І
Хтосьці, напэўна блудлівы паўночны ветрык, украдкаю адчыніў непрышчэпленае акно ў Рыгоравым пакоі, і светлая раніца заліла яго майскім сонцам. Дыхнула параным пахучым паветрам. Сіняе неба ветліва атульвала старыя стрэхі смагінскіх будынкаў. Непарушныя дрэўцы маўчалі ў асалодзе квітучага бытавання. Руцянеючы мох на страсе суседняе хаты хаваў шэрань беднаты, так непрыкметнае ў гэты ясны, празрысты дзень.
Рыгор не быў гаспадаром сваіх думак: яны пакінулі яго істоту і расплыліся ў шырокім гале вясновага дня, разліўшыся па дрэўцах, па моху, у трапяткіх хвалях паветра. Павольна цюкала сэрца, як бы адбіваючы подых сусвету, прыгожага да чаравання, вялікага да дзіву і магутнага да недасяжнасці...
— Вось яно — жыццё, цяганіна сусветнага працэсу бясконцых змен, несупыннага віравання і векавых перафармаванняў. Навакола, у крупінках эфіру, носяцца частачкі матэрыі, складаюцца, дробяцца і родзяць новае ды новае ў бязмернасці вякоў... Чалавек жа...
— Страляюць?! — рушыў з месца Рыгор і хапіўся за рамы акна.— Няўжо дэманстрацыя? Ах, таварышы!.. Навошта яны мяне ізалявалі. Да чаго іх спачуванне ў час барацьбы?..
Яму стала балюча няёмка. Унутры згрудзілася цяжкае туманнае пачуццё ні то ўпічышча, ні то агіды і злосці...
Ён пастаяў колькі хвілін, пакуль ураўнаважыўся, і тут жа выявіў перад сабою апошняе пасяджэнне камітэта. Здарэнні накіравалі ў чаканы бок.
«Сапраўды, мы не памыліліся ў сур'ёзнасці першамайскага выступлення. Камітэт усебакова выявіў перад сабою магчымыя нечаканасці ў павароце падзей... Толькі пры чым тут мая бяспечнасць?..»
Рыгораву думку абарвалі новыя два стрэлы. Ён прасунуў галаву ў акно і паглядзеў на двор. Направа не заўважыў нікога; але толькі павярнуў узрок налева, як перад ім мігнулася двое асоб.
— Страляніна! Як жа так, што я яшчэ ў хаце! — папікнуў сябе Рыгор і хутка быў гатовы да выйсця.
І толькі ён хапіўся за клямку ў дзвярах, як пачуў іх націск з калідора.
— Можна, Рыгор Міхасевіч? — адчыніўшы дзверы, запытала растрывожаная Ліба.
— Прашу вас, Ліба! Хто страляе?..
— Перастрэлка!.. Я знарок прыбегла да вас, каб вы нікуды з хаты...
— Я? Чаму гэта?
— Нядаўна прыбягаў Памыйка і прасіў мяне... Я сцерагла, каб у хаце ніхто не стукнуў. Заперла браму...
— Ах, да чаго ўсё гэта? На вуліцы дэманстрацыя, а я...
Рыгор зноў рвануўся да дзвярэй, але Ліба перагарадзіла яму дарогу.
— Прашу вас астацца ў хаце... Няўжо вы думаеце, што без вас рэвалюцыя згіне?.. Я толькі што з майдана. Дэманстрацыя скончылася і зараз адбываецца лятучая маніфестацыя. Дэманстранты разбіліся на гурткі, рассыпаліся па вуліцах і маніфестуюць неарганізавана...
— Але ж паліцыя страляе?
— Не адна паліцыя, а і нашы...
— І нашы? Таварышы... Усё ж я не дарую вам, што вы мяне захавалі ад дэманстрацыі.
— Я выпаўніла просьбу ці дырэктыву ўсяго камітэта.
— Так, так! — нездаволена праказаў Рыгор.
— Можа, гэта да лепшага.
Рыгор нічога не адказаў і прыслухаўся... Да іх даняслося яшчэ некалькі аддаленых, прыглушаных стрэлаў. Стрэлы рушылі Рыгора з месца, і ён рупліва пару разоў прайшоўся па пакоі. Ліба ўважліва правяла яго пільнымі ўзрокамі і намерылася выйсці.
— Адну хвілінку. Вы не на вуліцу?
— Выйду. Можа, вам?..
— Пачакайце каля хаты мяне. Я цераз хвіліну...
Ліба пакінула Рыгора аднаго. Ён хутка перагарнуў зложаныя на стале паперы і выйшаў з пакоя.
— Чакайце, Рыгор, прашу вас...— замахала насустрач яму рукою Лібіна маці.— Каля хаты спыніўся стражніцкі патруль... Прайдзеце на кухню... В-во-а, бачыце...
Дваром між вокан прабегла некалькі чалавек. Лопат іх шагоў адбіўся глухім рэхам па пакоях карчмы...
— Дзе ж Ліба?.. На яе ліха, як вецер, носіцца сюды-туды...
Старая рухава затупала па калідоры.
Угледзеўшы Лібу, якая ў гэту хвіліну порстка варвалася з надворку ў хату, яна накінулася на дачку з востраю лаянкай:
— Скруціш, дачушка, галаву дачасна... Пракуратая!..Чаму табе больш трэба, як усім? Дабегаешся! Сядзі вось у хаце, а то...
— Што з вамі, мама? — не сцярпела Ліба.— Сябе пільнуеце. Найшлі...
— Кіньце гармідар! Хрума, Ліба! — падаў з бакавога пакоя стары Крамнік.— Майце розум...
Ліба дабегла да дзвярэй і гукнула да Рыгора:
— Патруль паехаў да рынку. Давайце пройдзем...
— Куда-а т-табе-э ісці... Ліба!
Старая Хрума нервова замахала паднятымі ўгору рукамі.
— Хоць бы раз паслухалася мацеры...
— Ды кінь жа ты, нарэшце, непрытомніца,— вылаяўся Крамнік,— вось ускруціцца, ускруціцца і цэлую раніцу...
Карчмар неасцярожліва правёў рукою між носа і скінуў з яго пагнутыя, нядобра зачэпленыя за вушы акуляры. Гэта старога раззлавала, і ён моцна затупаў па дзюрпатай падлозе.
— Вы мяне дачасна ў магілу загоніце-э.. Гусі кручаныя... Хай бы ўжо хутчэй вы пакідалі адна другую... Ай, ай-яй! І што-а гэта ро-о-біцца-а!
Рыгору было няёмка. Фактычна сварка паднялася з-за яго.
Ліба зразумела яго каразлівае становішча і кінулася разнімаць бацькоў.
Якраз ёй пасобіў у гэтым уваход Памыйкі. Старыя раптам змоўклі і разышліся па пакоях.
— Рыгор дома? — запытаў Памыйка, не заўважыўшы адразу Рыгора.
— Я тут!
— Пастой! Не выходзь на вуліцу. Пачаліся ўжо арышты: дваіх гарбароў стражнікі адвялі ў стан... Трэба нешта думаць... Кожную хвіліну могуць наведаць да цябе...
— Ці ліха? А Сроль? Ты яго не бачыў?
— Не бачыў!.. Хоць бы з ім не здарылася чаго дрэннага... Можа, нам склікаць лятучую нараду?.. Га?
— Зойдзем да мяне і абгаворым...
Ліба асталася адна.
— Я павартую вас!
Яны пайшлі да Рыгора.
— Маніфестацыя прайшла на славу...— пахваліўся Памыйка.— Забастоўка захапіла ўсе майстэрні; крамы да аднае зачынены. Свята — разумееш... як мае быць! Повен рынак людзей... Настрой. Але некаторым дасталося ад стражнікаў. Аднаму нават порткі прастрэлілі... Добра, што не ў нагу... Толькі, вядома, гэтым не скончыцца, не... Трэба чакаць вобыскаў і, магчыма, арыштаў... Табе я раджу, Рыгор, пераначаваць начэй колікі дзе-нідзе... Як думаеш? Сролю тое самае. Паліцыя раззлавана, як звяр’ё...
Памыйкава данясенне было прасякнута выразнай трывожнасцю. Ён нервова бегаў па пакоі і аглядаўся на Рыгора.
Рыгор нейкі час маўчаў, задумаўшыся над словамі таварыша.
— Трэба адшукаць Сроля і парадзіць яму пра асцярогу... Са мною, магчыма...
— Пашкадуюць? Самаўцеха! Кінь, Рыгор... Мне-та напляваць.
— Чаму так?
— А што я маю згубіць?..
— Волю! Ты, пэўна, яшчэ не перажыў пачуцця гэтае страты... Не так лёгка...
— Бадай што...
— Я табе кажу...
Памыйка раптам спыніўся і паглядзеў у акно.
— Добра! Пасля пра гэта будзем думаць, а зараз я цябе пакіну і пайду шукаць Сроля.
— Яму абавязкова на нейкі час трэба знікнуць ад паліцэйскага вока.
— Рацыя.
Гэта слова было сказана Памыйкам ужо за дзвярыма Рыгоравага пакоя.
Спешныя крокі яго пацягнулі за сабою скардлівыя гукі тупату.
Праз незачыненыя дзверы Рыгор пачуў некалькі сказаў, якімі на ляту Памыйка абмяняўся з Лібай.
— Цікавы чалавек! Эпікурэец сапраўдны. Бесклапотны што да сябе, як птушка. Гэткіх жыццё песціць... Ну, а са мною?
Кінутая ў прагалле наступнага думка хутка пакінула Рыгорава адзнанне. Ім завалодала глухая нядбайнасць да ўсяго, што магло гразіць яму небяспекай ці простай непрыемнасцю. Сталевым каўпаком навісла ўпартая нячуласць, за якой мужнела яго істота.
Каб не Ліба, якая ізноў прыйшла пазваць Рыгора прайсціся ў мястэчка, ён бы праседзеў адзін у пакоі бязмоўна і безварухна чалавекам, каторы скончыў сягонняшні ўрок і дае адпачынак напружаным нервам.
— Над чым задумаліся?
Рыгор устаў і засмяяўся.
— Якраз-та нічога не думаў.
— Знача, як ёсць вольны?
— Бачыце. Тады...
Ліба прыслухалася да прагучаўшага за дзвярыма вокліча.
— Зноў маці расхадзілася. Яна ў нас сягоння асабліва сварлівая.
— Так, трэба яе ўлагодзіць.
— Не вельмі лёгка... Старая... Можа, маеце хэнць выйсці на вуліцу?
— З ахвотаю... Але маці?
— Нічога... Не думайце-э што... Хадзем...
Мацеры не было ў хаце, калі яны прайшлі да выхаду.
— Пашчасціла! — пажартаваў Рыгор.
— Вось табе то і тое...
На суседняй вуліцы, дзесьці за прычыненаю брамаю ў двары, разліваўся малады звонкі рогат. На яго адгукваўся выразны бразг падкоў, ці то змораных за дзень мяшчанскіх коней, ці распуджаных стражніцкіх стаеннікаў.
Не згаварваючыся, Рыгор з Лібай накіраваліся ў бок вуліцы, якая бегла ў поле да засмечанага пылам ветрака.
Насустрач ім, з дэманстрацыйным рыкам, спяшыла ў мястэчка лента выстраеных шэрагам кароў.
На вуліцы блізіўся вечар. У ціхім густым паветры насіліся кудлы пылу. Каля двароў хат, амаль не спрэс, стаялі гурткі моладзі, горача абгаварваючы падзеі мінаючага дня. Чырванеючы захад залаціў зялёныя галы паплавоў, што разгарталіся перад прагнымі ўзрокамі Рыгоравага ваччу.
ІІ
«Няўжо сем гадзін?» — здзівіўся Рыгор, працягваючы руку за гадзіннікам.
У пакоі было светла і ціха. Спаць не хацелася нізвання. «А калі і раней сямі? Учора весь дзень адпачываў — за ноч выспаўся».
Рыгор забыў паглядзець на гадзіннік і палажыў яго пад падушку, а сам стаў адзявацца.
«Напэўна, госці на мінулую ноч раздумалі аддаць візіт».
Ён абмыў твар і выйшаў на вуліцу. Пастушкі толькі што займалі гавяду. Дзесьці на рынку чуўся зык берасцянкі. На яго адзываліся глухія стукі вешніц і траскучыя скрыпы варот.
Над шчытамі хат працягаліся чырвоныя каснікі променя — імі таксама залаціліся верхавіны блізкага гайку і трапяткія лісці разгацістага вяза ў двары суседняе хаты. Па стрэхах хат і на тым жа вязе вароны спраўлялі вяселле.
Учарашняе трывогі, хвалявання — ні следу. Нівошта не дапамінала пра маніфестацыю, патрулі, страляніну. На адгоне вярсты, за востраю страхою школы, высілася вежная надбудова паліцэйскае цытадэлі.
«Няўжо ў ёй сядзяць заарыштаваныя ўчора гарбары? А мо да іх далучаны, чаго добрага, Памыйка або Сроль? І ўзброены стражнік адмярае вартавыя крокі? Ці той жа спакой, які справодзіў мой сон, быў уласным для ўсіх жыхароў мястэчка, пачынаючы ад Сроля з Памыйкам і канчаючы станавым з стражнікамі?»
Адказаць было некаму.
І Рыгор моўчкі накіраваў у абход мястэчка, пастаўнікамі да майстэрні.
Загінаючы за рог канцавое хаты, ён паглядзеў на гадзіннік: было без дваццаці сем. Рыгор змерыў вачыма адгон да Шульцавага гарода, адлажыў прыблізных дваццаць хвілін для ціхае хады і прысеў на плоце.
Ад маладое травы на пастаўніках нясло мядовым водарам. Было лёгка дыхаць. У нутро надыходзіла рэзкае натхненне, ткучы шаўкавістую тканіну ўзнёслых, палкіх думак і намераў. Ці думаў хто пра яго ў мінулую ноч, ці не памыкаўся на яго паліцэйскі намер?
Уверсе, над галавою, неабмежны прастор блакітнага неба, аздобленага бурштынавым сонцам, а ногі на мяккім дыване поплаву... Побач — дэсані разнастайнай загарадзі: шастаколу, пералаза, плятніка, драцяных нітак; за загараддзю — зялёныя дрэвы ў маладым светла-зялёным лісце, а то і ў белым прашыве нераспушчанага цвету. Не адарвацца вачам!
Але яму трэба ісці.
Асалодна пацягнуўшыся, Рыгор пайшоў да рэчкі.
Заваленая лёгкаю павуцінкаю луні, Жаўранка выпірала яму вострае калена свайго залому і далей наўскос кіравала да Шульцавага поплаву. Адкуль яна вынырала — цяжка было выявіць, бо густыя кусты лазы ды алешніку хавалі яе ўлонне. Толькі мо на паўвярсты ўлева вынікаў з травы яе невялічкі кавалак, сінім вокам пазіраючы на Рыгора.
Рыгор павярнуў направа і накіраваў берагам успадарожжа вадзе.
Там, дзе Жаўранка бліжэй усяго падыходзіла да плота, ён спыніўся.
На гадзінніку паказвала палова восьмай.
Рыгор пералез на паўстанік і вузенькаю сцежкай пайшоў праўцом да задымленага, з невялічкаю трубою цагельнага будынка.
Яго настрой крута змяніўся; думкі панесліся ў майстэрню, уздымаючы выгляд яе ўнутранага зместу.
Мігнулі шэрыя вобразы будзёншчыны. Учарашні дзень бліснуў празрыстаю маланкаю і згас. Зараз, вось, радком ушасцярых, пад наглядам Шульца, прыгнуцца яны над варштатамі і заскрыпяць па жалезе вострымі напільнікамі... Шульц завядзе свае маралі... Пачне пытаць пра ўчарашняе. Магчыма, папікне ці паіранізуе над чым.
— Рыгор, на хвілінку,— пачуў ён ззаду сябе.
То якраз быў Шульц.
Ён нагнаў Рыгора, прывітаўся з ім і, не спыняючыся, пайшоў побач.
— Значыць, рашылі такі выспрабаваць непрыкрытую дэманстрацыю? Не хапіла цярплівасці...— пачаў першым Шульц, заглядаючы Рыгору ў вочы.
— Як ведаеце... А чым было дрэнна?
— А па-маёму, дрэнна... Трэба было ўтрымаць... Нябось, чуў мо, што ноччу адбыліся трухі чуць не па ўсім мястэчку... Я проста здзівіўся, калі знянацку цябе стрэў. Глядзі адно, каб не наведала паліцыя сёння і да цябе... Не шкодзіла б пераначаваць у мяне. Вось і з Памыйкам невядома.
— Можа стацца...
— Сроль Рэзнік — дый той хітрэйшы... Ён гэту ноч начаваў у нашай майстэрні.
— Ласне?
— Так... Нават у нашага Рундука траслі каля гадзіны...
З-за хаты паказаўся Памыйка.
— Цэлы, глядзі! — пасмяяўся Шульц.— Вам пашанцавала.
— У агні не гарымо, як кажуць, і...
— Не запэўняйся... Трэба лепш прысцерагчыся, браце...
Яны падышлі да майстэрні. Шульц прапусціў Рыгора ў дзверы, а сам вярнуўся назад.
У дзвярах Рыгора пераняў Сроль.
— Мне Карл Людвігавіч паведаміў, што ты ў гасцях...
— Чакаю больш паўгадзіны...
— Толькі?..
— Сплючы, не думаў пра нікога.
Да іх падышоў Памыйка.
— Цэлыя?
— Мы не гаршкі, каб...
— І гаршчок да пары ваду носіць...
Карыстаючыся адсутнасцю Шульца, яны выйшлі з майстэрні і адышліся да кустоў агрэсту.
— Ведаеце што, таварышы,— паведаміў Сроль,— я надумаў сёння ноччу пакінуць Смагін. Рундук, напэўна, тое самае зробіць. Яго ж траслі... Забралі ўсе кніжкі, пісьмы... Чаму не заарыштавалі — дзіва!.. Вось не ведаю, як і што было ў мяне на кватэры — не наведваў... Хіба папрасіць Лібу Крамнік... даведацца.
— Куды ж надумаў ехаць? — запытаў Памыйка.
— Радзьмася ўтрох — гэта ж агульная справа... Ды... Тут усё агульнае; а можа, па-вашаму пакуль і не след ехаць? Ліха яго ведае... Кажэце...
Хлопцы хвілін з пяць думалі.
— Едзь, браце,— парадзіў Рыгор.— Нашаму брату не можна доўга заседжвацца на адным месцы... Годзе — папрацаваў. Перакідайся, пакуль цэлы... І ў другім месцы людзі патрэбны...
— Ды ўжо ж, не прывыкаць да пераездаў...
Памыйка спагадліва паглядзеў на сур‘ёзны, задуменны твар Сроля і прамаўчаў.
— Ну, а па-твойму, Павал?
— Па-мойму?.. Па-мойму... Я не паеду — гэта першае; а табе... магчыма, Рыгор праў... каціся ў Вільню... Усё далей ад Сібіры і Архангельска...
Ён уголас зарагатаў, пасля раптам стрымаўся.
— Я люблю цябе, Павал, за тваю бяспеку... Але — давай без жартаў...
У гэтым Сролевым сказе і Рыгор і Памыйка адчулі лёгкае, нутранае ваганне — няпэўнасць у тым, адобрываюць хлопцы яго намер ці толькі выспрабоўваюць яго цвёрдасць.
— Я магу гэтак і так,— дадаў Сроль.
— Не можа быць іншага выйсця — едзь,— у адзін голас пастанавілі Рыгор з Памыйкам.
І рашучасць іх слоў мігам адбілася на Сролевым твары: хлопец ураўнаважыўся, заспакоіўся і перайшоў да іншых пытанняў.
— Архіў і пячатку я пакінуў у Сімена Галаса... Надзейнейшы чалавек... Кравец з майстэрні Шамеса... Яго Павал ведае. Я скажу, каб ён да Рыгора прыйшоў. А вы, браткі, глядзеце за арганізацыяй... Ты, Павал, асабліва... Рыгору пакуль нельга адкрыта, а ты...
— А мне пляваць... Чым даражыць?..
— Як бы сабе ні было, а жыўцом аддавацца ў рукі — не след... Ды ты не так паліцыі патрэбен, як ёй патрэбна спаралюшаванне твае працы.
— Мы паспыталі ўжо гэтага, кажаш, не навіна,— пасмяяўся Рыгор.
— Як бы сказаць...
— А калі едзеш і з кім?
— Я на змроку забягу да Крамнікаў... Трэба зрабіць так, каб як найменш людзей ведала пра гэта...
Хлопцы заўважылі Шульца і вярнуліся ў майстэрню.
— Пара, хлопцы, да варштата,— паслаў Шульц ім удагон і, азірнуўшыся навакол, дадаў: — Нечага загаворы ладзіць...
— Ідом! — праказаў Памыйка.
— Пільная праца: сячкарню з маёнтка прывязлі рапараваць... На сёння павінна быць гатова...— папярэдзіў Шульц і зацікавіўся кустамі.
Сроль правёў таварышаў да майстэрні і павярнуў на сцежку, па якой прыйшоў Рыгор.
Стук малатоў і бразг жалеза ў слясарнай справодзіў яго няўвераную хаду ў бок да Жаўранкі.