SommaireСокі цаліны
Квадра ІІІ - КРЫЖАВЫЯ ДАРОГІ, ЧАСТКА ПЯТАЯ · 6 min de lecture

ІХ

— Цябе не нагнаць, Рыгор...

— Гэля?!

— Прыгледзься, ха-ха-ха...

— Няўжо такі Гэля?

— Не пазнаеш?

— Дзень добры!

— Добры дзень!

— Каго я бачу!

— Раптам?

— Якім жа чынам?

Яны ўзяліся за рукі і доўга не маглі іх разняць.

Прымха?

Рыгоравы вочы ўталоплена глядзелі Гэлі ў твар.

Верылася — не верылася.

Гэля — не Гэля?

Каб не бачыў, каб не ведаў, каб не жыў з ёю ад малых гадоў — не пазнаў бы.

То была не Гэля, а яе далёкае падоб’е. Бляды, асунуты твар. Глыбока заўпалыя вочы. Сінякі, як сталёвыя дугі, вакола паблеклых зрэнак. Тоўсты пласт таннае пудры. Надломы ў паваротах. Пужлівасць ва ўзроках. Беднае дэмісезоннае памятае палітцо... на рыб’ім пуху... Без галош — пашарпаныя чаравікі.

Прымха?

Гэля не магла расчыніць вуснаў. Мэрам бы баялася глядзець Рыгору ў вочы. Нервова пераступала нагамі. Апускала голаў. Руку непарушна трымала ў Рыгоравай руцэ.

— Хадзем паабедаем.

Пакуль Рыгор разглядаў меню, заказваў ежу, Гэля маўчала. Усё яшчэ не знаходзіла ў сабе смеласці пачаць размову, каб выказаць сваю скаргу на жыццё. Мэрам бы не ўверана была, што жыццё вінавата...

Рыгор выручыў запытаннем:

— Паведамі ж хоць, як ты трапіла ў Пецярбург?

— Доўгая гісторыя.

— Тым лепей, я сёння вольны — нядзеля. Паабедаем і паедзем да мяне... Згодна?

Гэля кіўнула галавою.

— Ты над нечым задумалася моцна?

— Братка Рыгор, каб ты ведаў...

— Што?

— Думак — бясконца, без меры... Думаю, толькі без толку і без карысці...

— Чаму?

— Тая ж гісторыя, якую я так імкнулася табе расказаць...

— Імкнулася, а зараз?

— А зараз, мне здаецца, яна нікому не патрэбная... Што каму да мае гісторыі, дробнае і непрыкметнае?..

— Гэля... З нашых дробных гісторый складаецца вялізная кніга быцця... Мы дробныя — ды нас многа... Вялікае складаецца з дробязі...

Рыгор справодзіў сваю гутарку лёгкаю ўхмылкаю — ён думаў развеяць Гэлін сум.

Але праз увесь абед яму гэта не ўдалося зрабіць. Гэля болей маўчала. Рэдкімі сказамі адказвала на цэлыя комплексы Рыгоравых запытанняў.

Толькі праз нейкі час, у які яны праехалі з Неўскага да Ляснога, Гэлін настрой адстояўся, выраўняўся, і яна развязала язык.

— Я ўжо тыдзень у Пецярбурзе,— казала яна па дарозе да Рыгоравай кватэры,— дзве ночы начавала... Ой, цяжка сказаць, дзе і што начавала... Пасля... Выпадкова натрапіла на бежанскі камітэт... Ужо пятую ноч, як жыву на яго дапамогу... Я бежанка, а ўсё роўна не магу збегчы ад жыцця... Свет шырокі, а дарога вузкая. Звузілася, Рыгорка... Памятаеш, мне не было прыпынку, а зараз...

— Вось у гэты двор.

Рыгор уважліва слухаў Гэлю. І надрывы ў яе голасе і бедны яе выгляд радзілі ў ім глыбокую спагаду да зямлячкі, знаёмай і таварышкі. Ён ішоў побач, з пахіленаю да Гэлі галавою, і час ад часу зазіраў ёй у вочы.

— Наша жыццёвае заданне — разгартаць гэту вузкасць дарог... Чалавек створаны на тое, каб жыць у супярэчках...

— Ты ўсё той жа, Рыгор. Сілцы, Смагін, Рыга, Пецярбург. Васемнаццаць гадоў і дваццаць чатыры... Балаголай і слесарам...

Яны спыніліся пры дзвярах Рыгоравай кватэры. Рыгор тузануў за драцяную пятлю.

— Хто там? — запытала гаспадыня.

— Я, Рыгор. Адчынеце...

— Вас чакала адна дзяўчына... Толькі што выйшла... Я не магла сказаць, калі вы прыйдзеце.

Сарафіна Хлораўна далікатна ўхілілася ўбок, прапусціўшы Рыгора з Гэляй.

— Абяцала прыйсці,— паслала яна ўздагон.

Рыгор не пачуў; ён бразнуў дзвярыма і скраў гаспадынін голас.

— Прашу, Гэля. Вось мая абіцель.

Гэля ўвайшла і бесцікаўна паглядзела вакола сябе. Пасля села пры стале, апусціла ўзрок і апавядала далей...

— За гэты час усё пайшло шыварат-навыварат. Помніш, мы паехалі з трупай? Аб’ехалі шэраг гарадкоў і мястэчак... Было весела... Усюды віталі, падносілі кветкі, выклікалі... Толькі тэатр — гэта вярцеп... Ён вытузаў сілу, разблытаў нервы, скаламуціў жыццё... Мой Лазар... Ты помніш яго, Рыгор?

— Крыху... Ну, ты пра свае поспехі пісала мне ў Смагін. Памятаю гарбарскія букеты і выцяжкі...

Гэля злёгку ўсміхнулася.

— Вось гэты Лазар... спіўся, распусціўся, залайдачыўся... Западозрыў мяне ў зайздрасці... да каго, думаеш?.. Да цябе... Пачаў біць і гнаць... Перш я не паддавалася, абстойвала сваю людскую вартасць, змагалася, а пасля... Ён кінуў мяне ў Крынках адну і збег... Дзе ён — цяжка сказаць, мэрам бы ў войска ўзяты... Заўсяголаў толькі я асталася без нічога і без нікога... Я мусіла, Рыгор... Я мусіла ісці...

Рыгор заўважыў у Гэліных вачох буйныя крышталі слёз і знарочыста затупаў па пакоі.

— Не ехала ў Пецярбург, а паўзла... Этапамі, спынкаю, з невыказным мардаваннем... Я думаю, табе відаць... Не пазнаў жа?

— Усё ж, Гэля, ты занадта зажурбіла... Табе трэба...

— Што мне трэба? — запытала Гэля.— Мне ўжо мала што трэба, а можа... Скажы, аднак, мне, дзе Пятрусь? Я дзень у дзень наведваю адрасны стол, хаджу па вуліцах горада і разглядаю тысячы людзей. Некалькі раз трапляла да варот заводаў і чакала, пакуль пройдуць рабочыя... Няма... Ты, пэўна, ведаеш, Рыгор...

Рыгор памаўчаў.

— Пятрусь сядзіць... Некалькі часу таму я яго наведваў...

— Сядзіць?! Які жах! Сядзіць?!

— Сядзіць... Ужо чацвёрты месяц...

— Тады мне няма чаго чакаць...

Яна паднялася, каб ісці. Рыгор спыніў, упрасіўшы пасядзець.

— Я пашукаю для цябе месца.

— Для мяне месца? А хіба ты не ведаеш, што я за масцярыца?

— Кінь свой настрой... Я не люблю, Гэля, знявераных людзей... Ты ж ведаеш...

Гэля рванулася да дзвярэй.

— Ты не пойдзеш — ты мне не сказала ўсяго... Пасядзі...

Яна спынілася.

— Памажы, калі хочаш і можаш...

Яе мяккі, упрошаны голас разрэдзіў напружанае дагэтуль паветра.

— Я буду шукаць табе месца... Цяпер лёгка знайсці... Толькі кінь сумаваць... Ды, нарэшце, ты маеш бацькоў, якія...

Гэля ізноў змяніла настрой.

— У мяне няма бацькоў — я адна. У мяне і блізкіх няма. Толькі ўсяго...

— Палічы мяне хоць бы знаёмым, Гэля... Няўжо ты думаеш, што я не магчыму адгукнуцца ўсякі раз, як ты...

— Даруй, Рыгорка... Ты дай мне хоць пару рублёў... Я хоць чаравікі папраўлю, а то ногі вылазяць...

Рыгор падышоў да Гэлі і моцна паціснуў ёй руку.

— Калі ласка, я магу табе пазычыць пяць рублёў... Вось, апошнія — толькі глянь празрыстымі вачыма наперад, Гэля!

Ён перадаў ёй скамечаную паперку.

— Дзякую... Вельмі дзякую табе, Рыгор... Я хутка ж пастараюся вярнуць... Няпраўда, я зараблю і вярну... Няўжо такі для мяне не знойдзецца працы?

Гэлін твар перавабразіўся. На бледных шчоках адзначыўся лёгкі руж. З вачэй збегла цягучая асавеласць. Знайшлася варушлівасць. Яна здзела палітцо і іранічна адазвалася пра зношаную картуновую блузку.

— Не пасуе да пецярбургскіх умоў, га? А даводзіцца мірыцца... Часы пераменчывы... Ты, Рыгор, будзеш ласкаў пастарацца месца?.. І яшчэ прашу цябе, браток, кланяйся Петрусю... Можа, яму гэта нішто, а для мяне... Кланяйся яму і скажы...

Яна паправілася:

— Лепей не кажы нічога... Я перад табою магу душу адкрыць, а Пятрусь... Пятрусь недаверак... Помніш, Рыгор, Сілцы? Я табе казала не раз... Паверыш, вось да цябе ў мяне столькі павагі, што ты... У Смагіне ты ашчаслівіў мяне нашай стрэчаю, а тут... Я не чула ног пад сабою, угледзеўшы цябе на Неўскім...

Рыгор папрасіў у гаспадыні гарбаты.

— Я табе, Гэля, веру... І прашу, разам з тым, забудзь прыкрыя хвіліны... Ад Захараўскай у Лясное ты дарогу ведаеш... Кожны раз ты можаш ка мне прыехаць і няскрытна паведаць пра ўсё...

Гаспадыня прынесла гарбату. Рыгор увішна наліў шклянку і падаў Гэлі.

— Дзякую, Рыгор. Мне час ісці, а то камітэт...

— Я цябе правяду... Пі...

Гэля ўзяла шклянку і тут жа паставіла назад.

— Зусім запямятавала! — весела праказала яна да Рыгора.— Хоць жыццё прымушае плакаць, а я знарок буду весяліцца...

— Брава, Гэля!.. Весяліся, пой і змагайся...

— У мяне рэч усяго пра адзін вечар...

— Вонь яно што! Пра адзін вечар усяго?

— Бежанскі камітэт наладжвае вечарынку... У студзені якраз... І я, як артыстка — маўчы, Рыгор! — іграю. Ты мне хоць пару воплескаў падорыш, га?

— Я табе, Гэля-а!.. Буду чакаць цябе з білетамі... Дачакаюся?

Гэля задаволена ўсміхнулася.

І гэта Гэліна ўсмешка ўжо не сходзіла з яе твару, пакуль яна не рассталася з Рыгорам.

Квадра ІІІ - КРЫЖАВЫЯ ДАРОГІ, ЧАСТКА ПЯТАЯ · 5 min de lecture

Х

Цёмная ўскраінная ноч ахутала вузкі дворык чорным цалуном. Золкае паветра сціснула холадам распараныя постаці выйшаўшых з дому двух чалавек. Пасля зыркага святла бегалі калёсы ў вачах. Дзьмухаў фінскі ветрык, сыплючы ў твар калючымі сняжынкамі. Звінелі драты. Пахіленыя варотцы на ланцужку манатонна скрыпелі. Уверсе ж, над зямлёю і будынкамі, над голымі дрэўцамі і парканам калыхалася малако отсвіту. Цішыня, коўзкая і паўзучая.

— Засядзеліся,— першым вымавіў Рыгор.

— Яшчэ б не заседзецца! Пытанне не лёгкае і не простае,— адказаў Анікей.

— Ха-ха-ха! Ну, мне з Якавам Гісам не разабрацца. Гой, дзівак які... Ты паслухай толькі-ы...

Анікей тузануў Рыгора за полу паліта.

За імі чуліся чыісьці крокі і ціхае перашоптванне.

Яны вёрткім паваротам апынуліся за брамаю і павярнулі направа.

На адгоне некалькіх сажняў свірэла першая пара зеленаватых агеньчыкаў. За імі, як звенні ланцуга, ішлі другія пары: яны глядзелі з цемры ночы блішчастымі гузікамі на чорным сурдуце.

Ні жывое душы. Толькі цёмныя абрысы будынкаў.

— Няма нікога! — шапнуў Рыгор.— Давай пройдам наўскасяк і тады налева,— дадаў ён.

— Ды мне ж будзе не па дарозе,— адказаў Анікей.

— Чаму?

— Мне на Сердабольскую...

— А ты пойдзеш гэтай, як яна...

Анікей не спрачаўся. Яны перайшлі вуліцу зломаным кутом і ўперліся ў другую, яшчэ цямнейшую. Прайшоўшы не болей дзесяці хвілін, Рыгор знайшоў спраўнейшым абагнуць два кварталы першага завулка, каб на яго скрыжаванні расстацца з Анікеем.

— Я ўжо цалкам здаюся на цябе,— пасмяяўся ён.

— Здавайся, каяцца не будзеш...

Рыгор спыніўся пры мглівым святле ліхтарыка і прачытаў лічбу дома. Ліхтар далёка не вытлумачыў таго, чаго ад яго чакалі. Тады Рыгор узяў на рызыку і пераказаў да таварыша:

— Здавайся, каяцца не будзеш.

— Здаюся... А пакуль выведзеш з гэтае глушы, зусім здамся...

Абодва засмяяліся і зусім не з асцярогаю. Ніякага адказу — ні стукам, ні тупам, ні кашлем.

— Якаў мяне распацешыў, ды годзі-ы... Ну, да чаго, скажы, апошняя яго прапазіцыя?..

— І я так думаў... Інтэлігентшчына...

— Я табе кажу, Анікей...

Ім паказалася, мэрам бы хто іх наганяе... Азірнуліся... Смуглыя ліхтарыкі хаваліся пад стрэшкамі брам. Ціха.

— Зрабіць спробу не мяшае... Сотня, дзве сотні чалавек, а эфекту, во-а-а... Не праўда, мо?

— Як табе сказаць... І я гэтай думкі трымаюся... Хоць рызыкі...

— Рызыкі... Зразумела, што не без таго... Спроба, бачыш... Паўгода вісіць крывавы дурман... Алавяны цяжар душыць усякія пазывы... Ну, памятаеш сталовую? Во-а! У адзін момант і — Везувій... Везувій, кажу табе...

— Усё ж і Якаў меў рацыю... Перша раздаць адозвы — мэрам бы сігналам прапусціць па заводзе... А тады... Тэма — суд над дэпутатамі думы, дарагоўля мяса, нястача вугалю, цукру...

— Спроба... Аднак надзея ёсць... Важна, кажу табе, выкрэсіць хоць адну іскрачку... Зрабіць намёк, што вайсковае становішча, мілітарызацыя, узмоцненыя меры папярэджанняў, усё-ўсё — нівошта...

— Я ўсё выясняю гэтымі днямі... Нельга ж без каардынацыі... Сам разумееш...

— Ну, Якаў, Якаў! Дзівак які, не праўда мо?..

Яскравы бляск ліхтара іх перапыніў.

— Куды мы выйшлі? — запытаў Анікей.

Рыгор смяяўся — то была яго вуліца.

— Паверыш, ты мяне правёў дамоў...

— Няўжо? Вось і здайся на цябе...

Яны разглядалі мясцовасць.

— Ты варочай налева — прасцей дарогі не знойдзеш.

— Да ўжо ж.

Анікей развітаўся і спешна пайшоў у бок Выбаргскае шашы. Як яно выйшла, што Рыгор вывеў на гэта месца, для яго таксама было няясна. Ён шчыра смяяўся з таварыша.

Той мінаў другі квартал, калі Рыгор кінуў праводзіць яго ўзрокам і павярнуў направа, да сябе.

Ён зрабіў некалькі крокаў, зноў вяртаючы думкі да Якава, і не заўважыў, як хтосьці мігнуў паміж яго. Рыгор спыніўся і агледзеўся. Мо на сажань ад яго стаяла якаясьці жанчына, азіраючыся. Рыгорам зайграла цікавасць.

— Не пазналі? — запытаў ён.

— І вы не пазналі?

Знаёмы акцэнт рушыў Рыгора з месца.

— Няўжо гэта...

Ён падумаў на Гэлю і раптам змяніў дагадку.

— Вось, бачыце-э...

— То-та і ёсць, што не бачу...

— Вы Рыму суйздром запамятавалі... А я вось іду ад вас...

— Рыма?!.

Каб хто чуў Рыгораў выказ, падумаў бы, што Рыгор напаў на след чалавека, якога шукаў гадамі. Мяккасць і мілагучнасць яго голасу дыхала весялухаю радаснага пачуцця.

Рыма пачула ў ім нечаканую асалоду.

— Ха-ха-хэ-э! — зарагатала, падыходзячы насустрач.

Поціск іх рук быў шчырым і сардэчным. Рыгор зразумеў яго, як выбачэнне з боку Рымы.

— А я зняверыўся быў... Памятаеце-э...

— Кіньце-э... Хто ўспомніць мінулае, таму... Хэ-хэ-э-хэ!.. Ну, я буду шчаслівая!..

— Чаму?

— Вы не пазналі...

— Я вам жадаю...

Ласкавая, крохкая ўхмылка на Рыгоравым твары была заканчэннем яго сказа... Рыма разумела ўсё, што таілася ў ёй. Дзяўчыне было прыемна слухаць Рыгора ці проста, моўчкі, глядзець у яго раскрытыя вочы... Яна не аднімала свае рукі з яго рук і мінаю Джыяконды выклікала новыя сказы з Рыгоравых вуснаў...

— Я заўсёды ўспамінаю вас...

— Маўчэце... Хто ўспомніць мінулае...

Рыма падняла ўгору левую руку і паказала ўказны палец.

— Разумею... Чаму ж вас я не мог дачакацца?..

— А ў мінулую нядзелю хто вас наведваў? Бяспамятнасць?

Рыгор успомніў, што яго гаспадыня паведамляла пра нейкую дзяўчыну... Так, гэта тады, калі ён прыйшоў з Гэляю...

— Вам холадна, Рыма?

Ён смела крануў яе пушыстага, коцікавага каўнера. Драбнюткія пылінкі снегу ссыпаліся на ровень надгруднага прастору.

— Марозіць?

— Марозіць!.. Золка...

— Пойдам?

— Мне пара дамоў.

Другім бокам вуліцы прайшла запозненая пара.

— Людзі не спяшаюць, во!

Рыма азірнулася.

— Яны ідуць таксама дамоў!

— Іх дом у тым баку?

— Хэ-хэ-х! — засмяялася Рыма на хаду.

Перад брамаю, дзе спыніліся, яна рашыла вярнуцца дамоў.

Гэта рашэнне дапомніла Рыгору памятны выпадак з Рымаю ў яго пакоі. Ён усхваляваўся, але паказаў, што не заўважыў нічога.

— Я вас правяду...

— Калі ласка... Я мушу вам перадаць тое, з чым наведвала вас...

— Менавіта?

— Я была ў Петруся...

— Былі ў Петруся?!

— Дзівіцеся? Была... Ён казаў мне, што бачыўся з вамі... Я так і думала, што вы таксама былі ў яго...

— Як жа Пятрусь сябе адчувае?

— Па-мойму, дрэнна... Ён вельмі змізарнеў і пабляднеў... Мне шкада яго... Ён гэткі добры і мілы чалавек...

— Ну, калі ж, нарэшце, яго вызваляць? І чым...

— Чакае, нібыта днямі яго лёс будзе вырашан...

— Казаў?

— Так, казаў... Жудасць бярэ, Рыгор, уяўляючы сабе яго стан...

— Я з ім знаёмы...

— Што вы кажаце?

— Сядзеў... А ласне вам Пятрусь не казаў?

— Магчыма... Ён вельмі дзякуе вас за грошы. Прасіў перадаць, што калі можна, пастарайцеся яшчэ хоць раз наведаць яго... Ён добры таварыш... Каб я была...

Рыма адвярнулася на вуліцу.

— Я ненавіджу гэтыя людскія ўмоўнасці... Як павуцінаю, пераблытана імі наша жыццё... І чуеш у сабе сілу, а між тым не можаш з агідаю іх парваць... Скажэце, Рыгор, колькі пойдзе часу на тое, каб усе гэтыя талмуды, евангеллі, псалтыры і торы сабраць у адно месца і — шшу-ух! агнём... Мне шкада Петруся, як бывае шкада...

Рыгор апяразваў Рыму праваю рукою. І чуў, постаць яе аддавала нервовым трапятаннем; ён настарожваўся і выбіраў гладкія, плаўкія сказы, каб імі не раздражніць дзяўчыну.

Яна штосьці такое перажывала — відаць было з яе адрыўнай, затуманенай гутаркі, з частага дапамінання пра Петруся.

— Вы ідзеце дамоў,— праказала яна Рыгору, калі яны спыніліся перад брамаю аднае дачкі.— А я выберу час і зайду, каб доўга-доўга і пра ўсё-ўсялякае пагутарыць з вамі...

— Даяце слова?

— Не верыце?

— Буду вельмі рад з вамі спаткацца...

— Не забывайце Петруся — ён ваш лепшы таварыш...

Яна бразнула цяжкаю клямкаю дзверац і схавалася ад Рыгора.

У гэты момант пачуўся трывожны званок пажарных, якія ўгрунь несліся з-пад Выбаргскае шашы ўсцяж вуліцы. Чырвоныя лахматыя факелы агню развяваліся на белым фоне снегу, прамянеючы рэвалюцыйнымі сцягамі.