І
Той, хто яшчэ хоць каліва спадзяваўся пра мінучасць вайны, кінуў сябе супакойваць. Не знаходзілася жадных адзнак мірнага вырашэння заблытаных пытанняў міжнародных суадносін. Усе падзеі шпарка каціліся да крывавага развязвання. Кожная новая вестка з Вены, з Берліна, з Парыжа, з Белграда мела ў сабе ўсё меншы проблеск надзей на мірнае вырашэнне пытання. Ды каб, выпадкова, і трапіла заспакойваючае паведамленне, яму б ніхто не паверыў. Вайны напружана чакала буржуазія, захопліваючыся яе прадчуваннем. Трывога дала месца яе жывёльнаму пачуццю, якое выклікала разнастайныя думкі, аналізы, прароцтвы. Разгойданы горад драбніўся на невялікія пласты людзей, з якіх многія ўглядалі ў надыходзячай вайне тыя ці іншыя выгады.
Па нагрэтых панелях расфуфыранага Неўскага панясліся задзёрыстыя выгукі наконт закідання шапкамі «праціўнае немчуры». Ненатланныя апетыты спекулянтаў, банкіраў, растаўшчыкоў адчувалі тлусты пах нажывы на пастаўках, здзелках, калькуляцыях. Генералы і задзірыстае афіцэрства прэтарыянскае гвардыі — замарыла ордэнаў, нагарод, ганаровых званняў. Чарнасотніцкія паўзуны ўзняліся думкамі пра «славу ды перамогу расійскага самаўладства». Кісла-ліберальная інтэлігенцыя ўспомніла «врата Цареграда», «братоў славян» і заслюнявіла старонкі прадажнае прэсы дзьмутым мужаствам «доблеснага воінства». Адыгрываючы ролю «апазіцыі яго вялікасці» і ў жарты праводзячы пальцам па мапе граніцу Расіі ад Пецярбурга на Вільню, Кіеў і Адэсу, лібералы зараз выкінулі лозунг міжнацыянальнага яднання ў змаганні з «юнкерствам», «прускаю ваеншчынай», «тэўтонамі». Зашушукаліся па буржуазных рэдакцыях, у купецкіх і банкаўскіх салонах пра новую місію расійскай прамысловасці...
У адну суцэльную какафонію зліліся галасы «Нового Времени», «Речи» і «Дня». Завіхрыла вакханалія мешаніны з прадажнага патрыятызму, з карыснасці самаабароны і з дзікасці нямецкіх пагромаў пад пяянне «божа, цара храні». Ад Мілюкова да Распуціна, ад Меншыкава да Патрэсава, ад Мяшчэрскага да Гваздзёва, ад Мякоціна да Замыслоўскага — усё гэта пераблыталася, пераплялося ніткамі блуду, кламства, мізэрнага падхалімства...
Здань вайны несла ў сабе спадзяванкі бяспекі буржуазным кварталам, палацам і асабнякам ад падобных здарэнняў, якімі была яшчэ свежая забастоўка. Затапіць у рабоча-сялянскай крыві бурлівыя мары пра васьмігадзінны працоўны дзень, пра сацыялізацыю зямлі і фабрык, пра ўстаноўчы сейм і свабоду друку — вось у чым крыжаваліся думкі бюракрата-сенатара, абжоры-банкіра, дзяржыморды-генерала, шкурадзёра-памешчыка і баўтуна — ліберальнага інтэлігента... Да каляд пранесціся фарсаваным маршам да Берліна і ўвайсці ў яго праз Брандэнбургскія вароты — вось у чым была асалода іх імкненняў. У каго тады знойдзецца смеласць падаць голас пратэсту? Жандарскія шпоры заглушаюць яго нашчэнт... П’янь перамогі залье неабсяжныя палі змучанай, прыдаўленай краіны... Але, вось, кламцы і ліцамеры — яны затуманьваюць вочы абяцанкамі... Няхай усміраць непакорнага немца, няхай абароняць «няшчасную Сербію» — і тады — Расія зажыве лепей. Тады...
А цяпер?
Кідай, рабочы, кватэру ды сям’ю, селянін,— саху ды каня, разлучайцеся з сям’ёю і нясеце свае галовы на алтар бацькаўшчыны. Зрабіў пачатае ці не, забяспечыў бязмоцнае — ці кінуў на волю лёсу — ідзі...
Мабілізацыя!
Па ўсіх гарадах, па ўсіх мястэчках і сёлах, засценках і глухіх хібарках расклеены квадратовыя паперкі з пералікам гадоў і катэгорый мабілізаваных. Раскіданыя ядынкамі, змусам сцягнутыя ў грамадкі, грамады і натоўп — памаршыравалі з месца на месца, з канца ў канец дзесяткі, сотні, тысячы, мільёны... Бессвядома і беспярэчна.
Несканчонымі лентамі разліліся плач, енкі, рэчкамі — слёзы... Сум і жаль распластаўся цалуном над палямі незмярымае Расіі.
Ці ж заглушыць гук патрыятычных літаўраў чыстату і бунт мільённае скаргі?
Ці ж пяройме паводку помстных слёз каламутнае пачуццё зданнага патрыятызму?
Ой, не! Ой, пільнуйся, разбазыраны Неўскі, цябе затопіць раскалыханая хваля ваколічнае сілы... Яна скора прарвецца і ліне. Гэта будзе сіла не дробнай кучкі падбітых гандляроў і пакорных чынуш з партрэтам Мікалая, разбураючы гмах на рагу Марское. Не...
Гэта будзе суд і помста...
Будзе, а пакуль... Васемнаццатае ліпеня адгукнулася гарматнымі стрэламі...
Вайна! Падаюць ужо снарады праз сіні Дунай, крышачы будынкі Белграда.
Вось! Вось!
Доўгая паласа паперы звесілася ў акне рэдакцыі суворынскае рэптыліі... Людскі струмень, як вада, стрэўшая застаўкі, збіраецца ў бурлівую грамаду на рагу Неўскага і Садовай і сотнямі вачэй упіраецца ў няроўныя літары свежых паведамленняў. З вуснаў у вусны, трывожна-жахліва і задаволена-кічліва, перадаюцца яны з вуліцы на вуліцу, з пляца на пляц. Людскі віхор яшчэ болей раз’юшваецца, мацней гудзе, шпарчэй паглынае прастор.
— Бедныя сербы! Дзе ж іх каралеўская чэта жыцьме? — вылятае з тоўстых набраклых крывёю губ круглага гасцінадворца...
— Барбары! Стары Франц з вума сышоў! — злуецца пруткаваты, худы з бародкаю клінком, з кійком у руцэ, з філасофскім выразам на твары адвакат.
— А мы, як заўсёды, дрэмлем! Нямецкая рука арудуе ў нас пад бокам,— дадае яго сусед, з мінаю ісцінна-рускага купца.
Следам дзесяткі самаўвераных і ганаровых сказаў, сотні пагроз і столькі ж ябедных, іранічных жартаў — гуляюць над бразгаючымі трамваямі, над шпарка ездзячымі аўтамабілямі.
Жаднага сумнення.
Расступаюцца натоўпы перад сівымі надутымі, бясчулымі генераламі. На чырвоных крывавых лампасах адбіваюцца нованароджаныя чаканні і спадзяванні.
Скончана пра ўсё іншае! Годзе сумненняў...
Вайна прыйшла! Ужо атручана паветра порахам. Тысячы вёрст да Белграда, а чамусьці здрыгаюцца сэрцы няпэўнасцю...
— Вось, вось! Хто пільнуе гарматы, каб яны не бухнулі над Нявою? Як справа з міннымі загарожамі пад Рыгай, Рэвелем, Кранштатам? У забяспецы? Напэўна! «Храбрае воінства»...
«Яго імператарскае вялічаства абвясціла армію і флот на ваенным становішчы!»
«У Кіеве абвешчаны прызыў ратнікаў першага разраду за 1911, 1912 і 1913 гг.!»
Гэтак пяе хор галасоў безлічы юркіх, фаворных газетчыкаў!
І весткі, што лятуць з дзесяткаў вуснаў,— вострымі шпулькамі пранізваюць прагны на навіны людскі натоўп. Поўнасцю, дасканала аплёў яго атрутны подых вайны...
Але якое вайны?
Яскравае адчуванне выпірае наповерх — вайны незвычайнай.
Дагадкі, планоўкі, раздумы знаходзяць трывалую падставу ў запхнутых далей вестках з Лондана, з Рыма, з Токіо.
Няўжо ж блытаніна законаў капіталістычнага развіцця абмяжуецца двума — трыма краінамі? Яго моцныя сеткі ахуталі ўвесь свет.
Вайна прыйшла іх разбэрсаць. Разбэрсаць?
Уваходам у Берлін да каляд?
Захопам Дарданельскай пратокі?
Разбурэннем Сербіі?
Клубок невыразнасці носіцца загадкай над расійскай сталіцай.
ІІ
Пераплёт надзвычайных здарэнняў, выбухнуўшых наповерх, як попел і лава з Везувія, шаламанілі Рыгора. Ён драбніўся на часткі, натужваючыся ахапіць іх веліч і глыбіню. Але губіўся ў іх заблытанасці. Цьмяная невыразнасць скрадала яснату перспектывы.
З запляснелых аналаў гісторыі паўставалі войны, непасрэдна цягнуўшыя за сабою рэвалюцыі. Няўжо, калі ў жыцці маецца падобны закон, ён абміне Расію на гэты раз? Ці для яго чыннасці патрэбны асабовыя эпохі? Як бы там ні было, а ў невыразным наступным можна было вышукваць розных нечаканасцей.
Гэта тыя нечаканасці, з якімі заўсёды гуляюць у жыцці разнастайныя здарэнні, сябруюць і надзеі. Рыгор іх не цураўся. Абданы падзеямі, ён знаходзіў палёгку і Петрусёваму лёсу. Сядзеў жа ён, Рыгор, калі паласа часу была зусім інакшай. Як бы там ні было, а кожнаму ваяку трэба прайсці гэту школу. Як ні ўтратны Петрусёў арышт, усё ж яму прыдасца. Астрог — палітычная школа. Рыгор адчувае па сабе. Астрог — у той жа самы час — і кузня; Рыгор згодзен з другімі.
Таварышаў лёс атрымліваў палёгку ў Рыгоравым ваччу і таму, што не мелася даных на зацяжны арышт. Магчыма, Петрусю інкрымінуюць удзел у сходзе ўпаўнаважаных — тады дадуць адміністрацыйную высылку з трыццацьма трыма пунктамі... А бывае і без таго...
Аднак падобныя развагі былі нетрывалымі: яны не ўстойвалі перад наплывам таварыскага пачуцця спагады. Якім ні быў Рыгор загартаваным ваякам, якою халоднасцю ні абдавала яго сэрца ў пытаннях змагання — усё ж Пятрусь займаў у яго нутры месца, вакол якога магла бліснуць слязіна сантыменту. Няхай бы Пятрусь праходзіў заводскую школу, чымсь гэта яму надалі школу астрожную. А ці немагчыма, бывае, здарыцца так, што ён і не вытрывае яе? І замест поспехаў — набудзе разувер’е, страціць сілы. Так? Нікому шляхі не заказаны...
Вось жа прыйдзе Рыгор на завод і ў ім не застане Петруся. Вечарам пасля працы яны не сыдуцца ўдваіх і, як заўсёды, не абгавораць апошніх падзей. Ды колькі будзе марна страчаных планаў хоць і дробнага штодзённага жыцця! Няхай бы склаліся абставіны так, каб усё гэта знаходзіла сваё нармальнае завяршэнне... А яно — не... Не!
Рыгор ішоў на працу, адчуваючы сябе пераможаным, палонным.
Думаў, ідучы, што гэта яго шлях да пакоры перад тым, супроць каго выходзіў на супярэчкі.
Ішлі адзінкамі, па двое і другія рабочыя, але, чамусьці, на іх тварах не заўважна адбітку болю. Вось адзін размахвае рукамі і заліваецца смехам, калі другі яму патурае. Вунь трэці чытае ўзасос свежыя навіны ў «Совремёнке» і на нішто не зважае. А яшчэ іншыя то пасвістваюць, то жартуюць. Мэрам бы нічога ніякага не было — а дзесяцідзённая забастоўка не пакінула і следу. Будуць яхідна пазіраць на іх дырэктары заводаў і горда, звысака надзяляць сухімі сказамі. Ды павінны маўчаць? Го, не! Гэтага не! Было бессумненна, што пачуццё пакоры не вернецца.
Але пра гэта не думалі — вайна перабівала ўсё. Пад яе ўражаннем знаходзіліся і рабочыя завода, і яго гаспадары. Нават тэмп працы падуладжваўся трывожасці агульнага настрою. Машыны, якія тачылі снарады, захоўваючы ў кожным некалькі смерцей, гэтыя машыны не маглі заглушыць сваім гоманам і шумам гутаркі рабочых. У праходах між станкоў, праз станкі кідаліся і адкідаліся руплівыя, уважныя запытанні і адказы. Кожны і ўсе вязалі з імі планы і дагадкі, страты і чаканні.
Рыгор ад знаёмых дазнаўся, што не адзін Пятрусь паплаціўся арыштам. З ліку рабочых завода ачуліся ў лапах паліцыі да дваццаці чалавек. Усю тую ноч, калі арыштавалі Петруся, ішлі ўзмоцненыя трухі ў рабочых раёнах. Наладжваліся паліцэйскія аблавы.
Рабілася цікавым, як уцалеў ён. І разам з гэтым вырасла сумненне, ці надоўга гэта. Не адначасна з Петрусём, то сёння, заўтра ці яшчэ праз дзень, і паліцыя наведае яго. Запросіць да Петруся ў госці, а там — чаго добрага — выплыве і Смагін, і Рыга. Падумаўшы — не ўхмыляецца.
Рыгор надумаў колькі начэй не начаваць на сваёй кватэры. Авось мінецца гэта палоса. Але дзе знайсці прытулак? Успаміналася Ганна. Зранку цьмяна, між іншым, а што бліжэй к вечару, яскравей і настойней. І выйшаўшы з завода, ён сеў на першы трамвай і паехаў у горад. Не думаў — будзе Ганна на кватэры ці не — рэшана, і годзе. Што па-за гэтым — не цікава.
У трамваі, бітком набітым людзьмі, з якіх было многа рабочых, Рыгор прыслухоўваўся да гутарак. Вайна ў пераломе апошніх падзей — служыла асноўнаю тэмай. Адчувалася, што яна праняла кожнага чалавека, захапіла яго істоту. Старыя і маладыя, жанкі і мужчыны, вайсковыя і цывільныя, рабочыя і бюргеры-мяшчане — усе на розныя лады абгаварвалі бягучыя навіны дня. Паднімаліся спрэчкі, нясліся доказы і абвяржэнні, выяўляліся настроі. Кішмя кішэлі дзесяткі матываў за вайну, за яе дачаснасць і зусім слаба выплывалі варожыя ёй, але асцярожлівыя словы. Гусцела мешаніна, вінегрэт з людскіх пачуццяў, настрояў, безгрунтоўнай палахлівасці і беспадстаўнага задзёру. Гурт, гушчу, грамаду можна было разумець, бачачы яе ў бягучым трамваі, як нешта тлумнае, парванае на часткі, цьмянае і невыразнае. Калі б буржуазная філасофія не была пустою рэччу, патрэбна было б ужыць яе пры вывучэнні змешчанай у трамваі кучкі людзей.
Рыгор пільна наглядаў і ўважліва слухаў гутарку, падобную на тлум. Магчыма, з гэтым і вылез бы з трамвая, каб завярнуць на Пад’ячаскую, дзе жыла Ганна, і праз два крокі рассеяць уражанне, але раптам ускіпеў. Здаравенны, бочкаю пуза, якісьці, напэўна, буйны крамнік, нахальна перабіваючы агульную ўвагу, закрычаў: «Нямчура падкупіла жыдоўскую інтэлігенцыю і фабрычную басату; нам трэба гэтыя плевелы выпаліць агнём». Некалькі жанчын спагадліва кіўнулі галавою. Болей — дабрадушліва ўсміхнуліся. Хтосьці наперадзе іранічна гукнуў: «Яшчэ выдумка!» А Рыгор са злосці кінуў пузачу: «Вы пагромнымі лозунгамі не адыграецеся!»
На Рыгора востра паглядзелі з усіх бакоў вагона. Пачулася некалькі пагражаючых выгукаў. Сярод іх Рыгор улавіў выразнае — «нямецкі агент». Следам двое якіхсьці асоб усхапіліся з месца і памкнуліся ў бок Рыгора. Што б з гэтага выйшла, нельга сказаць, але Рыгор настаражыўся. Ён упорней паставіў ногі і сабраней настроіў узрок. «Толькі...» — прамігнула ў яго галаве і абарвалася разам з агульнай увагай да ўсяго інцыдэнту.
З-за рога Вядзенскай вуліцы хлынула раскіданая, як напалоханае стада, куча людзей. Трамвай спыніўся. Частка пасажыраў злезла. Праз адчыненыя дзверы і вокны даняслося ў вагон дзесятак гукаў: «Шапкі далоў! Ура! Бо-ожэ-э, цара храні!» Было відаць, што гэта патрыятычная маніфестацыя.
Рыгор убачыў, якім здаволеннем засіяў твар трамвайнага таўсцяка. І яму стала няўцерп смешна, калі гэты слон замахаў праз акно капелюшом, вітаючы маніфестантаў.
Следам з натоўпу вылучыўся якісь чыноўнік і, падбегшы да бліжэйшага гледача, збіў з яго галавы нязнятую шапку.
Рыгор мігам выскачыў з вагона і памкнуўся ў бок маніфестацыі, але яго хтосьці схапіў за рукаў. Ён абярнуўся і ўгледзеў Рудольфа Шульца.