Х
Гэта сяброўская гутарка з Памыйкам узняла ў Рыгору многа чуласці і сямейнае прывязні да новага месца і яго людзей.
Рыгора лісціла іх увага і пашана да яго. Ён разумеў, адкідваючы ўсякую ліслівасць, што кожнаму глухому месцу патрэбны такія людзі, як ён.
Багатыя вопыт і практыка ў рэвалюцыйным руху, якія ім набыліся за час жыцця ў горадзе, дадатна ўзнімалі яго над узроўнем смагінскіх таварышаў.
Нават Сроль, каторы год таму назад стаяў значна вышэй за іншых, зараз далёка адставаў ад Рыгора.
Розуму і ведам Памыйкі выразна не хапала гарадское фабрычнае шліфоўкі. І таму, што паказаныя асаблівасці местачковага жыцця былі Рыгору відавочны, ён шкадаваў разлучацца з Смагінам, не пасобіўшы таварышам як найбольш у іх справах, што былі і яго справамі. Ён уваходзіў у іх стан і яскрава адчуваў у кожным слове Памыйкавай гутаркі шчырае жаданне бачыць яго ў Смагіне як найдаўжэй. Памяталася Рыгору, калі ён жыў у Сілцах: як радасна, бывала, спатыкалі сілцоўцы прыезджых таварышаў! Як шчыра і ўважліва прыслухоўваліся яны да кожнага слова, што ішло з-за межаў іх мястэчка! І як ім шкада было праводзіць гасцёў! Ім тады валодала непаборнае пачуццё — кінуць Сілцы і ехаць туды, адкуль прыязджалі таварышы, каб цалкам нырнуць у тыя ўмовы, якія гэткіх таварышаў гадуюць.
Смагін мяняў ролі: чатыры апошнія гады Рыгорава жыцця ажыццяўлялі яго жаданні. Зараз ён выяўляў у Памыйкі, у Лібы, у іншых смагінцаў падобнае пачуццё завіды яму, як гарадскому таварышу. Чаму ж не ўцешыць іх сваім даўжэйшым прабываннем з імі?
З гэтых матываў Рыгору рабілася прыемна адцягнуць момант свайго ад’езду з Смагіна. Ён бы аддаў у ахвяру гэтаму і прыніжэнне перад паліцыяй, і жаданне пабываць у Сілцах, і хаценне ўгледзецца з Петрусём. Але шкадаваў Рыгор аднаго — разгону і вялікасці рэвалюцыйнае працы ва ўмовах горада. З гэтага выключна пункту гледжання планаваў ён свой час, і гэта адно вымушала яго скарочваць сваю пабыўку ў Смагіне.
З дня на дзень газеты прыносілі ўсё цікавейшыя весткі пра настрой рабочых і грамадзянства. Палітычнае жыццё, наколькі ён разбіраўся ў яго камбінацыях, несупынна заблытвалася. Падзеі на Бліжнім Усходзе займалі надзвычайную ўвагу палітыкаў. У паветры насіліся іскры надыходзячага выбуху. Кожнаму больш-менш пасведчанаму ў міжнародную палітыку было вачавідкі, што так званае балканскае пытанне да дабра не давядзе. Многія бачылі немагчымасць мірнага вырашэння балканскага пытання, злепленага вузла капіталістычных супярэчак, з лапікаў інтрыг, падбоеў і хітрыкаў з боку так званых вялікіх дзяржаў.
Калі і што надыдзе рашучы момант — Рыгор не мог прадугадаць, як не зрабіў бы таго і прафесіянальны палітык. Але набліжэнне казытала і дражніла яго рэвалюцыйнае пачуццё.
Рыгору паступова рабілася нецярплівей аставацца ў Смагіне. Ён штодзень, чым бліжэй да мая, усё настойней пачаў абдумоўваць план свайго ад’езду. Нават да яго закрадалася сумненне ў тым, ці варта чакаць Першага мая. Для падгатоўкі к яму Рыгор зрабіў многае што, і з гэтага боку сумленне магло быць чыстым... А ў горадзе, магчыма, яшчэ прыгадзяцца яго энергія і арганізацыйная здольнасць.
Але, успамінаючы пра Першае мая, Рыгор усё ж не хацеў яго засмуціць для смагінскіх таварышаў сваім раптоўным ад’ездам. Ён верыў у таварыскасць і шчырае да сябе пачуццё з іх боку, аднак не ручаўся, што яго перадмайскі ад’езд не навее на іх непажаданых думак. І плануючы пра астаўленне Смагіна, ён паступова схінуўся да думкі адкласці гэта на паслямайскі час. За гэты тэрмін, разлічваў ён, выразней акрэсляцца абставіны як у адносінах да Пецярбурга, гэтак і датычна Сілцоў.
Калі для Рыгора гэта рашэнне стала бясспрэчным, ён падзяліўся ім з бліжэйшымі таварышамі — Сролем ды Памыйкам. Першы спакойліва паглядзеў на гэта, другі прыняў Рыгорава паведамленне з пачуццём нездавальнення. Памыйка не хаваў гэтага ад Рыгора і час ад часу дапамінаў яму пра тую страту, якую мецьме ў Рыгоравым ад’ездзе Смагін.
Памыйку рабілася цяжка і горка таіць гэту навіну ў сваім нутры. Але сапраўднасць не гадзілася з яго пачуццямі. Рыгор не па сваёй волі, а выпадкова апынуўся ў Смагіне. Адзін паварот у іншы бок губернатарскае думкі — цураў мястэчка ад гэтага карыснага яму чалавека. Аставалася пакорліва мірыцца з немінучай разлукаю з ім. Болей таго, на іх, Рыгоравых таварышах з Смагіна, лажыўся таварыскі абавязак ухаваць яго ад магчымых непрыемнасцей нелегальнага выезду.
Памыйка поўнасцю адзнаваў усю супярэчнасць паміж неабходнасцю і сваімі жаданнямі, тым не меней шкадаваў Рыгора. Ён ведаў пра рупятлівасць падгатоўкі паліцыі да Першага мая і сачыў за рамесніцкімі коламі, якія зацягла дэбатавалі найвастрэйшыя формы пратэсту.
Складалася палажэнне, у якім чакалася шмат неспадзяванак.
А між тым Рыгор з адплюшчанымі вачыма ішоў ім на спатканне. І ўсе планы яго, усе яго намеры віселі на валаску.
Валасок павінен быць падмененым тоўстымі аборкамі. Не можа пляма сораму адзначыць нядбайнасць смагінцаў у абароне Рыгора.
Памыйка дзяліўся пра гэта сваімі меркаваннямі з Сролем, з другімі сябрамі камітэта, з камітэтам уцалку. Забываючы тое, што абставіны хавалі ў сабе аднолькавую няпэўнасць у адносінах да ўсіх удзельнікаў святкавання, ён канцэнтраваў таварыскую ўвагу на адным Рыгору. Чамусьці таксама сур’ёзнае становішча Сроля амаль не непакоіла Памыйку — ён нават знаходзіў смеласць упікаць яго ў раўнадушшы да таварыша.
Але ў гэтым Памыйка перастарваўся. Яго самазабыўная адданасць Рыгору таіла ў сабе пачуццё ўмеркаванасці. Сроль далёка стаяў ад таго настрою, у якім западозрываў яго Памыйка. Тым болей безупыннымі з гэтага боку былі іншыя сябры камітэта. Рыгор на ўсіх іх зрабіў аднака выгаднае ўражанне, і цанілі яго ўсе аднака высока.
Рыгор па-ранейшаму прымаў актыўны ўдзел у бягучай працы. З усвойнымі яму рашучасцю ды натхненнем выступіў ён з абаронаю сваіх поглядаў на перадмайскім пасяджэнні камітэта.
Ахапіўшае некаторых камітэтчыкаў сумненне ў правовасці папярэдніх пастаноў пра майскія выступленні сустрэла ад Рыгора рашучы адпор.
Яго прамова вярнула хісткім таварышам рэвалюцыйную загартаванасць.
Ні ў кога не знайшлося довадаў яе абвергнуць, ні нават астудзіць навеянае ёю ўражанне.
— Мы не павінны калывацца пад уціскам абыватальскіх настрояў! — даводзіў Рыгор у сваёй прамове.— Ні аптэкар, ні дантыст, ні нават Карл-Людвіг Шульц з яго дзьмутай сацыялістычнасцю — з намі не па дарозе. Мышы патрабуюць цішыні — няхай яны астаюцца ў норах. Усякія спробы знізіць святочны ўздым рабочых — праступак, прадажа нашае справы. На гэта, я думаю, з нас ніхто не пойдзе. І хай не ад Смагіна залежыць вырашэнне канчатковай перамогі — агульныя вынікі складаюцца з дробных эпізодаў.
Камітэт ахвяраваў небяспекай і заключыў пасяджэнне галоснымі воплескамі па адрасе Рыгора.