V
Агромністы гмах машынабудаўнічага завода ўцягаў у сябе бясконцы лік рабочых. Яны цяклі ў яго вароты некалькімі чорнымі шнурамі; блядыя і настарожаныя, расплываліся яны па майстэрнях, па цэхах. І там, дзе спынялася хада кожнага з іх, пачынаўся круціцца станок. Завод вачавідкі паддаваўся магутнай сіле руху і на вачах пераходзіў у складаную суцэльную чыннасць. На тысячы ладоў несліся разнастайныя гукі і зыкі. Сотнямі струменцаў цягнуўся ва ўсе бакі шэры смярдзючы дым. Туманіліся пылам і потам агромністыя нішы вокан, прыцямніўшы сонечны бляск. Па вузкіх праходах між бясконцага шэрагу ўсялякіх станкоў, варштатаў і машын шнайдарылі клапатлівыя майстры, шчотчыкі, інжынеры. Усе яны здаваліся бязвольнымі часткамі аднае агромнае машыны і рухалі ў такце працоўнага механізма.
Рыгораў станок мясціўся ў фрэзеровачнай майстэрні, у левым куту другога паверха. Ён стаяў крайнім ад сцяны, за якою была высокая цагляная агароджа. Далей за агароджаю прабягала ўзбярэжная Неўкі. Сталёвыя хвалі рэчкі дзень у дзень калыхаліся на шырокім гале вады, б’ючыся ў гранітны бераг узбярэжнай.
Рыгор раз ад разу кідаў узрокамі ў цьмяныя шыбы акна. З-за агароджы відаць было ўсяго невялічкі кавалачак рэчкі; ён выглядаў нелапым стаўком, з аднаго берага якога стаяў агромністы чырвоны будынак, з другога — калыхаўся высокімі дрэвамі векавы парк. Успаміналіся рыгападобны вобраз, тое ж распалажэнне завода. Ды завод амаль той самы. Прынамсі, адусюль у ім нясло знаёмым выглядам. Аднакія машыны, прывычныя стукі малатоў і траскатня кранаў. Гэткія ж разцы і нават аднолькавыя скрыначкі для інструмента. Агульная падобнасць надворных абставін сцірала той многамесячны перабой, які аддзяляў яго ад Рыгі. Хай толькі адцягнуцца на хвіліну думкі пра сучаснасць, як раптам цалкам аднаўляюцца вобразы з рыжскага жыцця... Але...
Рыгор адчуваў, што, апынуўшыся ў Пецярбурзе, ён стаў на далёкім адгоне ад Рыгі. Арышт, астрог, Смагін — доўгі і багаты этап яго жыцця. Ён многаму навучыўся, падрос, пасталеў, набраўся вопыту. Мэрам бы скончыў асобную школу падрыхтоўкі да новага, больш складанага жыцця, здаў экзамен на сталейшага барацьбіта. Рэчаіснасць прадстаўлялася яму ў іншых, больш суровых фарбах. Кожнае свежае ўражанне знаходзіла ў яго нутры іншы ад ранейшага водгук, значна глыбейшы аналіз. Выкліканыя Пецярбургам пачуцці былі не падобны на тое Рыгорава адчуванне, якое складалася пры яго ўездах у Рыгу. Другім настроем павявала ад нагляду за працэсам працоўнае чыннасці завода. Меней дыхала паэзіяй ад вёрту станка, ад пагоджанай гармоніі ў руху машын і рабочых. Не зацягала работа. У кожнай рэчы, у малейшай з’яве, што праходзілі між Рыгора на працягу працы, глядзелі суровыя рысы чарствое сапраўднасці. Рыгор праглядаў праз вачавідкі бляск у захаваную скрытасць усякага здарэння і ясна абмацваў у ім тую ці іншую недаробленасць, непрыстасаванасць да патрэб жыцця. Усё трымала ў сабе вялікую долю фальшу і робленага бляску і ва ўсім не старчыла істотнага. Сама па сабе праца на заводзе была тою ж, якою ён яе праводзіў, бачыў і адчуваў у Рызе. Але вакол гэтае працы ён наглядаў большае зграмаджэнне адмоўных якасцей. Тысячы рабочых, што мітусіліся вакол яго і пад ім, кожным паваротам рукі і кожным згінам плеч дапаміналі яму пра завостраны да адказу прыгон. У агульным шоламе гукаў і бразгу ён адчуваў выразныя позывы на змаганне з ім. Але Рыгор, як і ў Рызе, не цяжыўся працаю. Ён уверана і цвёрда ўваходзіў у вароты завода разам з усімі рабочымі, рашуча прыступаў да станка і пачынаў работу. Сама работа ішла ўжо спакойным роўным тэмпам. Як і раней, ён любіў цяганіну вытворчасці, працэс ператварэння куска сталі ў стройную каштоўную рэч. Па-ранейшаму заглядаўся бегам калёсікаў у станку, сачыў за выкрутастаю стужкаю з-пад разца. Але разам з гэтым ён вёў падлік затрачанай для фабрыканта рабочай энергіі, ператвараў яе ў дадатковую вартасць і заключаў: «Якія капіталы мы складаем у кішэні кучкі эксплуататараў! А пайдзі б гэта на агульную карысць — якіх бы поспехаў дасяглі ў людскім дабрабыце. Якімі б спорнымі крокамі жыццё пасувалася наперад!»
Вырашэнне задачы, калі і што скончыцца, нарэшце, гэты лад, часта адрывала Рыгора ад працы і перакідала яго думкі за сцены завода. Ён перабіраў у памяці прачытаныя ў газеце зранку ці ў абед навіны і з нясцерпам чакаў іх далейшага развіцця.
Між тым навіны хавалі ў сабе неабмежна глыбокія, незмярыма шырокія магчымасці. Рыгор, як той вынаходчык, вышукваў у іх разгортванні пажаданых сабе вынікаў. Гэтыя вынікі, здавалася Рыгору, меліся ў самай істоце падзей, і ён абнадзейваўся імі.
Помеж з гэтым Рыгор адчуваў, што па заводзе носіцца выразнае чаканне таго, што цікаўна яму. Гэтым чаканнем захоплены ўсе рабочыя, імі прасякнута паветра ў заводзе.
І дзень ада дня Рыгор пагрозлівей пазіраў у бок Зімневых палацаў і на заводскую кантору.
За лічаныя дні работы на заводзе ў Рыгора ўстанавілася шырокае знаёмства. Ён хутка, з дапамогаю Петруся, звязаўся і ўвайшоў у мясцовую арганізацыю сацыял-дэмакратычнай партыі. Рыгор наведваў амаль не кожную нараду рабочых, прымаў удзел ва ўсіх іх сходках. Да яго голасу сталі прыслухоўвацца, сталі даваць розныя адказныя даручэнні. Непрыкметна, але ўверана Рыгор уваходзіў у гушчу рабочага жыцця, у вадаварот грамадскай працы. Дзякуючы гэтаму ён хутка быў у курсе настрою рабочых не толькі на сваім заводзе, а і ва ўсім Пецярбурзе. Гэта Рыгора захапляла, зацягала, бадзёрыла. З-за гэтага ён мала зварачаў увагі на ўсталяванне прыватнага жыцця і мала клапаціўся пра сваю асцярожлівасць. Забыў пра непрыязнь Петрусёвай гаспадыні і, як нібыта той, дзень у дзень трывожыў яе па некалькі разоў самастойнымі патрэбамі. Выпадкова і паміж іншым дапамінаў Петрусю:
— Трэба, браток, мне знайсці хутчэй пакой, а то ўжо я табе надазоліў.
Пятрусь яго разважаў:
— Кінь клапаціцца,— і гэтым вычэрпваў пытанне.
Але, як і месца на заводзе, Пятрусь цішком апытаў для Рыгора пакой і спакойліва перасяліў у яго таварыша. Рыгор з гэтае прычыны жартаваў:
— Дзякуючы табе, я парываю сваяўство з Абломавым.
Пятрусь не згаджаўся з Рыгоравым парадоксам і ўхмыляўся яму ў адказ. Аднак было вачавідкім, што Рыгор зусім не той, з якім ён расстаўся апошнім разам. Асабліва кідалася ў вочы Рыгорава падросшая сталасць, сур’ёзнасць і трэзвы погляд на акольваючую сапраўднасць. Цікавіў яго падыход да кожнага здарэння, аналіз гэтага здарэння. Бягучы момант знаходзіў у Рыгору трапнага ацэншчыка. Рыгор поўнасцю выяўляў усю вялікасць і складанасць таго калыхання грамадскіх падвалін, якое адбывалася вакола. Ён бачыў жорсткую супярэчнасць між воляю некаторых людзей і вымаганнямі гістарычнай неабходнасці. Яму прадстаўлялася ясным, што ўсе рухі жыцця бягучага моманту атрымалі папярэдняе назначэнне. Але ён ведаў, што яго можна перарабіць і накіроўваў на гэта свае думкі. Рыгору паказвалася зусім звычайным, калі ён глядзеў на знерваванасць гарадскога натоўпу, на падазронасць паліцэйскай улады — ад гарадавога да генерала, калі адчуваў узмоцнены тон сталічнага шоламу,— гэта, па яго, было тварэннем, фармаваннем, правядзеннем працэсу нараджэння. Куды ж гэтым момантам адводзіць сваю думку на будзённыя рэчы прыватнага дабрабыту? Для чаго браць на ўвагу дробныя шурпатасці самотнага побыту?.. і Пятрусь...
Так, Пятрусь недаацэньваў, калі думаў, чакаючы Рыгора, што ён яго нагнаў у палітычным росце. Пятрусь выпускаў з ваччу тое, пра вошта дазнаўся ад Рыгора і што зараз дасканала ўзважыў. І пачуццё ранейшай павагі да таварыша зноў займала месца ў яго нутры, ужо ўступленае некалькі пачуццю эгаізму. Петрусю стала вачавідкі, што Рыгор пайшоў шпарчэйшым ад яго шляхам духоўнага выхавання. Безліч усялякіх з’яў у бегу часу і ў пераборы месц шліфуюць чалавека ў разнастайных умовах.
Раніца ў раніцу, пакуль жылі ўдвух, побач спяшылі на завод, разам вярталіся назад. Чуткі і весткі, думкі і настрой, планы і намеры перапляталіся ў крытычным абгаворы. Не было вечара, каб доўгімі кавалкамі часу яны не знаходзіліся разам: ці ездзячы ў культурна-асветнае таварыства, ці бываючы на сходках, ці трапляючы ў тэатр. Праўда, гэтага часу ім не хапала, каб задаволіць гутарку, выпаўніць пабудаваныя сумесна планы.
Незалежныя ад іх абставіны агульнарабочае справы амаль не цалкам адцягалі хлопцаву ўвагу. Праз гэта Рыгору не было калі пазнаёміцца поўнасцю з горадам, пабываць у намечаных месцах. Не мог ён вылучыць вольнае гадзіны, каб наведаць адрасны стол і справіцца пра Ганну...
А між іншым, з вядомага выпадку ніводнага дня Ганна не абмінала Рыгоравых успамінаў. Нагальна ўрывалася яна ў гушчу яго натужных раздумаў, выбірала сабе месца і на нейкі момант захапляла сабою Рыгора. Сёння пры рабоце, заўтра ў хвілі адбывання сходу, трэці дзень па дарозе дамоў, чацвёрты...
І кожны раз пасля гэтага Рыгор усхвалюецца, укорыць сябе нядбайнасцю рашыць у бліжэйшы дзень зрабіць даведку — і да чарговага разу заспакоіцца. Бач, на ўсё гэта патрэбен час! Даводзіцца кінуць працу, ахвяраваць сходам, занядбаць паседжаннем, каб пабываць у адрасным стале... А ці можна?
Рыгор сумняваўся і судзіў: «А ўсё ж нельга не зрабіць гэтага! Нельга!» На запытанне Петруся пра Ганну — абяцаў як найхутчэй яе адшукаць. Рыме хваліўся пра знаёмую, якую вось-вось знойдзе і прывядзе да Петруся... і якою абаіх здзівіць...
Рыгоравы думкі і Рыгораву гутарку пра Ганну справодзіла яго напружанае жаданне бачыць яе, сустрэцца і пагутарыць з ёю, аддзякаваць ёй... за падмогу мацеры, за ўцеху, зробленую старой...
— Ды маці!.. Чаму ж не адвесці ёй месца ў сваім нутры?
Старая ўставала перад Рыгорам у поўным абліччы. З сумам на твары, з уміленнем у ваччу, з палкаю прагаю ўнутры, з укорам... Ці не забывае яе сынок? Ці будзе час, калі ўдасца з ім спаткацца?
Вось канчаецца год, а ніякіх адзнак на гэта. Круціцца, мелецца — маланкаю мінаюць дні, тыдні, месяцы, а яна ні з месца. Сілцы. Воражнае аколенне. Розныя гутаркі пра Рыгора — больш ябедныя, злыя, нараклівыя; брахня і глум... Пятрусь не разбівае іх сваімі лістамі... Вось толькі Ганна — адкуль і што, нябачная, чужая дзяўчына... Мігнулася перад ваччу і атуліла сэрца ласкавым словам пра Рыгора...
Рыгор — сынок!.. Вось-вось ён адыме квадранчык часу і прысвеціць яго мацеры. Гэта неабходна! Абсталюецца і кіне ліст, перашле некалькі рублёў. Раней днём, тыднем пазней — ці ж ад гэтага многае зменіцца? Нельга ж кінуць агульнае справы і аддацца пытанням прыватнага жыцця. Ды зноў жа, ён толечкі што пераехаў на сваю кватэру. Амаль не голая яна ў яго. Ложак без сянніка, адзін ламаны зэдлік, кульгавы стол — усяго. Хоць бы крыху дагледзець... А там — пойдзе чарадою адно за другім... Магчыма, каб Ганна... Рыгор яе адшукае, няпраўда...
— Я ўсё-ткі, Пятрусь, на днях праедуся ў адрасны стол! — завяраў Рыгор Петруся.
— Чаго ж ты, сапраўды, шкадуеш паўдня страціць на гэта? — папікнуў яго Пятрусь.
— Праўду кажаш... Ці варта шкадаваць паўдня часу,— згаджаўся Рыгор.— Усяе работы не пераробіш...
— Менавіта...
Пасля гэтага Рыгор загадзя намеціў дзень, калі ён абавязкова паедзе ў горад, і запэўніў таварыша. Пятрусь спачувальна ўхмыльнуўся.