І
Расія жыла пад знакам вайны. З усіх канцоў краіны накіроўваліся да яе заходняй граніцы сотні эшалонаў салдат, аружжа, адзення, ежы. Мільёны здаровых працаздольных рабочых і сялян адрываліся ад плённае, карыснае працы. Незлічоны лік гадзінных адзінак часу кідалася ў бяздонную процьму, на марнатраўства, на згубу жывых людзей. Па асірацелых сёлах затупала апусценне, заняпад. На свежых пожнях глыбей у зямлю палезлі карэнні былля, дзікатраўя. Загойсала здань недастач, разладдзя ў хатах. Настаражыліся сірочыя сэрцы ў чаканні вестак з франтоў чынных армій. Зацяжна, кружнымі шляхамі паўзлі яны, акрываўленыя, авеяныя смерцю, у белых канвертах, з няроўна выведзенымі літарамі да закінутых вёсак, у сумныя хаты. Цёплыя прывітанні бацькам, жонкам і дзецям з далёкіх мясцін стылі ў непрагляднай жудзе, енках і жалю. Невыразныя сэнсам рэчы, як назвы вайсковых часцей, аружных умацаванняў, камандных чыноў павісалі ў затуманеных слязьмі вачах. Гэтыя вочы выразна бачылі сляды, па якіх выходзілі з двара апалчэнцы ды ратнікі, а за імі коні, гавяда, збожжа. Попыт на гэту сялянскую вытворчасць падобіўся нейкай ліхаманцы, ліхому паветру. Казачная, зданнёвая вужака-вайна высмоктвала сокі вёскі, абязмоцваючы яе і спустошваючы. Засмучаны небасхіл хаваў сабою і блізкае наступнае і далёкае будучае.
Іначай выглядаў горад. Яшчэ іначай было ў сталіцы. Калі з аднаго боку і тут лунала здань небяспекі, дыхала атрутаю смерці, то побач з гэтым вайна надавала гораду больш руху, вялікшае ажыўленне, дынаміку. Горад, а асабліва сталіца, зрабіўся бурлівым катлом, у якім кіпелі прагавітыя пачуцці разнастайнага характару. Шалёна несліся ўгару акцыі фабрык і заводаў, на якіх пачалася вытворчасць для патрэб вайны. Шпарчэй завярцеліся аперацыі банкаў, выбіліся напаверх новыя дзяльцы з небывала драпежнымі апетытамі, з цікаваю надзённаю смякалкаю і пракуратасцю. Вышэй падняла галаву шматлікая разбэшчаная пампадурская ваеншчына. Гандляры мясам, абуткам, збожжам і многім, што стае патрэбаю дня, пашыралі і без таго ўёмныя кішэні для лёгкага заработку. Нават дробнае чынавенства і тое пачула сябе лягчэй: недастача ў мужчынскай сіле падняла попыт на апошнюю, а следам — вырас заработак. Водлуг часовага разбухання матэрыяльнае забяспекі афармлялася і расло спекулянцка-патрыятычнае, карысна-фальшывае пачуццё любві да «зняважанай радзімы». Тупаючы па шырокіх тратуарах праспектаў, падлічваючы даходы мінуўшага дня, нагароду і выйгрышы па акцыях — генералы, купцы, фабрыканты, банкіры і іх паслугачы самаўсхвалялі пераможнае «воінства», траслі кулакамі па адрасу немцаў і праглі несупыннага пашырэння вайны. «Зараз-зараз прыйдзе на падмогу французам Італія».
У тэатрах і кабарэ загулялі чучалы Вільгельма і Франца-Язэпа. Адурманеная ваяцкай атрутаю прадажная прэса пакрылася карыкатурамі, шаржамі, пародыямі і сатырамі на ўсё нямецкае. Вобраз немца падаваўся страшнейшым за ўсё на свеце. Раслі, як на дажджы, надзеі на гасціннасць у Берліне, на захоп Дарданел і вызваленне Балкан. Але за надворнаю мыльнаю пампезнасцю ваяцкасці чулася, таілася коўзкая няўпэўненасць і нават баязлівасць. Не чулася апоры пад нагамі.
Адсталасць і бязмоцнасць, якія пакрываліся барабанным боем прафільтраваных газет, хавалі ў сабе пагрозу жаданай магутнасці, звону, цяжкіх жандарскіх шпор. «Доблесная гвардыя», накіраваная на Кёнігсберг, «слаўныя» сібірскія стралкі, пушчаныя прасцейшым шляхам, праз кут Польшчы, на Берлін, фартэцыі і дзьмутая адважнасць камандуючых арміямі, пастаўленыя на вайсковую ногу заводы — усё-ўсё гэта абмінала чаканнем выступлення Амерыкі. «Толькі ўмяшаецца Амерыка — і немцам да каляд капут». Ну, ці ўмяшаецца гэта залатая пані, далёкая ад фронту і не столькі ўблытаная ў інтарэсы ваюючых краін? Будзе ж умяшаецца, то на чыім баку?
Амерыка здрочыла радзімых ваяк-храбрацоў, інтрыгавала кожнага, хто звязваў з вайною тую ці іншую выгаду сабе. Новы свежы нумар газеты, вячэрнія навіны, чуткі з «аўтарытэтных колаў» і проста безгрунтоўныя плёткі — перагаворваліся, крытыкаваліся, надавалі новых надзей і глыбейшай веры.
Драпежныя пачуцці і крывасмагныя ўзрокі нязменна накіроўваліся ў бок захаду. Назад, на цёмныя і брудныя аколіцы горада, на пусцеючыя раўніны сялянскае краіны,— ніхто з моцных свету не азіраўся. Там, па-іхняму, панаваў спакой, паслухмянасць і пакора. Ды чаму б таго не быць, калі падкаваны абсац наступіў на горла мільёнаў працоўных і трымае іх пад сабою? Памкніся паварушыцца — раздавіць, зацісне.
«Наперад перамога — а далей рэформы». Гэта мусяць узяць сабе на розум усе, хто дабрачынны і верны сын радзімы. «Жывыя сілы краіны павінны зліцца ў адно цэлае і непераможнае». «Толькі тады настане светлы дзень, калі Расія выйдзе з цяжкага іспыту неаслабленай і не загубіўшай мінулай славы». Масляныя сказы і калысныя ўгойданні засмуродзілі паветра апойным дымам, згусціўшыся над горадам...
Але першыя сутычкі на франтах расхалоджвалі завуаленую сапраўднасць. Фронт казаў пра іншае. Калі не кожная куля, то адна з дзесяці, з дваццаці несла з сабою смерць. Гэтых жа дваццатых было так многа, што людзі гінулі адзін за адным, сотнямі і тысячамі. Падалі мёртвыя і падалі параненыя: ні «святасць» расійскага аружжа, ні «доблесць» расійскае арміі, ні «блаславенствы» цара і бога — не абаранялі ад нямецкіх куль. І паступова, дзень за днём, тыдзень за тыднем усё галаснейшым рабіўся енк параненых, звязаны з енкам разлучаных. Лазарэты і шпіталі вырасталі, як грыбы, перш паўнейшыя клопатамі ды дбайнасцю, а што далей — чарсцвейшыя, закіданыя.
З герояў і абаронцаў — раненыя рабіліся надазолаю, лішніцай. Той, хто на старонках газет апяваў іхнія адважныя ўчынкі, у трамваі злаваўся і мармытаў лаянкі, што яму недзе сесці з-за абрубкаў людскога мяса.
Сталіца не павінна стыкацца з праявамі вайны! Сталіца — бач, яе палацы і вілы, Неўскі і Сергіеўская, мусяць быць злучанымі з вайною толькі прыказнымі кіўкамі пальцаў у белых рукавіцах.
Вайна ж рабіла сваё.
ІІ
Завод, на якім працаваў Рыгор, падпаў пад рубрыку працуючых на абарону. На працягу першага месяца ваеннае чыннасці ён значна пашырыўся, лік рабочых амаль не падвоіўся — былі ўведзены дзве поўныя змены. Тыя з майстэрань, якія прабаўляліся на вырабе вытворчасці для мірнага часу, перайшлі на выраб ваенных прылад. Гэткім чынам, вялізная армія людзей, колькасцю ў сем тысяч, была занята падрыхтоўкаю смерці. Агромністы чатырохпавярховы трохкутны гмах абярнуўся ў дасканала арганізаваную кузню людское згубы. У стройным сугучным наігрыванні соцень станкоў, у празрыстым бляску электрыкі гатовіліся дзень ада дня тысячамі штук адмысловыя бліскучыя трохцалёвыя і шасціцалёвыя снарады. Каб праца болей спорылася, рабочых увялі ў цесныя рамкі вайсковае дысцыпліны і падвышанага заработку. Спакойна, без слова перакору, пад напружным узрокам адміністрацыі — трэ было пакорліва стаяць над разцом і рэзаць, рэзаць цвёрдую сталь.
Узмоцненыя нагледачы, упаўнаважаныя сілаю і правам з боку вайсковае ўлады, зрабіліся грознымі падганяламі рабочых. Капіталістычны прыгон, звязаны з узброенай ваеншчынай, панаваў над рабочымі кварталамі сталіцы.
Нядаўнія здарэнні ацягнуліся дымкаю шэрасці і стуліліся ў ціхіх кутках прыгнечанае памяці. Раніцой а восьмай, вечарам а шостай цягнуліся чорныя ланцугі рабочых з завода і на завод. Густа набраныя балонкі газет, ад чарнасотніцкага «Гражданина» да левага «Дня»,— ні слова пра рабочае жыццё. Абцугі цэнзуры зырка сачылі за крамолай пісак.
Рыгор нейкі час знаходзіўся пад уражаннем нутранога прыгнёту. Яго ашаломвала халодная ціша паказнога грамадзянскага замірэння. Аднастайнасць штодзённага тупання з завода на кватэру і з кватэры на завод — надакучалі. Яшчэ цяжэй рабілася, калі ён варочаўся ў думках да Камара, Артура і ўспамінаў пра Петруся. Рыгор чуў, як некаторыя з рабочых, асабліва з большых майстроў, толькі і гутарылі, што пра справы свайго асабістага будзённага жыцця. Адзін хваліўся новым гарнітурам і палітом, другі — набыткам «абстаноўкі» ў кватэры, трэці — удала праведзеным часам з дзяўчынаю. У паветры насілася атрута дробных клопатаў мяшчанскага дабрабыту. І, як на бяду, лёгка і шчыльна прыліпала да адзінак рабочых пачуццё фальшывай надзённай патрыятычнасці.
Горай усяго, што не асталося жаднага месца, ніякай установы, дзе б рабочы сумеў сустрэцца з таварышамі і ўсебакова азнаёміцца з бягучаю сапраўднасцю. Культурна-прасветныя таварыствы, бібліятэкі і клубы паліцыя старанна прычыніла.
У звязку з апошнімі падзеямі і арыштамі сувязь з партыйным камітэтам на нейкі час была прыпынена.
Рыгору напрашваліся невясёлыя думкі, падкрадалася злосць. Ён часта-густа кідаў кватэру і ехаў да Ганны. Там з ёю, адзін на адзін, ён дзяліўся думкамі, планамі і надзеямі. Але гэтага Рыгору не хапала. З Ганнаю ён не мог належным чынам абгаварыць пытанне прыкрай сучаснасці. Многае ёй было незразумелым, іншае прымалася не з належным спачуваннем і цеплатою. Ганна болей спачувала Рыгору з прычыны яго незадаволенасці і нервовасці, чымся асуджала прычыны, якія гэта радзілі. Рыгор абураўся і лаяў Камара: «Вось гэткія, як Камар, многаму віною. Атрымаўшы капеечную падачку, яны гатовы аддаць за яе рабочыя інтарэсы. Замест таго каб будзіць у рабочых пачуццё рэвалюцыйнага настрою, яны разводзяць мяшчанскія антымоніі». Ганна супакойвала Рыгора, адыгрываючыся на ўвярэнні: «Пачакай — усё пераменіцца. Гэты самы Камар запяе зусім па-іншаму».
Рыгор не сумняваўся нізвання, што «ўсё пераменіцца». Але яго брала нездавальненне за маруднасць працэсу пераменчывасці. Перадваенная забастоўка ў Пецярбурзе, крута змененая халодным заспакаеннем з часу абвяшчэння вайны, балюча раніла Рыгорава сэрца. Акольныя абставіны ціснулі яго жалезнымі абручамі, студзячы позывы, энергію, захапленне.
Рыгор вяртаўся да сябе і пачынаў шукаць падпоры ў тых проблісках непатухшых з’яў, якія іскрамі гарэлі ў рабочым асяроддзі. Ён разважаў: «Няхай сабе некаторая колькасць рабочых паддалася камароўшчыне, усё ж гэта хвароба не здолела апанаваць рабочым станам». Рыгор быў пэвен, што таварышаў з яго настроямі можна знайсці ў заводзе не адзін дзесятак. І зараз, пасля разгрому, пасля арышту многіх з іх спадцішка, асцярожліва, тайком абмацваюць грунт, пашыраючы яго пад іншых. У адзін час яны з'явяцца магутнаю грамадою ваяк.
Рыгор на ўсе лады камбінаваў розныя планы, якія б выклікалі набліжэнне жаданага моманту. Хвілінамі яго апаноўваў задзёр, з выгляду эфектыўны, па змесце — рызыкоўны. Узважыўшы чыннасць і яе скуткі, прыходзілася адмаўляцца ад зданнёвых намераў. Часта жыццё не ўкладалася ў яго прагноз. Раптоўнасць здарэнняў абганяла смеласць намераў. З шэрагу іншых Рыгор не мог не вылучыць дадатным наступнага: наглядаючы за працаю цэха, майстар знячэўку папаў пад кавалак зломанага разца, які параніў яго ў голаў.
— Я прашу выбачэння! — перапрасіў яго збянтэжаны рабочы.
— Я злачынцам не выбачаю! Ім у нас не месца! Прашу з’явіцца за разлікам! — абурыўся майстар і крута павярнуў ад рабочага.
Ён не паспеў ступіць і трох крокаў, як мусіў спыніцца. Роўная струна станкоў раптам стала і замерла. Сумная цішыня маланкай пранеслася па майстэрні і абяліла майстра белізною спалоху... Скрозь туман ён убачыў перад сабою вострыя, як лозы, хмурыя ўзрокі рабочых, якія нерухома глядзелі ў яго застыўшы твар. Рыгор пачынаў шэраг ад сцяны і рашуча яго выгінаў, падаўшыся крыху наперад.
— Гэта яго сігнал! — паказваючы на Рыгора шабляю, басам прагучаў палкоўнік інтэнданцтва, быўшы з майстрам.
Майстар ці не ўчуў, ці баяўся падтрымаць палкоўніка і ціхім умольным голасам праказаў у бок рабочых:
— Я прашу вас пусціць станкі. За свае словы прашу ўбачэння.
І, палажыўшы масляную руку на раненае месца, ён блытанымі крокамі павярнуў у бок канторкі. Нездаволеным пайшоў за ім палкоўнік. Рабочыя пусцілі станкі. Рыгор з незмярымаю асалодаю прасачыў доўгі ланцуг пахіленых да станка таварышаў і сам апошнім глыбока з запоем усадзіў разец у пажоўклую сталь. «Нумар выдаўся на славу,— пацешыўся ён.— Рабочыя паказалі ўзор яднання, прыклад рашучасці, дэманстрацыю пратэсту. Гэта значыць, што пад рассцеленым павучыннем знадворнага спакою дзейнічае, калышацца неўміручая сіла ўздыму. Успыхнуўшы, іскра запаліць полымя. Толькі ўмела яе раздзьмуць!»
Вечарам таго дня, выйшаўшы з завода, Рыгор паехаў да Ганны, каб падзяліцца з ёю свежымі навінамі з жыцця завода.