зося.

— А яй-яй! Пані гэткая! і аказацца нельга! — і маленькімі кулачкамі Тэкля выцерла ў сініх вочках заблісцеўшыя слёзы.

— Што ўжо там за задзёры? — умяшалася Марта, уладваючы вячэру.

— Паненка наша нешта не ў ласцы сёння, — укалола сястру Тэкля.

— Чаго ж ёй не хапае?

— Не ведаю... Капырсціцца нешта!.. — ваткнуў Мікола. — Чаго ёй не стае, чаго не хапае — то яна і сама не ведае. Вось толькі намякнуў ёй аб Берагах, дык гэтым так уразіў, што быццам язык адцяў.

— О, хванабэрыя вялікая! — у руку мужу падказала Марта.

— І дзе яна набралася яе? На што лепшае дык не сквапна, а на гэта — адразу... Эй, дачушка мая! Рана ты пачула ў сабе моц, як я бачу!.. на нядобрае гэта верне-э...

Мікола перамяніў голас.

— Ты ўсё думаеш, Зоська, што мы табе ліха хочам ці знарок на цябе бяду наклікаем, калі хочам паставіць на сваём? Эх, эх, дзіўная ты! Мы, твае бацькі, дабра хочам табе; мы цябе ніколі на дурное на папхнём. Мы... мы заўсёды стараліся для цябе лепшага. Васіль будзе цэлая знаходка як для цябе, так і для нас; гэта ж цэлы скарб адкрыецца табе. Падумай толькі, нябога! Берагі! Жарты сказаць! У адным гэтым слове хаваецца столькі паважнасці, столькі самавітасці, што ўсім на завіду; хто ў мястэчку, а хто і ў ваколіцах. Падумай ты, пасудзі ў сваёй галаве! Бе-ра-гі-ы!..

Мікола важна правёў пальцам па лбу і пацягнуўся ўсім целам, нібы гэтым хацеў прыдаць большую вагкасць сваім словам. Але Зося імі не тронулася нізвання, прапусціла іх між вушэй. У бацькі свой рашчот, а ў яе свой — хто ж можа ручыць за тое, чый вярнейшы? Бацьку — бацькаў, Зосі — Зосін. Ці ж гэта разгадка? І Зося ведала аб гэтым — затым і аставалася пры сваіх думках.

— Вось пакуль суд ды справа — наце вячэрайце! — падаючы на стол міску падагрэтай капусты, ад якой востры смачны пах напоўніў зразу ўсю хату, прамовіла Марта.

На гэта ніхто нічога не адказаў, і Зося, не ждучы, покуль бацька накроіць хлеба, дастала сама толькі што пачаты бохан, адламала акраец і ўсмак прынялася есці.

Тэкля, гледзячы на яе, старалася не астацца. Усмак елі і Мікола з Мартай.

Пакуль канчалі першую страву, ніхто не прамовіў і слова, быццам усім так спешна трэба было есці, што дорага была кожная хвіліна. Толькі тады, калі Марта прыняла са стала зусім парожнюю міску і пайшла з ёю ў мыцельнік за другою страваю, Мікола аблізаў лыжку, акуратненька палажыў яе на стол і, карыстаючыся вольным часам, праказаў да Зосі:

— Па праўдзе, дачушка, скажы нам: згодна ты прыняць сваты ад Васіля ці не? Нам жа хочацца заўчасна знаць. Скажы, Зоська?

Зосю гэта як нажом пырнула. «Значыць насур’ёз?» Яна так і пачырванела ад злосці, так і затраслася:

— Ды адкаснецеся вы ад мяне з гэтым Васілём! Ушалопалі ліха ведае што! Васіль, Васіль! Чхаць я хачу на яго і на яго сваты. Вам дорага яны, дык...

Зося хацела пусціць лаянку, але стрымалася. Мікола да таго раззлаваўся, што ажно пабялеў і як у сударзе затрапятаў; не мог нават уседзець на месцы і вылез з-за стала.

— Ці ты чуеш, Марта? Ці ты, маці, чакала? Ці я табе не казаў? Ласне можна патураць ёй, га? Ласне можна здавацца? — голасна, проста крыкам, падступаючы к жонцы ў мыцельнік, гукаў Мікола.

— Праўда, церасчур ужо зазналася... Ну, супакойцеся крыху... Ідзі садзіся, Мікола... Павячэраўшы...

Мікола павярнуў да стала, але не ўнімаўся з крыкам:

— Дык калі ж ты так, дык і я так! — гразіўся ён Зосі, садзячыся за стол. — Знай жа, галубка, што ты зробіш так, як я захачу, як я пастанаўлю, а не як ты...

Ён грукнуў кулаком па лаве, ажно Тэкля падскочыла.

— Будзе... яшчэ рана табе муштраваць нас; яшчэ рана хамут на шыю надзяваць... Пачакай, пабачым...

Зося маўчала; яе брала за жывое і ёй хацелася яшчэ раз якім словам кальнуць бацькоў, але нешта стрымала, заставіла змоўчаць, затаіць злосць у душы. Яна прыняла выгляд, што быццам нічога не прыкмячае, што нібы гэта не к ёй нават гаворыцца. Прыгнуўшыся над міскай, яна старалася чым скарэй кончыць вячэру і ўцячы з хаты, каб не чуць нічога і не бачыць.

Ёй усё гэта было адваротна і надаедна. Ці ж яна думала? Ці ж дагадвалася? Адкуль навісла над ёю гэта цяжарная ўдушлівая духата, засмуціўшы яе вочы, злавіўшы сэрца, прыліпшы да ўсяго цела. Цяжка, брыдка на душы!..

Не помнячы, што робіць, Зося вылезла з-за стала, падышла да ложка і прыпынілася, тут жа забыўшыся, чаму і па што яна сюды падышла. Потым быццам ёй хтось шапнуў, што тут ляжыць яе паўсачак, што яна падышла яго ўзяць. Зося накінула яго на плечы ды выбегла з хаты.

На вуліцы ўжо змеркла. Чэрвеньская ноч сходзіла на землю ў дзіўным пакою, у ружовых, смуглаватых затухаючых водблісках зайшоўшага сонца, у белай пары, якая паднімалася з зарэчных паплавоў, як кадзільны дым, ціха і далікатна. Змрок увачавідкі гушчэў, выпаўзаючы з усіх куточкаў ды прытулачкаў, распаўзаўся смялей і смялей. Цёплы і пахучы, здэцца, гэта ён выносіў з сабою на вольнае паветра з ачышчаючаю пыл вільгаццю і лёгкасць, і пах, і спакой.

— Куды ж мне пусціцца? — сама сябе запытала Зося, выткнуўшыся на вуліцу; і толькі што ўзялася разгадаць, як раптам пачула:

— Куды ты?

Гэта клікнула Гэля, якая, прытаіўшыся, стаяла і чакала Зосю; Гэля з квадранец назад як падышла к акну; Прыдатныя яшчэ вячэралі, і яна мусіла пасядзець, пачакаць Зосю. Стукнулі дзверы — Гэля настаражылася.

Заўсёды вясёлая, рэзвая і смышлёная, чорная смуглянка, з бяздоннымі вачамі і прадаўгаватым носам на белым, армянскага тыпу твары, яна яшчэ выдавала сябе бядоваю жартаўніцаю. Заўсёды над кожным яна адпальвала якую-небудзь шутку. Паджартавала яна і над Зосяю.

— А каб цябе прогліца, каб цябе! — выклялася Зося на Гэлю, пачуўшы раптоўны крык і садрагнуўшыся, як асіна, ад знянацкасці.

Гэля покатна зарагатала.

— Табе смешна, дурніца, а ў мяне душа ў пяткі ўскочыла.

— А яй-яй, няўжо?

— Ну, куды пойдзем? — запытала Зося.

— Вядома, што да Ліня, — адказала Гэля.

Пабраўшыся за рукі і ссунуўшы касынкі на плечы, яны з ціхім напевам пусціліся ўздоўж вуліцы, проста да рынку.