SommaireСокі цаліны
Квадра ІІІ - КРЫЖАВЫЯ ДАРОГІ, ЧАСТКА ЧАЦВЁРТАЯ · 6 min de lecture

VIII

Толькі стукнулі зачыненыя дзверы, як Рыгор адчуў заўважную перамену ў настроі. Мэрам бы ён скінуў з сябе нешта ліпкае і агіднае. Нават прытухлае паветра сходаў студзіла кіплівую злосць і разганяла адваротнае ўражанне ад Камаровай гутаркі.

Ён уподбежкі спускаўся ўніз, пакінуўшы Ганну ззаду на цэлы пралёт.

— Чакай, Рыгор!

Стук крокаў заглушыў яе перайманне, і Ганна нагнала Рыгора ў дзвярах.

— Ты дэманстрацыйна выйшаў з кватэры! Ці варта было гэта рабіць?

— Не мог, паверыш. Не мог! Калі я слухаў Міхасёвы развагі, яны мне дапаміналі гідкія выгукі патрыятычных маніфестацый...

— Чакай...

З процілежных дзвярэй выйшаў захутаны ў шубу кароценькі, квадратовы чалавек.

— Вы выходзіце? — запытаў ён пісклівым жаночым голасам.

— А ласне ўжо запёрты вароты?

— Нельга, бачыце, іначай... Я прабаваў пакідаць незапёртымі да першае гадзіны, дык, што вы думаеце? — бяды набраўся. На адным тыдні тры кватэры абабралі. А-і-ы-эй! Колькі развялося жулля — не дай ты рады! Людзі надзвычай распусціліся. Ні табе закону, ні табе боязні... Зламысніцтва вакола: ідзе, хай бы цішком прайшоў, дык не: стукае ў дзверы, а то паб’е ліхтар. Ці ж гэта па-людску?.. Наш раён асабліва распусны. Тут з цябе сярод дня здзяруць паліто, ці вымуць паралез... А паліцыі — з агнём не знойдзеш — баіцца таксама...

Дворнік знарок марудзіў, бразгаючы ключом у замку і бобам сыплючы недарэчнымі сказамі. Ганне не сцярпелася, і яна падагнала яго, хапіўшы за замок.

— Я зараз, барышня, зараз... Нешта зацяе ключ,— схлусіў дворнік і дарэчы паскардзіўся: — Да таго скнары, што і замка людскога не купяць... Пэўна спадзяюцца на дворніка. За дваццаць рублёў у месяц гатовы рамонту патрабаваць за мой кошт...

— І ў вас больш ніякага даходу? — пацікавілася Ганна.

— Ат... часамі трапіцца добры чалавек і перакіне саракоўку якую, ды ці ж гэта лічыць... дапамогай? Дом, куды добрыя людзі баяцца зайсці...

Апошні сказ збянтэжыў самога дворніка.

Каб перабіць магчымае на яго рэагаванне з боку Рыгора з Ганнаю, ён порсцей замітусіўся каля замка і пад’ехаў да іх з ільсцівай дарадай:

— Я б сказаў, што вам лепш пайсці налева: там і людзей нядобрых меней і трамвай пазней ходзіць...

Ганна падзякавала дворніку за дваіх і дала яму некалькі медзякоў.

На вуліцы Рыгор пацікавіўся:

— Цябе ён хіба ведае, што так гасцінна стрэў?

— Так ведае мяне, як і цябе. Натура ўжо такая... Чалавека не прапусціць, каб не нагаварыць яму бочку арыштантаў... Міхась казаў...

— Кінь пра Міхася...— перабіў яе Рыгор.

— Што за знянавісць да чалавека! Ты робішся загадкавым для мяне, Рыгор. Ну, а калі хто не згодны з тваімі думкамі, ці ж можна абняхайваць яго, як чалавека...

— Не ў гэтым справа, Ганна. Па-першае — чалавек пазнаецца па яго думках, па-другое, гледзячы, чые думкі ён выказвае і як іх выказвае. Міхасёвы думкі — варожыя мне, як рабочаму, а выказ іх — насмешлівы і здзечны...

— Я б не сказала гэтага.

— Ты сентыменталістка, Ганна.

— Адкуль ты ўзяў?

— Цябе не кратаюць класавыя супярэчнасці...

— Х-хі-ха-хі! Рыгор! Навошта завострываць там, дзе не трэба. І ты, і Міхась — абодва рабочыя... Абодвух...

— Ды не роўна служым рабочай справе...

Працяжны гучны званок трамвая, што выбег з-за рагавога будынка, спыніў іх размову і хаду.

— Бяжы, паспееш! — штурхнула Ганна Рыгора.

— Куды ж ён ідзе?

— Хоць трохі ды падвязе.

— Бывай... Чакаю ў нядзелю...

Ганна паматала хусцінкаю ў бок пабегшаму ад яе Рыгору.

Па ціхай вуліцы залапацелі частыя стукі яго крокаў.

Ужо важаты намерыўся да ад’езду, калі Рыгор хапіўся за слізкі жоўты прэнт дзяржання. З разгону яго правая нага моцна стукнула абцасам у бакавіну вагона.

— Асцярожлівей! — заўважыў кандуктар і ўмомант працягнуў руку да сігнальнага шнурка.

Рыгор стаў на задняй пляцоўцы і паглядзеў назад.

У бок трамвая ішла якаясь жанчына; аддаленасць не дазваляла ў ёй убачыць што-колечы ўсвойнае Ганне. «А між іншым, яна мусіла накіроўвацца гэтай дарогай».

Рыгораў узрок прабег па цёмнай сцяне будынкаў і выцягнуў з галавы дагадку: «Здаецца, Ганна жыве вось у гэтым...»

Трамвай рвануўся наперад і параўняўся з адасобленай, зусім невядомай Рыгору будынінай.

«Ганна, напэўна...»

Зложаная думка дзесьці выслізнула з яго адзнання і пакінула па сабе пустое месца.

Было дарэчы, бо халаднаваты ветрык, што дзьмуў насустрач бягучаму трамваю, прыемна студзіў Рыгораў твар, навяваючы салодкае заспакаенне. Яму захацелася нейкі час пастаяць так аднаму, бяздумна любуючыся мігаючымі начовымі вобразамі сталіцы.

Высадзіўшы голаў, ён лавіў узрокам трапяткія агні ліхтароў, цьмяныя палосы каналаў і пералівы ў іх туманлівых адсветаў агню. Чорныя купы садоў і гіганцкія цені будынкаў хавалі сабою адрыўныя выгукі запозненых галасоў, крокаў і паліцэйскіх свісткоў.

Чароўнай карцінай мігнулася асвечаная заводамі Нява...

— Вам далёка ехаць? — знянацку для Рыгора запытаў яго кандуктар.

— А дзе мы зараз?

Кандуктар іранічна ўхмыльнуўся і паглядзеў у цёмны прастор.

— Выязджаем з Васільеўскага...

— А куды ідзе трамвай?

— У парк, на Пасадскую...

— Мне ў Лясное.

Кандуктар прысеў у кутку пляцоўкі між выхадам і маторам і заплюшчыў вочы.

У вагоне драмала пяцёра пасажыраў.

— Ці заспею я паравік?

Пытанне ў думках неспадзявана для Рыгора перавярнулася ў слоўнае і выклікала сабе адказ з боку кандуктара:

— Напэўна, яшчэ заспееце... Усё ж трэба спяшыць.

Гадзіннік на скрыжаванні Каменаастроўскага і Вялікага праспектаў паказваў палову другое.

Гэта наводзіла сумненне, Рыгор уподбежкі пайшоў ад Пасадскае напрамкам да клінікі Вілліе.

Ён пераходзіў Дваранскі мост, калі насустрач паказаўся трамвай. Нешта зарупела яму стаць і паглядзець у вагон. І якраз яго ўзрок напаў на знаёмы твар Якава Гіса.

— Не мыляюся?

Трамвай не дазволіў праверыць, хоць Рыгор яшчэ далёка праводзіў яго напружанымі вачыма.

Вераемнасць, мала калі падводзіўшая Рыгора, заварушыла яго цікавасцю.

Яму захацелася стрэцца з Гісам і ўспомніць рыжскае мінулае. Ды Рыгорава бягучае знаходзіла сабе ў Гісе прыемнае папаўненне.

Вялікі і шумлівы горад паступова выкрываў свае дадатныя для Рыгора магчымасці. Час ад часу кола яго знаёмых пашыралася, і водлуг гэтага паглыблялася зрашчэнне з сталіцаю. Ужо Рыгор не браўся астуджваць сябе адзіноцтвам. Ён не мог таксама дапускаць абмежавання ў далейшым знаёмстве. Кожны дзень гатоў быў надзяліць яго новаю стрэчаю, часта надзвычайнаю. Бягучы момант спрыяў таму: разварушанасць вайною закаржэлага ўстою і звычаёвай нармалізацыі адзначаліся раскіданнем ва ўсе канцы людское грамады.

І зусім дапушчальным былі думкі Рыгора напаткаць на вуліцах Пецярбурга любога свайго знаёмага. Міхась Камар, Артур Цвібель і Якаў Гіс — сведчылі за тое.

Адным днём, суздром, ён можа стыкнуцца тварам да твару і з Паўлам Адамавым Памыйкаю.

Ён успомніў яго, толькі выпусціў з ваччу трамвай, у якім паехаў бадай што Якаў Гіс. Успомніў і пашкадаваў, чаму б сапраўды Міхася Камара не замяніў Памыйка.

У гэтым падатлівым для рэвалюцыйнага ўплыву чалавеку Рыгор бачыў стойкага ваяку, падгатаванага агітатара і здольнага арганізатара.

Адгон прастору і часу, як праменні радыё, прасвяцілі перад Рыгорам Памыйкаву істоту і выявілі ў ім рэдкага чалавека.

«Трэба свядома і балюча самаўпікнуць за доўгую, манлівую маўчанку».

На добры лад і водлуг абяцанак, якія дыктаваліся Рыгору не пачуццём аддзякі, а таварыскай павіннасцю, Памыйка меў атрымаць ужо некалькі Рыгоравых лістоў.

А між тым... Абяцаная і асвечаная сумеснаю працаю, падмацованая Рыгоравым словам, патрэбная сувязь паміж імі і сілцоўскімі таварышамі — рассыхалася. Рыгор недазвольна забыў пра гэта... Колкім дакорам адгукнуўся ў яго нутры ўспамін пра Памыйку.

Аголеная вінаватасць малявала перад ім разнастайныя дапушчальнасці, канцы каторых пачыналіся ад яго.

Смагін, як і Расія, стыкнуўся апошнім часам з нечуванымі фактарамі знадворнага жыцця. Кожны з іх мусіў так ці іначай адбіцца на дзейнасці мясцовай арганізацыі. Сталічны вопыт, хоць ускосна прыкладзены ў Смагіне, даў бы своеасаблівы адбітак кожнаму фактару смагінскага жыцця...

Так — паміж ім і Смагінам утварылася глыбокае правалле. Толькі і бачыў Рыгор — гэта намалёваныя Рудольфам Шульцам страшныя вобразы мабілізацыйных часоў.

Але... нават і ў Рудольфа ён не запытаў пра Паўла.

Ён садзіўся на паравік, вось-вось не ўцёкшы з-пад носа, а словы і сказы, цалкам вылітыя з разгорнутых і прызнаных выбачэнняў, стаялі ў галаве, як радкі лінатыпа.

Шпаркі бег паравіка Рыгор падганяў нервовым калываннем усяе постаці, рытмічнымі ўхіламі ў бок дымлівага лакаматыва. Паўгадзінная язда і квадранцовая хада ад спынкі да кватэры — паказаліся бясконцымі. Раздражнены на ўсіх, а на сябе болей, ён недалікатна ўварваўся ў кватэру, нават забыўшы прышчапіць дзверы, і, не распранаючыся, сеў за пісанне.

Квадра ІІІ - КРЫЖАВЫЯ ДАРОГІ, ЧАСТКА ЧАЦВЁРТАЯ · 7 min de lecture

ІХ

Зацяг, з якім Рыгор пасядзеў болей гадзіны над шэраю папераю, нагадваў пакорлівую споведзь перад Памыйкам. З адчыненага нутра выліваліся прызнальныя сказы вінаватасці і таварыскага перапрашання.

Ён пісаў і разам з тым драбніўся на маленькія частачкі, што ў руху электронаў імчаліся з ціхага пакоя далёкае сталіцы да закінутага Смагіна.

Вобраз Памыйкі ў мнагалікіх інтэрпрэтацыях неадступна лунаў над яго сагнутаю постаццю. Здавалася, што шамалі Паўлавы крокі і скігітаў у рытмічных паводзінах яго напільнік. Белы каўнерык Карла — Людвіга Шульца адцяняў разлахмачаныя косы смагінскага апрашчэнца.

Паказалася, мэрам бы ў ціхім шорпаце адколанай ад шулявання стромкі, якую непрыкметны ветрык разгойдваў пад цёмным акном каморкі,— выяўлялася нескладаная металёвая песня разгорнутай працы ў Шульцавай майстэрні.

І, разам з гэтым, Рыгор не чуў, як у пакоі гаспадыні, за тонкаю перагародкаю, гадзіннік выбіў лічбу чатыры.

Пастаўленая кропка за чорнай стройнаю літарай Н набыла ўсвойнасць, з якою падняла Рыгора з месца і абярнула яго тварам да празрыстага святла пяцідзесяцісвечнай лямпачкі. Густа спісаны лісток паперы змяшчаў у сабе наступны тэкст:

«Дарагі таварыш Павал!

Нарэшце... Так, нарэшце, сабраўся напісаць табе гэты ліст. Я чую твае здзіўленыя, іранічныя выгукі і бачу недаўменную міну на твары. Разувераны мах рукі не раз пахаваў пад сабою ўсякую надзею атрымаць ад мяне вестку. Думаю, што з гэтым разам пахавана і тая павага, якую я ад цябе неаднойчы чуў. Я не серджуся за гэта, бо сам нясу віну. Вінаваты цалкам за доўгую неапраўдлівую маўчанку... Заслужыў ад цябе глядзець на мяне так, як ты, думаецца, зараз глядзіш. Усё ж, павер, я не думаў зрабіць таго, што сталася. Калі праз гэткі доўгі час мне не ўдалося, табе напісаць ліст, то не я цалкам вінаваты ў тым. Не я — цалкам! Можа, не паверыш,— бо крыўда ператне веру! З часу прыезду ў Пецярбург я вярчуся, як белка ў калясе. Сталіца зассала мяне ў сваё бурлівае жыццё і не давала магчымасці апамятавацца. Я толькі лічанымі ўрыўкамі мог адцягнуцца да прыватных пытанняў — здарэнні ж бягучага часу бяруць маю ўвагу для сябе. І я не перакору гэтаму. Ты ж ведаеш, чаго я ехаў у Пецярбург. Табе вядома ўсё гэта, і я не буду спыняцца на тым, як і што выпаўнены мною грамадскія абавязкі. Скажу адно: за гэты час я паспеў сёе-тое зрабіць... Ды ці ж у гэтым толькі мае заданні ў справе распачатае эпапеі змагання за светлую будучыню працаўнікоў? Але я зусім не ўмаляю свае віны перад табою. Я мусіў урваць гадзіну-другую часу і — не раз! — каб напісаць табе ліст і падзяліцца бягучымі навінамі. І не зрабіў таго! Не зрабіў і, магчыма, не пасобіў вашай працы...

Я чуў ад Рудольфа, што начаўплося за гэты час у Смагіне. Мяне вельмі цікавіла і цікавіць ваша праца ў час мабілізацыі. Не меней цікава мне ваша становішча зараз... Я б радзіў вам не згортаць працы, але пераглядзець яе метады. Суворы момант вымагае таго. Вайна — гэта найудзячнейшая тэма, толькі дваякавострая. Трэба брацца так, каб незаўчэсне парэзаць рукі...

Ліст не дазваляе даўжэй спыняцца на гэтым пытанні, бо мне цяжка судзіць пра вашу сітуацыю... Было б вельмі пажадана мець ад цябе вестку і, тады можна было б пагутарыць на гэту тэму даўжэй... Усё ж скажу, што тут, у Пецярбурзе, вайна балюча адбілася на настроі рабочых. Выбухнуўшая ў час прыезду Пуанкарэ забастоўка была расціснута жалезнымі клешчамі раз’юшанай ваеншчыны.

Усё ж рэвалюцыйны настрой не знішчаны, не. Ён часова прыціх, прытуліўся па кутках мілітарызаваных фабрык ды заводаў, у цесных каморках рабочых кватэр.. Магчыма, нейкі час вайна змывацьме крывёю працоўных маладыя парасткі рэвалюцыйнага нездавальнення, але... але стукне час і... адным напорам раскалыханай хвалі змыецца векавая няволя...

Я пішу, а ці прачытаеш ты мой ліст? Кожны дзень нам нясе нечаканасці. Можа, цябе ў Смагіне ўжо няма, і мае словы трапяць на вушы чужым людзям... Не пісаць жа я не мог... Я мусіў гэта зрабіць, каб хоць некалькі апраўдацца перад табою. Няўжо мы не стрэнемся яшчэ? Не павінна таго быць. Бывае, што раптам, знянацку, прымхаю. Я гэта, у Пецярбурзе, ужо меў рад прыкладаў...

Моцна цісну руку. Перапрашаю за непавінную зману і чакаю адказу.

Пішы на адрас: Пецярбург, галоўны пачтамт.

Да ўстрабавання Н. Г.»

Перачытаўшы напісанае, Рыгор астаўся не зусім здаволеным. Ліст не змяшчаў у сабе паўнаты перачуванняў, не выдаваўся выпукласцю думак і каструбаціўся вострымі адкрытасцямі. Бясспрэчна — у нутры наглядалася іншая карціна, і думкі адыгрывалі крыху інакшую мелодыю. Але трэба было лічыцца з тым, што ліст можа трапіць у чужыя рукі.

Рыгор не супярэчыў паўстаўшаму сумненню: толькі ўжо не мог перапісваць.

Згорнуты надвое, ліст уверана адправіўся ў канверт і сінім чатырохкутнікам лёг на відкім месцы стала.

Крохкі золак украдкаю пралазіў у акно Рыгоравага пакоя, калі гаспадар укладаўся спаць.

Электрычнасць плавала малочнаю юшкаю па ўтулах павыразнеўшых рубаў ды ліній.

Млосць, перамешаная з утомаю, плюшчыла Рыгоравы вочы і гультайна падняла руку на затушку святла.

Лёгкая шэрань, аднак, не згладзіла шурпатасці неўгамонлівых думак.

Асобнымі сказамі, вырыўнымі словамі пралазілі яны праз нацягнутую на галаву коўдру, праз шчымеўшую галаву і бегалі па звілінах мозгу.

Перад заплюшчанымі вачыма камарамі скакалі характэрныя літары старанна напісанага адраса...

Душная падушка і мулкі сяннік патваралі гэтаму.

І толькі настойная незварушлівасць Рыгора пасобіла агарнуць яго цягучаю зморай.

Ужо над Выбаргскай стараною перагукваліся гудкі ды сірэны, калі Рыгор абудзіўся. Ложак прыцягваў яго да пасцелі, утома звязвала здранцвелыя суставы, але ён перамог усё гэта і з рэдкаю ўвішнасцю быў на парозе да выйсця з кватэры.

— Рыгор Міхасевіч! — пераняла яго гаспадыня.— Ці то не вы забыліся прышчапіць дзверы?

— Калі і якія?

— Я сёння зранку паглядзела — і яны без запора. Мяне перастрашыла гэта, і я...

— Я зашчапіў...

— Няўжо то я?

Гаспадыня падняла абодва плечукі і схіліла ўцягнутую ў іх голаў.

Рыгоравы частыя крокі рассейвалі яе робленае ліцамер’е.

— Не сазнаецца! — уголас праказала Сарафіна Хлораўна, калі Рыгор выходзіў на двор.

Яе ўпік астаўся па-за хлопнуўшымі дзвярыма.

На вуліцы аколілі Рыгора разнастайныя гукі гарадское раніцы.

Распялешчанае жыццё адбівала трапяткую, рупную музыку руху, праводзячы Рыгора да завода.

На адгоне паўганоў адрыўны прарэзлівы свіст сірэны рвануў яго да паскоранай хады, і ў пяць хвілін асталіся пазадзе: клапатлівая чарада гаспадынь, дымлівы паравік і прысеўшы на лаўцы стораж.

Праз драцяную сетку зашчэмленае нумарное дошкі відаць было калыханне Рыгоравага нумарка, як напаследак падвешанага,— але яго ўладар у гэты час пускаў станок разам з іншымі.

Лёгкі, наладжаны вёрт калёсак і струнковая бегатня паса пагналі ў шпаркім мігаценні першыя хвіліны працоўнага дня. З цвёрдае сталі панесліся драбнюткія часцінкі ўдушлівага пылу, зліваючыся з раздробам светлага і маладога рання. Учарашняе злучылася з сённяшнім, і перабойныя моманты Рыгоравых узрушэнняў ніклі ў шоламе творчае працы.

«А ліст Памыйку?»

Наперадзе быў абедзенны перапынак, і за ім утуліўся сіні канверт, беражком вытыркнуты з кішэні.

У думках яму не хапіла месца — ды навошта варочацца да зробленага?

— Вазьміце білет на даклад!

Закасаная мурзатая рука адгарадзіла Рыгораў узрок ад бліскучага станка. Ён адняў разец і паглядзеў направа.

— У доме Панінай... Трыццаць капеек!

Малады рабочы пытальна глядзеў на Рыгора, падаючы яму маленькую абвестку.

— Запішы.

Абвестка асталася ў яго і глядзела сумліўнымі літарамі, з якіх складалася знаёмая прозвішча Якава Гіса.

«На тэму — Страхавыя касы і іх роля».

Якаў Гіс?

Так, Рыгор не абмыліўся, стрэўшы яго ва ўчарашнім трамваі.

Дарэчы!

І нанова ўведзены ў кругляк сталі востры разец задыміў пакручастымі стружкамі.

З перарывам у полудні, роўна і ўпарта трымалі Рыгоравы рукі выгладжаную далонямі сталь, а думкі несціхана насіліся ад Памыйкі да Якава Гіса.

Ён адкінуў ранейшыя планы і меркаванні і роўна а восьмай гадзіне вечара быў на Тамбоўскай.

Вядомы будынак паглядзеў на Рыгора радам асветленых вокан, памятлівымі форткамі дзвярэй і праз некалькі хвілін увёў у сваё нутро.

Там стаяў разварушаны гоман. Каля сотні чалавек рабочых, згрудзіўшыся ў цесную купку, нешта горача абгаварвалі.

Калі Рыгор падышоў да іх, то зразу разбегся вачыма ў два бакі.

У асяродку гутарыўшых тросся чорны пук Гісавых кос, пакрытых старым капелюшом, а з бакавых дзвярэй глядзела прадаўгаватае рыжае аблічча акалодачнага. Блішчастыя гузікі адсвечвалі зыркую электрыку, як вочы — трутлівую злосць.

Рыгор не паспеў запытаць, у чым справа, як акалодачны накіраваўся да купкі рабочых і голасна прагукаў:

— Гаспа-а-дда! Прашу ачысціць памяшканне!

Купка людзей зарухала і вузкім ланцужком палілася ў дзверы.

Адкрытае нездаваленне перабягала ззаду наперад у абураючай гутарцы пакідаўшых залу.

«Лекцыя забаронена — пайшлі!» — пачуў Рыгор.

То казаў Якаў Гіс.

— Ці да мяне?

Як нібыта той, Якаў Гіс пайшоў далей, пакінуўшы Рыгора ўбаку.

— Таварыш Гіс! — нагнаў Гіса Рыгораў выгук.

Той павярнуўся і запытальна паглядзеў на задніх.

— Ты мяне не пазнаеш?

— Нязвычны?

Якаў Гіс шчыра патрос працягнутую Рыгорам руку.

— Адкуль ты папаў сюды?

— Заблытанымі сцежкамі.

— Я думаю.

— Сустракаю цябе ўдвойчы. Ты не быў, часамі, учора на Выбаргскай старане?

— Быў. А чаму?

— Паверыш, заглядзеў цябе ў трамваі.

— Мне пра цябе казаў Артур Цвібель... Дарэчы, ён тут. Давай, выйшаўшы, пачакаем.

За парогам абодва пасталі, праводзячы вачыма абураных забаронай лекцыі рабочых.

— Ці не прайшоў ён наперадзе? — усуміўся Якаў Гіс.

З дзвярэй выходзілі па адным чалавеку запозненыя, і нарэшце, з партфелем пад пахаю, паказалася сівая постаць акалодачнага.

Яны завярнуліся і пайшлі ўсцяж шырокае, бязлюднае вуліцы.

З-пад Абводнага канала беглі ім настрэчу два радкі сіняватых газавых агеньчыкаў. На Віндаўскай таварнай чуліся арцельныя выгукі насільшчыкаў ды манеўравыя свісткі стрэлачнікаў.

Працахкала конскімі падковамі пара рамізніцкіх каламажак.

— Табе далёка? — папытаўся Рыгор.

— На Пецярбургскую... але я мушу зайсці да знаёмага на Лігаўцы. А ты дзе жывеш?

— У Лясным.

Пры выйсці на Лігаўку яны стрэлі грамаду мабілізаваных. Яшчэ не пераадзетыя ў вайсковую форму, мабілізаваныя ўжо адмервалі ўзмоцненымі ўступамі прыназначаную маршыроўку. Размераныя воклічы унтэраў і яфрэйтараў раўнялі несашчыльненыя шэрагі адвыклых ад ваеншчыны рабочых, сялян, служачых.

— Аць, аць! Аць-два, аць-два! Аць-два-тры! — перапевам няслося пад рытмічным гукам крокаў.

— Машына працуе! — заўважыў Якаў Гіс, спыніўшыся і абярнуўшыся да мабілізаваных.

— Яшчэ як! Дзе ні паглядзі — толькі і бачыш муштроўку. Вайна!

— Вайна... каб ды яна апошняя стала...

Якава Гіса перабіў раптоўны гоман расстроеных радоў мабілізаваных.

У іх была апраўка.

— Ну, я направа! — рушыўшы, праказаў Якаў Гіс.

— А мне проста. Заходзь!

— Абавязкова. Хоць успомнім рыжскае мінулае.

— Табато і то.

Яны развіталіся і хутка зніклі з ваччу адзін другога.