І
Хата Ліня стаяла на рагу Тыльнае вуліцы, пры павароце на Магільны перавулак на Лешы. Дарога Рыгору ляжала траха не цераз усё мястэчка. Да свайго выезду з Сілцоў Рыгор, як і ўсе сілцоўцы, добра знаў, дзе знаходзіцца кожная хата, цяпер жа, пасля двух гадоў адсутнасці, ды яшчэ ўвечар, яму цяжкавата было ўспомніць розныя дробязі і тым болей, што за апошнія гады многа чаго пераіначылася ў Сілцах: так мо разоў пяць трапляліся пажары і нішчылі цэлыя вуліцы мястэчка, а адзін самы большы з пажараў, які трапіўся спусціўшы год пасля Рыгоравага ад’езду, так расстроіў быўшы да пажару план Сілцоў, што не толькі чалавеку ў Рыгоравых умовах, а і заўсёдным жыхарам неяк ніякавата было глядзець на новую перапланоўку Сілцоў. Толькі Рыгор выйшаў з свайго двара і дайшоў да Перасечнага перавулка, як зразу спыніўся і пачаў меркаваць: «Можа, яшчэ далей трэба прайсці па вуліцы, а мо сюды павярнуць направа? Не ведаю!.. Напрапалую павярну ў перавулак!» — рашыў ён і павярнуўся тылкам да вуліцы.
На правым ад яго баку, выязджаючы з Сілцоў, ён пакінуў, наколькі помніць, старую разваленую карчму Лейбы Бляхара, які так любіў свой куток, што не пакідаў прадаваць гарэлкі пад страхам быць задушаным праваленай страхою. Насупраць Лейбавай карчмы жыў другі, знаёмы яму яўрэй — Шолам Стрэльба, самы важны майстар-шапачнік. Як на карчме Лейбы, так і на хаце Шолама былі прывешаны шыльды, размалёваныя ўсякімі хварбамі, розных формаў і гатункаў шапкамі ў Шолама і пляшкамі ў Лейбы.
Калі б хто ні мінаў гэтага месца, заўсёды пазіраў на шыльды. Рыгор следаваў агульнаму прыкладу. Ён і цяпер паддаўся гэтаму. Але зірнуўшы на капяжы хат, Рыгор, хоць і ўпоцемку, скмеціў, што бывалашніх іх прыкрас няма ды і хаты нейкія зусім другія.
І далей Рыгор не пакідаў з цікавасцю, паколькі магчыма было ўвечары, раззіраць вакол сябе, патроху пазнаючы і ўспамінаючы некаторыя дэталі сілцоўскіх выглядаў: вось, здаецца, новенькі плот Сюцькі, а вось, бадай, Гляк гумно паставіў, а вунь і напэўна і Шчыглава хата.
Яго меркаванні падыходзілі да сапраўднасці, бо Шчыглава хата, нейкім дзівам зацалеўшая ад вялізарнага пажару, як і калісь, рабіла сабою рог на Перасечным перавулку ля Падаўжной вуліцы. «Цяпер не заблуджу», — уверана падумаў Рыгор, завярнуўшы на Падаўжную, дзе ўжо ён кінуў разглядаць па баках ды лавіць перамены, а пайшоў смела і ўверана.
На вуліцы шпацыравала шмат моладзі, хлопцаў і дзяўчат.
Ён пачаў прыслухоўвацца да вясёлае рэзвае гутаркі, думаючы па ёй пазнаць каго-колечы ад знаёмых. Гэта адцягнула яго ўвагу, і Рыгор не прыкмеціў, як зраўняўся з Яўрэйскім перавулкам, які перасякаў толькі адну вуліцу і, быццам баючыся кагось, зварочваў направа ды ўцякаў у другую.
Гэты перавулак быў новы, праложаны пасля пажару, і Рыгору паказвалася, што ён заменьваў сабою Мокрую вуліцу, якую па новаму плану скасавалі.
Параўняўшыся з Яўрэйскім перавулкам, Рыгор спыніўся: «Нічога не будзе, трэба запытацца ў каго-небудзь», — рашыў ён. Як на тое трэба, з боку сябе ён угледзеў прабягаўшага хлапчука, штось дудунючы сабе пад нос.
— Гэй, хлапец, пачакай адно! — пазваў яго Рыгор.
— А што дзядзьку трэба? — адазваўся хлапчук.
— Скажы, браток, як гэта прайсці на Лешу?
— А ласне вы не тутэйшы?
— Тутэйшы не тутэйшы, табе ўсё роўна, толькі скажы.
— А скажэце, скуль вы будзеце? — не згаджаўся пілявы хлапчук.
Рыгор уступіў цікаваму хлапчуку і жартліва сказаў:
— Я смалінскі.
— А чаго вы прыехалі? — пытаўся далей малы.
— Не дурыся, шалапут, та дам капейку на цукеркі.
Хлапчук узрадаваўся і падышоў блізка к Рыгору ды выцягнуў руку. Рыгор дастаў з кішэні капейку і падаў яе хлапчуку.
— Вось ідзеце гэтым перавулкам да канца, потым павернеце направа па вуліцы; затым увойдзеце ў другі перавулак, а там ізноў на вуліцу; далей спусціцеся з горкі і пойдзеце проста-проста да павароту, і там пачнецца Леша... — намалоў хлапчук і знік.
Рыгору апісаная хлапчуком дарога зразу дапомніла знаёмыя мейсцы, і ён пусціўся ісці.
Жукавая вуліца, у якую ўваходзіў Яўрэйскі перавулак, была ціхая і пустая: агонь быў стушаны ва ўсіх хатах, а на вуліцы не чуваць было жаднага зыку, не спатыкалася ніводнага чалавека. З другіх канцоў мястэчка даносіліся да яго вушэй стройныя песні моладзі, крык і выгукі. Рыгор прыслухаўся да знаёмых яму песень і варочаў у памяці нядаўняе мінулае, зараз далёка адляцеўшае ад яго і не выклікаўшае ў ім тых пачуццяў і настрояў, якія яму былі ўжыўны да паездкі і жыцця ў горадзе. Цяпер ён лішні раз адчуў, што ў яго жыцці прайшла высокая мяжа, паабапал якое два розных светы. Той свет, у каторым ён жыў да паездкі ў Рыгу, страціў сваю цнотную цікавасць, пашарэў і пахаладзеў. Той другі, з якім ён сустрэўся ў шумным бурлівым горадзе, сярод тысяч рабочых, новых для яго людзей, у заводскіх майстэрнях — гэты свет запаланяў яго нутро, заварожваў думкі і пачуццё. Рыгор адчуў, што тая прага наведаць Сілцы, з якою ён прасіўся на адпачынак, канцэнтравалася амаль выключна на жаданні ўгледзецца з маткаю, Зосяю ды з таварышамі. Іншыя матывы прадстаўлялі сабою нешта нямоцнае, крохкае, аджываючае. Грунт, на якім ён рос і гадаваўся, выглядаў кладкаю, пакладзенаю для пераходу з аднаго берага на другі. Калі давялося вярнуцца назад, то не для таго, каб гэта паўтараць часта, шкадуючы пакінутага, а з тым, каб яшчэ раз паглядзець на тое, што, магчыма, назаўсёды пакідаецца... І раптам прагучэўшая песня дзесьці ўлева ад яго паказалася Рыгору дужа мізэрнай і ціхай, калі ён перакінуў сваю думку ў грымлівыя сцены рыжскага завода... «Так, маці, Зося, Сёмка і Пятрусь, якіх мне даводзіцца зараз мо апошні раз бачыць у Сілцах», — падумаў Рыгор і пачуў:
— Рыгор! Куды ты?
Рыгор міжвольна адступіўся назад.
— Ха-ха-ха! — пачуў захлёбісты рогат. — Вось, брат, табе горш як Рыга, — праказаў нечаканы жартаўнік, у якім Рыгор адразу пазнаў Сёмку.
— А каб ты аглуздзеў, як я... Цьфу, каб ты прапаў! — вылаяўся Рыгор. — Ці ж гэта ты знарок дагэтуль стаяў за плотам ды пільнаваў мяне?
— Знарок — не знарок, а гэта табе за тое, што ты такі пэўны. І дзе ж ты быў так доўга? Заблудзіў, ці якое ліха?
— І заблудзіў і праспаў, што ж рабіць... Вунь зайшоў у другі канец Жукавай вуліцы, ледзьве выбраўся.
— А ты думаў — жарты? — пасмяяўся Сёмка.
— Але...
— А мы з Петрусём ужо прачакаліся цябе і рашылі, што ты не прыйдзеш; на ўсякі выпадак я і выйшаў страчаць.
— О, не! Хоць бы яшчэ гадзіну блудзіў... А Пятрусь дзе?
— Ды там, у Ліня.
— А Зосі няма?
— Чаму не, і Зося там; нават і Бераг Васіль не забыў прыйсці. Поўная хата хлопцаў і дзяўчат.
— Няўжо і Васіль там? Мусібыць, ён не ведае яшчэ, што я прыехаў?
— Я зусім іначай думаю: ён за гэтым і прыйшоў, што праведаў аб тваім прыездзе; ён так напужаўся гэтым, бадай што не адстае ўжо ад Зосі.
— Як гэта? — пацікавіўся Рыгор.
— Да так: не сягоння — заўтра сватоў пасылае к Прыдатным.
— Няўжо? Ці то можа быць?
— Што? Сумляваешся?
— Не верыцца,
— Павер.
— А Зося як глядзіць на гэта?
— Ды што Зося? Тут, брат, не ў Зосі рэч, тут сам Мікола кіруе ўсім... Па Зосі — ніколі б гэтага не было, бо яна яго не любіць, але, мне здаецца, не хопіць у яе сілы паперашкодзіць бацькавай волі; смеласці не хопіць. А бацькі так цвёрда паставілі звязаць яе з Берагамі, што, бадай, ніякія рады не памогуць. Свая хэўра, знатнасць! Рука к руцэ цягне... Дзедзічы!..
Рыгор задумаўся. Берагі выклікалі ў яго нутры агіду і адваротлівасць.
— Дык, па-твойму, мне мо зусім не варта і мяшацца? — упэўніўся Рыгор.
— Чаму не варта мяшацца? Наадварот: ты стань так, каб быць плотам, цераз каторы ні за што б не пераскочыў Васіль. Хай сабе там бацькі таргуюцца ды радзяцца... Я ведаю добра, што Зося да цябе мае найлепшыя адносіны. Павер мне: колькі разоў яна мне прызнавалася, адкрыта, не саромеючыся. Цяпер чакала цябе, як мешыяса. Толькі, вядома... местачковая дзяўчына...
Рыгору таварышавы словы лісцілі, і яму хацелася скарэй убачыць Зосю.
— Мне таксама здаецца, што да мяне Зося адносіцца не дрэнна. Яна мне заўсёды пісала ў лістах, клялася, завярала ў прыязненным пачуцці. Але... ты ведаеш сам. Хоць, скажу табе, у мяне і намеру таго няма. Тут ідзецца не на тое, каб мне заваладаць Зосяй! Тут галоўнае ў тым, каб выбавіць яе ад небяспекі папасціся ў лапы гэтага паскудніка... Зося — добры чалавек і прыгожая дзяўчына. І было б крыўдна, каб... ды мне ў гэтым выпадку спрачацца з Берагам нялёгка.
— Чаму? Якая прычына ў тым, што ты не можаш з Берагам паспрачацца? — запытаў Сёмка.
— А таму, што я — пралетар, наймюшчы чалавек, а ён — усё: і знатнасць, і багацце. А без гэтага ў Сілцах нікуды носа не паткнеш. Чуў, здаецца, як бывала Радзівон нам казаў: «Тады я за цябе аддам сваю дачку, калі ты будзеш мець у тры разы больш, чымся яна мае». А што яго за дачка? Ды сам ён зусім не раўня Берагам. А я што? Кожны помніць мяне балаголам, кожны не забыў пастуха.
— Плюнь на ўсё. Што табе бацькі... А ў выпадку чаго і Зося...
— Ясная рэч, — кіўнуў галавою Рыгор.
Сёмка ўзяў яго пад руку, і яны, прытуліўшыся плячом к плячу, пайшлі да Ліня.
У пяці — дзесяці кроках ад іх, у шэрані ночы, чорнаю сцяною абмулёўвалася нелапая, у тры акны, выпускаўшая з сябе шырокія пукі святла, хата. З двара, які заварочваўся з вулкі і дугою абгортваў вулічны бок хаты ды падымаўся крыху пад горку, таксама выбягалі вузенькія палоскі прамення. Роўныя высокія таполі і чорныя маладзенькія густыя ялінкі, што роўненька, уперамежку раслі паўз платы, агараджваючы двор, стройнай густой сцяною баранілі з паўдзённага боку жоўтую саламяную страху ад вятроў і выпадковых пажараў.
З глыбі двара да іх даходзіў звонкі рогат і рэзвы гоман, якія раптоўна на хвілю-другую, калі хто прачыняў сенішнія дзверы, станавіліся яшчэ зычнейшымі, вясёльшымі, а як зачынялі — цішэлі.
— Чуеш, што за ігрышча там? — запытаў Сёмка. — Вось гэта і ёсць Лінева хата. Дзівіся!
— Гэта?
— Але.
— Ну, дык зразу павернем ці перш паглядзімо? — запытаў Рыгор, якому ніякава стала ад таго, калі ён падумаў, што ўсе на яго вырачаць вочы і пачнуць ахаць ад яго неспадзяванага прыходу.
— А чаго ж саромецца, ідзем.
І не паспеў Рыгор азірнуцца, як яны ачуліся ў сенцах.
Сапраўды, Рыгораў прыход для ўсіх прысутных, апроч Петруся, Зосі ды Гэлі, быў зусім нечаканым. Умомант сціхлі песні, скончыліся жарты, збіліся ў кучу скокі, і ўсе як адзін, згрудзіўшыся ў гурток, устрамілі вочы на Рыгора. Пятрусь, які перш не хацеў таўхацца ў гурце, таксама пралез к Рыгору і пачаў спавядаць яго за тое, чаму ён спазніўся і так доўга не прыходзіў. Пасля Рыгора пачалі горача вітаць. Нават многія, якіх Рыгор не помніў і якія Рыгора мала зналі, не адставалі ад усіх. Толькі адзін Васіль стаяў нааддалёк, ля жарон, і, адвярнуўшы голаў, задумана азіраў сцены, столь і чатыры старых аблезшых абразкі.
Рыгора гэта спатканне лісціла. Ён не чакаў, каб яго прыходу аддалі гэткую ўвагу. Здзіўлена, з няскрытым задавальненнем ён міла паглядзеў на ўсіх. Але, калі яго ўзрокі спаткаліся з Васілёвымі, то той варожа адвярнуў голаў. Рыгор скмеціў гэта і яхідна ўхмыльнуўся.
— Зося! — клікнуў ён, калі ўсе вярнуліся да перарваных гульняў.
Зося падышла і гасцінна прывіталася.
— Калі ж ты прыехаў? — запытала яна.
— Сёння, у абед, — адказаў Рыгор.
— І паспеў ужо барджэй сюды прыбегчы? — смяшліва праказала Зося.
— Цябе захацелася ўбачыць, — пажартаваў Рыгор.
— Вось памалу толькі, — адказала Зося, — падзівіся толькі, як вораг твой на цябе пазірае, — пажартавала яна.
Рыгор усміхнуўся і кінуў вёрткі ўзрок убок, дзе стаяў Васіль, якому, відаць, было не да скокаў і не да жартаў.
— Буду мець гэта на прымеце, — адказаў Рыгор. — А ўсё-такі, можа, мы выйдзем крыху прайсціся? — запрапанаваў ён Зосі.
— Чакай, мы зробім так, каб усё выйшла гладка: ты пастой ці пасядзі крыху, а я скажу Сёмку, і праз колькі хвілін мы з ім выйдзем на двор, а потым спяшы і ты, — растлумачыла Зося.
— А ласне ты баішся Васіля? — запытаў Рыгор, якому план Зосі паказаўся крыху прыкрым.
— Не, ай-ай! І чаму ты не хочаш зразумець? Нашто ж, няйначай, каб усе бачылі? Ты ж ведаеш: назаўтра па ўсіх Сілцах разнясуць.
— А ты баішся?
— Не тое, але...
— Дзіўна, аднак.
— Ну, ты ж бацькоў маіх павінен ведаць.
Рыгор змоўчаў. Зося кінулася ў гушчу моладзі і пачала шаптацца з нейкім незнаёмым Рыгору хлопцам.
Перад Рыгорам мігаліся: Пятрусь з Гэляю і Сёмка; Хірысон Пуза таптаўся тут жа... Але між усімі ён сцярог толькі Зосю, не спускаючы яе з вачэй; зрэдку ён яшчэ пазіраў на Васіля, каторы ўжо тупаў па сенцах, аб чымся гутарачы з выйшаўшым у сені Янкам Грыбам... Хвіліна ад хвіліны Васіль пазіраў на Рыгора, штосьці паказваючы Янку. Раптам яны выйшлі і праз квадранец вярнуліся назад.
Гэтыя Васілёвыя манеўры настаражылі Рыгора: ён дагадваўся, што Васіль хоча яму нешта падстроіць, але яму было смешна з гэтага.
Рыгор бачыў, як гэткую ж насмешку з Васіля састроіў і Сёмка, вывеўшы ў яго на вачах Зосю з сянец.
Васіль, астаўшыся ў дурнях, падаў выгляд, што не заўважыў гэтага, але пільна сачыў за Рыгорам, пакуль той не пакінуў зборні.
На вуліцы стаяла поўнач, і маладзік у апошняй квадры толькі што вылез з-за лесу. Хоць ён быў і тоненькі-вузенькі, як сярпок без ручкі, усё-такі ад яго было даволі відно.
Рыгор мерным ступам, не спускаючы вачэй, накіраваў уздоўж вуліцы і праз хвілін дзесяць, не болей, апынуўся на загіне, дзе спыніўся і пачаў раззіраць па баках. Сёмкі з Зосяю не відаць было. «Дзе б яны загінулі? Бадай, чакалі-чакалі мяне і пайшлі далей», — рашыў ён і наўдагад павярнуў направа, пад Алюстратаву хату. Ішоў ціха, над нечым думаючы, і сумеўся, як раптам з-пад плота чыйгосьці саду яго пазвалі:
— Куды ты?
Рыгор хутка спыніўся і аглянуўся на вокліч: к яму падходзілі Сёмка з Зосяю.
— Куды ты так разагнаўся? — смеючыся, запытаў Сёмка.
— А хто вас ведае, куды вы схаваліся і дзе вас шукаць! — адказаў Рыгор.
— Вось трэба было пачакаць крыху на загіне — і мы вярнуліся б, — весела паведаміла Зося, падышоўшы так блізка к Рыгору, што той пачуў яе цёплае, ап’яняючае дыханне і ўгледзеў белы, чысты, прыгожы твар. Сёмка выпусціў Зосіну руку і адступіў крок назад.
— Я пайду, хай вам добра гуляецца! — пажартаваў ён і развітаўся.
— А Гэля там, бадай, адна застанецца, — запытала Зося ў Рыгора, калі Сёмка быў ужо ваддалёк ад іх.
— Нічога, Сёмка яшчэ яе застане там, ды і Петруся я пакінуў, здаецца, у Ліня.
Адказаў Рыгор на Зосіна запытанне, потым змаўчаў: ні то не прыдумаў, з чаго б ушчаць новую гутарку, ні то і меў што казаць, ды не хацеў, чакаючы першага слова ад Зосі.
Зося таксама маўчала...
Але, калі іх языкі не варочаліся і не выпускалі губы зыкаў, затое маладыя гарачыя сэрцы абменьваліся шчырым, цёплым, поўным кіпучага агню пачуццём; раз’юшана біліся яны ў тахт адно другому, быццам рваліся выйсці з грудзей і зліцца ў адно. Як Рыгор, так і Зося адчувалі гэта, ведалі, і чатыры зыркія вокі, скрыжаваўшыся сваімі ўзрокамі, паказвалі гэту ведамасць.
Калі яны крануліся ісці, то Зося міла пахіліла галоў на Рыгорава плячо, а бокам шчыльна прыліпла к яго руцэ.
Непрыкметна для саміх сябе яны падышлі к самаму канцу вуліцы, з якой пабегла дарога ў поле.
З самага краю вуліцы, па левым яе баку, стаяла падбудаваная, яшчэ зусім прыстойная хата, з двух бакоў асаджаная тоўстымі бярозамі і клянінамі, уперамежку з садовымі дрэўцамі. Калісь, як Рыгор успомніў, у гэтай хаце жыў Міхась Цвік, а пасля смерці, калі той запісаў яе свайму ўнуку Кастусю, у яе мусілі перабрацца нейкія шляхты з суседняга з Сілцамі засценка. Хто ж цяпер валадае гэтаю хатаю — Рыгор не ведаў, ды не вельмі і цікавіла яго ведаць.
Для хаты, з вуліцы, была пастаўлена лаўка, над якой вісеў нізкі, шырокі капеж, як казырок. Вокны ў хаце яшчэ былі не адстроены, а прыкрыты новымі, прывешанымі аканіцамі. Параўняўшыся з хатаю, Рыгор запрапанаваў Зосі:
— Можа, прысядзем?
— Такі прысядзьма, хоць ужо і позна на дварэ.
— А табе заўтра трэба рана ўставаць?
— Не ведаю, мо бацька і ўспора.
— Ну, дык ідзем дамоў?
— О, не, не, не!.. Што ты кажаш! Я рада, што цябе ўбачыла.
Яны прыселі ля тыльнага вугла, у месцы, куды збоку густая кляніна зганяла ўжо разыходзячыся змрок.
— Як жа хаця ты маешся, Зося?
Яна ўсміхнулася.
— Ды няма чаго скардзіцца: жыва, здарова; бачыш, якая тоўстая стала, хоць у саху. Вось ты там як гадаваўся?..
— Што аба мне пытаць: не хочацца нават і ўспамінаць нічога. Калі паверыш мне, усе мае думкі сходзіліся на адным: угледзець цябе як хутчэй.
Зося з умільнасцю паглядзела на Рыгора і шчыльна прыціснулася да яго.
— А каб ты ведаў, Рыгор, як я цябе чакала! Проста ўрымсціцца не магла... Дні гнала, гнала ночы — а сённі, ідучы раніцою паўз хату — знарок думала забегчы да мацеры запытаць, ці не прыехаў ты... А калі Пятрусь, забегшы па дарозе ад цябе к нам, паведаміў, што ты прыехаў, я душою ўжо была ў вашай хаце, з табою.
Рыгор палажыў на мяккай Зосінай шчацэ пякучы пацалунак.
Зося адказала на гэта крэпкім ціскам яго рукі. Але гутарыць не хацелася ніводнаму. Мэрам бы ўсё было вядома і зразумела, хоць яшчэ нядаўна кожнае з іх збіралася гаварыць да бясконца. А зараз, мэрам бы хто адцяў языкі, і яны сядзелі, шчыльна прытуліўшыся адно да другога, чужыя хараству ночы і заварожаныя яе цішынёй.
А на вуліцы паходзіла на тое, нібы ўсё прыслухоўвалася да іх, чакаючы, калі яны загутараць.
Але яны маўчалі, не патураючы на тое, што там высока пад чароўным уборам неба ўжо займаюцца досвіткі, бялее ўсход, на паплавах і ў полі паднімаецца лунь і адзінокі, астаўлены зорамі месяц да таго збляднеў, што трудна яго адлічыць ад небнай сівізны.
Іх мо захапіў бы на гэтай лаўцы і першы прамень узышоўшага сонца ці рана ўстаўшы і накіраваўшы азіраць сваю палоску рупны гаспадар сілцовец, або кемкі ўзрок клапатлівае гаспадыні з суседняе хаты, каб раптоўны зычны гук, данёсшыся з другога канца мястэчка, не перабіў іх маўчанне.
— Што там? — усхапіўшыся, трывожна запытала Зося.
— Ды нічога, нічога, — супакоіў яе Рыгор, — мо які падпіўшы буян разгарланіўся.
— Хаця б не пажар толькі?..
Тым часам крык паўтарыўся яшчэ некалькі раз, пачаў набліжацца, а потым разам сціх.
— Гэта, бадай што, хлопцы расходзяцца ад Ліня,— дагадвалася Зося.
— Ці то можа быць? Ласне? — дзівіўся Рыгор.
— Вось дзіва. Там гульня ідзе цалюсенькія ночы.
— Калі так, то, бадай што, хлопцы.
Зося паднялася з лаўкі і паглядзела на неба.
— Глядзі, рассвіло. Ці не пара і нам, Рыгор, ісці дахаты?
Рыгор акінуў яе замілаваным узрокам і засмяяўся:
— Два гады не бачыліся, а стрэліся і гаварыць нечага... І хутчэй расходзіцца...
— Бо ты ж павінен быў мне расказаць навіны, а між тым — ні слова...
— Я чакаў тваіх навін.
— Маіх навін! — Смяешся, Рыгор. Адкуль яны ў мяне?
— Такі ніякіх і няма?
Зося сарамліва апусціла вочы.
— Ты намякаеш мо на тыя чуткі, што пускаюць па мястэчку? Плюнь, Рыгор.
— Гэта не сур’ёзна?
— Не можа быць сур’ёзна... Эх!..
— Ну ідзем!
— Ідзем!
Яны рушылі ўсцяж вуліцы.
З поля дзьмула свежым халадком, прабірала вільгаццю.
— Табе холадна? — справіўся Рыгор.
— Нічога, зайду дамоў... Дык ты верыш, Рыгор, пушчаным чуткам?
— Або яны не праўдзівы?
Зося нічога не адказала.
— Чаго маўчыш?
Яна паціснула плячыма.
— Людское жыццё складаецца, часамі, зусім ад іх незалежна.
— Няўжо так будзе і з намі? Я б таго не жадала.
— Вось гэта мне падабаецца. Калі ў цябе маецца сіла волі, то ты можаш яго павярнуць іначай, у другі бок...
Рыгор паглядзеў на Зосю, чакаючы, што яна адкажа.
— Не думайма аб гэтым, — пачала яна. — Ведаеш, Рыгор, я б, здаецца, ішла з табою так бясконца, несупынна, хоць да таго месца, дзе ёсць канец зямлі, дзе б сіняе неба не загарадзіла нам пуціны. Павер, што ў табе адным зышліся ўсе мае жаданні. Мне цяжка робіцца, калі я падумаю, што ўсё можа раптоўна рушыцца, разбіцца на дробненькія кавалачкі, і я застануся ні з чым, адзінотаю, як апаўшы з дзярэўца лісток, замецены ветрам кудысь далёка на сметнік... А гэта ўсё можа стацца. Але, не... што я. Не падумай, Рыгор, нічога дрэннага. Я... я буду змагацца да канца. І можа толькі не хопіць сіл ці не знойдзецца дапамогі збоку — тады — пішы прапала. А калі залежыцьме ад мяне, то павер, што я — без бойкі не здамся...
Рыгор настарожліва слухаў Зосю і цешыўся, што яна хоць у гутарцы ды мае гэткія дадзеныя, якімі не сорамна пахваліцца каму не хоць. Гэта новаадкрытая Зосіна ўласцівасць дабаўляла яго пачуццю новае сілы і глубіны. Ён захапляўся думкамі, як павярнуць справу так, каб іхняе знаёмства не кончылася ўпустую і не паслужыла козырам для тых, хто яго ненавідзеў, як ворага, і каго ён лічыў тым жа. Зося як быццам бы давала на гэта права, калі верыць яе словам, але, сапраўды, ці ўсё залежыць ад Зосі? Можна было адчуваць, што ў ёй маюцца добрыя парывы, што яна не дазваляла і думаць, каб там, у яе за плячыма, гаспадарылі яе доляю, каб таргавалі яе любоўю, хочучы абмяняць на нейкую дзьмутую і няясную ёй знатнасць ды славу, каб з яе пачуццём, як з картамі, гулялі...
І хоць многія, пачынаючы ад бацькоў і канчаючы Гэляю, напаміналі Зосі аб Васілёвых сватах, якія маюцца хутка адбыцца, яна нядбайна махала рукою і гневалася за тое, што ёй надазаляюць «ліха ведае чым».
Цяпер жа, калі гэта «ліха ведае што» зноў з’явілася перад ёю, пачутае з вуснаў Рыгора і атруціўшае шчасліва перажытыя квадранцы, Зося не на жарты задумалася, нават пасумнела і доўга не магла нічога сказаць...
Папраўдзе: што ж яна зробіць? Не пойдзе замуж за Васіля, ды і годзі? Так бы то яна сумела зрабіць, каб была адна, сама сабою, а то ж яна жыве з бацькамі, у сям’і, ды бацька яе такі злы і настойны... Бацькава воля вісіць над ёю. Бацька! О, бацькі!..
«Але ж я магу слухаць іх, як бацькоў, датуль, пакуль яны не запатрабуюць ад мяне болей, як ад дзіцяці, — думалася Зосі: — Ну, а калі яны пераступаюць гэта, намерваюцца нават заляйцаць мяне, каб кіраваць, як бессвядомай жывёлай, — я пакідаю ўжо быць іх дзіцём. Магу запратэставаць, маю права ўступіцца за сябе, як за самастойнага і непадлеглага чалавека».
Гэтыя і падобныя ім перадумы зблытвалі перад Зосяю неразвязны вузел задач, і яна мучылася няпэўнасцю ў адказе Рыгору. Каб абмінуць гэта, Зося парадзіла:
— Не атручвайма, Рыгор, шчаслівых хвілін. Мы жывем пакуль бягучым.
— У гэтым так мала ўцехі...
— Маўчы, прашу я...
І яна зноў задумалася.
— Я ўсімі сіламі буду змагацца, каб наша шчасце надалей працягнулася, — пасля некалькіх мінут змоўку праказала Зося.
Рыгор нічога не адказаў: і большага ён ад Зосі патрабаваць не мог; не мог, бо знаў, што на большае — трэба больш сіл, а ў Зосі іх бракуе.
У яго з’явілася жаласць да Зосі: ці ж не даволі яе слоў для таго, каб паверыць ёй, што яна глыбока пакутуе?
— Дык заўтра сустрэнемся? — запытаў Рыгор, перакінуўшыся думкаю ў заўтрае.
— Няйначай, няйначай!
— А дзе?
— Дзе толькі ты хочаш і калі ты хочаш...
— Мне здаецца, лепей усяго ў хвойніку... Прыходзь так гадзіне а чацвертай, буду чакаць цябе ля сценкі, з берага...
Яны падыходзілі к хаце Прыдатных.
— Прыйду, прыйду, — заверыла Зося, моцна паціскаючы яго руку.
— Буду чакаць!
На гэтым яны разышліся. Зося схавалася за вуглом, у дварэ, а Рыгор, крыху пастаяўшы, накіраваў дахаты.