VIII
Рыгор стаў на працу ў дзесяты дзень па сваім прыездзе ў Смагін. Яго прынялі ў слясарскую майстэрню немца Карла-Людвіга Шульца.
Майстэрня Шульца лічылася першаю ў Смагіне і па вартасці вырабу і па якасці ўнутраных распарадкаў. Яна была і эканамічна мацней ад іншых. Гэта асаблівасць з’яўлялася скуткам растаропу і пракіднасці яе гаспадара. Спачатку Шульц цярпеў ад недахопу кліентаў, але хутка яго справы пайшлі ўгору. У кароткі тэрмін найшлося шмат заказчыкаў, праца разгарнулася, пагнаўшы майстэрню на рост.
Ужо на сходзе першага года Шульц не мог справіцца з заказамі і пераняў ад сваіх калегаў-гаспадароў дваіх чаляднікаў.
На другі год яго майстэрня вырасла яшчэ на дваіх чалавек.
За кароткі час Шульц меў магчымасць гатаваць некаторую колькасць прадукцыі ў запас. Гэтак, ён заўсёды меў гатовымі каля пяці балясаў, шмат замкоў, нажоў і іншага дробнага гаспадарчага начыння.
Дзякуючы смякалцы і зваротлівасці, Шульц апрацаваў асобыя правілы ўзаемаадносін з сваімі падмайстрамі. Умеючы з імі ладзіць, ён выкарыстоўваў усякім чынам іх працаздольнасць, не шкадуючы плаціць болей сваіх канкурэнтаў.
Адыгрывала, вядома, пэўную ролю і тое, што ён быў майстар болей адукаваны, практычны, бачыўшы свет і знаўшы слабы бок правінцыяльнага падмайстра.
Шульц ніколі і сам не расставаўся з напільнікам ды молатам. Цэлымі днямі стаяў ён побач з чаляднікамі, адукуючы іх у незаўважных дробязях трымання молата, нахілу напільніка, згіну плечука пры варстаце; галоўнаю якасцю ў адукацыі чаляднікаў Шульц лічыў навык і руплівасць да чыстаты ды акуратнасці. На гэты конт ён чытаў падмайстрам цэлыя лекцыі і натацыі, апавядаў шэрагі анекдотаў і казак, не забываючы падганяць у працы. І сам ён стараўся захоўваць чыстасць, ні на хвіліну не расстаючыся з белым каўнерыкам. Гэта асаблівасць Шульца ўвайшла ў пагаворку смагінцаў, якія заўсёды ў гутарках пакладаліся на «немца».
Чаляднікі ганарыліся вучэннем і працаю ў Шульца. Тыя ж, што працавалі ў іншых майстэрнях, квапілі на «немца», лічачы сваіх гаспадароў «партачамі».
К таму часу, калі Рыгору трапілася спаткацца з Шульцам — немец меў пяць чалавек чаляднікаў і некалькі пахвальных лістоў за сваю вытворчасць. Пра яго ведалі не толькі ў сваім павеце, а чуць не ва ўсёй губерні.
У сезонны час, летам, работу да яго прывозілі з далёкіх аколіц.
Шульц служыў асобнаю адзнакаю мястэчка. Многія судзілі пра Смагін па «слясарнай майстэрні немца Карла-Людвіга Шульца».
У сваім местачковым жыцці смагінцы лічылі гонарам выбраць майстра Шульца ў паверанага, ці ў хадайніка па тых ці іншых справах. Сустракаючыся з ім, яны прыветна знімалі шапкі; часта хадзілі да яго за парадамі. Той ад смагінцаў, якому выпадаў лёс наняцца на працу да майстра Шульца,— фанабэрыўся гэтым і хваліўся сваім суседзям. Шульц плаціў даражэй ад іншых і падабаўся сялянам за тое, што ўгаварваў іх рабіць акуратней, а з канём абыходзіцца ласкава.
Кожны дзень ён вылучаў гадзінку часу ў абед і прыходзіў у горад наведаць работніка, пагутарыць з ім, а то і пазнаёміць з зямельна-гаспадарчаю працаю ў Нямеччыне.
На майстра Шульца падказвалі, як на дасціпнага гаспадара і талковага чалавека. Мала хто не разбіраўся, чаму і што яму шанцавала ў жыцці, удалося нажыць кавалак зямлі дзесяцін у дзесяць ды абсталявацца харошымі будынкамі. Нітка да гэтага цягнулася з мураванага будынка, у якім працавала пяцера чаляднікаў. На гэты будынак і тыкалі смагінцы пальцамі.
Домік і майстэрня Карла-Людвіга Шульца стаялі на Лясной вуліцы, якая паўдугою цягнулася ганоў на двое на поўдзень, як бы ўцякаючы ад асноўнай масы местачковых будынкаў.
З гэтае вуліцы ішла дарога на другое мястэчка, Галубку, якое славілася дзвюма ткацкімі майстэрнямі і добра абсталяванай лесапілкаю.
Ужо хат за дзесяць ад цэнтра, па Лясной вуліцы, пачыналіся гароды і сады. Яны цягнуліся шырокаю лентаю да найбольшага і багацейшага саду Карла-Людвіга Шульца. Шульцаў гарод з лугам упіраліся ў бераг нелапое рэчкі Жаўранкі.
Дзякуючы гэтай рэчцы, бач яе вясновым разлівам, руніста буялі мурожныя паплавы і прыносілі багатыя ўраджаі гароды.
Слясарная Карла-Людвіга Шульца хавалася за купчастым дубам на адгоне сажняў ста ад дома і была павернута вокнамі да Жаўранкі. Дым з невысокага коміна заўсёды калыхаўся над рэчнымі хвалямі, а іскры танулі ў іх рабаценні.
Вечарамі, калі вясна ці восень слалі над зямлёю свае чорныя цалуны, іскры, што шугалі з коміна слясарні, пярэсцілі мяккі мошаст адвячорку пукамі гарачага канфеці.
Стукі малатоў і бразг жалеза, рытмічныя скрыпы напільнікаў перакідаліся ад майстэрні за рэчку і нясліся ў бярозавую дуброву, што адмяжоўвала сабою палоскі смагінцаў ад шырокіх галаў узорнага маёнтка пана Каструбіцкага.
Налева, куды нясла сваю ваду Жаўранка, цягнуліся даўжэразныя панскія мурагі; вярстоў за пяць яны ўпіраліся ў невысокае ўзгор’е.
Зусім недалёка ад дома Карла-Людвіга Шульца быў перакінуты праз рэчку Жаўранку мост. Мост служыў любімым месцам для гулянкі смагінскае моладзі. Кожны дзень па ім тупаў шумлівы натоўп, у якім знаходзілася і дачка Шульца Маргарыта, знаёмая Сролю і Лібе па ўдзеле ў местачковай сацыял-дэмакратычнай арганізацыі. Маргарыта была палітычна падгатаваным чалавекам і карысталася павагаю з боку сацыялістычнай моладзі. З ёю звялі Рыгора Сроль і рабочы Шульца — Памыйка. Цераз гэта знаёмства Рыгор і астаўся на працу.
З першых дзён працы Рыгор зрабіў на Шульца выгаднае ўражанне. І пэўна таму, што ў Рыгору ён бачыў свядомага чалавека і практычнага майстра; далейшая праца пайшла гладка.
Падабаўся Рыгор і рабочым Шульца. Дзень за днём адносіны яго з імі шчырэлі, рабіліся таварыскі ўсталенымі.
На працягу першых двух тыдняў працы Рыгор вывучаў характар, нораў і духовы склад кожнага з іх. Разам з гэтым стала яму вядомым і іх палітычнае крэда.
За гэты тэрмін поўнасцю высветлілася перад ім і асоба гаспадара — Карла-Людвіга Шульца.
Чаляднікі, як і заўсёды, складалі з сябе досыць разнастайных тыпаў. Былі сярод іх, двое зусім адсталых у духовым развіцці, якія любілі выпіць, мала аддавалі ўвагі свайму класаваму стану. Другіх двое — процілежалі першым: ім нячужа была газета і рэдкая, без выбару, кніжка; але побач з гэтым другая двойка з завісцю марыла пра жыццё Карла-Людвіга Шульца, як гаспадара, «самому над самім пану». Гэта двойка капіявала гаспадара ў паводзінах, беражлівасці і акуратнасці і часта наведвала яго дом. Пяты чаляднік — Павал Адамаў Памыйка, выдзяляўся ад усіх агульнаю пісьменнасцю і палітычнаю свядомасцю. Як майстар, ён таксама быў лепшы за ўсіх, але меў хвараблівасць на падкрэсленае апрашчэнства. У ім, як у люстэрку, адбіваліся найменшыя калыванні палітычнага жыцця і, як ад слоўніка, можна было даведацца ад яго пра ўсе навіны кніжнага рынку. Да выйсця ў свет «Правды», ён доўгі час выпісваў «День».
Стрэўшыся з Памыйкам, Рыгор ні разу не бачыў яго без далікатна згорнутага ў трубку чарговага нумара «Правды». Пасля Памыйка адкрыўся Рыгору, што ён з’яўляецца карэспандэнтам некалькіх сталічных і правінцыяльных газет.
У бок гэтага таварыша Рыгор і накіраваў пачуццё свайго сяброўства. Ён уверана і смела выяўляў яму самога сябе, і гэтымі сваімі адносінамі да Памыйкі выклікаў ад яго стрэчныя прыязныя пачуцці.
Павал Адамаў Памыйка хутка ўвёў Рыгора ў гісторыю Шульцавай майстэрні і ў сутнасць узаемаадносін між Шульцам і рабочымі. З Паўлавых паведамленняў выявілася перад Рыгорам своеасаблівасць Шульцаўскай сям’і. Сам Шульц называў сябе «сацыял-дэмакратам па-за партыяй»; сын Рудольф, студэнт Пецярбургскага універсітэта, фактычна быў актыўны член студэнцкай сацыял-дэмакратычнай групы; дачка Маргарыта... пра яе Рыгору паведамілі раней. У доме Шульца часта адбываліся партыйныя сходкі, якія часткаю аберагала яго гаспадарскае становішча.
Гэта акалічнасць згладжвала ў Рыгору першачасовую неабыкласць смагінскіх умоў. Але паступова іх упарты націск шчыльніў Рыгора да местачковага жыцця, заблытваючы ў пераплёты яго інтарэсаў. З гэтых інтарэсаў выплывалі пытанні і задачы, з якімі ён быў звязаны як сацыяліст і змагар.
ІХ
Рыгор не агледзеўся, як ён стаў шрубкаю новае машыны. Дзень у дзень гэтая шрубка мусіла закручвацца, каб не парушалася праца ўсяго механізма. А сёмай гадзіне раніцы Рыгор ішоў у майстэрню, тупаючы па выбітых дошках тратуараў, абмінаючы знаёмыя хаты і сустракаючы адных і тых жа людзей. А дзесятай ён варочаўся дамоў, у карчму Крамнікаў, адкуль не хацеў выбірацца і якою быў задаволены поўнасцю. Ліба акуратна да яго прыходу ўбірала яго пакоік і праз хвіліну па ўваходзе стукала ў дзверы, прыносячы снеданне. Некалькі далікатных сказаў адно другому папярэджвалі Рыгораву яду...
А пасля гадзіны, адданай на снеданне, зноў Рыгор бег на работу, працаваў да трэцяй гадзіны дня, ішоў на абед, варочаўся з абеду і канчаў свой дзевяцігадзінны працоўны дзень а сёмай гадзіне ўвечары.
Пасля працы Рыгор каля гадзіны чытаў газеты і кніжкі, затым пісаў лісты ці хадзіў да Сроля, да Памыйкі або адзін прагульваўся ў поле, за мястэчкам. Ляжала яшчэ на ім агідная павіннасць з’яўляцца праз два дні ў стан на мальдунак. Яго першачасовая асцярожнасць у паводзінах, рэдкае пападанне на вочы паліцыі пасобіла злёгку занядбаць наглядам за ім.
Карыстаючыся гэтым, магчыма знарочыстым папускацельствам з боку паліцыі, Рыгор на трэцім тыдні свайго жыцця ў Смагіне ўжо свядома наведваўся ў стан толькі праз тыдзень. Аднак дазваляць сабе поўную свабоду ён пакуль не збіраўся. Рыга яго навучыла быць асцярожным і тактоўным. Папасціся яму другі раз у рукі паліцыі азначала не зрабіць і таго, што ён мог рабіць пры асцярозе. Аднак паступова, незалежна ад сваіх меркаванняў, Рыгор цалкам увайшоў у партыйныя справы, занядбаўшы сваім няпэўным становішчам. Гэтаму значна пасабляла тое, што ён жыў у карчме. Пад выглядам папойкі, за пляшкаю піва хлопцы больш-менш спакойліва вырашалі пытанні бягучае працы. Тым болей спрыялі гэткія абставіны яшчэ і таму, што гаспадар карчмы і ўся яго сям’я, ведаючы ў чым рэч, самі аберагалі гэткія пасяджэнні моладзі. Набліжэнне ўрадніка ці стражніка або проста чужога чалавека сігналізавалася старымі гаспадарамі карчмы загадзя. Арганізацыя так званых карчомных пасяджэнняў належала цалкам Рыгору і вельмі прыйшлася даспадобы яго смагінскім таварышам.
Праўда, што аднымі пасяджэннямі іх палітычная праца вычарпацца не магла. Яе трэба было шырыць сярод местачковых падмайстраў і пераносіць на вёску. Знаходжанне больш адказных метадаў магло адбівацца на поспеху працы. І тут пасабіў Рыгор: па яго думцы рэшана было арганізаваць у Смагіне публічную бібліятэку з правам раздання кніжак вясковым чытачам. Першым кніжным фондам згодна рашэнню камітэта меўся быць фонд з сабраных самімі сябрамі арганізацыі кніжак. Выбар ад начальства дазволу на права адчынення бібліятэкі складаў справу найцяжэйшую. Сярод сяброў арганізацыі не знаходзілася чалавека, якому б хоць крыху давярала паліцыя. Рыгор падаў думку звярнуцца да Шульца, каб той выбраў на сябе правы на адчыненне і намінальнае загадванне бібліятэкай. Шульц безадгаворна згадзіўся.
Такім чынам справа з бібліятэкаю стала на рэйкі і хутка рухала наперад, прыкрываючы сабою палітычную чыннасць. Дзякуючы Рыгору была праведзена паўлегальная кампанія збору падпіскі на газету «Правда» і ахвяр у яе жалезны фонд. Па ініцыятыве ж Рыгора наладжвалася некалькі спектакляў з пераносам іх у бліжэйшыя да Смагіна вёскі, каб праз гэта навязаць сувязь з сялянскаю моладдзю. Усё гэта ўнясло ў смагінскае жыццё новы струмень асвяжэння. Тыя, што былі адкінуты цяжкаю рэакцыяй ад грамадскае працы, абудзілі прыбітае пачуццё і з ахвотаю выпаўнялі ўскладзеныя на іх паўграмадскія, паўпалітычныя абавязкі.
Вачавідкі расла актывізацыя сярод местачковага рамесніцтва.
Па гарбарнях ды слясарнях, сярод краўцоў, шапачнікаў ды шчотачнікаў пайшлі гутаркі наконт урачыстага святкавання 1 Мая. Сталі чуцца галасы за тое, каб у гэты год май адзначыць маніфестацыяй. Для абгавору майскага пытання адбылося некалькі досыць шумлівых сходак па майстэрнях.
Рыгор яскрава адчуваў набліжэнне цікавых і прыемных падзей. Як-ніяк, а ў іх вызначалася і яго доля старанняў. Праўда, ён добра разумеў, што не ад яго залежала разварушыць местачковае жыццё і надаць большага тэмпу ў працы смагінскае сацыял-дэмакратычнае арганізацыі. К яго прыезду ў Смагін расійская сапраўднасць выяўляла агульны ўздым рэвалюцыйнага руху. З усіх канцоў агромністае краіны даносіліся радасныя весткі пра эканамічныя канфлікты і палітычныя выступленні. Пад націскам агульнага ажыўлення ўскалыхнуўся і Смагін. Але няма гэткае ідэі, якая б не прайшла ў жыццё праз людскую існасць. Чалавек з’яўляецца правадніком думак і імкненняў акрэсленае класавае групы. З гэтага пункту гледжання Рыгор меў падставы гардзіцца сваёю чыннасцю ў Смагіне. Ён таксама з неаслабнай цікавасцю сачыў за далейшым яе развіццём. Набліжэнне Першага мая рэгулявала гэта развіццё, адбіваючы яго калыванне, як градуснік тэмпературу.
Мястэчкам прабягала ўзрастаючая затрывожанасць. І па хатах і на вуліцы гутарылі пра падзеі, што іх гатовяць сацыялісты. Зданні нядаўняга мінулага луналі над агойтанымі ў клапотах мяшчанамі. Паўставалі незабытыя з часу 1905 года пажары ў маёнтку пана Каструбіцкага, казацкія экзекуцыі над смагінцамі і тая мяртвасць мястэчка, якую нагналі новаз’яўленыя паліцэйскія стражнікі.
Больш падуплыўная бацькам заможная моладзь асцярожлівей паглядала на западазроных у сацыялістычнасці таварышаў.
Дбайней ды рухавей зрабілася паліцыя. Закінутыя вуліцы ўсё часцей сталі наведвацца стражнікамі. Гэтых жа стражнікаў познімі вечарамі можна было бачыць пераадзетымі па-пад вокнамі хат.
Паліцыя не забывала і Рыгора — яго прапіска зноў вярнулася да двухдзённага тэрміну.
Агульны настрой захапіў сабою і местачковую інтэлігенцыю. Яна «дбайліва» вуснамі Шульца перадавала «хлопцам» свае папярэджанні наступнага зместу.
— Вы гатовіцеся да першамайскай маніфестацыі,— казаў «пазапартыйны сац.-дэм.» Карл-Людвіг Шульц Рыгору і Паўлу, запрасіўшы іх адным вечарам да сябе.— Гэта рэч карысная: трэба паказаць паліцыі, што яе свята пакуль не надзейна... Дзевяцьсот сёмы і восьмы гады даўно асталіся пазадзе... Але разам з тым вы павінны ўсебакова абдумаць, які выгляд святкавання будзе карыснейшым і для спраў рэвалюцыі і для вас саміх... Нельга забываць, што паліцыя не супыніцца перад самымі жорсткімі рэпрэсіямі. Яна з асалодай чакае поваду зрабіць крывавую расправу... Мне вядомы некаторыя яе захады да гэтага... Вось чаму не павінна пакідаць вас ні тактычнасць, ні асцярожлівасць... Меней задзёру і больш арганізаванасці... Дзевяцьсот пяты год менавіта праваліў справу з-за адсутнасці свядомага кіраўніцтва рэвалюцыяй. Я б радзіў вам падумаць пра так званую мірную маніфестацыю... Збярэцеся на майдане і спакойліва, без песняў і выгукаў, пройдзеце мястэчкам... Не думайце, што ў маўчлівым паходзе мала эфектыўнасці... Я памятаю, як яшчэ перад дзевяцьсот пятым годам...
Рыгор не даў гаспадару дасказаць, рашуча не згадзіўшыся з яго прымірэнчымі ліберальнымі дарадамі.
— Мне здаецца,— адкрыў ён сваю настойнасць,— вамі гутарыць інтэлігенцкая сентыментальнасць... Карл Людвігавіч, даруйце-э мне, толькі зусім не ў інтарэсах рэвалюцыі стрымліваць размах баявога настрою. Я не думаю, каб гэта пайшло і на нашу карысць... Ад гэтага можа выйграць выключна перапалоханае цёмнае абыватальства... Мы мусім распаляць малейшую іскарку нездавальнення і чым найвышэй паднімаць уздым рэвалюцыйнага энтузіязму...
— Вамі грае экзальтацыя маладосці,— па-бацькоўску маралізаваў Шульц.— Выгук «далоў самадзяржаўе!» з адказам на яго пяццю арыштамі ды высылкай наўрад ці апраўдае сябе. Яшчэ меней апраўдання дасць выпадковы стрэл у паліцэйскіх: яны адплацяць на гэта залпам, і ваш задзёр каштавацьме жыцця некалькіх чалавек...
— Мы не лічым ахвяр, якімі плацім за шчаслівую будучыню... У белых рукавіцах, Карл Людвігавіч, рэвалюцыі не зробіш... Найпякнейшым словам не праб’еш гнілое астрожнае сцяны...
— Не думайце, што астрожныя сцены падаюць ад неарганізавана накіраваных да іх удараў... Так, па-мойму... А ўвогуле, я, прыватна, за найплённейшыя скуткі перамог, якім бы шляхам тыя ні развіналіся...
У гэткай адлегласці зацягнуліся спрэчкі паміж Шульцам ды Рыгорам на адгоне двухгадзіннага кавалку часу.
Але ўгаворная дарада Шульца ўдала разбівалася аб Рыгоравы ўпартыя доказы за перавагу рашучых метадаў у рэвалюцыйных выступленнях. І надыходзячаму Першага мая не гразіла апаска прымірэнчага зацямнення абяцанай урачыстасці.
— Няўломныя вы людзі,— заключыў Шульц, задумаўшыся над Рыгоравай рашучасцю.
І яго двухсэнсоўны ўзрок мякка прайшоўся па маўклівым твары Памыйкі.
Было дармо: Рыгоравымі вуснамі гаварыў не толькі Памыйка, а і ўвесь местачковы камітэт. Можна было ручаць, што і рамесніцкія колы Смагіна не пайшлі б зараз па слядах Шульца і тых «разумных людзей», чые погляды ён узяўся адстаяць.
Памыйка ўверана запэўняў Рыгора ў праваце яго пазіцый і ад шчырага сэрца выказаў яму сваю павагу.
Пасля гэтай гутаркі Рыгор выглядаў у ваччу Памыйкі загартаваным ваякам і дасканала падгатаваным абаронцам рэвалюцыйных прынцыпаў змагання. Ён абегла раўняў Рыгора з Шульцавым сынам Рудольфам і выводзіў, што апошняму далёка да першага. У Рудольфа, не зважаючы на яго тэарэтычную падгатоўку, выразна гучалі бацькоўскія ноты. Дробнаўласніцкае паходжанне згладжвала вострыя рубы класавае просталінейнасці.
Аднак і Рыгора і Рудольфа шліфавалі абставіны буйных рабочых асяродкаў. Свой вопыт, веды і рэвалюцыйны стаж набылі яны там.
І ў Памыйкавым нутры, помеж з пашанай да Рыгора, мулялася і пачуццё завіды ды хацення самому прайсці падобную школу.
Праводзячы таварыша ад Шульца да кватэры, ён многа разоў парываўся выказваць гэтыя пачуцці, але іх адпіхала на задні план жаданне выліць Рыгору сваё прызнанне і павагу.
— Ты гэтак трапна папаў да нас, што ўдвойчы цяжка чакаць падобнага збегу абставін...
— Не пераацэньвай толькі мае працы...
— Я не ад сябе аднаго, Рыгор. Мы неаднойчы гаварылі пра гэта з шэрагам таварышаў, і ўсе аднае думкі,— прызнаваўся Памыйка.— Калі ж ты хочаш ведаць мае да цябе адносіны,— дадаў ён,— то паверыш, я ні з кім дагэтуль так блізка не сходзіўся, як з табою... У жыцці людзей бываюць рэдкія выпадкі знаходзіць шчырых прыяцеляў. Іх вельмі мала, Рыгор. Я да цябе быў адзін... і без цябе астануся ў тым жа стане... Хіба стукне такі момант, калі я бязбольна парву з сваім сягонняшнім жыццём... Але для гэтага патрэбны адпаведныя здарэнні... Я не перавялічу, сказаўшы, што ты стрэнеш гэтыя словы ад многіх хлопцаў... Сроль першы...
— Я Сроля ведаю некалькі гадоў.
— Ласне?.. Я б хацеў таксама... Ты не думаеш нас хутка пакідаць?
— Усё залежыць ад абставін... Я прывык да Смагіна, хоць і цягне мяне Пецярбург. Трывожаць думкі і маці, пакінутая аднэй на радзіме... Абяцаў старой на выездзе цэлыя горы, а вось каля года не мог і сухога ліста напісаць... Толькі надоечы сабраўся паведаміць яе і таварыша ў Пецярбурзе...
— Так, дарогі крыжуюцца... І хто ведае, на якім месцы яны зводзяць людзей... Ну, я б хацеў не расходзіцца з табою.
— Дзякую за таварыскае прызнанне...
Шчырасць Рыгоравага пачуцця перадалася Памыйку ў цёплым паціску рукі.