ІІІ
— Рыгор Міхасевіч! Прымха, ды годзі! Вы бачыце-э? Лістоў, як да якога камерсанта... Во... Адзін, другі, трэці... Сёння ад вас належыць...
Ліба працягнула насустрач Рыгору зложаныя веерам лісты. Яе маці, старая Крамніха, седзячы на ўступах ганка, суцешна паглядзела на вяртлявую дачку і нешта прамармытала сабе пад нос.
— Абед гатовы? — справілася ў яе Ліба.
Рыгор пераняў ад Лібы лісты і паспяшыў да сябе. Клубок раптоўных, загадкавых думак занасіўся ў яго галаве. Ваабражэнне стала паспешна плясці разнастайныя камбінацыі зданных вобразаў. Яны затулілі настроі, з якімі Рыгор пакінуў майстэрню. Астыў уз’юшаны доўгай працай і свежым паветрам апетыт.
— Сапраўды — прымха,— паціснуў Рыгор плячыма, ачуўшыся адзін на адзін.
— А абедаць? — пачуў ён з-за дзвярэй, але не адказаў.
Ліба з хвіліну недаўменна паглядзела ў непрычыненыя дзверы і, не дачакаўшыся адказу, цішком адышла.
Рыгор заняўся лістамі. Ён дастаў іх з канвертаў і паглядзеў на характар пісаніны. Гэта яму нічога не сказала. Тады ён прыняўся чытаць.
Першы ліст быў ад Гэлі...
Яна пісала пра справы свае трупы, пра спектаклі, якія ёй прыйшлося разам з трупаю адыгрываць у цэлым шэрагу мястэчак і гарадоў.
Сур’ёзна і з замілаваннем паведамляла яна пра той шумлівы поспех, які праводзіў у розных месцах іх спектаклі і... яе выступленні. З натхненнем апісвала Гэля спектакль у адным прамысловым мястэчку, дзе рабочыя гарбары падаравалі ёй пару выцяжак і букет красак за яе здольнае выкананне ролі.
Але чамусьці, следам за бадзёрымі сказамі пра гэтыя здарэнні, Гэля з сумам пераходзіць да сваіх суадносін з мужам. Яна рэкамендавала яго Рыгору чорствым, халодным, безудзельным да справы тэатра і да яе, як жонкі, чалавекам.
Яе ліст канчаўся ўспамінамі пра Сілцы, пра гутаркі з Рыгорам. У апошніх радках яго Гэля выказвала спагаду таму, што «жыццё раскідала іх па розных кутках, паставіўшы кожнага ў розныя ўмовы».
«Напішы адказ на Беласток — да выпатрабавання»...
Другі ліст пісаў Рыгору Сёмка...
Па размашыстым характары, што распаўзаўся ломанымі літарамі па бруднай, плямістай паперы, выяўна адбівалася змардаваная рука таварыша-хлебароба. Ад лістоў нясло кіслым паўбульбяным хлебам ды пясчанаю, няўроднаю зямлёю. Між радкоў мігаліся беглыя ўзрокі гаспадарнага ваччу Сёмкі.
Ліст адцягнуў да сябе ўсю Рыгораву ўвагу. Перад ім выраслі вобразы мінулага. Вось ён бачыць Сёмку на полі пры ворыве. Пільнае вока заўзятага дбайніка-гаспадара аглядае кожную мясцінку вузкай палоскі. Раз ад разу Сёмкаў узрок сягае ў бакі, дзе сцелюцца шырокія галы ніў, якія сціскаюць яго шнурок да памераў вузкай межкі... Ліст прысвечаны амаль не цалкам грамадскаму жыццю Сілцоў. У ім падносіцца Рыгору суцэльная схема сучаснага стану мястэчка ў водсвеце палітычных настрояў. Сілцоўцы не дрэмлюць... Варушацца... Знайшлося шмат новай моладзі, якая згуртавалася ў некалькі колак з мэтамі самаадукацыі. Удалося адчыніць бібліятэку-чытальню і правясці зборы на палітычных ссыльных... Сам ён, Сёмка, менш як раней аддае часу грамадскай справе — зацягнуты ў бросню будзённага жыцця, заўсёды пад шчыльным наглядам паліцыі — аднак «не адарваны ад змагання»...
Ён жаніўся з Волькаю, і гэта крыху звузіла яго грамадскую працу.
Пятрусь піша Сёмку лісты і ў кожным пытае пра Рыгора. Хацеў бы бачыць яго хутчэй у Пецярбурзе, у асяродку рабочай гушчы... Сёмка дзівіцца, як трывае Рыгораў настрой пасля бурліва перажытых дзён.
«Ці асвойтаўся ты ва ўмовах ціхага местачковага жыцця, ад якога гэтак уцякаў?»
Рыгора ўспамінае і Зося... «Выпадкова праз жонку дазнаўся, што атрымала ад цябе ўклон. Была здзіўлена і разам жа зарадавана. Але... Ёй не да гэтага... Жыццё тузае і яе, бедную, як знарок аброчаную на пакуту. Жыве на дзве хаты: у Берага і ў бацькоў. Больш у бацькоў. Амаль што не кожны месяц прочкі, сваркі... Прасіла кланяцца... Горкім дакорам мінулая абмылка»...
«Твая маці доўгі час хварэла... Многа плакала ў роспачы, у разувер’і ў тое, ці хаця жыў ты, ці хутка адгукнешся»... «З якою радасцю пазвала мяне чытаць твой ліст! Якім шчасцем было для яе атрымаць ад цябе грошы!»
«Я заўжды суцяшаю старую, абнадзейваю».
«Не патрабуй большага — ад сілы пасабляю».
І нарэшце Сёмка крануў хваляваўшага яго пытання — пра выезд у горад. «Думаю пра горад... Ведаеш — чым гусцей сплятаюцца жыццёвыя сеткі, тым большая прага вырвацца з Сілцоў. Але ці будзе на гэта магчымасць, ці прыйдзе час?..»
«Пра хатнія навіны піша маці... Пішы надалей! Твой Сёмка...»
Рыгор дачытаў і паглядзеў у акно. Змяркалася — уваччу бегалі мурашкі.
Вакольнае жыццё было адгароджана ад яго неабсяжным прагалам... Рыгор жыў не ў Смагіне, а ў Сілцах, за сотні вёрст ад яго. Асалода адчування гэтага прагнала ўсякую ахвоту да яды.
Як прыемна, што ніхто не трывожыць яго ў гэтыя хвіліны!..
«Ага... У мацерыным лісце хатнія навіны».
Ён падышоў бліжэй да акна, абапёрся локцямі на падаконнік, а лобам — да гладкае халоднае шыбы...
Шэрае святло адвячорку разганяла літары. «Хто пісаў мацерын ліст? Сёмка? не пазнаць — мэрам другі зусім характар. Ды ці ў гэтым справа?»
«Мой даражэнькі, сыночак мой залаценькі, любы Рыгорка! Ластаўка мая легкакрылая»,— пачынала маці.
«Як я рада, што цябе лёс захаваў і ты адазваўся на мае прычыты. А столькі ўжо я папагаравала! За гэты час я многа чаго працярпела, сынок мой! Здароўе без таго нецікавае, а тут яшчэ гэтыя мітрэнгі... Дык сэрца гэтак ные, гэтак пятрае, што здаецца, вось, сарвалася б з месца і паляцела б немаведама куды... За край свету выбралася б... Людзям замінаю, вузкі дарожкі, цесна... Дзякуй ім — адны Сёмкавы не адцураліся мяне... Сёмка — ну і да залаты ж чалавек!.. Які ён, сынку, добры твой таварыш!.. Суджана было Вольцы сустрэць гэткага чалавека... Пашукаць падобнага ў свеце і не знайсці... Я, бывала, плачу, гарую — ён прыйдзе і, здаецца, здыме камень з грудзей: — мэрам ты сам пакажашся... Можа, праз гэта і вытрымала...
Твой-та ліст, Рыгор, уваскрасіў мяне, дальбог жа, сынку мой мілы. Паверыш — ляжала як забітая, а адкуль узяліся сілы — паднялася і насустрач паштальёну. Зусім не спадзявалася, што ад цябе... Жарты-і столькі часу — няведама і нязнана, жарты-і!
Пазвала Сёмку і, моцна плачучы з радасці, праслухала некалькі разоў. Паляцела бы да цябе, Рыгорка... Паняслася бы ветрам, сынку. Даруй, што доўга не пісала... Сёмка ездзіў у дарогу. Волька занятая, да Зосі ісці — не зручна. Заблыталася — а час прамінуў... І толькі цяпер, вось, калі Сёмка вярнуўся, сабралася напісаць... Два вечары засаб пісалі...
Што ж табе сказаць пра маё жыццё? Цяжка жыву, дарагі сынок. Прыехаў бы — паглядзеў. Але ці можна табе наведаць мяне? Так — тыдзень дастала твае грошы. Дзякую, сынок. Аднаго не хапае — не разам... Каб гэта, ды як у іншых людзей... Сёмка заўжды пры бацьках, Саўка... Другім іначай, а табе іначай... Зразумела, не наша воля ды сіла не наша, каб перайначыць... Мабыць, ужо нам суджана не ўгледзецца больш. Усё ж, калі будзе як,— не забывай... Ты ведаеш, што я адна...
У мяне ты — любы Рыгорка, і больш нікога, суздром нікога... Не магу пісаць — слёзы заліваюць паперу... А цяпер яшчэ дапішу навіны... Слухай, сынку, мо не пазней, як тыдзень таму, я гэтак прыўстала сяк-так з полу, зазірнула ў акно, а ў двор завярнула нейкая дзяўчына... Хто б яна — думаю і чакаю. Бачу — ідзе ў хату. «Дзень добры».— «Дзень добры». «Ці тут хата Рыгора Нязвычнага?» — пытае. «Тут»,— кажу... Далей разгаварыліся. Сама з Рыгі, завецца — Ганна. Была ў сваіх раднякоў каля Ліцка і знарок заехала да мяне. Расказвала пра цябе... Цікавілася, дзе ты зараз... Пытала адраса, але, прызнацца, я пабаялася даць... Яна думала, што ты ў Пецярбурзе, і хацела, пэўна, бачыцца з табою, бо прызналася, што хутка мае ехаць туды сама. Яе хтосьці — не прыпомню, сынок, усяго — запрасіў да сябе. А можа, і не... Забыла ўжо... Яна пахавала надоечы сваю маці, згубіла службу і едзе ў свет... І ведаеш, сынку,— на адыходзе дае мне пяць рублёў... Не хацела я, аднеквалася — з якое-такое ласкі,— а сілаю ўсучыла... Мусіла ўзяць... Ці паверыш? Якое было шчасце! Без капейкі ляжала... І знянацку... Папрашу цябе, Рыгорка, калі часамі напаткаеш яе, перапрасі і падзякуй ад мяне, старой. Дай ёй, доля, чаго яна сама хоча... Узяла ад бацькоў Петрусёў адрас...
Ну, а вось, слухай далей — толькі ўчора Пятрусь надаслаў чарговы ліст да бацькоў і піша ў ім, каб ты неадкладна ехаў да яго... Як быццам бы ён найшоў добрае для цябе месца... І я плачу, што ты зноў выберашся ў вялікі, далёкі горад, не пабачыўшыся са мною... А ў гэтых гарадах — колькі розных неспадзяванак, сынок мой дарагі... Яшчэ раз дзякую табе, што не забыў старой мацеры... Дзякую за тое, што выратаваў мяне ад цяжкай роспачы і надаў мне ахвоты да жыцця... Дык цалую цябе шчырым матчыным пацалункам!.. Цалую ў шчокі, цалую ў вусны, рукі твае цалую!.. Не забывай, дарагі сынку, памятай пра мяне!..
Дакладаю вось Петрусёў адрас...
Твая маці — Стэпа».
Апошнія радкі ліста расплыліся ў шэрані, і Рыгор прачытаў іх пачуццём.
Плойма разгойданых, пудлівых, нечаканых думак закруціла яго голаў. Зрабілася цесна ў пакоі, і хацелася выбегчы на вуліцу, на свежае паветра, пацягнула да знаёмых, каб перадаць ім змест атрыманых лістоў, роджаных імі думак і ўзнятых планаў. Ён схапіў шапку і рушыў з пакоя.
— Вы ўжо прачнуліся? — перапыніла яго за дзвярыма Ліба.— Вас закалыхалі навіны. Я шкадавала вас будзіць — а вячэра засталася. Даруйце, Рыгор Міхасевіч. Я вось зараз падагрэю...
Ліба мігам схавалася на кухні, і не паспеў Рыгор вырашыць, ці ісці, ці вярнуцца ў пакой, каб павячэраць, як яна зноў ачулася перад ім, ужо з ежаю ў руках.
Ён вярнуўся да сябе і прысеў за вячэру.