Х
Калі стаць на Дваранскім мосце і кінуць узрокам усцяж Малое Нявы, туды да выспаў — угледзіш вобраз, з якога не надзівіцца. Злева — пасля некалькіх кварталаў будынкаў — густая расліннасць Батанічнага саду, далей Аптэкарскага вострава, як машаставая сукня, падпярэзаная цёмна-сінім шоўкам Неўскае вады. Аб’інталяжаная раслінамі — здалёк, як Амазонка ў джунглях, Малая Нява губіцца ў купчастай зелені пышных раслін астравоў.
Гэта для адпачынку.
Насупроць — праца.
Доўгім правым берагам Вялікае Неўкі — спрэс заводы і фабрыкі.
Траскатня жалеза, бразак, гудзенне машын.
Густая загарадзь высокіх закураных дымам комінаў.
Над будынкамі — чорная хмара сажы. З сажы выглядаюць буйныя белыя ды чорныя літары назваў заводаў і фабрык.
«Кёніг».
«Пракатны».
«Парвіяйнен».
«Стары Леснер».
«Новы Леснер».
«Ніткавая мануфактура».
«Эрыксон».
«Ландрын».
«Суконная фабрыка Тарнтон».
Несціханая мэталёвая гама стукаў спрэснаю паласою вісне над спакойліваю вадою рэчкі. Яна глушыць пялёсканне дробных хвалек у абложаныя падгнілым тынам берагі. У разгойданым працэсе творчасці, прыгоннай і вызысковай, расплываецца, як воск, па кішэнях прадпрыемцаў благааплачаная рабочая сіла.
Вайна ўзмоцніла вызыск працоўных і зменшыла да нічога і без таго правы рабочага стану.
У бразгу жалеза — звон генеральскіх шпор, у стуку малатоў — поступ абманеных салдат.
А побач, як жывыя, выплываюць празрыстыя здарэнні апошняй забастоўкі.
Узбярэжная маўчыць. Ні струменю пякучае пары, ні шумлівага гоману бязлікіх ламавікоў, ні рытмічных, напеўных выгукаў каталяў.
Затушанымі стаяць высокія коміны як сведкі замірання.
За ўпыленымі, закратаванымі вокнамі пануе спакой, як у пустках.
Жыццё кіпіць на незмярымым Сампсоніеўскім, у вузкіх, ператочных вуліцах раёна.
Песні, дэманстрацыйныя выгукі, хваляванне густога натоўпу рабочага калектыву звоніць у запёртыя дзверы фабрык і заводаў пагрозным вяшчаннем.
Туды, да зелені Батанічнага саду і ўпрыгожаных раслінамі астравоў, нясуцца рэвалюцыйныя напевы ўрачыстага паўстання.
Настарожаныя гулякі трывожна азіраюцца на бяздзейныя гмахі закінутых прадпрыемстваў, пугліва верцячы галовамі.
Над Вялікай Неўкаю лунае ачулая здань незавіднага наступнага. Нацягнуты каўпак вайны не суліць даўгавечнай зарукі.
Гады, дзесяцігоддзі, што сплывалі хвалямі Вялікае Неўкі ў недалёкія глыбіні мора, уносілі з сабою прыгонныя скрэпы няволі.
Празрыстымі бліскавіцамі, ударамі грому прарываліся вострыя пратэсты рабочых грамад, парушаючы фальшывую гармонію жыцця.
1905 год!
Дзевятае студзеня. Першы Савет рабочых дэпутатаў і ўсеагульная забастоўка...
1912 год!
Далёкія, але магутныя водгукі ленскіх падзей.
Крывавае Бадайба, як адказ на 100 000 забастоўку 1911 года.
1914 год!
І на вуліцах сталіцы трохсоттысячная грамада з’яднаных адзінай прагнай воляй да свабоды рабочых.
З таго часу — перапынак.
Ці надоўга?
Ліхаманка ваенных паставак нагрузіла прадпрыемствы падвойным штатам рабочых, трыма зменамі і ваеннай прынукай.
Уздым прамысловасці?
Канфорка ў канаючы арганізм самадзяржаўя.
Калі ж, ды калі гэтыя хмурыя гмахі заводаў перавернуцца ў кузні вольнае аграмаджанае працы?
Прыйдзе час!
Ён ідзе — чутна! — у самым імпадзе згушчаных крокаў рабочых, у іх з’яднаных ды палкіх імкненнях, ва ўзроках, накіраваных да наступнага.
Роўныя ўтаптаныя дарогі паступова шырэюць і вострымі шпаркімі стрэламі імчацца ў нерастуманеную далечыню.
Рыгоравы ўзрокі прыліплі да блішчастых святлом вокан высокае мануфактуры.
У злітым гомане працы рассыпаліся яго імклівыя думкі і лётаюць — носяцца над фабрычнай Выбаргскай.
Дагэтуль мімалёт, наскокам бачыў ён гэты вобраз шумлівае мнагаграннае сталіцы, а зараз — штосьці прыкавала яго да моста, злучыла ў адно з раскалыханай працай і трымае, вось, на адным месцы — гадзіну, паўтары, болей...
Над гарбатымі біламі — напружаная постаць...
— Здаецца, знаёмы?
Зніклы шолам пешаходаў, ездакоў і грукат трамвая, як з адкрытага віру, абдаў Рыгора з усіх бакоў.
Ззаду і з бакоў кіпела жыццё ў сваім несціханым руху, у нямоўчным гомане. З-пад гарбатага моста даляталі яго выгукі да Рыгоравых вушэй і ўпадвойвалі жывую песню існавання.
— Я! А вы?..
Ён не дасказаў. Знаёмы выраз чорных воч паласкаў яго пільныя ўзрокі. Стройны класічны нос дапамінаў...
— Сроль, калі не абмыляюся?
— Здароў, Рыгор! Угледзеў здалёк і перш усумніўся, а даля — давай, думаю, праверу і — на табе! — Чаго ты стаіш над біламі моста?
— Ты даўно ў Пецярбурзе? Кожны дзень я стыкаюся з нечаканасцямі... Не ўпэўнены, што ў адзін момант...
— Дзе ж тая ўпэўненасць!.. А я еду якраз назад у Вільню. Была справа прыехаць, і так, ведаеш, не хочацца ад’язджаць, а мушу...
— Пачакай — дай адумацца... Чым цябе цягне Вільня?
— Мы павінны...
Набліжаныя да Рыгоравага вуха трапяткія вусны Сроля перадалі сакрэтную вестку з жыцця сацыял-дэмакратычнае партыі, але не паспелі поўнасцю растлумачыць прычын. Сроля, нечакана для Рыгора, пазваў чакаўшы яго мужчына.
— Бывай!
— Так раптоўна?
— Мушу. Не аднаго справа...
— Пішы!
Сроль не паспеў адказаць, як Рыгор падаў яму мігам занатаваны свой адрас.
— Калі ўсё добра будзе, абавязкова напішу, а можа, і прыеду...
Той, хто трымаў Сроля за руку, паглядзеў на гадзіннік і падаў знак хутчэй спяшыць.
— Ці мне здалося, ці сапраўды я стрэў учора Карла-Людвіга Шульца?
— Магчыма...
— Асталося меней гадзіны! — няўмольна прагучаў басісты голас Сролевага таварыша.
Працягнутая Сролем рука ўжо не дастала Рыгоравай.
Над біламі моста, на адгоне перш двух сажняў, а вачавідкі ўсё болей ды болей — адтрапетвалі два капелюшы таварыскае развітанне.
Для Рыгора яно хутка затулілася шэрым змрокам пецярбургскае ночы, якая знянацку высунула гэта цікавае спатканне.
Сроль, як гном, цудам паўстаўшы перад вачыма, цудам і знік — толькі мігнуў яскравым вобразам у дынамічнай завірусе прабягаючых з’яў ды ценяў.
Напаўказачным паказаўся ён тым болей, што само тлумачэнне прычыны яго наезду ў Пецярбург асталося загадкавым.
У чым справа?
Сроль напіша?
«Калі ўсё добра будзе...»
Што б гэта азначала?
Стаючы спіною да Вялікае Неўкі, да руплівага мігацення фабрычных агнёў, да раптам узніклых зыкаў гармоніка з праплываўшае пад мостам лодкі, Рыгор угледзеў наперадзе густую купу людзей. Яна заліла сабою шырыню моста і запоўніла паветрам гаманлівым шоламам.
Як іскры з агню, з шоламу выскаквалі вострыя зычлівыя выгукі, мэрам пікі, насаджаныя на ўзнятыя ўгору дрэўкі.
Ён прыгледзеўся: у асяродку грамады, акружаныя густою загараддзю гарадавікоў, ішлі да дзесятка добра адзетыя, з цыгарамі ў губах, людзі.
Рыгор пераняў здаравеннага барадатага дзядзьку, чый твар плаваў у тлустай ухмылцы, а вочы ўпарта глядзелі наўкос, і запытаў:
— Каго гэта вядуць?
— Тэўтонаў! Шпегі! Вво-аі-ім-ым!
Здаравенны дзядзька затрос над галовамі дзвюх жанчын тоўстым прыкасмачаным кулаком.
— Вот ім баронства! Аплялі, як павукі, сталіцу... Т-ту-дды-і.
— Куды? — пацікавіўся Рыгор.
— У «Красты», пакуль на шыбеніцу.
— Вы да іх маеце справу?
Здаравенны дзядзька мефістофельскі паглядзеў на Рыгора і зларадна адпавеў:
— А ты не маеш?
Яго нахабная рука накіравала да Рыгоравых грудзей, але папхнуты заднімі, здаравенны дзядзька капыльнуў галавою і строма апусціў руку данізу.
Праз хвіліну ён знік з Рыгоравага ваччу, расплыўшыся ў ценю захілу вуліцы.
На прымоўклы гоман аддаленай грамады імчалася хваля новых зыкаў і грукату звычайнага руху.
Адзін за другім, даўгім шэрагам прабегла да дзесяці трамвайных вагонаў, аплеценых цягучым боем званкоў.
Следам на мост уз’ехала першая падвода вярстовага ланцуга грузавікоў з мукою, жалезам, бочкамі.
Калі мост закалыхаўся ад грукату цяжкіх калёс, пераплеценага дзвенгам біцюговых падкоў,— над Малою Нявою ўзнёсся прарэзлівы спеў некалькіх фабрычных сірэн.
Уздоўж цёмнае, азоранае агнямі вады, паўз злітыя са змрокам парканы фабрык і заводаў, туды, дзе канчаюцца стромкія дзеравяныя будынкі аколіц — бегла шпаркая струмень перапоўненых зыкаў.
Над дрэвамі выспаў, у згушчанай цемры неасветленых мясцін, яны драбіліся на часткі, як феерверкі, і рассыпаліся ва ўсе канцы пераліўнаю мелодыяй.
Гэта дапамінала баявую пераклічку ці позву на рэвалюцыйную трывогу.
Або паказвала распаданне на звяны жалезных ланцугоў, што скоўвалі людскую свабоду.
Або сімвалізавала перабой малатоў у вызваленых руках творчага калектыву.
Цэлы пук узнёсных сімвалаў атуліў Рыгораву істоту, як празрыстым ззяннем сонца.
І ён урачыста, як волат, перад якім ляжалі трафеі яго перамогі, глядзеў у чорны струмень выходзіўшых з прадпрыемстваў рабочых.
У іх рэзвым гомане, у цвёрдай ды ўверанай хадзе наглядалася сіла, і воля, і лёс блізкага наступнага.
Захоплены радаснымі думкамі, Рыгор крануў з месца і пайшоў настрэчу гаманлівай грамадзе — сёння нявольнікаў капіталу, а заўтра — гаспадароў жыцця.