SommaireСокі цаліны
Квадра І - БАЦЬКАВА ВОЛЯ, ЧАСТКА ЧАЦВЁРТАЯ · 15 min de lecture

IV

Хвойнік, не зусім вялікі, так мо дзесяцін у трыццаць лясок, ляжаў на ўсходнім баку Сілцоў, якраз выпіраючыся сваім рогам у самы роў-даліну, шырокі і плоскі, пасярэдзіне якога працякае маленькая рачулка, паабапал якой капусныя гароды, кусочкі нівак, яравых і жытніх, і невялічкія паплаўцы. Калісь, як кажа легенда, што не толькі жыве паміж жыхароў мястэчка, а і ў кніжках падаецца, — нібы гадоў соцень з восем таму назад гэтаю далінаю-ровам працякаў Нёман; але таму дэспату-ваяводзе, якому ў той час належалі Сілцоўскія землі, раскіданыя на многа міль вакола, штось запала ў голаў змяніць адвечную пуціну вялікае ракі. З гэтага часу Нёман пачаў цячы тудэма, кудэма цячэ і ў нашы дні, яго ж ранейшае дно высахла, зарасло травою, а берагі згладзіліся і замуравіліся.

На поўдзень ад хвойніку, калі стаць тварам к Сілцам, якія пекна красуюцца на другім баку даліны-рова, высіцца старыннае замчышча-гара, абведзенае глыбокім ровам і высокім валам.

З левага боку і наперадзе замка красуюцца заросшыя багатымі раслінамі могілкі; далей могілак, у адзін бок — поле, у другі — малады гушчэрны арэшнік.

Каб выйсці ў хвойнік з Сівулінскай вуліцы, на каторай стаяла Рыгорава хата, трэба было прайсці гэтаю вуліцаю ў процілежны ад рынку канец.

Рыгор хутка прайшоў вуліцу. У капусніку ён ход убавіў, каб цешыцца акольваючым яго выглядам. А выгляд быў дзіўны! Зелянеўшыя шнуры ніў, толькі што засаджаныя расадаю чорныя, роўныя грады з глыбокімі разорамі між іх, выкрутасы бягучай рэчкі. Так унізе. Зверху ж глядзела чыстае, пабялеўшае ад сонца неба, пякучае сонца; у паветры віліся жаваранкі і, як срэбрам, сыпалі сваімі песнямі. Сапло прыемнай свежасцю. У Рыгора васкрослі ўспаміны дзіцячых гадоў, тае пары, калі ён з другімі хлопцамі-таварышамі, малыя і распусныя яшчэ, кралі бручку з гародаў, зрывалі мак і шчаўе. Часта ім траплялася пападацца за гэта ў рукі гаспадароў і быць бітымі; але гэта не памагала, і яны не пакідалі сваіх паводзін.

Так бывала летам, калі ўсё спела. А вясною, чуць толькі паказвалася цяпло, пачынаў раставаць снег, часцей выблісквала сонца, Рыгор з хэўраю сваіх таварышоў кожную нядзелю бегалі ў хвойніку і шукалі ў ім голых мясцін зямлі; дзе знаходзілі — разуваліся і ступалі босымі нагамі. Потым, як сонца настолькі прыўдарала цяплом, што снег запаўняў вадою разоры і раўчукі, а рэчка мо ў сто раз пабольшвалася, ён глядзеў паводкі, цешыўся яе бурнымі хвалямі, якія хутка нясліся кудысь туды, к Шансаваму возеру, а адтуль за памешчыцкі лес, дзесь далёка-далёка. Гледзячы і любуючыся паводкаю, Рыгор успамінаў мацерыны байкі. Адна з гэтых баек казала, што калісь-то, спакон вякоў, у адным месцы працякала вялізарная рэчка, па якой швэндаліся караблі і ганяліся плыты. — Потым, у адзін час, трапілася так, што па рэчцы той паехаў ноччу плаваць ведзьмін сын, і вось, толькі ён адплыў ад берага і хацеў пераехаць на другі бок, як паднялася страшэнная бура-завіруха: неба зацяглося цёмнымі-працёмнымі хмарамі, зашугаў страшэнны вецер, сіберна захваляваў ваду, і човен не вытрымаў — абярнуўся, а ведзьмін сын пайшоў на дно.

Бура сціхла, нібы і чакала сабе ў ахвяру маладое жыццё... Калі да ведзьмы дайшла гэта страшная вестка, тая ажно за голаў хапілася ды рашыла пакараць раку за яе такую штуку. Выйшаўшы на бераг, яна падняла ўгору рукі і закляла яе. Вада ўмомант увайшла ў зямлю, пакінуўшы толькі маленькае жаральцо; тую ж дзірку, якою вада ўвайшла ў зямлю, ведзьма закрыла юшкаю. На тым месцы якраз з’явілася крыніца, якую празвалі «Віруноваю». Калі кінуць у яе камень ды прыслухацца, то можна пачуць звон: то камень стукаецца аб юшку. З часам надыдзе пара, тую юшку ведзьма здыме, рака выйдзе з зямлі і зойме сваё русло.

Непрыкметна для самога сябе Рыгор падышоў к таму месцу, дзе сценка падымаецца на гору, і лёгка ды таксама непрыкметна падняўся, а там скора дайшоў да граніцы лесу.

Зразу яго абдаў пахнучы смалою ветрык, да вушоў данёсся спеў пташак. Лясная краса так і цягнула яго, жывасілам, у глыб лесу, у гушчэрныя кусты ядлоўцаў, у падгалісты арэшнік. Але ён захацеў астацца з берага лесу, на прагаліне, дзе абяцаў Зосі быць, дзе яго можна было скора ўгледзець і адкуль перад яго вачмі разгортваўся дзіўны вобраз...

Рыгор прысеў, разгарнуў кніжку і прыняўся чытаць. Але штосьці чытанне яму не давалася, не лезла ў голаў, перабівалася наплывам іншых думак, калыханнем другога пачуцця. Тады ён кніжку адлажыў убок і пачаў глядзець супроць сябе, то паднімаючы вочы кверху, то апускаючы іх кнізу: блакітны абшар, заліты залатым праменнем сонца, нізка аблягаў над зямлёю, быццам увачавідкі спускаўся ўсё ніжэй і ніжэй, каб зусім сысці з вечнае высі, прыкласціся да зямлі, зліцца з ёю і стварыць вечную, квітуючую вясну; зрабіць так, каб гэныя кусты, што нібы пухкім дываном убралі лямагільны ўзгорак, гэтыя вярбіны і алешыны ў два разы апяразваючы рэчку; гэту самую рэчачку з чыстаю вадзіцаю, плюхацеўшаю дзення і ночна пад зялёнымі шатамі карон, не прапускаючых к ёй праменняў сонца; далей — зялёны луг, што ўбраны пухкаю травою і размалёван кропелькамі ўсялякіх красачак, пачынаючы ад беленькага вясёлага цюцюпана да чырвонай смалянкі, — гэты зялёны луг, што як днём, так і ноччу гудзіць, іграе ад музыкі нязлічаных стварэнняў, што лётаюць над ім; і гэты хвойнік з роўнымі высокімі дрэўцамі, з густымі кустамі, з хорам птушак — адным словам, усё тое віраванне жыцця, якое ў поўнай сіле і моцы праяўляецца цёплым летам, — каб гэта віраванне не мела перапынку, бесперасціхання бурліла, цякло, кіпела.

Вось і не дзіва, што, зацяхаючыся марамі, Рыгор не толькі што не чуў ціхага шэпту сасновых карон, мернага памінутнага стуку падаючых леташніх сухіх шышак, песняў вясёлых птушак, а і не прычуў нават, калі і адкуль падышла к яму Зося. І толькі раптам закрыўшыя яго вочы чыесь цёплыя і мяккія рукі ды подых ад распаранага маладога цела заставілі Рыгора запытаць:

— Зося?!

— Адга-а-да-аў! — вясёлым і задаволеным голасам адказала Зося і зняла рукі з вачэй ды стала над ім так, што край яе лёгкае, картуновае спадніцы дакратаўся пакудлачаных яго валос.

Рыгор паспешна падняўся, паправіў на сабе кашульку і лепей разгарнуў пакамечаную жакетку ды з лёгкаю пытальнаю ўхмылкаю на расчырванеўшым твары ўмільна паглядзеў на Зосю.

— Чаму так позна? — запытаў ён.

— Чорт яго ведае — спазнілася... — Яна крыху памаўчала. — Вось чаму: толькі, ведаеш, мы скончылі абедаць і яшчэ я не паспела вылезці з-за стала, як, бац — хто ж ты думаеш? — Васіль у хату. Я проста так і знямела ад злосці; а ён, ведаеш, доўга не чакаючы, рассеўся сабе на ўслоні, спыніў бацькоў і давай гутарку разводзіць. Перш тлумачыў адно, потым — другое, а далей-болей паціханьку давай і да мяне дабірацца. Я гэта, не даўшы яму разысціся, так і перапыніла на слове: «Прашу мяне не чапаць!» І гэта з такой злосцю я вымавіла, што нібы вадою апарыла; ён ураз і змоўк ды павярнуў зноў на другое... Я перш думала пасядзець ды перачакаць, покуль ён перакажа і пойдзе, а потым і самой ісці. Але мінула цэлая гадзіна і ўжо нават другое чуць не палова, а мой Бераг, як заведзеная машына, балхвіць і балхвіць, не думае ўцякаць. Я тады, нічога не кажучы, драла з хаты, не ўспела нават і прыахаяцца, як бачыш.

Рыгор зірнуў на Зосю і ўгледзеў, што яе бялесыя льняныя валасы, заўсёды акуратненька расчэсаныя на прадзел і завітыя ў дзве аднамерныя па даўжыні і таўшчыні касы, на скорую руку былі згорнуты ў куклу, нядбайна прышпілены, так што палойкі іх звісалі па шчоках і расплываліся па ветры.

— Бач, які дасціпны хлопец гэты твой Бераг, — заўважыў Рыгор і засмяяўся.

Зося сарамяжа і крыўдліва адказала яму тым самым: ціхаю, трусліваю ўхмылкаю.

Рыгор быў весел у гэты час, і яму зусім не хацелася чымсь бы ні было атручваць Зосін настрой. Бачачы, што яго словы нібы яе смуцілі, ён перамяніў гаворку.

— Та прысядай жа, Зося... Мо часамі бачылася ты з кім-небудзь? З нашых, бач?..

— Не... А з кім? — садзячыся на краю разасланай Рыгорам жакеткі, запытала Зося.

— Ды, бач, з Сёмкам ці з Петрусём.

— Што, і яны маюць прыйсці сюды?

— Не, я аб гэтым з імі нічога не гаварыў, але мо‘ трапункам і заблудзяцца.

— Хай бы лепш не прыходзілі; мне хочацца сённі пабыць з табою ўдваіх, — праказала Зося і кінула Рыгору ў твар вырванаю зелянінкаю.

Рыгор гультайна адхіліў голаў і, засмяяўшыся, праказаў:

— А па-мойму ж, няхай бы прыйшлі.

Зося саромна скасіла ўзрок і, стрымоўваючы ўнутры кіпучае пачуццё ласкі, моцна, порыўкам, сапла. Рыгор не спускаў з яе вачэй, прыслухваўся к яе сопу і гультайна, нерухома сядзеў на адным месцы, як бог у нірване. Потым асцярожна падаўся назад, выняў з-пад боку руку, галавою прыблізіўся к яе твару і сказаў:

— Чаму ты маўчыш? Аб чым думаеш?

— Так, ні аб чым, — коратка адпавела Зося: — вось скажы мне, чаго ты так пільна ўглядаешся ў мой твар? Ты колеш мяне сваімі ўзрокамі! — дабавіла яна і прыапусціла векі.

— А на каго ж мне глядзець? Я і чакаў таго, каб паглядзець.

— Ты хлусіш, Рыгор. Ты кпіш...

— Я кплю? Адкуль ты ўзяла гэта?!

— Няўжо ты не хлусіш?

— Ні каліва. І не думаю.

Рыгор абняў Зосю і надарыў яе зацяжным пацалункам.

Зося не чакала гэтага і сарамліва апусціла вочы к долу.

З-за куста пачуўся лёгкі хруст, быццам пад нагою зламалася ветка. Рыгор хутка падняўся на ногі і пачаў узірацца. Аднак нідзе нічога не было відаць. Спакойныя хвоі, як і заўсёды, глядзелі ў неба сваімі зялёнымі іглістымі каронамі, адкідаючы ад сябе доўгія слупы ценяў, канцы якіх упіраліся ў кусты і гінулі. У кустах, як заўсёды, лёталі малюсенькія пташкі, валовы вочкі, рэзва чвырыкалі, лавілі мошак і асалоджваліся жыццём. У прагаліны адсвечвала яскравае сонца.

— Нічога і нікога, — праказаў Рыгор, апускаючыся ізноў на зямлю.

— Давай пройдземся далей; ну, хоць за Алешную сценку, — запрапанавала Зося.

— Пойдзем, — згадзіўся Рыгор і спрытна стаў на ногі.

— А кудэю пойдзем: між граніцу ці лесам? — запытаў ён.

— Лесам лепей.

Яны крануліся і пайшлі...

Першыя крокі ім удалося зрабіць па выцерабленым і вымятым месцы, а далей дарогу пачалі загараджваць густыя арэхавыя і яловыя кусты, ламаччо. Прыходзілася хвіліна ад хвіліны згінацца, каб не зачапіць галля, вярцецца ў бакі, азірацца. Павуцінне лезла ў вочы і ліпкімі серабрыстымі ніткамі абляпляла іх твары; садзіліся на лоб і шчокі мошкі, гулі авадні. А духата — ажно бялізна прыліпала к целу...

Рыгор ішоў папераду, адхіляў галлё і трымаў у руках, пакуль пройдзе Зося, потым выпускаў яго, а сам зноў забягаў наўперад. Галлё, вырваўшыся з Рыгоравых рук, як сталёвая пружына, старалася ўцячы на звычайнае месца і толькі гудзела...

Прайшоўшы ганоў з двое гушчарнікам, яны саўсім нечакана для сябе ўпёрліся ў Крывое балота, густа абросшае з берагоў высокаю асакою і рэдкімі кустамі стырчкаватае блішчастае ракіты.

Яны спыніліся і агледзелі яго, як ёсць, і ўздоўж і ўшыр; балота цягнулася ўперад ганоў са трое і заварочвала вузкім канцом у левы бок, дзе хавалася між кустоў. Абысці яго з гэтага боку не трэба было і думаць, і яны павярнулі направа. Ганоў у двух ад балота паказалася роўненькая, як струнка, заросшая руцяною мяккаю мураўкаю, прыгожая сценка; адзін канец яе выходзіў на граніцу хвойніку і ўпіраўся ў жытні палетак. Калі б паглядзець уздоўж — то здавалася — то не сценка, а вялікая труба, знарок нейкім праложаная праз лес. Другі канец сценкі ўпіраўся ў малады, светла-зялёны ад вырасшых на некалькі карчоў пупінкаў, густы ельнік.

Уверсе ж кароны старых хвой, сходзячыся з двух бакоў сценкі, спляталі жывы полаг; але гэты полаг быў не зусім густы, бо праз яго прабівалася праменне сонца, як праз вялізарную тарку ці рэшата, і рэзвымі мігатлівымі зайчыкамі гуляла па зялёным махрастым уборы. А калі было прыгледзецца чутку пільней, падняўшы вочы, то відаць было трапятанне сіняватага паветра, нібы сіта ў млыне. У паветры лёталі матылькі, якія, здавалася, і квадранца не маглі спыніцца на адным месцы, бо тое ж трапеткае паветра іх насіла на сабе.

Калі Рыгор з Засяю, быццам згаварыўшыся і заўчасне абдумаўшы, спыніліся на сценцы і моўчкі, бы заварожаныя, стаялі некалькі хвілін і цешыліся пекнасцю прыроды, якую многа разоў яны ўжо бачылі паасобку і тры, і пяць гадоў таму назад, якраз над імі, на тоўстай, але крывой хвоі паказалася вавёрка; яна, бы знарок, набягала на іхнія вочы, саскочыла на самую нізкую галінку і, узіраючыся на іх пранозлівымі, хітрымі і ў той жа час мілымі вочкамі ды верцячы доўгім, як памяло, махрастым хвастом, быццам шпіён, падасланы кім-небудзь, старалася да акуратнасці разгледзець як Рыгора, так і Зосю, а пасля пабегчы і расказаць паслаўшаму. Рыгор перш цешыўся з гэнага вёрткага і прыгожага звярка, а потым захацеў спужаць вавёрку і сагнаць з хваіны; ён схапіў з галавы капялюш і размахнуўся, але вавёрка і вокам не павяла, толькі хутка абкруцілася навакола сябе.

— А каб ты здохла! — вылаяўся Рыгор і нагнуўся за аскабалкам.

— Ды пакінь. Няхай сабе гуляе ціха, — разуважыла Зося, — хадзем далей.

Рыгор яшчэ раз махнуў капелюшом, крыкнуў: агу! і яны сышлі са сценкі...

Недалёка напалі на круглую зялёную прагаліну і спыніліся.

— Вось тут трэба прысесці, — запрапанавала Зося.

— Давай спынімся, — згадзіўся Рыгор і пры гэтым зняў з рукі жакетку, падабраў ля маладзенькай бярозкі, у цяньку, лепшую мясцінку і разаслаў яе.

Зося першаю кінулася на зямлю і прылягла, падпёршы рукою правую шчаку. Рыгор жа дастаў ралку бярозы, адламаў ад яе віціну і паважна апусціўся на жакетку побач з Зосяю.

— Вось тут нас дык ужо, каб і хацеў, ніхто не знойдзе, — сказаў ён, — што хочаш, тое і рабі, — дабавіў услед за сказаным і ласкава паглядзеў на Зосю.

— Ці ж мы зладзеі, што што-небудзь благое рабіць будзем? Не праўда, Рыгору?

— Вядома, што так... Я ж на гэта не хіліў... Я меў у воку лес, яго прыроднае хараство... чаго, жывучы ў горадзе, бывае абмаль...

— І ў Рызе таксама?

— І ў Рызе... Зразумела, што не для ўсіх. Рыга якраз у сваіх ваколіцах багата зеленню, але не часта туды трапіш.

— Чаму? — пацікавілася Зося.

— З-за браку часу... Нашаму брату, ведаеш, даволі працы... Дзевяць гадзін пры машыне, а прыйдзе вечар — трэба і ў бібліятэку зайсці, і газеты праглядзець, і з таварышамі па арганізацыі сустрэцца... Толькі нядзеляй, часамі, вырвеш магчымасць...

— Выходзіць, па-твойму, што ў горадзе нудна?

— Зусім не выходзіць; ці ж у адным лесе ўсе пераважнасці!

— Я разумею, таму і пытаю цябе. Мне, бачыш, цяжка ўявіць сабе, не бачыўшы; але я адчуваю ў сабе нестрыманую прагу пабыць у горадзе... Мне думаецца, што я б там зусім інакшаю стала б...

— Ты не абмыляешся, Зося... І хто табе не дазваляе гэта зрабіць?

— Які ты, Рыгор, цудны! Мэрам бы тут мая добрая воля. Ты разважаеш, як мужчына, і зусім не ўлічаючы ўмоў майго сямейнага жыцця... Эх!

Зося глыбока ўздыхнула, і па яе свежым твары прабегла нездаваленне.

— Ну, ёсць жа, Зося, і дзяўчаты тваіх гадоў і твайго палажэння, якія маглі кінуць вёску, парваць з сям’ёю і апынуцца ў горадзе. Вось у Рызе маецца фабрыка «Праваднік», дзе робяць галёшы; ты думаеш, там адны мужчыны? Наадварот — там працуе сотні жанок і дзяўчат. І многія з іх пакінулі вёскі і мястэчкі... Тут усё залежыць ад цвёрдага хацення і рашучасці... Чалавек павінен умець змагацца за тое, што ён лічыць лепшым у жыцці для сябе і для мас працоўных... Разумееш...

Зося не адказала зразу. Рыгоравы словы глыбока запалі ў яе нутро, робячы ў яе думках і поглядах сапраўдную рэвалюцыю. Яшчэ на гэту тэму яна ні з кім ніколі не гутарыла, і гэта тэма была для яе адкравеннем.

— А ведаеш, Рыгор, як бы мне хацелася пабыць у вялікім горадзе, хоць крыху б пажыць! Каб, здаецца, я была свабодна, каб нада мною ніхто не стаяў, я б няйначай паехала з табою ў Рыгу.

— А што ж табе перашкодзіць гэта зрабіць? — выпрабаваў лішні раз Рыгор Зосіну цвёрдасць.

— Што? Эх, эх! Ну, і чаму ты так судзіш?

— Чаму?

— Ласне табе няведама, што нада мною вісіць бацькава воля...

— Гэта я добра ведаю, — адказаў Рыгор. — Але пачакай: а калі яны твае бацькі, то ты іх не дзіця? Ты служкаю ім павінна быць, з якой толькі карысць выцягаюць? Дык, вось, калі яны твае бацькі, то павінны цябе і любіць; а калі яны цябе любяць — то чаму ж ім не ўняць тваёй просьбе, не даць табе волі? Толькі захаці, скажы, што табе гэта і гэта павінна быць даступна і — канец. Хто ж мусіць папярэчыць? Па-мойму, так.

— Ой, пакінь, Рыгор, гэтак казаць. Няўжо ж яны, ты думаеш, мяне не шкадуюць або не любяць. Яны і шкадуюць мяне і любяць, але ў іх гэта па-свойму выходзіць.

— Пакінь, пакінь, Зося. Гэта не любоў, не шанаванне, калі чалавек занявольваецца, калі падсякаюцца яго хаценні, мардуюцца жаданні... Табе здаецца, што яны цябе забяспечыць хочуць, калі шукаюць нейкае грашовае славы ды багацця. Ой, не! Вельмі многа абмылішся, калі так думаць будзеш. Гэтым цябе хочуць прынудзіць астацца на тым месцы, на якім яны стаяць, знішчыць пазывы твайго сэрца... Ты бачыш нешта завабнае, вялікае перад сабою, тваё нутро рвецца да яго, а іх ліпкія рукі стрымліваюць, не пускаюць.

— А ўсё-ткі, як сабе ні кажы, а мне дужа трудна зрабіць так, як ты радзіш: кінуць бацькоў і ехаць ад іх у горад, — адкрылася Зося, падмацаваўшы свае словы кіўком галавы.

— Чаму так?

— Не ведаю чаму... Не хватае ні то смеласці, ні то адвагі, чагось-то не хватае, і баюся я пайсці на гэта. Ты — ты другое дзела: ты мужчына, ты вольны і смелы.

— Пераказваю, колькі і дзяўчат ёсць такіх!

— Можа, але многа меней чымсь мужчын...

Рыгору нецікаўным паказалася далей гаварыць аб гэным. Ён бачыў, што ў Зосі перамагае сумненне над рашучасцю і што яшчэ многа разоў давядзецца падбадзёрваць яе падобнымі сённяшняй гутаркамі.

Рыгор заўважыў, што гэткія гутаркі маюць свой дадатны бок і моцна ўплываюць на Зосю. Але занадта глыбока ўрасла яна ў асяроддзе цвілое мяшчанскасці, у балота кутніцкага самадурства і ганарлівасці. «Бацькава воля» — гэта разуменне, якое перадаецца ў іх сям’і з пакалення ў пакаленне, як маралі своеасаблівага дзедзіцкага дамастроеўскага ладу, убітага бацькамі і ў Зосіну голаў. Яе, здаецца, і нігілісцкі тон у гутарках з Рыгорам, але зусім нявольны ад націску бацькоўскага выхавання. Зацятая абярэжніца родавых нахілаў, Зосіна маці многа пастаралася над тым, каб зрабіць з свае дачкі верную і непахісную сваю паслядоўку. Бацька ж браў сваім пахаджэннем, якое ён хітра абгрунтоўваў на падвалінах заможніцкай гаспадаркі. Ён старанна захоўваў складзеную доўгімі гадамі шляхам розных прадпрыемстваў сваю гаспадарчую прывілейнасць. Мікола меў руку старшыны і папа, чуў прыхільнасць з боку заможнае верхавіны мястэчка і воласці і, апіраючыся на гэта, бярог дачку ад уплываў «дэмакрацкіх» думак, ад знаёмства яе з падобнымі Рыгору хлопцамі. Берагі — то была мэта Прыдатных, да якое яны імкнуліся з вырашэннем Зосінага лёсу... Рыгор гэта разумеў, калі на гэты раз перайшлі ў гутарцы з Зосяй на іншую тэму.

— Не сярдуеш?

— Не, нічуткі.

— Дамоў не спяшыш?

— І не думаю.

— І есці не хочаш?

— Не... Не клапаціся... Можа, ты што задумаў?

— Я не, не!.. Мне міла тут з табою...

— Каб то была праўда!

— Якраз яна і ёсць тут.

Зося шчыльна прытулілася к Рыгору і шчыра яго пацалавала ў шчаку.

— Мне б не хацелася думаць, што ты назаўсёды астанешся ў Сілцах, але...

— Не-э-э, не... гэтага не будзя-а-а-а, — сцешыла сябе і Рыгора разам Зося і замёрла ў бязвольнай утоме.

Рыгор абгарнуў яе абедзвюма рукамі, шчыльна прытуліўся к ёй і засаб некалькі разоў пацалаваў яе; пацалаваў і пачуў, нібы цэлы келіх пахучага, найсалодшага мёду з-пад маладых пчол чыясь нябачная рука ўліла ў яго рот, адкуль ён, растаўшы на віно, раптоўна разліўся па ўсім яго целе, ад галавы да самых пят, і нейкім прыятным, тонкім і вострым хмелем ускружыў яго голаў, задранцвіў усю істоту... Толькі сэрца не мог спыніць, і яно білася ў паспешным перацюку.

— На, вазьмі ад мяне, што толькі табе патрэбна, — з заплюшчанымі вачыма і бяссільна схінуўшаю галавою, путанаю моваю праказала Зося і ў прыятнай сударзе спусцілася з Рыгоравых калень на мураўку, дзе расцягнулася ва ўсю даўжыню свае пекнае стройнае постаці... Бязвольныя рукі яе ляглі між бакоў, і выразнымі абрысамі абмаляваліся пукатыя грудзі, высока падымаючыся ад глыбокага роўнага сопу...

Рыгор на хвілю, нібы сумеўшыся ад нейкага раптоўнага дзіцячага сораму, быццам замёр, застыў: безразборная міна яго твару, пасавелыя вочы, вяласць рук казалі аб тым, што ён бязволен, у чыіх-то руках... Але мігам перамяніў настрой і выгляд і рашуча праказаў:

— Зося-а, Зоська! Чаму ты так кажаш? — Няўжо ты думаеш, што я пайду на ўсё. Я цябе дужа шкадую, каб не паважаць...

Зося, як ляжала, так раптам паднялася і раптам пасумнела, быццам спалохаўшыся за тую адкрытасць, якую знянацку дапусціла ў сваёй гутарцы з Рыгорам.

«Ой, што ж ён падумае!» — адрыгнулася ў ёй дамастроеўская мараль дзедзіцкага асяроддзя.

Рыгор, каб не даць здэтанавацца, адцягнуў яе ўвагу на іншае, запытаўшы:

— Пойдам, Зося?

«Ах, якая ж я дурніца. Што ж я зрабіла! Ён гатоў палічыць усё гэта за...»

Паўторна праняслося ў яе галаве нейкае сумненне, і замест простага адказу на запытанне яна перапытала:

— Ты мяне не любіш, Рыгор?

— З чаго ты ўзяла? Што табе здалося? — супакоіў Рыгор і пры гэтым усхапіўся на ногі, прабег некалькі раз узад і ўперад па прагалінцы; потым апусціўся на калені, заглянуў Зосі ў вочы і запытаў:

— Чаму ты так кажаш?

Зося не адказала.

Праз хвіліну дабавіў:

— Я цябе чым-небудзь пакрыўдзіў? — Даруй мне: я не ведаў, што гэтым цябе пакрыўджу.

Зося маўчала. Моўчкі паднялася, паправіла растрэпленыя валасы, падвязала шаль і кранулася ісці. Рыгор крыху пастаяў, потым нагнаў яе і ласкава запытаў:

— Дахаты, Зоська? — і, не атрымаўшы адказу, ціхім крокам пайшоў побач з ёю.