SommaireСокі цаліны
Квадра ІІІ - КРЫЖАВЫЯ ДАРОГІ, ЧАСТКА ДРУГАЯ · 4 min de lecture

X

Новы дзень Рыгор спаткаў пад настроем набліжэння да Пецярбурга. Учарашнія навіны, ён дагадваўся, нарадзілі за ноч шмат свяжэйшых і, магчыма, болей складанейшых. Ён пазнаецца з імі ў Пецярбурзе.

Рыгор падняўся і стаў у акне вагона.

За акном святлеў ясны пагодлівы ранак. Шырокая гала зялёных ніў, уперамежку з даўгімі густымі лясамі, сціскала свежым паветрам бягучы цягнік. У душны, яшчэ спакойлівы вагон ліліся пыльныя праменні зыркага сонца. Трапляў густы вятрыска, асвяжаючы спёртае паветра. Зелень блішчала на сонцы, смяялася радаснай, ласкавай, суцешнай ухмылкаю. У мяккім калыханні гэтае ўхмылкі расплываліся шэрыя сілуэты земляробаў і жывёлы.

Нідзе, ні на чым не заўважана было жадных прыкмет навіснуўшых над светам страшэнных прыгод. Нівошта не дапамінала пра іх, і таму Рыгорава нутро перапаўнялася пачуццём замілавання. У бліскучым праменні сонца мігалі паўстаўшыя вобразы з яго сілцоўскага жыцця: Лужкі, Хвойнік, Масткі, знаёмыя палеткі і лясы. Няйначай, вось, гэта яны цягнуцца ўздоўж чыгункі, вяжучы сабою вёскі з гарадамі, мінулае з наступным.

Другі дзень ён сядзіць у цесным душным вагоне і, здаецца, што ў тым нічога асаблівага. Сядзеў у сваёй хаце, сядзеў у балагольскай будзе, пасля перабраўся ў майстэрню завода, а адтуль у астрожную камеру, а далей у майстэрню Шульца. А за гэтым? Вылезе з вагона і трапіць зноў ці ў завод, ці ў кантору.

Рыгор вострымі ўзрокамі ўстраміўся ў зялёныя галы палёў. Яны хутка мігалі, адбягаючы назад, туды, адкуль ён аддаляўся.

Ён выразна адчуваў вялікую воддалеч ад пакінутага месца. Вось-вось абдым гарадскога жыцця захопіць яго ў свой вадакрут. Мільённы горад захавае ў хвалях раз’юшанага натоўпу — і схавае сабою Смагін і Памыйку, Шульца і Лібу.

Вось паказаліся пад задымленым небам шэрыя абрысы фабрычных комінаў.

— Мы, напэўна, пад’язджаем да Пецярбурга? — між іншым запытаў Рыгор яшчэ не ахаенага ад сну суседа.

Той паглядзеў на гадзіннік і адказаў:

— Калі не познімся, то праз гадзіну будзем у Пецярбурзе.

— Прыязджаем а дзевятай? — запэўніўся Рыгор.

— Так... Калі не познімся.

Набліжэнне да Пецярбурга ў вагоне падняло сумятню. Пасажыры заварушыліся, забегалі па калідоры ўзад ды ўперад. Застукалі куфэркі. Пацягнуліся да вокан, узняўшы перадпрыезную гутарку.

— Вунь Пулкава, дзеці,— прарэзліва гукнула на ўвесь вагон якаясьці жанчына.

Некалькі дзіцячых галасоў зліліся ў радасным выгуку:

— Пакажэце, мама!

Хутка ў Рыгоравым ваччу вырас на ўзвышшы белы будынак, ахутаны густою зелянінай садоў. Следам цягнік прайшоў станцыю Пулкава.

Веяла Пецярбургам.

Рыгоравым нутром бегаў ні то халадок здзіўлення, ні то подых асалоды.

Узвышаны настрой змяніўся трапяткім уздымам, калі з-за пулкаўскіх гор вынырнулі жалезныя рыштаванні Пуцілаўскае верфі. Цёмным пераплётам крыжавалі яны паветра на фоне каламутна-белаватага неба. Рыгор не мог устаяць на адным месцы і рупліва пераходзіў з боку на бок вагона.

У правым акне лесам фабрычных комінаў зірнула на яго Маскоўская застава. Далей за ёю, на многа вёрстаў цягнуўся фабрычна-завадскі раён Неўскае заставы, сёлы: архангела Міхаіла, Абухава, Колпіна.

Над роўнымі абшарамі балоцістых паплавоў насіліся хмары чорна-палавога дыму. У яго густой муці скрадаліся рысы высокіх, пабітых на вокны, стромых будынкаў гуллівага горада.

Да Рыгора падстаў адзін з суседаў, пачаўшы апавядаць пра назвы заводаў і мясцовасцей, пра колькасць рабочых на буйнейшых прадпрыемствах, пра нядаўнія забастоўкі. Рыгор прагна ўбіраў у сябе гэтыя першыя веды пра вялікі горад, дагэтуль завабны і марлівы, а зараз вачавідкі і жывы. Плойма разнастайных пытанняў вырастала ў яго нутры, напірала на язык і прасілася да выказу. Але не час быў гэтым займацца. Пара ўжо было пытаць пра маршрут у Лясное, на Петрусёў адрас.

Ён паспяшыў выкарыстаць суседа.

— Вам лепей усяго садзіцца на дзевятку і проста да Фінляндскага вакзала, а там...

Сусед, напэўна, запамятаваў далейшы парадак праезду ў Лясное і абярнуўся да свайго таварыша.

— Чаму на дзевятку?.. Лепей усяго васьмёркаю,— памог той.

— Толькі восьмым нумарам. Даедзеце да клінікі Вілліе, а там на паравік і ў Лясное,— праказаў селянін-эстонец.

Яго падтрымала да пяці іншых пасажыраў, якія ўжо стаялі згруджанай масай у праходзе вагона.

Між тым цягнік спыняўся на вакзале.

На пероне яго чакала мноства публікі, якая напружана лавіла ўзрокамі пакідаўшых вагоны пасажыраў. Чуўся гулкі, рэзвы гоман і насіліся выгукі імяў і прозвішчаў.

Рыгор пазіраў праз вокны вагона на публіку і завідаваў цёмным спатканням знаёмымі знаёмых. Яму міжвольна чакалася, што авось якая прымха навядзе на яго Петруся ці Ганну. І тут ён якраз наткнуўся на сваю непрадбачанасць і паіранізаваў над сабою. «Або я дагадаўся хоць аднаму з іх паведаміць?»

З гэткай развагай Рыгор апынуўся ў густой тлуматні публікі. Ён не агледзеўся, як людская хваля падхапіла яго і панесла з сабою да ўваходу ў вакзал.

Вузкія дзверы не ўмяшчалі натоўпу. Яго добра паціскалі, пакуль ён прайшоў дзверы. Ды ў вакзале не было вальней.

Сотні разнастайных, мэрам дзе бачаных і знаёмых, твараў ухмыляліся яго пытальным вачам. Рыгораў знадворны выгляд дапамагаў яшчэ больш звяртаць на яго ўвагу. Не патураючы на гэта, ён не кідаў надзеі стрэць хоць адну знаёмую душу...

Няўжо такі сярод вялікага натоўпу на вакзале не знойдзецца каго-кольвечы, хто б дзе калі яго спатыкаў?

Незаўважна для сябе Рыгор апынуўся пры буфеце. Навакола за столікамі сядзелі пасажыры і госці, хто за гарбатаю, хто за півам, хто за снеданнем.

Прысеў і ён і заказаў шклянку гарбаты ды пару сырных бутэрбродаў.

І, можа, з паўгадзіны аддаў на сваё скромнае снеданне.

За гэты час вакзал паступова апусцеў. Заціхлі гоман і тупатня.

Мала прыкметны раней, ён зараз адцягаў на сябе беглыя ўзрокі мігаючых тэлеграфістаў і паважна тупаючага жандара.

Гэта не замяняла чаканых знаёмых. Роўная, як струна, здаравенная постаць жандара, яго колкія кноразавыя вочы, мэрам выдаўленыя наповерх чырвонага круглага твару,— уплывалі непрыемным уражаннем і не манілі далей сядзець пры стале.

Адчуўшы казытны ўкол адзіноцтва, Рыгор выйшаў з вакзала.

Направа, праз гарбаценькі мосцік, заварачваў трамвай, на якім чорная літара распірала бакавыя бляда-жоўтыя трыкутнікі. Як вочы сляпога, сумна глядзелі на яго шкелкамі пара патухлых ліхтароў і стройная пукатая, як сваха, лічба 8.