VI
Чатыры сценкі маленькага пакоя губілі свае абрысы ў цёмным змроку ночы. Ды ці былі то, сапраўды, сценкі, ці то самы змрок адгараджваў адно ад другога чуць прыкметныя стол, крэслы, ложак,— цяжка было разабрацца.
Ціша, якая панавала ў будынку і па-за яго сценамі, яшчэ болей паглыбляла наўздзіў глыбокую цемень. Шасцішыбнае акно ледзьве прыкметна адзначалася блядою шэранню. У яго цяжка было запрыкмеціць празрыстае мірганне зорак. Здавалася, што густы злепак ночы давіў на ўсё жывое. Ды яго незаўважна было нідзе ўблізу Рыгора. Ці то мо ён мала прыслухоўваўся, будучы адданым ахапіўшым яго думкам.
Болей гадзіны нівошта не адцягнула да сябе Рыгоравай увагі. Ён ляжаў адзетым на непасланай пасцелі, як у магіле. Чуў, мэрам бы яго думкі ажыццяўляліся і шоргалі ў галаве поўзаннем мухі. Тою ж заданню патыхала і ад створаных яго ваабражэннем мнагалікіх вобразаў.
Раптоўны зычны трэск за сценкаю падняў Рыгора на ногі. Ён настаражыўся.
«Няўжо хто стукае знадворку?» — усумніўся ён і тут жа заключыў, што таго не павінна быць: «Было б так, ужо б даўно брахаў запёрты ў хляве сабака».
Рыгор зноў прылёг. Але ўжо яго настрой зламаўся. Скрытная ўтома дапомніла пра спанне. З выразных думак асталіся цьмяныя, блытаныя ўрыўкі. Калі Рыгор патужыўся звязаць іх у адно цэлае і праверыць — не хапіла цярпення.
Тады ён увішна прыладзіў пасцель, раздзеўся і лёг. І толькі задрамаў, як узнятыя на вуліцы крыкі яго абудзілі. На гэты раз — не было сумнення — штосьці здарылася. Сабака заліваўся нахабным брэхам.
Мігам адзеўшыся, Рыгор выбег з хаты. На ганку ўжо стаяў стары Крамнік.
— Вам не варта выходзіць, пажар дзесьці за школішчам,— паведаміў ён Рыгора.— Во-а! — паказаў Крамнік на суседнюю страху.
Чырвоны промень разразаў чорны цалун ночы. Яркія іскры веерам нясліся ўгару, гінучы ў камяках ружовага дыму.
На вуліцы расла гвалтоўная сумятлівасць. Трывожна стукалі ў кожнай хаце дзвярыма, перагукваліся людзі і беглі ў бок променя, пакідаючы па сабе гулкі тупат.
У канцы вуліцы і за гародамі выгуквалі аднастайнае цягучае «па-жа-арр! ппа-а-жарр!».
Рыгор пакінуў старога Крамніка аднаго і пабег за іншымі.
Ён не абмінуў і дзвюх хат, калі зазванілі на гвалт. Частыя ўдары звона важка падалі ў ціхае паветра, віснучы над мястэчкам пераліўным медным гулам. Водгукі ўдараў несліся далёка ва ўсе канцы, не знаходзячы сабе граніцы.
Апынуўшыся на майдане, Рыгор стрэў пажарны абоз. З грукатам і траскатнёю прамчалася між яго некалькі падвод з насосамі і бочкамі, з прыстаўленымі на іх дымнымі факеламі.
Удагон падводам гарніст выцінаў надрыўнымі тонамі трывожную мелодыю.
І нязмоўклы гук звона, і трапятанне цудоўных зданных ценяў на святле факелаў, і плакучы гук пажарнага сігналу, і раз’юшаны, сумятлівы бег людзей зліваліся ў якуюсьці таемную, трывожную какафонію, у ажыццёўленае ведзьміна вяселле.
Роўнае, стромкае полымя пажару, свечкаю ўзнятае ўгору, зусім, здавалася, не вымагала ўзнятае трывогі.
Калі Рыгор апынуўся на пажары — гарэла старая, зусім ізаляваная будыніна якогасьці свіронка. Спакойная пагода аднімала небяспеку пераносу агню.
Натоўп мяшчан, асаджаны паліцыяй на сажняў дзесяць ад пажару, даваў разгарненне дружнай працы пажарнікаў. Ад іх напору паціху асядала прагарэўшая страха і няўстойна калыхаліся сцены.
Полымя вачавідкі меншала, згушчаючы вакол сябе цалунны змрок.
Але разварушаныя галавешкі рассыпалі пукі тоўстых іскраў, якія не дазвалялі пакуль аставіць без дагляду бліжэйшыя будынкі. На кожным з іх сядзелі людзі з вёдрамі вады і залівалі падаўшыя іскры.
Пажар не цягнуў за сабою вялікіх страт і, мэрам бы, быў знарок зроблены для праверу людское дбайнасці.
Разбуджаныя на яго людзі вярнуліся б па хатах без жаднага спачування пагарэўшым, з адным лёгкім нездавальненнем на дарэмны неспакой, каб раптам пажар не набыў іншы зварот.
Ужо Рыгор абыходзіў парадзеўшы натоўп мяшчан, мяркуючы ісці на кватэру, як яго хтосьці тузнуў за падол жакеткі. Ён азірнуўся і ўгледзеў Сімена Галаса.
— Ты куды?
— На кватэру.
— Пачакай хвілінку, тут хлопцы гатовяць маленькі сюрпрыз.
— У чым справа? — занепакоіўся Рыгор.
Сімен не паспеў адказаць: хлынуўшы натоўп збіў іх з месца і адапхнуў на некалькі крокаў назад.
Калі яны паглядзелі на пажар, то ўбачылі пук узнятых іскраў ад бразнуўшай у бок паліцыі здаровай галавешкі.
Напуджаны станавы кінуўся ўцякаць.
Яго адрывісты сярдзіты голас адбіваў нейкія распараджэнні.
У адказ на гэта натоўпам перабеглі ажыўлёная гутарка і ўкрадчывы смех.
— Хто гэта надумаў? — запытаў Рыгор у Сімена.
Той задаволена разрагатаўся і прашаптаў Рыгору на вуха:
— Памыйка!
— Ну, да чаго гэта было?
— Добра! Маўчы... Цяпер можна ісці па хатах.
Рыгор развітаўся і павярнуўся да завулка; ён не зрабіў і пяці крокаў, як нейкі зычны бразг адцягнуў да сябе агульную ўвагу. Следам адзін за другім пачулася некалькі стрэлаў.
Натоўп мігам рассеяўся з поля святла, і дагараўшае пажарышча асталося адно.
— Хавайцеся ў цёмнае! — папярэдзіў яго прамігнуўшы побач мужчына.— Стражнікі страляюць у людзей!..
— З якое прычыны? — кінуў Рыгор запытанне ўслед уцякаўшаму.
Той нічога не адказаў і знік за высокім кастром паколатых дроў.
У завулку, што вёў на школішча, Рыгор нагнаў пару хлапчукоў. Адзін з захапленнем расказваў другому, як з даха суседняе да пажару хаты хтосьць кінуў у паліцыю бляшанае вядро з вадою. Напалоханыя стражнікі ў адказ на гэта адкрылі страляніну. Хлапчукі пацяшаліся над цікавым для іх здарэннем з паліцыяй, экспромтам складаючы анекдот на тэму, «як стражнікі расстралялі пажар».
Данёсшыся ззаду іх чыйсьці прарэзлівы крык перапыніў хлапчуковую рэзвую гутарку.
— Што там гэткае? — абярнуўся адзін з іх да Рыгора.
— Не ведаю, браце.
Хлапчукі сарваліся з месца і панясліся стралою ў бок пажару.
Рыгор паскоранай хадою пайшоў усцяж ціхае вуліцы.
Вярнуўшыся на кватэру, ён застаў яе незапёртую. Яго ўкрадчывы ўваход не прайшоў незаўважаным з боку старога Крамніка.
— Гэта вы, Рыгор? — праверыў ён Рыгора з бакоўкі...
— Так, я.
— Што там за страляніна была, скажэце? — пацікавіўся стары.
Рыгор расказаў карчмару пра гісторыю з галавешкаю ды вядром і цішком прайшоў да сябе.
У акне яго пакоя яшчэ свяціўся патухаючы промень пажару, але поўнач брала сваё. На вуліцы, як і ў карчме, аднавіўся перадпажарны спакой.
Рыгор цішком раздзеўся і ўлёгся ў ложак. Нядаўная санлівасць яго пакінула, і ён доўга нервова вярцеўся з боку на бок, ніяк не могучы заснуць. Толькі на золку яго адолела змора.
І тыя дзве гадзіны, што асталіся да гудка, ён праспаў, як забіты.
Ён не прачнуўся б сам, хоць бы стралялі над ім з гармат.
Усё ж праспаць працоўны дзень было залішняй роскашшу, і Ліба ўзяла на сябе смеласць яго абудзіць.
Асцярожлівы яе стук мусіў перайсці ў гучныя ўдары, пакуль Рыгор адазваўся.
— Пара ўставаць, Рыгор Міхасевіч! Чвэртка восьмае.
— Так позна?
— Пазнавата, як бачыце.
Рыгор спешна адзеўся і выйшаў з пакоя.
Настрэчу яму Ліба несла снеданне.
— Назад, назад, таварыш,— кранула яна Рыгора тацаю.
Лыжка забарашчэла па шклянцы і вымусіла Рыгора пасобіць Лібе прытрымаць тацу.
— Яшчэ бяды набяруся.
— Толькі таго! Я не гэтага баюся...
— А чаго? — здзіўлена запытаў Рыгор.
— Хаця б учарашняя гісторыя не пацягнула за сабой дрэнных вынікаў.
— Вы пачулі ўжо?
— Усё мястэчка, як у бубен б’е, гаворыць пра гэта... Трэба ж было гэта дзіцячае мудрагельства...
Яна прычыніла дзверы і шэптам даказала:
— Я не чакала гэтага ні ад Памыйкі, ні ад Галаса. Абодва сур’ёзныя хлопцы, а дзіцячае спаганяюць... Вам трэба выгаварыць ім гэта, Рыгор Міхасевіч.
— Ды ўжо позна...
У адчыненае акно ветрык вагнаў густы струмень цёплага паветра. Ліба адсаплася і паглядзела ў двор.
Яна не паспела адысці ад акна, як на ім мігам апынуўся прыгожы, у рудыя яблыкі, аблавухі сабака. Працягаючы на пакой сваю вострую морду з адвіслаю верхняй губой, ён умільнымі вачыма аглядаў Рыгорава жыллё.
— Няхай ён прабяжыцца з вамі да Шульца.
— Калі ласка.
VII
Гудок майстэрні спаткаў Рыгора пры выйсці на вуліцу. «Няўжо я так спазніўся?» — хапіўся ён і, каб праверыць сябе, паглядзеў на гадзіннік: было без васьмі хвілін восем. Рыгор упадбежкі накіраваў да майстэрні.
Таварышы толькі-толькі падпяразвалі фартухі, калі ён пераступіў яе парог.
Шульца ў майстэрні не было.
— Пачынаеш пазніцца? — жартаўліва праказаў Памыйка.
— Як бачыш... А ты ўжо даўно тут?
— Паспеў фартух падперазаць.
Таварышы весела зарагаталі.
— На пажары застаўся?
— Абавязкі пажарнага...
— Цікавыя абавязкі...
Рыгор намекліва маргнуў вачыма і паківаў галавою.
Памыйка зразумеў у чым справа і хацеў пасупярэчыць Рыгору. Шульц перабіў яго намеры.
Хлопцы ўзяліся за працу. Застукалі малаткі, зашоргалі пілы. Шульц раздзьмуў мяхі і ўправіў у агонь кавалак жалеза.
У невялікай майстэрні адчувалася пэўная сур’ёзнасць вялікага завода. Прынамсі, Рыгору чамусьці асабліва прыемнымі былі рэзкія гукі малатка ў руках Памыйкі і аднастайныя ўспыхі мяхоў. Бяссонная ноч не пакінула следу на яго рухавасці. Ён не адчуваў жаднае ўтомы, ніякага суму. Працаваў старанна, з упартай заўзятасцю. Ім заваладаў нейкі асаблівы імпэтны настрой. Дзякуючы гэтаму настрою, кожная рэч, што праходзіла праз яго рукі, здавалася яму блізкаю, неад’емлемаю часцінай яго істоты.
Памыйка падмячаў стараннасць і дзівіўся, паглядаючы на таварыша. Але маўчаў.
Чамусьці гэтай раніцой, насупярэч звычайнаму, усе маўчалі. Нават калі з майстэрні выходзіў Шульц, ніводзін з іх не выкарыстоўваў выпадку для гутаркі. І пасля снедання, і пасля абеду, наогул, увесь дзень амаль ніхто не выраніў слова.
Тым не меней, ён прайшоў для Рыгора хутчэй за другія.
Пакінуўшы майстэрню, Рыгор адчуў вострае жаданне прайсціся ў поле і запрапанаваў гэта Памыйку:
— Чаму не,— згадзіўся той.— Зойдам да Сімена, запросім Рудольфа і разам... Але ж павячэраць трэба...
— А я і без вячэры, разумееш...
— Няўжо так смачна ў абедзе накармілі? Ці ты аброкся сёння пасціць?
— Як табе сказаць... Аброку даваць няма каму... Праўдзівей, не хочацца чамусьці...
Усё ж ён згадзіўся з Памыйкам і пайшоў на кватэру.
Вячэра адняла болей гадзіны. Гэтым часам на дварэ пачало хмурыцца, і цяга да поля ў Рыгора аслабела. Але калі да яго зайшлі Памыйка з Сіменам, Рыгор ахвотна выйшаў з імі.
— Можа, Лібу запросім з сабою? — запрапанаваў ён.
Хлопцы згадзіліся.
Рыгор вярнуўся ў карчму і праз хвіліну выйшаў з Лібаю.
Яна ішла і аглядалася назад, чуючы нездаволеную гутарку мацеры. Гэта яе асцярога паслужыла тэмаю для кпінаў з Лібы. Ліба злавалася і некалькі раз асякала хлопцаў востраю лаянкаю. І толькі калі намерылася вярнуцца дахаты, хлопцы суняліся.
— Досыць вам! — папікнуў Рыгор.
— Просім выбачэння! — абярнуўся Памыйка да Лібы.
Каб згладзіць ніякавасць, гутарка была пераведзена на іншую тэму. Памыйка перайшоў да пагоды — якраз насувалася хмара і раз-поразу змяіліся ў ёй празрыстыя маланкі.
— Нам не шанцуе,— паскардзіўся ён.
— Гэта за тое, што вы з мяне пацвільваецеся,— пажартавала Ліба.
Каля моста яны перайшлі да пытанняў грамадскага характару, якія незаўважна для іх пераключыліся ў культурныя. Абгавору падпалі зачыненая бібліятэка і забароненыя спектаклі.
Учарашні сход паглядаў на кожнага з іх чорнаю сцяною аддаленага лесу... Жаўранка, абапал яе зялёныя паплавы, далей панскі маёнтак, жытняе поле ўбіралі яго хараством квітнеючай вясны.
— А ведаеце, дажджу не будзе,— раптам абарвала Ліба ажыўленыя спрэчкі пра наведваўшую Смагін трупу.
Усе паглядзелі на поўдзень. Сапраўды — хмары не зніжаліся, а хутка радзелі і ўздымаліся ўгору. Гнедае прасцірадла іх раптам адкалолася ад чорнае кажуры і выпусціла наповерх сонца.
— Можа, зайсці па Рудольфа? — запытаў Рыгор.
— А ці варта? — усумніўся Памыйка.
Рыгор не паслухаў і павярнуў да Шульцавай хаты.
— Вы не адыходзьце далёка, я зараз,— папярэдзіў ён.
І не паспеў падысці да дваровай брамы, як Рудольф выйшаў з хаты.
— Я ўгледзеў вас праз акно... У поле?
— Надумалі. Вясна цягне...
— Я са здавальненнем. У Пецярбурзе гэтага не атрымаеш...
Рыгор уважліва паглядзеў на Рудольфа. Сын гаспадара лашчыў мяккасцю сваіх вачэй і ласкавасцю свайго голасу. Калі бацька яшчэ ва многіх рысах свайго я хаваў дасканалую нямецкую сухасць, змешаную з сур’ёзнаю дзелавітасцю ды педантызмам, дык Рудольф далёка адышоў ад гэтага. На ім ужо выразна адбіліся краёвыя ўмовы з выразнай рахманасцю ды спакоем натуры. У гэтай рахманасці танулі задзёр і фанабэрыя студэнта, гонар і самаўцеха прадпрыемцавага сына. Рыгор адмеціў гэта ўжо пры першым спатканні з Рудольфам. Зараз ён яшчэ больш праканаўся ў сваіх заключэннях.
Рудольфава выступленне на сходзе і яго гутарка з Памыйкам па дарозе з лесу абудзілі ў Рыгору поўнае к яму давер’е.
— Вы пра ўчарашняе чулі? — запытаў ён Рудольфа.
— Гэта пра гісторыю з станавым? — засмяяўся Рудольф.
— Але.
— Так, хтосьці выдумаў спрытна.
— Думаеце, хто?
— Не ведаю.
— Вось яны!
Рыгор паказаў пальцам у бок Памыйкі і Сімена, якія пры мосце іх чакалі.
— Ласне?
Рудольф покатам зарагатаў.
— Малайцы.
— А я ўсё ж іх не пахвалю.
— Нічога дрэннага. Хлопцаў можна павіншаваць.
Падышлі да моста.
Ад рэчкі нясло вільгаццю. Асеўшы пыл не труіў паветра. У яго нерухомасці мігалі тысячы мошак. Густы водар жытняга красавання калыхаўся над рунню зялёнае травы.
Рудольф прывітаўся з Памыйкам, як са знаёмым. З Лібаю ды з Сіменам яго Рыгор пазнаёміў.
Першыня знаёмства не адбілася на цеплыні таварыскага збліжэння, не перашкодзіла яно і іх ажыўленай гутарцы.
Гуляючы ў жытніх палетках, Рудольф пераказаў кампаніі шмат эпізодаў з рэвалюцыйнага жыцця Пецярбурга. Яго ўважна слухалі, распытвалі, цікавіліся дробязямі больш важнейшых мясцоў з апавядання.
Незаўважна для сябе яны прагулялі каля дзвюх гадзін, і калі вярнуліся к мосту, было ўжо цёмна. Местачковае жыццё глухла ў сценах хлявоў, за сенішнімі ды хатнімі дзвярамі. Толькі з рынку даходзіў нейчы крык. Гэтаму крыку ўторыў жабін хор у паплавах і перакрыкі перапёлкі ў жыце.
У Шульцавай хаце свяціўся агонь, а ў майстэрні дымела з коміна.
— Няўжо мой бацька ўсё яшчэ працуе? — падзівіўся Рудольф.
— А ён у вас руплівы,— адказаў Сімен.
Рудольф не спыніўся каля дома, а пайшоў з усімі далей.
— Цікава, як пойдуць здарэнні ў міжнародных адносінах,— мяняючы папярэднія тэмы, праказаў Рудольф.
Гэта кампанію настаражыла.
Рыгор з цікавасцю запытаў:
— Чаму? Вы сапраўды думаеце, што можа кончыцца вайною?
— Усё ідзе да таго.
Рудольф аглянуўся навакол і цішэйшым голасам дадаў:
— Мне пішуць з Нямеччыны, што там апошнімі днямі адкрыта гутараць пра вайну. Нядаўнае спатканне Вільгельма з Францам-Язэпам цалкам было прысвечана абгаворам пытанняў вайны.
— Так, гэта сімптаматычна...— згадзіўся Рыгор.
Тым не меней паведамленне Рудольфа зрабіла і на яго, як і на іншых з кампаніі, моцнае ўражанне.
Знак вайны выглянуў перад усімі ставокім чудзішчам з цемні надышоўшай ночы.
Невыразнасць наступнага злілася ў дыме ды агні ваенных жахаў. Дзесьці, ні то недалёка за Смагінам, ні то каля Пецярбурга вырасла сцяна, у якую стукнуліся думкі хвіліну назад бесклапотнай моладзі.
Што будзе? Што чакае рэвалюцыйны рух? Якім шляхам накіруецца жыццё краіны, іхняе жыццё?
І Рыгор, і Памыйка, Сімен, і Ліба — кожны па сабе кінулі думкамі ў нетры гісторыі, якую яны праходзілі ў гуртку самаадукацыі і некалькі былі знаёмы з асабістага чытання. Навейшая эпоха гісторыі сведчыла пра Парыжскую Камуну і рэвалюцыю дзевяцьсот пятага года. Гэтыя рэвалюцыйныя выбухі яскрава выглядалі з далі мінуўшчыны, апярэджаныя ваеннымі жахамі.
Ліба дапомніла чуты ёю папулярны сказ і з захапленнем сказала:
— Вайна можа прынясці рэвалюцыю. Чым горай, тым лепей.
Падзяляючы яе настрой і веру, Сімен наводна ўсумніўся:
— Гэта твая тэорыя не заўсёды апраўдваецца жыццём.
Рыгор падтрымаў Лібу:
— Ліба праўду кажа. У некаторых выпадках...
— Вось-вось, толькі ў некаторых выпадках,— уставіў Памыйка.
— А голад у дзевяностых гадах — ласне быў штуршком да рэвалюцыйнага руху? — акрылілася Ліба.
— Я кажу пра вайну...
Ліба асталася непарушнай у правовасці сказанага ёю. Праўда, яна не без жадання выслухаць думку Рудольфа зазірнула яму ў вочы, толькі той нічога не сказаў. Ён якраз развітваўся. Тады Лібе зарупела запытаць яшчэ пра адно, хвалюючае яе пытанне, ды Рудольф ізноў перабіў яе:
— Так, вялікія падзеі ідуць нам насустрэчу. Яны становяць перад намі, таварышы, агромністыя заданні.
Рудольфа шапка апісала ў паветры няроўны крук, які аддзяляў яе ўласніка ад кампаніі.