SommaireСокі цаліны
Квадра ІІІ - КРЫЖАВЫЯ ДАРОГІ, ЧАСТКА ПЯТАЯ · 5 min de lecture

ІІІ

Рыгор прыняў ад канторшчыка разліковую кніжку і паглядзеў на выведзены заработак: першы тыдзень верасня даваў яго новае падвышэнне. Рыгор зарабіў на дзесяць рублёў болей папярэдніх двух тыдняў. Гэта яго здзівіла і суцешыла. Час недахопаў, пабірання і ўпартых дапамінаў пра грошы — мінаў. Заработак абяцаў некаторую забяспеку. Яшчэ тыдзень-другі, і Рыгор сумее пакрыць першыя патрэбы. Выходзячы з завода, ён размяркоўваў, куды і на што прыйдзецца аддаць частку атрыманых грошай. Выяўляліся тры месцы першае чаргі: выслаць мацеры, звярнуць Ганне і пераслаць Петрусю. Толькі як гэта зрабіць? Мацеры выслаць — вельмі проста; знойдзецца падыход і да Ганны. Угаворамі, націскам на сяброўскае пачуццё ён сумее яе схіліць. З Петрусём — цяжэй. Прайшло больш месяца, як ён арыштаваны. Петрусёва маўчанка наводзіла Рыгора на падазронасць і неспакой.

Не павінна ж быць, каб яго так запраторылі, што аднялі ўсякую сувязь з вольным светам!

Рыгор да таго ўвайшоў у раздум, што не заўважыў, як абмінуў двор свае кватэры. Раптоўны вокліч прымусіў яго спыніцца. Ён азірнуўся і ўгледзеў накіраваўшую да яго Рыму.

— Рыгор, я вам нясу паклон. Думаеце, ад каго?

— Магчыма, ад...

— Так, ад Петруся,— пераняла яго Рыма: — сёння раніцою прынеслі ліст. І, ведаеце, ліст абазначаны пятнаццатым днём жніўня. Тры тыдні ішоў ад прадварылкі да Ляснога.

— Ён ішоў праз пошту?

— Хто яго ведае, як і што; паштовая пячатка ёсць.

— Дык зойдзем да мяне, і пачытаеце. Нам трэба будзе абгаварыць справу дапамогі Петрусю.

— Спатканне даецца два разы на тыдзень. Давайце, ахвяруем дзень.

Яны зайшлі да Рыгора. Пятрусь шчыльна аб’яднаў пачуццё абаіх, і яны прагавіта накінуліся на ліст. Рыма завучана прачытала яго Рыгору. Той выслухаў і пацяў плячыма.

— Ды што можна іншае пісаць? — запытаў ён ні то ў сябе, ні то ў Рымы.

— Але я рада і гэтаму. Нарэшце, хоць сэрца адлягло...

Выказаўшы гэта, Рыма змаўчала, мэрам бы чаго спалохаўшыся.

— Вы мне скажэце, Рыгор, ці гэта бяспечна для мяне, што паліцыя знацьме мой адрас і мае дачыненні да Петруся?

— Чаму вы пытаеце?

Уверанасць і цвёрдасць у Рыгоравых словах змянілі настрой дзяўчыны. Яна засмяялася і скарамоўна праказала:

— Ну і цудная ж я! Плявузгаю ліха ведае што! А каб і трапілася, што мяне заарыштавалі, ці ж бы я адна была?.. Фу-у!

— Кіньце-э, Рыма, з чаго вам прыйшло гэта ў голаў? — разуважыў яе Рыгор.

Дзяўчына зноў засмяялася і, каб скрасці вачавідкую нервовасць, ці то звязаную з Петрусёваю цыдулькаю, ці незалежную ад яе, перайшла на іншую гутарку.

— А я ўсё чакаю выпадку, калі вы звядзеце мяне з вашаю знаёмаю. Помніце, колькі разоў вы абяцалі мне гэта?

Рыгор паглядзеў на Рыму.

— Я добра гэта помню, але, да шкоды, рэдка вас бачу.

— Можа, мяне вінаваціць станеце ў гэтым? Я так і думала...

У Рымы па твары прабегла лёгкая чырвань. Яна падняла зрэнкі ўгару і з хвіліну глядзела ў столь. Пасля падышла да акна і столькі ж часу стаяла, адвярнуўшыся ад Рыгора.

— Вы мне даруйце, я мушу зараз ісці,— няўвераным голасам праказала яна, зрабіўшы пару крокаў ад акна.

— Я бачу, што вы ўсхвалёваны нечым, Рыма? — хапіў яе за руку Рыгор.— Вы пакрыўдзіліся, што я...

— Не, не-э... Я... Пятрусь, вы... Пусцеце мяне, прашу вас...

Рыма тузанула і вырвалася з Рыгоравых рук. Не праказаўшы слова і не азірнуўшыся на яго, кінулася ў дзверы і схавалася.

Здзіўлены яе паводзінамі, Рыгор пагнаўся ўслед ёй, але калі дабег да дзвярэй на сходы, Рыма ўжо сходзіла апошнія ступы. Ён пастаяў, пакуль яна схавалася за сцяною, і вярнуўся ў пакой. «Што з ёю такое? — падумаў Рыгор.— Спаткалася, як трэба, а нарэшце — вунь што! Няўжо тут замешана нешта такое, да чаго маю і я дачыненне? Ганна? Знаёмства з Петрусём?»

Рыгор доўга раздумваў пра гэта, занядбаўшы і гарбатаю, і газетамі, і намерам праехацца ў горад... Толькі а гадзіне дзесятай вечара навеянае Рымаю пачуццё расплылося, і ён вярнуўся ў думках да Петруся.

Вестка ад яго, прынесеная Рымаю, нягледзячы на ўсё іншае, супакойвала Рыгора. Ёю вырашалася задача, якая так моцна захапіла яго некалькі часу назад. Цяпер аставалася адно: вылучыць дзень і пайсці да Петруся на спатканне. «Гэта трэба зрабіць, як найхутчэй, а то Пятрусь, напэўна, думае, што я пра яго і забыў». Рыгор спыніўся на бліжэйшым чацвяргу і перайшоў у думках да Ганны з мацерай.

Цікава, у якую ж форму выльецца гутарка з Ганнаю? Ён возьме і запрапануе ёй грошы, спасылаючыся на яе дапамогу мацеры, на яе недастатковы заработак... А Ганна? Добра ж, калі яна абмяжуецца голай адмовай, а калі...

Рыгор дапусціў, нарэшце, крануць сваіх інтымных адносін да Ганны. Яскрава прадстала яму гэта дзяўчына ў настроі замілавання і нутраное асалоды, дбайна хаваючы яго ад апаскі ў сваім цесным пакоі. Як міла і цёпла глядзелі на яго Ганніны мяккія вочы! Колькі ў іх спагады і братняе любасці! Якая яна ласкавая і гасцінная! Магчыма, Ганна лашчыць многа надзей... якія, аднак, далёка ад ажыццяўлення. Цікава ўсё ж выклікаць яе на адкрытую гутарку... Няўжо дзяўчына пра гэта не думала?

Думка за думкаю блытаным сплётам вілася ў Рыгоравай галаве. Водгукам на іх сэрца адбівала спагадлівы настрой.

Рыгор хутка абарваў і думкі і настрой. Ён раптам сеў да стала і ўзяўся за пісанне ліста да мацеры. Ён папераджаў яе, што разам з лістом высылае пятнаццаць рублёў грошай; гэта мала, але няхай маці ўбачыць: спусціўшы нейкі час, ён сумее выслаць больш. Пакуль яму трэба расплаціцца з даўгамі, купіць сёе-тое, а стане вальней — тады...

Пятнаццаць рублёў дапамогі мацеры выклікала ў ім пачуццё задавальнення. Спадаў нейкі цяжар з плеч, калі ён канчаў з лістом, адначасна адлажыўшы ў другое месца вызначаную суму.

«Маці атрымае і...»

Стук у дзверы пакоя падняў Рыгора на ногі. Ён правёў няроўную рысу на паперы і адсунуў яе ўбок.

— Прашу!

— Вам ліст,— прачыніўшы дзверы, падала гаспадыня кватэры.

— Дзякую...

Рыгор узяў ліст з рук гаспадыні і паглядзеў на канверт, дзе была пячатка. «З Сілцоў!» — праказаў ён сам сабе і падышоў да акна з намерам прачытаць яго. Тут яго ўвагу адцягнуў аэраплан; агромнаю птушкаю выпархнуў ён з-за высокага будынка і плаўна закруціўся перад акном яго пакоя. Рыгор бачыў, як шэрая істужка дымку пляла ўзоры пад яго хвастом, мэрам бы жартуючы з тройкаю чудлівых варон, што ляталі ўслед аэраплана. Да яго вушэй даходзіла цягучае гудзенне прапелера. Відовішча хавала ў сабе прыгожасць людское перамогі над стыхіяй, акрыляла Рыгоравы думкі і надзеі. Яго захапіла хаценне, каб гэта ды самому паспрабаваць абляцець адно кола ў чыстаце спакойнага паветра... У адчуванні прадстаўленых перажыткаў пры палёце — ёкнула сэрца, а халадок ні то ўцехі, ні то пудлівасці прайшоў па ўсім целе...

Хвілін праз дзесяць Рыгор наглядаў у палёце аэраплана пагрозную адзнаку завіхрыўшай вайны. Легенда пра Ікара ў яго раздумах атулілася жалобаю. Дзякуючы гэтай дзёрзкай людской вынаходцы, вайна скарачае шлях, якім вядзе сваё разбурэнне. Ці ж можна ручаць, што з яго скрыдлаў не спадуць смертаносныя стрэлы?

Рыгор адхіліўся ад акна; разам з гэтым змоўкла гудзенне аэраплана.

Квадра ІІІ - КРЫЖАВЫЯ ДАРОГІ, ЧАСТКА ПЯТАЯ · 6 min de lecture

IV

Доўгая вузкая палоска паперы была скрэмзана да адказу. Няроўныя радкі п’яных літар абкручвалі берагі палоскі, сплятаючыся ў арыядніну нітку. Рыгор круціў паперу ва ўсе бакі, меркаваў, адкуль і куды накірованы канчаткі слоў.

«Ну, і напісаў жа Сёмка»,— пераказваў раз-поразу.

Дачытаўшы да канца, Рыгор падняўся з крэсла і затупаў па пакоі. Змест Сёмкавага ліста завалодваў яго думкамі і настроямі. Хутка Рыгор бачыў перад сабою жывыя малюнкі водгукаў вайны ў яго родным мястэчку. Вось па яго вузкіх пыльных вуліцах прашнуравалі стражніцкія раз’езды; яны абвяшчалі пра мабілізацыю людзей і коней. Адначасна сцены рагавых хат увабраліся абвесткамі пра ваеннае становішча. Сілцы замерлі, мэрам бы на іх дыхнула ліхое паветра. Нейкі час жыхары сядзелі, як замарожаныя, аглуздзелыя. Назаўтра іх разбудзіла раскалыханая трывожнасць. Паўсталі шэпты, гутарка; следам з’явіўся рух, гвалтоўны настрой, роспачныя аханні, узрыды... Чарговым днём мястэчка апынулася каля Масткоў: тарахцелі вазы, курыўся пыл, вылі сабакі. На шырокай прагаліне, абкружанай сцяною людзей і жывёлы, ішла мерка коней. Трое чалавек, з якіх адзін быў ветэрынар з Ліцка, другі — спраўнік адтуль жа, трэці — валасны пісар, машынальна аглядалі аднаго за другім несканчоны шэраг разнамасных, разнаросных коней. Пісалі, прыстаўлялі і адстаўлялі стракатную палку, выгуквалі аднастайныя словы: «прыняты», «у конніцу», «у артылерыю», «у кухню». Рэдка можна было пачуць — «брак».

Пакорныя лёсу, сілцоўцы маўкліва выслухоўвалі вывады камісіі і гінулі ў разгаламучаным натоўпе, у пылу, за нячэмнымі драбінамі і вазкамі...

А ў гэты час у мястэчку гудзеў гвалтоўны звон. Над шэрымі стрэхамі панурых хатак гусціўся чорны дым, запярэшчаны вогненнымі языкамі праменя. Нейкі час каля Масткоў не заўважалі гэтага, але надало камусьці паглядзець на ўсход, як дзікі выгук «Сілцы гараць!» узняў тысячную грамаду з месца і шалёным галопам папёр яе ў мястэчка. Людзі гналі коней, не патураючы ні навошта, гукалі, лаяліся, наязджалі адзін на другога, варочалі вазы, разбіваліся. Ва ўзнятым пылу яны здаваліся ценямі, зданню. Ці то знарок, ці знянацку, каля самага мястэчка, пры завароце адзін з сілцоўцаў наехаў на пісарскую брычку і павярнуў яе. Пісар ачуўся пад конскімі нагамі. Умомант на гэтым месцы згрудзілася грамада вазніц. Панесліся нялюдскія крыкі і лямант. Адказам былі беспарадкавыя стрэлы адкульсьці прыскакаўшых стражнікаў...

А пажар, як вадою, змываў хату за хатаю. Галавешкі, мэрам вогненныя птушкі, насіліся ў атручаным дымам паветры. Гудзеў, не змаўкаючы, звон...

Незаўважным крокам падаспела ноч і паглынула раз’юшаны дзень, яшчэ страшней зрабіўшы разгорнуты вобраз пажару...

Кончылася раніцою — тады, калі ў шалёным пудзе нечуваных падзей людзі выбіліся з моцы. З апушчанымі галовамі шукалі пагарэльцы сваё дабро; тыя ж, у кага яно ўцалела, голасна дзякавалі невядомага ім абаронцу ў асобе выдуманага бога. Мірнымі тупалі змораныя коні стражнікаў...

Толькі наступным днём чарада мабілізаваных сілцоўцаў знарушыла жалобны супакой развітальнаю песняю — «последний нонешний дене-очек-ек...»

Яны ішлі на вайну...

«Я табе кажу, братка мой, гэтакага пекла я ніколі яшчэ не бачыў. Вось як мы сустрэлі вайну. У вас, пэўна, яно ўсё спакайней абышлося. Бывай здароў! Адпісвай хутчэй. Твой Сёмка».

Рыгор незаўважна выпусціў з рук ліст і толькі рушыў з месца, калі сударга апусціла яго стомленую руку.

У пакоі пацямнела. На вуліцы, у бок казарм, заблішчаў ліхтар. У яго малочным святле расплыліся рэшткі вобразаў, узнятых Сёмкавым лістом.

«Ну, а з маткай там якаво?» — уголас запытаў Рыгор сябе і баржджэй хапіўся за напісаны ёй ліст. «А калі ды згарэла і наша хата, а маці асталася без таго, што мела? Што тады? Пятнаццаць рублёў — ці ж яны выручаць яе?»

Рыгор уталоплена глядзеў на ліст, палажыўшы на лоб руку. Плойма невыразных думак ахутвала голаў. Становішча, якое нядаўна выясніла перад ім бліжэйшую перспектыву, раптам заблытвалася. «Якім бы чынам тут уведаць?..»

Ён не дакончыў думку, калі з-за дзвярэй данёсся настарожлівы вокліч:

— Можна, Рыгор?

— Прашу вас!

Ужо інстынктыўна ён пачуў, што прыйшла Ганна. Было зусім дарэчы. І сэрца ўзмоцненым стукам аддало ёй вітанне.

— Ты дома? — запытала Ганна, працягваючы яму руку.

— Чаму? А то мяне ты не заставала? Садзіся... Дома... Дагэтуль вось... гісторыя...

— Гісторыя?!

У Ганніным ваччу бліснула настарожанасць. З чырвоных яблычак, што іх наклеіла на Ганніны шчокі свежае ядранае паветра, заўважна спадала ружа.

— Сядай... Гісторыя...

Ганна села і не адводзіла ад Рыгора вачэй. Напружана чакала — што ж у яго за гісторыя, які яе змест.

Рыгор зацяжна ўздыхнуў і пагладзіў косы.

— Гісторыя не з прыемных,— раздразніў ён Ганніну цікавасць.

Тая прыўстала, узрокам вымагаючы апавядання.

Калі ж Рыгор у кароткіх рысах перадаў ёй змест Сёмкавага ліста, Ганна спагадліва войкнула.

— Давай тэлеграму,— парадзіла яна.

— Я думаў... Ды ці ж бы Сёмка не дапісаў, каб крый чаго...

Гэта была самаўцеха, але Ганна на ёй спынілася — магчыма, усё абышлося добра. Прынамсі... Што б яна зрабіла, каб ды наадварот?..

— А я цябе чакаў...

Рыгорава рука лягла на Ганніным плячы...

— Няўжо праўда?.. Сядзь каля мяне хоць на адзін квадранец... Мне так хочацца з табою ад душы пагутарыць...

Чамусьці Ганнаю завалодала нясмеласць. Нешта не пускала плаўкай вымове слоў... Тая ж сіла схіляла да долу яе затуманены ўзрок. Рыгор настаражыўся, і, калі Ганна змоўкла, ён пахіліў яе стан да сябе.

— Я слухаю, Ганна... Кажы мне ўсё, што маеш сказаць... Я слухаю...

Павернуты да Рыгора яе твар выглядаў жывым, настойным пытаннем; вочы пранізвалі яго нутро — не было абароны.

— Выслухаеш?

— Выслухаю.

— Дарагі мой, я ўжо здаўна і часта пытаю сябе... Няўжо мне суджана будзе зноў загубіць твой след?.. Я баюся, што мне будзе не справіцца з напорам жыцця, калі ў адну хвіліну... Ты чуеш?.. Я табе не казала ніколі ні разу, а, тым часам, твая істота, ты — неад’емная часціна майго жыцця... Цалюткі сённяшні дзень я мучылася думкамі — рашыцца ці яшчэ чакаць. І вось прымай, як хочаш...

Гэтыя напружаныя, трапяткія сказы абдавалі Рыгора праменнай цеплатою. Яму рабілася ад гэтай цеплаты не па сабе, млосна — зусім нечакана ён сустрэўся з гэтым манеўрам Ганны. Калі толькі што яго думка кранула магчымасці з ім спаткнуцца, то ўсё абышлося несур’ёзна і павярхоўна, нават не зацікавіла яго, што б і як адказаць, каб падаспеў выпадак. Вострая рэакцыя ўнутры спаліла праявы ўсякага пачуцця. А гэта, вось...

Бязмоўным пацалункам, змешчаным на Ганнінай шчацэ, было не абмежавацца. Вачавідкі і зразумела — Рыгор сам адзнаваў, жадаючы пачуць Ганніна слова. Ды яна маўчала — ні то задаволеная, ні то пакрыўджаная.

Яе ўзрок пранізваў промень, занесены з вуліцы ў акно. Сэрца ж замірала пад шчыльна пакладзенаю на грудзі Рыгоравай рукою. Таемнасць цішы разгортала таінства глыбокага прасякнення любоўю двух блізкіх, палкіх, маладых сэрцаў.

— Запалі святло!

Ганніны словы сустрэў зацяжны гул сірэны, што нахабна ўварваўся ў пакой. Рыгор пакорліва выпаўніў Ганніна ці то вяленне, ці просьбу.

— Ну, я табе забыў пахваліцца, Ганна,— раптам ён успомніў пра вестку ад Петруся.

— А што? — бесцікаўна запытала дзяўчына.

— Пятрусь прыслаў паведамленне... Я, бок, табе казаў пра Петруся?

— Казаў... Адазваўся?

— Так, як і трэ было чакаць,— ён у доме папярэдняга зняволення... Рыма...

— Рыма?

— Ты б прыйшла калі, Ганна, я б цябе звёў з гэтай дзяўчынаю... Яна вельмі хоча з табою пазнацца. Што за чалавек!.. Пятрусь...

Ганна стаяла ля акна, і Рыгор не заўважыў, што яна глядзела на гадзіннік.

— Я прыйду ды буду лішняю, тады...

— Ганна!

Рыгор сам не чакаў гэтай неасцярогі — гук дзвенгнуў шклом у акне і, напэўна, дайшоў да гаспадыні. Скокам маладога тыгра ён апынуўся каля Ганны і спрытным обдымам прытуліў да сябе.

— Ты не злуешся?

— Вы гарбату будзеце піць, Рыгор Міхасевіч?

Гаспадыня злаўмысна прачыніла дзверы, і ў вузкай шчыліне блішчаў агеньчык яе шпегаўскіх вачэй.

— Папрашу, калі ласка. Вып’еш гарбаты, Ганна?

— Позна. Я мушу ісці.

— Цябе чакаюць?

— Чаму ж, мяне, думаеш, некаму чакаць?

— Думаю... Ты злуешся на мяне?

— Я ні на кога не злуюся, я на сябе злуюся...

— Сядай... Правер той час, у які мы знаёмы з табою. Ці я калі-кольвечы даў намёк на няўвагу да цябе? Ці хоць раз ты ад мяне чула няўладнае слова? Ганна?..

У яго слесарскай руцэ захрусцела тонкая далікатная рука нядаўняй настаўніцы.

— Я так быў рады, калі стрэў цябе ў гушчы рабочай грамады. Я кінуўся да цябе, як матрос на маяк...

І міна на мужным, суровым твары Рыгора, і сталёвасць у яго словах, і бляск у ваччу, і нахіл яго постаці — усё казала Ганне — павер, праканайся, заспакойся...

— Можна? Гарбата!

Рыгор адчыніў дзверы і ўзяў з гаспадыніных рук тацу.

Праз хвілю яны сядзелі за хісткім столікам, адзін супроць другога, і пілі гарбату. Спакой сведчыў пра наступіўшае замірэнне, якое радзіла звычайную гутарку. Цёплая ўхмылка роўна апінала іх жыццярадыя постаці.

Раз ад разу бранчэла пасуда.