SommaireСокі цаліны
Квадра ІІІ - КРЫЖАВЫЯ ДАРОГІ, ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ · 5 min de lecture

VI

Ганна ніколі б не паверыла, каб хто ёй сказаў, што Рыгор ў Пецярбурзе. Тым болей яна здзівілася б, каб уведала, што ён пра яе думае, гутарыць з таварышам і дзень ада дня маніцца шукаць. Адкуль і што тыя даныя на гэта! Ні намёку, ні знаку. Праўда, Ганна чула ад Рыгоравай мацеры, што ў Пецярбурзе жыве Рыгораў таварыш. Гэта Ганну цікавіла ды інтрыгавала. Яна захапіла з сабою яго адрас. І, прыехаўшы ў Пецярбург, пісала Петрусю ліст, каб той паведаміў, мо што ведае пра Рыгора. Чамусьці на ліст не атрымала адказу — пэўна загубіўся. Праз некалькі дзён прыехала сама ў Лясное, але не застала Петруся дома. Збіралася з дня на дзень паўтарыць паездку, ды... усё не магла сабрацца. Цэлы шэраг прычын перашкодзіў ёй зрабіць гэта.

Ганна паехала ў Пецярбург на сваю рызыку. Згуба мацеры растрывожыла яе да нервовасці, і ў Пецярбурзе яна шукала сабе спакою. Без усялякіх хадайніцтваў да начальства, не разлічваючы на наступнае, яна раптоўна развіталася з Рыгаю і паехала да дзядзькі пад Ліцк, адкуль наведала Сілцы і ў пачатку траўня накіравала ў Пецярбург.

Ганнін прыезд у сталіцу супаў з канікулярным часам. Пайсці шукаць ходаў да прызначэння на месца настаўніцы Ганна не хацела, ведаючы, што гэта пацягне за сабою цэлы шэраг адміністрацыйных фармальнасцей. Ды самая праца настаўніцы ёй не падабалася. Яшчэ ў Рызе, калі жыла маці, Ганна не раз памыкалася перамяніць заняткі, старанна шукаючы падхадзячага месца. Маці перашкаджала ёй. Пасля мацерыны смерці Ганне было вольна гэта зрабіць. Яна знайшла, што ў Пецярбурзе ёй лёгка гэта ўдасца.

Поўная ўверанасці ў гэта, Ганна не ўлічыла тых цяжкасцей, з якімі сустрэў яе чужы, вялікі горад. Без знаёмага, з ненадзейнымі разлікамі на даўнюю таварышку, на Петруся і, як ні дзіўна, на Рыгора, Ганна ачулася ў Пецярбурзе. Горад бесспагадліва схапіў яе ў свае абоймы і закалыхаў на хвалях глыбокае клапатлівасці. Што надумоўвала тыднямі — разляталася ў хвіліну. Стройна апрацаваныя планы ламаліся пад націскам жывое сапраўднасці. Ганна збівалася з панталыку. Куды ёй было да ўсяго іншага, калі невыразнасць наступнага дня не давала спакою. Ужо прасочвалася вільгаць роспачы, ужо думкі спляталі планы магчымага выезду з негасціннае сталіцы, як знянацку ёй напаткалася праца. Гэта выйшла праз газету, па дробна надрукаванай абвестцы. Патрабавалася «перапісчыца, маладая барышня». Ганна накіравала па адрасе і атрымала месца ў экспедыцыі газеты — па перапісцы адрасоў.

Адшуканая работа перайначыла яе настрой і накіравала Ганніна жыццё ў спакойнае рэчышча. Тое, што не знаходзіла месца ў думках у час безрабоцця, зараз адцягала на сябе яе ўвагу. Зарупела наведаць Петруся яшчэ раз і, магчыма, выпытаць у яго пра Рыгора. Авось знойдзецца кончык, і клубок пачне разбэрсвацца...

У Ганніным ваабражэнні разбэрсвалася доўгая каляровая нітка саладжавых надзей. Рознымі выкрутасамі яна працягалася кудысьці, дзе ападала ў Рыгораву душу... Вакол гэтае ніткі дзень ада дня набіралася гусцейшых асадкаў пачуцця, намераў і жаданняў. З мільённага людскога мурашніку, што трапятаў перад Ганнінымі вачыма, рэльефна выступала фігура Рыгора. Гэта фігура засланяла сабою і гмах Ісакіеўскага сабора, і шпіц Петрапаўлаўкі. У чыстай каморцы экспедыцыі мігаліся яе абрысы між шырокіх лістоў паперы.

Яе не мог засціць дасціпны, жывы, мілавыглядны экспедытар Лука Дарафееў. Хоць уважліва накіроўваў ён да Ганны гасцінныя сказы і мяккаю ўхмылкаю абліваў іх адповедзь,— Ганна не губіла з ваччу Рыгоравага вобраза... Апошні выпукляўся, што далей — болей. Ганна паступова ўкладала ў яго змест жывое істоты, і Рыгор уставаў у чыннасці аднаго з шэрагаў тых забастоўшчыкаў, што ўз’юшвалі бакінскімі падзеямі ўсю Расію. Яна ўспамінала рыжскія гутаркі з Рыгорам наконт яго ўдзелу ў забастоўках. Уяўляла Рыгораву захопленасць імі, адчувала палкасць змагання і вастрату злосці на існуючы лад. Узважвала поўнасцю вынікі гэтага. І заключала: «А зараз, напэўна, ён перагарвае хутчэй апынуцца ў асяродку падобных бакінскім здарэнняў. Каб гэта ды яго сюды, у Пецярбург, колькі б энергіі ён палажыў на арганізацыю рабочых да выступлення!..»

Ганна не папікнула б яго за гэта, не! Цяпер... яна зусім іншых поглядаў на рэчы! Ёй сорамна прызнацца, што яшчэ летась Рыгорава чыннасць выклікала ў яе нутры варожае пачуццё. Цяжка растлумачыць, чаму яна трымалася тады выразна мяшчанскіх пераконанняў. Але яшчэ цяжэй уявіць, калі і што адбывалася тая крутая перамена, якая зрабіла Ганну цяперашняй. Дзе тыя фактары, што павярнулі яе светапогляд на дзевяноста градусаў улева? Ганна правярала гэта тым пільней, чым вастрэй рабілася жаданне выспавядацца пачуццямі з Рыгорам. Яна падрахоўвала: смерць мацеры, Рыгораў арышт, свой пераезд з Рыгі ў Пецярбург, блуканне ў няпэўнасці па яго цвёрдых вуліцах. Няўжо ўсяго? Ды што ў гэтым надзвычайнага ёсць? Рабілася цьмяным — і прычыны губіліся ў змроку гэтае цьмянасці. Іх невыразнасць яшчэ больш ускладняла іх важкасць і сілу. Бо яна разумела, што з пераменаю поглядаў на рэчы ёй стала не падабацца роля настаўніцы. Калі прасачыць ад пачатку нараджэння думкі пра тое, каб кінуць настаўніцкую службу, то, бадай, і можна будзе выявіць працэс перабудавання светапогляду... У кожным разе Ганна стрэнецца з Рыгорам зусім інакшаю, чым рассталася. І таму, што факт расстання меў вялікі ўплыў на яе думкі, няхай той факт будзе блаславенным. Якава ж будзе стрэча? Ды калі яна будзе?..

Ганна ўважліва вяла спакойлівую перапіску адрасоў. Сотні прозвішчаў пярэсціліся ў яе памяці, губляючыся і паўстаючы адно за другім. Сярод іх многа пападала знаёмых, мэрам бы дзесьці спатыканых ці чутых. Але ніводнае з прозвішчаў не выдзялялася самотным і не спынялася ў памяці. Ні за водным з іх не вырысоўвалася жывога вобраза чалавека, на якім бы спынілася яе ўвага. А за многімі прозвішчамі беглі чыны і званні: тайны саветнік, калежскі асэсар, правіцель канцылярыі, свяшчэннік, вучыцель гімназіі, земскі начальнік, народны настаўнік. Чамусьці не менаваліся рабочыя і сяляне. Гэтыя званні нікога не вабілі... Мэрам бы ўсе іх ведалі і не хацелі пра іх успамінаць.

Дзеля Ганны пустым звінелі ўсе чыны, ад вялікага да малога. І вось гэта няўважлівасць да бліскучага і зычнага — чым нясло ад іх — цікавіла яе самую. Ці даўно яна не магла спакойліва глядзець на чыста адзетага, стройнага настаўніка гімназіі? Колькі разоў, бывала, закрадалася хаценне стаць жонкаю аднаго з іх! А гэта! Нібыта тая... Гартаюцца мёртвыя формы, як сухія лісты на дрэвах. А вострыя ножны яе суседкі паласуюць іх на доўгія стужкі, якія ў сваю чаргу дробняцца на прадаўгаватыя лісты, перабіраюцца, складаюцца па трактах і адносяцца на пошту... Сёння, заўтра, пазаўтра, з месяца ў месяц, Звычайна. І будзь іх дзесяткамі больш — дзесяткамі менш — аднакава. Згіне дзесяць папоў ці дзесяць земскіх — ніякае заўвагі. Сам Давыд Харлампавіч, старэнькі пілявы трактоўшчык, хутчэй заўважыць, калі выпадзе месца, якоесь там Ладзейнае Поле ці станцыя Стругі Белыя — чымсь купа высокіх прозвішчаў, справоджаных чынамі. Пра іх не было клопату...

Ды Ганна наогул зусім не дбала пра адрасы, калі кідала працу ды ішла дадому. Па дарозе механічна заходзіла ў крамку, брала да гарбаты, а трапіўшы ў пакой, грэла прымус і спраўляла вячэру. За вячэраю думала: як і што іціме яе жыццё. І на першым адказе сустракалася з Рыгорам. Вачавідкі з’яўляліся да яе: Лясное, Пятрусь, двухпавярховая дачка... «Ці напісаць ліст, ці яшчэ раз паехаць?» — карцела ёй. За лістом разгорталася прагаліна невядомага, сухі кароткі адказ або і маўчанка. Паездка суліла знаёмства, надзеі, цікавасць... Толькі б не вісеў на дзвярах бліскучы замочак... Не, яна пераедзе — не ў суботу, дык у нядзелю, магчыма, на буднях... Адкладаць нельга, уважаючы на тыя здарэнні, якімі жыццё частуе бягучы час.

Квадра ІІІ - КРЫЖАВЫЯ ДАРОГІ, ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ · 6 min de lecture

VII

Тым часам здарэнні дзень ада дня несупынна ўскладняліся. Іх развой можна было параўнаць з бурхлівым вогнішчам, на якое дзьме вецер. Полымя шугае ў бакі і ўгору, шырыцца, расце; награецца паветра. Вось-вось заверціцца ўсё ў каламутным вадакруце агню. Не было таго, хто б так ці іначай не ўцягаўся ў падвышаны настрой, хто б не захапляўся пытаннем — а што далей? Выразна перад кожным гэта «далей» стаяла ў страшным выглядзе вайны. Усякі адчуваў яе крывавы, прапахшы куравам пораху, прыход. Але ніхто не выяўляў сабе яе размаху. Яе жах перавяртаўся ў завостраную цікавасць, пад якою танула ўсё іншае. Звычайнага, прывыклага жыцця не было ні ў водным доме, ні ў якой асобы. Яно знікла, растала, абляпіўшы агромністы клуб раз’юшаных падзей. Напружанасцю струны глядзелі ў наступнае мільёны вачэй. Шукалі. Густым туманам надзей і трывогі ўбіралі перадвочныя прасторы. На чым спыніцца завіруха? Як праломіцца яна на лёсы данай асобы? Чорнымі густымі джараламі плавалі людскія натоўпы па шырокіх тратуарах горада-волата. У шораху тысяч ног адбівалася крутая парушнасць жыцця. Няўверана хадзіла рука, няцвёрда ступалі ногі. Шыбы вокнаў сталі вельмі празрыстымі, мэрам бы знарок, каб не спыняць простага лёту ўзрокаў. Пераступаючы парогі ўстаноў, кантор, крам і заводаў, вальней ды нядбайней прычыняліся дзверы. Будынкі, наогул, цяснілі людзей, прыгняталі іх пачуццё. Якаясьці магутная сіла цягнула іх на вуліцу, у гушчу, у натоўп. Чалавек стаў надзвычайна чулым, каразлівым, як магнес. І ў той жа час — слабым, бяспомачным. Аднаму не хапала ні сілы, ні месца. Для цэлага, для грамады — ён быў неадменным. Грамада надавала характарнасць здарэнням, але апошнія выразна рухалі грамаду.

Але ў агульным сплёце з’яў яскрава выпуклялася іх дваістасць. Два асабістыя напрамкі прарэзвалі гушчэчу людскіх настрояў, пачуццяў, думак і жаданняў. Гэтыя напрамкі крыжаваліся, як крыжавалася развіццё грамадскіх падзей. Наператоч зданню імперыялістычнай вайны раслі сімптомы вайны грамадзянскае.

З Дуркінхэна накіроўваў у Расію прэзідэнцкі карабель Пуанкарэ. Буржуазны выхаванец вёз самадзяржаўнаму цару для падпісання ўмову: разам бараніць інтарэсы французскіх і рускіх капіталістаў ды памешчыкаў, у саюзе губіць на вайне жыццё рускіх і французскіх рабочых ды сялян. Вайна супроць прускага юнкерства, у абарону слабое Сербіі — была сігналамі буржуазнаму Пецярбургу, Неўскаму — была лозунгамі імперыялістычнае вайны, кветкамі саюзніцкага яднання.

А помеж з гэтым у Баку кіпела жорсткае змаганне рабочых-забастоўшчыкаў з нафтавымі каралямі. Водгукі яго разносіліся па шырокіх абшарах прыгнечанае краіны. З горада ў горад, з фабрыкі на фабрыку прыходзілі весткі пра становішча варожых лагераў; і разам — прызывы да падмогі, да салідарнасці. Гераізм змаганцаў прагудзеў брукам пецярбургскіх вуліц — за заставамі, на ўскраінах. Зарэяў сцяг грамадзянскае вайны.

Яшчэ Пуанкарэ не выпусціў з ваччу берагоў Францыі, калі яму на спатканне паднялося да пяцідзесяці тысяч пецярбургскіх забастоўшчыкаў. Згода цароў не цешыла сэрцаў працоўных. І тыя матросы, што ехалі на караблі прэзідэнта, не думалі пра пахвалу з боку цара, а песцілі ружовыя надзеі на спатканне з рабочымі на вуліцах Выбаргскае стараны.

Рыгорам валодаў настрой, якога ён дагэтуль не перажываў. Цэлымі днямі ён не кідаў думаць пра наступны пратэст-забастоўку супроць зверскага нападу паліцыі на пуцілаўскіх рабочых. Новыя ахвяры самадзяржаўя ўзнімалі ў ім пачуццё злосці і помсты. Было не да працы: не сядзелася каля станка, і разец раз-поразу выпадаў з рук. У абед і вечарам Рыгор абыходзіў дзесяткі рабочых, настройваючы іх на рашучае выступленне. На сходках яго голас гучаў усё мацней ды рашучай.

Пятрусь бачыў, як настарожліва прыслухоўваўся яго таварыш да кожнага слова рабочых, адмячаў, якім хваляваннем сустракаў ён кожную вестку з іншых заводаў. За два дні, якія аддзялялі сабою расстрэл пуцілаўцаў ад забастоўкі на іх заводзе, Пятрусь поўнасцю выявіў сабе партрэт Рыгора-рэвалюцыянера. Трэба было дзівіцца яго стану, які складаўся з несупыннага трапятання ўсіх частачак яго істоты. Рыгору нельга было казаць іншага, апроч гутаркі пра забастоўку. Усе пытанні, блізкія і цікавыя яму ў звычайным жыцці, зараз не існавалі. Ён быў заняты забастоўкаю, яе нараджэннем, цяганінаю і вынікамі... Раз перажытае ў Рызе цяпер захапіла яго цалкам.

І вось забастоўка стрэлася з ім тварам да твару. Звычайным днём па звычайнай дарозе ён накіраваў да завода. І толькі пераступіў парог на заводскі двор, як зараз жа з грамадою таварышаў вярнуўся на вуліцу. Выйшаў і ўгледзеў, як наўсцяж ад клінікі Вілліе ажно да стыку з Выбаргскім шасэ Сампсоніеўскі праспект выглядаў надзвычайным, прасторным і ўрачыстым. Ні ламавікоў, ні паравікоў, а грамады рабочых па тратуарах, каля брам у дварах, на рагах вуліц. Зычны гоман. Наперадзе іх — буйная маніфестацыя. Над сотнямі галоў невялічкі чырвоны сцяжок. Марсельеза.

Рыгору не хапіла моцы сутрымацца ад нахлынуўшага на яго натхнення. Ён мігам ачуўся наперадзе калоны і падхапіў песню папярэдняе маніфестацыі. Але не паспеў ён падаць знаку да пяяння сваім суседзям, як перад ім вырас эскадрон казакаў. Раз’юшаныя да пуду коні стрэламі імчаліся на роўныя калоны рабочых. Сакаталі падковы сталёвым шротам па бруку. У запыленым паветры апісвалі кругі казацкія нагайкі. «Раз-зай-дзі-ісь!» — лавілі вушы перадавых радоў. Тысячная калона зацішыла хаду, настаражылася. Казакі кіравалі, як на бар’ер. Сутрымаць? Бязмэтна! І маніфестацыя раздваілася, прапускаючы азвярэлых коннікаў. Дзвюма сцянамі пасталі рабочыя абапал вуліцы. Свіст і гіканне пагналіся за казакамі, і хутка рабочыя зноў зліліся ў маніфестацыю. Услед ад’язджаючым казакам панесліся гучныя тоны марсельезы. Рыгор ішоў наперадзе, па правым флангу калоны. Сутычка з казакамі, якія несупынна гарцавалі ад аднае да другое маніфестацыі, заклапочанасць паліцэйскіх атрадаў — яго інтрыгавалі, зацягалі. Было відаць, што запал рабочых тугі і ўстойны.

Сампсоніеўскі праспект гудзеў голасам перадстаячых боек... Збіраннем сіл... Рыгор бачыў, як хвіліна ад хвіліны людскі натоўп гусцеў, заліваючы прасторы шырокае вуліцы. Гэтаму вобразу было нельга не схіліцца. Яго вялікасць асвячалася духам рабочае ваяўнічасці... Паўстанцкі задзёр нішчыў баязлівасць. Смеласць кідала вызаў непадгатаванаму ворагу... Вось-вось — то там, то сям — гудуць шыбкія палёты каменняў у казакаў. Паліцэйскія бяруць наперавагу вінтоўкі... Але на іх ніхто не шманае. У рабочым раёне — сцеражыся, вораг рабочых!

Рыгор пасля трэцяга разгону іх маніфестацыі згубіў Петруся. Ён змяшаўся ў грамадзе рабочых з іншых фабрык і заводаў. Дзе і што Пятрусь, цяжка было рашыць. А шукаць — куды там! Не час і не месца. І ён, адзін сярод чужых, чуўся сваім кожнаму, з кім стыкаўся і каго бачыў вакола сябе...

Не заўважыў, як маніфестацыя наблізілася да новага спаткання з казакамі. Яны нацянькі скакалі да рабочых наператоч, але ніхто не пакінуў радоў. Маніфестацыя пасувалася наперад, і яе напорыстасць спыніла казакаў; тыя змяшаліся ў кучу і павярнулі ў бакавую вуліцу, дзе чулася тая ж марсельеза. Рыгор з агідаю паглядаў ім услед і адвярнуўся наперад — ішоў трамвай, а яго спынялі. Жалезным ланцугом аперазалі яго рабочыя з усіх бакоў, высадзілі публіку і тут жа прыняліся валіць з рэек. Рыгора забрала хэнць пасобіць гэтаму. Ён цвёрдым крокам накіраваў да пярэдняе пляцоўкі вагона. І ў момант, калі яго рукі выцягнуліся наперад, ён пачуў ззаду сябе:

— Рыгор! Таварыш Нязвычны!

Ён спыніўся і азірнуўся. Тут жа, чуць не поплеч, стаяла Ганна. Рыгор сумеўся ад нечаканасці, адвёў рукі і некалькі хвілін не ведаў, што сказаць.

— Якім чынам? — запытаў яе.

Але яго пытанне мігам расплылося ў гучным «ура» грамады, паваліўшай вагон трамвая. Толькі хвілін праз пяць, калі грамада заціхла, Ганна ўзяла Рыгора пад руку і праказала:

— Не пазнаеш?

— Цябе?

— Ганны.

Грамада закалыхалася, веерам разбягаючыся ўбакі — зноў несліся казакі. Рыгор з Ганнаю кінуліся ў бліжэйшы двор.

— Якім чынам ты тут? — паўтарыў Рыгор першае пытанне, калі яны спыніліся ля жалезнае брамы.

— Не чакаў?

— У гэтых умовах — не думаў... Прымха...

— Я чула нутром, што ты ў асяродку забастовачных падзей...

— Ты... чула... нутром?..

Гутарка не вязалася як след — уплыў вакольных абставін адцягаў Рыгораву ўвагу ад інтымнага пачуцця спаткання. Яму не стаялася пад скляпеннем аркі, а прагло на вуліцу. Але прысутнасць Ганны перашкодзіла. Невыразна, а яе істота давала сябе адчуваць... І Рыгор, радуючыся, злаваўся ды непакоіўся; мэрам бы знаходка не поўнасцю кампенсіравала згубу...

— Я табе перашкоджу? — нерашуча выказала Ганна.

— Ды не, што ты, Ганна! Я ашаломлены стыкам падзей сённяшняга дня! Прымха... Але ў гэткую хвіліну — на табе!

— Тое і ў мяне. Я ніяк не чакала, што трапіцца гэтак, як трапілася...

— Няўжо?.. Ну, ехала ж некуды?

— Да цябе ехала... бач, да Петруся...

Яны выйшлі з-пад двара і тут жа ачуліся ў асяродку маніфеставаўшай грамадкі рабочых, выйшаўшай з-за рога вуліцы. Ахопленыя рэвалюцыйным уздымам, абое сталі ў першыя шэрагі маніфестуючых.