SommaireСокі цаліны
Квадра ІІІ - КРЫЖАВЫЯ ДАРОГІ, ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ · 6 min de lecture

І

Вось ён, Пецярбург! Горад камення і жалеза! Горад палацаў ды фабрык. Гняздо абсалютызму і калыска рэвалюцыйнага руху. Кузня культуры і засценак сярэдневякоўя. Башта астрога народаў і арэна будаўніцтва інтэрнацыяналу... Перад чым яго становіць неўгамоннае развіццё сацыяльна-грамадскіх падзей? Што праракае яму недалёкае наступнае? Калі жыццё надасць яму новую ролю стаць горадам тых, хто яго збудаваў?

З гэтымі думкамі Рыгор увайшоў у трамвай.

Пецярбург гудзеў кіпучым жыццём. Адзін за другім праносіліся стройныя вагоны трамвая. Свісталі аўтамабілі і траскацелі рамізнікі. Паводкаю ліліся людзі ў адзін бок вуліцы і ў другі, насустрач і ў бакі. Над высокімі гмахамі муроў, пад струну адмяраўшых мяжу вуліцы ўсцяж бруднае канавы, насіўся полаг разрэджанага дыму. Агромністыя шыльды вабілі шакаладам, какао і цукеркамі, дапаміналі шафёрам пра шыны «Контнненталь», а фабрыкам ды кватарантам — пра лямпачкі «Osram» — і «Палуват». Процьма газетчыкаў выгуквала шэраг цікавейшых навін, з якіх рэзка выдзяляліся гэткія, як: «Аўстрыя рыхтуе наступ на Сербію», «Пуанкарэ накіроўваецца ў Расію», «Нямеччына падтрымлівае Аўстрыю». Навіны востра інтрыгавалі публіку, якая брала газеты нарасхват, чытаючы іх на хаду.

Аднак на тварах людзей, нягледзячы на трывожныя навіны, адмячаўся святочны настрой адпачынку. Кожны быў заняты сваімі прыватнымі думкамі. Сур’ёзнасць надыходзячых здарэнняў яксьці не гадзілася з жаданнем ні тых, што спяшылі выехаць за горад, каб пасапці свежым паветрам, ні тых, хто парамі ці грамадкамі знаходзілі задавальненне і супачынак у шпацыры па гарачых каменнях горада.

Рыгор таксама захапіўся газетнымі навінамі, да якіх ён ужо быў падрыхтаваны. Купленая ім і наспех прагледжаная газета ўзмоцніла яго аналіз перадстаячых здарэнняў. Навіны ён пакідаў на абгавор з Петрусём, а зараз не адрываўся ад назірання гарадскога жыцця. Духата і смурод, густа разбаўленыя ў паветры, яму былі неўпрыкмет: ён уцягаў іх з нейкаю асабістаю прагавітасцю. Імкненне публікі выбрацца за горад аставалася яму незразумелым і чужым. Асалода жывога сутыкнення з горадам перамагала ўсё. Ён першым ускочыў на пярэднюю пляцоўку вагона і настаражыўся да нагляду. Збоку яго сядзеў важаты. Якраз небесцікаўленым было ўведаць, які час патрабуецца на язду ў Лясное, і Рыгор запытаў важатага:

— Колькі часу мы ехацьмем да Ляснога?

— Гэта зойме да гадзіны!

— Няўжо? Скажэце, калі ласка!

— Што? Доўга?

— Занадта, па-мойму.

— Гэтак заўсёды, чаго ж дзівіцца.

— Я ўпершыню еду.

Важаты агледзеў Рыгора з галавы да ног, падзівіўся ні то з яго самога, ні то з яго куфэрка і запытаў:

— Здалёк?

— Здалёк.

— Адкуль?

— З Віленшчыны... Не знаёмы хіба вам гэтыя мясціны?

— А хто яго ведацьме ўсё — Расія вялікая. Дзе Сібір, дзе Каўказ, дзе...

Людзі, што спакойліва пераступалі рэйкі, шустра разбягаліся ў бакі, агаляючы дарогу трамваю. Трамвай хутка нёсся вуліцаю. Рыгор паглядзеў усцяж канавы і паціснуў плячыма: яна цягнулася вузкаю роўнаю паласою далёка-далёка ў глыб горада. Абапал яе, між гмахамі дамоў, паднімаліся коміны фабрычных будынкаў. Рыгору мігам успомнілася Рыга, якраз тое месца, дзе перакінуты праз Дзвіну даўжэрны мост Мітаўскае чыгункі. Шырыня Дзвіны, яе вадзяны прастор, усеяны плытамі, баркамі, параходамі і караблямі, дзесяткі заводаў, набліжаных да берагоў, рабілі куды большае ўражанне. Ад гэтае канавы дыхнула цеснатою і сухасцю. Ці гэта так здалося? Рыгор намерыўся праверыць сябе, але было позна: трамвай ужо бег шырокай простай вуліцай далёка ад моста. Адна за другой, цэлы знізак падобных прасторных вуліц ператочвалі прадоўжную. Усе яны былі выведзены пад шнур і агароджаны роўнымі сценамі будынкаў. Дарэмна Рыгорава вока шукала своеасаблівасці рыжскіх паломаў і вузкасці, старога месца і палісаднікаў ды бульвараў — новага горада. Вунь усяго прамігнуў перад ім невялікі пляцок перад агромным гмахам сабора. На пляцку рэдкія, закаржэлыя раслінкі, мэрам бы іх назнарок пасадзілі тут, каб пераканацца, што камень і чыгун не да твару зелені. Вострая жарства вакол клумбаў выссала ўсе сокі. За высокім з медных жорлаў гармат помнікам схавалася парнае, але бледае сонца. І далей — той жа камень: тоўстымі глыбамі, роўнымі і няроўнымі, наварочаны дзесьці ў гарах, нават дасціпна не абсечаны, зложаны ў важкія сумныя будынкі. Колькі яго патрабавалася, каб узвесці гэту безліч агромністых пяці- ды шасціпавярховых гмахаў! Якое працы каштавала перакінуць яго сюды і тутака пералажыць у сцены, у брук і тратуары, захаваўшы спрэс зямлю і затуліўшы сонца! Цяжка ваабразіць — не ахапіць думкамі, не ўвабраць пачуццём. І, можа, таму — ды напэўна з-за гэтага — Рыгору асалодна імпанаваў увесь гэты цяжар і гаматнасць, гэта сіла і моц людское вытворчасці. Ён не адводзіў убок вачэй, не таміўся аднастайнасцю выгляду спачатку да канца цэлае вуліцы, квартала, адгону ад спынкі да спынкі. Яго ахапляў уздымны настрой, асаблівая ўцеха ад прысутнасці ў гэткім горадзе, у разорах яго змрочных душных вуліц. Дзесь глыбока ў яго нутры, падсвядома, фармавалася пякучае жаданне застацца ў Пецярбурзе як надалей, зліцца з ім, растварыцца ў яго пякельным грукаце, у ветраным пудзе руху. На ляту ў думках складаліся планы, як і што адшукаць Ганну і разам з ёю ды з Петрусём аб’ездзіць, аблётаць усе куткі і закавулкі горада, каб азнаёміцца з ім да дробкі. Трэба ж ведаць і назву вуліцы, і рэчкі, і пляцы, і асобныя ўстановы. Зараз ён не ў моцы ўсё распытаць у важатага — ды таму некалі тлумачыць. Хаця збольшага: Фантанка, Кацярынінскі канал, Нікольскі рынак, Марыінскі тэатр, Благавешчанскі пляц...

Рыгор азірнуўся назад і ў бакі — колькі ўжо праехалі? Намерваўся запытаць, але не паспеў: выехалі на Мікалаеўскі мост, і перад ім паўстаў цудоўны выгляд Нявы, шпіцы Петрапаўлаўкі ды Адміралцейства, палацы Набярэжнае, растральныя калоны каля біржавога будынка, масты — направа, і лес мачт і карабельных труб — налева. Ён адчуў, як мэрам бы яго хтось схапіў рукамі, пакрышыў на частачкі і часцінкі і рассыпаў абапал моста на бліскучую празрыстую ваду Нявы. Вось ён нясецца з лёгкім параходам у бок Фінскае затокі, мерскаючы між чорных будынін караблёў, між сцен набліжаных да рэчкі заводаў; вось раптам белы паруснік абводзіць яго вакол веркаў Петрапаўлаўскае крэпасці; і ён жа каля палацаў узбярэжнае і над біламі Троіцкага моста... Хай бы супыніўся трамвай і даў яму агледзець усё як належыць, палюбавацца ўволю! «Не, тут ужо далёка перасягло рыжскія вобразы»,— праказаў ён сам сабе ў думках, а ўголас дадаў:

— Якое хараство, аднакава!

Каля яго стаяла некалькі чалавек, зусім незаўважна для яго выйшаўшых на пляцоўку. Што стаяў поруч з ім, сказаў:

— Гэта гордасць Пецярбурга!

— Гэтым ён і бярэ! — дабавіў сусед.

— Ніводзін з расійскіх гарадоў не пахваліцца гэтым...

Рыгор быў цалкам згодны са словамі незнаёмых яму суседзяў. Ці ж варта пераказваць ісціну? Так, цікавы горад! Зараз яго ніхто не пераканае ў іншых думках. Адно б не здарылася — каб з той ці другой прычыны не давялося разлучыцца з ім.

І крохкая баязлівасць злёгку кранула Рыгорава пачуццё. Ён адцягнуўся ўвагаю ад нагляданняў вакольнага і спыніўся на думках пра свой лёс. «Хоцькі б не ўпусціў Пятрусь абяцанага месца! Каб не здарылася чаго-кольвек з боку паліцыі. Болей, як пэўна, што весткі пра яго ўцёк далятуць і да Пецярбурга. А калі яму прапісацца Луговічам? На кожны выпадак... А месца? Не павінна быць, каб яно так хутка было страчана... Ды калі і страціцца — дык няўжо не знойдзецца новае?.. Плёвая справа!»

Трамвай выйшаў на Тучкаў мост. І новы вобраз адчыніўся Рыгоравым вачам. Малая Нява, адлучыўшыся ад Вялікае Нявы, аддзяляла Васільеўскі востраў ад Пецярбургскае стараны. З левага яе боку — фабрыкі і заводы цягнуліся далёка ўздоўж берага, губляючыся ў шэрым тумане ўзмор’я. Правы бераг убіралі густыя купы дрэў Пятроўскага і Крастовага астравоў. Зялёныя анталяжы раслін яшчэ болей упякнялі выгляд... Але Малая Нява траціла многае ад надмернага ліку згруджаных на ёй барак з дрывамі, з вугалем, з цэглаю. Наабапал Тучкавага моста ад Васільеўскага вострава, як гаць, была вымашчана імі шырокая рэчка. На барках ішло сваё жыццё. Граў гармонік, чуліся песні, даносілася зычная гутарка. Па дровах і між дроў дзесяткамі сходаў тупалі непрыбраныя, у ніжніх кашулях з закасанымі рукавамі, рабочыя-вартаўнікі, накладчыкі, каталі. І гэта жыццё зусім не гадзілася з тым, што шырокаю хваляю лінула на Рыгора з Пятроўскага парку. Тысячная грамада «простых» людзей спраўляла тут свой святочны адпачынак. Варушылася, як пчолы ў вуллі, гудзела, як марскі прыбой. Працавалі атракцыёны, гучаў бубен, разлівалася шэйнакатрынка. Вайсковы аркестр грымеў абыграныя матывы вальсаў. На бягу трамвая гэта мігнула феерыяй і паказалася Рыгору вельмі квяцістым. Але ціш і змрок бясконцага Вялікага праспекта Пецярбургскае стараны дыхнулі на яго прыемнасцю спакою. Рыгорава ўрачыстасць была прасычана да адказу. Духата яго прытаміла. Увабраць за адзін раз усю разнастайнасць, усю яскравасць пецярбургскіх пякнот — было не пад сілу. Раз’юшаная патэнцыяльнасць не адпавядала вялікасці і багаццю вобразаў горада-волата. Вось чаму рэшту дарогі да клінікі Вілліе Рыгор праехаў крыху ў іншым настроі. Дзякуючы гэтаму, ён спакайней прапусціў між вачэй хараство Каменаастроўскага праспекта, Вялікае Нявы, Батанічнага саду. Толькі перасеўшы на паравік, ён яшчэ на нейкі час захапіўся выглядам дасканалай фабрычнай мясцовасці Выбаргскае стараны. Незмярымая даўжыня Сампсоніеўскага праспекта, застаноўленага дзесяткамі фабрык, усеянага рабочай публікаю, узбурліла ў ім пачуццё рабочае гордасці. Зноў думка прывяла ў памяць з рыжскага жыцця, з моманту рэвалюцыйных выступленняў. Але тыповасць і характарнасць гэтае часткі Пецярбурга, як рабочага асяродку, куды перавышала рыжскую. Тут менавіта дыхала працоўным імпэтам, сіла работнічай творчасці панавала над усім. Рыгору не толькі прыемна было праехаць гэтым раёнам, яму прагліва хацелася абраць месцам свае працы толькі Выбаргскую старану. Водлуг гэтага хацення, ён праказаў сам сабе: «Хоць бы ды тое месца, што падшукаў Пятрусь, было на адным з гэтых заводаў». І ў думцы наконт гэтага ён захаваў намер зараз жа абгаварыць гэта з Петрусём.

Квадра ІІІ - КРЫЖАВЫЯ ДАРОГІ, ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ · 6 min de lecture

ІІ

К часу Рыгоравага прыезду ў Пецярбург Пятрусь дажываў у ім восьмы месяц. За гэты тэрмін ён перажыў багаты прыгодамі кавалак свайго жыцця. Цікавым і нечаканым фармавалася яно ва ўмовах чужога і незнаёмага горада. Тым болей складнейшым было яно для Петруся, як чалавека без рамясла ў руках. Нагаворамі Рыгора ды юнацкаю смеласцю набыў Пятрусь адвагі кінуць-рынуць сваіх бацькоў і паехаць у Пецярбург. І калі ехаў — зусім не ўяўляў сабе, як і што стрэне яго сталіца. Жаданне адшліфавацца, набрацца практыкі ў жыцці і стажу ў рэвалюцыйным змаганні — перамагала ўсё іншае, а ў тым ліку і прадбачанне непрыемнасцей. Гаспадарства бацькоў, яшчэ не старых, пры якіх Петрусю не было вялікіх клопатаў і не мелася абавязкаў адказнасці, не супыніла яго рашэнняў. Яно, гэта рашэнне, было скорае і цвёрдае для бацькоў і для таварышаў нечаканае. Тым болей цяжэй было паверыць у гэта Рыгору. Апошні пэўней спадзяваўся на падобны крок з боку Сёмкі, ну зусім жа не з Петрусёвага боку. Усё ж самы факт Петрусёвага ад’езду з Сілцоў у Пецярбург Рыгора цікавіў не на жарты. І, безумоўна, што ўсе здарэнні, звязаныя з васьмімесячным жыццём Петруся ў сталіцы, павялічвалі гэту цікавасць. Пятрусь пісаў ужо пра ўсе перыпетыі ў гэтым жыцці: і Гэлі, і Сёмку, і іншым сябрам. Апавядаў колькі разоў новым пецярбургскім сваім таварышам, і гэта не было сакрэтам.

Гэтыя яго перыпетыі пачаліся з блукання па вуліцах Пецярбурга ў час прыезду і прайшлі праз месячнае шуканне працы, галадоўлю і начоўку па начлежках, праз работу за каталя і за падносчыка пры будоўлях. Яны выказаліся яшчэ ў продажы апошняе жакеткі на таўкучцы і ў жабрацтве на вуліцах. Кончыліся ж нечакана для Петруся вельмі ўдачліва. Выпадковае знаёмства ў клубе на лекцыі з адным рабочым-земляком выручыла яго з бяды і дало месца на металічным заводзе. Пятрусь каля трох месяцаў папрацаваў падручным, агойтаў, абазнаўся з варштатам і станкамі, зблізіўся з майстрам і на чацвёрты месяц атрымаў самастойную працу. Нахіл да слясарнае работы пасобіў яму хутка аўладаць складанымі працэсамі працы — і гэта пацягнула за сабою матэрыяльную забяспеку.

Многа пасобіла Петрусю і яго рэвалюцыйная свядомасць. Натура ж дружакі і пабраціма адчыніла перад ім шырокую дарогу да знаёмства і хеўры з рабочымі завода. Гэтым тлумачыцца хуткае ўцягненне Петруся ў шэрагі арганізаваных рабочых. Нават у апошнія часы перад Рыгоравым прыездам Пятрусь правёў некалькі адказных заданняў, часткаю па даручэнню таварышаў, часткаю па сваёй ініцыятыве. Абставіны працы на заводзе, колы знаёмых і поспехі ў аўладанні рамяслом уплывалі на Петруся як найлепш. Ён адчуваў сябе бадзёрым, рашучым, жыццёрадым; у ім кіпела хэнць да грамадскае чыннасці і няўхільна расла прага да свядомасці. Апошняе падказала таварышам абраць Петруся сябрам управы культурна-асветнага таварыства аднаго з пецярбургскіх раёнаў. Гэтай працы Пятрусь аддаў многа ўвагі і старанняў. Кожны дзень, пасля работы, наведваў ён таварыства, пасабляючы арганізацыі і ўкамплектаванню бібліятэкі, апрацоўцы праграмы чыннасці, адшуканню лектароў. Заахвоціўся Пятрусь і тэатрамі. Не было таго тыдня, каб ён не пабыў ці на драме Гайдэбурава, ці на оперы ў Народным доме, або ў Музыкальнай драме.

Пятрусь сам сабе дзівіўся, адкуль у яго стаўся гэткі круты, гэткі раптоўны пералом. Дапамінаў пра гэта ў сваіх лістах і не абмінаў у гутарках. Яго неўгамонна прагнула паказацца Рыгору — прадставіцца яму ў першавобразным выглядзе. Сустрэцца хутчэй з Рыгорам і пагутарыць з ім — ці ж бы гэта дапамінала сілцоўскую стрэчу? Ніколі! Не выходзіла з памяці Петруся, калі ён, угледзеўшы Рыгора, толькі слухаў яго, не ведаючы, як падысці да чапаных Рыгорам пытанняў. Гарадское жыццё, умовы партыйнае працы ў горадзе, магчымасць стыкнуцца з разнастайнымі пытаннямі і атрымаць на іх адказ — гэтага не хапала для Петруся ў Сілцах. І ён разумеў Рыгора, калі той заўжды падгаварваў іх усіх і асабліва Сёмку — кінуць мястэчка ды паехаць у горад. Пятрусь па-таварыску ўпікаў Рыгора, чаму той не напіраў з гэтым на яго, а выключна на Сёмку. Не верыў у Петрусёву рашучасць? Напэўна. Бо Сёмка, як зараз стала Петрусю зразумелым, меў больш даных на гэта: мацней захапляўся ўдзелам у сацыялістычным руху, быў болей за яго начытаным. Рыгор усё гэта ўзважваў. Як жа іначай? А цяпер? Пятрусь атрымліваў лісты ад Сёмкі, чытаў іх і недаўмяваў: якім, аднак, адсталым ён зрабіўся! Зацягнула жыццёвая дрыгва... І радаваўся, што лёс самога не ўвагнаў на гэта. Цэлы шэраг пытанняў, высунутых апошнімі месяцамі Петрусёвага гарадскога жыцця, патрабаваў абгавору... Ды абгавору з гэткім чалавекам, як Рыгор.

З гэтых разважанняў і ў дадатак з пачуцця шчырае таварыскасці да Рыгора Пятрусь увесь час думаў пра яго, пра іхнюю блізкую стрэчу. Словы Рыгоравай мацеры, выказаныя на праводзінах, Пятрусь выразна помніў: «Можа, стрэнешся з Рыгорам, дык скажы яму, сынок...» Рыгор тады быў у Рызе і ці меў думку наведацца ў Пецярбург — цяжка было сказаць. Але Пятрусь не траціў веры, што з Рыгорам спаткаецца — абыдзе: у Пецярбурзе ці ў Рызе. Жыццё намагала на першае: склалася гэтак спрыяюча, што не выпісаць Рыгора ў Пецярбург — было б ніякавата і не па-таварыску нават.

І толькі Пятрусь замацаваўся на заводзе, развёў знаёмства з шырокім колам рабочых, як упарта стаў шукаць Рыгору месца. Шукаючы, рэкамендаваў таварыша, як добрага майстра і як сур’ёзнага дасканалага рэвалюцыянера. Таварышы пасобілі Петрусю ў гэтым і хутка знайшлося не адно, а некалькі месцаў. Але Пятрусь разгубіў іх, бо ўсё не мог знайсці Рыгора. Ліст ад Гэлі, а пасля і бацькавы лісты, паведаміўшыя пра Рыгора, супалі з тым, калі з усіх магчымасцей уладзіць Рыгора на работу мелася толькі адна, дый то не асабліва ўдачлівая. Тым не меней Пятрусь у першым жа лісце да таварыша запрасіў яго ў Пецярбург. І, паслаўшы ліст, Пятрусь дрыжаў ад нясцерпу прычакаць Рыгора і баяўся, каб той не зацягнуў ад’езду. Як і што павінен быў уладзіць гэта Рыгор, Петруся не цікавіла — ці ж Рыгора павінна хоць што-кольвечы спыніць? Каб іншага, а Рыгора — ніколі.

Аднак Рыгорава маруднасць прымушала Петруся задумлівацца. Не быў ён цалкам упэўнены і ў тым, што Рыгора неадкладна зрушыць і тэлеграма. Пятрусь меў намер праз пяць дзён біць паўторную. Нягледзячы на гэта, ён некалькі разоў ездзіў на вакзал «на кожны выпадак». Але ў дзень прыезду Рыгора Пятрусь выпадкова не зрабіў гэтага. Нешта карцела, вымушала праехацца, а настойнасць таварышаў, што з’явіліся да яго зранку, перашкодзіла гэтаму. Пятрусь не мог адмовіцца прапусціць міжзаводскую нараду, якая была прызначана ў Азярках. Нарада адняла шмат часу і, калі скончылася, было ўжо позна ехаць на вакзал. Пятрусь, не спяшаючы, вярнуўся з Азяркоў а трэцяй гадзіне дня. Магчыма, астаўся б там намнога пазней, каб знаёмая яму дзяўчына не ўгаварыла ехаць разам.

Пятрусь якраз праводзіў яе па той вуліцы, па якой жыў, калі Рыгор угледзеў яго наводдалек. Рыгора ўзяло сумненне, ці паклікаць Петруся, ці найсці на яго ў упор. Спыніўся на апошнім.

Выглядала цікавым, калі Рыгор, ідучы настрэчу Петрусю, незмігутна сачыў за кожным крокам таварыша, чакаючы, што Пятрусь вось-вось яго пазнае. Але той і не западозрыў нічога. Ён быў захоплены размоваю з сваёю спадарожніцай. Неадхільна глядзеў дзяўчыне ў твар, пасміхоўваўся, нават рагатаў і ні на што не зважаў. І зусім раптам — прымха! Толькі Рыгор меўся перагарадзіць Петрусю дарогу, як той падняў вочы і спыніўся, гледзячы на Рыгора.

— Добры вечар, таварыш! — пераняў яго здзіўленне Рыгор і працягнуў руку.

Дзяўчына адступілася, мэрам бы адчуўшы сваю лішкасць. Рыгор з Петрусём пацалаваліся і раптам павярнуліся да дзяўчыны.

— Прабачайце, Рыма,— выказаў Пятрусь: — гэта мой таварыш-зямляк, Рыгор Нязвычны... А вось Рыма Беразак, зямлячка, з Віленшчыны.

Паружавеўшы на твары, дзяўчына фанабэрна працягнула Рыгору руку.

— Дзе ж твае манаткі? — запытаў Пятрусь і паглядзеў на дзяўчыну.

Тая злёгку ўхмылялася, падазрона пазіраючы на Рыгора. Яго непрэзентабельны местачковы выгляд крыху шакіраваў дасканала нараджаную і, відаць, ганарыстую знаёмую Петруся. Рыгор заўважыў гэта, але не даваў выгляду, знарок падкрэсліваючы свой правінцыялізм:

— Насіўся, насіўся па Лясным, а пасля кінуў.

— Кінуў? Дзе? Жартуеш?

— Сапраўды... А ты б хацеў, каб цябе стрэў з рэчамі за плячыма? Я ўжо гадзін дзве ў Лясным...

— Так... Нечакана... І чаму ты, скажы, калі ласка, не захацеў паведаміць мяне пра выезд?..

— Чаму я не хацеў паведаміць?.. Я сам сябе пытаю пра гэта і не магу адказаць...

Дзяўчына затупала на месцы. Пасля кранула Петрусёвай рукі і праказала:

— Я вам перашкаджаю... Бывайце-э...

— Слухайце-э, Рыма... мы з вамі ўгледзімся? Сёння? Заўтра?

— Будучыня пакажа...

— Як?

— Ці ж вам вытлумачыць усё да дробкі?

Дзяўчына пайшла.

— Яна нездаволена? — заўважыў Рыгор.

— Ганарыстая,— адказаў Пятрусь і раптам спыніўся:

— Ах, а я абяцаў ёй пайсці ў тэатр. Фу ты!..

Ён пакінуў Рыгора і намерыўся спыніць дзяўчыну, але тая паспела схавацца за брамаю.

Пятрусь вярнуўся, і яны пайшлі з Рыгорам да яго на кватэру.