SommaireСокі цаліны
Квадра ІІІ - КРЫЖАВЫЯ ДАРОГІ, ЧАСТКА ДРУГАЯ · 5 min de lecture

VIII

— Я зайду да вас. Можна? Толькі на хвілінку.

Рыгор здзіўлена паглядзеў на Лібу.

— Чаму вы пытаеце?

На ганку сядзелі яе бацькі — было ясна. Старыя акінулі дачку недаверлівымі ўзрокамі і ў тахт перакіўнуліся галовамі. На іх тварах можна было прачытаць выразнае нездавальненне паводзінамі дачкі. Заўважаючы гэта, Ліба наперакор бацькам дэманстрацыйна прайшла па калідоры побач з Рыгорам і схавалася за дзвярыма яго пакоя.

Старыя пачулі Рыгораў сказ:

— Калі ласка! Я вельмі буду задаволены вашым наведваннем.

І следам — Лібін:

— Мне здаецца, што я вам надакучваю.

Старыя не маглі спакойліва ўседзець і прайшлі ў хату.

У дзвярах іх стрэў зычны смех, што далятаў з Рыгоравага пакоя.

Гутарка, узнятая следам за смехам, вялася цішэй і ўжо мінала ўвагу старых.

— Вы, я бачу, моцна зацікавіліся Рудольфавым паведамленнем? — пытала Ліба.

— Я, прынамсі, адчуваў усё сам.

— Але дагэтуль я ад вас нічога на гэту тэму не чула...

— Кожны дзень усё больш абвостранае становішча. І да прыезду Рудольфа пра яго можна было казаць многа спакайней...

Ліба крыху памаўчала. Ухмылка, што бегала па яе твары, стулілася ў чуць прыкметных ямках шчок.

— Так, так, Ліба Шлёмаўна, час не чакае...

— Мяне самую азадачыла. Я мелася ехаць у Вільню паступаць на акушэрскія курсы, а зараз...

— Ці ж гэта звязана з сусветнай палітыкай?..

— Нябось, вашы інтарэсы вы не адлучаеце, Рыгор, ад развіцця агульных падзей... Вось і зараз Рудольф сваім паведамленнем пра вайну зусім збіў вас з панталыку.

— Чорт яго ведае! Не хочаш, а жыццё прыпірае...

— А што, сазнаяцеся самі!

Рыгор рассмяяўся і гэтым заставіў смяяцца Лібу.

— Ад жыцця не схаваешся...

— А намер маеце? Пецярбург не дае вам спакою — я ведаю.

— Зрэдку думаю пра яго...

— Усяго зрэдку і, можа, між іншым скажаце.

Ліба адвярнулася да акна.

— А мне вас шкода, Рыгор,— ціха прызналася яна.

Рыгор то хадзіў, а то спыніўся. І калі зірнуў на Лібу, тая непарушна спакойліва глядзела ў адну кропку.

Рыгор зноў рушыў хадзіць.

— Я разумею,— сказала Ліба: — перад вамі стаяць складаныя задачы... А мы... што мы? Нам суджана вярцецца ў абмяжованых рамках... І гэта нас застаўляе чапляцца за людзей, якія нам могуць пасобіць у нашай працы... Выехаў Сроль... Не будзе вас... А чаго добрага, вынікне вайна... і што тады?..

— А Павал? А Сімен? Ды вы, нарэшце? Мы людзі выпадковыя ў вас...

— Кіньце... Паўла трымалі вы ды Сроль.

— Няпраўда. І адзін, і другі — людзі стойкія і шчыра адданыя справе...

— Магчыма... Але нешта нейкае свярдлуе маё нутро, калі я думаю пра ваш ад’езд. Паверыце, Сроль ехаў — менш рупела, а зараз...

Каля дзвярэй хтосьці прайшоў.

Ліба ўздрыганула і падалася ад акна. У гэту хвіліну пачула бацькаў вокліч:

— Ліба!

— Скора! — адазвалася яна і праказала да Рыгора:

— Выбачайце...

Некалькі лёгкіх крокаў вынеслі яе з пакоя.

Рыгор напружаным узрокам прабег за ёю. Пасля адвярнуўся і прысеў каля стала.

Гутарка з Лібаю закалыхала ў ім знаёмае пачуццё разлукі. Колькі разоў гэта пачуццё хвалявала Рыгора! Якіх думак не выклікала ў яго галаве. Якіх не ўзнімала намераў!

За апошнія дні думка пра неадкладны выезд скандэнсавалася ў яго ў цвёрдае рашэнне. Перад гэтым рашэннем адыходзілі на задні план і рызыка нелегальнага ўцёку і небяспека быць перанятым паліцыяй. Памыйкава думка пасабляла ўдасканаліць арганізацыю выезду. І вось, раптам, з’явілася Ліба з сваімі ўгаворамі. Яна нечакана і ўмела падкралася да самага балючага месца. І з халоднаю раўнавагаю ў настроі раскалыхала яго заспакоенае пачуццё. А, бач, ён ні разу і не падумаў, што гэта можа быць. Прыпамятаваў, што ніколі з належнаю ўвагаю не паглядзеў на яе, як на жанчыну. Стрэў Сролевым таварышам і паступова ставарышкаваўся сам — вось і ўсё... А гэта...

Рыгоравы думкі выпархнулі з галавы і перанесліся да жоўтага будынка рыжскага астрога, дзе ён пакінуў Наталю. Праз момант яны прыняслі Зосін вобраз. Следам мацерын ліст радзіў Ганну.

Расстаўшыся з Рудольфам, калі той названіў яму пра Пецярбург, Рыгор у комплексе пецярбургскіх вобразаў ізноў напаткаў яе. Стройная і мілая, часта задуменная, Ганна глядзела на яго з руні сілцоўскіх паплавоў.

І маці...

— Досыць! Я перад ад’ездам, якога не мінеш! — праказаў Рыгор і крута павярнуў думкі на апрацоўку плана ад’езду. Калі і што, ды як пакінуць яму Смагін? Па якой дарозе накіравацца, каб не даць паліцыі напасці на след? Як і што паглядзіць паліцыя на яго збег? Няўжо такі яна насур’ёз наладзіць за ім пагоню? Ці, можа, станавы аднясецца да гэтага спакойліва? Трывожны час адцягне яго думкі ў іншы бок? Цікава, як справіцца Памыйка з пашпартам? — падумаў Рыгор і праверыў прысвечаных у яго ад’езд.

«Няўжо адзін Памыйка? Безумоўна і Сімен... і... пэўна, Ліба? Навошта ведаць Лібе? Яна ўжо ведае...»

Рыгор пачаў хадзіць па пакоі...

«Ды і ўсё роўна ж праз Лібу прыйдзецца мець справу з яе бацькамі. Ад’езд цягне за сабою разлікі за кватэру і харчы, развітанне.

Трое, і гэтым павінна абмежавацца».

Стук у дзверы перабіў яго развагі.

— Прашу! — пазваў Рыгор.

— Вячэраць будзеце? — пытала Ліба.

Рыгор адчыніў дзверы.

— У вас цёмна, як у лесе. Я прыкмячаю, што вы любіце быць у цямне.

— Я зараз, вось, запалю лямпу.

Ён пабег да стала і пачаў мацаць рукамі па засланай паперы.

— Не знайду запалак.

— Я прынясу вам!

Ліба ўпоцемках паставіла на стале вячэру і вышмыгнула з пакоя.

Праз хвіліну яна вярнулася з запаленаю свечкаю.

— Вось вам свечка,— можа, у лямпе няма газы.

— Давайце. Дзякую.

Рыгор спакойліва пераняў з Лібіных рук свечку, паставіў паміж дзвюх талерак і сеў есці.

— Прыемнага апетыту! — пажадала Ліба і выйшла.

Рыгору, аднак, не прыйшлося і дзесяці хвілін прасядзець аднаму.

Ён не паспеў павячэраць, як да яго з’явіўся Памыйка.

— Не чакаў, думаю,— пасмяяўся ён.

— А бадай што і не.

— Ёсць справы.

— Неспадзяваныя?

— Як табе сказаць: і неспадзяваныя і разам — спадзяваныя.

Памыйка прычыніў дзверы і падблізіўся да Рыгора.

— Канчай вячэру, я пачакаю.

— Кончыў, кажы ў чым рэч.

Памыйка яшчэ раз азірнуўся на дзверы і, упэўнены, што ў пакоі яны ўдвух, падаў Рыгору чорную маленькую кніжачку.

— Маеш — на цэлых пяць гадоў.

Той паглядзеў і засмяяўся.

— Ты стараешся як найхутчэй мяне выправіць з Смагіна.

— Так складаюцца справы... Бачыш, едзе не Рыгор Нязвычны, а Сцяпан Луговіч...

— Гэта твая выдумка?

— Хто-небудзь ды мусіць цябе ахрысціць. Папа, бачыш, было зваць няёмка.

Абодва шчыра пасмяяліся.

— Можаш хоць заўтра ў дарогу,— парадаваў таварыша Памыйка.

Факт ад’езду набываў канкрэтную форму і апярэджваў Рыгоравы меркаванні. Так бывае заўсёды: хваляванне збораў раптам змяняецца боллю расставання. Тое, што складала комплекс яго жыццёвых адчуванняў, навеяных умовамі і абставінамі Смагіна, вачавідкі адсувалася кудысьці назад, за дзверы ды сцены яго пакоя.

— Ты дня не вызначыў? — запытаў Памыйка, не адрываючы ўзрокаў ад Рыгора.

— Ці не ўсё роўна калі,— спакойна адказаў Рыгор.

— Я на тое пытаю, што трэба згадзіць фурманку.

— Фурманку?.. Вядома... Але скажы, Павал, у цябе канспірацыя цвёрда трымаецца?

Памыйка крыўдліва затрапятаў усёй постаццю.

— Няўжо ты думаеш, што я нічога не разумею...

— Не тое, Павал, зусім не тое я хацеў сказаць... Ты мяне не зразумеў... Я пакладаюся на цябе, як на гару; ну вось, па-твойму, хто болей з нашых ведае пра гэта?

— Галас, і толькі.

— А Ліба?

— Я не казаў нікому, ані... Ды Ліба калі і ведае — будзь спакойліў.

Хтосьці падышоў да дзвярэй.

— Можна забраць пасуду? — пачуўся Лібін голас.

— Папрашу вас.

— Загутарыліся,— хітра праказала яна да Памыйкі.

— Так... Бярэце і мяне з пасудай,— адказаў Памыйка жартам.

І вясёлы яго смех зліўся з Лібіным смехам, пацёкшы срэбранай лентай усцяж калідора карчмы.

Квадра ІІІ - КРЫЖАВЫЯ ДАРОГІ, ЧАСТКА ДРУГАЯ · 6 min de lecture

ІХ

З часу паданай гутаркі з Памыйкам Рыгору не працавалася. Ён адчуваў нейкі цяжар, неўгамонную рупнасць. Рукі махалі малаток ці вадзілі напільнік, а вочы глядзелі ў іншы бок. Страцілася ўсякая цікавасць і захапленне працэсам і дынамікай працы, і яму здавалася, што ён ужо лішні і непатрэбны як у майстэрні, гэтак і ў самым Смагіне.

Становішча ўскладнілася яшчэ болей, калі ў адзін дзень ён атрымаў наступную тэлеграму ад Петруся:

«Прыязджай хутчэй. Я дастаў табе месца».

Тэлеграма магла адыграць прыкрую ролю з яго ад’ездам. Яна бязвінна з Петрусёвага боку, аднак наводзіла паліцыю на больш дбайлівую сочку за Рыгорам. Адно магло суцяшаць, гэта калі б тэлеграма абмінула паліцыю. Ды пакладацца на выпадковасць было апасліва. Аставалася браць узмоцненай каспірацыяй.

Цэлы даўгі вечар пайшоў у Рыгора з Паўлам на далейшы абгавор ад’езду. Было рэшана скрыць малейшыя адзнакі збораў. Той ці іншы намёк у паліцыі на тэлеграму павінен адцягнуць Рыгораў ад’езд. Памыйка штодня спраўляўся ў Рыгора наконт адносін да яго з боку паліцыі. Рыгор нічога не заўважаў. Ён два разы адбыў прапіску і ні разу не прыкмеціў, каб да яго ўзмоцнілася паліцэйская ўвага. Гэта апраўдвала дадумы, што тэлеграма выкаўзнула з вачэй станавога.

І як ні горка было Памыйку расставацца з паважаным і любым таварышам, той мусіў хутчэй выпраўляць яго з Смагіна.

Рыгор, як нібыта той, узяў ад Шульца заробленыя грошы пад выглядам высылкі іх мацеры і аплаціў імі праз Лібу кватэру і харчы.

Кароткі тэрмін да моманту ад’езду Рыгор скарыстаў на абгавор закранутага Памыйкам пытання пра яго далейшую сувязь з Смагіным.

— Будзь пэвен,— завяраў таварыша Рыгор: — я выпаўню ўсё тое, што ты ад мяне просіш і яшчэ папросіш. Я адчуваю ў сабе вялікую ўдзячнасць і табе і цэламу шэрагу смагінскіх таварышаў. Мястэчка само па сабе аставіла ва мне найлепшыя ўспаміны...

Памыйка ўважліва выслухаў Рыгорава завярэнне і ўдзячна паціснуў таварышаву руку.

— Я прызнаюся табе, Рыгор,— сказаў Памыйка голасам, прасякнутым непадробнай шчырасцю.— Ты многім памог мне пасталець. Дзякуючы табе, у маім нутру адбыўся круты пералом. Ты стрэў мяне напаўанархістам, нядбайнікам да жыцця, а пакідаеш, павер, адданага сацыял-дэмакрата, якому дорага яго жыццё, як сродак для змагання за сацыялізм. Я не выпушчу з свайго ваччу тваіх слядоў, пакуль не спаткаемся нанова...

Памыйка паднімаў ужо Рыгораў куфэрак, каб выносіць яго праз задняе выйсце на гарод і далей на загуменную сцежку, як з’явіліся Сімен з Лібаю.

— Куды ты раптоўна? — запытаў Сімен.

— Фурманка чакае,— адказаў Памыйка.

— Пачакае... Так...

Сімен хацеў нешта сказаць, але гутарка не клеілася. Рыгору рупела ісці, і ўвага драбілася на часткі.

— Ты пасачы, каб ніхто не зайшоў у дзверы,— папрасіў Лібу Памыйка.

Ліба зачыніла дзверы, што адгароджвалі калідор ад буфетнай, і паведаміла:

— Нічога. Можна спакойна выходзіць.

Сімен развітаўся з Рыгорам і пакінуў іх траймі.

Ліба правяла Рыгора з Паўлам у двор:

— Шчаслівае дарогі!

— Бывайце, Ліба Шлёмаўна! Дзякую за вашу таварыскую да мяне ўвагу,— шчыра паціскаючы Лібіну руку, выказаў Рыгор.— Кланяйцеся бацькам і перапрасеце, што я не паспеў з імі развітацца.

— Пішэце, Рыгор Міхасевіч,— папрасіла Ліба і пастаяла, пакуль яны не схаваліся за будынкам.

Калі праз паўтары гадзіны Памыйка вяртаўся з мястэчка, правёўшы Рыгора, Ліба весела напявала мелодыю Кармэн, стоячы ў акне свайго пакоя.

Назаўтра раніцою, ужо седзячы ў цягніку, Рыгор вычытаў у газеце паведамленне пра забойства аўстрыяцкага кронпрынца сербскім гімназістам у Сараеве.

Гэта буйная навіна з палітычнага жыцця не выклікала дваякіх думак. Яна няўхільна і вачавідкі вяла да аднаго скутку — да вайны. Рэдка ў каго магло знайсціся смеласці надаваць іншае тлумачэнне гэтаму факту. Як прэлюдыю да вайны зразумеў яго і Рыгор. Не дзіва таму, што ён адразу занядбаў усё іншае і накіраваў свае думкі і сваю ўвагу да сараеўскіх падзей. Рыгора цешыла тое, што ён на дарозе да Пецярбурга, дзе далейшае развіццё здарэнняў не схаваецца ад яго ў сваёй выразнай надзейнасці.

З кожнаю вярстою, што праязджаў цягнік, ён усё радзей вяртаўся думкамі да Смагіна. Звязаная з яго ад’ездам небяспека танула ў буйных растках узрушаючых навін. Газета адцягвала яго ўвагу і ад наглядання ў акно вагона, што было неад’емнай яго прывычкаю ў час язды па чыгунцы. Мала цікавілі суседзі па вагону; з імі Рыгор не знаходзіў гутаркі. Некалькі гарадскіх мяшчан, як чуць было з іх гутаркі, ехалі па гандлёвых справах, і газета іх мала абыходзіла.

Яшчэ далей ад апошніх палітычных навін былі жанчыны. Іх займала ажыўленая дыскусія пра нейкае вяселле ў вёсцы. Не пачуў Рыгор абгавору газетных навін і ў гутарках другіх пасажыраў вагона.

Гэта быў асобны, зусім абмежаваны свецік, які жыў у баку ад падзей, каторыя няслі для яго нечуваную катастрофу. Не па ім, зразумела, можна было судзіць пра тыя ўражанні і разварух, які зрабіў стрэлам невядомы дасюль сербскі гімназіст.

Там, па заваконню вагона, у прамінутых гарадах і ў гарадах, якія наперадзе, сотні вачэй бегаюць па слупках газет, выглядаючы выразную веліч сараеўскіх падзей.

Зацішаны ў сваім развязанні тысячы экстраных спраў, другія тысячы набылі іншы наварот. Па ўрадавых установах і па прыватных інстытуцыях пранёсся вецер неспадзяванай клапатлівасці. З стальною напружанасцю сканцэнтравалася людское пачуццё на гадальным вырашэнні бліжэйшага наступнага.

Праз дзень, праз два газеты распаўсюдзяць гэтыя навіны па ўсіх кутках вялікае краіны. Можа, заўтра яны трапяць і ў Смагін. Цікава, як іх стрэнуць смагінскія таварышы.

Го, Рыгор адчувае, як моцна яны ўсхвалююць Памыйку. Развітваючыся ўчора, ён мэрам і ведаў, што павінна што-кольвечы важнае трапіцца, калі так нервова казаў пра далейшую чыннасць смагінскай арганізацыі: «Іспыт надышоў... Хлопцам трэба будзе падварушыцца. Я не думаю, вядома, што яны не прыстасуюцца да ўмоў. Знойдзецца ў іх сілы ды ўмення запанаваць над абставінамі... А вось Пятрусь... Ці не падумае ён, што я збаюся ў гэты час ехаць у Пецярбург?..»

Але ўзнятае газетнымі весткамі ўзрушэнне паступова пакідала Рыгора. Ён асвойтваўся з ім, як неадменным фактам. Гэты факт пакуль не адбіваўся на вырашэнні яго лёсу. Язды да Пецярбурга аставалася ўсяго няцэлая пара. Толькі тады, калі ён спаткнецца з пецярбургскаю сапраўднасцю, будзе відаць, як павернуцца яго справы.

Рыгор ляжаў на апростанай жанчынамі лаўцы, калі яго папрасілі даць месца двум новым пасажырам. Яны з узнятым настроем абгаварвалі навіны дня, гартаючы жмах свежых, пахнучых фарбаю газет.

Адзін чамусьці дапускаў мірнае вырашэнне аўстрыяцка-сербскага інцыдэнту, спасылаючыся на перманентную вострасць балканскага пытання. Другі няўломна стаяў на сваім — вайна немінуча. Ён спасылаўся на шэраг прыкладаў з галіны эканамічных супярэчак і даводзіў, што балканскі вузел павінна рассеч вайна.

— Няўжо такі Аўстрыя не задаволіцца выпаўненнем Сербіяй ультыматуму? — пытаў першы свайго таварыша.

— Пра гэта не можа быць і рэчы. Сараева — сігнал да выступлення, а не звычайны выпадак. Гімназіст Прынцып таўхнуў воз, які стаяў на краю гары, і яго не пераняць цэлым,— даказваў другі.— Паляціць у правалле...

— Ці ліха! Няўжо іх не атрэзвяць жахі вайны? — сумняваўся першы.

— Сербія, каб і хацела, не будзе дапушчана яе апекунамі пайсці на пакорную,— увяраў другі.

— Магчыма, ультыматум і завостры, каб яго выпаўніць,— здаваўся першы.

«Ультыматум» — то былі пазнейшыя тэлеграфныя весткі, пра якія Рыгор даведаўся з гутаркі гэтых пасажыраў. Гэта ўжо заганяла здарэнні далей, выразна акрэсліваючы сур’ёзнасць бліжэйшага наступнага.

Самы пэнт развіцця падзей і нахіл, куды ішло гэта развіццё, зноў запаланілі Рыгора. Кн не мог далей моўчкі слухаць і прыняў удзел у гутарцы сваіх суседзяў. і

— Гэта калі Аўстрыя падала ультыматум? — запытаў ён.

— Стала вядома сёння раніцою! Вось, чытайце!

Сусед падаў Рыгору газету, ткнуўшы пальцам у чорныя радкі зместу. Рыгор прагна накінуўся на змест і засаб некалькі разоў прачытаў паказанае месца.

— Ага! — выказаў ён.— Скажэце, як усё хутка робіцца!..

— Пажар... Ды пры ветры!.. Цяпер можна смела гатавацца ў паход. Аўстрыйскі ультыматум — гэта ўжо вайна... Ды ў нас мабілізацыя на хаду. Настрой ясны...

— Настрой за вайну, кажаце? — перапытаў Рыгор, мэрам бы не зразумеўшы суседавых слоў.

Той здзіўлена паглядзеў на Рыгора.

— Я не бяруся вам характарызаваць грамадскага настрою. Я разумею настрой урадавых колаў. Грамадскасць пасля выявіць свой твар. Пакуль яна абурана хадою падзей і перажывае першае здзіўленне... Ужо ў Пецярбурзе відно будзе, у якім аспекце выглядаюць апошнія навіны.

— Я, бач, еду з вёскі,— паведаміў Рыгор,— і толькі сёння з газет дазнаўся пра сараеўскі стрэл. Вёска зусім не ў курсе, адкуль і што заставіла Прынцыпа страляць у аўстрыяцкага наследніка.

— Так, зразумела,— супакоіўся Рыгораў сусед,— вёсцы цяжка разбірацца ў пытаннях міжнароднае палітыкі... Наша вёска спаткаецца з ёю з аружжам у руках...

Рыгор зрабіў недаверлівую міну і, крыху памаўчаўшы, запытаў:

— Вы едзеце да Пецярбурга?

— Да Пецярбурга.

— Упершыню?

— Мы пецярбургскія жыхары.

— Пецярбургскія жыхары? Якраз дарэчы. Тады я ўжо буду вас пільнавацца.