SommaireСокі цаліны
Квадра ІІІ - КРЫЖАВЫЯ ДАРОГІ, ЧАСТКА ЧАЦВЁРТАЯ · 7 min de lecture

VII

— Гэта ж трэба, цэлым тыднем не даць пра сябе жаднае весткі... Я ўсё чакала, што авось наведаеш, авось кінеш адкрытку, а ты...

— Перша давай прывітацца, а тады ўжо будзем ушчуваць... Якая ты, Ганна... Ласне можаш вымеркаваць, каб усё ішло па плану... Думаў ужо, што чацвяргом абавязкова зайду, а, тым часам,— навярнулася сходка і затрымала... Тады адклаў на сёння...

— А я, паверыш, трывожылася за цябе... Колькі розных думак перабрала... Усё ж, па-мойму, ты неасцярожліва трымаў сябе ў тэатры... Ці ж гэтым згрозіш каму...

— Згрозіш... Ха-ха-ха! Няхай паслухалі... Задумаецца, каму трэба...

Ад пункта сустрэчы на рагу Вазнясенскага яны прайшлі да Пад’ячаскай і завярнулі налева.

На вуліцы было ціха і цемнавата. То насустрач ім, то абганяючы іх, хадзіла шмат пешаходаў, болей жанчын. Зрэдку чуліся гучныя пярэклікі, лаянкі і піскі.

— Тут шмат жулля і...

Ганна ўскорыла хаду.

— Ты спяшаешся, каб не спазніцца? Яшчэ ж дзевятая толькі. Напэўна ж, Камаровы чакаюць? — праказаў Рыгор.

— А ласне яны ведаюць, што мы зойдзем сёння?

— Не ведаюць? А я ж думаў...

Яны ачуліся на Нікольскай. Якраз прабег трамвай і ажывіў сваім гукам маўчлівы квартал. З-пад перакіднога мосціка праз Фантанку глядзела некалькі сіняватых газавых ліхтароў.

Ганна, падняўшы галаву ўгору, прыглядалася ў вокны будынкаў. Яе хада зацішала. Рыгор патвараў.

— Вось, глядзі, на чацвёртым паверсе пара асветленых вокан? Гэта якраз Камарова кватэра. Пераходзім на правы бок...

— А ці варт сёння ісці да іх?

— Ну, ты ж ехаў знарок...

Хутка яны апынуліся ў дзвярах. Ганна першаю пайшла па ўсходах. Рыгор адставаў. Да чацвёртага паверха ён адстаў на два пралёты і нагнаў Ганну, калі перад ёю ўжо былі адчынены дзверы ў кватэру Камара.

— Нешта цяжка мне даюцца вашы паверхі,— праказаў Рыгор у цёмны калідор кватэры.

— А як жа я — кожны дзень па некалькі разоў,— адказала Ганна.

— Ото ж і тое...— дадала жаночая асоба, стоячы ў ценю за дзвярыма.

— Мой Міхась штораз, калі ўзыдзе наверх, праклінае і ўсходы, і дом, і людзей, якія яго будавалі... Чамусьці не любіць, ды годзі... Па мне ж, хоць бы што...

— Ну, убачайце, мы без попыту промся ў дзверы...

Рыгор прыпыніўся і прытрымаў за руку Ганну.

— Ці хоць гаспадар удому? — запытаўся ён.

— Дык жа чакаем, напэўна, вас... І Артур Цвібель разам...

На іх гутарку адчыніліся дзверы бакавое каморкі і з іх прасунулася галава мужчыны. Рыгор кінуў да яе востры, напружаны ўзрок, але не знаходзіў знаёмых, памятных рысаў. Выцягнуты твар з французскаю рыжаватаю бародкаю, з высокім ілбом, худым доўгім носам і заўпалымі шчакамі не перадаваў ранейшага Міхася. Няўжо і ён паспеў так змяніцца? Ці, магчыма, Рыгор згубіў з памяці яго рысы?

Пераступаючы парог у каморку і наблізіўшыся тварам да твару Камара, Рыгор улавіў арыгінальнасць і плаўкасць Камаровага ўзроку, яго заўсёдашнюю ні то сяброўскую, ні то іранічную ўхмылку, скрадзеную тонкімі губамі і ўпаласцю шчок.

— Рад бачыць свайго вучня,— прывітаўся Камар.

— Не меней рады стрэцца са сваім настаўнікам,— адказаў Рыгор.

— А мы ўжо і надзею згубілі вас дачакацца. Праз увесь тыдзень чакалі — авось прыйдуць, авось... Мяне тады Ганна так заверыла, што я думаў назаўтра ж вас бачыць у сябе...

— Цяпер такая пара, што і на гадзіну наперад не ўгадаеш,— падаў Артур.

— Так, пара бурлівая... Ці думалі мы, памятаеце, хлопцы, пра гэта ў Рызе? Ніколі. А зараз... Але сядайце, вось... Бярэце хто крэсла, хто на канапцы...

Камар увіхаўся каля гасцей, перастаўляючы з месца на месца крэслы і прымаючы ад іх галаўныя ўборы.

— Яшчэ ўсё не ўсталяваліся акурат. Пакуль агойтаешся — час імчыцца... А з банка не возьмеш...

— Міхась! — пачулася з калідора,— хадзі сюды...

Камар у пару хвілін выбег з пакоя і звярнуўся назад...

— Прызнавайцеся, хто галодны? — запытаў ён.— Та жонка, вось, яешню згатуе ці што-колечы з мяснога...

— Да не, не, не! — у адзін голас зааднекваліся Рыгор, Ганна ды Артур.

Камар крыкнуў у неадчыненыя дзверы — гарбаты! — і стаў перад гасцьмі так, каб бачыць усіх траіх.

— Я здаволены, што нас доля зноў сабрала разам... Праца і змаганне да таго збліжаюць людзей, што цяжка, бывае, расстацца... Калі, вось, цябе, Рыгор, заарыштавалі, я проста занудзеўся... Хоць мы і разыходзіліся ў поглядах, аднак — то ў дробязях, а мэты нашы — роўныя... Няпраўда, мо?

Рыгор ухмыльнуўся і гэтым заставіў Артура з Ганнаю павярнуцца да сябе, а Камара — настаражыцца.

— Не згодзен? — запытаў Камар.

— Згодзен, але не цалкам... Я прыпамінаю нашу сходку і вашу асцярожлівасць наконт забастоўкі, памятаеце? — адказаў Рыгор.

— Тады ты быў не праў — здарэнні паказалі. Няхай, вось, Артур скажа.

— Гэта з якога боку судзіць,— падаў той.

— З усіх бакоў, таварышы...

Камар прайшоўся па пакоі, азадачаны Артуравым адказам.

— Не, з усіх, хлопцы; дарэмна вы ўпіраецеся... Палезлі б напралом — было б крыві па калені...

— Без гэтага не абысціся... Болей крыві не пральеш, чым яе вымагае вайна. А, між тым...

Камар задумаўся і некалькі памаўчаў.

— Часамі патрэбна і вайна,— уверана праказаў ён.

— Каму? — перанялі яго ў адзін голас Рыгор з Артурам.

— Ды хоць бы нам, рабочым... Хто не глядзіць у сутнасць рэчаў, той гэтага не разумее... Нямеччына здаўных імкнецца закабаліць Расію і гэтаму трэба зрабіць канец... Вайна апраўдваецца гістарычным і сацыяльным развіццём нашае краіны...

— Нават так?..

У Рыгоравым голасе задрыжалі ноткі абурэння. Ён моцна сціснуў кулакі, пусціў злосную міну па твары і падняўся з месца. Бачачы гэта, Ганна настарожліва сачыла за яго паваротамі.

Відаць было, што Камарова гутарка хапіла Рыгора за жывое.

— Дык вы па слядах нямецкіх сацыял-дэмакратаў? І, магчыма, разам з іншымі маніфеставалі за вайну?

Вострасць гэтых пытанняў, рубам пастаўленых Камару, Рыгор не лічыў надмернымі і недачаснымі і вызоўна чакаў на іх адказу.

— А, думаеш, нямецкія сацыял-дэмакраты не правы? Што ж, браце, па-твойму, для рабочага не павінна быць дарагою яго радзіма? Яны не кайзера бароняць, а заваяваныя імі вольнасці... Перамажы расійскае самадзяржаўе — тады ланцугі няволі патаўсцеюць удвойчы. І парламент, і агульнае, тайнае права выбараў, і свабода саюзаў — усё паляціць да чорта... Тое і з намі: пераможа Нямеччына — прускі бот растопча нас, як чарвяка. Мы не павінны быць калоніяй нямецкага капіталу...

— Ха-ха-ха! Артур, чуеш?

Рыгор зрабіў некалькі крокаў да Камара, ажно той паправіўся на месцы.

— А вы, дзядзька Міхась, вельмі пакахалі путы роднага капіталу. Вы хочаце будаваць краіну пагоджана з памешчыкамі ды генераламі радзімага пахаджэння. Ганьба! Я не чакаў ад вас гэтага, таварыш Камар. Ніколі. Замест аднакава суворае вайны з нашымі, гэтак і з нямецкімі ды французскімі капіталістамі, бюракратыяй і памешчыкамі ды з сістэмай капіталізму — вы агалашаеце грамадзянскі мір. Цікава, калі вы сталі гэткім заядлым патрыётам? Ці не натхніў толькі вас цар чытаннем маніфеста пераднародня? Не чакаў, не... Знача, па-вашаму, усе збірайцеся вакол прастола цара-бацюшкі і нішчыце праклятага кайзера... Ну і ну! Н-ну — і... Не чакаў, кажу вам...

Пакуль Рыгор казаў, і Камар і Артур спрабавалі перабіць яго сказы сваімі ўстаўкамі, але ён паднімаў голас і глушыў іх.

Для яго не было змякчаючых даных для Камара. Апошні стаяў перад Рыгорам у новым вобразе, за якім хаваўся акрэслены, выпуклы і адваротны Рыгору змест. Гэты змест цьміў сабою ўсё тое, за вошта Рыгор хапаўся, будучы павінным Камару. Пачуццё прыязні, бліснуўшае на Рыгора пры першым прывітальным слове з боку Камара — зараз знікла. Камар быў для яго чужым і далёкім чалавекам. Нават абставіны — пакой з усімі яго атрыбутамі, пачаў выглядаць беспрытульным і варожым. Яго паветра давіла і замыкала Рыгоравы гартань ды вусны. Хацелася зараз во безумоўна і дэманстрацыйна рушыць з месца і выбрацца за сцены Камаровай кватэры.

Рыгор пад уплывам гэткага настрою павярнуўся да акна і доўга не зважаў на спробу Камара працягнуць спрэчкі, увесці ў іх большае тлумачэнне і абкругленне руб. Ён скланяў на ўсе лады гучныя словы, як «рабочыя інтарэсы», «вярнейшы шлях», «да перамогі працоўных», «ідэалы будучага».

Для Рыгора яны мелі зусім танны эфект.

Было вачавідкі адно — атрутная хвароба буржуазна-мяшчанскага патрыятызму ўлілася ў нутро акрэсленага кола рабочых. Ці то недасканалае ўразуменне асноўных прычын сацыяльнага развіцця грамады, ці то пахіл у бок дробнабуржуазнага светаадчування — адно з двух збочыла іх з правільнага шляху. І гэта — была бяда. Гэта дало магчымасць на нейкі час затармазіць рост рабочага нездавальнення вайною. «Урад пастараецца выкарыстаць гэткіх Камароў для сваіх інтарэсаў»...

— Ганна, а ці нам не пара пайсці? — запытаў Рыгор сярод настарожанай маўчанкі.

— Так, вам усё роўна не вырашыць сёння закранутага пытання. А часу, во — каля дванаццатае.

Яна паднялася і падбегла да акна.

— А табе ж ехаць блізкі свет!

— Паспееце, чакайце-э, хоць вып’ем гарбаты,— пераняў Камар.— Арына, што ж у цябе гэтак марудна? — прагукаў ён у дзверы.

У дзвярах паказалася Камарова жонка.

— Я даўно гатова, ды ўсё вас чакаю. Калі ласка, нават падагравала ўжо самавар. Ці ж вас дазавешся? Быццам які клуб, або што... Га-га-га! Ту-ту-ту... Ідзіце ж...

Гаспадыня заківала галавою і пайшла ў суседні пакой. Камар гасцінна паказаў рукою ўслед жонкі, запрашаючы гасцей.

Артур першым накіраваў за гаспадыняй.

— Ідзі-ы, ідзі-ы, Рыгор! Гарачая гарбата любіць гарачых людзей... Бачу ўсё ж я, што ты ні каліва не змяніўся за гэты час... Як прысак — так што і пышаш, і пышаш... Скажу, ведаеш,— Камар патрапаў Рыгора па плячы: — па-старому, магчыма, у наш час патрэбны і падобныя табе людзі. Ну, а я — я ўжо закарчэў на сваіх поглядах і болей ні з месца.

Рыгор нічога не адказаў. За сталом ён таксама маўчаў, несхаця п’ючы нясмачную яму гарбату. У яго нутры ўзрастала палкае хаценне мігам перанесціся ў іншыя ўмовы, напаткаць іншых, блізкіх сабе па настроі людзей і кампенсаваць гутаркаю з імі пачутае ад Камара. У гэтым настроі Рыгор паспеў усяго дапіць шклянку гарбаты, пасля чаго рашуча і настойна дамогся пакінуць застолле і пайсці з Ганнаю ад Камара.