VII
Рыгор нервова коўзаўся па крэсле. Налітая ў шклянку гарбата некалькі разоў пакідала тацу і варочалася назад. На запыленай сурвеце красавалася каля дзесятка мокрых плямак... Чайная лыжачка саскочыла на падлогу і ўгадзіла пад абсац Рыгорава бота... У горле смагла, але піць не хацелася. Сіні абажур лямпачкі абвіваўся шэрым туманам... Рыгора цягнула ў некалькі канцоў — так веерам і разбягаліся шляхі. Ён адчуваў, што яго чакаюць, думаюць пра яго — а ісці не мог. Штосьці трымала ў пакоі, беспрытульным і не сваім на гэты раз. Якім чынам усё так збеглася нечакана, тлумна і хаатычна, ён не мог сказаць... Скрыжавалася, змітусілася... Рудольф!
Яго пацягнула да акна.
Шэрань. Смуглыя ліхтары. Беспрытульна. Дзесьці гудзе паравік і звоняць рамізніцкія шамкі. А ў акопах? «Адзеньце салдата! Холадна ў акопах!» Так, у акопах холадна, а ў палацах — балі... Арэнбург, Перм... Маргарыта, Рудольф...
— Я ж мушу да Ганны...
Рыгор сярдзіта захадзіў рукамі ў гамузе газет і кніжак. Закалыхаўся столік, і недапітая шклянка плюхнула на падлогу. Дзвенгнула...
— Што я... Ды я ж не абяцаў ёй прыязджаць... Заўтра паеду... Не ўцячэ...
Роўны лісток паперы абвіўся вакол асадкі, а дале пырхнуў і адляцеў на ложак.
«Ганна дарма закруціла»... «Петрусю трэба пачакаць»... «Што ж там з мацераю? Ці атрымала яна грошы?.. Сёмка — ані словам»... «Наталя кланяецца... Ах, Наталя»...
Рыгор абярнуўся да дзвярэй.
Стукаюць?
— Прашу вас!
— Я на адну хвілінку, Рыгор Міхасевіч... Я ўжо даўно збіраюся, ды ўсё вам обмаль часу... Парываюся запытаць, а пасля неяк... Дазвольце прысесці?
— Калі ласка!..
— А я вам не буду перабіваць? Вы, напэўна, ужо не пойдзеце сёння нікуды?.. Дзесятая гадзіна...
— Калі ласка...
Прыбраная і напудраная, з шырока вылупленымі вачыма, гаспадыня лісліва глядзела на Рыгора. Таму рабілася цяжка вытрымаць яе ўпарты, нашароханы ўзрок, і ён раз ад разу азіраўся на акно. Гаспадыня перашкодзіла яму, але Рыгор не ведаў, як ад яе пазбавіцца. Намякнуць — не зразумее, сказаць адкрыта — няёмка...
— Я вас слухаю, Сарафіна Хлораўна,— натужыўся ён.
— Сядайце побач, Рыгор... Нешта перашкодзіць мне сказаць вам...
— Калі ласка...
— Мне толькі дваццаць рублёў на адзін месяц,— паўшэптам сказала яна.— Прыйшлося, ведаеце, да зарэзу цяжка. Я вам з працэнтамі вярну. Не адмоўце, галубчык...
— Сарафіна Хлораўна, дык я ж не маю... Апошнія сёння...
Гаспадыня крута павярнулася і выбегла з пакоя.
— А немцам, Рыгор Міхасевіч, ёсцека? — прагукала яна за дзвярыма.
— Што-а-а?
Рыгор злосна стукнуў абсацам па падлозе і прыслухаўся.
У кватэры ўсё прыціхла.
— Слухала, подлая!
Ён не паспеў працягнуць думкі, як ззаду яго шаснулі дзверы і крокі гаспадыні павярнулі Рыгора да дзвярэй.
— Кіньце злавацца, Рыгор Міхасевіч,— перапрасіла яна.
— Што вы ад мяне хочаце? — злосна запытаў Рыгор.
— Я прашу вас... Я бачу, што вы не ў настроі сёння, Рыгор Міхасевіч... Не выводзьце з маіх слоў нічога дрэннага. Я не хацела вас абразіць — мяне вымусіла... Рыгор Міхасевіч...
Непрытомнасць гаспадыні перастала злаваць, а дзівіла. У чым сэнс яе просьбы, прыходу ў пакой, лаянкі, перапрашэння?
— Я вас не разумею, Сарафіна Хлораўна.
— Я сама сябе не разумею.
Яна раптам пасумнела і накіравала ў дзверы.
— Даруйце-э мне,— яшчэ раз перапрасіла.
Рыгор не даў ёй дайсці да свайго пакоя, як мігам апрануўся і выйшаў з кватэры.
На вуліцы туманіла. Халодная золкая пагода не спрыяла бадзёраму настрою. Цягнула назад у памяшканне. А Рыгор не хацеў варочацца да сябе. Ён перасіліў няўтульнасць надвор’я і пайшоў да Выбаргскае шашы.
На гэтай вуліцы адчувалася заўсёдашняе ажыўленне. У абодва канцы насіліся рамізнікі, праязджалі паравікі. Направа, у бок завода «Святлана», чулася музыка гармоніка. Некалькі п’яных галасоў падпявалі частушачныя мелодыі. У другім баку доўгі час свістаў гарадавы. Хтосьці гвалтоўна лаяўся.
Рыгор крыху пастаяў пры рагавым доме, пасля пайшоў у бок ясна асветленай харчэўні.
Ён ужо быў каля самых дзвярэй, як яго аклікнулі. Ён абярнуўся. Перад ім стаяў сусед па рабоце, Анікей Кузін.
— Чаго ты сюды? — запытаў ён.
— Да проста так, надаела аднаму ў дому. А ты куды?
— Я ад таварыша — дамоў.
Яны збочылі ад дзвярэй.
— Ёсць навіны якія?
Анікей нахіліўся да Рыгора і шэптам паведаміў:
— Ды ўжо ж. Надоечы адбылася раённая сходка за Нараўскай заставай. Абгаварвалі характар святкавання дзевятага студзеня. Ёсць настрой у карысць забастоўкі...
Яны адышлі далей.
— Варта было б і ў нас памацаць грунт. А то мы заўсёды адстаем... Га?..
— Вось то-то і ёсць... Я назнарок і наведваў таварыша, каб абмеркаваць гэта...
Вырынуўшы з харчэўні натоўп хлапцоў перапыніў іх гутарку.
— Трэба падрабязкова абмеркаваць гэта,— парадзіў Кузін уголас: — Гэта рызыкоўная справа...
— Я думаю...
Безгаворна абодва пайшлі ў харчэўню.
Шырокае і досі чыстае на выгляд памяшканне было перапоўнена людзьмі. У сініх палосах курава расплывалася электрыка і тануў густы развяселены гоман. Між шчыльна ўседжаных сталоў насіліся падавальшчыкі: іх гукалі і тузалі за рукавы. Несціхана хлопалі піўныя бутэлькі. Машына выігрывала «Тройку». Дзесяткі разнастайных пахаў зліваліся ў кісла-воцатны імпад.
На іх прыход ніхто не абярнуўся; усяго і было знаку, што за імі ўварвалася знадворку шустрая струмень халоднае паветры. Гэта рабілася нязменна праз увесь вечар — вентылятар над дзвярыма не спыняўся вярцецца і насвістваць аднастайную мелодыю.
Яны акінулі ўзрокамі шырокую залу сталовай — парожняга месца не наглядалася. Тады абодва пайшлі між сталоў, шукаючы яго. Рыгор падсцярог двух мужчын, якія вялі разрахунак з падавачом, збіраючыся пакідаць харчэўню. Ён гукнуў таварыша. Кузін у гэты час паспеў захапіць столік у кутку, якраз насупраць ігральнае машыны. Акно збоку злёгку астужала спёртае паветра. Кузін махнуў шапкаю, і Рыгор упусціў чаргу другім.
— Вып’еш піва? — запытаў Кузін.
— Я б не проч і падзакусіць чаго.
— Заказвай...
Кузін паклікаў падавача і даў заказ на піва і салянку.
Падавач не паспеў адысці да буфета, як з боку іх пачуўся востры надрыўны голас газетчыка. «Біржавыя Ведамасці». «Наша войска пакінула Лодзь». «Немцы ўвайшлі ў Лодзь дваццаць трэцяга». «Вячэрняя біржоўка». «Каму «Вячэрнія Біржавыя?» «Аўстрыйцы занялі Белград». «Здзек над сербскімі цэрквамі». «Зверствы немцаў» «Кніжка Рэннікава».
Выгук за выгукам ляцеў з вуснаў здаравеннага чырванашчокага дзядзькі. Гоман прыціх, і дзесяткі рук пацягнуліся за газетаю. Газетчык заўважна памяншаў іх пад пахай, збіраючы медзякі.
Свежыя навіны зразу перамянілі настрой прысутных. Над сталамі распасцерліся аркушы газет, адцягаючы людзей ад ежы і пітва.
Але хутка першае ўражанне ад ваенных навін паспела адляцець. Важкасць здарэнняў прасочвалася ў нутро, асядаючы ў глухіх кутках істоты.
Карчомнае жыццё аднаўлялася. За суседнім сталом раптам узнялася вострая спрэчка. Малады, чарнявы мужчына заўзята крытыкаваў дзяржаўныя парадкі, лаючы расійскае камандаванне. Махаючы абедзвюма рукамі, ён бясстрашна крычаў: «Прадацелі-ы! Змена-а! Усю-ды-і змена! Дзе ж ты пераможаш? Гэ-э! Меншыкаў! Кінь, брат, пераконваць нас у перамозе... Ду-у-дкі-ы! Табе тут лёгка дыктаваць машыністам, а там... Прадаце-лі-ы! Згубы-ы захацелі... Нішчыце народ... А нам пушку заліваеце-э...»
Увайшоўшы ў азарт, ён падняўся над сталом і яшчэ мацней загукаў: «Перамо-о-га-а! Знаем мы вашу перамогу! Ужо раз наведалі Прусію... Тое будзе і з Галіччынаю... Губернатара вызначылі? Перамышлю захацелі?.. Тут, у сябе лад навядзеце... Марадзёры-і... Нажывацца-а на нашай крыві...»
Вакол прамоўца згрудзіўся натоўп. З усіх бакоў няслося адабрэнне. Настрой абвострываўся, пераходзячы ў дэманстрацыю супраць вайны. Загрымеў пляск апладысментаў, а хтосьці паспеў зацягнуць марсельезу.
Гаспадар харчэўні з падавачамі бязвольна мыкаў то з-за буфета, то за буфет, клапатліва пазіраючы на дзверы.
— Гаспа-а-да-а, пацішай! Пра-а-шу-у вас!.. — напінаўся ён, крычучы ў бок натоўпу. Яго доўгія рыжыя вусы і лахматы кузаб галавы зводзілі ўсю сур’ёзнасць да бязвольнай камедыі — яго ніхто не шманаў.
Героем быў рухавы і злоязычны смяльчак — падняты ўжо на рукі наэкзальтаванаю грамадою.
Падаўшыся агульнаму настрою, паўскаквалі з сваіх месц і Рыгор з Кузіным.
«Бра-а-ва-а!» — далучыўся да агульнага гоману Кузін.
Ды не паспеў ён стуліць вусны, як яго Рыгор тузануў за руку: у дзвярах харчэўні стаяла трое здаравенных гарадавых, якія сурова глядзелі на раз’юшаных наведвачоў харчэўні. Хутка адзін з іх паднёс да губ свісцёлку, і прарэзлівы зацяжны свіст разляцеўся па харчэўні. Грамада змоўкла, а прамоўца спрытна апусціўся ўніз і змяшаўся з людзьмі. Гарадавыя напорам кінуліся ў парадзеўшую грамаду.
Праз хвілін пяць адзін з іх накіраваўся ў дзверы, ведучы пры сабе прамоўцу. Рыгор зразу скмеціў, што справа апошняга бярэ дрэнны наварот. Ён умомант аддзяліўся ад стала і ёмкім скокам апынуўся пры гарадавіку. Наглядаўшыя гэта заўважылі спрытны манёўр Рыгора, які разам з арыштаваным мігам зніклі за дзвярыма харчэўні. Раззлаваны гарадавік падаў гвалтоўны свіст, кінуўшыся ўдагонкі за ўцекачамі.
Услед яму пабегла цэлая грамада з другімі гарадавікамі.
І ў харчэўні і на вуліцы разнеслася нечаканая трывога.
Кузін спакойліва выйшаў чорным ходам.
VIII
Ачуўшыся ў сябе на кватэры, Рыгор нейкі час прыслухоўваўся да кожнага шоргату за дзвярыма. Ён быў няўвераным, што яго хто-небудзь з прысутных у харчэўні не прыкмеціў. Не магло таго стацца, каб сярод наведвачоў не нышпарыў адзін або і некалькі шпегаў. Толькі рэдкі выпадак мог паперашкодзіць улавіць яго прысутнасць у харчэўні. А раз яго заўважылі — наўрад ці абмінуць з візітам на кватэру. Магчыма, што гэта была памылка з Рыгоравага боку. Як-ніяк, а паўжартоўны ўчынак таіў у сабе дрэнныя вынікі.
Яшчэ і ў ложку Рыгора не пакідала сумненне. І толькі а гадзіне трэцяй уначы ён знябыўся і заснуў.
Назаўтра раніцою яго разбудзіў знянацкі стук у пакоі гаспадыні. Сарафіна Хлораўна незнарок таўханула падстаўку пад вазоны, і цяжкі гаршчок з зямлёю зырнуўся аб сцяну.
Рыгор мігам праплюшчыў вочы і вылаяўся. Па ўсім целе адчувалася ўтома — ён не даспаў. Спроба ўлегчыся і яшчэ крыху прыдрамнуць асталася без вынікаў.
Сонечная марозная раніца іграла зайчыкамі на сценах пакоя. На вуліцы чулася ваенная музыка. Бадзёрыя гукі труб і зычны стук барабана біліся ў шыбы вокан, вабячы Рыгора.
Ён устаў і праз гадзіну часу ўжо быў на вуліцы. Аб’іненыя дрэвы церусілі драбнюткімі крышталямі снегу. Кудысьці спяшыла грамада вучняў на чале з настаўнікам. З Выбаргскае шашы даносіўся грукат паравіка. На чырвонай сцяне мура, у які ўпіралася вуліца, адбіваўся чорны сілуэт гарадавога. Калі ён павяртаўся перадам да Рыгора, медная бляха на шапцы адбівала сонцам.
«Ці не той самы, з якім я ўчора меў справу?» — пажартаваў Рыгор, і, калі параўняўся з ім, гарадавік пільна паглядзеў на яго і тут жа адвярнуўся. Рыгор кінуў пра гэта думаць і накіраваў у горад.
Нягледзячы на моцны мароз, паравік быў перапоўнены людзьмі. Ішла рэзвая гутарка пра апошнія здарэнні на вайне. Хтосьці спераду яго скардзіўся на абмылковасць разлікаў у рускага камандавання к калядам апынуцца ў Берліне. Жаночы голас узвальваў віну за гэта на Балгарыю ды Італію. Яшчэ хтосьці з запалам агітаваў за збор цёплых рэчаў. Побач хвалілі невычарпаную энергію салісткі «яго вялікасці» Марылі Долінай, даваўшай у цырку Чынізеллі дваццаты «патрыятычны канцэрт». Далёка не сугучным першаму звінелі скаргі дзвюх бабулек на ўздаражанне мяса.
Кандуктар таксама лічыў патрэбным устаўляць ад сябе словы ў кожную гутарку. Гэта, відаць, яго цешыла і здавальняла, бо ён несціхана ўхмыляўся. Ён узяўся за артыстку Доліну, калі паравік абмінаў Сампсоніеўскую царкву. У напоўнены вагон шугнула новая грамада пасажыраў.
— Усе на «патрыятычны канцэрт»... Які патрыятызм у людзей! Дайце вальней уздыхнуць ад яго! — прагукнуў кандуктар у насядаўшы натоўп.
Яго рука, павісшы на рамушку ад сігнальнага званка, падалася ўбок, і вагон рушыў. Услед яму пагналіся лаянкі не папаўшых у паравік. Раптам сярод разнастайных галасоў вылучыўся свіст гарадавіка; ён быў нагэтулькі зычным, што пасажыры абярнуліся ў бок задніх дзвярэй. Кандуктар тузаў вяроўку, даючы сігнал спыніцца. Знянацку штуршок таўхануў напікованы людзьмі вагон. Кагосьці прыціснулі, чыясьці рука праламіла шыбу, і шкло зазвінела срэбраным гукам.
Яшчэ не ўсе чарапкі разбітага акна апынуліся на ўгладжаным снягу, як гучная лаянка напорным струменем варвалася перш на пляцоўку вагона, а следам праз рашуча прачыненыя дзверы — у сярэдзіну яго. Нельга было не пацікавіцца на грозны голас крыкуна, на яго ваяўнічы настрой. І калі дзесяткі вачэй накіравалі ў яго бок свае ўзрокі,— стройная, асаністая фігура чарнамазага велікана-генерала спыніла іх на сабе.
Рудымі буйнымі вачыма генерал аглядаў вагон, людзей, афішы і забойна лаяў кандуктара. «Хам’ё,— адрыўна ляцелі словы з генералавых густа аброслых губ: — Яшчэ не паспелі вас выхаваць належным чынам. К-кашы-і бярозавае мала спыталі, мужыччо... У акопы, пад нямецкія кулі, погань».
Рыгор затросся ад абурэння. У яго нутры забушавала прагнае хаценне кінуцца на царскага пампадура і расквасіць яго наглую морду. Ужо ён намерыўся да павароту, як яго пераняў выгук кандуктара: «Тут смелыя, а на фронце-э...» Гэта падліло масла ў агонь: генерал мігам спыніў паравік, выперся на пляцоўку і ва ўсю моц гукнуў гарадавіка. Пасажыры змоўклі і нашарохана пераглядаліся. Некаторыя сталі пакідаць вагон.
— Ну, гэта ж недапусцімая рэч! — гукнуў Рыгор і следам пазваніў важатаму. Паравік крута рвануў з месца. Генерал не ўтрымаўся і бухнуў з пляцоўкі на мёрзлую зямлю. Скрозь гаму скрыпаў і стукаў калёс можна было ўлавіць немыя крыкі генерала. Ды яны не маглі ўплыць на бег паравіка. Не спынілі яго раней астаноўкі і палахлівыя з озіркам сказы некаторых пасажыраў.
Перад клінікай Вілліе Рыгор першым выскачыў з паравіка і перасеў на трамвай.
Ён не заўважыў, калі апынуўся на рагу вуліцы Жукоўскага. Замаруджаная хада трамвая настроіла яго сысці і прайсціся да Неўскага пехам. Мо упершыню за час бывання ў Пецярбурзе Рыгор нічога не думаў, нічым не задаваўся, а беспытальна, бязмэтна, гардліва і вольна глядзеў наперад сябе. На яго твары грала чырвоная фарба здароўя, у нагах пружыніла сталёвасць, вочы праразалі разрэдзенае, абмытае сонцам паветра.
Раптам струмень пешаходаў зацішыў хаду, затоўкся на месцы, нарэшце збіўся ў натоўп. «У чым рэч?» — далучыў Рыгор свой голас да іншых. Ніхто не адказваў. Тады ён прарэзаў сцяну людзей і тварам да твару стрэўся з гарадавіком. Апошні з разнятымі рукамі затрымліваў натоўп, каб не перашкодзіць насіць раненых.
Пасярэдзіне вуліцы, якраз супроць будынка шпіталя, доўгім цугам выстраіліся санітарныя вагоны. Да дваццаці пар насільшчыкаў у белых халатах бесперабойна бегалі з шпіталя да вагонаў і вярталіся назад з раненымі. Чуўся адрыўны ойк і працяжны енк.
Бязрукія і бязногія, з чалмамі перавязак на галаве, пад скупымі коўдрамі — варочаліся «героі» франтоў у «гасцінную сталіцу». Далёкая Польшча, Усходняя Прусія — чужыя і невядомыя, мігалі ў іх балючым ваабражэнні жахлівымі вобразамі. За каго і дзеля якое мэты пакінулі яны там свае сілы, сваё здароўе, часткі свайго цела? Ці мала ім было разанскіх ці яраслаўскіх прастораў, украінскіх стэпаў, беларускіх лясоў?.. Родных, знаёмых, спакойлівых...
Вунь малады з круглым белым тварам мужчына. Сінія рэзвыя вочы, стройны лоб, роўны вытачаны нос... Вось танкатвары з пракідкім калісьці ўзрокам, жывы і, напэўна, весяльчак, сібірац. Маньчжурская шапка паглынае ў сабе страхі нечуваных боляў...
Следам — чарнявы, задуменны яўрэй — без рукі і нагі; пашарпаная летняя шапка на букеце чорных кудраў. Прыплюшчаны вочы — пэўна, ловяць жахлівыя ўчынкі казакаў... Магчыма, што толькі за дзень да калецтва ён атрымаў ліст з балючаю весткаю пра забойства бацькі... Падбудаваная хата на Рымарскай вуліцы гродненскага мястэчка. Замілаваная жыццёрадая Пэся... Біржа майскімі начамі...
Ах, і казак... Сярэдніх гадоў — бацька і муж. Аброслы, замурзаны раскапанаю на акопы зямлёю; скрыўлены сударгамі твар; жмак марлі на галаве, пад новаю папахаю... На кані ад Маныча да Віслы... З рэзвым ваяўнічым выглядам — на страх ворагам. Бязвольныя рукі — яшчэ так нядаўна па загадзе сцябаўшыя нагайкаю спіны беларускіх мужыкоў, яўрэйскіх жанок. Што там, дома? Ці сабрала жонка з поля? Кавуны, кукуруза? Ці беліцца хата к калядам? Ці вучыцца Юзік?..
Саракавы — лязгін... У даўгім носе — арліная воля. У раскрытых, ашклянелых вачах — водбліск вечных снягоў Казбека... Шырокая чорная бурка — прасторныя выганы на стромах гор... Бурлівыя рэчкі, срэбныя вадаспады... Ці не абвалілася тая скала, на якой ён так любіў скакаць віхравую лязгінку?..
Сорак першы — льняны магілёвец... Без абедзвюх ног... без тых намардаваных ног, што так вёртка спраўляліся з носкаю дроў на параходы. Сігнал а першай гадзіне ўначы... Вёска на нагах — зрэбныя порткі да болю шаруюць цела — тры рублі на сто чалавек... Сырап да іржаных бліноў... Ці ўрадзіла палоска? Колькі коп сабрала Юзя жыта?.. Ці парос лён — хоць наткаць на кужаль... Пэўна, вецер знёс страху, і хата свеціцца голымі кроквамі... Напішы яму, Юзя... Чаму ж?..
І на вайне і раней у палку — разам з ім — палтавец... Шаўчэнкаўскія вусы... Хмурыя і навесістыя бровы. Прадаўгаваты васковы твар... Думкі, палітыя крывёю, носяцца ў трапяткім лісці топаляў... Думкі гудуць пчоламі на вішнёвым цвяту... Жоўтыя кругі сланечніку — ціхая Ворксла... Або дачакае тачанка, на якой столькі вёрст ён выехаў... «Сымон, калі ж ты наведаеш сінюю Палтаўшчыну?..»
Рыгор непарушна стаяў на адным месцы, сціснуты жалем і помстаю, як стальнымі абручамі. «Ці скора надыдзе час расплаты за гэтыя пякельныя жахі вайны?»
Адказ зацёрла хлынуўшая на яго і пацягнуўшая за сабою грамада пешаходаў. Ён не агледзеўся, як апынуўся перад роўнаю гладдзю хваляваўшага жыццём Неўскага. Безабдумна пахіліў направа, у бок Анічкавага моста. Не даходзячы, успомніў пра абед — добра, што побач харчэўня.
Праз хвіліну ён ужо праходзіў другі паверх, калі яго абазвалі знізу. Ён азірнуўся — за ім спяшыла Гэля.