V
Вострая, празрыстая нітка праменя кінула на Рыгораў твар вёрткага зайчыка. Заказытала ў ваччу, і чулыя вейкі падняліся ўгору.
— Пятрусь? Дзе ж ён?
Мігам шустрая думка Рыгора апынулася ў вузкай глыбокай камеры дома папярэдняга зняволення.
— Дзе Пятрусь?..
...Камера № 87.
Вось толькі пяць хвілін, як Пятрусь удвойчы хапіўся за праверку перажытага ім у астрозе часу. Якая цягучая аднастайнасць! А між тым — як хутка прамігнуў час! Мэрам бы сёння яго прывялі сюды. Тыя ж сумныя і халодныя сцены. Той жа кавалачак хмурнага неба ў закраценым акне. Прымацаваны да сцяны жалезны столік, абрыдлы цвёрды ложак. Замураваны ўмывальнік і брудная параша. Усё асвойтанае, звыклае і надаеўшае.
— Стукаюць?
Схудалая постаць туліцца вухам да сцяны і напружана слухае. Спусціўшы хвілін пяць, адбівае: «Ніякіх звестак з волі».
— Ці чакаю? — «Чакаю. Пісаў некалькі лістоў, а жаднага адказу».
Стук змаўкае, і Пятрусь памерным, разлічаным ступам мерае камеру з кутка ў куток. «Няўжо і на гэты раз ніхто не адзавецца?»
Петрусю карціць і прагна хочацца атрымаць вестку з волі. Ён дзень у дзень успамінае Рыгора, Рыму, часамі далучае да іх Гэлю; часта пераносіцца думкамі ў Сілцы, выяўляе перад сабою настроі і думкі бацькоў; спагадае іх няведанню пра яго. І ўсе гэтыя раздумы, успаміны, жаданні і хаценні перыядычна ўстаноўленым чынам праносяцца перад ім у беспрытульнасці астрога. На колькі часу ўперадзе? А хто яго адгадае — воля царскіх сатрапаў, капрыз любога апрычніка. Каму ёсць дзела да сотні-другое заключаных у гэты сіберны будынак? Вунь цэлыя мільёны пастаўлены пад нажы, пад кулі, пад атрутныя газы — ці ж можа хто думаць пра іх, у цяпле і безапасцы?
Жорсткаю рукою вайна сцірала людское дбанне аднаго пра другога. Сухая адчужанасць цёрлася па гладкіх каменнях камеры, пускаючы мёрзлую шэрань Петрусю ў вочы... Час, час, які няпэўны час! Ці можна даць нездаволенню ўтульнае месца ў сваім нутры? На Рыгора? На Рыму? На ўсіх тых, хто яго ведае, хто яго помніць? Няровен час! А мо Рыгор далей за яго — натура Рыгора вядома... А Рыма? — прамігнуўшы агеньчык... Так, свядомасць дыктуе развагу, але ёй не паддаецца настрой...
— Ізноў стукаюць?
Вуха лажыцца на шэрую фарбу сцяны.
— Што-о?
Здаровыя пальцы звыклі з цвёрдасцю сцен — б’юць запытанне... Але... збоку шорах?
Косіцца вока да вузкай круглінкі ў дзвярах — не ўтоіш, наглядач, у мяккім войлаку прадажных крокаў.
Ізноў думкі.
Нязвычны! Вось ён, чалавек жалезнае волі, Рыгор! Дык чаму ж ён маўчыць? Цэлыя два месяцы ні слова... Пераймаюць лісты? Ці тут віною Рыма?
Пятрусь затросся, як асіна — калючая прага пачуць цёплае слова з волі, праведаць пра Рыгора, угледзець Рыму... А можа, яны... Не павінна быць!..
Маланкаю праясняецца мінулае ў іх адносінах — чыстае, як маланка, без заусінкі. Не ў гэтым прычына. Яны помняць яго, магчыма, думаюць, а мо і дбаюць — чаму ж яму заўчэсня наракаць...
— На гу-у-лянк-ку-у!
Пятрусь гатоў.
Вось бразгае жалеза за дзвярыма камеры. Чуецца ажыўленне на глухім, мёртвым калідоры... Яшчэ хвіліна — і ён у роўным, механічным шэрагу вязняў. Паперадзе Ігнат Струміла — кіўком галавы абменьваецца прывітаннем. Украдчывая ўхмылка на збляднелых тварах. Рассыпаецца шэпт па жалезных усходах. Тры павароты — і насустрач водблескі празрыстага сонца. Яны скрадаюць беднасць і агіднасць белых гарнітураў арыштантаў...
Двор і шоргат шкарбакоў па ўкованай каменьмі зямлі. Ланцугамі ўюцца круглыя цені галоў — мэрам бы круціцца знарочыстае кола, на мнагалікіх спіцах якога насаджаны чорныя галкі. Мёртвым шулам тырчыць фігура салдата з аружжам у руках. Непарушны, як укопаны, ён ловіць уталопленым узрокам выразы твараў. Сочыць за кожным крокам мігаючых постацей. А ззаду? Ззаду жалезная брама. У драп’ястых будках — настарожаная варта. І толькі? Не. Вуньдзека, з-за шуляванняў вокан наглядаюць запасныя нагледачы. Не, тут не рызыкнеш нічым, апроч свайго жыцця...
Свісток. Глухі і калючы: назад! У камеры!..
Ужо галоўка шэрагу накіравалася ў чорную дзірку дзвярэй. Як у яму, гіне адзін за другім у змроку калідораў...
Пятрусь — на парозе. Ён закідае нагу, каб ступіць у дзверы, і чуе — за брамаю гукі! Прыйшлі на спатканне? Няўжо і да яго таксама?
Хто б з яго прыяцеляў надаўміў яго ашчаслівіць? Рыгор? Другога — няма. А вось яго голас...
— Пятрусь, не затрымоўвай...
Шаргатня крокаў аддзяліла яго ад зыкаў за брамаю. Змрок калідораў ахутаў прапахлым паветрам...
Забранчэлі замкі ў дзвярах — доўгі ланцуг з людзей парваўся на часткі. Некалькі хвілін, і Пятрусь у абоймах суровай камеры. Цішыня. Ну, сэрца ж нешта адчувае. Пятрусь настарожваецца, мяртвее... Раптам зычны стук замка разразае спакой.
— Бок, да вас прыйшлі.
— Да мяне?
Пятрусь хапіўся за вушы і вытарашчыў вочы.
Следам, незаўважана для самога сябе, ён пайшоў за нагледачом. Калідоры, сходы — дарога да выйсця. І вось яшчэ не закругліўся паварот, як шустрыя ўзрокі абнялі стройную постаць Рыгора. Яны сышліся ля перагародкі.
— Бра-ат...— хацеў выгукнуць Пятрусь, ды ўстрымаўся.
Пачуццё ўцехі ён выліў у гарачым зацяжным пацалунку Рыгора.
— А я думаў, ведаеш, што і ты...
— Пакуль, вось...
— Ты атрымаў мой ліст?
— Мне Рыма яго прачытала.
— Рыма?
— Ну, а з табою як?
— У моцных руках...
Рабы, абвіслы твар нагледача пакрыўся ўхмылкаю.
— Паверыш, Рыгор, мэрам бы адчуваў, што ты прыйдзеш сёння. Толькі што вярнуўся з гулянкі і не паспеў аглянуцца, як чую вызаў... «Прыйшлі»... А якаво ў цябе з працаю? Усё на старой кватэры? А Ганна?.. Ну, ты паправіўся, я бачу...
— Меў ліст ад Сёмкі...
— Ёсць навіны?
— Дзе іх зараз няма! Пажар быў у мястэчку.
— Пажар? І многа згарэла?
— Не адмячае... Рыма цябе не наведвала, часамі?
— Не. Чаму?
— Я думаў, што можа... Цудная, аднак, яна... Адзін раз, тады ж во, як прынясла твой ліст, раптам ускіпела нечага і неўтрапёнай вылецела з майго пакоя. І болей тыдня не чуваць нічога...
— Што ты кажаш...
— Дзіўлюся сам. І не прыйшла спаткацца?
— Ох, як я чакаў каторага з вас!.. Ведаеш, хоць бы вестку хто даў — было б спакайней, а то ні слова, ні гуку. Як жа таварышы?
— Усё ў парадку, ну, а здароўе тваё як?
— Пакуль, як бачыш...
— Правішся...
Безумоўны ківок рукі нагледача прымусіў Петруся ўздрыгануцца. Ён паспешліва зашавяліў губамі, але замест слоў абмежаваўся паўторным пацалункам з Рыгорам і развітальным поціскам яго рукі.
Следам наглядач разгарадзіў іх сваімі шырокімі плячыма. Толькі ледзьве адчулы шорпат Петрусёвых крокаў данёсся да Рыгоравых вушэй. А праз хвіліну перад Рыгорам мільганула сопушная цем калідора, і ён павярнуўся да выйсця.
Пятрусь адбіў яго ва ўстойнай нерухомай позе і нізашто не мог уявіць ягонае хады... Напэўна, старая, цвёрдая ды ўвераная. Сам — нязменны... Здаецца, застыглы ў акрэсленых формах. Для Петруся — які ён дарагі, які блізкі! Цікава мець гэткага сябра!
Рыгораў прыход адвёў новую мяжу ў яго сядзенні. Пятрусь пераняў ад яго бадзёрасць, надзеі, веру. Пятрусь адчуў у ім жалезную стойкасць і бясстрашны ўзрок у вочы сапраўднасці. Рыгор не панікае галавою, не азіраецца ў бакі. Кожнае яго слова — пераконанне таварышу.
— Стукаюць?
Пятрусь падышоў да сцяны і настаражыўся. Сусед пытаў, хто яго, Петруся, наведваў. «Адкуль ён даведаўся?» — «Пачуў па вызаве Петруся нагледачом»... Так, да Петруся наведаўся яго таварыш і сябра — Рыгор Нязвычны. Пра яго Пятрусь паспеў расказаць суседу. «Той самы?» Той...
Наглядач?
Пятрусь аглянуўся на дзверы. Прывычнае вока ўлавіла лёгкае калыханне рэдкага ценю.
Ён адступіў ад сцяны і цвёрдым крокам накіраваў насупраць акна.
Настрэчу яму сыпалася золата цёплага сонечнага праменя.
VI
Спатканне з Петрусём заспакоіла Рыгора; ён не дапускаў сабе думкі, каб Петруся судзілі. Бліжэй усяго — Петрусю пагражае адміністрацыйная высылка. Каб суд, было б сур’ёзней, тады б яму не дазволілі з ім спаткання. Напэўна, і Пятрусь чакае гэтага. Увогуле, паколькі Рыгор заўважыў, Пятрусь настроены не дрэнна. Крыху пахудзеў, але гэта адбітак астрога. Каму-каму, а Рыгору гэта вядома. Адна прыкрасць — як-то выйшла так, што ён забыў перадаць таварышу пра зданыя ў кантору астрога на Петрусёва імя дваццаць рублёў. Прымха нейкая, ды годзе... Ах!.. Рыгор пастараецца выправіць гэты недагляд: ён напіша Петрусю ці перадасць праз Рыму, калі...
З Рымаю цікава. І што тады выйшла — чаму яна вылецела так раптоўна з пакоя і зараз не паказваецца? Няўжо ён неасцярожліва выказаўся перад ёю, ці?..
Рыгор кожны раз уплятаў інцыдэнт з Рымаю ва ўспаміны пра спатканне з Петрусём. Пацепаў плячыма і дзівіўся.
Дзіва знікала бясследна, калі Рыгор вяртаўся да выпадку з Ганнаю. Мэрам бы згавор які супроціў яго? Адна зрабіла зусім незразумелы яму выбрык, а другая гэты выбрык развінула ў цэлую тэорыю? Ганна! З ёю ўжо справа складаней. Яна кранула таго пытання, пра якое...
Рыгор не мог згладзіць вастраты Ганнінай гутаркі вось ужо некалькі дзён. Ці думаў пра падзеі ў Сілцах, ці вяртаўся да Петруся, ці перачытваў весткі са «стаўкі вярхоўнага галоўнакамандуючага» — у вушшу гудзелі яе словы, а ў ваччу мігаўся яе ўмольны, настарожаны выгляд. Рабілася ясна, што Ганна перажывае якісьці крызіс, нейкую жыццёвую надарванасць — іначай бы яна так раптоўна не паставіла яго перад казытным пытаннем. «Але што я магу зрабіць, каб ёй пасобіць?» Рыгор не знаходзіў ніякага выйсця, калі разбіраўся ў акольваючых умовах.
Наперадзе таксама было беспрасветна. Між тым ён адчуваў, што яму Ганну шкада. Шкада і балюча... Трэба тым ці іншым заспакоіць дзяўчыну, разагнаць яе настрой, даць ёй зразумець... Што? Вось ад гэтага і разбіваліся мільгаўшыя ў Рыгоравай галаве планы. Абнадзеіць Ганну ён не можа і не хоча. Ды нават не ўпэўнены, што яго надзея магчыма яе суцешыць...
Усё ж ён рашыў наведаць да Ганны. Ён пойдзе да яе і скажа...
Рыгоравы першыя крокі па выйсці з завода былі накірованы да спынкі трамвая. Без заезду на кватэру ён паспяшыць застаць Ганну ў сябе і паспрабуе ёй растлумачыць... Так — гэта вярней усяго.
— Рыгор?!
Думка раптам разляцелася: Рыгор паглядзеў перад сабою.
— Артур? Ты якім чынам сюды?
— Цікава? — запытаў Артур Цвібель.
— Каля гэтага... Ну, пойдам, хіба, да мяне?
— А ты збіраўся дахаты?
— Я?.. Я нікуды, можна сказаць, не збіраўся... Усё ж ідзем разам... А мо, ты каго-кольвечы чакацьмеш?
— Я знарок да цябе... Ведаеш, я маю цэлы шэраг пытанняў...
Рыгор узяў таварыша пад руку, і яны завярнулі ўправа ад варот завода.
— Я ўжо, браток, знайшоў тут ходы і маю як-небудзь уціснуцца да вас на завод...
Яго перабіў грук падбегшага паравіка. Рыгор міжвольна падаўся ў яго бок.
— Табе куды трэба ехаць? — пераняў Артур Цвібель.
— Я перш думаў... ды нічога... Пойдам... Кажы...
— Але ж я цябе затрымліваю...
Артур спыніўся і пытальна зазірнуў Рыгору ў вочы.
— Дробязь... Кажы...
— Бачыш, вось, мне парадзілі чамусьці завярнуцца і да твае падмогі. Чуў?
Ужо Рыгор пытаў яго сваім узрокам.
— Дарэмна?.. Ха-ха-ха! Я і казаў ім, што дарэмна, а яны...
Артур засмяяўся.
— Хто яны? — пацікавіўся Рыгор.
— Трубін, бачыш...
— Шалапут.
Рыгор агледзеўся навокал сябе і дадаў:
— Ніякім чынам. Надоечы ў нас адыграўся выпадак, які мог кончыцца сур’ёзнаю справаю. Ты не чуў?
— Не-э.
— Мы ўсім цэхам наладзілі дэманстрацыйны пратэст. І, чамусьці, майстар з палкоўнікам-наглядчыкам здрэйфілі... Здрэйфілі... А ў чым, яшчэ невядома — магчыма, яны абмяркоўваюць вынікі. І калі, чаго добрага, захочуць дапомніць — тады мне першаму... Вось і разлічы сам, якаво мне...
— Зразумела... Я не ведаю, чаму Трубін...
Яны завярнулі ў вуліцу, на якой жыў Рыгор.
— Ужо блізка да цябе?
— На гэтай жа вуліцы, другі квартал... Ну, стой!
Рыгор раптам адлучыўся ад Артура і накіраваў праз вуліцу да ідучага другім бокам чалавека. Артур спыніўся. Рыгоравы словы яго азадачылі — абарвалася. Ён тут жа ўглубіўся ў адшуканне новых шляхоў да ажыццяўлення справы з паступленнем на завод. Але не паспеў хапіцца ні за водную раду, як падышоўшы да яго Рыгор перабіў:
— Магчыма, што ўсё добра будзе. Гэта старшы рабочы слясарнага цэха. Я прасіў яго пра цябе...
— А ён?
— Дае згоду памагчы. Ты запішы яго імя і прозвішча... Фрыдрык Курс — фін, сумленны і сталы чалавек. Прасіў зайсці наступным чацвяргом. Зойдзеш і пасля скажаш мне...
— Было б вельмі добра. А то...
— Можа, ты грошай не маеш, то я магу табе пазычыць дзесятку?
Артур падзякаваў Рыгора і адмовіўся ад пазыкі.
— Я надоечы захваціў у Камара...
— Ты ў яго бываеш?
— Часамі...
Рыгор паглядзеў на жоўтую браму і спыніўся.
— Прыйшлі.
— Тут?
Артур кінуў бесцікаўным узрокам на дробныя вокны будынка.
— Добрая кватэра? — усумніўся.
— Не дрэнная. Зацішна і недалёка ад завода. Зойдам, Артур.
Ужо Рыгор прапусціў таварыша ў двор, як Артур раптам перамяніў рашэнне.
— Убачай, браток, не магу зайсці. Няхай другім разам... Суйздром забыў, што мяне а шостай гадзіне чакацьмуць...
— Кінь!
— Ні ў якім разе; чалавек прыйдзе ў трэці раз — абяцаў жа яму...
Артур паглядзеў на гадзіннік.
— Даруй... Абавязкова гэтымі днямі наведаю.
Яны развіталіся.
Рыгор вывеў таварыша з двара і зняў шапку.
— Чакаю! — гукнуў услед Артуру і павярнуў назад у браму.
Ён толькі што занёс правую нагу, каб пераступіць парожац дзверцаў, як яго хтосьці тузнуў за жакетку. Рыгор азірнуўся — то быў Артур.
— Зусім забыўся... Табе Наталя перадае паклон... Помніш гэту дзяўчыну?
— Наталю?
На Рыгоравым твары заблішчала ўхмылка.
— Крыху памятаю... Ну, дзе яна, цікава?
— Ліст атрымаў з Харкава. Як і што яна туды трапіла — баюся сказаць.
— А ты маеш яе адрас?
Артур палез па кішэнях шукаць Наталінага адраса. Уміг ён перагледзеў некалькі замурзаных блакнотаў, памятых брудных паперак і — дарэмна.
— Напэўна, у хаце забыў... Перашлю. Пісацьмеш?
— Мне вельмі цікава...
— Напішы... Бывай!..
Яны ўдвойчы развіталіся і пакінулі адзін другога.
Рыгор, азадачаны пачутаю навіною, ускораным крокам пайшоў да сябе.
«Што за дзіва! Адкуль яно гэта? — праказаў ён уголас і нерашуча пазваніў.— Знача, Наталя на волі! Цікава!»
Адчыніліся дзверы.
— Вас чакаюць, Рыгор Міхасевіч,— паведаміла гаспадыня.
— Хто?
— Якісьці малады чалавек.
— Даўно?
— А ўжо хвілін з дваццаць.
Адчыніўшы дзверы ў свой пакой, Рыгор угледзеў Рудольфа Шульца. Той падняўся з крэсла і з газетаю ў руках гасцінна кіўнуў галавою.
— Даруй, Рыгор, што я так нахрапна залез у твой пакой.
— Будзь ласкаў, я вельмі рад цябе ўгледзець. Я думаў, што ўжо ты... Чытаў прыказ кранштацкага каменданта?..
— Чытаў... Вось, бачыш, даводзіцца пакінуць Пецярбург... Ворагам стаў...
Рыгор як зняў паліто, так і стаяў з ім, забыўшыся павесіць. Вестка пра Наталю разбурала яго пачуццёвы свет, блытаючы ўвагу да гутаркі.
— Можа б, гарбаты шклянку, Рудольф? — запытаў Рыгор.
— Дзякую. Я зусім на кароткі час. Мне сёння а дванаццатай гадзіне ўначы тэрмін пакінуць сталіцу.
Рудольф прысеў.
— Я прывёз да цябе,— сказаў ён далей, паказваючы пальцам у бок ложка,— каб ты, браток, захаваў у сябе вось гэту пару маіх куфэрачкаў... Вярнуся — забяру. Можна, Рыгор?
— Куды ж ты мусіш ехаць?
— Прадпісана ў Арэнбург... Прасіўся да бацькоў — у Перм. Адмовілі...
— І бацькі высланы?
— Го, яны ўжо месяц таму...
Рудольф хвілінку памаўчаў. Пасля раптоўна ўстаў і зрабіў два крокі па пакоі.
— Ведаеш, Рыгор, бацька мой перажывае вялікую трагедыю. Надоечы атрымаў ліст і, я табе кажу,— жах... Пякельны жах...
Рудольфавы рукі ляглі на махнатай, непрычэсанай галаве. Рыгор пачуў злосны скрыгат зубоў.
— Што, што за дзіва? — прыўстаў і Рыгор.
— Ты добра ведаеш майго бацьку... Я не скажу, каб ён быў ідэальнай чыстаты, але... ён чалавек не благі... Гэта жывая машына... У сваю майстэрню ён укладваў душу. Жыў ёю... І жыў Смагінам... Ды пакаўзнуўся чалавек. Не паспеў, ці не мог, ці не хацеў атрымаць падданства — і на табе... Адарвалі ад месца, ад кавалка хлеба і — у ссылку. Бадзяецца без працы, праклінае сябе, жыццё, долю... Моліць пра дапамогу... А што я зраблю, калі і я ў тым жа стане... Вайна,— і я вораг, бязвінны вораг нават былым прыяцелям і блізкім... Ды болей таго... Гэтага мала, што...
Рудольф разнерваваўся да адказу.
— А ў дадатак усяго казакі запалілі бацькаву хату і майстэрню, наздзекаваліся з яго, старога... Ну, ды што ж рабіць. Цяпер не час, а чакаць цяжка... Дык я папрашу цябе — вазьмі вось гэта на нейкі час... захавай...
— Я дам табе на дарогу рублёў дзесяць.
Рыгор мігам выцягнуў з кішэні паралез і ваткнуўся ў яго.
— Не трэба!
Рудольф хапіў Рыгора за руку.
— Бяры — аддасі... Ды кланяйся бацьку... Нічога... Адамсцім, Рудольф... Сарафіна Хлораўна! — гукнуў Рыгор.
— Бывай жа!.. Дзякую, дзякую...
Рудольф працягнуў руку. Яны пацалаваліся.
— Гарбаты вып’еш, Рудольф?
— Дзякую, няма часу. Бывай!
— Не сумуй, таварыш. Да блізкага спаткання.
Гаспадыня настарожана паглядзела ўслед Рудольфу.
— Вам адзін прыбор? — запытала яна ў Рыгора.