V
Заснуўшы, Рыгор так смачна спаў, што нават ніводнага разу не перавярнуўся з боку на бок, не хроп, як заўсёды, нават, здавалася, і не дыхаў, хоць было відаць, як яго шырокія здаровыя грудзі, грудзі зусім не дваццацідвухгадовага хлопца, а саракалетняга мужчыны, як гэтыя грудзі мерна ды паважна падымаліся ды апускаліся. Адна яго рука ляжала так, што пальцамі трымала вуха, а локаць выдаваўся на хату; другая рука працягнута ўздоўж усяго цела, траха не да самых калень проста выцягнутых ног. Коўдра прыкрывала яго да самай галавы і ляжала ўвесь час так, як палажыла яе маці. Хоць у хаце і гудзелі мухі, але ніводная, як згаварыўшыся, і не пасягла садзіцца яму на твар ці на руку. Многія нават і не падляталі блізка, а каторая знянацку спускалася, то толькі, здавалася, каб паглядзець на яго поўнае, маладое ліцо.
Стэпа, прылёгшы каля печы, спала не так смачна, не так спакойна, як яе сын. Старыя гады, пакутнае жыццё аднялі ад яе гэта. Некалькі раз яна паднімалася з полу, праходжвала па хаце, падыходзіла да сынавай пасцелі, умільна і спачувальна ўзіралася ў яго заплюшчаныя вочы, абвітыя светла-шэрымі дугамі броў, у роўны, стройнага абрысу нос, у поўныя губы, у белыя валасінкі вузенькіх вусікаў. Узіралася падоўгу, запойна, і ў яе мацерыных грудзях кіпелі хвалі нявыказанай, нязмернай, неапетай нікім у канец любові к свайму адзінаму сынку. Гэта яе любоў разлівалася па ўсім целе, кіравала ўсім чуццём і думкамі і неабачным, схаваным ля вачэй праменнем пераходзіла з яе істоты ў Рыгораву. Ёй, Стэпе, перацярпеўшай столькі нядолі і пагарды і дажыўшай да таго, што яна мае свайго абаронцу, які ў кожны момант уступіцца за сваю мацеру, — ці ж не вялікае шчасце, ці ж не глыбокая радасць?
«Чаго хацела — таго і дачакала!» і вольна і бязвольна шапталі яе губы, цюкала сэрца.
І хоць уперадзе бачылася і чакалася старасць, і хоць зналася добра, што працаваць трэба будзе і тады, мо аж да самай смерці, бо не працаваць, сядзець нядбайна, — ці ж можна? — хоць зналася гэта, патом нічуткі не пужала яе, нічуткі не суміла яе думак і надзей.
У густым сплёту жаданняў і радасці Стэпа прысядала на лаўцы ля акна, абапіралася барадою на далонь рукі і глядзела ўперамежку: то на пол, то ў акно.
Рыгор соладка спаў, — гэта на палу, а на дварэ — бегалі дзеткі, разадзетыя ў чыстыя, а некаторыя і ў новыя танныя гарнітурчыкі, важна праходзілі знаёмыя і незнаёмыя мяшчане і мяшчанкі. Чуўся крык і гоман воддыхнага вулічнага жыцця, але ўсё гэта праходзіла паўз яе, мэрам бы якая далёкая і таемная здань мала ёй цікаўная і зусім яе недатычная.
Ад акна хвіліна ў хвіліну цягнула яе к полу, туды, дзе спаў Рыгор. Стэпе здавалася, што не толькі яна, яго маці, з усёю істотаю аддаецца сёння сыну, а і ўся хата, кожная рэч у хаце, усё-ўсё, што яна бачыць вакол сябе, нячутнай мовай вітае госця: дзве вешалкі, палічка ў мыцельніку, вярбінка з-за акна — уперыліся адным супольным ласкавым узрокам на Рыгора. Калі для ўсіх адпачынак — то для Стэпы ён і свята разам!
У салодкім пачуцці, у праявах ружовых мар, у абдыме надзейных думак Стэпа зусім не прыкмеціла, як скончыўся дзень і ўцякло сонца з хаты, а на змену яму паціхутку пачаў уваходзіць змрок падходзіўшай ночы. У яе ваччу і без сонца ўсё сіяла, радавалася і смяялася...
Стоячы ў акне, Стэпа прыпомніла, што Рыгор, лажучыся спаць, прасіў разбудзіць яго на змярканні; успомніла і нібы перапужалася, ці не дала толькі яна пераспаць яму, ці не абманула яго. Адвярнуўшыся ад акна, яна хутка падышла к полу, далікатна кранула Рыгоравай рукі і спынілася.
«Шкода будзіць, — прашаптала сама сабе: — так смачна спіць сынок мой. Але ж ён прасіў няйначай разбудзіць яго». Потым пачала будзіць, прыказваючы: «Рыгор, Рыгорка! Устань, сынку! Ты ж прасіў абудзіць цябе». Рыгор моцна спаў і ляжаў не варушачыся, потым раптам павярнуўся і расплюшчыў вочы.
— Уставай, сынку, — пазвала маці мацней.
Рыгор пытальным узрокам акінуў маці і салодка пазяхнуў.
— Ужо вечар, Рыгорка! Ты прасіў абудзіць! — перасказала Стэпа, бачачы, што Рыгор не ўстае.
— Помню, помню, маці, зараз устану! — адказаў ён і злез з пасцелі.
— Вось выспаўся, дык выспаўся, — задаволена прамовіў Рыгор і пайшоў к мыцельніку.
Стэпа дагадалася, што Рыгор хоча памыцца, і спешна апярэдзіла яго; хапіла пітнічок, выбегла ў сені, начэрпала ў вядры вады і ўнесла ў хату: потым падставіла макацёр і сама паліла Рыгору на рукі.
Рыгор памыўся, выцерся і пачаў апранацца. Стэпа і тут падсабляла сыну, стараючыся паказаць сваімі ўслугамі, наколькі яна любіць і цешыць яго. Але Рыгору не трэба было нічога гэтага, бо ён і так добра адзнаваў і ведаў усё тое, што сядзела ў мацерыным сэрцы...
— Не турбуйся, маці, я сам, я сам, — стрымліваў ён.
Апрануўшыся, Рыгор выцягнуў з-пад лавы куфэрак і, адамкнуўшы яго, дастаў два маленькіх вузельчыкі. Падаючы іх мацеры, ён праказаў:
— Вось вам, маці, гасцінец! Тут хустачка з кабатом, а гэта — мэшты: а ў дабавак яшчэ гэта, — прыкладаючы з вузельчыкам некалькі зялёненькіх паперачак, праказаў Рыгор.
Расплываючыся ад радасці, усё гэта ўзяла Стэпа з рук сына, кінулася к яму і моцна і шчыра пацалавала яго ў шчаку.
— Дзякую табе, дзіцятка маё! — толькі і прамовіла.
Далей слёзы затрымалі словы, і яна змаўчала.
З паўгадзіны ў хаце было так ціха, што чуваць было, як бзынкалі мухі, як шамацелі тараканы за печчу...
Чуваць было, як два родныя сэрцы, мацеры і сына, цюкалі ў грудзях, кіпучы хвалямі мацнейшай любві — мацеры к сыну і сына к мацеры.
Рыгор першы загаманіў:
— Дайце мне, мама, перакусіць чаго.
— А чаго ж табе даць, сынку?
— Што ёсць у вас.
Стэпа рухава пабегла ў мыцельнік і прынесла на стол кусок тае самае булкі, што ў абед не даелі, а да яе наліла кубак малака і падала сыру.
— Выбачай, Рыгорка, што больш нічога не прыпасла. Заўтра згатоўлю, — просячы ўважыць за ашчаднасць, за немагчымасць чымсь і як найбольш дагадзіць сыну, праказала Стэпа.
— Ды нічога, нічога!! Не клапацецеся, вельмі так, маці, — супакоіў Рыгор. — Хопіць з мяне, што ёсць, — дабавіў ён.
Перакусіўшы, Рыгор вылез з-за стала і выйшаў з хаты.
Стэпа прайшла за ім у сенцы, высунула нават голаў на двор і стаяла датуль, пакуль Рыгор не схаваўся з яе ваччу.