SommaireСокі цаліны
Квадра ІІІ - КРЫЖАВЫЯ ДАРОГІ, ЧАСТКА ЧАЦВЁРТАЯ · 5 min de lecture

V

Яшчэ даносіўся стук Артуравых шагоў па каменных сходах,— калі ў Рыгора з Ганнаю пачалася шчырая прызнаная гутарка.

Рыгор сядзеў, апёршыся локцем рукі на столік, напружана глядзеў у пабляднелы твар Ганны і казаў:

— Каб ты ведала, Ганна, я прыйшоў да цябе як да бліжэйшага мне чалавека... Ці чула ты — арыштавалі Петруся. І з дня на дзень можна чакаць...

Ён зацішыў голас.

— Пятрусь бурыў Калтаўскую мануфактуру, а я... а я змагаўся з паліцыяй і казакамі ў будынку на Ломанскім завулку. Сказаць табе — добра, смела і дружна бараніліся. Але нас купка, а вакол дома — сіла ворага... За поўнач былі пераможаны, уцяклі з дому, і ўжо праз некалькі хвілін я напаткаў бяспечныя патрулі коннае паліцыі... Што ж аставалася надалей? І мы пайшлі працаваць. А зараз — вораг робіць расплату — кожны момант я гатоў ачуцца побач з Петрусём... Ты чула?

— Я, я добра чую...— растрывожана праказала Ганна і змаўчала.

Маўчала, а на твары гусціўся глыбокі роздум. Настарожаны ўзрок камяніў вочы; у кутках губ прабягалі нервовыя ўздрыгі. Было відаць, што дзяўчына аддалася пачуццю няпэўнасці за Рыгора.

— Зноў можа стацца...

Ганна не даказала — нервовасць скрала словы.

Дзяўчына тут жа павярнулася да акна, каб захаваць ад Рыгора сваё хваляванне.

Рыгор яскрава адчуў у сваім нутры Ганніна становішча.

— Цябе непакояць мае навіны? — узяў ён Ганну за руку.

Тая шчыльна да яго наблізілася, палажыла яму на плечы руку і адказала:

— Табе небяспечна на кватэры...

За дзвярыма пакоя прашамалі чыесьці крокі.

— Начаваў бы ў цябе, але цесна, няёмка ад гаспадароў кватэры і...

— Нічога, Рыгор. Начуй, прашу я...

— А ты?..

Рыгор пацепам плеч дакончыў сэнс нявыказаных слоў — ці не завялікаю інтымнасцю будзе гэта для яе. Ганна зразумела яго лепш, як бы чула выразны бессумненны сказ.

— Кажу табе, Рыгор, нічога... Я як колечы, а ты... а табе будзе месца...

Нельга было не паверыць у Ганніну шчырасаць. Рыгор шустрым узрокам акінуў пакоік Ганны. Тая засмяялася.

— Цесна, ну ж у цеснаце — не ў крыўдзе... Няпраўда мо?

— Чаму ж няпраўда!..

І шчырасць сваіх слоў Рыгор падмацаваў поціскам Ганнінай рукі.

Для іх абаіх было ясна без далейшых слоў — што ўсё злажылася як мае быць, само сабою, выпадкова, але неадменна і натуральна. Тады нечага вяртацца да гэтай тэмы, можна пераходзіць да чарговых пытанняў.

І ў Рыгора, і ў Ганны мелася процьма планаў і намераў, якія вымагалі неадкладнага абгавору і вырашэння. Многія з іх былі агульнымі для абаіх. Кожнаму яны здаваліся трапяткімі, вострымі і грунтоўнымі.

Ды ніводнаму не хацелася варушыць язык, каб не перабіваць запойнае цікавасці ўзаемнага сузірання. Сарамлівае і няёмкае для другога разу, зараз прымалася за звычайнае і зразумелае.

Яны маўчліва глядзелі адно другому ў твар і тут жа ўваскрасалі цікавае, яснае і ў той час невыразнае мінулае. У гэтым мінулым мясцілася багата характарных рысак і глыбокіх момантаў. У ружовым воддалеку гэтыя рыскі і моманты яшчэ болей выпукляліся, адшліфоўваліся і ў прызме бягучых хвілін давалі хвалюючае праламленне.

Над іх нерухомымі постацямі насілася палкае натхненне, малюнковыя надзеі; расла і фармавалася тая жыццедаўчая сіла, якая хавае ў сабе субстанцыю людскога бытавання. І Рыгор і Ганна адчувалі неабачныя ланцугі, якія вязалі іх падсвядома і свядома, адным канцом замацаваўшыся ў Ліцку на станцыі, другім — вось у гэным пакоіку...

Болей года часу, што разлёг між іх першым і апошнім спатканнямі, звузіўся, стуліўся ў нязначны квадранец і знік... Знік, але не без следу... На кожным з іх — яго адбітак, выразны і вачавідкі. То ж ім зацікаўлены абое, седзячы і вывучаючы адно другога.

Рыгор не выпускае з вока жаднае дробязі ў Ганнінай перамене. Ён бачыць кожную рысу яе пасталеўшага і пахарашэўшага твару. Вось гэты спакойліва-ўглыбёны ўзрок пабуйнеўшых вачэй; пахудзеўшыя і ад таго падаўжэўшыя шчокі з паўпатухшым ружам; не высокі і не нізкі лоб, так характэрны для нажытае Ганнай сур’ёзнасці. Даўгаваты, з непрыкметнаю гарбінкаю, стройны нос; як часнок, белых і чыстых, два рады зубоў. Выразнасць цёмна-шэрага ваччу і той жа шоўк хвальністых льняных валасоў. У хадзе — болей гібкасці, болей дынамічнае рухавасці. У постаці — непараўнаная эластычнасць...

Рыгор падмячаў у Ганне агульныя з Наталяю манеры ў завіхах. Тая ж, гэтак моцна запаўшая ў яго нутро парыўчатасць; тыя ж навароты і сталёвыя замахі рукі. Мэрам бы нехта знарок прыдаў гэту якасць год таму зусім непадобнай дзяўчыне. Адзін толькі год — праўда, вельмі даўшыся ў знак Ганне — зрабіў з Рыгоравае знаёмае зусім іншую істоту. Гэта перамена выйшла ўдала пагоджанай, закончанай як знадворку, так і знутра.

Перад Рыгорам стаяў чалавек, да якога нельга было не прасякнуцца глыбокаю павагаю; роўна з гэтым — цяжка было не падацца да яе і цёплым каханнем. Калі б ён думаў шукаць сабе сябра — можна было б спыніцца на Ганне і кропка. Ды зараз, знаходзячыся з ёю сам-насам і далёка без аформленых намераў у адлегласці гэтага пытання, ён адчуваў, што Ганна бліжэйшы і раднейшы яму чалавек. Яна цалкам адпавядае яго запатрабаванням... З боку натуральнага падбору, безумоўна, і сам дзядуля Дарвін не падкапаўся б. Так! Жыццё — вялікі мастак і ператворца! Варта было ад Ганны адняць мацеру, перакінуць яе ў новае месца і ў іншыя абставіны, як з яе выйшаў чалавек, падобнага якому — пашукаць.

Цяпер Рыгору былі зразумелымі паводзіны Ганны, калі яна знарок наведала яго мацеру і гэтак цёпла абышлася з ёю. Зараз было ясна, чаму яна гэтак клапатліва чакала яго, а, стрэўшыся,— пайшла ў шэрагах маніфестантаў. Вось-вось яна ўся — у гэтых клопатах пра яго, у зацікаўленасці стрэчамі з Артурам і Міхасём Камаром.

— Я ўспомніў, Ганна,— перарваў зацяжную маўчанку Рыгор,— гэта ж ты была ў Сілцах. Дай я табе падзякую за тваю ўвагу да мае старое.

Рыгор прыхіліў Ганну да сябе і надарыў яе пацалункам.

Гэта было для яе нечаканым і разам з тым надзвычайным.

Надзвычайным і глыбока дзіўным, бо нішто не паказвала гэтага. Ганна ўверана глядзела на Рыгора, як бы супроцьстаўляючы сваю праназаватасць яго востраму ўзроку. І год нябачаны Рыгор вырастаў перад ёю ў мілы, зачароўваючы вобраз. У ім збіраліся Ганніны пераблытаныя надзеі, за ім разгортваліся заманчывыя перспектывы. Але тут жа, побач, Рыгор здаваўся халаднаватым і сухім. Прынамсі, у ім не знаходзіла Ганна таго, што б дазволіла ёй паспавядацца яму ад душы. Намякне возьме пра што-колечы гэткае, а той, бачыш, і не спадабае.

Рыгораў пацалунак вярнуў дзяўчыну да поўнага давер’я.

— Ты ведаеш, Рыгор, як я па табе сумавала. Я не знаходзіла выйсця ў сваім жыцці і не цікавілася яго будучыняй... Той вечар, калі я наведала цябе па слядах першага спаткання, той вечар акрэсліў усё... Я не злавала на цябе, застаўшы разам з Наталяй; я даравала пазнейшыя непрыемнасці і болі; я толькі не даравала аднаго — гэта немагчымасці цябе замяніць другім... Разумееш ці смяешся?

Ганна апусціла вочы. Ціха выказаныя думкі рабілі шолам, гудзелі ў вушшу, і навостранасць у чаканні Рыгоравага слова — навостранасць была таней валаска. Вось-вось плаўкі зык, пушчаны з мілых, гарачых вуснаў сябра-таварыша кране па ім і...

— Што б я ні сказаў, гэтага будзе мала...

Другі пацалунак ажывіў яго словы.

У гэтым пацалунку крылася тое, за чым адчынялася поўнае ўзаемнае паразуменне далейшага.

Адчуваючы гэта, яны спакойліва пайшлі настрэчу адпачынку.

Квадра ІІІ - КРЫЖАВЫЯ ДАРОГІ, ЧАСТКА ЧАЦВЁРТАЯ · 6 min de lecture

VI

Назаўтра была нядзеля. Ужо зранку горад жыў пад уражаннем маніфеста пра вайну. Па напаленых сонцам тратуарах тупалі тысячы пецярбуржцаў, пераказваючы апошнія навіны. Яны, гэтыя навіны, далей адсякалі ўсякую няяснасць, розныя падзеі і сумненні. Вайна санкцыянавалася подпісам «божага памазальніка». Вайна ўзаконьвалася воляю таго, каму пакуль не кінулі пакарацца мільёны. Вось іх, гэтыя пакорлівыя мільёны, ап’янены крывёю сатрап, з «божым імем» на вуснах, блаславіў на бойню.

Кожны, чытаючы белыя лісты на сценах камяніц,— не быў упэўнены, што «божая міласць» не падставіць яго грудзей пад кулю. Суворая сапраўднасць трымала пецярбуржца ў душным горадзе. Адны з іх вылічвалі гады, успаміналі час прызыву і абмяркоўвалі планы далейшага жыцця іх сем’яў, другія будавалі намеры, вывучалі абставіны і падрахоўвалі будучую нажыву. Гэтыя апошнія з асалодаю чакалі моманту, калі з балкона Зімняга палаца «самадзержац усерасійскі і прочае» пачне чытаць маніфест «сваім вернападданым», першыя пасылалі праклёны крываваму «благавернаму» чытальніку.

Рабочыя аколіцы назбіралі класавую помсту.

Рыгор выходзіў ад Ганны а дзесятай гадзіне раніцы, умовіўшыся чакаць яе на Каменаастроўскім, каб пайсці вечарам у оперны тэатр Народнага дома. У яго не было думкі выязджаць за горад.

Агульны настрой жыхарства, ахапіўшы Рыгора на вуліцы Пецярбурга, рабіў гэты дзень цікавым і памятным днём. Рыгорава чуласць да агульных сутрасенняў надавала яму вострасці ў перажываннях бягучага моманту.

Едучы з Пад’ячаскай на Выбаргскую, ён уважліва прыслухоўваўся да кожнага жывога гуку, да маленькага шораху.

Яркая сонечная пагода не скрашала яго чакання тых ці іншых надзвычайных водгукаў на абвяшчэнне маніфеста. Грамадкі гараджан, растыканыя па баках вуліц, каля белых квадрацікаў паперы, выглядалі ў Рыгоравым ваччу знаёмымі вешчунамі вялікіх падзей.

Пераязджаючы Малую Няву і пазіраючы на срэбра вады, ён бачыў яе застыглы спакой. Як і ў кожны дзень, шныралі па яе прасторах шутаўскія лёгкія параходзікі; яны пярэсціліся букетам святошняе публікі. У Пятроўскім парку — кішмя кішэла людзьмі. З гікам і піскам падкідаліся высока ўгору качэльныя лодкі. Памерна круціліся скрынкі на карусельным калясе. Заліхвацкі зырылі бубны і гудзелі медныя трубы аркестраў. Сярод людзей блыталася ранейшая колькасць бяспечных салдат.

«Няўжо іх не кратае жах вайны? Або ўжо яны перадумалі маніфест, перабалелі яго сутнасць і вярнуліся да бягучых спраў?» — падумаў Рыгор, цяпнуўшы плячыма.

Кватэрная гаспадыня сваім настроем крыху выясніла гэта.

Стрэўшы Рыгора на парозе ў кватэру, яна ў упор праказала да яго:

— Цяпер ужо вайна — факт... Гуляй і думай пра заўтрашняе.

— Так! Гуляй і думай пра заўтрашняе!

— А цару — хоць бы што: падпісаў і на трон,— дадала яна.

— А вось людзі маўчаць, мэрам так і трэба,— не даючы сабе адчоту, выліў Рыгор накіпеўшую злосць.

Гаспадыня паківала галавою і ўхмыльнулася.

— Людзі... што людзі... ёсць розныя людзі... Адным — вайна і слёзы, а другім — вяселле і пацеха...

У гэтым сказе простае кабеты, мяшчанкі-абываталькі, хавалася доля мудрае ісціны. Перад ёю спасаваў і Рыгор, спакойліва заўважыўшы:

— Так, Сарафіна Хлораўна, так; вы праўду кажаце.

— Або ж не так? Паспрабуй перайнач... Вось казалі ж людзі, якія маніфестацыі ўчора былі ў спагаду вайне... Нават быццам бы якіясьці падстаўныя рабочыя прымалі ў іх удзел... Так... мо ж чулі, колькі трухаў прайшло мінулаю ноччу?

Рыгор паціснуў плячыма:

— Не чуў!

— Заўтра пачуеце...

Гаспадыня трымалася стаічна, і словы з яе вуснаў ліліся, як з якогасьці бяздушнага механізма. Яе абыватальскі спакой і спакойная аднакавасць моташнілі Рыгора.

Схаваўшыся ў сваім пакоі, ён чуў, як за дзвярыма далей гудзеў голас бесклапотнае гаспадыні. А ў гэты час за сценамі дома, у агромністым горадзе, па ўсёй вялікай краіне насіўся крывавы віхор вайны.

— Да мяне ніхто не наведваў, Сарафіна Хлораўна? — запытаў Рыгор гаспадыню ў прачыненыя дзверы.

— Вас?.. Ой жа, ой, даруйце-э, Рыгор Міхасевіч вось вам пісулька. Утрапёная я баба... Сапраўды, з доўгімі касамі, а з кароткім розумам. Загаварылася, стрэўшы вас, а экстранае справы... Дзяўчына якаясьці прынесла і вельмі прасіла тэрмінова перадаць...

Даючы выгляд вінаватай, гаспадыня рухава замітусілася па кватэры і хутка прынесла Рыгору пісульку.

— Я хацела запытаць вас, хоць і недарэчы, ці не былі вы на Дварцовым пляцы?

— Чаго?

— А маніфест слухаць... Цар жа меўся чытаць яго з балкона Зімніх палацаў... Усе-ўсе ішлі туды.

Гаспадыня чупырылася... Чытанне царом маніфеста мела на яе куды большы ўплыў, чым яго сутнасць.

— Н-ну яго з гэтым...

Рыгор не даказаў — не таму, што было неўпару і не на месцы, а таму, што, літары запіскі перабілі сказ. Ён, не зачыняючы дзвярэй, прачытаў нястройныя радкі дзявочага характару і раптам настаражыўся — запіска была ад Гэлі.

«Няўжо Гэля ў Пецярбурзе? Як то магло стацца?» — праказаў Рыгор уголас, і тут жа пачуў адказ гаспадыні:

— Я так і ведала, што гэта ваша знаёмая. Але, даруйце мне, ад яе нясе падазронасцю.

Рыгор на гаспадыніны словы нічога не адказаў. У пяць хвілін ён пераадзеўся і пайшоў да назначанага Ганне месца.

Яго думка мігам вярнулася на кватэру, дзе Сарафіна Хлораўна збіралася ісці на Дварцовы пляц.

Сарафіна Хлораўна — адна з тысяч філасофак звычайнага непарушнага бытавання. Вось табе ўзрокі на вайну, вунь табе адносіны да маніфеста, а побач думкі пра няведаную ёй дзяўчыну. Чым то Гэля паказалася ёй падазронаю, цікава? Ха-ха-ха! Няўжо яно... «Але я вазьмі і не распытай гаспадыні, што ж Гэля сказала, падаўшы пісульку? Адкуль і як яна трапіла да мяне?»

Эпізод з Гэлінай запіскаю аднімаў Рыгораву ўвагу, пакуль ён не дайшоў да Каменаастроўскага. Яго не перабіла нівошта, хоць на рагу Дваранскае Рыгор найшоў на громкі крымінал з непакорным пасажырам трамвая. Паліцэйскі нахабна тузаў сярэдніх гадоў чалавека, свістаў камусьці, а вакола гукалі зусім неласкава для гарадавога. Праўда, тут не мелася сувязі з ваенным настроем. Рыгор прыкмеціў гэты настрой, калі падблізіўся да Троіцкага моста. Тут было відаць, як гушчы людзей плылі ўзад і ўперад праз гарбатыя пралёты моста.

— Рыгор, сюды-і! — пераняла яго Ганна.— Задумаўся-а нечага? Мо зноў нядобрая навіна? — дадала яна.

— А і то — навіна,— ухмыльнуўся Рыгор.

Ганна змяніла міну — навіна не абяцала быць непрыемнай.

— Кажы пра яе...

— Во,— Рыгор дастаў з кішэні Гэліну пісульку.

— Зямлячка прынесла, Гэля,— ёсць такая... Неспадзявана — і таму загадліва.

— Чаму загадліва?

— Таму, што зусім нядаўна я спаткаўся з ёю ў Смагіне, а гэта ўжо яна тут... Але пабачым далей, а цяпер — пойдам у Народны.

— Так... Ну, ты ж ведаеш, што там за опера?

— Здаецца, ці не «Тарас Бульба»? Ды аднакава... Важна...

Рыгор не дасказаў, у чым хавалася гэта «важна». Цяганіна з білетамі, за якімі яму прыйшлося стаць у чаргу, перабіла думкі.

Калі яны ачуліся ў фае, Рыгораў настрой вачавідкі падняўся і расхваляваў яго нутро. У тэатр сабралася процьма багатае, шыкознае публікі, якая не па моманце выглядала бяспечнай і самадавольнай. Элегантныя вайскоўцы выгіналіся перад расфуфыранымі панямі, заліваліся робленым смяшком. За сценамі будынка яны хаваліся ад усяго таго, што было страшнага і праступнага ў царскім маніфесце.

Раззіраючы навакол, Рыгор карцеў жаданнем выкінуць якую-колечы штуку, хоць блазенскую, недарэчную, але такую, якою можна было заставіць вось гэту плойму адваротных яму людзей замітусіцца, уз’юшыцца, пачуць, што ў іх пад нагамі — не цвёрда. Шэраг казачных камбінацый мігнуў у яго думках, завярцеўся ў шалёным лёце...

— Хадзем, хадзем, ужо трэці званок,— перабіла яго Ганна.

На іх хлынуў гулкі, порсткі натоўп гледачоў і панёс з сабою напрамкам да ўходу ў глядзельную залу.

Яны не паспелі знайсці месца, як агні пагаслі і ў глыбіню агромністага прастору будынка прагудзела:

— Марсельезу-у-у! Марсельезу-у-у!

Адзіны гук хутка зліўся с цэлаю гамаю настойных вымагальных крыкаў да аркестра, каб той прайграў марсельезу, як рэвалюцыйную песню. Крыкі верхняга яруса запоўніліся рэдкімі выгукамі ў розных канцах тэатра.

У адказ на іх — аркестр дэманстрацыйна зайграў «Божа, цара храні». Пранёсся беглы шорах па ўсёй зале, і партэр, амфітэатр ды першы ярус — падняліся як адзін. Выбухнула маніфестацыя за вайну, подых якое з прыходам у тэатр абдаў Рыгора гідотай.

Як стаяў, ён увесь закалаціўся ў пазыве абурэння і на ўсю сілу гукнуў: «Далоў вайну-у!» Яго выгук востра ўрэзаўся ў звонкі аркестр.

Ганна нервова тузнула Рыгора за крысо жакеткі і ўдала засланіла сабою з боку насупліва глянуўшага ў яго бок таўсцяка.

З пярэдніх месц азірнуліся ў іх бок каля дзесятка чалавек; іх вочы гарэлі жывёльнаю злосцю.

Рыгор незаўважана, паўз сцэну, прайшоў да выйсця ў фае і да канца іграння гімна ачуўся на трэцім ярусе.

Ён ужо праходзіў да свайго месца, як на ўспыхнутае святло ў тэатры паняслося з чацвёртага яруса новае дружнае — «Марсельезу-у! Марсельезу-у!»

Святло зноў пагасла, ды гукі не змаўкалі. Аркестр зацягнуў «Марсельезу», і ёй настрэчу хтосьці прагукаў Рыгораў лозунг: «Далоў вайну-у-у!»

Рыгор зычна запляскаў у далоні.

Ганна тузанула яго за рукаў.