ІІІ
— Вось і мае манаткі,— пераступаючы парог, праказаў Рыгор.
Пятрусь здзіўлена паглядзеў на таварыша.
— Дык ты ўжо быў у мяне на кватэры? — запытаў ён.
— Бачыш!
— І хто цябе пусціў?
— Цэлая гісторыя...
Яны падняліся на другі паверх і прайшлі ў Петрусёў пакоік.
— Вось мая абіцель... Садзіся і расказвай... Ну, паверыш, я ўсё яшчэ не магу апамятавацца ад нашага спаткання... Каб ты згарэў, каб ты... Як назнарок падстроіў... Да дзіва, што я забыў пра тэатр... Хто б мог падумаць... Ай...
Пятрусь ківаў галавою, тупаючы між крэслаў і канапкі, запоўніўшых невялічкае гала наўздзіў цеснага пакоіка.
— І пэўна, ты нічога не еў?..
Пры гэтым Пятрусь гукнуў у прачыненыя дзверы:
— Алена Паўлаўна!
Праз хвіліну пачуўся стук у дзверы.
— Патрэбна?
— Я папрашу вас нагрэць нам гарбаты...
Адкульсьці з глыбіні кватэры даляцела:
— Ладна!
— Зараз будзе гарбата,— абярнуўся Пятрусь да Рыгора і затупаў каля невялічкага буфеціка, што стаяў у правым кутку пакоя.
Тут жа забрашчэлі шклянкі, талеркі, заварушыўся стол. Рыгор наглядаў, як Пятрусь гаспадарна наладжваў перакуску. Рыгора цікавіла ўсё, што ён бачыў перад сабою: малюпаткі цесны пакоік, нядбала прыбраны ложак і запыленыя партрэткі на сценах; папэцканы абрус на стале і неўпарадкаванасць з кніжкамі ды газетамі. Нясло знаёмым яму жыццём адзінокага чалавека. Якраз, як то было з ім у Рызе і як, напэўна, будзе тут, у Пецярбурзе. Але побач з гэтым Рыгора цешыла, што яго таварыш гэтак хутка прыстасаваўся да адзінотнага гарадскога жыцця. Цешылі Петрусёвы павароты, Петрусёў выгляд, Петрусёвы манеры. Рыгор радаваўся таму, што Пятрусь лёгка паддаваўся ўплыву да яго новых абставін, гарадской шліфоўцы. Было прыемна глядзець на таварыша прыадзетага, прыбранага, стройнага і далікатнага, якім зрабіў яго Пецярбург.
— Ну, а як табе тут? — запытаў Рыгор.
— Як бачыш — жыву,— адказаў Пятрусь.
— Падабаецца?
— Чаму б не падабацца? А ты думаў, што я не падыду да горада?
— Не тое, каб... але не спадзяваўся цябе стрэць тым, чым стрэў.
Пятрусь разрагатаўся.
— А я, браток, прывык і спадабаў горад.
— Гэта мяне цешыць...
— Вось скажы мне кінуць Пецярбург — дык ні за што... Звыкся і зросся... Не хапала цябе... Нудзеў, ведаеш, па табе і трывожыўся за твой лёс... А дазнаўся, дзе ты — надзвычайна ўзрадаваўся... Ты мне раскажаш пра цябе? Вось перакусім сяго-таго і пройдзем па вуліцы — пакажу табе Лясное... Як яно так выйшла, што ты зараз перада мною — проста цуда...
Пятрусь паціснуў плячыма і прыемна ўсміхнуўся.
— Мэрам бы ў тых самых Сілцах — года як не было. Цэлага года! Падумаць! А колькі перажылося за гэты год...
— У наступным большага трэба чакаць... Бачыш...
— Бачу, чаму не... Пецярбург ахоплены пачуццём трывогі... І ў нас сённека абгаварвалі бягучы момант... Надыходзяць буйныя здарэнні. Ты ж чытаў?
— Чытаў, чаму не...
— Глядзі, як шпарка заблытваецца клубок... Але цікаўней з настроем рабочых. Вось так і бурліць... Магчыма, забастоўка... Агульная...
У дзверы пастукалі.
— Гарбата!
— Калі ласка.
Хударлявая, сярэдняга росту, з мілавідным тварам, чыста адзетая маладзіца ўвайшла ў пакоік з невялікім чайнікам у руцэ.
— Дзе вяліце паставіць?
— Вось-вось, калі ласка.
Пятрусь узяў з яе рук чайнік і паставіў на стале, сярод згруджаных талерак, шклянак ды кускоў булкі.
— Можа, у краму схадзіць? — запытала маладзіца.
— Дзякуй, пакуль не трэба.
Маладзіца выйшла. Пятрусь зачыніў за ёю дзверы і пазваў Рыгора да стала.
За гарбатаю хлопцы наперабой адзін другому задавалі розныя пытанні. У іх гутарцы падзеі з грамадскага жыцця цесна пераблытваліся са здарэннямі з жыцця прыватнага. Кожны стараўся як найпаўней абмаляваць свае паводзіны з часу разлукі ў Сілцах. Але казання было гэтулькі многа і цікавасць яго была настолькі востраю, што каб усе іх абгаварыць — не стала б не толькі вечара, а і цэлай ночы. Загэтым хлопцы абмяжоўваліся адрыўнымі сказамі, часта прапускаючы запытанні і адказы або адкладаючы іх абгавор.
Тым не меней гутарка зацягнулася на некалькі гадзін. Неўпрыкмет ніводнаму на дварэ вечарэла. Па калідоры, за дзвярыма пакоя, пачуліся крокі падсуседзяў-жыхароў. Знадворку пацягнула халадком.
На Рыгора павеяла прыемным спакоем вёскі. Гарадскі шолам, які спаткаў яго на вакзале і праводзіў да Петрусёвай кватэры, змаўкаў. Забірала спакойнасць бяспечнага прытулку.
Пятрусь адчуваў таварышаў настрой і быў цалкам за тое, каб яго не зварушыць. Але яму здавалася, што Рыгору яшчэ прыямней будзе, калі ён яго выведзе на вуліцу. З гэтай думкаю Пятрусь запрапанаваў:
— Дык маеш ахвоту выйсці на вуліцу? Га, Рыгор?
Рыгор ахвотна згадзіўся.
Яны выйшлі з дому і пайшлі ўсцяж доўгае, роўнае вуліцы.
Гэта была вуліца дач. Абапал яе цягнуліся агарожы, за якімі ўпярэмежку знаходзіліся сады, гароды і драўляныя адзін- ці двухпавярховыя будынкі. Пад капяжамі іх выглядалі цьмяна-сінія нумары. Пахла водарам красак і зеляніны. У гушчы дрэў чуліся зыкі гармонікаў і балалаек. Дзесьці наперадзе іх грала духавая музыка; управа — хор заводзіў «гусараў-вусачоў».
Ад усяго гэтага нясло ідыліяй і спакоем. Зусім не чулася блізкае прысутнасці горада-волата з яго гулкім гоманам і несупынным рухам.
Рыгор драбніўся на часткі, кідаючы ўзрокамі вакола сябе. Вакольны вобраз надаваў яму новага пачуцця, новых летуценняў.
— Якое хараство! — выказваў ён да Петруся,
— Я кожны дзень любуюся ім,— адказаў той і дадаў: — Абы ўладзіўся з работаю, то нацешышся.
Рыгор не думаў пра работу і, пэўна, на сёння не крануў бы гэтага пытання, каб не Пятрусь. А раз на тое пайшло, ён не прэч быў увязаць гэта з агульнай тэмаю іх гутаркі. Бач, работа папаўняла прыгожасць вакольнага вобразу, чаму б адмаўляцца да яго ўдасканалення?
— Ну, а як, бок, з месцам для мяне? — запытаў Рыгор.
— Месца будзе! — запэўніў Пятрусь.
Гэта было выказана з цвёрдасцю, роўнаю да цвёрдасці іхніх крокаў, накіраваных назад, на Петрусёву кватэру.
І адпаведна — было цвёрдым давер’е Петрусёвым словам у нутры яго таварыша.
— Колькі ўжо страчана мною гэткіх месц! — падмацаваў сваё завярэнне Пятрусь.
Можа, было яно і лішне, але не шкодзіла: Рыгоравы крокі сталі больш рашучымі і цвёрдымі. І надзея на доўгую злітнасць з Пецярбургам вачавідкі пачырванела ў яго ваччу.
— Мяне ачаравала Выбаргская старана,— выказаў Рыгор,— і каб, здаецца, жыць у гэтым месцы — не хацеў бы нічога!
— Каб чаго іншага захацеў, то трэ было б падумаць, а гэтага...
Рыгор разумеў памер і значэнне свайго хацення і ў адказ засмяяўся.
— Мне думаецца, што цябе ўдасца ўстроіць на нашым заводзе... Я ўжо згаварыўся з майстрам.
— Гэта калі будзе вядома?
— Днямі высветліцца...
Нарэшце Рыгор расказаў таварышу пра ўмовы свайго ад’езду, пра «хвост», які заставіў па сабе ў Смагіне. Але тут жа дадаў, што пра гэта ён мала думае і ў якую б там небяспеку не верыць.
— На кожны выпадак трэба будзе і гэта ўладзіць. Як-ніяк, а гэта справа лягчэйшая ад іншых. У нашу карысць усе даныя...— пацешыў Пятрусь.
Гэтым і былі скончаны першыя моманты іх цёплае, шчырае, таварыскае стрэчы. Поўныя пачуцця таварыскай блізкасці яны ўлягліся спаць.
Была дванаццатая гадзіна ночы.
IV
Дзевяць дзён пайшло на тое, каб уладзіць Рыгора на працу. Цэлы шэраг умоўнасцей перашкодзіў Петрусю давесці да канца гэта пытанне. Перш два дні ў завод не з’яўляўся дырэктар; пасля, са слоў майстра, у дырэкцыі паўсталі нейкія асаблівыя планы наконт перабудавання ўсяго прадпрыемства; далей, калі з гэтым абышлося, захварэў майстар і цэлыя тры дні не прыходзіў на працу.
Пятрусь злаваў, нерваваўся і дзень ада дня мерыўся шукаць іншага месца Рыгору. Вяртаючыся з завода, ён доўга лаяўся, праклінаючы парадкі на заводзе і парадкі ў дзяржаве, разносячы капіталістычны лад і яго ахоўнікаў. «Чалавек хоча працаваць, а яму не даюць. Ласне можна з гэтым гадзіцца? Нясе сваю сілу, свой розум для чужое карысці, для эксплуатацыі яго, а яму адмаўляюць. Абурэнне!»
Спагнаўшы злосць, ён пераходзіў да спакойлівага абгавору стану і ўпэўняў Рыгора, сумняваючыся сам, што справа з месцам не павінна не вырашыцца.
— Ты, браток, не клапаціся; я не выклікаў цябе на папаўненне беспрацоўных. Не... Абавязаўся — зраблю. Месца будзе-э! Го... Пакуль пагуляй — не так яно хутка робіцца, як хочаш... А з грашыма — не бядуй: на дваіх зараблю... Дакумент маеш і хадзі куды заўгодна — ніякі чорт дарогі не загародзіць...
Пятрусь выказваў убачэнне і ўпарта сачыў за Рыгорам: яму не хацелася, каб той хоць каліва засмуціўся ці астудзіў веру ў яго хаценне пасобіць таварышу. Разам з гэтым Пятрусь баяўся і таго, каб Рыгор не пачаў саромецца расцягнутага палажэння госця. Чаго іншага, а пачне сціскацца, адказвацца ад патрат на яго. Угледзіць няёмкасць доўгага пражывання ў яго пакоі... Наогул, Пятрусь выключна клапаціўся пра тое, каб Рыгор не надаваў свайму становішчу сур’ёзнае ўвагі. Чамусьці ў гэтым каразлівым пытанні ён не адважваўся палажыцца на Рыгораву цвёрдасць, не знаходзячы ў сабе цвёрдасці на гэту адвагу.
Між тым Рыгор не даваў жаднага поваду на западозранасць да сябе ў гэтых слабасцях. Ён чуўся ў Петруся, як дома, і лічыў лішнімі таварышавы папярэджанні. Петрусёва ўбачэнне перад Рыгорам разумелася апошнім, як недахоп дасканалае працятасці таварыша пачуццём працоўнае салідарнасці. Наконт гэтага Рыгор казаў сабе: «Петрусю патрэбна яшчэ паўгода пажыць рабочым жыццём, як у яго нізвання не застанецца з местачковае псіхалогіі». Яму ж у вочы адказваў спакойліва і сур'ёзна:
— Я не лічу сябе госцем.
І гэтак жа спакойліва ішоў з Петрусём абедаць, ездзіў да яго таварышаў, у культурна-асветныя таварыствы і нават у тэатр. Толькі ўсяго рупела Рыгору кватэра: Петрусёў цесны пакоік вымушаў багатае клапатні пры падыходзе ночы. Трэба было пераварочваць усё дагары нагамі, грамаздзіць барыкады, каб паслаць дзве пасцелі. Ад недахопу пасцельных прылад даводзілася дзяліцца самым неабходным. Пятрусь аддаў Рыгору сяннік, а сабе пад бок пасцілаў паліто. Звіхнутыя спружыны ложка ўядаліся ў цела; але і змяты сяннік не туліў ад цвёрдае падлогі Рыгоравых бакоў... Слаліся пасцелі пад стукі крэслаў і бразгі дзвярэй. Мала каго суцяшала гэта.
Далёка ад спакойнасці была гаспадыня кватэры. Кожная стрэча з ёю сведчыла Рыгору пра яе даволі няцёплыя пачуцці да яго. І Рыгор стараўся як найрадзей непакоіць яе. Тут ужо не ўразоньвалі Рыгора таварышавы завярэнні, што з гаспадыняю кватэры ўсё ўладжана. Рыгор хоць і верыў Петрусю, што ён падымаў гэта пытанне перад гаспадыняю, але не верыў гаспадыні. Было выразна, што Петрусёвы перамовы на яе ўплыву не мелі.
— Яна ў цябе, як ведзьма,— характарызаваў Рыгор Петрусю яго гаспадыню.
— Табе здаецца гэта, Рыгор,— адбіваўся Пятрусь.
А следам згаджаўся, што не варта бараніць, хто гэтага не заслугоўвае. І бадзёрыў Рыгора:
— Плюй на ўсё, урэшце, ты да мяне ходзіш, а не да яе... Што яна табе зробіць?
Рыгор меней усяго непакоіўся за апошняе. Пачуццё непрыемнасці, якое навявала на яго штодзённае спатканне з гаспадыняю, атрымлівалася зусім не ад баязлівасці. Рыгору не хацелася, каб Пятрусь хоць чым абавязваўся перад ёю. Ён бачыў па яе твары, што лепей усяго вырашыць пытанне шляхам уходу з гаспадыніных вачэй.
Але вырашэнне кватэрнага пытання, як наогул усякія пытанні прыватнага зместу, мусілі адкладацца да абсталявання на месцы. Гэта было зразумела абодвум — як Рыгору, так і Петрусю. І водлуг гэтага разумення і трэ было ладзіць жыццё бліжэйшых дзён.
Яно ладзілася гэтак.
Пятрусь а палове восьмай раніцы кідаў Рыгора дома, а сам спяшаў на працу. Выходзячы з пакоіка, пытаў яго:
— На абед грошы маеш? Калі ўжо выйшлі, то я пакіну... К канцу работы наведай да завода.
Рыгор адказваўся ад Петрусёвых грошай толькі першых пяць дзён — далей прасіў таварыша, колькі магчыма, пакідаць. У яго бадай што хапіла б на больш доўгі час сваіх пятнаццаць рублёў, з якімі ён ачуўся ў Пецярбурзе, але па радзе Петруся ён распусціў восем рублёў на падапратак. У Смагіне Рыгору не ўдалося справіць нічога, ды яно мала было патрэбна, а ў Пецярбурзе яго старыя, памятыя ў астрозе ўборы выглядалі задужа ўбога.
І Рыгор са спакойным сумленнем браў Петрусёву пазычку і к канцу дня з’яўляўся да завода.
Уражанні дня, пераплеценыя з абдумамі і прагнозамі міжнародных палітычных здарэнняў, складаліся ў Рыгоравым нутры чын чынам, акуратна і дасціпна, гатовымі да выкладу іх перад таварышам. Вярнуўшыся разам на кватэру, яны абіралі іх тэмаю для сваіх гарачых зацяжных гутарак.
У засосе гэтых гутарак хлопцы цалкам адцурваліся ўласных інтарэсаў і забывалі пра ўсялякія нечаканасці ў сваім бліжэйшым наступным. Яны часта мянялі планы і намеры, пабудаваныя ці зранку, ці ідучы на кватэру, або лічачы іх несур’ёзнымі, або забываючы, што яны былі ў іх.
Трэба дзівіцца аднаму, што на працягу ажно васьмі дзён, нягледзячы на разнастайную тэматыку гутарак, Рыгор ні разу не ўспомніў пра Ганну. Мэрам бы згубіў ён яе на вакзале, прыехаўшы, калі шукаў сярод публікі і не знайшоў. Багацце ўражанняў, міжнародныя здарэнні, блытаніна ў планах з месцам перапаўнялі яго галаву, не даючы запасці думцы пра Ганну. Цікава тое, што не навяла на гэта колькіразавая стрэча з Рымаю ў Петруся на кватэры.
Але на дапамогу падаспеў зусім нечаканы і зусім дробны выпадак, які раптам вярнуў Рыгорава пачуццё да Ганны. Адным разам Рыгор увайшоў у вагон, каб ехаць у горад, як перад ім ачулася дзяўчына, ну кропка ў кропку — Ганна. Яе падабенства заставіла яго доўга і ўпарта глядзець у твар незнаёмай. Ажно яму карцела чапіць яе, каб упэўніцца. Яе паспешнае выйсце з трамвая на першай жа спынцы перашкодзіла Рыгору гэта зрабіць. Выпадак востра яго крануў і, стрэўшыся з Петрусём, Рыгор перадаў пра яго, як пра важную навіну.
Пятрусь зацікавіўся гэтым і быў здзіўлены, калі дазнаўся, што Ганна — гэта Рыгорава таварышка.
— Скажы ты, калі ласка-а! Восем дзён!.. І ты мяне не паведаміў нават, каб не гэта тваё здарэнне. Ну і ну!
Рыгор не мог нічога адказаць. Але не таіў ад Петруся прыкметнага жадання спаткацца з ёю.
Ганна акрэсліла доўгую гутарку гэтага вечара, даўшы Рыгору повад расказаць багатую эпапею знаёмства з ёю, а Петрусю — праслухаць цікавую гісторыю.
— Ты павінен адшукаць яе, як бы там ні было,— намагаў Пятрусь.
— А трэба папрабаваць,— згаджаўся Рыгор.
І ўжо з наступнае раніцы насіўся ён у думках па пецярбургскіх вуліцах, пляцах, па вакзалах і школах, усюды, дзе можна было дапусціць Ганніну прысутнасць. Яна ўбэрсалася ў агульны сплёт планаў, намераў і разлічэнняў, якія займалі Рыгора.