VIII
Стрэлы паліцэйскіх, накіраваныя ў пуцілаўскіх рабочых у адплату за іх салідарнасць з бакінскімі забастоўшчыкамі, заглушылі сабою ваяўнічы шолам генералаў, памешчыкаў, буржуазіі. Парады і тосты ў царскіх палацах і на рэйдах у гонар французскага госця — ніклі пад хвалямі паўстаўшых ускраін сталіцы. Гукі «ўра» «благовернаму воінству» гінулі ў магутных спевах марсельезы. Гімн рэвалюцыі панаваў у рабочых раёнах Пецярбурга. Яго баявыя тоны апяразвалі сталіцу сталёвым ланцугом. За Нарвскаю, за Маскоўскаю, за Неўскаю заставамі, на Выбаргскай і на Пецярбургскай старанах і на Васільеўскім востраве — усюды злітна, з’яднана маршыравалі грамады забастоўшчыкаў пад яе ўздымныя, бадзёрыя напевы.
Хутка водгукі марсельезы пачалі пераносіцца праз шырокую Няву да буржуазных кварталаў цэнтра. Яны ўрываліся ў царскія палацы, у будынкі ўрадавых устаноў, у залы банкаў ды кантор, у рэдакцыі буржуазных газет. На старонках газет чарней і буйней выпукляліся літары паведамленняў пра «хаду забастоўкі», аб «працягу непарадкаў».
Думкі і пачуццё мільённага жыхарства ўстраміліся ў бок затухлых халодных комінаў на рабочых аколіцах сталіцы. Хатнія падзеі ненарокам затрывожылі падвостранага міжнародным становішчам абываталя. Куды ўсё гэта накіруецца і да чаго прывядзе? Гэтыя пытанні неадвязна мітусіліся ў думках соцень тысяч пецярбуржцаў. Яны вырасталі да жахлівых зданняў, калі слупкі газет дзень на дзень падносілі ўсё большую лічбу забастоўшчыкаў. За іх гушчаю прападалі ўражанні ад падзей, якія набліжалі сабою сусветную вайну. Ультыматум аўстрыяцкага ўрада бліснуў на пецярбургскім небасхіле і знік у полымі забастовачных здарэнняў. Гэтыя здарэнні вачавідкі прымалі ўсё вастрэйшую форму і глыбейшы сэнс. Ад маніфестацый і сутычак з казацкімі патрулямі яны абярнуліся ў спыненне трамвайнага і чыгуначнага руху, у бамбардзіраванне фабрык і будаванне барыкад. Часова аб Пуанкарэ ўсе забыліся: дзе і што ён — было аднакава. Няхай дапівае апошні кубак за ўзмацненне дружбы буржуазнай Францыі з самадзяржаўнай Расіяй. У баку ад гэтага куецца іншым чынам, іншая дружба — дружба між працоўнымі народамі абедзвюх краін...
Рыгор дзень у дзень, на працягу тыдня, не пакідаў вуліцы. Усюды, дзе толькі трапунак прыводзіў да складаных выпадкаў у зацяжнай забастоўцы, ён знаходзіўся сярод першых. Спынка трамвая, падпілоўка тэлеграфных слупоў і перарэзка тэлеграфнага дроту — не абыходзіліся без Рыгора.
Не прапусціў ён далучыцца і да атрада смельчакоў, запёртых у доме на Ломанскім завулку і адважна дзень і ноч адбіваўшых напады казакаў і паліцыі. Першым займаў ён рызыкоўныя месцы, бадзёрыў таварышаў і адстрэльваўся з урачыстаю заўзятасцю. Але ўвесь эпізод з захопам дома і са змаганнем за яго былі безумствам храбрых. Дзесяткі ахвяр вянчалі яго геройствам, тоячы ў сабе ападанне забастовачнай хвалі. Апошняя перамога самадзяржаўя гнала з акрываўленых сцен дома рэшткі мужных змаганцаў. Рыгор быў сярод іх, раззлаваны на ўвесь свет і на самога сябе. Ён ціснуў у кішэні ненабіты рэвальвер і, тулячыся між сцен будынкаў Сампсоніеўскага, скардзіўся.
Бліснула роспачная думка: «Тыдзень наступалі, дабіраючыся да гэтага будынка, а ў адну пору перайшлі ў адступленне».
Але глыбіня трагедыі мясцілася не ў гэтым: яна выпірала з факту правалу забастоўкі. Значыць, не хапіла патрэбных сіл, каб перавярнуць гісторыю грамадскага жыцця.
І там, вунь, дзе разгортваецца прамень празрыстае электрыкі, у асяродку буржуазных кварталаў, уздыхаюць з палёгкай. Наноў хлынуць уздоўж Неўскага весткі пра вайну. Газеты аднясуць радкі пра забастоўку ў хроніку трэцяй старонкі... Немагчыма!.. Няўжо забастоўка зруйнавана? Вось,— вакола пустыя вуліцы. Прытоена маўчаць гмахі фабрык ды заводаў. Стухшы ліхтары на спынках паравіка. І ва ўсім — сум па згубленым.
Рыгор моўчкі спыніўся з двума таварышамі пад брамаю рагавога будынка. Узнятае хваляванне не пускала адчыніць рот для вымовы слоў. Нутро цяжыла невыразная жгучая млосць. Утраіх глядзелі яны ў бок Ломанскага завулка. Там ідзе расправа?.. Знянацку для іх пачуўся цвёрды тупат шагоў і выразны, смелы выгук: «Пятрусь, пачакай!» Яны хутка выйшлі з-пад брамы на тратуар і паглядзелі ў бок выгуку. Трое цёмных фігур пераходзілі касяком праспект.
— Пятрусь? — гукнуў Рыгор.
Фігуры спыніліся. І толькі праз хвіліну Рыгор з таварышам пачулі:
— Рыгор?
— Я. Вы адкуль? — падаў Рыгор.
Тыя не адказалі і накіравалі да Рыгора з таварышамі.
— А вы чаго тут? — запытаў Пятрусь, падышоўшы і не верачы, што перад ім сапраўды Рыгор.
— Мы...
Рыгор намерыўся тлумачыць, але мусіў спыніцца: дзесьці недалёка заляскаталі па бруку конскія падковы — ехаў аб’езд. Яны цішком падаліся да брамы, пад якой стаяў дасюль Рыгор з таварышамі.
— Няўжо іх чорт пагоніць сюды? — шэптам праказаў Пятрусь.
— Аблава, напэўна...
Але яны змоўклі і настаражыліся. Тупат конскіх шагоў нейкі час падбліжаўся, пасля раптам знік. Было відаць, што раз’езд завярнуў у бліжэйшы завулак.
— Цяпер можна рухаць далей каму куды трэба,— выказаў Рыгор, і не паспеў ніводзін з іх крануць з месца, як ён дадаў:
— Дык вось, браткі, значыць мы прайгралі забастоўку.
— Чаму? — запытаў адзін з тых, хто ішоў з Петрусём.
— Не верыш? Во, глядзі на нас... Мы — рэштка абаронцаў дома на Ломанскім... Астатнія хмаркі рассеянай буры.
— Здаліся?
— Папрабуй не здацца...
— Разумею...
— Дык і ты ваяваў?! — здзівіўся Пятрусь.
— Так, цэлую пору ваяваў... А ты думаў?..
— А я думаў, што ты даўно ў «Крастах». Цэлыя тры дні не паказваўся...
Рыгор матнуў рукою,
— Было б лепей, каб хоць пазней убачыцца, але пры лепшых умовах...
— Не ад нас з табою залежыць... Вось мы з Пецярбургскае стараны... Калтаўскую мануфактуру руйнавалі...
— Усё ж забастоўка, браткі, пакажа... пакажа агромную сілу рабочых гушч. Не скажы, таварыш,— выказаў другі з Петрусёвых спадарожных.
— Ды я разумею, толькі... калі адгукнецца яна?
На рагу аднаго з завулкаў яны спыніліся.
— Ну, нам дваім сюды,— сказаў Рыгор,— будам збіраць сілы на новае выступленне,— дадаў ён.
Яны разбіліся на тры часткі. Рыгор астаўся з Петрусём.
— Не выходзіць па-нашаму,— праказаў Пятрусь.
— Не выходзіць... Я ўжо думаў, хоць стану ахвярай, абы... Успамінаў цябе пад стрэлы браўнінга... І Ганну... Выйдзе!..
— Ганну? — здзівіўся Пятрусь
— Так, я стрэўся, нарэшце, з Ганнаю...
— Калі?
— Надоечы...
— Стрэўся і на гэтым скончана?
— Маніфеставаў разам... Абяцала прыйсці, і тады я наведаю з ёю цябе.
— Прашу...
Тры стрэлы дзесьці ўбаку заключылі іх гутарку.
ІХ
— Во, глядзі, Пятрусь, што піша «Біржоўка»... Подлыя... «Забастоўка ідзе на вубыль...» «Настрой рабочых заспакойваецца». «За Маскоўскаю заставаю частка баставаўшых варочаецца на работу...» Ці ж я не казаў? Самадзяржаўе цяпер так зацісне зашмаргу на нашай шыі, што толькі сумей дыхнуць... Пад настрой вайны прапіша такую мікстуру, ажно, браце ты мой...
Рыгор растрывожаным шагам тупаў па каморцы. У руках ён нервова камячыў «Биржевые Ведомости», спаганяючы на гэтай бульварнай газеце ўсю злосць і нянавісць да самадзяржаўнага ладу.
— Ведаеш, браток,— казаў ён далей Петрусю, які ўвайшоў да Рыгора і нерухома стаяў каля акна: — я адчуваю сябе надзвычай дрэнна. Прачнуўся, паверыш, і жаднае хэнці ні да чога... Во...— ён зноў разгарнуў «Біржоўку»: — «Патрыятычныя дэманстрацыі па ўсёй Аўстрыі». Вайна... Нідзе рабочыя не адгукнуліся на нашу забастоўку... Не падтрымалі нас і нашы ў другіх гарадах. Забачыш, усе, хочуць не хочуць, залыгаюцца жалезным ланцугом і пойдуць на бойню... Сялянства адарвуць ад плуга, ад сярпа, ад цэпа... Закалышуць мястэчкамі і сёламі... Усё для інтарэсаў тых, хто прыслаў сюды Пуанкарэ, хто... А мы зноў на завод, зноў да варштата... Цягні, брат...
Рыгор іранічна ўсміхнуўся.
— Затое ім забастоўка паказала, як небяспечна іхняе наступнае... Ты паглядзі,— праказаў Пятрусь і рушыў з месца.— Я дзіўлюся... і цешуся, наколькі вялікаснаю ёсць наша забастоўка... Бач, яна на некалькі дзён спаралюшавала ўсё жыццё сталіцы, сабрала вакол сябе ўсю грамадскую думку і... і навяла немалога жаху... Я заўчора і ўчора аб’язджаў рабочыя раёны — і ўсюды адно: заводы і фабрыкі — маўчок, а вуліцы — у несупынных маніфестацыях. У фабрычных кварталах рабочыя — гаспадары. Мізэрнымі і бязмоцнымі здаюцца і паліцэйскія і вайсковыя патрулі... Сіла, калі хочаш ведаць, магутная сіла... Мы адмецілі забастоўкаю адну рысу — гэта ж змоцнасць сучаснага стану...
— Зразумела,— згадзіўся Рыгор.— А ўсё ж у мяне ўчора вельмі балела сэрца, калі я мусіў уцякаць з абсаджанага дома на Ломанскім... Я збягаў па сходах, лез па трубе, а нешта нямоўчна шаптала на вуха: гэта распінаецца ваша агульная, рабочая справа...
— Так, балюча, вядома,— рашыў Пятрусь.— Але... Мне здаешся ты іскраю, якая на хвіліну стухае, а то ўсё гарыць, пыхкае. Паверыш, я назіраю за табою і дзіўлюся: адкуль у цябе столькі запалу? Гэта ж, каб ты прымеў, у гадзіну свет перакруціў бы...
Рыгор ухмыльнуўся.
— Гэтулькі накіпела, ведаеш... во тут... Прасачыўся да кончыкаў валос злосцю і непрыязню да існуючага ладу... Праўдзівей, самы лад выпрацаваў з мяне вечнага ворага сабе... Бачыш: з дзіцячых гадоў пайшоў у яго школу і да апошняга часу адукуюся... У выніку — давай ломанскія падзеі... Ну, а сысці з поля бойкі пераможаным — паверыш, цяжка...
— Я цябе разумею...
Пятрусь зноў спыніўся каля акна. Абодва некалькі хвілін маўчалі.
У Рыгоравых руках шарпала «Біржоўка».
— Усё ж, браток, нам зараз справы не паправіць...— перабіў маўчанку Пятрусь.— Пойдзем, хіба, у горад, праведаем, як і што. Мо, стрэнемся з кім... Ты піў гарбату?
— Піў, здаецца... Пойдам...
Рыгор адзеўся.
— Так, буржуазны друк папалье памый на нашы голавы... Прадажныя пер’і не мецьмуць сутрымання...
— Вось у тым-та і рэч... Што ж ты парадзіш...
— А ты ласне меў у воку інакшыя, чымсь ёсць, вынікі з нашае забастоўкі?
— Я, зразумела, не ждаў нашае перамогі, але яна вяла нас на змаганне. Ты не можаш ваабразіць таго пачуцця натхнення, якое валодала мною ў абсаджаным будынку...
Яны выйшлі з пакоя. На калідоры іх напаткала гаспадыня кватэры.
— І сёння да другое? — жартліва кінула яна Рыгору.
— Калі хто пытацьме, скажэце, калі ласка, што а восьмай буду... А ўчора, часамі, ніхто не пытаў?
— А хто ж ведаў, дзе вы? — загадліва адказала гаспадыня і схавалася на кухню.
— Цікавая яна ў цябе кабета,— адазваўся Пятрусь.
— Ды мне усё роўна... Адно б мне не перашкаджала... Ну, усё ж ляпейшая твае...
Па сходах сышлі моўчкі. А ў двары Рыгор раптам успомніў пра Ганну.
— Я, здаецца, табе ўжо казаў, што меў выпадак стрэцца з Ганнаю?
— Казаў... Цікава...
— Перамянілася дзяўчына...
— Гутарыў?
— Ці ж доўга трэба гутарыць — відаць...
— Можна павіншаваць?
З гутаркаю пра Ганну яны прайшлі да Сампсоніеўскага праспекта і спыніліся.
Праспект не мяняў выгляду з дзён забастоўкі. Абапал тратуары і рагі ператочных вуліц ды завулкаў былі ўсеяны рабочымі. Сярэдзінаю праспекта раз’язджалі конныя паліцэйскія патрулі. Сям-там паказваўся рэдкі рамізнік, і толькі пагаварвалі пра пуск паравіка. На спынках яго стаялі грамадкі людзей, пазіраючы то ўлева, то ўправа.
— Мы пройдам да трамвая ці таксама пачакаем паравіка? — запытаў Рыгор у Петруся.
— Па-мойму, лепей прайсці да клінікі Вілліе...
— Давай...
Яны завярнулі налева і пайшлі ўсцяж праспекта. Не даходзячы да трамвайнай спынкі, стрэліся з агульным знаёмым з завода, які, запыніўшы іх, паведаміў:
— Што ж, па нядзелі на працу.
— Ужо вырашана? — дзівіўся Рыгор.
— Яшчэ не аформлена, але бадай што... Чаго ж чакаць... У іншых раёнах заўтра пачынаюць варочацца на работу... Дзе ж тут болей... Досыць. Скончана, зноў будні.
— Ну, а нараду склічам?
— Павінны...
Знаёмы развітаўся і пайшоў ад іх. Рыгор з Петрусём падышлі да трамвайнае спынкі і змяшаліся ў натоўпе чакаючых.
Падзеі забастоўкі служылі тэмаю агульнае гутаркі. Уражанне ад яе пакуль моцна сядзела ў голавах пецярбуржцаў. З пачуццём здзіўлення, а то і жаху перадаваліся разнастайныя эпізоды з выступленняў рабочых. Да сапраўднасці дадавалася шмат фантастычных рысаў. Увогуле, аднак, людская пагудка ўбірала забастовачныя падзеі ў фарбы гераічнасці. У большасці тых, хто быў заняты гутаркаю пра іх, чулася выразная спагада да рабочых і іх чыннасці. Спыненне Прыморскае чыгункі, бамбардзіраванне фабрычных будынкаў, абварочванне трамваяў — перапляталася з сакавітасцю расказу ў разнастайных варыяцыях пра братанне забастоўшчыкаў з французскімі матросамі, пра сумесны іх напад на казакаў. Вялікае месца ў гутарках чакаючых адводзілася ўзброенай сутычцы на Ломанскім завулку. Асада паліцыяй і войскам агромністага будынка, заселенага рабочымі, прымала адценне свежай легендарнасці. Пасылалася спачувальная павага «невялікай грамадцы баявікоў, якія цэлую пару адбіваліся ад мнагалікага войска». Рыгор з асалодаю прыслухоўваўся да кожнага сказа, што ён датыкаўся ломанскіх здарэнняў. Бач, нейкая доля і яго заслугі была ў гэтым. Але Рыгора цешыла не пачуццё гонару, а адбітак падзей у людскім адзнанні. Тон і матывы водгуку на забастоўку сведчылі Рыгору, што яе выбух быў на многа значнейшым, ніж аб тым ён заключаў. Калі ж яно так, то можна ружавей глядзець настрэчу будучаму.
— Трамвай! — гукнуў Пятрусь.
Грамада зарухала, націснула да рэек.
— Сядай на пярэдні вагон,— падаў Рыгор.
І толькі трамвай спыніўся, ён спрытна ўскочыў на заднюю пляцоўку. Яго націснулі і ўтаўхнулі ў вагон.
— Цішэй, грамадзяне! — прагукаў ён і абярнуўся назад.
Абярнуўся і ахнуў у здзіўленні — на яго напірала Ганна.
— Рыгор!
— Гэта ты? Што за дзіва, зноў тут жа... зноў у трамваі. Ха-ха-ха! Якім чынам?.. Пятрусь, а? — гукнуў ён.
Публіка паглядзела на Рыгора з усіх бакоў.
— Ша-а, ці ты маеш лад? — прыпыніла Ганна.
Пятрусь падняў палец, звяртаючы на сябе Рыгораву ўвагу.
— Сойдам на Каменаастроўскім ці паедзем да Неўскага? — прагукаў зноў Рыгор.
— Да Неўскага...
Яны ўселіся з Ганнаю побач.
— Прызнацца, добры кавалак прайшла пяшком... Усё не магла дачакацца паравіка...
— Адкуль жа ты зараз?
Яна засмяялася.
— Была ў Петруся; хацела з табою спаткацца... А ты, вось, надоечы і адраса не мог паведаміць... Перабраўся ад Петруся, а людзям — шукай...
— Няўжо я табе не даў адраса? — здзівіўся Рыгор.
— А то ж бы я лішніх вёрст дзве мерала горад... Туды, праўда, заехала, а адтуль — чакала-чакала паравіка і не дачакалася... Мусіла ісці. А шостай гадзіне трэба ў кантору...
— Чаму ж дагэтуль вольная?
— Газета сёння не выйшла; друкары забаставалі...
— Магчыма, і заўтра не выйдзе, ці выйдзе?
— Не ведаю.
— Бачыш, і ты забастоўшчыца, хоць і не па сваёй волі...
Суседзі згаворна паглядзелі на Ганну і здаволена ўсміхнуліся.
— Я б баставала з гэткаю ахвотаю, як бастуеце вы самі...
— Няўжо?
— Вось якраз...
Ужо да смеху суседзяў далучыўся і Рыгор. Але ў яго ўхмылцы адсвечвала сур’ёзная ўвага да Ганны. Рашучасць і ўверанасць, з якімі тая выказала свой сказ пра забастоўку, выклікалі яго павагу да яе.
— Магчыма, маніфеставалі ж разам,— паіранізаваў Рыгор.
Ганна адчула гэта, але не адказала нічога — па трамваі пранёсся нечаканы вокліч кандуктара: «Гаспада, трамвай ідзе да Марсавага поля. А там можна перасаджвацца на любы, які кіруе да «Неўскага».
На спынцы яны сышлі першымі.
— Варушыся спрытней,— пацвяліўся Рыгор з Петруся, які прапускаў наперад сябе дзесяткі пасажыраў.
Пятрусь злез перадапошнім і моўчкі падышоў да Рыгора з Ганнаю.
— Пазнайцеся, Ганна, мой таварыш і зямляк — Пятрусь.
— Я ўжо вас заўважыў у вагоне,— падаючы руку Ганне, праказаў Пятрусь.
— А я колькі разоў у вас была і ўсё не магла вас убачыць... Нават і сёння таксама... Вы мэрам знарок ад мяне ўцякаеце...
— Вы былі ў мяне?
— Так, ужо каторы раз...
Цікава і шкада, што вы не засталі мяне ні разу.
Яны рушылі праз Марсавае поле, не пакідаючы рэзвае, бойкае, улучнае першаму спатканню і першаму знаёмству гутаркі. Пятрусь уважліва аглядаў таварышаву знаёмую з ног да галавы, з адбіткам нязжытай правінцыянальнай цікавасці зазіраў ёй у вочы і... несціхана сыпаў пытаннямі. Ганна адразу зрабіла на яго выгаднае ўражанне; ён вачавідкі захапіўся ёю, як чалавекам і таварышам. Ганна падкупала Петруся гаворкасцю, рэзвасцю і востраю пілявасцю. Ад яе нясло дасканаласцю стойкае, вымуштраванае жыццём асобы. Ніякім чынам нельга было параўнаць з Ганнаю хоць любую сілцоўскую дзяўчыну, у тым ліку і Гэлю... Ды што Гэлю? Апошняя наогул выглядала ў Петрусёвым ваччу нясталаю, легкадумнаю асобаю. Яе выезд з Сілцоў і паступленне ў тэатральную трупу сведчыла за гэта. Фактычна Пятрусь ужо месяцаў са два, як кінуў з Гэляю ўсякую перапіску. Гэля стаяла далёка ад Ганны! Петруся цікавіла, чаму так аднакава адносіцца да спаткання з ёю Рыгор. Няўжо ён не знаходзіць у ёй таго, што становіць кабету на належную вышыню. Вось хоцькі б і тут, калі яны ўтраіх ідуць Марсавым полем — Рыгор заўзята маўчыць. Гэта ж не з дабра яно так!
— Ты ж пра вошта думаеш так моцна? — запытаў раптам Пятрусь.
Рыгор паглядзеў на яго і ўверана адказаў:
— Наглядаю за гарадскім рухам і пазнаю, чым ён аддае.
— І што ж выявіў ты, пакуль прайшлі поле?
— Мне здаецца, што наша забастоўка палажыла адбітак на ўсім, што ёсць жывога ў Пецярбурзе... І гэты адбітак не можа хутка згладзіцца...
— Так... Я ўжо чуў ад цябе нешта падобнае...
Пятрусь павярнуўся да Ганны.
— Чуеце?
— І я ўжо чула пахожыя на гэта ноты,— адказала Ганна.— Рыгор мастак на іх выцінанне.
І праз колькі хвілін дадала:
— Усё ж яны падабаюцца мне...
— Нават? — падхапіў Рыгор.
— Не хлушу...
Пятрусь заўважыў, як яна гасцінна пахілілася да Рыгора, але не паказаў знаку. Ён агледзеўся навокал і запытаў іх:
— Ці не пара было б паабедаць?
— Бадай што.
Яны прайшлі Садовую і ачуліся на Неўскім. Праспект зірнуў на іх усёю ўласціваю яму вялікасцю. Па іх прабегла электрычная іскра ўрачыстай настарожанасці. Думкі вырваліся з галавы і завіхрылі ў скрутным, зацягаючым руху паводкі людзей, трамваяў, аўтамабіляў, рамізнікаў. Гул і шолам абвіслі над імі пластом разнастайных гукаў, трэску, звону, бразгу. Адчувалася віравое кіпенне жыцця, адкуль цяклі яго жэралы ва ўсе куткі вялікага горада.
Хутка людская хваля хлынула на іх і пагнала на сабе ў бок Анічкава моста, на пекныя фігуры якога глядзелі з рагавога дома завучыя словы: «Вегетарыянская сталоўка».
Была чацвёртая гадзіна па паўдні, калі Рыгор з Петрусём, правёўшы Ганну на службу, селі ў трамвай, каб вяртацца дамоў. Неўскі абодвух авеяў настроем прадваеннае трывогі. У распаленым паветры маляваліся жывыя абрысы яе блізкага, неадмоўнага прыходу. Водгукі забастоўкі, якая дагарала, раставалі ў хмурых разорах вуліц, што вялі да фабрычных раёнаў. Нядаўні настрой выразнае жахлівасці, які ачула ціснуў на Неўскі натоўп, змяняўся ў ім заўсёдашняй ганарліва-задзёрыстай нядбайнасцю. Вось яна ўплыла ў вагон трамвая, выклікаючы ў Рыгора з Петрусём агіднае самапачуццё.
Хутчэй на той бок рэчак, у суворыя абставіны свайго, рабочага раёна!..
І толькі трамвай крануў з месца, як да іх вушшу данёсся зычны, выразны крык газетчыка: «Забойства Жана Жарэса ў Парыжы! Каму «Вечерние Биржевые»?»
Рыгор уздрыгануўся і спалохана паглядзеў на пляцоўку. Там стаяў нелапы хлапчук, прадаючы свежыя газеты пасажырам. Да яго працягалася з дзесятак рук і чулася наперабой: «Мне газетку», «Дайце «Біржоўку», «Сюды дайце».
— Чуеш, Пятрусь, Жарэса забілі?
Пятрусь пазваў газетчыка.
— Вось табе, браток, дык навіна! — заўважыў ён, застыўшы ўзрокам на буйных радках жудаснага паведамлення з Парыжа.
— Буржуазія здымае перашкоды на шляху да свае праступнае чыннасці.
Трамвай імчаўся Марсавым полем...