SommaireСокі цаліны
Квадра ІІІ - КРЫЖАВЫЯ ДАРОГІ, ЧАСТКА ТРЭЦЯЯ · 6 min de lecture

Х

Рыгор прачнуўся і прыслухаўся: у пакой урывалася зычнае гудзенне фабрычных сірэн. «Зноў пачынаюцца будні»,— праказаў ён сабе, і тут жа перад ім мігнула яскраваю істужкай нізка апошніх падзей. Мястэчка Смагін, яго ўцёкі ноччу, дарога ў Пецярбург, вобраз горада, спатканне з Петрусём, з Ганнаю, забастоўка, Сампсоніеўскі праспект, Ломанскі завулак, бойка з паліцыяй і салдатамі, братанне з французскімі матросамі і... учарашняя сходка ўпаўнаважаных ад цэхаў з выразным і канчатковым рашэннем — заўтра аднавіць работу. Цэлая багатая гісторыя на зусім кароткім адрэзку часу. Свет на момант завіхрыўся, сягнуў да неба і тут жа знізіўся, апаў. Наперадзе — цёмная невыразнасць, крывавае бяздонне ўсякіх магчымасцей. Як яны пройдуць між Рыгоравага жыцця, чым адаб’юцца на яго лёсе, куды павернуць яго жыццёвы шлях? Калі б азірнуцца назад, то не ўявіць поўнасцю яго крутых, хілкіх завілін, не ўясніць рашучасці смелых пераходаў. Няўжо тое і ў будучыні? У кожным разе яно, гэта будучае, страчае ў ім загартаваную вытрывалую адзінку, перад якою разляціцца не адна перашкода.

Рыгор сышоў з ложка і паглядзеў у акно. Палавое неба зацягалася дымам фабрычных комінаў. Разам з паветрам западалі ў нас крупінкі сажы. Работа пачыналася. Адпачнуўшыя махавікі разганялі бег трансмісій, трансмісіі нацягалі рамні, і прытупленыя разцы пазіралі на апыленыя балванкі сталі... Вось-вось увап’юцца яны ў сталь і пачнуць выразаць завілыя бліскучыя стружкі. Разгорнецца шырокае наладжанае гатаванне снарадаў на патрэбу вайны. Цэлымі стосамі выкідацьмуць іх варштаты, перасылаючы ў прыгатаваныя скрыні для адпраўкі на фронт. У кожным снарадзе — смерць некалькі чалавек, разбурэнне, пажары. А між тым іх гатавацьмуць яны, рабочыя, якія ўчора яшчэ, заўчора падавалі свой магутны пратэст супроць пануючага ладу, супроць вайны і забойства. А сёння, а заўтра?.. Якая заблытанасць у жыццёвых з’явах! Які сплёт вострых супярэчнасцей!

Рыгор пададзеўся, абмыў твар і папрасіў гаспадыні даць гарбату. Гаспадыня неадкладна выпаўніла просьбу, моўчкі ўвайшоўшы ў Рыгораў пакой і моўчкі выйшаўшы з яго. Нават не паглядзеўшы на Рыгора, мэрам бы яна была дзеравянаю і ўсё рабіла па заводзе. Для Рыгора гэта гаспадыніна маўчанка была па настроі: ён, не патураючы на нічога, у абдыме раздумаў, прысеў да стала і пачаў піць гарбату. Неахвотліва лезла ў горла пачарствеўшая булка з пажоўклым маслам; але не есці — не мог: самы працэс яды гарманаваў з перабегам думак у яго галаве — як бы дапаўняючы цяганіну разважанняў. Нават не глядзеў на тое, што стаяла ў яго пад носам, а бегаў узрокамі па сценках пакоя, перакідаў іх за акно. Неўпрыкмет спыніўся на нейкай партрэтцы, якая вісела на сценцы над рагавым круглым столікам. І партрэткі і століка Рыгор да гэтага і не заўважаў. Чаго яны тут і навошта? На партрэтцы — чыясьці мілавідная галоўка... Рыгор падняўся з шклянкаю ў руцэ і падблізіўся да сценкі; так, якаясьці дзяўчына. Хто яна? Ён матнуў рукою, пасмяяўшыся з сябе за руплівую цікавасць, і адышоў. Але тут жа навярнуўся яго ваабражэнню вобраз Ганны... Яскравы, напружаны... Дзе яна зараз? Перапісвае формы? Ці, можа, бастуе? А ну ж неўшманкі стукне дзвярыма і апынецца ў яго пакоі? Няхай бы...

Ён паглядзеў навокал сябе — было яксьці непрытульна, негасцінна. Накідана паперы, нацярушана на стале. Няўжо гаспадыня не прыбірала?

Рыгор дапіў гарбату і наліў новае. П’ючы, успомніў пра лісты: трэба напісаць мацеры, Сёмку. Выбухнула ахвота да пісьма — і, здаецца, пісаў бы многім, многім... Гэтулькі ёсць пра вошта пісаць... Сроль, Наталя... Ды дзе ж яны абое? Сролеў адрас мэрам бы ў Рыгора меўся... Толькі дзе ён яго запраторыў? Рыгор падышоў да сцяны, дзе вісела жакетка, выняў з кішэні нататку і пачаў гартаць. Няма! Не было і Наталінага. Цікава, аднак, дзе б магла быць Наталя?

— Можа, падабраць пакой? — запытала з калідора гаспадыня.

— Прашу вас.

Гаспадыня ўвайшла з анучкаю ў руках, ужо руплівая і вёрткая.

— Што ж вы сёння дома ўвесь дзень? — запытала Рыгора.— Ужо ж забастоўка скончана.

— Так, скончылі,— задуменна адказаў Рыгор.

— Пара, пара ўжо, годзі-ы... баламуціць свет.

— Вы супроць забастоўкі?..

Рыгору хацелася скарэй адвязацца ад гаспадыні — яна прыйшла не к часу. Праказаўшы, ён папрасіў прабачэння і выйшаў з пакоя. Бязмэтна прайшоў на кухню, адчыніў дзверы і паглядзеў на сходы.

І калі вярнуўся да сябе — гаспадыня прычыняла дзверы.

— Калі ласка, ужо гатова,— праказала яна і шмыгнула на кухню.

Рыгор паспешна кінуўся да стала і хапіўся пісаць лісты. Першым — мацеры ў Сілцы. Кароткімі, нязвязнымі сказамі, бессістэмнай навязкай думак — спісаў дзве палавінкі пісьмовага аркуша і палажыў у канверт. Следам — не болей, Сёмку. Мацеру суцяшаў і абяцаў падмогу, у Сёмкі прасіў падрабязнага апісання сілцоўскіх падзей. Хопіць? Гэта Рыгора не заняло, бо, нарэшце, ён схамянуўся і намерыўся наведаць Петруся... «Сапраўды, амаль не цэлы дзень у хаце! Магчыма, Пятрусь ужо аб’ехаў горад і назбіраў процьму навін... А тут і газеты ў руках не было...» Рыгор заварушыўся; мігам адзеўся, забраў напісаныя лісты і стралою вышмыгнуў з пакоя.

Рыгор быў на двары, калі Рыма перагарадзіла яму дарогу да варотцаў.

— Рыгор, я да вас! — палахлівым голасам праказала яна.

— Калі ласка! Пойдам наверх.

— Ну, тут... Я з сумнаю навіною да вас... Ці вы не чулі хіба? — перарыўна запытала Рыма.

Рыгор вытарашчыў вочы і ўпарта паглядзеў на дзяўчыну.

— Якія навіны?

— Учора вечарам... Петруся арыштавалі... Я толькі з яго кватэры — проста да вас...

— Петруся арыштавалі!.. Ці не ў звязку са сходам упаўнаважаных?.. Устрывожыўся Рыгор.— Што вы кажаце? Гм? Як жа быць? Як і што? Раскажэце...

— Так, вось... Учора а дванаццатай гадзіне ночы, а можа, пазней, прыйшлі на кватэру і... А сёння абвешчана ваеннае становішча... Чаго добрага...

— Вы былі ў яго на кватэры?

— Не, гаспадыня прыбягала да нас...

Знянацкая навіна Рыгора ашаламіла. Ён не ведаў, куды накіраваць думкі. Арышт Петруся нёс з сабою цэлы шэраг змен нядаўна апрацаваных планаў, перакамбінацыю стасункаў у штодзённым жыцці. І разам з гэтым сведчыў пра разнятае паліцыяй наступленне на рабочых.

— Цікава, пры якіх абставінах гэта адбылося! — казаў ён Рыме.— Мо б нам наведаць гаспадыню кватэры?

— Ласне ад яе выпытаеш? Гэта ж зараза — не чалавек... Што ж, паедзем на кватэру...

Яны выйшлі з двара і пайшлі на Сампсоніеўскі праспект. Па дарозе Рыгор апусціў у скрынку лісты.

Праз паўгадзіны яны стаялі перад брамаю дачы, у якой жыў Пятрусь. Гаспадыня Петрусёвай кватэры загледзела іх з акна і падала вокліч:

— Выбачайце, вы да Бока? Яго няма.

Рыгор з Рымаю спыніліся і паглядзелі на гаспадыню.

— Даруйце, нам трэба да вас,— праказаў Рыгор.

— Да мяне, гм...— гаспадыня завярцелася ў акне і адвярнулася на пакой.

Яны прайшлі ў двор, узышлі на ганак і пазванілі.

— А дзе Бок? — у прачыненыя гаспадыняй дзверы запытаў Рыгор.

— Ён учора ноччу арыштаваны. Я ж паведамляла іх,— паўшэптам праказала гаспадыня, паказваючы на Рыму.— Я лічу, што і вам небяспечна сюды наведваць.

Гаспадыня намерылася зачыніць дзверы. Рыгор яе перапыніў:

— На хвілінку,— дазвольце нам зайсці ў яго пакой... Можа, часамі...

Гаспадыня крыху памаўчала, пасля запытала:

— А гэта для чаго? Не, я не маю права вас пусціць туды... Кватэра запячатана...

— Ну, мы ж просім. Магчыма, Пятрусь што-кольвечы катораму з нас пакінуў...

— Я нікому нічога не выдам, хоць і пакінуў,— настойвала на сваім гаспадыня.

Але яна не выявіла актыўнага пратэсту, калі Рыгор самавольна пераступіў парог на ўсходы. Саступіўшы ўбок, яна моўчкі прапусціла наперад сябе Рыгора з Рымай, а сама пайшла за імі.

Усе ўтраіх падняліся ўгору і прайшлі да Петрусёвага пакоя. Гаспадыня спакойліва адамкнула дзверы і паказала:

— Вось, як пакінуў, так і ёсць... Прасіў прыберагчы ўсё гэта... Я прыберагу, як бачыце...

Рыгор з Рымаю ўвайшлі ў пакоік і агледзелі наўкола. Ляжала незасланая пасцель; на сцяне вісела будзённая вопратка. З буфеціка-шафкі выглядала неўпарадкаваная пасуда. На стале былі раскіданы кніжкі і газеты.

На відным месцы з асяродку белага поля паперы выглядала мужная галава правадыра французскіх сацыялістаў — толькі што забітага Жана Жарэса.

— Жан Жарэс? — з трывогаю ў голасе запытала Рыма.

— Ён... Ахвяра драпежнай буржуазіі,— адказаў Рыгор і павярнуўся да выйсця.

— Пятрусь вам заплаціў за пакой? — запытаў ён гаспадыню.

— А ў нас свае разлікі; не пасварымся... Абы ён вярнуўся,— адказала спагадліва гаспадыня.— Не можа ж ён доўгі час быць арыштаваным.

— Мы ад сябе папросім вас прыберагчы, што ёсць Петрусёва,— сказаў Рыгор.

Гаспадыня правяла іх да дзвярэй і запэўніла:

— У мяне нічога не згіне, абы... Бывайце...

І яшчэ не змоўк гаспадынін голас за дзвярыма, як з вуліцы ўварваўся на ўсходы зычны голас газетчыка:

— У Кіеўскай акрузе абвешчана мабілізацыя трох узростаў... Французскае войска адпраўлена на ўсходнія граніцы рэспублікі...

Яны накіравалі ўсцяж вуліцы, на пагрозны, няўмоўчны пярэкліч газетчыкаў.