SommaireСокі цаліны
Квадра ІІІ - КРЫЖАВЫЯ ДАРОГІ, ЧАСТКА ДРУГАЯ · 4 min de lecture

IV

Рыгор не скончыў вячэры і далёка не перабраў усіх настойна лезшых у голаў думак, як Ліба зноў убегла ў пакой. На гэты раз без папярэджання, як заўсёды, і без перапрашэння — яна падбегла да стала і праказала:

— Рыгор Міхасевіч, вас Сроль просіць.

— Сроль? Чаму ж ён не заходзіць да мяне?

— Ён чакае вас у маім пакоі.

Рыгор мігам падняўся з-за стала і пайшоў за Лібаю.

У пацёмку на калідоры стаяў Сроль, і толькі Рыгор выйшаў з дзвярэй, як ён хапіў яго за крысо і прытрымаў.

— Еду... разам з Якавам Рундуком... Ён пайшоў за могілкі, услед балаголу, а я вось забег да цябе. Правядзеш?

— А Павал дзе?

— Павінен зараз тут быць... Пачакай квадранец, а я забягу яшчэ на хвіліну да Сімена Галаса...

— I я пайду з імі... Іх трэба вывесці абочнымі сцежкамі.

— Абавязкова... Але ці не будзе замнога ўчацвярых?

— Мы разаб’емся па дваіх...

Сроль памкнуўся выйсці, ды Рыгор яго прытрымаў:

— На хвілінку... Ведаеш, браток, у мяне за сённяшні дзень усе карты пераблыталіся...

— Чаму? — здзівіўся Сроль.

— Прыйдзецца ісці тваёю ж дарогай... Пятрусь заве ў Пецярбург. Знайшоў нават мне месца... І наогул,— сённяшні дзень для мяне, браце мой, нешта надзвычайнае... Тры лісты і трыста навін... Кланяецца табе Сёмка і яго жонка — Волька... Чуў?.. Уклон і ад Гэлі... Ну, але не затрымоўваю... Бяжы да Галаса... Да нас не вяртайся, мы зараз ідом...

Сроль порстка выбег з карчмы.

Праз пару хвілін выйшлі на вуліцу Рыгор з Лібаю.

Цёмнае зорнае неба нізка-нізка апускалася над смагінскімі будынкамі. Местачковае жыццё замірала.

— Сролю спрыяюць абставіны,— цішком перадаў ён Лібе.

— Цемра абманчыва! — адказала тая.

— Вы правы. Можа, па Сролевых слядах крадзецца не адзін паліцэйскі сабака.

Ліба міжвольна абярнулася назад і па баках, правяраючы таемнасць свае чыннасці.

— Пойдзем па задвор’ю,— запрапанавала.

Хутка яны схаваліся за дворнаю брамаю і прайшлі на гарод. У стадоле забрахаў сабака.

— Вы асцярожна, а то можна наткнуцца на калы...

— Пройдам гарод і выйдзем на сцежку, а там на школішча і праз Адрэзкі да могілак,— расказала Ліба і першаю апынулася за пералазам.

Хвілін праз пяць яны ўжо ішлі няроўнаю грудастаю сцяжынкаю толькі што засеянага гарода.

Рэдкія гумны цямнелі чорнымі камякамі між нізкіх платоў. За гародамі, управа і наперадзе, адкуль глядзела пяць вялікіх залітых святлом вокан школы, даносіліся смех, выгукі і тупат. На рынку, што знаходзіўся наўскасяк, між школішча, шоргалі жалезныя аканіцы крам. У аколіцах, напрамак да могілак, рагаталі коні, адтуль жа далятаў заліхвацкі губны свіст.

Свіст не канчаўся, пакуль яны не выйшлі на школішча.

У школе паступова гасла святло... Апошні яго прамень паспеў перад іх вачыма асвяціць кавалак вуліцы каля рагавога дома, за якім яна загінала да могілак. Яны зацішылі хаду, каб абысці роў, і моўчкі мінулі першыя дзве хаты. За імі ўкрадліва нясліся зацішаныя водгукі чужой гутаркі. Але, апроч таго, вакол усё маўчала.

Рыгор вярнуўся ў думках да лістоў, і яму захацелася паведаміць Лібе некаторыя вычытаныя ў іх навіны.

— Так, ў мяне сёння багата навін,— выказаў ён і на гэтым абарваў гутарку.

Ліба тузнула яго за рукаў і шапнула на вуха перасцярогу. Рыгор пачуў стук крокаў, якія раптам ачуліся ззаду і хутка набліжаліся да іх.

— Дзе ж та Павал дзеўся? — запытала Ліба, забыўшы, пэўна, што сама супыніла Рыгора.

— Можа, ён пойдзе адзін?..— адказаў Рыгор зусім не зазлаваўшы за гэта на Лібу.

Іх нагнала двое мужчын. У цемні ночы нельга было разгледзець, хто яны; ды ні Рыгор, ні Ліба не стараліся на іх углядацца.

Мужчыны абышлі іх і мо праз хату далей пачалі прарваную гутарку.

— А вось глядзі, мо, то і ёсць Павал з кім-кольвечы другім? — загадліва запытаў Рыгор.

— Мне паказалася, нібы Сролева хада,— з свайго боку ўсумнілася Ліба.

Іх сумненне паглыбілася, калі яны ўскорылі хаду і ўгледзелі, што мужчыны непадалёк ад могілак з правага боку вуліцы перайшлі на левы.

Яны падышлі да курганца на рагу агароджы і прыгледзеліся наперадзе сябе.

— Няма нікога?! — няўверана праказала Ліба.

Рыгор не паспеў адказаць, як збоку іх, пры паркане, пачуўся ціхі сігнальны кашаль.

— Во дзе! — адазваўся Рыгор.

Зрабіўшы некалькі крокаў наперад, яны прыкмецілі балагольскую будку і некалькі людскіх фігур. Хтосьці па іх адрасу выказаў:

— Нарэшце — прыйшлі.

Сышоўшыся, усе разам адышліся за прыпарканныя кусты гладзінніку і пасталі для развітання.

— Чаму так доўга? — папікнуў Памыйка.

— Выбачайце,— перапрасіла Ліба: — мы не спяшаліся, бо думалі, што ні Сроля, ні вас яшчэ не будзе.

— Вось бачыце... як вы бяспечна...

— Ну, кінь, кінь,— пераняў Рыгор.

— Наперадзе нас ішло пара чалавек, і мы не маглі выдаваць сябе...

— Падумаеш,— не здавальняўся Памыйка: — ішлі і прайшлі...

— Годзе вам... Пара ехаць...

— Так... Давайце развітвацца...

Сроль першым падышоў да Рыгора і расцалаваўся з ім.

Тое зрабіў і Рундук.

— Будзеш ехаць — не мінай,— праказаў Сроль да Рыгора.

— Напэўна хутка... Пішы, брат... І толькі не думай, што я без цябе не хачу заставацца ў Смагіне... Умовы так складаюцца...

— Кінь... Галас заменіць...

Сролеў голас зліўся з асцярожлівым воклічам балагола.

Хутка праважатыя пачулі глухі стук калёс, пацягнуўшыся ўглыб цёмнай ночы.

Квадра ІІІ - КРЫЖАВЫЯ ДАРОГІ, ЧАСТКА ДРУГАЯ · 5 min de lecture

V

Майскія здарэнні выклікалі зацяжныя трухі па ўсім Смагіне. Каля дзесятка рабочых-падмайстраў і сялян адведала халоднае. Допыты кожнага арыштаванага справодзіліся пагрозамі высылкі і астрога. Станавы пакладаў многа старанняў, каб вымусіць у кожнага арыштаванага прызнання ў яго належнасці да сацыял-дэмакратычнай арганізацыі. У існаванні яе станавы не сумняваўся, але яўных доказаў не знаходзіў. На допыце ён выпытваў іх адносіны да Сроля і да Памыйкі. У Сроля на кватэры быў зроблены старэнны трух і апытана сям’я гаспадара кватэры. Але ні да Рыгора, ні да Памыйкі паліцыя не трапіла. Гэта здзіўляла іх абодвух. Рыгор рабіў усялякія дагадкі: ён разлічваў, што гэтаму пасобіла яго адсутнасць на вуліцах у дзень дэманстрацыі альбо тут адыграў некаторую ролю Шульц. Аднак гэту акалічнасць Карл Людвігавіч тлумачыў выключна «ліберальнасцю» прыстава, «які трухі і прыводы ў халодную зрабіў для блізіру, абы не скампраметаваць сябе перад павятовым начальствам». Праўда, тлумачэнняў Шульца зусім нельга было апраўдаць шэрагам іншых рэпрэсій з боку «ліберала» станавога. Распараджэннем апошняга была зачынена грамадская бібліятэка з канфіскацыяй кніг. Былі забаронены чарговыя спектаклі і ўведзена нешта накшталт ваеннага становішча, з раз’язнымі начнымі патрулямі, якое цягнулася болей двух тыдняў. Не казаў у карысць станавога і праведзены перапіс рабочых.

Аднак факт незачэпнасці Рыгора аставаўся фактам. Гэты факт як найлепей спрыяў далейшаму рэвалюцыйнаму руху ў Смагіне. Памыйка, які ўвесь час выказваў поўнае нядбайства да небяспекі, зараз яшчэ больш пасмялеў і стаў да дзёрзкасці адкрытым.

Ужо на другі тыдзень пасля 1 Мая ён з’явіўся да Рыгора з думкаю склікаць местачковы актыў і абгаварыць план наступнай працы.

— Паліцыя не зачэпіць! — увяраў ён, суцяшаючы Рыгора і сябе разам.

— Арганізацыя мусіць мець сталае кіраўніцтва. Няровен час! Кожную хвіліну трэба чакаць чарговага выбуху...

Рыгор іначай глядзеў на паднятае Паўлам пытанне:

— Трэба нейкі час пачакаць...

— Каб паліцыя адумалася? «Сем бед — адзін атвет»... Ды табе што... Праз дзень-другі мы будзем праводзіць цябе, як праводзілі Сроля... А нам тут сядзець, пакуль не вышлюць... Табе, я ведаю, не сядзіцца ўжо... Куды ж там! І месца, і таварышы, і сталічны размах працы і... Ганна... А мы павінны варушыцца... Па маштабе... Мне дзіва, Рыгор, што ты на гэты раз забыў пра сваю ранейшую настойнасць...

Апошнія словы Памыйкі і тон, якім яны былі выказаны, прыняліся Рыгорам за лёгкі ўкор. Гэта было чуць упершыню з боку Памыйкі. Ранейшыя яго прызнанні ў адданасці Рыгору, хоць і неслі некаторай вычварнасцю, усё ж не абяцалі таго, што Рыгор пачуў зараз.

— Ты на некага злы, а на мне спаганяеш злосць,— суха адказаў Рыгор.

Памыйка ўлавіў Рыгораву нездаволенасць і збянтэжана пачаў выбачацца.

— Няўжо такі і ўпраўду ты пакрыўдзіўся? Калі так — прашу дараваць. Я ніколі не думаў гэтага... Я добра разумею, што ты падаў мне раду з добрымі намерамі... Ну, ты ж ведаеш, што я не з-за сябе ўзняў гарачку...

Інцыдэнт паміж імі паступова згладзіўся, і праз нейкі час Памыйка зноў прызнаваўся Рыгору ў сваіх цёплых пачуццях да яго. Рыгоравы прапазіцыі вярнулі ў Памыйкавым разуменні прызнаную ім таварышову непаграшымасць.

Дзякуючы гэтаму абодва бясспрэчна сышліся на тэрміне склікання сходу на канец мая.

Але, наперакор абодвум, здарэнні самі пераставілі тэрмін, адначасова перамяніўшы і развіццё падзей. Зусім неспадзявана, каля дваццатага мая, прыехаў з Пецярбурга Шульцаў сын Рудольф. Сам Шульц звёў сына з Рыгорам ды Памыйкаю на другі дзень пасля яго прыезду. Расказаныя Рудольфам навіны захапілі вострасцю і Рыгора і Паўла. Яны запрасілі Рудольфа зрабіць даклад на сходзе мясцовай арганізацыі. Рудольф ахвотліва згадзіўся.

— Арганізуйце і — завеце мяне,— сказаў ён.

З прычыны важнасці даклада, рэдкага для Смагіна, справа са сходам ішла згаворана, пагоджана і латва.

Бліжэйшаю суботаю, адвячоркам, пацягнулася смагінская моладзь рознымі дарожкамі і сцяжынкамі ў памешчыкаў лес, вярстах у трох ад мястэчка. На сход сышлося да сотні чалавек.

Сходу быў прыдадзены характар маёўкі.

Рудольфа прывялі з сабою Рыгор з Памыйкам. Яго здзівіў настрой сходу; суцяшала таксама і колькасць яго ўдзельнікаў.

Разложаная між кустоў на зялёнай мураве ежа сведчыла аб прадугледжанасці арганізатараў.

Рудольфу, якому даводзілася вярцецца больш усяго сярод студэнцкіх колаў, імпанавала даверлівая ды натхнёная местачковая рамесніцкая і сялянская моладзь.

Да дзесяці чалавек сталых, сур’ёзных мужчын, укрэпленых у яе, прыдавалі сходу паважную сталасць і цвёрдасць.

Рудольф адразу запаліўся натхненнем і сказаў сваю ўдала ды стройна пабудаваную прамову, як бы прачытаў верш у прозе. Прамова наэлектрызавала сход, які ў пазбыве небяспекі прывітаў Рудольфа зычнымі воплескамі.

За прамоваю пачаліся пытанні. Наперабой кідалі іх «таварышу аратару» ўдзельнікі сходу і прагна лавілі яго адказы.

Пецярбург вырастаў уваччу кожнага прысутнага ў нешта вялікае, магутнае і неабсяжнае. Падзеі з рэвалюцыйнага руху, перавязаныя з махрастымі камбінацыямі праяў агульнаграмадскага жыцця, паказваліся казачнымі і настолькі моцнымі, што нараджалі сабою здзіў, плаваўшы па тварах натхнёнае моладзі і сталых.

У цікавасці да намалёванай Рудольфам рэвалюцыйнай сітуацыі танула смагінскае Першае мая.

Напружанасць становішча на Балканах, вакол якога завязваўся моцны вузел супярэчак паміж вялікімі дзяржавамі — на чым умела і тлумачна спыняўся Рудольф,— яшчэ болей раскалыхала ўдзельнікаў сходу.

На ўзвароце ў мястэчка толькі і было тэмы, як пра здані вайны. Разбіўшыся па двое, па трое — усе былі злучаны аднастайнасцю гутарак.

Але Рыгор да іх не далучаўся. Яго абыходзіла і расцягнутая пахвальба смагінскаму актыву, што пасылаў яе Рудольф. Размову на гэту тэму з Рудольфам Рыгор уступіў Памыйку. Ён ухіляўся ад Лібінага спадарожніцтва таксама. Штосьці адрывала яго ад усяго вакольнага і на скрыдлах думак пераносіла ў Пецярбург. Развой рабочага руху і месца, што знайшоў яму Пятрусь, і цэлы шэраг іншых акалічнасцей віхрам насіліся над бурлівай сталіцай.

Сам горад-велікан паўставаў перад ім у зданных вобразах, у няўмоўчным гуле людскога натоўпу, у гудзенні сірэн, у бляску электрыкі.

З сумных муроў вытыркаў халодны, акуратны гмах велізарнага завода, ацятага агністым поясам вокан. Лахматыя камякі дыму кружацца між небам і зямлёю. Вось-вось — лезе сопуха ў ноздры, у рот, труціць чадам, гар’ю. І не перашкаджае гэтаму ні чыстата ляснога паветра, ні водар хваёвае смалы, разлітае навакола.

Зрэдку, у развоі думак, Рыгор уголас пераконваў сябе:

— Пара ўжо мне ехаць адгэтуль, пара. Я ўжо тут сваю справу скончыў.

Памыйка касіў на яго вочы, ківаў галавою і кідаў сказам: «Ды ўжо ж, ты часовы госць». Шкадаваў.

І між гутаркі з Рудольфам гадаў: «У свеце набліжаюцца вялікія здарэнні, а я астаюся ў глухім мястэчку».

У Памыйкавых думках паўставаў Сроль, прамігваў Рундук. Іх абліччы паступова зліваліся з тварам Рудольфа, да якога Памыйка шчыльна прыціскаўся. Рудольф лавіў яго цёплыя ўзрокі, але прапускаў іх задумёнасць, як і зацятыя раздумы Рыгора.

Рудольфа атуляў настрой праведзенага сходу. Ідылія сялянскае ночы, пікантнасць нелегальнасці справы, яе першыня для яго ў падобных умовах — імпанавалі Рудольфу. Студэнцкія сходкі цьмелі на фоне местачковага мітынгу; іх інтэлігенцкая кіпучасць згладжвалася перад цнотнасцю позываў местачковых рабочых. Наогул — студэнты, з якімі Рудольф больш усяго меў справу,— далёка стаялі ад гэтых вось людзей. Там, здавалася яму, зусім не чулася тае беспараднасці, якая дыхнула на яго на смагінскім сходзе. Калі яны апынуліся ў мястэчку, Рудольф прызнаўся:

— На мяне ваш сход зрабіў агромністае ўражанне. Смагін так вырас, што я не веру, калі ўспомню хоць леташняе...

— Гэтаму многа пасобіў таварыш Нязвычны,— парэкамендаваў Памыйка.

— Мэрам бы чалавек кіруе падзеямі, а не наадварот. Эх, Павал!

— Не зварочваў у філасофію... Толькі, вось...

Памыйка следам хацеў паведаміць пра Рыгораў ад’езд, але стрымаўся.

— Я вельмі задаволены, што вы пад’ехалі да нас,— загладзіў ён папярэдні сказ.

— Ну, я ненадоўга...

— Лепей, як-ніяк...

— Пераацэньваеце, таварыш Памыйка,— не схаваў ільсцівасці Рудольф.

— Не ў маёй натуры: я люблю выказваць тое, што думаю.

Яны падыходзілі да Крамнікавай карчмы, калі трое конных стражнікаў галопам прамчаліся ў бок поля.

— Няўжо дазналіся?