ІІІ
— Ку-у-ды-і ты? — запытаў Рудольф.
— А-ах!.. І надало ж табе...— схамянуўшыся, адказаў Рыгор.— Ці ты бачыў сцэну? Хуліганнё-о!..
— Што-о, што вы сказалі? — перабіў Рыгора чыйсьці далёка не дружалюбны голас.
Рудольф тузануў Рыгора за рукаў, і яны на два крокі адступілі ўправа.
— Хуліганства-а...— з тым жа задзёрам адказаў Рыгор і не паспеў агледзецца, якое ўражанне пакіне яго сказ, як яго шапка дугою мігнула ў натоўп.
Рыгор азірнуўся вакола сябе, але дзесятак твараў як бы незаўважліва глядзелі ў розныя бакі. Зусім нельга было ўявіць, чыя работа з шапкаю.
— Сволачы! — праказаў ён і ўспомніў пра шапку.
Рудольф працягваў яе Рыгору.
— Кінь, тут не час і не месца для тваіх спраў...
Яны павярнулі ад натоўпу і пайшлі ў бок ад маніфестацыі. Апошняя з гікамі і шоламам, поўная пагромных разбойных настрояў, накіравала ўсцяж Вялікага праспекта напрамкам да Васільеўскага вострава.
— Но што робіцца-а! А-ах! — Рыгор хапіўся за голаў.
— Самадзяржаўе на дражджах,— разважыў Рудольф.
Рыгор доўга не мог супакоіцца. Толькі перавод Рудольфам гутаркі на іншую тэму адцягнуў Рыгора ад усхваляваўшага яго факту.
Рудольф паднёс Рыгору смагінскія навіны: арышт Сімена Галаса і ад’езд Лібы ў Вільню.
— Абяскровілася мястэчка дарэшты. Мэрам бы хто зачыніў вечка. І ўсё вайна. Перакруціла, перамалола.
— А ты даўно прыехаў?
— Учора раніцою. Прыехаў, ведаеш, поўны ўражання ад жудасных вобразаў мабілізацыі. Што-ой там чаўплося-а! У адзін дзень усё жыццё мястэчка згусцілася, ці, праўдзівей, было сабрана, зліта ў адно месца, на Згонішчы. І мужчыны, і кабеты, і старыя, і малыя, людзі і коні гулі, іржалі, мітусіліся — мэрам бы бачачы занесены над сабою востры, бліскучы нож ката. Я табе кажу — жах браў. Хацелася плакаць і завываць разам з асірацелымі дзяцьмі і жанкамі. Але слёзы тут жа высушвала халодная цікавасць. Сотні сталых свядомых мужчын, пакорліва, без супярэчак, накіроўваліся ў павет, магчыма, у губерню — а адтуль — на вайну. Незмярымае глыбіні жудасць — і, мэрам бы, так і трэба. Двое смагінцаў, чамусьці ўкрадкаю, кінулі каменнямі ў акно манаполькі. Следам пяцёра чалавек напёрлі ў дзверы і выламалі; далей пайшоў расхоп гарэлкі, звон шкла, дзікія песні...
Дзесятак стражнікаў доўга не мог уціхамірыць мнагасоценную грамаду. Гоман і крык сціхлі, сціснуліся шарэнгі, і людзі пакорліва пашнуравалі за горад. Нават хутка пачуліся песні... Прызнаюся, браток, я і дагэтуль губляўся ў блытаніне падобных з’яў... Вось жа, вось, пры вугле кожнае хаты роспачныя жанкі і замурзаныя ў слёзах дзеці — ужо сіраты, бязмоцныя, пакінутыя,— а там, мо на гоні ад іх, сярод залатых снапоў жыта — песні... Лебядзіныя песні соцень здаровых, поўных жыцця людзей — па дарозе да бойні... Толькі пудрысты пыл над мястэчкам — слупам...
— Гоняць,— заўважыў Рыгор.
— Тое і дзіва, што ідуць на імперыялістычную вайну ды яшчэ з песнямі. Але мне здаецца, што гэта да першае стрэчы з жахамі вайны... Хутка яе сутнасць выкрыецца перад усіма.
Рыгор задумаўся.
— Сапраўды складаныя пытанні,— згадзіўся ён на канцы Вядзенскай.
Пры павароце на Кронверскі праспект іх спыніў праезд палка кавалергардаў. Здаровыя, ружатварыя, адзін у адзін, гвардзейцы выглядалі спакойнымі, нават жыццёрадымі. Дагледжаныя, падабраныя пад масць — каштаны-коні зіхацелі чыстаю шэрсцю, як палітураю.
Стракаталі каменні бруку — іх білі шротам цяжкія падковы. Адгароджваючы эскадронныя чатырохкутнікі з людзей, ехалі адзінкамі то па двое дасціпна адзетыя, ганорна-задзёрыстыя камандзіры.
Густым ланцугом выстраіліся прахожыя ўсцяж тратуараў, сочачы за кавалергардамі. Тысячамі ўзрокаў акідалі маладых, падабраных сялян-дзецюкоў, якіх пасцягалі з глухіх вёсак агромністае краіны ў прывілейныя палкі царскае арміі. З боку гледачоў чуліся развагі. «Жалезная сіла»,— цешыўся дробны, сухарлявы чыноўнік. «Гвардыя першай пойдзе на фронт»,— паведамляў якісь дэндзі, з маноклем у воку. «Ці не на фронт яны ўжо?» — дапытваў разносчык памідораў з пірамідаю чырвоных фруктаў на галаве. «Не павінна... Го, не — тут і вакзала блізка няма»,— адказваў прыказчык з рагавое булачнае.
Тут жа, недалёка ад Рыгора з Рудольфам, нікому не заўважаны, торкаўся ў натоўпе юркі, гарачы патрыёт, які знянацку, нечакана выгукнуў: «Слава мужнай гвардыі!» Яго ніхто не падтрымаў, але мігам людзі рынуліся на выгук. Вачавідкі вырасла грамада, чый гоман заглушылі аддаленыя стукі падкоў кавалергардскіх коней.
Рудольф пацягнуў Рыгора за рукаў, і абодва пайшлі ў бок Біржавога моста. Калі яны апынуліся ля Васільеўскага вострава супроць будынка Заалагічнага музея, Рыгор спыніў Рудольфа.
— Я не нацешыўся з гэтага вобраза! — паказаў ён на Няву.
— Прыгожы, нечага сказаць... І цікава, бачыш, вонь у тым ражку, направа, Трубяцкі бастыён, дзе, напэўна, і зараз сядзяць рэвалюцыянеры, а наўскось, з другога боку,— Зімнія палацы з каранаваным катам.
— Хвалі стукаюць у крапасную сцену і ўсё не размываюць пакуль.
— Размыюць...
Яны яшчэ некалькі хвілін спыніліся на эпізодах рэвалюцыйнага змагання, пасля пайшлі ўсцяж Універсітэцкае ўзбярэжнае, да трамвайнай спынкі.
— А ты ж куды думаеш ехаць? — пацікавіўся Рудольф.
— Я... як табе сказаць, да аднае свае знаёмае... Навіны вязу...
— Навіны?
— Так... надоечы арыштавалі нашага агульнага знаёмага.
— Арыштавалі? Завошта?
— У скутку забастоўкі... Чытаў мо?
— А то думаў — не?.. Так, цяпер з гэтым сцеражыся-а...
— Дык вось...
Рыгор аглянуўся.
— Сам баюся... Прымаў удзел у сутычцы з паліцыяй на Ломанскім завулку...
— Ты? Ого! Дай руку...
— На Выбаргскай старане ўзмоцненыя арышты, трухі, аблавы... А пападзіся — звяжуць з Смагінам, успомняць Рыгу — ты ж ведаеш, чаго казаць...
Рудольф засмяяўся.
— У Смагіне пра твой ад’езд — ні шушу... Нават мой бацька нідзе нічога не чуў... Дзе ты, браток, бачыў, каб у гэткі час ты быў у станавога на вуме. Іншая рэч — Ломанскі завулак... Я такі і спадзяваўся, што ты не мінеш гэтага. Адчуваў, калі ўпершыню спаткаўся... Ну, мой бацька дагэтуль успамінае цябе — хоць і не ведаў, што ты быў пад наглядам.
— Вітай, калі пісацьмеш...
— Бацька тут...
— Бацька твой, тут? — здзівіўся Рыгор.
— Прыехаў са мною...
— Ёсць справы?
— Так... бачыш, мы немцы, як табе вядома, а цяпер...
Пад’ехаў трамвай і не даў дагаварыць Рудольфу.
Рыгор ужо з пляцоўкі вагона запытаў Рудольфавага адраса і толькі паспеў улавіць: «Дзесятая лінія»...
Знятая для развітання шапка адгарадзіла ад яго вушшу нумары дома і кватэры. І тут якраз ён успомніў, што забыўся запытаць пра лёс адданага яму Паўла Памыйкі.
IV
Падвешаны над брамаю нумар паказваў на дом, у якім жыла Ганна.
Рыгор узышоў на ганак параднага ўходу, каб паглядзець кватэру. Яе над дзвярыма не значылася — стаялі чотныя лічбы, а Ганна жыла ў кватэры 35. Трэба было ісці ў двор і там шукаць. Рыгор накіраваў у прачыненыя варотцы брамы.
— Вы да каго? — спыніў яго чыйсьці голас.
То быў дворнік, прытуліўшыся да цёмнае сцяны і не заўважаны Рыгорам.
— Я ў кватэру нумар 35. Скажэце, дзе яна?
— Направа, чацвёрты этаж...
— Дзякую.
На ўсходах Рыгор раптам спыніўся і сам сябе запытаў — ісці?
Не даўшы адказу, рашуча пайшоў угору. Не заўважыў, калі злева глянула на яго вядомая лічба.
— Не чакае, зразумела,— падумаў Рыгор і пазваніў.
Шагі, што застукалі па той бок дзвярэй, не дазволілі думаць. Хутка ў дзверы прасунулася бабуліна галава і запытала:
— Вам каго?
— Мне Ганну Завіру, яна дома?
— Уваходзьце. Направа другія дзверы. Пастукайце — у яе хтосьці ёсць...
Цёмны калідор узбіў Рыгора на нейкую шафу. Ён папрасіў убачэння і пачуў ззаду сябе:
— Стукайце.
Рыгор не паспеў падняць рукі, як Ганна выбегла на калідор і пазвала:
— Сюды, Рыгор... с-сюд...
Яе голас перацялі спазмы...
— Добры вечар... Неўпару?
У драбнюткай каморцы, дасціпна прыбранай, усё ж беднай на выгляд, пры акне сядзеў якісьці мужчына. Не разглядаючы яго, а шукаючы, дзе б палажыць шапку, Рыгор падышоў да малюпаткага століка, з падстаўнікам для кветак.
— Магчыма, паперашкодзіў? — не гледзячы на Ганну, запытаў ён.
— Кінь, што з табою, Рыгор?.. Сядай, вось, і будзь, як у дому... Мне сорамна, што я нічога... Хіба пачакай, а я мігам збегаю...
— Ганна, ты...
Рыгору, аднак, хацелася есці, і здорава. Гэта ён адчуў, калі злез з трамвая. Ён хапіўся,— бач, дарэмным быў яго намер перапыніць Ганну.
— Ты, вось, пазнайся з таварышам і пасядзеце ўдваіх.
Рыгор міжвольна абярнуўся да акна і ўгледзеўся ў твар Ганнінага знаёмага.
— Не пазнаеш? — запытала Ганна.
— Не.
— Артура Цвібеля? — праказаў той.
Рыгор утаперыўся вачыма ў адну кропку і праказаў:
— З Рыгі? Ведаю!
— Помніш сходку і... Наталю?
Рыгор падняўся з месца і падышоў да чалавека з працягнутаю рукою. Ужо ён яскрава бачыў перад сабою перапоўнены людзьмі пакой. Наталін вобраз уклініўся між яго і Артуравымі вачыма.
— Але, якім жа чынам? Ганна?
Стук дзвярэй, за якімі Ганна схавалася, быў адказам на Рыгоравы словы.
— Я з Ганнаю толькі тыдзень таму як пазнаўся. І дзе, і як — проста цікава... Мая жонка працуе разам з ёю ў экспедыцыі. Я, аднойчы, зайшоў да яе, а тая вазьмі і звядзі мяне з Ганнаю. Разгаварыліся — і выявілася, што абое з Рыгі... Калі ж кранулі рыжскага жыцця, знаёмых, так першым чынам — абое ўзбіліся на цябе... Паверыш — каб хто мяне завяраў, што я з табою сыдуся тут, у Пецярбурзе — махнуў бы рукою... А, тым часам, праўда... І як нутром чуў, што ты прыйдзеш сюды... Давай, думаю, заскочу па дарозе і запытаю, ці бачылася з табою... Я жыву вось тут, на Нікольскай; калі ласка, заходзь — буду вельмі рады... Успомнім старое, хоць і недалёкае...
Яны трымаліся адзін у другога за руку. Ніводзін не памыкаўся разняць таварыскага прывітання. Адначасна абое прыселі каля століка, як звязаныя... І толькі закавыляўшае пад Рыгорам крэсла заставіла яго мімаходзь аберуч хапіцца за апорныя пункты: за шыляванне акна — адной рукою, а за сцену — другою. Аднак гэта камічнае становішча не выклікала ні ў адным водгуку. Праз хвіліну маўчанкі Артур загутарыў далей:
— За гэты год, таварыш Рыгор, я многа гора нацярпеўся. Мяне разлічылі з завода ў Рызе хутка пасля твайго арышту. Я перш прабаваў паступіць на другі, але, як па згаворы,— усюды адбой. Тады я напісаў ліст таварышу ў Пецярбург — той парадзіў прыехаць. Не думаючы доўга — злажыўся і ў дарогу... што ж нам, пралетарам, доўга раздумваць? Пакідаць нечага, а сям’ю за рукі і ходу... Прыехаў у Пецярбург і, паверыш, добра ўладваўся. Астаўся на працы... Заработак быў не дрэнны... Раптам — забастоўка... Ці ж у маёй натуры не быць першым? І, што ты думаеш, гэтымі вось рукамі накінуў масцеру мяшок на голаў... Пасля дазналі і ў чорныя спіскі. Куды ні паткніся — адказ... Як і ў Рызе... Тады я кінуўся на другое — мяне ўперлі ў арцель каталёў... Ну — там не вытрымаў... А зараз з паўгода бадзяюся па дробных майстэрнях. Заработак — як кот наплакаў... Дзякуючы Міхасю Камару — мо, помніш яго? — удалося жонку ўладзіць на службу, і гэтак кідаюся... З агню ды ў полымя...
Рыгор уважліва слухаў, прапусціўшы між вушэй успомненае Артурам імя Камара.
— Круціць, браце, жыццё нас, як вецер саломіну! — праказаў ён.
— І яшчэ як круціць!..
— Але, вось, мне здаецца, што не сумее зламаць! Ха-ха-ха! Не дамося-а!
Рыгор, а за ім Артур, як па згаворы, падняліся з месц, каб праверыць свае сілы, ці сапраўды іх хопіць не падацца жыццёвай нязгодзе.
У гэты момант стукнулі дзверы, і ў пакой увайшла Ганна. Не патураючы ні на вошта, загутарыла:
— Сустрэла, выпадкова, Міхася Камара... Прасіла зайсці... Але ён спяшыў кудысьці... і ніяк не мог уварваць каліва часу... Вельмі прасіў днямі яго наведаць...
Ганна паведамляла гэта з перабоямі, засопшыся, уладваючыся з небагатым сервізам, які складаўся з дзвюх талерак, аднаго нажа і відэлак. Яна спяшалася, і гэта паднімала нервовасць — у скутку якой пару разоў выпаў з рук нож і чуць не павярнуўся стол...
Рыгор настаражыўся, пачуўшы імя Міхася Камара, але затрымаўся распытваць, пакуль Ганна не ўраўнаважыцца...
— Вось... цесната, бачыце... даруйце-э, чым хата багата...
Яна паглядзела на мужчын.
— А зараз і самавар... Не болей дзесяці хвілін, перапрашаю...
Ганна памкнулася ў дзверы — Рыгор пераняў:
— Міхась Камар, кажаш? Як жа ён, адкуль і што?
— Хіба ж табе Артур не казаў?
Ганна мігнула ў дзверы, падаўшы пра сябе знаць стукам самаварнае трубы ў калідоры.
— Я ж табе казаў, Рыгор, што маю жонку Міхась у экспедыцыю ўладзіў!
— Міхась Камар? А яго адрас?
— Я запытаю ў маёй жонкі — тая ведае... Кожны раз можам зайсці да яго... Ды Ганна, напэўна, знае...
— Я мушу быць у Камара... Ганна?
Тая шмыгала то ў пакой, то з пакоя... І клапацілася пра гасцей.
— Як на ліха — жаднае цягі...— ні то казала яна сабе, ні то скардзілася гасцям.
— Вы бы кінулі, Ганна, з самаварам,— праказаў Артур.— Мы зараз пойдзем і дзе-колечы па дарозе перакусім...
— Па дарозе... а Рыгор, магчыма, і не абедаў, праўда?
— Ты ўгадала,— пасмяяўся Рыгор,— з завода і да цябе — глядзі, во...
— Вось бачыце...
Ганна яшчэ парсцей завіхнулася каля гарбаты. Цяпер яна пакінула гасцей і ўжо з’явілася ў пакой з гарачым самаварам.
— Сядайце-э, прашу вас! — пазвала Ганна Рыгора і Артура.— Выпіце па шклянцы гарбаты...
П’ючы гарбату, іх гутарка цярпела ад нязвязнасці, часта пераходзіла з тэмы на тэму. І гадзін за дзве часу яны стала вырашылі толькі адно пытанне — гэта пра тое, калі пабываць у Міхася Камара.
Падвешаны на сцяне гадзіннік выбіў дванаццаць.
Артур падняўся з месца.
— Няўжо поўнач? Даруйце, я пабягу...
— Жонцы абяцаў? — пасмяяўся Рыгор.
— Позна, позна, браце...
Ён па чарзе развітаўся перш з Рыгорам, пасля з Ганнаю і накіраваў у дзверы.
— Чакаю... Думаю — не адкажаце мяне наведаць? Ганна? Рыгор?
— Абавязкова.
— Будзь пэвен.
Ганна правяла Артура за дзверы.