ІІ
Васіль бачыў, калі Сёмка вывеў Зосю з сянец, бачыў таксама, як выйшаў і Рыгор, але нічому гэтаму ён не мог паперашкодзіць, а таму зрабіў выгляд, быццам гэта яго і не цікавіць. «Што за наўда? Вось выйшаў, пройдзе з ёю раз-другі на дварэ ды зноў вернецца ў сенцы... Ды ці пойдзе яшчэ Зося з Рыгорам? Нябось, бацька так нашколіць за гэта, што толькі сцеражыся. Чаму ёй не знаць гэтага, — знае, добра знае. Нічога, нічога...» — супакойваў сам сябе Васіль.
Тым часам мінула з гадзіну, а ні Сёмка з Зосяю, ні Рыгор не варочаліся. Васілю гэта стала рупіць і неспакоіць...
— А можа і мы пройдзем крыху? — запытаў ён у Янкі.
— Куды пройдзем? — перапытаў той.
— Ды вось... ведаеш... бач, я хацеў бы яшчэ сённі бачыць Зосю.
— Ці ж яна не вернецца?
— Вернецца... толькі...
У гэты момант у сенцы раптоўна ўбег Сёмка. Жывы, вясёлы, ён, як заўсёды, унёс ажыўленне сваімі жартамі і частушкамі.
Васіль кінуў першы план, змоўк, зрабіў сярдзітую міну на твары і задумаўся: «Дык, значыць, тут-такі хітрыкі». Злосць закіпела ў яго нутры, як кацёл на жары; ён перакусіў бы, здавалася яму, засаб — Сёмку, Петруся і Рыгора. Не здабраваць бы нізашто і Зосі: выходзіць, што яна насмяялася з яго... «Эх, зараза!» — вылаяўся ён і, будучы не ў сіле ўстояць на адным месцы, прашнураваў туды-сюды разоў з пяць сенцы і падышоў да Янкі.
— Янка, дык хадзем.
— Вось не ўрымсцішся, — насмешліва адказаў Янка.
— А табе не ўсё роўна?..
— Вядома, што не ўсё роўна: я хацеў бы таксама з тым-сім угледзецца, — дабавіў ён.
— Ну, то як сабе хочаш, — захванабэрыўся Васіль і зрабіў некалькі крокаў ад Янкі да парога.
— Чакай, чакай, не злуйся ўжо так: і я іду, — супыніў яго Янка.
Васіль павесялеў і, узяўшы таварыша пад руку, выйшаў з ім з сянец.
Гэтае іх вазганіны ніхто не прыкмячаў, бо кожны меў сваю справу; толькі адзін Сёмка, як шпіён, сачыў за імі і так цешыўся ўнутры, што не мог стрымацца, каб не сказаць Петрусю і Гэлі. Яны ўтраіх толькі і правялі сваімі ўзрокамі Васіля з Янкам з сянец. Гэта Васіль заўважыў і ўжо з-за вушака азірнуўся на сенцы ды пусціў брудную лаянку.
— Ведаеш што, Васіль, — загутарыў Янка, калі яны выходзілі з двара.
— А што?
— Толькі хай мы іх стрэнем, ты падыходзь, нічога не кажы і... бяры Зосю падпахі ды ідзі... Не зачэпе! А зачэпе — будзе каяцца...
— А ты думаў што! Толькі б, адно, дзе іх спаткаць, тады б не стаў цырымоніцца ні каліва, ні беднага; а слова адно наперакор прамовіць, зразу бацну ў морду, — пахваліўся Васіль. — Толькі кудэма нам ісці, каб стрэць іх?
— Пачакай толькі: ці пахіліць нам спярша на Яўрэйскі перавулак, потым на Здобінскую вуліцу, га? — ні то парадзіў, ні то запытаў Янка.
— А давай! — згадзіўся Васіль, і яны павярнулі направа.
Ішлі спешна, бадзёра, адхіліўшы на тылак шапкі і расшпіліўшы каўняры; нападаючы на каменні ці абсацам камаш, ці канцамі палак — толькі стук пускалі вакол. Васіль увесь ажно пыхаў ад прагнага хацення чымсь барджэй сустрэць Рыгора з Зосяю і раз назаўсёды адвадзіць яго ад яе...
«Ну, і задам жа я сукінаму сыну. Найду з чым прычапіцца!» — весяліў ён сам сябе.
Але, як на злосць, праходзілі яны вуліцы і перавулкі, зварочвалі ў глухія завулкі, рабілі пярэсцігі, хітравалі, а нічога не выходзіла. То сям, то там спатыкалі парачкі, якія ці ішлі, ці сядзелі; або Янка, або Васіль углядаліся ў твары, пазнавалі, давалі добры вечар, пытаць жа аб Зосі з Рыгорам не хацелі...
Васіль рабіўся сам не свой; ён кіпеў ад злосці, як смала ў гаршку; сярдзіты быў на ўсіх і ўсё, а болей на сябе самога ды на Янку.
— Калі бо ты, Янка, многаму напсаваў: я прасіў цябе выйсці трохі раней, а ты ўсё марудзіў, — папракнуў ён таварыша.
— А ты думаеш, тады дык зразу нагналі б іх? — занедаволіўся Янка.
— А можа.
— Што — можа, — перабіў яго Янка, — ласне ўгадаеш, дзе яны, — чорт іх ведае; ты думаеш, — а мо і дамоў пайшлі...
— Усё можа быць! — супакойваючыся і зміраючыся, праказаў Васіль.
— Ну, вось, бачыш: нічога не парадзіш; астаецца і нам ісці дамоў... Ты яшчэ сваё нагоніш, не патурай, — угаворна махнуў рукою Янка. — Ідзем лепей дахаты.
— Такі і хадзем... Ну і шчасце яго, што не ўдалося злавіць. Усыпалі б добра, ведаў бы другі раз, — пагразіўся Васіль. — А як, бок, ты думаеш, Янка, — запытаў ён, — а калі дойдзем з ім да бойкі, возьмуцца за яго таварышы?
— Вось дзіўны які! На самы перад Сёмка з Петрусём, а там, бадай, і ўся хэўра. Іх многа, дэмакратаў гэтых. Браце, з імі цяжкавата справіцца... Ну, але ж можна злавіць дзе-кольвек і аднаго Рыгора...
Янка сказаў гэта зусім ціха, толькі з прыціскам і так уверана, што ў Васіля закраўся нейкі страх чапаць Рыгора; і тая адвага, што дагэтуль п'яніла яго зверскае пачуццё і бурна кішэла ўнутры, пачала слабець, астываць.
«Яно, бадай, і праўду кажа Янка, — паразмысліў Васіль. — Зачапіць яго, гэта паставіць голаў пад дэмакрацкія кулакі. Трэба як-небудзь іначай хітраваць».
— А праўду-такі ты кажаш, Янка, лепей не варта ўздымаць гэтай гісторыі, а то з-за няма нічога толькі сораму наробіш. Гатовы яшчэ так, як і ў пятым годзе, страляць з леварвера, і што ты з імі зробіш? Вось прыехаў з горада — можа і леварвер прывёз з сабою. З такімі жарты малыя. Толькі вельмі крыўда за тое, што, як наперакор яшчэ, стараецца, сукін сын, насмяяцца з цябе. І павінен жа добра ведаць, што нічога яму не выхадзіць ад Зосі, а то-та ж пражэцца: дагэтуль лісты увесь час пісаў, а цяпер з першага дня ўжо і на спацыр. А гэтая дурніца таксама слухае яго. Не, тут толькі і можна дзейнічаць праз бацьку, інакш нічога не выйдзе...
— Вядома, вядома, што так; вінавата многа і Зося: не пайшла — сілаю не пацягнуў бы... Так, на бацькоў трэба ціснуць, — згадзіўся Янка.
— А гэтак-такі зраблю. Заўтра ж знарок убачу Міколу і аба ўсім пагутару. Няпраўда, бацька сваю волю пакажа ёй, — быццам найшоўшы поўную разгадку ўсім сваім сумненням, весела і спакойна заключыў Васіль.
— Так, а чаго саромецца, — падахвоціў Янка.
З гэтай гутаркаю яны прайшлі добры кусок вуліцы; было ціха вакола, ажно чулася, як трапятала лісце на ясені... Раптам гэту ціш прарваў прарэзлівы піск катоў.
— Цьфу, каб на вас дохлую, — вылаяўся Янка.
— Яна на ўзнарок!
— Хай яны падохнуць... Дык я чуў, што ты ў сваты наладзіўся да Зосі? — перайшоў на другую тэму Янка.
— Ну, а як ты парадзіш?
— Гэта, зразумела, твая справа. Тут цяжка што-колечы парадзіць.
— Гэтага, бачыш, не я хачу, а маці настае, ды дзядзька Хлор. А па-твойму, як здаецца: Мікола будзе гатоў?
— Не павінен адказаць... Па-мойму, ні за што не адкажа, — завяраў Васіль, — я гэта добра ведаю, бо яшчэ тыдзень таму назад я выпадкам забег да Зосі, а Мікола з Мартаю мяне за рукаў, ды ў хату, і як гасцінна прынялі! Марта, дык уюном так і ходзіць вакол мяне, ды, брат, зяцем празывае... І Мікола іначай не скажа: «Зяць, то-та, зяць, то-та». Сёння, таксама, выпівалі разам: я, дзядзька Хлор і Мікола. Гутарылі аб сватах, і Мікола — рукі растапырае.
Васіль гаварыў і смяяўся, махаў рукою, і, відаць было, што яму перадаваць быўшыя з ім здарэнні надта весела.
— Гэ, калі так, то лахва. Маладзец ты, — патрапаў Янка Васіля па плячы.
Чым больш Васіль гаварыў, тым вясёльшым рабіўся.
Што яму было да Рыгора? Рыгор для яго — смецце, не болей; нават ужо яму не хацелася сёння і спатыкацца з ім. Усе яго думкі і хаценні білі ў адну точку, у планы пра сваты. Яму раптам захацелася, каб скарэй перажыць сённяшнюю ноч, заўтрашнія дзень і ноч і дачакацца пазаўтрашняга дня. Васіль, здэцца, каб мог, то пагнаў бы час як можна хутчэй, у пераскок, у абмін непатрэбных яму дзён.
Янка, які ішоў побач з ім, выдаваўся яму зусім не тым, заўсёдашнім звычайным таварышам, Хвёдаравым сынам, з якім ён, Васіль, ужо болей дзесяці год таварышкуе, і што важна, праз увесь час не сварачыся і не гневаючыся, — а Янка стаў Янкам-братам, шчырым дарадчыкам, палавінаю яго самога.
У Васілёвым нутры абудзілася прагнае хаценне кінуцца яму на шыю і доўга-доўга, запойна цалаваць яго. Ён нават міжвольна намерыўся падняць рукі, каб ахапіць Янку, абняцца, але раптоўна спыніўся, астыў і праказаў:
— Глядзі, Янка, у аўторак нікуды не выходзь з хаты...
Яны параўняліся з Янкавай хатай, якая стаяла на ўзгорку за Цішкавай, абнесеная вузенькаю градою садку.
— Буду цябе чакаць, — суцешыў ён Васіля. — А тым часам я ўжо і дома, — кінуўшы ўзрок на сваю сялібу, дабавіў Янка.
— А ўжо позна? — запытаў Васіль.
— Я думаю, што позна, — адказаў Янка, — трэба ісці спаць.
І ён працягнуў Васілю руку.
— А я яшчэ... Дабранач! — паціскаючы са шчырасцю Янкаву руку, развітаўся Васіль.— Я па цябе ў аўторак зайду, — адышоўшыся на некалькі крокаў, гукнуў ён.
Янка ўжо гэтага не чуў, бо стаяў на парозе і бразгаў клямкаю ў дзвярах.
ІІІ
Назаўтра Рыгор прачнуўся а дванаццатай гадзіне дня і, калі расплюшчыў вочы, то ўгледзеў, што ў хаце нікога няма. Стол стаяў засланы белым абрусом з чырвонымі і сінімі каморкамі на краях. У мыцельніку, пад чысцюсенькім, надвое зложаным трапкачом, ляжаў касцёр блінцоў; на акне стаяў збаночак з малаком, прыкрыты ад пылу і ад мух беленькім драўляным кружочкам. Праз дваровыя вокны праглядала ў хату цёплае бліскучае сонца, і пукі праменняў яго рассцілаліся па зямлі, адзін пук ля печы, другі недалёка ад полу.
Рыгор падышоў к акну і паглядзеў на двор. На вуліцы кіпела местачковае жыццё. Ён раптам вярнуўся думкамі ў Рыгу, выявіў перад сабою размахі яе бурнага віравання і заключыў: «Якая непараўнальная розніца паміж горадам і мястэчкам. Фактычна, тут, у Сілцах, непарушны спакой, калі параўнаць яго з Рыгаю. Там, сапраўды, куецца зацятая барацьба між двума людскімі станамі».
Ён падышоў к мыцельніку, дзе старанна вымыў халоднаю вадою твар, выцерся палатняным ручніком і адчыніў акно.
— А гэта ж і маці тут сядзіць? — угледзеўшы на прызбе маці, праказаў Рыгор.
— Ты ўжо ўстаў, сынок? — запытала Стэпа.
— Не, яшчэ сплю! — пажартаваў Рыгор.
— Дык годзі спаць, уставай ужо. Пара абедаць, — у сваю чаргу пакпіла Стэпа і паднялася з прызбы ды павярнула ў хату.
— Ну, та ўставай, ды будзем абедаць; ужо, бачыш, за полудзень мінула.
Рыгор прайшоўся па хаце і пад уплывам бадзёрага настрою прадэкламаваў адрывак з «Жалезнае дарогі» Някрасава.
— Сядай, сыне, абедацьмем.
Рыгор усеўся за стол, на якім ужо стаяла яда.
Абедаючы, ён справіўся ў мацеры, ці не заходзілі да яго хлопцы. Маці дала даведку, што нікога не было; тады Рыгор перайшоў на другую тэму, пачаўшы распытваць маці, як яна жыла ўвесь час, калі яго не было ўдому, што перажыла, і як яе маецца здароўе.
Хоць Стэпа ў сваіх лістах да сына болей усяго і гаварыла аб сваім непачэсным жыцці, але зачэпленая сыноўскаю спагадаю за самае жывое месца, яна нанова ўсё, слова ў слова, нібы па-пісанаму, пачала апавядаць аб сваім жыцці на працягу апошніх двух гадоў.
Ніводзін трапунак, ні адна навіна Сілцоў не схаваліся ад яе, не выйшлі з яе памяці: усё Стэпа добра помніла і як па-пісанаму пераказвала Рыгору.
І ў яе апавяданні многа было выказана аб горы, недахватках і крыўдзе, якія неадходна сачылі за Стэпаю, гналіся за ёю па пятках. Стэпа ў чорных жалобных мулях абмалявала заўсёднае сваё галаданне, холад сіберных зім, які прыходзілася ёй перацярпець у неапаленай хаце, аб заўсёдных сварках за даўгі з Грышкам Кулём; не забыла яна, паміж гэтым, упамянуць і таго, што трапілася з ёю так тыдзень таму, калі Васіль Бераг адабраў ад яе дровы, аблаяў і яшчэ наштурхаў за няманішто...
Апошняе настолькі ўсхвалявала Рыгора, што ён ажно так і ўзгарэў.
— Як? Васіль Бераг... смеў чапаць старую кабету? Ах, злодзей, ах, паскуднік няш-ш-часны-ы... Н-ну-у, распл...
— Ша, ша, сынок, ліха яго вазьмі. Ты з ім не займайся... мала што; ён нямоцна, — супакоіла сына Стэпа, — не ў гэтым, Рыгорка, рэч... Гэта толькі маленькі прыклад... Увогуле, сынок, так крута прыходзілася, што выказаць нельга.
Яна палажыла на стол лыжку і прадаўжала апавядаць:
— Прыйдзеш, бывала, з падзёншчыны, сядзеш у запечку, абапрэшся галавою аб печ і зацягнеш думкі, бесканечныя, заблытаныя, цёмныя і адваротныя. Галава ажно трашчаць пачынае ад іх і, здаецца, вось-вось расколецца на дзве палавіны — і тут табе каюк. Вядома, што ж за дзіва, калі адусюль пралазіць гора, смяецца і скача... А к гэтаму яшчэ адна-аднюсенька вакол: здэцца і зайду сягды-тагды да каго-небудзь, сям-там сустрэнуся з кім — і хоць бачыш і ведаеш, што гэта людзі, такія ж як і сама, але паткніся да іх са сваім горам, дык хто цябе выслухае? Хто захоча цябе суцешыць, калі ў кожнага свой клопат за горла давіць. А, думаецца, хаця б хто выслухаў тваю споведзь і адно-другое слова ўцехі праказаў — ох, колькі б цяжару спала з плеч! Колькі б сілы прыбавілася б табе! Дык не — ніхто. І ўсё думкі свае я варочала к табе, пасылала іх з лёгкім ветрам, з хуткай хмарай. Сяду, бывала, у акне альбо на прызбе, прыгледжуся на маладых хлопцаў, тваіх таварышаў, і сама сабе кажу: якія ж шчаслівыя тыя мацеркі, чые дзеці жывуць пры іх заўсёды. У некаторых па трое, чацвёра, і ўсе пры хаце. А гэта — адным-адно дзіця, і з тым лёс разлучае, заганяе далёка ад вачэй. І як яму там паводзіцца: можа, няшчаснаму, трапляецца цэлымі днямі галоднаму і халоднаму ды неабмытаму быць, цёмныя ночкі пад адчыненым небам каратаць. Слухаю гэта, як чытае Сёмка ці Пятрусь твой ліст, і, хоць чую, што ты пішаш, як і што ты там жывеш, а, дальбог жа, душа ўсё не хоча верыць, што праўду ты мне пішаш. Мне здавалася, што ты мяне толькі супакойваеш ды сцяшаеш, каб не апячаліць мяне, а сам зносіш там усякія крыўды. Ой, Рыгорка мой, сынок мой, як рада я твайму прыезду, як я шчасліва пацешыцца з цябе!..
Рыгор сядзеў моўчкі. Мо ў паўгадзіны раз апускаў лыжку ў міску, падносіў да рота і не чуў, ці браў яе ў рот, ці выліваў на стол. Усе яго думкі аддаваліся мацерынай споведзі, кожнае слова, якое Рыгор лавіў з неаслабяваючай цікавасцю. Ён незмігутна глядзеў у мацерын твар, ужо стараваты, пажоўклы і зморшчаны, з адбіткам вялікага гора, прынятага ў жыцці; сінія, сухія губы яе бессціхання варушыліся, а ўпалыя вочы час ад часу выточвалі буйныя, як каралі, і, як раса, бліскучыя слёзы.
Рыгору стала шкада мацеры. Але ён ведаў, што не ў гэтым тая дапамога, якую ён можа зрабіць. Не ў адной мацеры была справа. Сілцы мелі чым пахваліцца з гэтага боку. Вялікі процант местачковых жылі паўбабылямі, перакідаючыся з хлеба на ваду. Бедната на кожным кроку сустракала сабе насмешку з боку невялікай колькасці знатных гаспадароў-дзедзічаў. Апошнія заўсёды адкрыта пацвільваліся з падобных Стэпе беднякоў, на кожным кроку кідаючыся здзекам і пагардаю.
— Што ж зробіш, маці, — супакойваў Рыгор, калі Стэпа ад надышоўшай к горлу крыўды абарвала сваю аповесць, — што ж парадзіш, калі лёс ужо наш такі... Але ведай тое, маці, што нас многа-многа такіх... шмат больш, чымсь падобных Берагам... Прыйдзе час, калі ўсё пераменіцца. Хто быў нічым — той стане ўсім... Як пяецца ў нашай дэмакрацкай песні...
Сказаўшы гэта, Рыгор вылез з-за стала... Яму захацелася выйсці на прастор, у поле, пабыць там аднаму...
«Ды і Зося скора пойдзе ў лес», — успомніў Рыгор і пачаў збірацца.
— Чаму ж ты так мала еў?
— Досыць, маці, пад’еў.
— Куды ж ты думаеш пайсці, сынку?
— А вось думаю ў хвойнік прайсціся. Хочацца крыху ў лесе пабыць, падзівіцца полем, — адказаў ён. — Ды і што рабіць у мястэчку, а ў лесе хаця пасапу чыстым паветрам.
— А па-мойму, хай бы ты лепі, Рыгорка, астаўся ў хаце ды спачыў. Вось, можа, хлопцы прыйдуць... А ў лес ды ў поле яшчэ сумееш нахадзіцца, — папрабавала ўгаварыць яго Стэпа, поўная прагі глядзець і глядзець на сына, каб уволю нацешыцца ім...
— Ды я, ведаеце, і не вельмі ўтомлен, каб спачываць; спачыць яшчэ сумею.
— Ну, воля твая.
Рыгор сабраўся і павярнуў у дзверы.
— Та, хаця, сынку, не забаўся ў лесе, а прыходзь вячэраць, — папрасіла Стэпа, калі Рыгор пераступіў парог і ўжо ўзяўся рукою за клямку сенішніх дзвярэй.
— Ды так, на вячэру прыйду... А вось вы, маці, калі, часамі, зойдуць хлопцы, паведаміце іх, што я сёння ў Ліня буду, — папрасіў Рыгор і схаваўся за хатаю.